|
Ваша Свабода
Пытаньні, заўвагі, прапановы – што спадабалася ў 2006-м і што варта зьмяніць у 2007-м?
На допісы слухачоў і чытачоў сайту svaboda.org да канца году будуць адказваць дырэктар Беларускай службы Аляксандар Лукашук і супрацоўнікі рэдакцыі.
Як робіцца “Свабода”? Чаму ў эфіры даюць слова ворагам свабоды слова? Дзе прыдбаць кнігу зь “Бібліятэкі “Свабоды”? Як стаць карэспандэнтам “Свабоды”?
Свае пытаньні вы можаце паслаць ужо цяпер. Гэта – ваша "Свабода". |
|
2003
2004
2005
2006 |
[ 20/12/2006 01:01 ] |
І як можна стаць карэспаандэнтам "Свабоды"? Андрэй |
(Аляксандар Лукашук, дырэктар: ) Выдатнае пытаньне! Андрэй, каб стаць карэспандэнтам “Свабоды”, трэба мець вышэйшую адукацыю (неабавязкова профільную), дасканала валодаць беларускай мовай, мець радыёфанічны голас, трэба вопыт працы ў СМІ, трэба прадставіць свае публікацыі ці неапублікаваныя творы. Гэта неабходна для пачатку размовы – Вы можаце даслаць свой ліст на наш E-Mail адрас svaboda@rferl.org
Тым часам зьвярну ўвагу ўсіх, хто хоча дапамагчы нам рабіць “Свабоду” – вы можаце ўзяць удзел у нашых перадачах ужо сёньня. Званіце, пішыце, прысылайце фатаздымкі, адказвайце на пытаньні тыдня, задавайце пытаньні гасьцям у студыі і ўдзельнікам онлайн-канфэрэнцыяў, удзельнічайце ў конкурсах, шліце СМС – гэта ваша “Свабода”. |
[ 20/12/2006 01:34 ] |
Вітаю
перш за ўсе вялікі дзякуй за тое што робіце.
па пунктах:
1) жыву ў цэнтры Менску, як вас рэальна злавіць? парады на Свабодзе й Неафіцыяльнай Свабодзе не дапамагаюць.
2) цікава было б паслухаць менавіта ваш адказ на вельмі цікавы артыкул зьмешчаны па адрасу http://www.otporby.org/index.php?ind=news&op=news_show_single&ide=522 Якая, на вашу думку, рэальная сытуацыя вакол НН і спадара Дынько, да і ўвогуле вакол дэм. апазыцыі (ці псэўдаапазыцыі?)?
3) Ну і клясычнае пытаньне: Якія, на ваш погляд, пэрспэктывы Лукашэнкі на бліжэйшыя гады, калі ласка ня трэба агульных слоў, банальнасьцей (ктшталту "Усё роўна мы пераможам") - проста ваша меркаваньне(жадана ўзважанае ;)).
Яшчэ раз дзякуй, працуйце!
Алесь Чарнышоў
Варшава - Менск |
(Аляксандар Лукашук, дырэктар: ) Пытаньне прыёму – адно з самых балючых. Хачу запэўніць нашых слухачоў – усё, што ў сілах журналістаў, дзеля яго вырашэньня мы робім. Калі радыё зусім ня цягне, апроч слуханьня праз Інтэрнэт магу параіць слухаць праз сатэліт – калі ў вас ёсьць сатэлітная антэна, паглядзіце як атрымаць ідэальны прыём Беларускай Свабоды на адрасе http://www.rferl.org/listen/affiliates/be_satellite_schedule.asp?serviceid=BR
Што да дыскусіі вакол тыднёвіка “Наша Ніва” – цікаўныя маглі самі задаць любое пытаньне рэдактару сп. Дынько пад час онлайн-канфэрэнцыі, якая адбылася на сайце Свабоды 29 лістапада http://www.svaboda.org/forum/forum.aspx?ForumID=66&y=2006
Што да дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі, яна карыстаецца вялікай павагай ва усім дэмакратычным сьвеце. Маральны супраціў вымяраюць па вяршыням. Шырокая беларуская апазыцыя – моладзь з плошчы, сябры і кіраўнікі партыяў, недзяржаўных арганізацыяў, палітвязьні і многія, многія іншыя – штодня ствараюць аблічча Беларусі ў сьвеце, якім нельга не ганарыцца.
