|
|
|
Алесь Пушкін
Нарадзіўся ў мястэчку Бобр Крупскага раёну Менскай вобласьці 6 жніўня 1965 году. Скончыў рэспубліканскую школу-інтэрнат музыкі і выяўленчага мастацтва імя Ахрэмчыка ў Менску і аддзяленьне манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва беларускага тэатральна-мастацкага Інстытуту. Пасьля першага курсу быў прызваны на службу ў Аўганістан, дзе служыў у гелікоптэрным палку.
Працаваў у Віцебску, дзе меў сваю першую прыватную галерэю прыватнага мастацтва і ў Магілеве на рэстаўрацыі Магілеўскага архікатэдральнага касьцёла. Пасьля 1994 году зьехаў у мястэчка Бобр, дзе пачаў працаваць над росьпісам царквы. Расьпісаўшы царкву, там жа і павянчаўся, мае сына Міколку.
Піша і рэстаўруе абразы, піша карціны на замову, робіць росьпісы, вітражы, займаецца мастацтвам пэрформансу.
Двойчы асуджаны: у 1989г. за арганізацыю сьвяткаваньня 25 сакавіка 71-й гадавіны БНР і ў 1999г. за пэрформанс "Падарунак прэзыдэнту".
Працы знаходзяцца ў касьцёлах і цэрквах Беларусі, у прыватных зборах Беларусі, Расеі, Латвіі, Нямеччыны, Польшчы, Фінляндыі, ЗША, у Музэі сучаснага мастацтва РБ, у Полацкай карціннай галерэі, у музэі Ўладзімера Караткевіча ў Воршы. |
|
2003
2004
2005
2006 |
[ 22/08/2006 13:41 ] |
Дабрыдзень, Алесь! Цi можа мастак адчуваць сябе абсалютна свабодным у сваёй творчасьцi ў сучаснай Беларусi? Як Вы вырашаеце гэтае пытанне для сябе? Дзякуй, Сяргей, Вялейка |
Немажліва. Але працэнтаў на 80 я адчуваю сябе свабодным у творчасьці і ў жыцьці. А 20% залежнасьці - гэта залежнасьць ад блізкіх, ад сям'і, ня трэба быць эгаістам. |
[ 22/08/2006 13:52 ] |
Алесь, якiя зараз настроi на сяле? Людзi жадаюць яднацца з Расеяй? |
Не жадаюць. У рэчаіснасьці Расею ня любяць у тым пляне, што гэта краіна, дзе да людзей адносяцца па-хамску, і гэта спазнаў амаль кожны, хто зьездьдзіў туды на заробкі. Я наведаў Ніжні Ноўгарад, Казань, Мурам, іншыя гарады Расеі, вярнуўся ў Бобр. Магу ў сваім выпадку яшчэ раз пацьвердзіць, што мы з Расеяй ня будзем жыць. Простыя людзі вяртаюцца адтуль, уздыхнуўшы з палёгкай. Езьдзяць у Расею яны вымушана. Калі б была адчыненая мяжа з Захадам, то ў Расею ніхто б ня езьдзіў на заробкі. |
[ 22/08/2006 13:55 ] |
Якi колер павiнен быць у нашай рэвалюцыi: "джынс" цi белы? |
І ня джынс, і ня белы, а бел-чырвона-белы. Я згодзен зь Зянонам Пазьняком у тым пляне, што ня трэба выдумляць іншых сымбаляў, нашы сымбалі -бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня. Але я супраць рэвалюцыі. |
[ 22/08/2006 14:38 ] |
Ці мае сп. Алесь Пушкін у сваіх плянах намаляваць эскізы марак, напрыклад, для Рады БНР, або для распаўсюднікаў беларускай незалежнай прэсы? Бо калі дзяржпошта адмаўляецца дастаўляць незалежныя газэты падпісчыкам, мусім стварыць сваю пошту з усімі адпаведнымі атрыбутамі. Алесь. |
Вельмі цікавая прапанова. Я, шчыра кажучы, ні разу не маляваў эскізы паштовых марак. Але гэта мяне і прываблівае, што заўсёды зь цікавасьцю стаўлюся да самых нечаканых прапаноў. Калі б была сур'ёзная прапанова ад выдаўцоў, як, напрыклад, выдавецтва "Кавалер-паблішэр", я б узяўся. Аднойчы, у 1994 годзе рэжысэр Масьлюк прапанаваў мне папрацаваць сцэнографам, зрабіць пастаноўку Шэкспіра "Кароль Лір", і я з радасьцю ўзяўся за гэтае новае для мяне поле дзейнасьці. |
[ 22/08/2006 14:43 ] |
Дзень добры,сп.Алесь!
