[ svaboda logo ] [ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
форум  


13 Сьнежня 2006
Уладзімер Някляеў


Нарадзіўся 9 ліпеня 1946 года ў горадзе Смаргонь Гродзенскай вобласьці. Бацька – Някляеў Пракофій Мікалаевіч, рускі, маці – Магер Анастасія Іванаўна, беларуска. Пражыў дзіцячыя гады ў Крэве – знакавым месцы беларускай гісторыі.

Вучыўся ў Мінскім электратэхнікуме сувязі (1962 – 1966), на аддзяленьні паэзіі Літаратурнага інстытуту (1971, г. Масква), скончыў філялягічны факультэт Менскага пэдагагічнага інстытуту (1973).

Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сыбіры, на Далёкім Усходзе, радыёмэханікам у менскім тэлевізійным атэлье. Заняўся журналістыкай, працаваў у газэце "Знамя юности", рэдагаваў бюлетэнь "Тэатральны Мінск", быў старшым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачаньня, галоўным рэдактарам часопіса "Крыніца", штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва". З 1998 па 2001 – старшыня Саюзу пісьменьнікаў.

У 1999 выехаў у Польшчу. На прэсавай канфэрэнцыі ў Варшаве (20.07.1999) выступіў з заявай супраць палітыкі беларускіх уладаў.

На 13-м (пазачарговым) зьезьдзе Саюза беларускіх пісьменьнікаў, які адбыўся напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, прапанаваў прыняць рэзалюцыю наступнага зьместу:

"Зьезд Саюза беларускіх пісьменьнікаў канстатуе катастрафічны стан беларускай мовы і літаратуры, выкліканы палітыкай улады ў адносінах да ўсяго нацыянальнага ў нашай дзяржаве. Зыходзячы з гэтага, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў:

1. Выказваецца ў падтрымку ўсіх дэмакратычных сіл і кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь ад дэмакратычнай апазыцыі.

2. Лічыць, што Аляксандр Лукашэнка, які, парушыўшы Канстытуцыю, незаконна ўтрымлівае ўладу ў Беларусі з ліпеня 1999 года, ня мае права на вылучэньне ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь".

Выходзілі кнігі: "Адкрыццё". Мн., 1976, "Вынаходцы вятроў" Мн., 1979, "Знак аховы" Мн., 1983, "Местное время" М., 1983, "Наскрозь" Мн., 1985, "Дерево боли" М., 1986, "Галубіная пошта" Мн., 1987, "Веда" Мн., 1989, "Прошча" Мн., 1996, "Выбранае" Мн., 1998, "Так" Мн., 2004. Паводле аповесьці "Вежа" Аляксеем Дударавым была напісана фантасмагарычная камэдыя "Вавілон", пастаўленая Мікалаем Мацкевічам.

Апошнім часам выступае пераважна як празаік (апавяданьні "Хайбах", "Чмель і вандроўнік", "Меў Марык бомбу", аповесьці "Прага", "Няхай жыве 1 Мая" і інш.). Выдаў раман "Лабух". Мн., 2003.

Адзін з ініцыятараў вылучэньня паэта Рыгора Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

Прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтра.

Вэбсайт: www.nekliaev.by
04.01.2006
Аляксандар Вайтовіч
10.01.2006
Сяргей Гайдукевіч
18.01.2006
Аляксандар Казулін
23.01.2006
Аляксандар Мілінкевіч
26.01.2006
Зянон Пазьняк
03.02.2006
Андрэй Дынько
09.02.2006
Павел Шарамет
15.02.2006
Лявон Вольскі
20.02.2006
Сяргей Калякін
28.02.2006
Алесь Пашкевіч
08.03.2006
Сьвятлана Алексіевіч
16.03.2006
Джордж Крол
23.03.2006
Аляксандар Мілінкевіч
30.03.2006
Ніна Шыдлоўская
05.04.2006
Крысьціна Шацікава
11.04.2006
Iвонка Сурвіла
19.04.2006
Марыюш Машкевіч
04.01.2006
Юры Бандажэўскі
10.05.2006
Іна Кулей
17.05.2006
Валер Леванеўскі
24.05.2006
Вячаслаў Сіўчык
31.05.2006
Валер Булгакаў
07.06.2006
Сяргей Тарпачоў
13.06.2006
Вінцук Вячорка
19.06.2006
Наш Васіль Быкаў

27.06.2006
100 дзён пасьля Плошчы

05.07.2006
Захар Шыбека

12.07.2006
Валер Дранчук
14.07.2006
Ірына Казуліна
19.07.2006
Ганна Кісьліцына

26.07.2006
Аляксандар Дабравольскі
02.08.2006
Вітаўт Мартыненка
08.08.2006
Янка Запруднік

14.08.2006
Сяргей Антончык
23.08.2006
Алесь Пушкін
28.08.2006
Іна Кулей
06.09.2006
Барыс Пятровіч

13.09.2006
Сьвятлана Завадзкая

20.09.2006
Аляксандар Старыкевіч

27.09.2006
Алесь Каліта

04.10.2006

Аляксандар Мілінкевіч
11.10.2006
Уладзімер Мацкевіч

18.10.2006
Сяргей Харэўскі

25.10.2006
Анатоль Лябедзька
30.10.2006
Павал Севярынец

08.11.2006
Тацяна Процька

15.11.2006
Валер Булгакаў
22.11.2006
Сяргей Скрабец
29.11.2006
Андрэй Дынько
06.12.2006
Станіслаў Шушкевіч

19.12.2006
Ваша Свабода
2003  2004  2005  2006
[ 08/12/2006 22:26 ]
Чаму назоў вашага сайту NEKLIAEV.BY - расейскі, а не беларускі NIAKLAJEU.BY, вы ж нібыта досыць пасьлядоўны змагар за беларусізацыю?!
Як казала некалi ў адказ на любое маё пытаньне мая малодшая дачка: “Тата, так гістарычна склалася…”

