|
|
|
Вітаўт Мартыненка
Музычны крытык, журналіст.
Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Менску. Па матчынай лініі паходзіць са шляхецкага роду Галімскіх. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, працаваў у моладзевым друку, вёў музычны "хіт-парад" на радыё Свабода, аўтар шматлікіх публікацыяў ня толькі пра музыку, але і падарожных нататак па Італіі, Нямеччыные, Канады, Швэцыі і інш.
У 1989г. у ЗША выйшла кніжка Вітаўта Мартыненкі і журналіста Анатоля Мяльгуя "Праз рок-прызму", дзе былі сабраныя артыкулы на тэму нацыянальнай рок-музыкі ў розных краінах. У 2002 г. В.Мартыненка падрыхтаваў да друку зроблены кс.Татарыновічам (заснавальнікам беларускай службы радыё Ватыкан) пераклад на беларускую мову рамана Сенкевіча "Quo Vadis?"; асобным выданьнем выйшла ягоная прадмова да кнігі.
Многія гурты выконваюць песьні на ягоныя вершы – "PLAN", "Тэзаўрус", "Дэд марш" ды інш. Днямі выйшаў зборнік музычных рэцэнзій “222 альбомы беларускага року й ня толькі” Вітаўта Мартыненкі і Анатоля Мяльгуя.
Мае дачку Альдону 14 гадоў.
Вітаўт Мартыненка: «Я ўпэўнены: народ, які ня будзе мець сваёй мас-культуры на нацыянальнай мове – ня будзе мець ніякай культуры. Тым сябрам, якія са мной спрачаюцца, лічачы, што важней сур'ёзная культура, я адказваю: "Вы слухаеце Чайкоўскага, а ня ведаеце Забэйду-Суміцкага, таму што слухаеце штодзень па радыё чужую музыку!..» |
|
2003
2004
2005
2006 |
[ 31/07/2006 23:46 ] |
a vy sami s'piavaece? |
Дзякую за пытаньне, якое, як кажуць, “у точку”. Так, я сьпяваў, і нават дзесьці ў 1986 годзе мы зь цікавым гітарыстам Севам Крамушчанкам (цяпер гэта грамадзянін ЗША Стыў Крамэр) стварылі свой рок-гурт. Мне падабалася ягоная музыка, я сам меўся ў тым праекце толькі пісаць тэксты, але ён пераконваў мяне, што я цудоўна спраўлюся і з вакалам, хоць сам я сумняваўся. Цікавай была ягоная ідэя закасіць пад “Cirith Angol”, але сам я ня мог закасіць і пад Віктара Вуячыча і цьвяроза ўсьведамляў гэта. Зь ідэі так нічога й ня выйшла, бо Бог надзяліў мяне іншымі здольнасьцямі, у прыватнасьці – здольнасьцю вэрбальнага асэнсаваньня музыкі, – якія да таго ж істотна разьвіліся пад уплывам майго лепшага сябры й ідэйнага натхняльніка Анатоля Мяльгуя. Каб не Анатоль, я, магчыма, да сёньня безвынікова шукаў бы беларускага зерня для душы ў нацыянальна мёртвых праектах кшталту “Drum Ecstasy”, “Лепрыконсы” ці Руслан Алехно з Наташай Падольскай. |
[ 01/08/2006 00:05 ] |
Вітаўт, а чаму вы майку запраўляеце ў майткі (шорты?)? Мне падаецца, гэта безгустоўна. Як можна давяраць музычнаму густу чалавека, які выглядае як бомж? Дзякуй, Аўрэліяна |
Калі кагосьці цікавіць, што я запіхваю ў штаны, дык адразу магу засьведчыць, што гэта не датычыць музыкі. Але калі вас цікавіць лёс майкі, дык магу сказаць, што мела яна задавальненьне быць і навыпуск, і ўнутр, і г.д. Але галоўнае тут: як спадабаецца ў дадзены момант ейнаму гаспадару, таму што на подыюм я выходзіць не зьбіраюся. Калі вас цікавяць інтэлектуальныя размовы з пацанамі на подыюме, дык я вам не зайздрошчу. Адно раю не забываць народную мудрасьць, што паводле вопраткі толькі сустракаюць, а ўсё астатняе вызначае РОЗУМ, якому вы, аднак, не давяраеце. Дакладней, вам ніколі не дакапацца да РОЗУМУ, бо вас палохае зьнешні выгляд. Але гэта папулярны стэрэатып нашага беларускага саўка: памятаю, пад’ехаў я на сваім “Фольксвагене” за жонкай на ейную працу, дык нават да вокнаў папрыліпалі зайздросьнікі: “О, які ў цябе муж!” А тут муж выходзіць у паўкедах з машыны і... для дэбілаў аўтарытэт адразу згас.