Вы просіце ўзважанае меркаваньне пра пэрспэктывы А. Лукашэнкі – магу толькі параіць часьцей чытаць сайт Свабоды і слухаць эфір. |
[ 20/12/2006 14:08 ] |
Калі этэр Свабоды стане цікавейшы за сайт? Чаму так многа ўвагі надаецца слухачам? Ці не падаецца вам, што слухачу важней было б пачуць меркаваньне экспэрта, а не самога сябе у "званках на свабоду"? Хіба не парадаксальна выглядае становішча, ў якім першая гадзіна вяшчаньня меньш цікавая за наступную? Напраўду, слухаць яе стала проста немагчыма, бо няма чаго слухаць. Цэласныя аўтарскія перадачы значна прыцягальнейшыя, але яны амаль заўсёды ня вельмі актуальныя...
Вы не павінны забывацца, што беларуская рэдакцыя ўвесь час канкуруе з моцнай расейскай службай, на тле якой, на жаль, выглядае па-ранейшаму правінцыйна. Тую ж агульную устаноўку на зваротную сувязь там змаглі перапрацаваць у дастаткова дынамічныя формы... Паўтаруся: мне, як слухачу, ня трэба ўключаць радыё, каб даведацца, што думае мой сусед. Я ўключаю радыё, каб даведацца навіны і тое, што пра іх думаюць разумнейшыя (ці больш абазнаныя ў пытаньні) людзі.
З павагай,
Аляксей
P.S. Шчасьлівых сьвятаў! |
(Аляксандар Лукашук, дырэктар: ) Дзякуй за высокую ацэнку сайту. Мы, аднак, лічым, што наш сайт пакуль саступае эфіру ў сэнсе разьвіцьця і выкарыстаньня ўсіх магчымасьцяў мэдыя-плятформы. Мы плянум істотнае далейшае разьвіцьцё сайту ў наступным годзе.
Дзякуй і за тое, што заўважылі, колькі ўвагі надаецца слухачам – гэта сапраўды наша стратэгічная лінія. Мы лічым, што слухачы могуць ня толькі ўплываць, але і ствараць зьмест эфіру і Інтэрнэту. Ад пачатку году, напрыклад, мы атрымалі каля 6 тысяч тэлефонных званкоў, больш за тысячу лістоў, каля 5 тысяч фотаздымкаў, слухачы і карыстальнікі Інтэрнэту задалі каля 5 тысячаў пытаньняў па тэлефоне, праз СМС, E-Mail гасьцям Свабоды. Пад час онлайну з Аляксандрам Мілінкевічам мы атрымалі больш за 700 пытаньняў за паўтары гадзіны – ніводзін журналіст не адолеў бы такога.
І, паважаны Аляксей, гэты зварот да аўдыторыі – ня наша, парадаксальна, прыдумка, гэта – магістральная тэндэнцыя лепшых міжнародных СМІ. Уплывовы амэрыканскі часопіс “Time” традыцыйна ў апошнім нумары году выбірае асобу году – самага знакамітага чалавека, які стаў навіной нумар адзін. Вось сёлета сярод прэтэндэнтаў былі новы Папа Рымскі, прэзыдэнт Ірану, міністар абароны ЗША, але выбралі ведаеце каго? – Вас, Аляксей. Так, так, Вас. На вокладку вынесена люстэрка, і подпіс – гэта Вы. Гэта прызнаньне новай інфармацыйнай і фінансавай рэальнасьці – удзелу аўдыторыі ў стварэньні відэа, фота, блогаў, і г.д. Вы прыслалі сваё пытаньне – і мы, прафэсійныя журналісты, адказваем вам і разам ствараем новы прадукт.
Я ганаруся тым, што гэты накірунак – на актыўны ўдзел аўдыторыі ў стварэньні праграмы – мы ў Беларускай службе сьвядома, першымі сярод 19 рэдакцыяў РСЭ/РС, абралі яшчэ год таму і абвясьцілі на сваіх хвалях, стварылі ўмовы для яго разьвіцьця.