Сайт, як падарунак на дзень народзін, зрабілі мае сябры, калі я жыў за мяжой. Часу ўсё не стае, ка перарабіць. Не адно назоў зьмяніць, але ў зьмесьце зрабіць зьмены.
[ 08/12/2006 22:27 ]
Маю два пытанні. Чаму ў час прэзідэнцкіх выбараў Вы былі не штабе Мілінкевіча, а ў штабе Казуліна? Ці праўда, што менавіта Вы на пару са старшынёй Саюза пісьменнікаў А.Пашкевічам прадумвалі піяр і пісалі хуліганскі сцэнар выбараў па-кузулінску? А.Чарнагол
На першае пытаньне я мог бы адказаць коратка: бо маю права быць там, дзе лічу патрэбным. Аднак, паколькі гэткія, альбо падобныя пытаньні задаюць мне часьцяком, адкажу больш падрабязна.

Ад пачатку я быў за тое, каб абодва кандыдаты ад апазыцыі зьнялі свае кандыдатуры, пакінуўшы дзейнага прэзыдэнта гуляць у выбары сам-насам. Гэта было прапанавана і Казуліну, і Мілінкевічу на радзе Сходу беларускай інтэлігенцыі. Калі і адзін, і другі здымаць свае кандыдатуры адмовіліся, я прыняў бок тых, хто палічыў, што пры ўдзеле ў выбарах абодвух апазыцыйных кандыдатаў, а ня толькі кандыдата адзінага, эфэкт ад выбараў, як ад палітычнай акцыі з удзелам апазыцыі, будзе значна большы. Памыліўся я ці не, кожны сам можа меркаваць па далейшых падзеях – уключна з падзеямі сёньняшнямі.

Я падтрымаў менавіта Казуліна, бо:
па-першае, Мілінкевіча і безь мяне было каму падтрымліваць;
па-другое, Кузуліна я ведаў ня толькі з аднаго боку, зьнешне (былы рэктар, былы адэпт Лукашэнкі), але і з боку другога, знутры, з характару – упартага, зацятага. Такія калі ўжо закусваюць цуглі, дык іх не стрымаць, ног ім не перабіўшы. Такіх характараў у апазыцыі відавочна бракуе, а барацьба ёсьць барацьба… Пра тое,ці вытрымаў Казулін характар, зноў жа кожны можа меркаваць сам.

19 сакавіка на плошчы, у тым вядзьмарскім снегавеі, у якім цяжка было не тое што пачуць, а ўбачыць адзін аднаго, я сказаў яму пасля выступленьня, пасьля крыку ў сьнег і вецер, у нябачны натоўп: “Можаш не надрывацца, няхай крычыць іншыя, ты сваё зрабіў”, – і ён адказаў: “Не”.

24 сакавіка я паспрабаваў угаварыць яго на тое, каб ён зрабіў часовы перапынак, не ішоў далей, бо далей, як мінімум, турма. Ён адказаў, што ў гэткіх сур’ёзных справах перапынкаў не бывае.

Казулін можа не падабацца, можна папікаць яго прыўладным мінулым, не падзяляць ягоныя палітычныя погляды, лічыць яго амбіцыйным кар’ерыстам, даводзіць, што ён стаўленік ці то Лукашэнкі, ці то Крамля… ды ці мала што можна. Але нельга адмовіць гэтаму чалавеку ў апантанасьці, сіле і мужнасьці. І не прызнаць у рэшце рэшт, што без ягонага ўдзелу мінулыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі б гэтаксама, як і пазамінулыя. Як ціхі правінцыйны спэктакль…

Што да другога пытаньня, дык ніякага “хуліганскага сцэнару выбараў” я не пісаў.
[ 08/12/2006 22:44 ]
Уважаемый Владимир Прокофьевич! Я отношусь к поколению, которое осмысливало себя и становилось на ноги в конце 80-х – начале 90-х уже прошлого столетия. И поверьте: если бы не Ваш журнал «Родник», я был бы совсем другим человеком. Не могу c полной уверенностью сказать, тем ли я стал, кем хотел, но за то, что Вы тогда для меня, да и для многих других сделали, огромное Вам спасибо. Николай Плотников, бывший читатель и почитатель, фанат «Родника», до сих пор хранящий подшивки журнала.
Я таксама не магу з упэўненасьцю сказаць, ці тым я стаў, кім некалі хацеў… Але ў любым выпадку за добрыя словы дзякуй.

Шкада, што ў мяне няма ніякіх падшывак. Пасьля таго, як я сышоў з “Крыніцы”, увесь архіў разгрэблі, расьцягнулі. Калі нехта з былых супрацоўнікаў ведае хоць бы пра тое, дзе падзелася сабраная мной бібліятэка, дык гукніцеся. Як у такіх выпадках пішуць: за ўзнагароджаньне..
[ 08/12/2006 23:09 ]
Я эканаміст па адукацыі, але цікаўлюся беларускай літаратурай, паэзіяй, у тым ліку вашай. Дарэчы, вам бы не лезці ў палітыку, а толькі паэзіяй і займацца, яшчэ песні пісаць, на вашы вершы вунь колькі спяваюць шлягераў. А ці вы цікавіцеся беларускай эканомікай?
Калі б нават і не хацеў цікавіцца, дык не выпадае, бо штодня распавядаюць, нібы шлягер сьпяваюць, пра неверагодныя дасягненьні ў беларускай эканоміцы…

Яны, калі быць аб’ектыўным, і насамрэч ёсьць, але абумоўленыя не чыёйсьці эканамічнай мудрасьцю, а каньюнктурай, якая склалася сёньня на сусьветным (найперш эўрапейскім) рынку. Беларускі экспарт на эўрапейскі рынак ужо значна перавысіў экспарт у Расійскую Фэдэрацыю. Але…