Віншую Вас з надыходзячым святам Беларускай Вайскавой Славы!
Вы былі адным з галоўных ініцыатараў з'езду нацыаналістаў які адбыўся ў Віцебску і як вядома Вы больш за ўсіх пацярпелі.
Як Вы лічыце, ці актуальна на сёньняшні дзень, арганізацыя наступнага з'езду?
Ці магчыма аб'яднаць апазыцыйных палітыкаў на грунце Нацыянальнай Ідэі,калі не то чаму?
З павагай Зміцер.
Жыве Беларусь! |
У 1995 годзе Славамір Адамовіч правёў першы зьезд нацыяналістаў Беларусі, тады нас арыштавалі -- мы ішлі да помніка Караткевічу з кветкамі й паходнямі, быў такі выпадак. Ня трэба аб'ядноўвацца, ствараць рухі на нацыянальнай глебе, нейкія кааліцыі палітычныя. Хутчэй за ўсё, ціхая нясьпешная праца на сваёй дзялянцы - гэта і ёсьць наша вельмі абгрунтаваная і сур'ёзная воля, каб Беларусь жыла. Пасьля 1 зьезду нацыяналістаў прайшло амаль ужо 10 год, я бачу, што іх усё большае і большае, нягледзячы на гістарычныя варункі і дзяржаўную палітыку. Таму я аптыміст. Цяпер настолькі пайшло нацыянальнае жыцьцё ўшыркі і ўглыбкі, што мы можам цалкам аўтаномна на сваім полі дзейнасьці рабіць нацыянальную справу, і не за гарамі вынік - я ў гэтым упэўнены. Марна зьбіраць непадобных адзін да аднаго людзей. Гэта крывадушна, калі людзі клянуцца, зьбіраюцца на кангрэсы, а потым ідуць сваім шляхам.
У той жа час фармаваць маладыя душы паходамі, зборамі, сэмінарамі - гэта неабходна, гэта павінна быць, гэта павінны рабіць партыі, ТБМ, грамадзкія аб'яднаньні, скаўты, гэтую працу сыстэматычна трэба некаму рабіць прафэсійна. Бо дзяржава гэтага ня робіць. |
[ 22/08/2006 16:25 ] |
Шаноўны Алесь,
Здараецца, што творчых людзей у нас часам крытыкуюць за палітызаванасьць у іх творчасьці. Крытыкуюць і Вас.Як Вы лічыце, ці можа мастак пазьбегнуць палітыкі і ці пашкодзіць гэта творчасьці? Можа маляваць прыгожыя беларускія азёры было б спакайней і прыбытковей? Які самы лёгкі шлях для мастака зарабіць шмат грошай?
Таіса |
Сапраўды: ёсьць шлях маляваць беларускія краявіды, азёры і ня совацца ў грамадзкае і палітычнае жыцьцё. Але гэты шлях і самы, можна сказаць, згубны для творчай асобы. Бо калі ў краіне было б як у Швайцарыі ці ў Чэхіі, усё з парадку з мовай і з уладай, то я, вядома ж, не маляваў бы гэтыя плякаты з сэрыі "Рукі беларусаў", якія я зараз выстаўляю, і не рабіў бы палітычных пэрформансаў. Проста гэта адна з формаў адлюстраваць сённьняшняе жыцьцё. Тады мастак нечага варты, зьнітаваны з жыцьцём сваёй эпохі, краіны і народу. |
[ 22/08/2006 16:28 ] |
Ales, ci byvaece c^asam u Akademii Mastactvau u Mensku? Jakija tam zaras studenty, vykladchyki? Ci chuvac Belaruskaja mova? Ci saslabeu, ci uzmacniusja Belaruski dux u paraunanni z pachatkam 90-x hadou?