На Вашы астатнія пытаньні адкажу коратка – паводле рэгулярных сацыялягічных дасьледаваньняў, перадача “Званкі на Свабоду” – самая папулярная сярод усіх нашых праграмаў; аўдыторыя расейскай службы Радыё Свабода ў Беларусі ўжо больш за пяць гадоў істотна меншая за аўдыторыю Беларускай службы. |
[ 20/12/2006 17:07 ] |
Якімі крытэрамі вы кіруецеся пры адборы пытанняў, каторыя чытачы задаюць на on-lain канфэрэнцыях? Часам абсалютна нармалёвыя і вострыя пытанні вы пакідаеце па-за ўдзелам, а шкада! Я сам неаднойчы трапляў пад вашыя "цэнзарскія нажніцы"!
Тадэвуш |
(Сяргей Навумчык: ) Адзіны спосаб гарантавана ня трапіць у онлайн – задаць пытаньне, якое ўтрымлівае абразу, асабістую, рэлігійную ці нацыянальную. Мы таксама не зьмяшчаем пытаньні, якія могуць быць расцэненыя як паклёп і быць прадметам судовага перасьледу. Усё астатняе мы прапануем для адказу ўдзельнікам. Іншая справа, што з прычыны абмежаванасьці часу не на ўсе пытаньні ўдзельнікі могуць адказаць. Да прыкладу, Аляксандру Мілінкевічу пад час другой онлайн канфэрэнцыі было больш як 700 пытаньняў, Зянону Пазьняку – больш за 300. У такіх выпадках, як правіла, некаторыя пытаньні паўтараюцца, але мы імкнемся, каб, па магчымасьці, ніводная тэма, закранутая ўдзельнікамі ў пытаньнях, не заставалася без адказу. |
[ 21/12/2006 01:10 ] |
Почему на Свободе нету форума и прямых видео трансляций? |
[ 21/12/2006 01:10 ] |
Слабая обновляемость новостей. Мало информации о политике. |
(Аляксандар Лукашук, дырэктар: ) Дзякуй за пытаньні і заўвагі. Беларускі сайт—адзін з 24 на Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа, і хаця паводле папулярнасьці ён лідэр (колькасьць наведваньняў і прагляду старонак у разьліку на адзін мільён насельніцтва), мы, безумоўна, хацелі б і больш, і лепш. Спадзяемся, што ў новым годзе да нас дойдзе чарга і мы атрымаем цалкам новы сайт, які будзе мець нашмат больш рысаў, у тым ліку інтэрактыўных, чым цяпер.
Карыстаючыся нагодай, я хацеў узгадаць тут імя нашага вэб-майстра, Уладзімера Каткоўскага, дзякуючы таленту і працы якога нават у рамках абмежаваных магчымасьцяў сайт svaboda.org рэгіструе больш за 50 тысяч наведнікаў штомесяц.
Яго нік BR 23 добра вядомы ў Інтэрнэт супольнасьці ў Беларусі, а таксама сярод англамоўных карыстальнікаў, якія цікавяцца Беларусьсю. Уладзімер Каткоўскі сёлета атрымаў Гран-Пры 4-га конкурсу беларускіх кантэнт-праектаў, які праводзіў партал ТУТ бай – першым месцам былі адзначаныя ягоны блог і сайт http://www.br23.net/be/2006/03/31/tut_by_contest_/
Я напісаў “атрымаў Гран-Пры” – насамрэч, Уладзімер уведаў пра ўзнагароду, але не пасьпеў атрымаць яе. У чэрвені сёлета ён і ягоная жонка Ёнада пацярпелі ад аўтамабільнай аварыі ў цэнтры Прагі, атрымалі цяжкія пашкоджаньні. З таго часу, ужо больш за паўгоду, наш калега знаходзіцца ў коме ў адным з праскіх шпіталёў. Мы стараемся дапамагаць ягонай сям’і чым магчыма. Нам вельмі не стае Ўладзі.
