|
|
|
Павал Севярынец
Нарадзіўся 30 сьнежня 1976 году ў Воршы, у сям'і журналіста Канстанціна Севярынца й школьнай настаўніцы Тацяны Севярынец. У 1994 годзе скончыў СШ № 25 Віцебска ў мастацка-архітэктурнай клясе, у 2000 годзе – геаграфічны факультэт БДУ, атрымаўшы прафэсію інжынэра-геоляга па спэцыяльнасьці “Разьведка карысных выкапняў".
У 1994-1999 гадох працаваў рэпарцёрам у шэрагу дзяржаўных і камэрцыйных выданьняў. З 1998 году пачаў друкавацца ў незалежнай прэсе як публіцыст.
У кастрычніку 1995 году ўступіў у БНФ "Адраджэньне". У лютым 1997 году узначаліў Менскую маладзёвую фракцыю БНФ. У верасьні 1997 году на Устаноўчым сойме быў абраны сустаршынём Маладога фронту.
2 красавіка 1998 г. арыштаваны падчас апазыцыйнае маніфэстацыі ў Менску і за "зрыў канцэрту, прысьвечанага аб'яднаньню Расеі й Беларусі", зьмешчаны ў сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Праз два месяцы пад ціскам беларускай і міжнароднай грамадзкасьці вызвалены й адпраўлены пад падпіску аб нявыезьдзе ў Віцебск. Крымінальная справа закрытая ў лістападзе 1998 годзе без тлумачэньняў і прабачэньняў.
Удзельнік і арганізатар масавых вулічных выступаў моладзі ў 1997-2004 гадох, больш за 40 разоў затрымліваўся міліцыяй і КДБ; агулам правёў пад арыштам больш за 7 месяцаў і атрымаў 3,5 тысячы даляраў штрафу.
Заснавальнік асьветніцкага праекту "Шоў Беларушчыны", курсаў "Ды-джэяў Адраджэньня", ініцыятар стварэньня кааліцыі беларускіх дэмакратычных маладзёвых арганізацыяў "Пераменаў!", а таксама міжканфэсійнае супольнасьці "Хрысьціянская ініцыятыва". У 1999-2003 гадох – намесьнік старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 – старшыня Маладога фронту.
Адзін з арганізатараў І Кангрэсу Беларускай Моладзі (ліпень 2001 г.), абароны Курапатаў (верасень 2001 г. – чэрвень 2002 г.), нацыянальнай кампаніі "Беларусь у Эўропу!" (вясна 2002 г.), перадвыбарчага блёку "Маладая Беларусь" (2004 г.).
Аўтар трох кнігаў: "Ды-джэй Адраджэньня" (1998 г.), "Пакаленьне Маладога Фронту" (2002 г.), "Нацыянальная ідэя" (2005 г.).
Хрысьціянін.
28 чэрвеня 2005 году Менскі гарадзкі суд разгледзеў скаргу Паўла Севярынца на рашэньне Цэнтральнага суду, паводле якога адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч і актывіст “Маладога фронту” Павал Севярынец пакараныя трыма гадамі абмежаваньня волі. Суд Цэнтральнага раёну Менску 31 траўня прызнаў палітыкаў вінаватымі ў арганізацыі вулічных пратэстаў супраць афіцыйных вынікаў леташніх выбараў і рэфэрэндуму. У часе сьледзтва была абвешчаная амністыя. Таму Мікола Статкевіч і Павал Севярынец маюць адбываць пакараньне два гады. Старшыня паседжаньня Менскага гарадзкога суду Валеры Камісараў пакінуў прыгавор раённага суду бязь зьменаў. Павал адбывае пакараньне ў Малым Сітне на поўначы Віцебшчыны. |
|
2003
2004
2005
2006 |
[ 27/10/2006 19:03 ] |
Paval, na maju dymky i dymky maih syabroy na dadzheni momant y Belarysi Vi adzhini chalavek, hto zmozha z'yadznac' prihil'nikay ysih partiynih lidaray (Kazylin, Paz'nyak, Milinkevich, Lyabedzh'ka, Vyachorka, Kalyakin), lydzhei, yakiya ne hochyc' zvyazvac' syabe ne z adnoi palitichnai partiyai, lydzhei roznih religiynih kanfesiy, biznesoychay...
Chi ysvedamlyaeche Vi sami geta, Vashy adkaznasc', yak chalaveka yaki zmozha paveschi za saboi belarysay y novuy demakratichuy Belarus'?
Andrus', Novi York |
Шаноўны Андрусь! Дзякуй Вам вялікі за добрыя словы і спадзяваньні. Прыхільнікаў нацыянальнага руху й дэмакратычных пераменаў, прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў розных канфэсіяў здольная кансалідаваць Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя – ідэя беларускага патрыятызму, грунтаваная на хрысьціянскіх прынцыпах ( у Эўропе палітычныя сілы такога кшталту называюцца н а р о д н ы м і). Што да асабістае адказнасьці, то ў свой час Бог дае чалавеку разуменьне і ўсьведамленьне свае місіі. Пакліканьне да яднаньня беларусаў і яднаньня хрысьціянаў адчуваю вельмі моцна. Перадавайце вітаньні беларусам Нью-Ёрку! |
[ 27/10/2006 23:16 ] |
Вітаю Павал,
Які найбольш пазытыўны досьвед ты атрыыаў за часы адсідкі ў Сітне?
Трымайся
Андрэй К. |
Найбольш каштоўны пазытыўны досьвед – досьвед беларускае салідарнасьці. 311 наведнікаў і 623 лісты (на гэты момант) – для мяне цэлы інтэрактыўны ўнівэрсытэт. Падлічыў, што на волі маё кола звычайна абмяжоўвалася некалькімі дзясяткамі сталых (і ў асноўным тэлефонных) суразмоўнікаў, а тут – сотні жывых людзей і найцікавейшых допісаў! Вельмі ўдзячны ўсім, хто піша і прыяжджае. |
[ 27/10/2006 23:57 ] |
Дарагі Павал, прывітаньне!