Нядаўна адзін гаспадарнік канспэктыўна распавёў мне зьмест кнігі дырэктара Інстытута эканомікі (“Нэасфэрная эканоміка…” і нешта там далей – амаль як у Выгоцкага). Дык з той кнігі доктара эканамічных навук вынікае, што такія вызначальныя эканамічныя катэгорыі як рэнтабэльнасьць, прыбытак, для нейкіх іншых эканомікаў хай сабе і вызначальныя, а для беларускай – не. Для нашай эканомікі, як нідзе ў сьвеце сацыяльна арыентаванай, яны малаістотныя. Значэньне маюць найперш аб’ёмы валавага прадукта, у вытворчасьці якога занятыя пагалоўна ўсе,і, вырабіўшы нешта на тры капейчыны, кожны мае з гэтага свой грош – на чарку і скварку. Я не эканаміст, але тут адчуваю: цікава. Нэасфэра…
[ 08/12/2006 23:10 ]
"Лабух" абсалютна выбіваецца з усёй вашай творчасьці, прычым не ў лепшы бок. Гэты раман - споба аддаць даніну сучаснай літаратурнай модзе?
А што ў “Лабуху” моднае?..

Я напісаў тое, што хацеў напісаць. І каб ад пачатку было зразумела, што – вынес гэта ў эпіграф: “Быць беларусам – бяда. Але што зробіш?.. Гонар не дазваляе кімсьці іншым стаць”.

Калі неяк прыбіўся да моды, што ж…
[ 08/12/2006 23:11 ]
"Ксты" і "З дубавецця" - гэта анёльскае і д'ябальскае ў адным чалавеку, ці як для сябе вы трактуеце такія полюсы ў творчасьці высунутага вамі на "Нобэля" Рыгора Барадуліна? Хрысьціяніну, якім пазіцыянуе сябе дзядзька Рыгор, не да твару пахабшчына й мацюкоўшчына (пра пашляцкія песьні, якія любіць сьпяваць Рыгор Іванавіч, я й увогуле гаворкі не вяду).
Ніхто ж не вылучаў на Нобэлеўскую прэмію “З дубавецьця”.
[ 08/12/2006 23:11 ]
Ня варта хапацца за ўсё адразу - трэба вызначацца - сьвятасьць ці гадасьць ёсьць мэтай творчасьці, і ня трэба спасылацца тут на народ. Так, у безаблічнай народнай творчасьці ёсьць розныя прыклады (дарэчы, менавіта таму і аўтарства такіх твораў невядомае), але канкрэтныя людзі, якія абіраюць для сябе цяжкі шлях маральнасьці й духоўнай чысьціні ўжо ніколі не апускаюцца да ўзроўню блазна, што спрабуе рабіць шаноўны Рыгор Іванавіч.
Выглядае на тое, што гэта працяг папярэдняга пытаньня… Дык і адказ я працягну.

Тое, што ў адным чалавеку анёл і д’ябал ужываюцца – ня дзіва. Сам чалавек, лёс ягоны – гэта і ёсьць барацьба ў ім анёльскага і д’ябальскага.

Талент, творчасьць – не адно ад Бога, д’ябал таксама натура творчая. Скіраваная на спакусу, на разбурэньне, але тым не менш… Гётаўскі “Фаўст” хіба ад Бога?
[ 08/12/2006 23:13 ]
У чым быў сэнс і хітрасьць вашага польскага дэмаршу ў 1999 годзе?
На гэта я ўжо не аднойчы адказваў. Найбольш падрабязна (на сёньняшні дзень) у кнізе ўспамінаў пра Васіля Быкава.

Калі тэзісна:
як ад рэдактара “Крыніцы” ад мяне патрабавалі таго часопіса, якім ён стаў пры апошнім рэдактары і якім урэшце згінуў;

як ад рэдактара “ЛіМа” ад мяне патрабавалі той газэты, якой ёсьць яна сёньня;
як ад старшыні Саюза беларускіх пісьменьнікаў ад мяне патрабавалі выкананьня той ролі, якую сёньня выконвае Чаргінец. З чым яго і віншую…

Я стаяў, колькі мог, пакуль мяне не пачалі валіць са сьпіны – свае. Няхай не па ўласнай прыдумцы, а ўладай падвучаныя, але хіба розьніца тут істотная?

Трэба было неяк вызваліцца з наблытаных на мне ланцугоў і вяровак – і паколькі я не Капэрфільд, дык не знайшоў ніякага лепшага спосабу, апроч як іх – усе і адразу – разарваць.
[ 08/12/2006 23:15 ]
Мяжа здрады й канструктыўнага згодніцва, дзе яна палягае ў нашым сучасным грамадзтве?
Нейкі час я, мусібыць, і займаўся тым, што вы называеце “канструктыўным згодніцтвам”. Але як толькі яно пачало даваць нейкія вынікі, мяне пачалі абвінавачваць у здрадзе. Не наўпрост, але ўсё ж… І з гэтага ўрэшце вынікла тое, пра што я сказаў у адказе на папярэдняе пытаньне.

Як з майго вопыту, дык ва ўмовах, калі адзін бок патрабуе ад другога (скажам, як ад мяне Лукашэнка) толькі таго, што толькі яму патрэбна і выгадна, дык на нейкім тваім кроку (трэцім ці пятым) на шляху да “канструктыўнага згодніцтва” цябе непазьбежна адштурхнуць да проста згодніцтва, якое ўжо можна будзе назваць здрадай – і тады пытаньне толькі ў тым, ці ты ўпрэсься, устаіш ці не… А ўстаяць зусім не проста, бо цябе штурхаюць, ня толькі пугай падганяючы, але і падманваючы пернікамі, якіх абяцаюць столькі, што за ўсё жыцьцё не зжарэш.
[ 08/12/2006 23:16 ]
Як глыбока вы ведаеце сваю радаслоўную?
У маім Крэве ці не палова Магераў (гл. ніжэй), і прозьвішча маё па маці – Магер. Зразумела, што, падрастаючы, я пачаў цікавіцца: скуль яно?..