(Сяргей Навумчык: ) Цікава, што звычайна, наадварот, скардзяцца на празьмерную “палітызаванасьць” сюжэтаў. На сайце “Свабоды” выстаўляецца штодня ня менш як 30 сюжэтаў – прычым у адрозьненьне ад абсалютнай большасьці беларускіх вэб-рэсурсаў, мы ніколі не даем перадруковак. |
[ 21/12/2006 13:58 ] |
Sioleta na "Svabodzie" zahuchau taksama holas majho byloha vykladchyka sp. Bushliakova i sp. Sousґ, jakuju ja vedaju pa artykulach u "Narodnaj Voli". Cikava, ci jany pracujuc u mezhach nejkaj stazhyrouki, ci nazusim zjechali z Belarusi. Kacia |
(Юрась Бушлякоў: ) Дзякую, Каця, за пытаньне. Прыемна, што ўспомнілі. Працую цяпер на радыё ў Празе на сталай аснове – ужо два гады. Пры гэтым рэгулярна, кожныя некалькі месяцаў бываю ў Беларусі. |
[ 21/12/2006 14:57 ] |
Liudsi saras na Bialarusi mala wedajuz`: kolki prazounyh mejszau smianiu Lukasenka ? Dse i kim jon prazawau ranej? Nawat pa sawezkih normah jon papadaje u sumna wiadomuju kategoryju Liatunou ! Ranej u "Krakadile " i "Wosyku" karykatura na Liatuna byla u kosnym numary, rasam s biurakratam, alkagolikam, brakadselam... Srabize ab getym ,kali laska, peradazu. S pawagaj - Jan Umanski. |
(Аляксандар Лукашук, дырэктар: ) Па-мойму, пра працоўную біяграфію А.Лукашэнкі ў свой час было даволі шмат сказана і апублікавана. Нас пераважна цікавіць яго праца ў апошнія 12 гадоў. Тут ужо “лятуном”, як Вы згадваеце ў кантэксьце сатырычных карыкатураў, пры ўсім жаданьні яго не назавеш. |
[ 21/12/2006 17:32 ] |
Адкажыце калi ласка, як можна стаць карэспандэнтам Свабоды? З павагай Усевалад з Гароднi |
[ 22/12/2006 01:55 ] |
Дзе можна набыць новую кнігу Андрэя Хадановіча? Ці плянуецца прэзентацыя? |
(Сяргей Абламейка: ) Чытач нашага сайту, верагодна, пытаецца пра новую кнігу Андрэя Хадановіча "Сто лістоў на Tut.by". Андрэй Хадановіч паведаміў нашаму Радыё, што кніга ўжо прадаецца ў Цэнтральнай кнігарні Менску і ў штаб-кватэры БНФ на праспэкце Машэрава (былая Варвашэні) у Менску. Пасьля Новага году зборнік пачне прадавацца ва ўсіх цэнтральных кнігарнях сталіцы і ў незалежных распаўсюднікаў. Кнігу можна набыць і празь інтэрнэт па сыстэме "Кніга-поштай". Што датычыцца прэзэнтацыі, дык некалькі неафіцыйных прэзэнтацыяў ужо адбылося, адбылося і некалькі чытаньняў падчас розных імпрэзаў. Напрыклад, 28 сьнежня падчас выступу Касі Камоцкай Хадановіч чытаў вершы з новае кнігі. Пасьля Новага году плянуецца вялікая прэзэнтацыя, месца і час пакуль што ня вызначаныя. Таму параім нашаму чытачу сачыць за абвесткамі ў інтэрнэце і ў тых незалежных выданьнях, якія пакуль яшчэ застаюцца ў Беларусі. |
[ 22/12/2006 22:09 ] |
Шаноўныя "свабадзянцы", віншую ўсіх вас з Калядамі і Новым Годам! Разам з тым маю прапанову. Чаму б вам не падаваць у эфіры он-лайн канфэрэнцыі з удзелам спадара Лукашэнкі, але толькі са сваімі камэнтарамі. Напрыклад, на пытанне украінскай журналісткі пра стан беларускай мовы гэты спадар адказаў, што сітуацыя настолькі палепшылася ў параўнні з часамі 10-15ці гадовай даўніны, што больш паловы абітурыентаў здавалі тэсты па-беларуску. Абсалютна зразумела, што моладзь рабіла гэта ў знак пратэсту, а ў хлусьлівых антыбеларускіх вуснах бачыце як хораша гучыць! |