Цяпер я разумею, чаму Язэпа Драздовіча, Джозэфа Конрада, Ван Гога і іншых ня вабіў стыль подыюму: шукаючы аднадумцаў, яны адразу скідвалі драбноту летуценнай увагі недалёкіх фэтышыстаў. |
[ 01/08/2006 10:36 ] |
Прывiтанне, Вiтаўт! Пытанне можа рытарычнае, але калi, на Вашу думку, з'явяцца ў Беларусi незалежныя беларускамоўныя радыёстанцыi (як, напрыклад, было Радыё 101,2)? Якую музыку, колькi працэнтаў павiнны яны круцiць? I яшчэ пытанне: калi з'явiцца сайт у Радыё Рацыя? Дзякуй. Сяргей, Вiлейка |
А хіба іх няма? Я асабіста слухаю беларускія перадачы радыё “Свабода”, “Polonia”, “Рацыя”, “Эўрапейскага радыё”. Калі вы маеце на ўвазе рэаліі нашай краіны, а не замежжа, дык тут пытаньне трэба ставіць яшчэ шырэй: а калі зьявяцца ў Беларусі незалежныя выдавецкія структуры (і кнігі, і дыскі), гандлёвыя арганізацыі, бо тое, што мы вырабляем мізэрнымі тыражамі ды потым абменьваемся ў вузкім коле, ня можа разглядацца ў структуры пэўных уцямных эканамічных разьлікаў. А падаткі ж грабуць з гэтага куды больш як эканамічныя: калі я здаваў у дзяржаўную краму свой беларускі “Quo Vadis”, дык ягоны кошт абрастаў там удвая і прадаваўся па 1 экзэмпляры ў месяц. Натуральна, увесь астатні наклад разыходзіўся хутчэй праз архаічны прыватны натуральны абмен.
Так, я таксама мару пра зьяўленьне ў Беларусі радыё, якое мог бы слухаць нармальны Беларус, дзе б гучала лепшая польская, украінская, фінская, швэдзкая музыка і ўсе беларускія навінкі, а ня той інтэрнацыянальны шляк, які ідзе да нас з Масквы. Я б мог шмат распавесьці, як пільнуюць нацыянальныя інтарэсы ў гэтым пытаньні італьянцы, швэды, немцы, канадыйцы, палякі, бо сям-там давялося пабываць, але што казаць пра “нацыянальныя” інтарэсы рыбы, у якой татальна адгніла галава, і яна адно марыць, ці хоць зьесьць яе хто-небудзь. Але ж гэта вынік нашых паводзінаў: так мы галасуем на выбарах, так мы абараняем свой выбарчы голас.
Я асабіста не чакаю, калі што зьявіцца ў Беларусі, а выкарыстоўваю рэальна наяўныя магчымасьці. Нават у нашай з Анатолем Мяльгуем кнізе ёсьць артыкулы, якія друкаваліся і ў “Советской Белоруссии”, і ў “Нашай Ніве”. Прызнаюся, і там і тут зазнаў гвалт над тэкстам, таму шчыра рады, што кніга (толькі кніга) ўтрымлівае поўныя тэксты. |
[ 01/08/2006 11:49 ] |
витаут а дзе можна набыць вашую книгу 222 альбомы лявон |
У рэклямным флаеры (ці ўлётцы) пазначаны такія кантакты: м.тэл. 649 08 88, 766 24 25, цераз пошту – 220085, Менск, а/с 5; або E-mail: w1979@tut.by, www.BMA.home.by . Або проста шукайце традыцыйныя месцы кучкаваньня беларусаў (канцэрты, нацыянальныя суполкі, офісы палітычных партыяў). Гэта спатрэбіцца тым, хто палічыць кошт крамы "Акадэмкніга" (22000 руб) дарагаватым для сябе. |
[ 01/08/2006 14:20 ] |
Сапраўдны адраджэнец Вітаўт Мартыненка настолькі доўга "ў тэме", настолькі доўга "знутры" ведае нашу беларускую рок-музыку, што яму даўно пара падумаць пра кнігу ўласных успамінаў, чаго яму ад душы хочацца пажадаць. ;) Зьміцер Сідаровіч. |
Дзякую, Зьміцер. Сапраўды ёсьць што ўспомніць, што мы й робім часам, зьбіраючыся з Анатолем Мяльгуем на піва: то ён зьдзіўляецца, калі ў маіх успамінах знаходзіць нейкія падрабязнасьці, то сам мяне дзівіць яркімі фактамі й дэталямі. Колькі кніг мы носім у сваіх галовах! Але дзе выдаўцы? Нават былы сябра Адам Глёбус выдае толькі сябе, сваіх братоў і стрыечнікаў (ну і для маскалёў нешта). Я рады, што калі не ў літаратурна-выдавецкім коле, дык хоць у музычным здолеў рэалізавацца мой вэрбальны запас.