Zychu mocnaha zdarouja vam i vashaj siami, mocy duhu, tvorchyh pospehau, dabrabytu.
Sjarhey. |
Апошні раз я быў у Акадэміі месяц таму разам з выпускніком манумэнтальнага аддзяленьня Аляксеем Навуменкам. Ён зрабіў вітраж у фае акадэміі, гэта яго дыплёмная праца, ён цалкам беларускамоўны, таленавіты малады хлопец, зь якім я вельмі пасябраваў: тут у Бабры ён быў са сваёй дзяўчынай, мы сустракалі Купальле, абралі яго Купалічам. Ён мяне вельмі парадаваў аднаўленьнем традыцый жыцьця нашага студэнцтва. Ён вельмі таленавіты мастак. У яго толькі адзінае - сумная пэрспэктыва, няма працы. Акадэмія мастаціваў выпускае людзей, і яны не патрэбныя. Такі высакаклясны спэцыяліст павінен рабіць сабе імя, шукаць майстэрню, працу, уступаць у саюз мастакоў. Гэта цяжкі шлях, я б не хацеў яго праходзіць зноў. Мне прыемна там бачыць Савіча, Баразну, нашых выкладчыкаў з манумэнтальнага аддзяленьня. Гэтыя людзі дагэтуль трымаюць марку нашага мастацтва. |
[ 22/08/2006 16:34 ] |
Dobraga dnia,ziamliak!Pamiataju,letas ja paznajomiusia z tvajoj reakcyjaj na moj adjezd.Tut mozhna gavaryc douga.Skazhu adno:pa 4-h gadah zhyccia u Narvegii ja tut tamu-siamu padvuchyusia...Nu a paraunanni modusau vivendzi tolki zagartouvae maju nianavisc da antybelaruskaj gajni...Nu a u ciabe,ziamlik,jak z pachucciami?Ty usio zh bagamaz ci mastak?Ty,kali treba - a bachna,shto hutka treba budze- vozmesh kadzila u ruku zamest pendzlia ?ci usio zh AKM?..Slavamir. |
Згодзен, Славамір, з табой, што вельмі шмат беларускай інтэлігенцыі ўзяла ў рукі кадзіла і па сутнасьці скарылася душой і розумам. Я гэта кадзіла, расейскую паграмушку залачоную, не вазьму. Хутчэй ужо другое. Я сёлета быў у Андрэя Мельнікава ў Гомелі, гэта жах: бард з патухшымі вачыма, сагнуты ў паклоне і пацалунку рукі расейскага сьвятара. Замест гітары ён трымаў залачоную маскоўскую паграмушку - кадзіла... |
[ 22/08/2006 18:21 ] |
Я ведаю, польскі рэжысэр Фідэк здымаў пра Вас фільм. Калі ласка, скажыце колькі слоў пра гэта: што найперш цікавіла рэжысэра, як ішла праца над карцінай, ці былі якія складанасьці.Дзякуй. Вольга |
У траўні 2005 г. рэжысэр-дакумэнталіст Польскай тэлевізіі Анджэй Фідэк прыехаў у Беларусь здымаць фільм пад рабочай назвай "Аляксандар Пушкін". Гэта фільм пра маленькага чалавечка ў маленькай таталітарнай кране, які ў сваім мястэчку жыве свабодна і разам са сваёй сям'ёй супрацьстаіць гэтаму рэжыму. Што з гэтага атрымаецца -- паглядзім на наступны год, бо ён мантажаваў яго цэлы год. Я чакаю сканчэньня мантажу, гэта будзе цікавая прэм'ера на ТБ "Палёнія 1", а потым мы будзем яго паказваць у Беларусі -- прыватным чынам, прывязу дыск -- і ў іншых краінах. Замова была ў Нарвэгіі, са студыі "Піраньня-фільм", дзе яму замовілі карціны пра Беларусь, Бірму і Паўночную Карэю. |
[ 22/08/2006 18:41 ] |
Шаноўны спадар Алесь, калісьці вядомы полські рэжысэр Кшыштаф Зануссі сказаў у размове з карэспандэнтам Свабоды, што ёсьць моманты ў гісторыі краіны, якія можна параўнаць да пажару - калігарыць дом, дык яго тушаць нятолькі пажарныя, але ўсе, хто побач, незалежна ад сваёй спэцыяльнасьці ці сацыяльнага статусу - мастакі, кандуктары, прадавачкі і г.д. Гэта быў ягоны адказ на пытаньне, ці павінен творца ўмешвацца ў палітычнае, грамадзкае жыцьцё, ці "тварыць" сабе ціха. Ці згодныя вы з такой пазыцыяй? |
Цалкам згодзен з Занусі. Дадам, што ў свой час у 89 годзе старшыня Саюзу мастакоў Латвіі Джэма Скулмэ сказала: калі нашая краіна зараз у небясьпецы, мы павінны адкласьці нашыя палітры і пэндзлі і стаць яе грамадзянамі. |
[ 22/08/2006 19:07 ] |
VITAJU!!! Vielmi rady ubaczyc vas na forumie Svabody! Ja vuczyusia u RKM, i zausiody zachaplausia vaszym mastactvam. Ja pamiataju vaszyja rospisy u faje pieara aktavaj zalaj, i pamiataju jak vy praviali dla nas, vuczniau, excursiju.