(Навумчык: ) Фактычна, гэта робіцца, хаця і не ў прапанаванай Вамі форме. Выступы Лукашэнкі, як і іншых кіраўнікоў, часта камэнтуюць нашыя экспэрты. |
[ 22/12/2006 22:11 ] |
Чаму якасны прыём радыё "Свабода" толькі ў памежных раёнах Беларусі? |
(Аляксандар Лукашук, дырэктар: ) Калі Вы маеце на ўвазе вяшчаньне на сярэдніх хвалях (612 м), гэта сапраўды так – чым бліжэй да Вільні, дзе месьціцца перадатчык, тым мацней сыгнал. Кароткія хвалі чуваць аднолькава добра (ці аднолькава кепска) ва ўсёй Беларусі. Калі Вы маеце на ўвазе глушэньне, мы пацьвердзіць гэта ня можам. |
[ 22/12/2006 22:28 ] |
Паважаная "Свабода"! Проста крытычна бракуе мастацка-культурніцкіх праектаў ды перадачаў! На Беларусі некалькі тысячаў толькі прафэсійных мастакоў, запрашайце іх у этэр, краіна не ведае пра свой творчы генафонд. А сённяшняе беларускае мастацтва абсалютна канкурэнтаздольнае на Еўрапейскім абсягу - не абыходзьцеся з творцамі па-лукашэнкаўску! |
(Аляксандар Лукашук, дырэктар: ) Дзякуй за прапанову. Мы стараемся даваць галасы творчай інтэлігенцыі, у тым ліку і з рэгіёнаў. Тут пытаньне балянсу – нашай галоўнай задачай ёсьць інфармаваньне і аналіз бягучых падзеяў, праблемаў дэмакратычнага працэсу, правоў чалавека ў Беларусі і сьвеце. Мы маем прапановы зрабіць перадачу пра мастакоў – але думаю, лепш да гэтага падыходзіць Інтэрнэт, дзе можна разьмяшчаць карціны. Так, як мы ўжо зрабілі з выяўленчай спадчынай Васіля Быкава http://www.svaboda.org/articlesfeatures/man/2006/6/38D7B1B6-C725-4E34-BFA8-FEF39B697EF1.html |
[ 22/12/2006 22:30 ] |
Спадар Лукашук, ці плянуеце вы новую кнігу (альбо перавыданне старой) пра Янку Філістовіча? |
(Аляксандар Лукашук, дырэктар: ) Дзякуй за пытаньне – кніга “Янка Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста” пабачыла сьвет у 1997 годзе. Пра перавыданьне я ня думаў. Наколькі ведаю, яна ня выстаўлена ў Інтэрнэце -- пастараюся зрабіць гэта да 10-годзьдзя выданьня. За апошнія гады ў незалежным пэрыядычным друку ня раз зьяўляліся публікацыі, прысьвечаныя Філістовічу, паспрабуем даць на іх спасылкі, каб уся адпаведная інфармацыя была разам. |
[ 22/12/2006 22:33 ] |
Шаноўныя "Свабадзянцы"! Скажыце, калі ласка, колькі ў рэдакцыі працуе людзей зь беларускімі пашпартамі, а колькі грамадзянаў іншых краінаў і якіх? Вялікі дзякуй. |
(Аляксандар Лукашук, дырэктар: ) Тры супрацоўнікі – грамадзяне Амэрыкі, Польшчы, Літвы, астатнія – грамадзяне Беларусі. |
[ 22/12/2006 22:39 ] |
Скажыце калі ласка, чаму радыё практычна не запрашае ў этэр беларускіх эмігрантаў старой хвалі? Яны ж, у адрозьненьне ад тых, хто жыве ў Беларусі, наўрад ці будуць баяцца прыняць удзел у тых жа он-лайн канфэрэнцыях, ды і хутка сыйдуць ад нас. Шкада, што можна не пасьпець пачуць шмат цівага. |
(Аляксандар Лукашук, дырэктар: ) Мы запрашаем для ўдзелу ў перадачах людзей паводле інфармацыйнай нагоды ці тэматычнай мэтазгоднасьці, а не паводле грамадзянскага статусу, краіны пражываньня, ўзросту і да т.п. Старыя эмігранты – нярэдкія госьці эфіру, але, безумоўна, не такія частыя, як удзельнікі зь Беларусі. Я ня думаю, што іх цікавыя ўспаміны будуць страчаныя – большасьць зь іх апублікаваная ці захоўваецца ў рукапісах, такія кнігі выдаюцца і іх можна купіць нават сёньня ў Беларусі.