Ад дзеда, маці і двух сваіх дзядзькаў я пачуў некалькі вэрсій. Адна з іх выглядала найбольш гістарычна праўдзівай – і найменш мне спадабалася. “Быў нейкі чалавек, – казаў мне адзін з дзядзькаў, – які шыў шапкі магеркі, дык ён і стаў Магерам. Гэтаксама як нейкі каваль стаў Кавальчуком”.

Анічога ў гэтай гістарычна-праўдзівай вэрсіі не падалося мне цікавым. Каб пачуць такое ў адказ, не варта было і пытацца…

Іншая рэч – вэрсія-легенда. “Ды ня слухай ты гэтай дурноты пра нейкія шапкі", – казаў мне другі дзядзька. – "Прозьвішча наша і род наш паходзяць ад Маргера, малодшага брата вялікага князя Гедзіміна. Ён героем быў, наш продак! Калі крыжакі ў 1336 годзе пайшлі ў напад на Літву, Маргер бараніў замак у Піленах. Крыжакоў было дзесяць на аднаго, яны прабілі замкавыя сьцены – і тады Маргер, каб не дацца ў палон, забіў спачатку сваю жонку, а пасьля сябе”.

У легендзе гэтай асабліва ўражвалі, ператвараючы яе ў гістарычную праўду, дакладная дата і дакладнае месца дзеі, галоўным героем якой быў наш продак. І хоць зусім не падобна на тое, што род наш можа мець хоць нейкія дачыненьні да роду княскага, і хоць немагчыма стаць чыімсьці продкам, забіўшы сябе і жонку, і хоць Маргер трошкі ўсё ж не Магер (“Адно “р” выпала, нашто іх два?”, – даводзіў дзядзька), усё ж менавіта гэтую легенду, як гістарычную праўду, я хацеў бы пакінуць нашчадкам. Бо яна прыгожая і нікому не замінае. “А жонка Маргера", – казаў дзядзька Магер, – "пасьпела нарадзіць яму двух сыноў, якіх гадаваліся ў Крэўскім замку. Дурнем будзеш, калі мне не паверыш…”

Каб не быць дурнем, я паверыў – і жыцьцё маё стала на адну легенду большае.
[ 08/12/2006 23:16 ]
Ці ёсьць у вас ворагі сярод беларускіх пісьменнікаў?
Як па мне, дык вораг – гэта ня той, хто цябе лічыць ворагам (такіх хапае – і няхай сабе), а той, каго ты сам сваім ворагам лічыш. Дык вось у гэтым сэнсе няма ў мяне ворагаў. За выключэньнем хіба тых, хто займаецца ў літаратуры даносапісаньнем – жанрам, які ненавісны мне генэтычна.

Ды Бог з імі, з ворагамі. Ёсьць страчаныя сябры, чаго шкада найбольш з усяго страчанага.
[ 08/12/2006 23:34 ]
Прызнаюся, мяне да шаленства раздражняе някляеўская алімпійскасць, някляеўская манера глядзець на ўсё і ўсіх, як з Гедымінавай гары, ягоны спосаб кантактаваць з людзьмі на адлегласьці стрэлу… і шмат што яшчэ. І ўсё ж я не магу не прызнаць, што паэтаў такога ўзроўню і асобаў гэткага маштабу маем мы адзінкі. Таму ў ліпені, у дні юбілею, павіншаваў Някляева ад імя выдання, у якім працую. Потым мяне зьдзівіла, што, нібы згаварыўшыся, газета “Советская Белоруссия” і газета “Наша Ніва” павіншавалі шаноўнага юбіляра аднолькава: ніяк. Нягледзячы на кнігу “Так”. Скарыстоўваю нагоду спытаць: як мяркуеце, чаму?..
За віншаваньне дзякуй.

Свой шасьцідзесяты дзень народзін я адсьвяткаваў у Крэве, газэт не чытаючы. Па-мойму, у “Нашай Ніве” нешта было… А ўвогуле пытаньне не да мяне.
[ 08/12/2006 23:53 ]
Як вы ставіцеся жа існавання ў невялікай краіне некалькіх саюзаў пісьменнікаў? І ці патрэбны яны, навогуле? Наколькі рэальна вылучэнне Барадуліна на прэсціжную прэмію (які яе, безумоўна, дастойны)? Ці будзеце і надалей весці гэту дзейнасць па вылучэнню?
Ды няхай сабе будзе той новы саюз… Хоць відно, хто ёсьць хто. А то прыходзіш – табе ашавуркі нейкія паціскаюць рукі, ты ім паціскаеш...

Другім разам на Нобэлеўскую прэмію не вылучаюць. Але і не здымаюць з разгляду тых кандыдатаў, якія ўжо вылучаныя. Васіль Быкаў стаў бы Нобэлеўскім ляўрэатам, калі б пражыў яшчэ год. Але ня лёс.

Будзем спадзявацца на Барадуліна. Мы не пакідаем шукаць літаратараў з аўтарытэтам, уплывам, якія б яго падтрымалі. Вось літаральна сёньня гаворка пра гэта адбылася ў Чэскім ПЭН-цэнтры…
[ 09/12/2006 01:00 ]
Вось пра Вас пішуць: “Адзін з ініцыятараў вылучэння Рыгора Барадуліна на Нобелеўскую прэмію”. Гэта што: заслуга? А дзе ж прэмія? Чаму ж вы ў Стакгольм не з’ездзілі і яе не прывезлі? Вы што, сапраўды верылі, што яна можа быць?
От жа злосьці поўныя косьці…

Сапраўды верыў. І зараз не маю ніякіх прычын, каб не верыць. І вам раю не раздражняцца, а верыць. Верыць у тое, што мы насамрэч маем вялікую нацыянальную літаратуру, і ў ёй, сярод іншага, – геніяльнага паэта Рыгора Барадуліна.