Ведалі б вы, як адчуваў сябе няёмка ад'яўлены рок-хуліган у студыі "Radio Vaticana" ў Рыме, калі яго запрасілі туды пасьля выхаду грунтоўнага тома беларускага "Quo Vadis"! А за гэта я асабіста дзякую музычнаму прадусару Віталю Супрановічу. Цяпер спадзяюся, што й для томіка маёй прозы й паэзіі ён знойдзе выдаўца, бо кніга прайшла ўжо дзяржкантроль салідных выдавецтваў, але так і ня выйшла. |
[ 01/08/2006 15:22 ] |
Сп. Мартыненка, хто ці што з беларускай музычнай маскультуры канкурэнтназдольны хаця б у кантэксце нашых суседзяў -- іншымі словамі, хто там можа пардаць свой тавар?
Ігар |
Посьпех любой зьявы музычнай мас-культуры залежыць ад укладзеных сродкаў (гэта ў другую чаргу). А першая чарга ў нас так і зьзяе бляскам дыямэнтаў. Як вы мяркуеце, чаму славуты бразыльскі "Soulfly" (Макс Кавальера) для сваіх канцэртаў у Польшчы абраў не нямецкі "Rammstein", у які ўбуханы мільёны баксаў, а наш бярозаўскі ":Б:Н:", у які ўкладзена... ня больш за тысячку? Я мяркую таму, што грошы не заменяць талент. А вось грошы пакуль мінаюць беларускі шоў-бізнэс. Камусьці гэта на радасьць, але асабіста мне гэта не замінае бачыць талент. Я зусім не прадусар і не мільянэр, але атрымаўшы неяк пэўную суму ад продажу машыны, кінуў іх у беларускі гурт "Partyzone" (дэбютнік "Сьмерці няма"), які цяпер з задавальненьнем слухаю разам з тысячамі іншых "адмарозкаў". Я ведаў, што першы альбом быў толькі дэма-запісам, але мяне ён так узрушыў, што я сходу захацеў падзяліцца радасьцю гэтага адкрыцьця з іншымі, не зважаючы на адсутнасьць грошай на перазапіс. Праект удаўся, "Partyzone" цяпер мае другі альбом, запісаны ў прафэсійнай студыі (як і ":Б:Н:", дарэчы)...
Дый што вы прыпадабняецеся да сіраты, звужаючы свае крытэры ("хаця б у кантэксьце нашых суседзяў"). Каб вы бачылі, як у 1989 годзе на разагрэве польскіх канцэртаў нашай славутай "Бонды" выступалі нікому не вядомыя "Воплі Відаплясава", вы б так не прыбядняліся. А цяпер цытата з нашай кнігі: "Што ўкраінцы зрабілі з "Воплямі", а мы з "Бондай", гаворыць не пра недахоп музычнага таленту ў беларусаў, а пра недахоп цьвярозай веры ў сябе".
Дый мая паездка ў Швэцыю выклікала запрашэньні на канцэрты туды нашых "Tesaurus" і "P.L.A.N.", адно праблема: так і не знайшлі, хто б з нашых багатыроў ахвяраваў ім хоць бы на білет. Так што праблема не ў музыках. |
[ 01/08/2006 15:43 ] |
Спадар Вітаўт, нярэдка выканаўцы сустракаюцца з аўтарамі тэкстаў, каб патлумачыць ім, пра якія думкі, ці пачуцьці яны хацелі б сьпяваць у той ці іншай сваёй кампазыцыі - тады аўтар тэксту спрабуе "апрануць" гэтыя пажаданьні ў вершаваную форму. А як у Вас? Здараецца такое ці вы проста дасылаеце выканаўцам гатовыя тэксты?
І яшчэ адно пытаньне. Ці лічыце вы, што трэба "слухаць сваё" толькі таму, што гэта сваё, не зважаючы, напрыклад, на невысокую якасьць музыкі?
Дзякуй - Аляксей, Пінск |
Пачну з апошняга: я ня з тых, хто будзе есьці г...о толькі таму, што яно сваё. Але той, хто не знаходзіць у сваім нічога, акрамя г...а, проста хворы чалав... Прабачце, хворая жывёліна. ЧАЛАВЕК у любым кутку плянэты духоўна сілкуецца ТОЛЬКІ СВАІМ, а чужое слухае толькі для знаёмства або параўнаньня.
Цяпер пра вершы. Музыкі часта зьвяртаюцца па іх, але я не з усімі магу супрацоўнічаць. Нават з цяперашнім маім сябрам Андрэем Плясанавым не адразу атрымалася, але ён сьпярша згадзіўся ўзяць мае старыя гатовыя тэксты. Як ён зрабіў "Цені гісторыі"! Я проста растаяў (яна ў першым альбоме "P.L.A.N."): во, думаю, як тонка чалавек, у якога я ня верыў, адчувае кожнае слова. А потым тым жа шляхам ён адгадаў у "Дусі" маё юначае захапленьне Джымі Гэндрыксам. Я адмовіўся агучыць многія ягоныя ўласныя цудоўныя мэлёдыі, затое даў шанц выйсьці ў людзі Ярашу Малішэўскаму, а вось "Блюз ад самоты" сам зрабіў пад ягоныя думкі й пачуцьці. Здаецца, ён толькі папрасіў нешта пра блюз і самоту. Але ніколі не было ніякага дыктату між намі. Мо проста ёсьць ўзаемаразуменьне. |
[ 01/08/2006 15:51 ] |
Добры дзень! Цяпер ў Эўропе, пераважна Скандынавіі і Нямеччыне, заўважнае сапраўднае адраджэньне музыкі ў стылі power-metal. Як вы думаеце, чаму ў Беларусі няма ніводнага саліднага гурта, які б граў у гэтым стылі?