Гэта Воля Класкоўская :)
Даўно мы з табой ня бачыліся... Прабач, я зараз ня ў Беларусі, таму не магу цябе наведаць. Сумую безь цябе, памятаю (мая дачка, дарэчы, таксама цябе часта ўзгадвае), зь вялікім задавальненьнем чытаю твае артыкулы ў "Нашай Ніве"...
Паша дарагі, трымайся! Ты вельмі мужны, сьветлы і высакародны чалавек!
Усё мінецца, а праўда застанецца!
Спадзяюся, што хутка пабачымся. |
Дарагая Воля! Заўжды цябе згадваю. Часта пішуць “каліноўцы”, дужа цябе хваляць. Ты малайчына, што іх падтрымліваеш. Міраславе прывітаньне. Ці развучыла яна “Песьні Свабоды”? Маеш рацыю: час сплывае, вечнае застаецца. |
[ 28/10/2006 06:43 ] |
Paval I tebya velmi pavagaiu.U maim kamputaru net belaruskih litar tamu pishu tak. ! yak ti dumaesh kali apasitsiya pepastane grust`sa pamige saboi i saimetsa spravai?2 kali lebedka i kasulin patshnut pratsavat na visvalenne Belarusi ,a ne na raskol apasistsii,pra nistuka ya ugo ne kageu-geta ugeo aguent kdb.?Kali vi ugeo spinite bogashukalnitsva i togea budete bolsh sanimatsa visvalennem Belarusi ot banditau?.Yak sam ne srobish -bogea ne pamogea.Religuia-opium dlia naroda. |
Апазыцыя “перастане грызьціся і зоймецца справай” толькі тады, калі будзе мець веру, волю да перамогі й любоў да свайго народу. На жаль, цяпер з рэжымам усё больш змагаецца грамадзтва (галадоўка “Новага Жыцьця”, прафсаюзных актывістаў у Бабруйску, “сьведкі салідарнасьці” "Маладога Фронту"), а партыйная апазыцыя застаецца міжсобку. Калі так пойдзе далей, авангард беларускага руху замест сёньняшніх структураў сфармуе масавая альтэрнатыва з моладзі, прадпрымальнікаў і хрысьціянаў.
Пра “опіюм для народу” бальшавікі нам казалі 70 гадоў – і ў выніку разбураная хрысьціянская мараль, сям'я, беларуская культура, грунтаваная на рэлігійных традыцыях. Беларускае адраджэньне немагчымае бяз Бога. |
[ 28/10/2006 08:11 ] |
Как вы относитесь к сионизму? Белый Росс |
Да сіянізму я стаўлюся без фанатызму й экстрэмізму. А калі сур'ёзна, уласна сіянізм – рух габрэйскага народу да аднаўленьня свае дзяржаўнасьці. Вядучыя ідэолягі сіянізму – Меір Бар-Ілан, Навум Гольдман, Ар'е Дульчын, Шмуэль Магілевер – паходзяць менавіта зь Беларусі. Біблейныя прароцтвы адводзяць важную ролю адраджэньню Ізраіля – паглядзіце Стары Запавет і Адкрыцьці. |
[ 28/10/2006 12:01 ] |
Дарагі Павал!
Самыя цёплыя словы Вам! Мы вельмі Вас чакаем на волі!
Калі Вы будзеце гэта чытаць, я буду каля будынку суду Кастрычніцкага раёну. Жыве Беларуская Салідарнасьць!
А пытаньне такое - ці можна дзе-небудзь здабыць Вашую кніжку "Пакаленьне Маладога Фронту" у цьвердым пераплеце (а не ў раздрукаваным зь Інтэрнэту й зачытаным да выцертасьці выглядзе :))) Дзякую Вам за Вашу творчасьць. Хай дабраславіць Вас Бог.
Шчыра Вашая,
Кася. |
Дзякуй, Кася. Вельмі прыемна чытаць такія словы. Ваш удзел у салідарнасьці са Зьміцерам Дашкевічам і Маладым Фронтам выключна важны. У стратэгіі рэжыму рэпрэсіі супраць маладафронтаўцаў разьлічваліся як удар у самае сэрца нацыянальнага руху. Але масавы адказ “сьведкаў салідарнасьці” ператварае суд над Дашкевічам у суд над рэжымам.
“Пакаленьне маладога фронту” у вокладцы ды з фотаздымкамі зараз можна знайсьці хіба на руках у маладафронтаўцаў ці тых, хто набываў кнігу на Варвашэні, 8. Спадзяюся перавыдаць. |
[ 28/10/2006 14:04 ] |
Павал, ты рэгулярна пішаш, а ці ёсьць час самому чытаць? Якія кнігі прачытаў апошнім часам? Што параіш іншым? Бо моладзь трэба прызнаць чытае мала. Маладафронтавец. |
Добрае пытаньне. Апошнія тыдні чытаў “Старажытную беларускую літаратуру”, “Усяленскія саборы” Карташова, “Пераступіць парог надзеі” Яна Паўла ІІ, новыя дасьледаваньні Андрэя Катлярчука, “Сем гадоў Адраджэньня” Сяргея Навумчыка, выбарчы кодэкс і хрысьціянска-дэмакратычны нумар “Спадчыны”. Што параю? Дарагія беларусы, чытайце Біблію на роднай мове! Гэта самае глыбокае вымярэньне беларускай нацыянальнай ідэі. Раю паболей чытаць гістарычнай і духовай літаратуры – ад Тураўскага, Скарыны, Воляна да Быкава, Арлова і Пазьняка. Беларусы маюць быць знаўцамі Міцкевіча, Дастаеўскага, Сянкевіча, Мілаша. З замежных раю “Сын Чалавечы” Аляксандра Меня, “Малітвы на возеры” Мікалая Себскага (праваслаўныя), “З Богам у Расеі” вязьня ГУЛАГа, езуіта Вальтара Цішэка, “Любоў і адказнасьць” Яна Паўла ІІ (каталіцкія), “Настаўленьні ў хрысьціянскай веры” Жана Кальвіна й “Разважаньні над Эвангельлямі” Джона Райла (пратэстанцкія), айцоў царквы, перадусім Аўрэлія Аўгусьціна. |
[ 28/10/2006 18:56 ] |
Добрай раніцы, Павал.