Калі ж Вас менавіта апошняя акалічнасьць нэрвуе, дык зьезьдзіце ў Стакгольм. Ведаеце, горад паўночны, на вадзе… вельмі супакойвае.
[ 09/12/2006 01:47 ]
Я вас ещё по газете «Знамя юности» помню. У вас по матери фамилия Магер. А вы всё то под русского, то под белоруса косите. Легендарный вы наш…
Пытаньне ў сэнсе: “Марк Аврелий не еврей ли?..”

Хто яго ведае…

Маім першым настаўнікам у першай клясе Крэўскай школкі, якая стаяла амаль пад самай сьцяной Крэўскага замка, быў габрэй з прозьвішчам Цукерман. Ён казаў: “Дзеці, вы шчасьлівыя, бо нарадзіліся пад сьцяной сваёй гісторыі”. У той час пачуць такое можна было далёка не ад кожнага беларуса.
[ 09/12/2006 07:00 ]
Дзякую Паэту Уладзімеру Някляеву за верш пра Паэта Ларысу Геніюш. І асабліва за радкі:

Калі пісаць, дык толькі так пісаць,
Як бліскавіцу доўжыць бліскавіцай,
Як з вены ў вену кроў пераліваць…
Пісаць, як спавядацца і маліцца.
Мне – няма за што. Дзякуй Богу, што даў нам такіх паэтаў. Геніюш – ужо адным прозьвішчам геніяльная.
[ 09/12/2006 07:45 ]
Шаноўны Уладзімір Пракопавіч! Некалі Вы сыйшлі, ці, дакладней, Вас выйшлі з часопіса “Крыніца” – нічога добрага для “Крыніцы” з гэтага не вынікла. Потым Вас сыйшлі з газеты “ЛіМ” – нічога добрага з газетай не стала. Пасля Вы сыйшлі з Саюза беларускіх пісьменнікаў – і Саюзу гэта не прынесла нічога добрага. Ці праўда, што вы сыходзіце з Беларускага ПЭН-цэнтру?
Сапраўды, я выказваў такое пажаданьне спачатку на радзе, а пасьля і на зьезьдзе Беларускага ПЭН-цэнтра. Але не праводзіў Вашых аналёгій.

Цяпер – чорт яго ведае… Можа, ёсьць сэнс падумаць. Хоць, зразумела, і з “Крыніцай”, і зь “ЛіМам”, і з СБП рана ці позна сталася б тое, што сталася. Хіба што можна было б гэта ў часе адцягнуць, падрыхтавацца, прыдумаць нейкія альтэрнатывы.
[ 09/12/2006 08:20 ]
Што рабіць пісьменнікам, трымацца за савецкі Саюз, ці выжываць пааасобку, кшталтам творчых здольнасцяў?
Не ўтрымацца за тое, чаго няма…Калі нават рэліктам яно існуе ў нашай сьвядомасьці.

Пісьменьнікам – пісаць. Калі нават цяпер яно не друкуецца і не чытаецца. Мы хіба ўмеем лепш рабіць нешта іншае?

Сёньня выразна абазначылася небясьпека страты нацыянальнага – як пры барацьбе за дэмакратыю, гэтак і пры перамозе ў барацьбе за яе. Нацыянальная літаратура – гэта, бадай, адзінае, што можа уратаваць Беларусь і беларусаў ад самазабыцьця.
[ 09/12/2006 09:08 ]
Как вы думаете, почему Скобелева и Чергинца читают больше, чем Пашкевича и Некляева? Может, они интереснее пишут? Белый Росс
Для Белых Росаў, можа быць, і цікавей…
[ 10/12/2006 00:04 ]
Кангрэс ЗША раз за разам прымае Акты аб дэмакратыі на Беларусі. Але ж гэты самы кангрэс разам з адміністрацыяй Буша нахабна ашукаў увесь сьвет, махаючы на Генасамблеі ААН прабіркамі з мышыным дзярмом ды асьлінай мачой, запэўніваючы, што гэта самая сьмяротная зброя на сьвеце, пасьля чаго ўчынілі бойню ў Іраку. Ці ж можна давяраць хлусам і забойцам у справе распаўсюджваньня дэмакратыі? Можа й Беларусь будзе чакаць лёс Сэрбіі ды Іраку? Ваша думка на гэты конт. Шчыра вітаю Якуб Лапатка
Пазнаю ваяра Якуба. Калі біцца, дык не з драбязой…

Помніш, за што мы з табой выпівалі ў Ляпляндыі, калі пачалася вайна ў Іраку?..

Ну дык нічога з таго, што тады казаў, я ў сабе не перайначыў. З тым застаюся – і цябе шчыра вітаю!

Як пераклад “Калявалы” рухаецца? Пытаюся дзеля таго, каб усе ведалі, што ты за гэта ўзяўся – і не пакінуў справу, якую ніхто, апроч цябе, сёньня не зробіць.
[ 10/12/2006 07:31 ]
Jak by i chto b sennja sam sjabe ni uschvaljau, jakija b guchnyja epitety sabe na grudyi, spinu i nizhej za jae ni naklejvau, ab'ektyuna na Belarusi esc' sennja dva paety: Razanau i Njakljaeu. Jakija u Vas asabistyja adnosiny z Alesem?
Асабістыя адносіны на тое і асабістыя, каб не выказвацца пра іх публічна. Дзякуй Богу, што драма ў Нямеччыне не стала трагедыяй – і Разанава мы ня страцілі.
[ 10/12/2006 07:33 ]
Раскажыце, наколькі вам дапамагаў ці шкодзіў алкаголь у вашым жыцці і творчасці.
І дапамагаў, і шкодзіў… На тое ён і алькаголь. Субстанцыя сынтэтычная і катэгорыя філязофская.