І яшчэ адно: мо вы ведаеце што пра лёс Джагера - вакаліста аднаго з найлепшых беларускіх гуртоў 90-х, які нажаль не існуе ўжо - Rouble Zone?
Дзякуй, А |
А няўжо вы ня чулі раньні "Deadmarsh"? А на іхні альбом "Грані" захопленыя водгукі прыходзяць з той жа Нямеччыны й нават Японіі. А чаму нават вы ня чулі пра гэта, раю вярнуцца да маіх адказаў Ігару крыху вышэй. Што да Джагера, дык я недзе чуў, што ён тусуецца ў рок-колах, але я ніколі ня слухаў "Rouble Zone", бо на інгліш мне бліжэй "Led Zeppelin". А беларускага там не было нічога, акрамя менскай прапіскі. |
[ 01/08/2006 15:57 ] |
Sp. Vitaut - kali niekhta kaza, szto rock'n'roll pamior, dyk mianie heta zluje. a vas? :) |
А мяне НЕ! Ну што хвалявацца, калі для кагосьці нешта памерла? Для мяне рок-н-рол не памёр. Больш таго: я сам жыву рок-н-ролам. Мяне, напрыклад, хвалявала ў 1980-х, што няма беларускага кантэксту ў гэтым жыцьці, а цяпер нядаўна падлічыў: у маёй калекцыі 50% беларускіх дыскаў, 10% польскіх, 8% украінскіх, 35% заходніх (немцы, італьянцы, брытанцы, амэрыканцы й г.д.). Ёсьць нават адзін расейскі дыск нямецкай вытворчасьці, але не прымушайце мяне рэклямаваць чужую канкрэтыку. |
[ 01/08/2006 16:40 ] |
Вы былi на плошчы 19-га? |
Безумоўна, а яшчэ быў 20-га, 21-га, 22-га і г.д. Адно шкада: хоць і сустрэў там шмат сяброў – так і ня змог пераканаць камэнданта намётаў, які задаваў мне пытаньне: "А хто вы такі?" Яшчэ шкада, што калі я на просьбу тых жа сяброў прынёс на плошчу свае песьні ў выкананьні гурта "P.L.A.N." – прычым новыя песьні, бо ім надакучыла аднастайнасьць тамтэйшай культурнай праграмы – дык ніводная з гэтых песень так і не прагучала. Крыўд вялікіх на гэта ў мяне няма, бо ясна, што яны павінны былі засьцерагацца ад правакацыяў – але трэба ўсё ж баяцца вымесьці золата са сьмецьцем. А ў нас гэта рабілася татальна. Мяне мянты цягалі за беларускую мову, калі той хлапец яшчэ толькі ў пялюшкі мачыў, і мы ня знойдзем шлях да нашай Беларусі, калі ўсім папярэднікам будзем казаць: "А хто вы такі?" Трэба ведаць сваіх папярэднікаў! |
[ 01/08/2006 16:41 ] |
Як вам гурт СЯБРЫ? |
Я іх памятаю ад самага пачатку: я быў пацаном маленькім і памятаю, як сьпярша іх усьведамлялі як эпігонаў "Песьняроў": маўляў, ай, гэта горш за "Песьняроў" і г.д. Але потым яны ўсё ж знайшлі сваё аблічча. Некаторыя іх песьні да гэтага часу любіць мая жонка, але ня я. Дый што за беларуская песьня – "Земля моя, Сибирь"? Няхай бы ў Сыбір і ехалі і сьпявалі там пра родную зямлю... Шмат у іх такіх саўдэпаўскіх песень, хаця талент, натуральна, быў. Так што цяпер гэта – звычайны дзяржкультапарат, продажы зь якога вышэй за талент. |
[ 01/08/2006 16:45 ] |
Якi колер павiнен быць у Бел. рэвалюцыi: Джынс цi БЕЛЫ? |
Мне часам здаецца, што гэтая гульня ў колеры акрат і размазала наш сацыяльны пратэст. Ніхто, здаецца, і не намагаўся перамагчы – намагаліся натужна ўпісацца ў нейкую модную плынь. Аднак, калі гаварыць пра колеры, дык беларуса ня можа не кранаць адсутнасьць, і нават зьнявага спрадвечных колераў нацыянальнага сьцягу. У мяне захаваўся нават юначы верш – гадоў у 18 я яго напісаў – магу прывесьці адну страфу:
"А я бела-чырвона-белы,
Я застаўся той жа веры:
Колер бела-чырвона-белы –
Мой сьцяг, мая сутнасьць, мая любоў..." |
[ 01/08/2006 16:47 ] |
Парайце калi ласка, дзе лепей адпачыць гэтым летам? |
Што я магу сказаць? Позна піць баржом, калі лета сканчаецца... Для мяне, напрыклад, лепшым адпачынкам доўгі час было Басовішча. Але яно патроху памірае, таму параіць не магу нічога. |
[ 01/08/2006 17:35 ] |
Вітаўт!