Якой, на Вашае меркаваньне будзе прысуд Вашаму сябру й паплечніку Зьмітру Дашкевічу? Ці ў Сітне з людзьмі вы абмяркоўваеце гэтае пытаньне і як да гэтага ставяцца людзі ў Сітне? Якімі справамі Вы зараз заняты, як ваша лтітаратураная праца?
Зычу Вам посьпехаў ў вашых справах і няхай Бог нам ўсім дапаможа! Вы сапраўдны прыклад для на шых палітыкаў!
Дзякуй!
Кастусь. |
Які б прысуд не абвясьцілі Зьміцеру Дашкевічу, я перакананы: ён вытрымае, а "Малады Фронт" на хвалі салідарнасьці толькі ўзмацніцца. У Сітне людзі ведаюць пра гэты суд, абураюцца ( бо і незарэгістраваны школьны бацькоўскі камітэт, і зьбіральнікі брусьніцаў падпадаюць пад 193-ці артыкул Крымінальнага кодэксу)... Што раблю? Працую, пішу, адукоўваюся, малюся. |
[ 28/10/2006 19:02 ] |
Добрай раніцы!
Павал, як Вы ставіцеся да сёньняшняга становішча ў аб'яднаных дэмакратычных сілах. Што трэба, на Ваш погляд рабіць, каб перамагчы? Ці верыце вы ў перамогу? Павал, калі вы вызваліцеся, ці будзеце працягваць літаратурную працу(эсэ, атрыкулы)?
Посьпехаў Вам! |
Дзякуй за добрыя зычэньні. Становішча ў аб'яднаных дэмакратычных сілах складанае. Веры, волі, духу вобмаль. Трэба гуртаваць моладзь, прадпрымальнікаў, хрысьціянаў, укараняць нацыянальны рух у самай народнай гушчыні і працаваць, працаваць, працаваць. Не перажоўваць соты раз на сэмінарах адных і тых самых актывістаў, а штодня пашырацца за кошт новых людзей, самакіроўных ініцыятываў і кампаніяў нацыянальнага маштабу. Калі з рэжымам змагаецца толькі апазыцыя – яна асуджаная на паразу. Калі пачынае змагацца н а р о д – асуджаны рэжым.Таму ў перамогу трэба верыць. Мы пераможам рана ці позна – але ж ня хочацца губляць час.
Літаратурнай працай пляную займацца сур'ёзна. Рыхтую да выданьня зборнік артыкулаў 1998-2003 гадоў (“Брату”, каля 250 старонак) Прапанавалі надрукаваць асобнай кніжкай “Лісты зь лесу”, перавыдаць “Нацыянальную ідэю” (хутчэй за ўсё пад новай назвай “Люблю Беларусь”) Пакуль што ўсё гэта можна знайсьці на www.sieviarynets.net. І, самае галоўнае, пішу раман. |
[ 28/10/2006 19:05 ] |
Добрай раніцы, Павал!
Ці верыце вы ў тое, што Зьміцер Дашкевіч будзе вызвалены? Як там ў Сітне становішча зараз? Ці рыхтуюцца новыя эсэ?
Дзякуй вялікі! Барані Вас Бог! |
Магчымасьць для вызваленьня Зьміцера Дашкевіча – нашая Вамі салідарнасьць (нагадваю: маладафронтаўскія “сьведкі салідарнасьці” зьбіраюцца каля суду на Сямашкі, 33), і разьмен з Эўропай, які зараз наладзіў прыдушаны расейскім газам рэжым. Урэшце, ёсьць воля Божая. Вельмі б хацелася бачыць Зьміцера на свабодзе! Але калі Бог прадугледжвае для лідэра выпрабаваньні – значыць, Ён гартуе яго да нечага вялікага. Становішча ў Сітне цяжкае. Імкнёмся выправіць. Эсэ рыхтуюцца – чытайце “Нашу Ніву”. |
[ 28/10/2006 19:59 ] |
Прывітаньне, Павел! Ёсьць клясычная сытуацыя, бадай тыповая для любога беларускага райцэнтра: адзін дзядзька дзесяцігодзьдзямі кіруе райсаветам, ягоны родны брат – палкоўнік міліцыі, родная сястра – дырэктар школы, іх дзеці, нявесткі, зяці -- загадваюць банкамі, супэрмаркетамі… Ствараецца ўражаньне непахіснага клана, які валодае ўсім і ўся, нават, тваім лёсам, яны лічаць сябе ўвасабленьнем дзяржавы. Хай бы той клан існаваў адзін у невялікім горадзе. Але -- іх некалькі. Можна ізноў пачаць адлік, цяпер ўжо, ад “мэра”. Усё тое самае: брат, сват, сястра, цешча -- займаюць ключавыя пазыцыі ў шпіталі, у іншым банку, гандлі, вырабе “палёнай” гарэлкі. Не шукайце і не знойдзеце праўды і законнасьці. Вашая скарга не дойдзе да Менска, нават, калі вы паедзеце самі таемна ў сталіцу. Са сталіцы патэлефануюць прадстаўнікам клану. Клан скажа: “Знайшлі каго слухаць!”
Для чаго я гэта пішу? У клана ёсьць гэтак званы “рэзэрв райвыканкама”. Там распісаны кар’ерны рост для дзяцей, пляменьнікаў, а мо, нават, і ўнукаў, якія цяпер пачынаць свой шлях з БРСМ, нейкага інжынера на прадпрыемстве, настаўніка школы.
Я бачу, як нацыянальна-сьвядомыя маладыя людзі разумеюць гэта, зьязджаюць часова ці стала за межы Беларусі. У клана ёсьць сьпісы ўсіх нядобранадзейных асобаў, пачынаючы з 1994 года. Фактам нядобранадзейнасьці можа быць, нават, звычайны подпіс “не за таго” кандыдата ў дэпутаты, ці ў прэзыдэнты. Табе дарога закрытая, нават, калі ў цябе дзьве вышэйшыя адукацыі. І ў грузчыкі не возьмуць. Клан адсочыць увесь твой шлях, бо клан валодае ўсім і ўся. Мне падаецца, што АРЛ ўжо не трымае сытуацыю ў руках. АРЛ патрэбныя толькі вынікі выбараў, а за гэта – раскрадайце краіну!