Сёньняшняя літаратурная моладзь (скажам, у асяродку нашаніўцаў) шматзначнасьці ягонай не разумее. І ходзяць хоць і адораныя, таленавітыя, але ціхія, сумныя. Караткевіч ці Стральцоў глядзець бы на іх ня вытрывалі…
[ 10/12/2006 19:25 ]
Паважаны сп.Уладзімер! Скажыце, калі ласка, што было для Вас самым цяжкім падчас вымушанай эміграцыі?
Аднаму зь сяброў, якія прыяжджалі да мяне, каб падтрымаць, у Варшаву, я прапанаваў: “Дык і ты заставайся. Удвух – не адзін, зь дзьвюх гармат мацней стрэлім”. І ён мне па-сяброўску шчыра адказаў: “На тое, каб стаць тым, кім я стаў, і займець, што займеў, я амаль усё жыцьцё затраціў. А ты мне прапануеш, каб я зноў пачаўся зь нікога, зь нічога?..”

Найцяжэй было ўсьвядоміць, што ўсяго, што было, на што ты столькі высілкаў і часу паклаў – насамрэч ня стала. Адсечана.
[ 10/12/2006 23:31 ]
Як вы ставіцеся да эпатажных "калялітаратурных" паводзінаў Адама Глёбуса? І як, на ваш погляд, ён зьмяніўся з тых часоў, калі вы разам супрацоўнічалі ў "Крыніцы"?
Ніяк я на гэта не зважаю, а да мяне усё чапляюцца з Глобусам. Ну дык вось і вынік ягоных “эпатажных літаратурных паводзінаў”.
[ 10/12/2006 23:33 ]
Класіка ці мадэрн, Зьмітрок Бядуля ці Рыгор Зыбайла - што і хто бліжэй вам у літаратуры?
Зьмітрок Бядуля. Мне цікава ўсё, што адбываецца у літаратуры, але ў тым, што раблю сам – я безнадзейны традыцыяналіст. Люблю “вершы у рыфму”, паэмы з выбудаваным сюжэтам. Да гэтай пары шкадую, што вершаваныя сюжэты гісторыі ВКЛ, якія ў пачатку 70-х бліскуча перакладаліся на рускую мову, напісаны не мной, а Марцінкявічусам. Гатовы быў забіць ад зайздрасьці Куляшова, калі ён чытаў мне ў альтанцы ў Нясьвіжы фінал “Хамуціуса”. А вось “Пункцірам” Разанава (з усім прафэсійным разуменьнем таго, як вытанчана ўсё зроблена) не зайздросьціў ніколі. І, мусібыць, гэтакім пнём на полі сілабатонікі я і застануся, нічога ўжо ўва мне не перайначыцца.
[ 10/12/2006 23:37 ]
Маладая літаратурная Беларусь сёння і Маладнякоўска-Узвышанскіх часоў, ці магчама параўнаць гэтыя перыяды і правесці пэўныя паралелі?
Адзін з варыянтаў назвы таго, што назвалася часопісам “Крыніца” (як пра яе звычайна кажуць, новая), быў “Узвышша”. Магчыма, дарма мы гэтай назвы не скарысталі.

Пэўныя паралелі заўсёды існуюць паміж маладым і маладым… Так што правесьці іх не цяжка.

У дадатак вось што… Калі параўноўваць той узровень, зь якім уваходзіла ў літаратуру, найперш у паэзію, маё пакаленьне, з узроўнем, на якім абвяшчае пра сябе пакаленьне сёньняшняе, дык, што называецца, здымаю капялюш. Ну, ці прыпадымаю, бо, увайшоўшы, трэба яшчэ шлях прайсьці.
[ 10/12/2006 23:38 ]
Ці часта вы бываеце ў родных Смургонях, Крэве? Што для вас увогуле - маленькая радзіма?
Бываю гэтак часта, як магу…

Першая мая паэма ў кнізе “Адкрыцьцё” – гэта Крэва.

У Крэве (Святгор'і) адбываецца уся дзея другой часткі паэмы “Ложак для пчалы”.

Прыпавесьць “Вежа” – Крэва, аповесьць “Мірон ды Мірон” – Крэва. Дый амаль ва усім астатнім – яно са Смаргонямі…

Я маю ня тое што запавет, якія там сёньня запаветы, а просьбу да родных: “Па сьмерці маёй плоць маю спаліць і прах мой разьвеяць над Крэвам”. Вось што ўвогуле…
[ 10/12/2006 23:47 ]
Як, на ваш погляд, мы мусім паводзіць сябе ў дачыненнях з Расеяй: найперш па- еўрапейску прагматычна-"суха" ды пасьлядоўна, ці па магчымасьці больш па-азіяцку - хітра, шматслоўна і непрадказальна, як зараз (і гэта, дарэчы, дае свой заразчасовы плён).
У мяне руская кроў бацькі, стыхійнага, прасторнага чалавека прыволскіх стэпаў – і крывёй гэтай я люблю Расію. Любоў не выбіраюць, хоць розумам іншым разам насамрэч не ўцяміць: “За што любіць?..”

Дык якое там (калі казаць пра сябе) “паводзіцца прагматычна-суха ды пасьлядоўна”? А калі казаць не пра сябе, дык калі і з кім Расія гэтак паводзілася?..