Што Вы думаеце пра гурт Мясцовы час?
Чаму пра іх не чуваць?
Ці ёсьць ў іх альбомы? |
Што тут думаць – слухаць трэба! Бо гэта такі непераўзыйдзены ўнікум! Там усё незвычайна, і галоўнае – якасна. Вакал незвычайны, кампазыцыя. Калі казаць пра альбомы, дык пры жыцьці калектыву іх выйшла 4 і ўсе на касэтах. Але зусім нядаўна знайшліся рупліўцы, якія ўзьнялі да лічбавай якасьці два лепшых рэлізы – "Мой дом" 1989 г. і "Ускраіна" 1990 г. Яны выйшлі на адным кампакце і някепска прадаюцца – натуральна, я ўжо іх маю. Але пільна чакаю, калі ўжо вернуць маю любімую "Слоту" 1987 году – гэта проста супэр! |
[ 01/08/2006 18:02 ] |
Вiтаю! Як вы ставіцеся да рознага роду Смолова, Atlantica, Дорофеева і інш.(я пра лукашэнкаўскую эстраду)? Якая будзе роля сапраўднай беларускай музыкі пры прыходзе нацыянальнай дэмакратычнай беларускай улады і што стане з так званай эстрадай ОНТ і БТ?
Усяго лепшага i дзякуй! |
Што я скажу – я ж не кандыдат у прэзыдэнты, каб разьмяркоўваць, што зь кім будзе... Адно перакананы, што Беларусь, дзе няма месца беларусам – вымрэ. Магчымасьці дзьве: альбо глухая правінцыя расейскай імпэрыі, альбо ўсё ж незалежная Беларусь. І там, і там уся гэтая афіцыяльшчына непатрэбная. |
[ 01/08/2006 18:05 ] |
Што Вы думаеце пра Басовішча?
максім |
Я захоўваю сваё ліставаньне з БАСам канца 80-х, калі на падставе майго цыклю ў газэце "Ніва" – ён называўся "Молада, сучасна, па-беларуску" – яны задумалі наладзіць унікальны нацыянальны фэст. Гэта ўдалося толькі ў 90-м, калі я на нейкі час апынуўся ў Канадзе. Але на многіх Басовішчах я быў асабіста, нават журыў, а мяне ўсё называлі нацыяналістам розныя Максы Івашыны і Падбярэзскія. Што я магу думаць пра Басовішча, калі Макс Івашын цяпер там вядоўца, а Падбярэзскі вядзе адтуль рэпартажы для Свабоды? "Эх, шкада, што на гэтых фэст не дапускаюць іншамоўных – а тое б Басовішча гэтак выйграла!.." Так што цяпер ужо я нічога ня думаю пра гэты фэст, а мы з сябрамі шукаем аднадумцаў у сьвеце, якія б зразумелі, што беларус павінен мець хоць у куток у хаце, які можа ні з кім не дзяліць – і вось такім было першае Басовішча. |
[ 01/08/2006 18:37 ] |
Ці ня лічыце вы, што сам факт "андэрграўнднасьці", у варунках якой дзеюць нашыя "не забеларусскія" музыкі, спрыяе захаваньню ў незалежных творцаў тоеснай сапраўднасьці, чысьціні памкненьняў і духу некамэрцыйнага рок-н-ролу 1960-х гадоў (гэта ж датычыць і незапрадаўшыхся ўладзе літаратараў). З павагай, В.А. |
Па-першае, давайце адмовімся ад рэфлексыйнай тэрміналёґіі на афіцыйную рыторыку. А папросту паўтару тое, што мы з Анатолем Мяльгуем сказалі карэспандэнткам "Музыкальной газеты": як толькі для рока створаць ідэальныя ўмовы, ён здохне. Я вельмі любіў, напрыклад, польскі рок 80-х (асабліва з плыні MMG), а цяпер... Вось нядаўна мне прывезьлі альбом гурта "Lzy": вакал супэр, граюць выдатна, запісаны яшчэ лепей, а ўражаньні... ну сапраўды адны "лзы", г.зн. сьлёзы. Але гэта ня значыць, што мы павінны праектаваць праблемы дзеля посьпеху нацыянальнага року. Ёсьць такая рэч – рэальнае жыцьцё, дзе пакуль ніхто яшчэ не нарадзіўся старым і мудрым (хоць юныя й бадзёрыя паміралі). Давайце проста жыць і радавацца таму, што нам ёсьць што паслухаць. Вунь нават на новым дыску "Песьні Свабоды'2" на нашай мове засьпявалі нават Украінцы. І не ўпершыню. Дый як сьпяваюць гэтыя унікумы – "De Shifer" і "Тінь Сонця"! А на 2CD "Варта Вежы Багой" вы сустрэнеце нават Расейцаў, што сьпяваюць па-беларуску песьні нашага анґламоўнага "Gods Tower". Гэта ж рабілася не дзеля лёзунґу "За Беларусь" ці "Перад Беларусь", а проста таму, што ёсьць такі прад'юсар Віталь Супрановіч, ёсьць ягоная "БМАgroup", не да канца задушана яшчэ нацыянальная ідэя паміраючага "БАСовішча". Значыць, ёсьць шанец. Асэнсоўвайце гэта, і ў будучыні Вам будзе чым падзяліцца з нашчадкамі.