Калі значная частка моладзі зьязджае з Радзімы надоўга, альбо назаўсёды, дык адкуль узяць тыя 100 тысяч, якія выйдуць у сталіцы на вуліцу і зробяць рэвалюцыю? У малых жа гарадох, фактычна, не засталося ўжо актывістаў, якія маглі б павесьці за сабой народ.
Казімір Барыла |
У намаляванай Вамі карціне шмат праўды, але месцамі фарбы згушчаны занадта пэсымістычна. Так, раённыя, гарадзкія, абласныя кляны раскрадаюць краіну (дастаткова паглядзець, хто купляе жытло ў Менску; так, багата моладзі зьяжджае, але, паверце, пры гэтым на Беларусі застаюцца м і л ь ё н ы прыхільнікаў незалежнасьці й дэмакратыі. У 1989 годзе ўлады ГДР, спрабуючы “выпусьціць пару” у момант сацыяльнага крызысу, адчынілі заходнюю мяжу. Сотні тысяч немцаў хлынулі ў ФРГ і цераз Чэхію – у Аўстрыю. Здавалася б, гэта зыход усяго патэнцыялу пераменаў. Але – вось парадокс! – менавіта пасьля адтоку гэтых уцекачоў па ўсёй ГДР выбухнулі мітынгі пратэсту, што за пару тыдняў зьнесьлі і Хонэкера, і Штазі, і заходнюю групу войскаў... Сёлета перад 19-м сакавіка рэжым папярэдне арыштаваў бяспрыкладную колькасьць лідэраў і актывістаў – сотні! – але ж на Плошчу Каліноўскага выйшлі дзесяткі тысячаў. Дзейсных людзей прыцягвае і арганізуе сапраўднае змаганьне. Чарговы раз назіраю: пасьля чэрвеньскай галадоўкі маладафронтаўцаў арышту Дашкевіча і “справы Красоўскага” у маладога фронту зьявіліся 12 новых рэгіянальных структураў і пачаўся масавы прыток навічкоў у Менску. Ці паглядзіце на галадоўку-пост “Новага Жыцьця” – якая ўражлівая салідарнасьць! Ды нават у Малым Сітне знайшоў актывістаў, гатовых павесьці за сабой людзей. “Па веры вашай будзе вам!” (Мацьвея 9:29) |
[ 28/10/2006 21:24 ] |
Павал, як Вы лічыце, што патрэбна здарыцца, каб беларускія патрыёты розных поглядаў (напрыклад Пазьняк і Мілінкевіч) змаглі перамагчы бар'ер і аб'яднацца дзеля дэмкратычнай і хрысьціянскай будучыні Беларусі.
З павагай,
Кастусь |
У палітычным пляне, упэўнены, іх урэшце зьяднае сіла, народжаная нацыянальным абуджэньнем – Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя. Беларускі патрыятызм, грунтаваны на хрысьціянскіх каштоўнасьцях, – ключавое злучво ў нацыянальным і дэмакратычным руху, галоўны элемэнт кансалідацыі. А ў духовым пляне найбольш яднае супольная малітва. Заклікаю і Зянона Станіслававіча і Аляксандра Уладзіміравіча як хрысьціянаў далучацца да штопятнічнай Малітвы за Беларусь, распачатай беларускімі вернікамі розных канфэсіяў (зварот на www.zabelarus.info або www.bchd.info). |
[ 28/10/2006 21:41 ] |
Павал, вітаю! Маю некалькі пытаньняў
1.Як Вы лічыце, ці шват зараз робіцца дэмакратамі, ў тым ліку і Маладым Фронтам, для перамогі.
2.Вашае меркаваньне аб палітычным стане ўва Ўкраіне, дзе да ўлады прыйшоў Януковіч.
3.Як Вы лічыце, якімі павінны быць адносіны Беларусі і Расеі у будучыні. Ці розняцца Вашыя мекаваньні аб расейскай ўладзе і простых расейцах?
4.Ці вы лічыце, што Мілінкевіч павінен заставацца лідэрам Аб'яднаных дмакратычных сіл?
Дзякуй вялікі! Посьпехаў Вам!
З павагай,
Канстаньцін. |
1. Для перамогі зараз робіцца яўна не дастаткова. Разам з тым Малады Фронт і хрысьціяне вераць і перамогу і змагаюцца, а многія апазыцыйныя структуры самазахоўваюцца ды “адбываюць нумар”.
2. Гістарычны і нацыятворчы фэномэн Майдану канчаткова зрабіў Украіну Ўкраінай. Прэм”ер Януковіч – непазьбежная карэкцыя пасьля аранжавага геапалітычнага рыўка (інэрцыю яшчэ ніхто не адмяняў). Дэмакраты расчаравалі, але будучыня Ўкраіны – за асобамі кшталту Юліі Цімашэнкі.
3. Дачыненьні Беларусі і Расеі мне даводзілася падрабязна асьвятляць у кнізе “Нацыянальная ідэя. Фэнаменалёгія Беларусі” (www.sieviarynets.net або www.mfront.net), у артыкуле “Беларуская пэрспэктыва” (выйдзе ў зборніку “Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 1994-2006 гг”.). Калі каротка, сэнс у тым, што ўсе тысячы гадоў сваёй гісторыі Беларусь спрабавала зьмяніць, падкрэсьліваю, з ь м я н і ц ь Усход, уплываць на яго духова, культурна і палітычна, ажыцьцяўляць тут асьвету, эвангелізацыю і дэмакратызацыю. Таму і будучая беларуская усходняя палітыка бачыцца мне не як “жалезная заслона”, а як шырокая экспансія з мэтаю збавіць народы Расеі ад імпэрскіх комплексаў і цемрашальства. А расейскую ўладу і жыхароў Расеі, вядома, адрозьніваю – гэтак жа, як і беларускі рэжым і ўласна беларусаў.