Я напісаў пра гэта паэму “Русский поезд”. На сваіх сайтах яе паставілі таджыкі і ўзбэкі.
[ 11/12/2006 10:10 ]
Там, дзе Вы зараз жывяце, як адносяцца да беларусаў? Што ведаюць пра iх? Дзякуй, Сяргей, Вялейка
Там, дзе я зараз жыву, а жыву я ў сталіцы Беларусі Менску, да беларусаў адносяцца дзіўнавата. Калі я жыў у Фінляндыі, дык зьвернесься, здаралася, да фінскага паліцыянта на гэткай фінскай мове, у якой ён ледзьве пазнае фінскую, пры гэтым ніякавацісься, а ў яго ўсьмешка на увесь твар: ён рады, што ты, іншаземец, хоць неяк намагаесься нешта сказаць па-фінску. А зьвернесься чыста па-беларуску ў Менску да беларускага міліцыянта, дык ён такі бязрадасны… І пры кожным такім выпадку чамусьці згадваеш радок рускага паэта Сяргея Ясеніна: “В своей стране я словно иностранец…”

На жаль, амаль нічога там, дзе я зараз жыву, ня ведаюць пра Беларусь – і ня хочуць ведаць.
[ 11/12/2006 10:15 ]
Калi беларусы атрымаюць Нобэлеўскую прэмiю? Кастусь, Узда
Набярыся, Кастусь, трываньня. Апроч Нобэлеўскай прэміі, беларусы яшчэ шмат чаго не атрымалі.
[ 11/12/2006 19:42 ]
Nja tol'ki ya, a davoli shmat ljudzej chakajuc' ad Niakliaeva adnago: shto novaga jon napish? Vedajce pra geta - i ni na shto bolej ne zvazhajce. Pishyce! Cjargej Mashkivich, nastaunik. (Matematyki).
Добра, угаварылі, буду пісаць. Хоць бы таму, што нічога іншага рабіць ці ня ўмеў, ці развучыўся.
[ 12/12/2006 14:55 ]
Koгда-то Вы были для меня автором "Маланки", потом - "Индии", потом - "Полонеза", теперь - поэмы "Ложе для пчелы". Во всех ваших поэмах бесконечное количество кодов и шифров, но в последней их больше всего. Я почти книгу написал, их расшифровывая. Так вот не могли бы вы мне помочь? Расшифровать хоть один, как Вы пишите, таемны знак, чтобы я мог сравнить: угадал, или нет? Станислав Тарасов.
Цікава было б зазірнуць у вашу “почти книгу”. Паэма “Ложак для пчалы” пачынаецца радком “Чуваць, як адрастае барада...” Джымі Хэндрыкс пад скон жыцця марыў усё к чорту кінуць, купіць востраў, сесьці пад пальму і гадаваць бараду. Паколькі паэзія – гэта найперш інтанацыя (музыка), дык такім чынам я адразу абазначыў свае, так бы мовіць, музычныя прыярытэты.
[ 12/12/2006 16:47 ]
Як вы ставіцеся да марафону галадоўнікаў (менскіх пратэстантаў, гарадзенскіх каталікоў, Аляксандра Казуліна ды іншых палітвязьняў)? А ці здольныя на падобны ўчынак пісьменнікі? Не ў прыклад усім вышэйзгаданым, будынак Саюзу пісьменнікаў вы здалі бяз бою!
Некалі ў “ЛіМе” я заклікаў: “...Не ляжаць на пузе, А за Фрунзе, 5 Стаяць, Як таварыш Фрунзе!” Тады – не пачулі, цяпер – позна. Дый смешнавата за будынак галадаваць... Іншае – мэты, якія ставяць галадоўнікі-вернікі, Казулін... Дзяржава не дазволіла ім цывільнымі спосабамі змагацца за свае законныя правы, пакінула без магчымасьці выбару. Таму яны і скарысталі, бадай, адзіны спосаб барацьбы, які заставаўся. Такі крок – гэта крок мужнасьці, і да людзей, якія яго зрабілі, незалежна ад выніку ў кожным асобным выпадку, нельга адносіцца інакш, як з павагай.
[ 12/12/2006 16:48 ]
Якіх музеяў, на ваш погляд, не хапае беларускай сталіцы?
Усялякіх...
[ 12/12/2006 16:50 ]
Ці вядома вам, якія захады прымалі (альбо прымаюць) нашыя пісьменнікі супраць зьнішчэння старога гораду ў Менску?
На жаль, ніякіх. Змагаюцца, каб іх саміх не зьнішчылі. І чаму, ледзь што – усё да пісьменнікаў? Саюзу архітэктараў у нас няма? Я чуў, што ёсць...
[ 12/12/2006 16:52 ]
Залаты век Беларускай дзяржавы - гэта XVI стагодзе, а ў рэтраспектыве літаратуры на які час ён прыпаў?
Хто б і што б ні казаў іншае – на савецкі.
[ 12/12/2006 16:54 ]
Мне вельмі цікава пачуць вашую ацэнку "Гісторыі Беларускай (Крыўскай) кнігі" Вацлава Ластоўскага. Як вы думаеце, чаму да сяння ня зроблена ніводнага грунтоўнага аналізу гэтай працы?
Во! Сам ва ўсіх пытаюся: чаму? Наогул адносіны да Вацлава Ластоўскага нейкія асаблівыя. Самога яго згадваюць, пра самога яго гавораць – а вось зробленае ім застаецца неяк убаку. У тым ліку і літаратурная творчасьць – вельмі, між іншым, сучасная. Асобныя рэчы чытаеш – ну нібыта хросны бацька Разанава.
[ 12/12/2006 16:56 ]
Як вы ставіцеся да ідэі аднаўлення ў горадзе Закапаны помніка Івану Луцкевічу? Ці мо варта перанесьці яго на Беларусь?
Не. Няхай лепш стаіць там, дзе пастаўлены. Нават калі не адновіцца... Бо ў нас можа і не ўстаяць.