І што да чыстаты "рок-н-рола 60-х", дык сёньняшні дзень усяляе мне больш аптымізму, бо "Мрою" ніхто не назаве "Мечтой", а "Бонду" – "Куском", бо іхняя творчасьць не давала падставаў. З 60-х я крыху зачапіў "Шпакі", "Дойліды", дык ад сьведкаў таго часу мне падсоўваюць то беспамяцтва, то нейкіх "Зодчих". Відаць, ім і самім было прыемна быць "Зодчими", раз ніхто не пратэстуе. А імя – гэта сутнасьць, і мы толькі цяпер навучыліся трохі адстойваць адметнасьць нашых імёнаў. Я сам, напрыклад, не на жарт крыўджуся, калі мяне шыльдуюць нейкімі чужынскімі Витовт, Витольд у расейскамоўных газэтах, і радуюся, калі застаецца Вітаўт. Гэта ключ да маёй сутнасьці, якую, зрэшты, камусьці дазволена НЕ РАЗУМЕЦЬ. |
[ 01/08/2006 22:37 ] |
Jak by vy vyznachyli: u chym admetnasc i nepautornasc menavita belaruskaha roku? Ci josc jana naohul? |
Яшчэ якія адметнасьці! Наш рок разьвіваецца без ніякіх фінансавых уліваньняў – такога больш няма нідзе! А калі бяз жартаў – мой сябра перапісваецца з легендарным Джэла Біяфрам, вакалістам славутага "Dead Kennedys", дык той пастаянна піша: вышлі яшчэ што-небудзь з беларускага панку з фальклорным адценьнем. Людзей гэта ўражвае! Я чуў нават адну канадзкую групу "Double standard", дзе ідзе англамоўны рок-н-рол у рытме нармальнай беларускай полечкі! Адкуль гэта? Яны аналізуюць тое, што мы ствараем: у нас – энэргетыка ў музыцы! Яны шукаюць адметнасьці, а мы ад яе хочам адцурацца! |
[ 01/08/2006 22:38 ] |
A jakuju muzyku slukhaje vasha dachka? |
Мая дачка, якую я, дарэчы, назваў Альдона - ніводны чужынец ня зможа перайначыць гэтае імя, - выхоўвалася на Данчыку, вачэй ад яго не адрывала, падпявала - нават не на песьнях, а на ягонай асобе, ягоным выглядзе. У нас вісеў плякат, і яна на яго замілавана глядзела. Карацей кажучы, лепш за тату падпявала. Я неяк спрабаваў падпець Данчыку, але ў мяне слых слабенькі,і яна кажа: "Тата, ты ня так сьпяваеш". І так дакладна перадала ноты! Але пайшла ў школу - дарэчы, гэта была беларуская гімназія - і там навучылася іншым адносінам. Неяк падыходзіць і кажа: "Тата, а пастаў самыя-самыя любімыя свае песьні". Я паставіў "Led Zeppelin" i "Uriah Heep". Яна кажа: "Тата, я, відаць, рок не люблю. Я папсу люблю". Здаецца, можна ўжо расплакацца і памерці. Але праходзіць нейкі час, і яна прапаноўвае мне паслухаць дыск - Avril Lavigne. От, думаю, у мяне ажно ад сэрца адлягло - усё-ткі поп-панк - гэта не папса. Цяпер яшчэ нейкіх гішпанцаў слухае і падпявае ім па-гішпанску, я па-ангельску ня ўсім падпяваць магу... Падсадзіла ўсю сваю школу на песьню "Тваё каханьне" зь першага ліцэйскага праекту. Мяне не турбуе, што яна ня любіць "БН" ці "Partyzone", у якія ейны татка ўклаў нямала асабістых грошай - затое сын майго сябры і аднадумцы Толі Мельгуя якраз і слухае "БН", "Partyzone", "Чырвоным па-беламу" - нам з Толікам адкрывае новыя зоркі ў беларускім року. Так што ў нашым "каралеўстве" ўсё нармалёва. Таму, дарэчы, мы і прысьвяцілі сваю кнігу нашым дзецям. |