4. Лідэрам беларускай ідэі дагэтуль застаецца Зянон Пазьняк (Мілінкевіч насьледуе яму), а лідэрам беларускай дэмакратыі ёсьць Аляксандар Мілінкевіч ( Пазьняк адасобіўся ад аб'яднаных дэмакратычных сілаў). Нацыянальны рух мусіць пераадолець гэтую супярэчнасьць узаемадапаўненьнем ды ўзаемападтрымкай – тады аб'яднаныя дэмакратычныя сілы здолеюць зрабіцца моцным грунтам для незалежніцкай эўрапейскай беларускай палітыкі. |
[ 28/10/2006 21:55 ] |
Павал, вітаю!
Якое зараз становішча ў Сітне? Ці шмат сяброў Ты маешь? Ці носішь значок ''За свабоду''? Зычу цябе трымацца, негледзячы ні на што, быць заўжды пасьлядоўным. Мы ў цябе верым! Жыве Беларусь!
Канстаньцін. |
Дзякуй, Канстанцін. Грамадзка-палітычнае становішча ў Сітне імкнемся разам з вяскоўцамі палепшыць. Зьявілася цьвёрдае кола прыхільнікаў пераменаў, суполка ТБМ, Малады Фронт, падпісчыкі і чытачы незалежнай прэсы; многія носяць значкі “За Свабоду!” і зьбіраюцца мяняць кіраўніцтва сельсавету. Але ў асобна ўзятай вёсцы Новую Беларусь не пабудуеш – трэба працаваць па ўсёй краіне. А сам значку нашу, як жа інакш! |
[ 28/10/2006 22:28 ] |
Павал! Дзякуй Вам за вашыя кнігі! Ці плянуеце выдыць што-небудзь новае? |
Рыхтую да выданьня зборнік ранейшых артыкулаў (“Брату”) і перавыданьне “Нацыянальнае ідэі”. Ёсьць невялікія грошы, але пакуль няма выдаўца. Пасьля на чарзе – раман. |
[ 28/10/2006 22:36 ] |
Слава Ісусу Хрысту! Дарагі Павал! Дзякуй табе за волю, дзякуй за шчырасць, дзякуй за веру і за надзею! Захапляюся тваёю стойкасцю, спадзяюся на хуткую сустрэчу. Адкажы, калі ласка, што для цябе значаць "здрада" і "блюзнерства" паплечнікаў? Як думаеш гэта пераадолець? З глыбокаю павагаю, Ірына Лаўроўская |
...на векі вечныя, амінь.
Дзякуй за цудоўныя словы, спадарыня Ірына.
Увогуле, здрада і блюзьнерства – гэта такія ж неад'емныя зьявы чалавечага жыцьця і беларускай палітыкі, як ахвярнасьць або прыстойнасьць. Для мяне яны значаць тое, што беларускі рух яшчэ недастаткова прасякнуты нацыянальнай салідарнасьцю і хрысьціянскімі прынцыпамі. Таму – перамагайма зло дабром, як кажа Біблія. Вераю і любоўю. |
[ 29/10/2006 08:02 ] |
Павел, вітаю ! Ці мае права шчыры беларус, выхаваны на кнігах Караткевіча, выступаць супраць рэальнага увасаблення яго любімага, праграманага персанажа - Караля Стаха ? Заступніка за шчырых мужыкоў-беларусаў? Ці не асуджаныя такія выступы на правал праз невырашальны ўнутраны каштоўнасны канфлікт чытача Караткевіча ?
Алесь Белы, Менск |
Цікавае пытаньне, спадар Алесь. Тэма сама менш для кандыдацкае дысэртацыі. А калі ўлічыць, што рэальнае ўвасабленьне Караля Стаха гадавалася на вершах Быкава і піцерскім пэрыядзе творчасьці Скарыны – тут ня дасьць рады і даведнік “Беларуская міталёгія”. Міты масавай сьвядомасьці здольная разбурыць толькі праўда – прычым такая, пра якую сказана ў Яна 14:6. |
[ 29/10/2006 12:41 ] |
Дабрыдзень, Павал! Галоўнае, што хачу пажадаць табе, гэта моцы духу і веры ў лепшую будучыню Беларусі. У мяне два пытанні:
1) чаго табе зараз больш за ўсё не хапае, ну, натуральна, акрамя свабоды?
2) Уладзімір Мацкевіч зараз стварае хрысьціянскую партыю, стварэннем гэткай жа партыі, наколькі я ведаю, займаешся таксама і ты. Гэта будзе адна партыя, ці ў вас будуць розныя партыі? |
Акрамя свабоды, часам не стае чалавечых сілаў, выратоўвае толькі сіла Божая.
Стварэньне Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі зараз каардынуюць Аляксей Шэін, Віталь Рымашэўскі і Георгій Зьмітрук; у аргкамітэт БХД уваходзяць вернікі ўсіх канфэсіяў. Падрабязную інфармацыю пра партыйнае будаўніцтва можна атрымаць на www.bchd.info. Замовіць рассылку ці далучыцца – праз bchd.info@gmail.com. Пра стварэньне якой-небудзь іншай партыі мне невядома. |
[ 29/10/2006 13:37 ] |
paval, ci sluhajece vy radyo svaboda u malym sitne? Ci josc tam prymachy u ludzej? henus |
“Свабоду” слухаю, Генусь – апошні месяц амаль штодня. Яшчэ, прынамсі, у чатырох хатах настройваюцца таксама. Часам на абедзенным перапынку слухае ўся брыгада. |
[ 29/10/2006 14:42 ] |
Паша, на адным з фотаздымкаў, якія зьмешчаны на Вашым сайце, можна ўбачыць даволі прыгожыя акварэлі, напісаныя Вамі яшчэ ў юнацтве. Скажыце калі ласка, а зараз Вы пішаце карціны? (Калі не, то чаму?) |
Па сканчэньні мастацкае школы ў 1994-м годзе маляваў яшчэ некалькі гадоў. Праўда, не акварэлі, а адмысловую графіку (каляровая крэйда з чорнай шарыкавай асадкай). У пару галоднага студэнцтва ў сярэдзіне 1990-х набытая спэцыяльнасьць мяне ў прамым сэнсе карміла: адзін хлопец з нашага курсу як мэнэджэр дамаўляўся за добры абед зрабіць партрэт жыхара ці жыхаркі інтэрнату, я маляваў, і кармілі абодвух. Потым рабіў натурморты, краявіды, плякаты Маладога Фронту... Пару разоў выстаўляўся на Варвашэні, 8. Зараз не стае часу – хаця, бывае, і цягне: такое хараство вакол! |
[ 29/10/2006 19:08 ] |
Дорогой Павел !