[ 13/12/2006 02:32 ]
Хто сёння з маладзейшых - паэт?
Андрэй Хадановіч, Юрась Пацюпа… З маладзейшых за іх – Віктар Жыбуль, Серж Мінскевіч, Эдуард Акулін… Яшчэ маладзейшыя ( прабачаюся, калі па памяці не ўсіх, каго варта было б згадаць, згадаю) Вальжына Морт, Ілля Сін, Глеб Лабадзенка, Джэці, Анатоль Івашчанка…
[ 13/12/2006 09:28 ]
Ваш писательский взгляд на нашу так называемую оппозицию? На ее так называемого лидера? Существует ли она на самом деле, или она вместе с лидером, не завоевавшим это право какими-то лидерскими действиями, а получившем его в результате заседаний и голосований, фантом?
Калі Вы называеце апазіцыю нашай, дык не зусім зразумела, чаму яна “так званая”?Даеш іншую апазіцыю! – якую?.. Калі б у нас магла быць нейкая іншая апазіцыя, дык яна б была.Згодны з Вамі ў тым, што лідэр свае равы на лідэрства сам бярэ, заваёўвае, а не прызначаецца ў лідэры нейкім чынам – няхай сабе найдэмакратычным. У такім выпадку: для каго, у чыіх вачах ён лідэр? У вачах самой апазіцыі, нават не ўсёй, а яе часткі?..А ў вачах народа? Ці ягонай часткі? Хоць бы той, лідэрам якой быў Пазняк, якога ніхто лідэрам не абіраў. А некім яго абралі (старшынём БНФ, дэпутатам) ужо менавіта праз тое, што ён стаў лідэрам. Кажу я гэта, безумоўна, разумеючы, што сённяшнія ўмовы і магчымасці для таго, каб выбіцца ў лідэры, зусім не тыя, што былі 15 год таму.
[ 13/12/2006 09:48 ]
Вось незразумела: кнiгi Быкава, Барадулiна, Законнiкава, Арлова i астатнiх, хто адкрыта выступае супраць улады, у кнiгарнях ёсць, а Вашых - нi «Лабуха», нi «Так» - няма. Як мне сказала кабета з Дома кнiгi, iх кнiжныя гандляры нават не бяруць. Цi дачакаюся я часу, калi можна будзе некуды прыйсцi i набыць Вашу кнiгу? Аркадзь Сянько.
Ну, некалі ж дачакаемся, як пісаў клясік, сьветлага, яснага дня...
[ 13/12/2006 13:55 ]
Вы мелi адносiны з Быкавым. Цi згодны вы з тым, што ён быў вялiкi пэсымiст што да Беларусi, яе лёсу? Дзякуй
Так, у гэтым Васіль Уладзімеравіч ня быў аптымістам. На жаль, пэсымізм ягоны на нашых вачах спраўджваецца.
[ 13/12/2006 14:02 ]
Спадар Някляеў! Каго Вы можаце назваць, як прыклад, з дзеячоў, якія ў гісторыі Беларусі пакінулі важкі след і сімпатычныя ўласна Вам. Чаму яны такія ідэальныя для Вас? З павагай
Сьпіс нашых нацыянальных герояў, калі пачынаць ад Вітаўта, зусім не такі кароткі, як некаму здаецца. І Пазьняк з Быкавым у сьпісе гэтым не апошнія.
[ 13/12/2006 14:20 ]
Я лічу адзіным нармальным моладзевым беларускім выданьнем - "Студэнцкую думку". Чула, што Вы разьмяшчаецеся зь імі ў адным офісе. Можа, маеце нейкае дачыненьне да выданьня гэтага часопіса. Калі так, то раскажыце, калі ласка, якім чынам ён выходзіць, дзе яго можна набыць і ці супрацоўнічае яго рэдакцыя з маладымі журналістаміт. Зараньнё дзякую. Жадаю посьпехаў!=)))))))))))))
Да выданьня часопісу "Студэнцкая думка" ў мяне аддаленае дачыненьне: у тым сэнсе, што выдаліўся я з таго пакою, у якім зараз і ствараецца часопіс.
[ 13/12/2006 14:35 ]
Jak vy staviviesia da stvoranaha Karatkieviczam vobraza szczyraha muz^yckaha karalia Staha ? Ci nie czakala usio Vasza pakaliennie jaho pryjscia tak horacza, szto jana nareswzcie i adbylosia ? MK
Выглядае, што, па Вашай вэрсіі, увасабленьнем караля Стаха ёсьць адзін з нашых сёньняшніх палітыкаў... Гэткая вэрсія, як і любая іншая, мае права на існаваньне.
[ 13/12/2006 14:40 ]
Добры дзень, Уладзімер Пракопавіч! Як Вы адносіцеся да скоблавай анталогіі "Краса і сіла"? Аляксандр Фядута, з павагай
Аляксандар, скарыстоўваю нагоду сказаць, што я хораша адношуся да Вашай рэцэнзіі на кнігу "Так", хоць усе мне даводзяць, што ёю Вы (у тэксьце і асабліва ў падтэксьце) мяне і кнігу ледзьве не абразілі. Да анталёгіі, складзенай Міхасём Скоблам, я таксама стаўлюся някепска. Ён зрабіў немалую працу, якая заслугоўвае ўдзячнасьці. А Вы, па-мойму, ужо заслугоўваеце таго, каб не зважаць на бясконцыя папрокі ў Ваш бок за Ваша "жудаснае" мінулае. Кіньце Вы на гэта рэагаваць. Вось узяліся выдаць біяграфічную кнігу Шапрана пра Васіля Быкава – дык пра гэта і дбайце, не псуючы нэрваў праз іншае.
[ 13/12/2006 14:48 ]
Мы заканчваем нашу онлайн-канфэрэнцыю. Вашыя пажаданьні слухачам "Свабоды" і чытачам сайту.
Перад пажаданьнем выкажу зьдзіўленьне тым, што большасьць пытаньняў – гэткія паблажлівыя. І ўсім жадаю жыць і зьдзіўляцца.
 галоўная
 угару