[ 02/08/2006 00:40 ] |
Вітаўце, чаму Вы вырашылі падкарэктаваць Татарыновічаў пераклад "Quo Vadis'у": трансьлітаруючы, замяніць ня толькі правапіс, але й паасобныя асаблівасьці перакладчыкавай мовы? Чаму не абышліся проста карэктнай трансьлітарацыяй? Кніжка ж усё адно засталася з сваім накладам - 300 паасобнікаў - у даволі вузкім чытацкім коле... Юрась |
Не разумею, у чым прэтэнзія. Затое памятаю, як рэдактары выдавецтва "Мастацкая літаратура", якое хацела выдаць гэты "Quo vadis", прымушалі мяне сьвята захаваць усе аўтарскія памылкі. Хто чытаў раман, усе ведаюць, што віла цэзара Нэрона звалася Анцыюм. Гэтак жа яна называлася ў Татарыновіча. Але ў нейкім месьце выскоквае нейкі "Анлюм". Дастаткова зірнуць на клявіятуру - гэта абдрукоўка. Дык што, трэба яе захоўваць? Карацей кажучы, ня трэба клапаціцца, каб сьвята захаваць усе памылкі. Там былі ў тым ліку і перавернутыя абзацы, абрэзкі незавершаных абзацаў - я знайшоў іх канчаткі, выклаў тэкст паводле аўтара, а не перакладчыка, паставіў нумарацыю частак. Галоўнае, што праца Татарыновіча стала ня толькі грандыёзнай і ўнікальнай - ягоны тэкст больш поўны за расейскія пераклады, але бездакорны цяпер і прывабны для чытача. Вы што, супраць гэтых вартасьцяў для беларускай кнігі? |
[ 02/08/2006 09:54 ] |
Вітаўт,чаму вы лічыце сябе адзіным і непаўторным у беларускай журналістыцы? Ці ёсьць у вас дастойная зьмена? Як вы адносіцеся да газэты "Наша Ніва"? |
А яшчэ я бездакорны і ўсемагутны! Толькі пакажыце, зь якіх крыніцаў вы мяне цытуеце, дзе я сябе так называў?? А наконт газэт – пагартайце любую прэсу, і вы зразумееце, якія ў мяне зь кім адносіны. Ніякіх падставаў кагосьці асобна рэклямаваць у мяне няма. |
[ 02/08/2006 11:55 ] |
А чаму вы падкрэсьліваеце сваё паходжаньне са шляхецкага роду? Што вам асабіста гэта сёньня дае? |
Справа ў тым, што ў нас зьявілася шмат таварыстаў беларускай шляхты. Маўляў, ты несапраўдны шляхцюк, а мы сапраўдныя, у нас па бацькавай лініі, а ў цябе па матчынай. Я кажу: хлопцы, вы шануйце дух шляхетны, каб у вас захаваўся, а тое, што вы гандлюеце радзімай, ня можаце нават зразумець сутнасьць гэтай радзімы, у чым яе праблемы - у гэтым праблема. Таму я можа нават выпадкова падкрэсьлю: мне гэта нічога не дае. Гэта проста дае прыналежнасьць да пэўнага роду.