Думаю,что рано или поздно Вы станете одним из премьер-министров послелукашенковской Беларуси.В связи с этим вопрос : каким образом,на Ваш взгляд,произойдёт смена власти ?
Оксана Новикова. |
Рады вас чуць, Аксана. Захапляюся Вашай мужнасьцю. Веру ў тое, што на Беларусі зьмена ўлады адбудзецца аксамітным чынам, без крыві – як ва Ўкраіне, Баўгарыі ці Славаччыне. Падрабязна пра дасягненьне перамогі праз беларускі негвалтоўны супраціў пішу ў артыкуле “Перамога вераю” (www.za_svabodu.org або www.sieviarynets.net). |
[ 29/10/2006 21:46 ] |
Вiтаю Вас паважаны спадар Павел ! Як , на вашу думку , правiл`ныя цi не былi дзеяннi кiраунiцства беларускай апазицii у сакавiцкiх падзеях? Я разумею што крытыкавац` лягчей а усёж такi? Па сумленню! На маю думку гета была здрада! I цi не пара усiх ракау, лебядзей и шчупакоу адправиц` на заслужаны адпачынак ? Нам не хапае таких людзей як Вы! Мы Вас чакаем! Трымайцiся! З павагай Аляксей Кузмiнскi. Жыве Беларус`! |
Жыве! Дзякуй, Аляксей. Пытаньне вельмі важнае.Мне здаецца, сапраўды, беларускае грамадзтва беларуская моладзь аказаліся значна больш рашучымі і значна больш падрыхтаванымі да плошчы Каліноўскага, чым лідэры. Мы размаўлялі пра гэта з Аляксандрам Мілінкевічам, калі ён прыяжджаў у Сітна і дагэтуль лічу, што лідэры мусілі не тармазіць працэс, Лідэры мусілі ачоліць плошчу. А атрымалася так, што плошча цягнула за сабой лідэраў. |
[ 29/10/2006 23:20 ] |
Добрай раніцы!
Павал, якія зараз Тваі творчыя і жыцьцявыя планы? Як ты лічышь, якая зараз найбольшая беларуская праблема? Вельмі паважаю цябе, як найпасьлядоўнейшага палітыка Беларусі. Ты сапраўдны хрысьціянін і дэмакрат. Такія людзі, як ты, зараз вельмі патрэбныя Беларусі. Зычу цябе ўсяго самага найлепшага, посьпехаў, веры. Падтрымліваю цябе.Дзякуй! Жыве Беларусь! Кастусь Р. |
Дзякуй, Кастусь. Па жыцьцёвыя і творчыя пляны я ўжо адказваў. Што да галоўнай беларускай праблемы – дык гэта бязьвер'е. Зь веры пачынаецца і нацыянальнае абуджэньне, і перамога. |
[ 29/10/2006 23:32 ] |
Вітаю цябе Павел. Зычу табе веры і моцы духа.
Калі сканчаецца тэрмін твайго "пакараньня"? Распавядзі, як справа з дзейнасьцю аргкамітэта БХД? Які увогуле палітычны ландшафат у сьферы хрысьціянскіх партыяў. У чым разыходжаньні ў розных плынях? Якія яны? Што ты думаеш на гэты конт? Якія бачацца шляху кансалідацыі?
Дзякуй адказы. |
Тэрмін майго пакараньня сканчаецца 15 жніўня наступнага году.
Апошні аргкамітэт БХД зьбіраўся тыдзень таму. Праца ідзе ў кірунку збору подпісаў пад патрабаваньнем скасаваць дыскрымінацыйны закон аб свабодзе сумленьня, каардынацыі дзеяньняў у зьвязку з галадоўкай царквы "Новае жыцьцё", а таксама ў кірунку арганізацыйнага ўпарадкаваньня і рэгулярнай цэнтралізаванай рассылкі пакету праграмных дакумантаў. Апроч БХД, я ня ведаю нават пра ініцыятывы стварэньня хрысьціянскай партыі. Што да КХП БНФ, у палітычным спэктры яна разглядаецца намі як ідэалягічна блізкая, але правейшая, больш кансэрватыўная палітычная сіла. |
[ 30/10/2006 00:43 ] |
Павло! Как Вы думаете, в свете предстоящего подорожания газа для Беларуси исчезнут ли в прошлое попытки Лукашенко объединиться с Россией?
Николай, Санкт-Петербург,Россия. Жыве Беларусь!!! |
Жыве! Мікалай, для Лукашэнкі і ягонага рэжыму Расея застаецца адзіным зразумелым арыенцірам. Вельмі хацелася б убачыць дрэйф сёньняшняй дзяржавы да рэальнай шматвэктарнасьці, але падобна на тое, што гульні з Кітаем, Іранам, Вэнэсуэлай і суседзямі – гэта толькі флірт з мэтай дамагчыся нафтагазавай узаемнасьці з Расеяй. |
[ 30/10/2006 04:05 ] |
Павал, прывітаньне ад земляка! Я нарадзіўся й вырас на 5-ым Поўдні ў Віцебску. Скажыце, ці варта Зянону Пазьняку супрацоўнічаць з "мэйнстрымнай" апазыцыяй. Верагоднасьць існаваньня гэткага хаўруса амаль роўная нулю, але проста цікава, ці варта было б ім працаваць разам. І другое пытаньне: ці лічаце Вы супадзеньнем тое, што Вам далі "выходныя" на той дзень, калі адбываецца суд над Зьмітром Дашкевічам? Дарэчы, у выпадку, што Вы зможаце пагутарыць са Зьмітром, перадайце, што Амэрыка зь ім.
- wolny |
Лічу, што трэба супрацоўнічаць. Пазьняк і Мілінкевіч – ключавыя асобы сёньняшняга падзеленага беларускага руху. Калі гэтае пакаленьне палітыкаў ня здолее зьяднаць нацыянальныя сілы – гэта будзе рабіць новае пакаленьне, прадстаўленае ў "Маладым фронце" і БХД.