Zaraz ja zyvu u Amerycy. U mianie takoje da vas pytannie. Ja viedaju szto vy nia zadajecie pierajazdzac z Bielarusi, i vaskuju pazycyju ja razumieju, a ci planujecca adbycca vystava vaszych tvorau va USA?
Z pavahaj, Todar. |
У Амэрыцы жыве мае добрая сяброўка Валянціна Якімовіч, і яна вельмі хоча, каб я там размаляваў які-небудзь храм для эмігрантаў. У прыватнасьці, брат Юрася Беленькага зараз выкупіў будынак царквы, і мяркуецца, што калі яны падсабіраюць грошай, Валянціна будзе прасіць яго, каб я прыехаў размаляваць. Толькі ў гэтай якасьці -- з карцінамі, кліпамі і на працу я б мог зьезьдзіць у Амэрыку. |
[ 22/08/2006 19:26 ] |
Pavazhany Ales,
Ya pamiatayu vash perrshiy skandalniy performance prisvechaniy "kamunistam" i "zhidam".
U getym kantekste Vashi " antyzhidousliya" pogliady supadayuts s takimy "zorkamy" idealogii Lukashenki yak Skobelev, Zimouski etc.
Adnachasova vy viadomy "mastatskiy" apazitsianer Lukashenki i yago attchenia.
Yak Vy geta patlumachite?
Barys |
Цяпер я мару аб Беларусі і з жыдамі, і з камуністамі, і самае сьмешнае, што цяпер, калі пераважна зьехалі і габрэі, і камуністы, у нас у Беларусі няма беларускага. Яно, канечне, маё выступленьне 1988 году на сойме беларускіх суполак у Вільні, і мае пазьнейшыя пэрформансы маюць пад сабой адзін корань: і там і там ёсьць незадаволенасьць, пратэстны вэктар, вельмі моцнае незадавальненьне, якое вылілася ў гэтых словах і пэрформансах. На жаль, жыцьцё ня стала ідэальнейшым ні ад маіх пратэстаў, ні ад гэтых зьездаў, гістарычных падзей. Таму я адчуваю пэўную разгубленасьць.