Я ня ведаю, адкуль у мяне гэтая энэргетыка. Мне прапаноўвалі праекты: "Давайте, пишите по-русски, по-английски, мы вам заплатим хорошо". Ня хочацца. Ня ведаю. Я быў у Швэцыі, Нямеччыне, Італіі, Канадзе, у прынцыпе, я вяртаўся на Беларусь і застаўся беларусам, хаця гэта нібыта матэрыяльна нявыгадна. Так што ёсьць, напэўна, нейкая шляхетнасьць... І я вырашыў для сябе растлумачыць, адкуль гэта. Магчыма, ад сваякоў. |
[ 02/08/2006 12:06 ] |
Ci narmal'na,na vash pogliad,toie,shto niekatoryia gurty pierakladaiuc' teksty svaih piesien' na 'movu' tolki kab patrapic' na Basovishcha,nia maiuchy uiaulien'nia,ab chym iany s'piavaiuc'...al'bo,tamu,shchto s'piavac' pa-bielarusku modna..dziakui
Raman,Varshava. |
Разумееце, ёсьць такія людзі, якія ва ўсім шукаюць падвоху. Напрыклад: няўжо вы лічыце, што чалавек саступіў бабулі месца ў аўтобусе, толькі для таго, каб яго пахвалілі? Ня трэба так думаць. Гурты перакладаюць на родную мову - радуйцеся. Іншая праблема, калі заканчваецца Басовішча,і яны вяртаюцца дамоў і зьневажаюць само гэта Басовішча, як было з гуртом "Джыпер", з гуртом "Таксі" - вось гэта праблема. На жаль, такая наша краіна, што спачатку мы робім на чужой мове. І дай бог лепшым вярнуцца ў родную. Але мяне лёс зьвёў з гуртом "P.L.A.N.", які таксама перакладаў шмат што, і яго ні разу не запрашалі на Басовішча - а ён перакладаў і далей перакладае і піша беларускія песьні і выдае ўжо пяты альбом. |
[ 02/08/2006 12:31 ] |
Вітаю! Ці ёсьць пляны стварыць прыватны музэй беларускай рок-музыкі? Алесь Аркуш |
Пра музэй мы думалі – размаўлялі і з Алесем Аркушам, а часьцей – з Анатолем Мяльгуем, зь якім пісалі ўсю гэтую рок-гісторыю. Музэй варта стварыць, але нядаўна я заўважыў, што экспанаты сыходзяць з рук. Нядаўна нейкая суполка беларускіх студэнтаў папрасіла мае прыватныя дзёньнікі, сшыткі. А я ім даў рокерскую куртачку з надпісам "Я беларус!" Фірмовая куртачка – там лягатыпы беларускіх гуртоў: "Мроя", "Бонда", "Мясцовы час", ёсьць і "Блэк Сабат". Цяпер гэтую куртачку нехта бачыў у нейкай залі тыпу музэя. А сама ініцыятыва музэю пакуль дрэмле. |
[ 02/08/2006 12:34 ] |
Спадар Витаут, ци прауда што Кастусь Акула зъяуляецца Вашыш сваяком? Як да выданьня "Праз рок-прызму" спрычыниуся спадар Акула? |
Кастусь Акула быў рэдактарам, і толькі там мы зь ім пазнаёміліся. Сваяком ён ніколі мне ня быў, але старэйшым настаўнікам і арыенцірам паводле стылістыкі ён шмат на што ў мяне паўплываў. Чалавек унікальны, я яго вельмі паважаю. Цікавая штука: калі ён прыяжджаў у Беларусь, па майму, дарэчы, запрашэньню, у 1993 годзе, і тут сустракаўся са сваімі сваякамі -- я зь імі пазнаёміўся. І вось ягоныя сваякі ўсё ніяк не маглі гаварыць па-беларуску. Ён аднаму кажа: калі ты хочаш, каб я табе спадчыну нейкую пакінуў, дык гавары на нармальнай мове. Той усё адно гаварыў па-расейску. Тады Акула перайшоў на ангельскую, а сваяк ангельскай ня ведаў. Было весела назіраць за гэтым: чалавек на хаду рабіўся беларускамоўным – дзеля грошай, магчыма. На жаль, мы не сваякі з Кастусём Акулам. |
[ 02/08/2006 12:39 ] |
якая ваша дзясятка лепшых беларускіх гуртоў усіх часоў |
Трэба падумаць, але наўскідку: "Бонда", "Мроя", "Тэзаўрус", "БН", "Partyzone", "Крама" – тое, што першае прыходзіць у галаву. Я што-небудзь забудуся – напрыклад "IQ-48" – бо я ня слухаю гіп-гоп, але ён бы мог увайсьці ў любую дзясятку, каб вырашаў не адзін чалавек. Легенда –"Крыві". О, а на першым месцы – "Уліс"! Можна падрыхтаваць сьпіс, але ён будзе няшчыры. Тое, што я зараз спантанна назваў - гэта найбольш шчырая ацэнка. |
[ 02/08/2006 13:07 ] |
Вы кажаце: энэргетыка ў бел музыцы! Вакалаў нармальных няма! |
Я, магчыма, згодзен, што над вакалам не працуюць. Заплаціце музыкам зарплату, і яны будуць спакойна шліфаваць свой вакал! Але рэальна быў вакал у Тэзаўруса -- проста ўнікальны. Цяпер ён ужо кінуў музыку, хату будуе... |
[ 02/08/2006 13:09 ] |
Які цяпер у беларускіх рок-гуртоў можа быць нармальны стымул для творчасьці, акрамя голага патрыятызму, якім не пракормішся? |
Акурат у гэтым праблема. Стымул вось зьявіўся ў польскага рока – дык яго нецікава цяпер слухаць. Мы жывем – вось галоўнае! Мы маглі нарадзіцца 20-гадовымі і 20-гадовымі памерці. А шчасьце ў тым, каб нарадзіцца бязмозглым, а потым набрацца розуму і памерці мудрым. Так што ідзе нармальны працэс... |
[ 02/08/2006 14:00 ] |
Мы заканчваем нашу онлайн-канфэрэнцыю. Вэб-рэдактар. |
Вельмі ўдзячны ўсім за цікавыя, зьмястоўныя, разнастайныя пытаньні. |
|
|