Я прасіў адпачынак з 29-га кастрычніка па 2-е лістапада, каб быць на сувязі падчас суда, але адпачынак урэзалі па 30-е – відавочна, у сувязі з судом. Калі Зьміцер выйдзе на волю, Вашыя словы абавязкова яму перадам. |
[ 30/10/2006 09:22 ] |
Павал, шчыра жадаю Вам посьпехаў (творчых і палітычных). Заўсёды з цікавасьцю чытаю Вашыя артыкулы ў Нашай Ніве. Спадар Мікола. |
Дзякуй Вам, спадар Мікола. |
[ 30/10/2006 10:31 ] |
Jak wy stawiciesja Pawal da pytanija adnau^lienja au^takefalii prawaslau^naj carkwy u^ Bielarusi? Ci prawaslau^laja carkwa music` zastacca u^ jurysdykcyi Maskou^skaha Patryjatrchatu? Aby pierajsci u^ jurysdykcyju Kanstancinopal`skaha Patryjarchatu?
Inna |
Іна, беларуская праваслаўная царква мне бачыцца як беларуская, як самастойная. То бок, аўтакефальная. Ідэальны варыянт – гэта падпарадкаваньне беларускай праваслаўнай царквы Канстантынопалю. Але трэба разумець, што пытаньне аўтаноміі і самастойнасьці у царкоўным жыцьці вырашаюцца часам даўжэй, чым пытаньні дзяржаўнай незалежнасьці. Таму лічу, што беларускае праваслаўе павінна прайсьці гэты шлях. Беларускае праваслаўе Кірылы Тураўскага, Эўфрасіньні Полацкай, Мялета Сматрыцкага, мітрапаліта Мэльхісэдэка – гэта было менавіта самастойнае беларускае праваслаўе. |
[ 30/10/2006 10:32 ] |
павал. а вы самі ў сабе не бачыце падабенства да вялікага адольфа хітлера. нешта я вас бачу як беларускага фюрэра. |
:-) Ня бачу. Гітлер - жудасны злачынца. |
[ 30/10/2006 10:41 ] |
Павал, маё пытанне такое - ці вернешся ты ў актыўную палітыяную дзейнасць, альбо працягнеш яе ў якім небудзь іншым варыянце - публіцыстыка, аналітыца (у гэым ты таксама дасягнуў вышыняў) ...
Я пытаюся таму, што бачыў як ты актыўна працаваў раней (асабліва яшчэ падчас МФ) і многіх (у тым ліку мяне) гэта надхняла. |
Безумоўна, я буду займацца сур'ёзнай палітычнай дзейнасьцю, працягну публічную дзейнасьць, вельмі спадзяюся працягваць асьветніцкую дзейнасьць, якую пачаў займацца яшчэ ў МФ, распрацоўку праграмаў дзеля хрысьціянізацыі беларусаў. Усё, што заплянаваў, спадзяюся рэалізаваць. |
[ 30/10/2006 10:59 ] |
У мінулай прэс-канфэрэнцыі Вы казалі аб патрэбе супрацы і актывізацыі беларускай дыяспары на Ўкраіне. Тым больш, што тут з кожным днём пабольшае новых эмігрантаў з Беларусі.
Але практычна ніводная нац.дэмакратычная структура зь Беларусі не кантактуе з сьвядомымі суполкамі на Ўкраіне, а Бацькаўшчына наогул нас ігнаруе. Як бачна, Пазьняк праў. Спрабуеце больш кантактаваць з піярнымі украінскімі групоўкамі.
Як Вы ацэніваеце падобныя дзеі сваіх паплечнікау?
а.дыякан УПЦ КП Сяржук Горбік |
Дарагі Сяржук! Дзякуй за пытаньне. Сытуацыя стасункаў беларускіх дэмакратаў з Украінай і дыяспарай вельмі складаная. Наколькі я ведаю, адразу некалькі беларускіх арганізацыяў спрабавалі наладзіць трывалую супрацу, але перасварыліся паміж сабой. Ведаю, што "Малады Фронт" супрацоўнічае найперш з украінскімі хрысьціянскімі дэмакратамі і Нацыянальным Альянсам. Вашыя ж каардынаты я прапанаваў у базу зьвестак ПХД. Спадзяюся, вам даходзіць рассылка. |
[ 30/10/2006 11:02 ] |
Ci patrebna, Pawal, jak wy liczycie nam Swaboda Wierawyznannja u^ szyrokim sensie hetaha slowa. Jak u Amierycy? Dlja u^sich? Krysznaitau^, marmonau^ i hetak daliej.
Inna |
Нам патрэбная свабода веравызнаньняў не як у Амэрыцы, а як у Беларусі "залатога веку". У любога чалавека мусіць быць права вызнаваць любою рэлігію, або не вызнаваць ніякай. Але разам з тым Беларусь ёсьць хрысьціянскай краінай, і грамадзкія прыярытэты – праваслаўе, каталіцтва, грэка-каталіцтва, пратэстанцтва – для мяне відавочныя. |
[ 30/10/2006 11:03 ] |
У здагон!
Калі Вас хвалюе беларускае праваслаўе - чаму пазьбягаеце ягоныя асяродкі на Ўкраіне? Мы надрукавалі больш за 10 розных малітоўных выданьняў, а на Беларусі яны чамусь не патрэбны. (гл. на сайце камунікат). Дарэчы, у Львове існуе парахфія БАПЦ дабраслаўлёная мітрапалітам БАПЦ Ізяславам з лютага 2006 г. |
Вялізны дзякуй за зьвесткі, абавязкова наладзім цесныя стасункі. Праблема ў тым, што ў Сітне няма інтэрнэту і пастаяннай сувязі. Адзін з каардынатараў ПХД – праваслаўны Віталь Рымашэўскі. Перадам яму гэтую інфармацыю. |
[ 30/10/2006 11:08 ] |
Pasha, hucheju vizvaliajsia! Radzima ciabe Chakae! |
Дзякуй вялікі за падтрымку. |
[ 30/10/2006 11:15 ] |
Spadar Paval, vieru, shto i vy, i sp.Dashkievich, i inshaja moladz - nashaja buduchaja palitychnaja elita. nashyja prezydenty i premjery. Bierazhycie siabie.