Наконт онлайн-канфэрэнцыяў – я ня ведаю, хто ў Беларусі баіцца браць у іх удзел. Сярод тых, каго мы запрашалі, адмоваў з гэтай прычыны не было. |
[ 23/12/2006 11:57 ] |
Пытаньні да А.Лукашука:
Як Вы лічыце, навошта Кангрэс ЗША фінансуе дзейнасьць RFE-RL(бел.)? Яго мэты? |
(Аляксандар Лукашук, дырэктар: ) Кангрэс ЗША – а яшчэ дакладней, амэрыканцы, якія плацяць падаткі, падтрымліваюць РСЭ/РС, бо лічаць, што права людзей у несвабодных краінах быць свабоднымі, атрымліваць і перадаваць інфармацыю і ідэі незалежна ад межаў – высакароднае, годнае і вартае падтрымкі. |
[ 23/12/2006 11:58 ] |
Якія з рэдактараў RFE-RL(бел.) стала працуюць у Празе, а якія ў Меску? Хто па веравызнаньню большасьць з рэдактараў RFE-RL(бел.)? |
[ 23/12/2006 11:58 ] |
Чаму ня ўсе рэдактары пазначаны на сайце? На якіх умовах працуюць В. Карбалевіч, У. Арлоў і інш.? |
[ 23/12/2006 11:58 ] |
Дзе Вы стала жывяце? |
(Адказ на тры папярэднія пытаньні - Аляксандар Лукашук, дырэктар: ) Сьпіс супрацоўнікаў рэдакцыі ў Празе апублікаваны на нашым сайце. Прыватныя пытаньні, як пра веравызнаньне, мы не абмяркоўваем. |
[ 23/12/2006 11:58 ] |
Дзе, на Ваш погляд, мяжа паміж нацыянальнай сьвядомасьцю і нацыяналістчным вар’яцтвам? |
(Аляксандар Лукашук, дырэктар: ) Тамсама, дзе мяжа паміж сьвядомасьцю і вар’яцтвам. |
[ 23/12/2006 16:17 ] |
Добры дзень! Чаму ваша радые не асьвятляла навуковыя чытаньни па роли у беларускай гисторыи Винцэнта Гадлеускага, кия прайшли 23.12.06 у Чырвоным касьцеле? Гэта хиба не важна и не цикава?
Тацяна |
(Аляксандар Лукашук, дырэктар: ) Мы ня маем магчымасьці сыстэмна асьвятляць навуковыя чытаньні, гістарычныя сэмінары і да т.п. мерапрыемствы. І ня толькі іх – маючы абмежаваныя рэсурсы, у першую чаргу мы скарыстоўваем іх для асьвятленьня актуальных падзеяў палітычнага жыцьця. |
[ 23/12/2006 18:07 ] |
Калi ужо запусціце ў эфір сьмешную гумарыстычную перадачу? |
(Аляксандар Лукашук, дырэктар: ) Сам мару пра такую перадачу. Дапамажыце зрабіць! |
[ 24/12/2006 00:48 ] |
Скажыце, калі ласка, а калі маюцца цікавыя задумкі тэматычных перадачаў - ці магчыма іх спраўдзіць на РС? Дзякуй. |
(Аляксандар Лукашук, дырэктар: ) Пішыце! E-Mail lukashuka@rferl.org |
[ 24/12/2006 14:10 ] |
Cikava pachuc' vashaje mierkavan'nie: jak stavicca da savieckaj spadchyny u novaj demakratychnaj Bielarusi - jak u Prybaltycy dy Polshchy zaraz staviacca, ci jak u Rasieji? |
(Аляксандар Лукашук, дырэктар: ) Шаноўны спадар, калі Вы просіце адказаць, як Вам думаць, дык такога адказу мы даць Вам ня можам. Думайце самі. |
[ 25/12/2006 14:09 ] |
Як стаць карэспандэнтам “Свабоды”? |
[ 27/12/2006 13:12 ] |
папершае дзякуй Вам за вашу справу!!!!!
Доуги час шукаю магчымасць далучыцца да Вас, але не ведаю як????
Дапамажыце кали ласка. |
|
|