Eva, Vilnia |
Дзякуй, Эва, за Вашу падтрымку. Вашая падтрымка для мяне вельмі важная. Беларуская салідарнасьць – галоўная сіла нацыянальнага руху. |
[ 30/10/2006 11:17 ] |
Сп. Павал, хто заменіць Зьмітра?
Чаму, на Вашу думку, апазіцыйныя партыі пачалі "сварыцца з-за скуры незабітага мядзьведзя"?
Жадаю Вам духу і творчасьці!
Ян |
Дарагі Ян, наколькі я ведаю, кіраўніцтва ў "Маладым Фронце" цяпер калектыўнае, але тым ня менш, згуртаванае. Зьміцер Дашкевіч застаецца сьцягам "Маладога Фронту".
Выглядае, што апазыцыйныя партыі ня ставяць сабе за мэту перамогу, і таму змагаюцца міжсобку з-за дробязяў. Гэта не змаганьне за Беларусь, а гульня ў "цара гары" - бясконцае вызначэньне найлепшага і найпрыгажэйшага, якое мала каму цікава. |
[ 30/10/2006 11:17 ] |
Павал, як ты ацэньваеш актуальны стан у Маладым фронце? Мне падаецца, што арганізацыя амаль што прыпыніла дзейнасьць.
З павагай,
Юрый |
Юрый, зірніце калі ласка сёньня ў інтэрнэт, паслухайце "Свабоду", пасачыце за судом над Дашкевічам, і, перакананы, Вы зьменіце сваё меркаваньне. Парадаксальна, але менавіта пасьля хвалі "крыміналак" пачаўся прыток людзей у "Малады фронт". Паглядзіце, амаль усе буйныя маладзёвыя аб'яднаньні спынілі сваю дзейнасьць, суцішыліся або ўвогуле самаліквідаваліся, а "Малады фронт" стаіць у поўны рост. |
[ 30/10/2006 11:30 ] |
Добрый день,
Когда мы стояли на площади Калиновского мы действительно верили в победу и самое большое мое разочерование это то как себя повели в той ситуации наши уважаемые лидеры оппозиции (Милинкевич, Лебедько, Вечерко). В самый решительный момент они нас предали (только Козулин реабилитировал себя от части своими действиями 25 марта). В итоге рядовые участники подверглись репресиям, а лидеры получили красивую телекартинку и остались вполне удолетворены тем что ничего неизменилось. Лично мне с такими лидерами стыдно стоять в одной колонне.
Может пора молодежи стать во глове колонны и перестать быть пушечным мясом для нашей «оппозиции».
Здоровья вам и всем политзаключенным |
Вялікі дзякуй. Рэжым турмамі, судамі і рэпрэсіямі робіць зараз нацыянальных герояў з тых жа маладафронтаўцаў, і ўпэўнены – гэтая хлопцы як лідэры ў свой час будуць паводзіць сябе значна больш годна і рашуча. |
[ 30/10/2006 11:37 ] |
Паша! Шчырыя вітаньні. Спадзяюся, ты па-ранейшаму добра трымаешся. У цябе няма іншага выбару ў прынцыпе. Я зараз амаль у ссылцы, па-за межамі Беларусі, і больш чым часта думаю пра цябе: а як бы ты зрабіў, а што б параіў, а як бы тут было правільна і г.д. Трымайся і прабач за такія рэдкія кантактаваньні. Алёна Андрэева |
Вялікі дзякуй, Алёна, трымайся, бо часам за мяжой цяжэй, чым на хіміі. Дзякуй за вітаньні. |
[ 30/10/2006 11:45 ] |
Не ведаю, ці то буду арыгінальнай... Але, якім вы бачыце будучыню сабе пасля "хіміі"? Ну і вось пытанне, якое мяне асабіста вельмі хвалюе - лёс беларускай мовы. Проста беларускамоўных мякка кажучы дастаткова мала. Асабліва тых, хто свядома размаўляе на ёй і вучыць дзяцей. Што будзе з беларускай мовай надалей? Што трэ зрабіць, каб інтарэс да яе адрадзіўся? Вольга |
Пра свае пляны я ўжо адказваў, а беларуская мова – гэта мова будучыні. Глядзіце інтэрнэт. Суадносіны беларускай, расейскай і ангельскай адлюстроўваюць там тое, што будзе ў нас праз 7-10 гадоў на вуліцах, ва ўнівэрсытэтах і на кухнях. |
[ 30/10/2006 11:46 ] |
Цi будзiце вы, БНФауцы, зругацца з тымi людзьмi, якiя падтрымлiвалi i зараз падтрымлiваюць палiтыку Аляксандра Рыгоравiча Лукашэнка, калi вы прыйдзеце да улады пасля Аляксандра Рыгоравiча. Якая асноуная прэтэнзiя у вас да яго палiтыкi? |
Асноўная прэтэнзія да палітыкі Лукашэнкі палягае ў тым, што гэтая палітыка антыбеларуская – як паводле формы, мовы, сымбаляў, вобразаў, так і паводле зьместу. За 12 гадоў кіраваньня Лукашэнкі Беларусь ператварылася ў чорную дзірку на мапе Эўропы, перасварылася з суседзямі і разбурыла рынкавыя пэрспэктывы былога "зборачнага цэху". Тых, хто падтрымліваў Лукашэнку, мы пераканаем не на словах а на справе, што жыць у незалежнай, эўрапейскай, дэмакратычнай Беларусі значна лепш, чым у апошняй дыктатуры на кантынэнце. |
[ 30/10/2006 11:59 ] |
Мы заканчваем нашу онлайн-канфэрэнцыю. Вэб-рэдактар. |
Уражаны моцнай падтрымкай наведнікаў канфэрэнцыі. Дарагія беларусы, дзякуй вам. Будзьце разам, будзьце гэтак жа салідарныя ў любым моманце беларускай прасторы і часу. Сам буду імкнуцца з Божай дапамогай апраўдаць вашыя спадзяваньні і зрабіць усё, каб Беларусь урэшце сталася вольнай, незалежнай, дэмакратычнай і хрысьціянскай краінай. |
|
|