Тады, у 1988 годзе, выходзіла шмат кніг, дзе было паказана, колькі працэнтаў габрэяў рабілі рэвалюцыю, і казалі, што ва ўсім вінаваты жыды, а я дадаў - і камуністы. Аказалася, ні жыды, ні камуністы не вінаватыя ў нашых бедах, хутчэй за ўсё - мы самі. Адсюль разгубленасьць, ад гэтага спазнаньня. |
[ 22/08/2006 21:07 ] |
Вы самі займаецеся продажам сваіх карцін ці ў вас ёсць менээджэр? Колькі каштуюць вашы карціны? Як і дзе іх купіць? |
Прыяжджайце ў Бобр, і ўбачыце ўсё, што я там маю. Можаце купіць: ад 400 да 1000 умоўных адзінак. Мэнэджэра ў мяне няма. |
[ 22/08/2006 23:26 ] |
Прывіттаньне з Магілева. Алесь, памятаю, у свой час ты меў перспэктыўны плян свайго жыцьця. Як там зь яго рэалізацыяй. І наогул як лічыш жыцьцё атрымалася? прывітаньне і найлепшыя пажаданьні табе і тваім блізкім. Эдвард |
Вельмі прыемна. Спадар Эдвард, я вельмі шчасьлівы. Я маю сына Міколку, дом на беразе роднага Бабра, я займаюся толькі мастацтвам і маю сваю радзіму, якой усё жыцьцё і кожную хвіліну ахвярую. Маю тут у Бабры людзей, якія памятаюць яшчэ майго дзеда. Даглядаю 82-гадовага бацьку. Я шмат падарожнічаю і вельмі мару пра дачушку, якую мы з жонкай цяпер чакаем. |
[ 22/08/2006 23:41 ] |
Прывітаньне, Алесь. Гэта цябе непакоіць Дзіма з Варшавы. Вельмі цешуся з нашага знаёмства й маю надзею на супрацоўніцтва ў будучым. Маю таксама да цябе пытаньне. Чым на тваю думку выклікана прыстасаванства пэўнай групы беларускіх артыстаў на дадзены момант. Ці яны перакананыя, што Лукашэнка- гэта на доўга ці проста карыстаюцца момантам каб зарабіць трошкі грошай? Ці можа гэта сьвядомы ідэалягічны выбар? А можа штосьці яшчэ? Дзякуй.
Дарэчы віншую цябе й жонку Яню з хуткім папаўненьнем сям'і. |
І невялікія грошы яны заробяць, і самі сябе падманваюць, але рухае імі нявер'е ў тое, што мастацтва і душа вечныя. Жывуць сёньняшнім днём. "Кушать очень хочется..." |
[ 23/08/2006 02:06 ] |
калі ласка, пракаментуйце выказваньне: "Мастацтва не ратуе сьвет, яно ратуе мяне"(Хасэ Марыя Галінда, Залаты Леў у намінацыі ’маладых творцаў’ на Венецыянскім Біенале сучаснага мастацтва 2005).дзякуй |
На жаль, гэта - характэрны для нашай эпохі эгацэнтрызм. |
[ 23/08/2006 07:29 ] |
Дарагі Алесь, адкажы калі ласка якая з нашых партый табе найбольш даспадобы і чаму. Хто Ваш любімы беларускі палітык |
Зь існых у Беларусі партый мне даспадобы дзьве: Партыя аматараў піва, якую стварыў Андрэй Рамашэўскі, і другая партыя - партыя зялёных, якія змагаюцца за чысьціню нашай Беларусі. Чаго не магу сказаць пра астатнія палітычныя партыі. Любімы палітык, які значны ўплыў на мяне аказвае дагэтуль, чые адозвы я чытаю і сачу за ацэнкай сытуацыі - Зянон Станіслававіч Пазьняк. |
[ 23/08/2006 09:25 ] |
Паважаны спадар Алесь!
Вельмі ўдзячная Вам за тое, што ўзьнялі тэму творчае асобы ў сёньняшняй Беларусі.
Як Вы ставіцеся да мастакоў, што абвяшчаюць сябе вышэй палітыкі? Ці згодны Вы з выразам "Мастак без пазыцыі - творчы імпатэнт"?
З павагай, Кася. |
Ня згодны. Проста так зараз у нас склалася жыцьцё ў Беларусі, што найбольш моцная творчая асоба абавязкова рэагуе на палітычныя падзеі, рэаліі і жыцьцё краіны, а калі яна іх знарок не заўважае і кажа, што можа быць вышэй за палітыку - гэта ня моцная творчая адзінка, ня яркая асоба. |
[ 23/08/2006 10:40 ] |
Дзень добры. Вельмі ўраджаны вашай грамадзянскай пазыцыяй. Калі б на Беларусі быў б такіх хоць адзін адсотачак. Алесь адкажыце, калі ласка, на такое пытаньне: 10 год мы ўжо жывем пад новарасейскай акупацыяй і ў справе самастойнасьці ня прасуналіся ані на крок. Якая самая вялікая памылка, на ваш погляд, якую робяць беларусы зараз. Дзякуй. |
Усё менш і менш размаўляюць на беларускай мове. |
[ 23/08/2006 11:58 ] |
Спадар Пушкін, ці маюць вашы карціны камэрцыйны поспех? Ці можаце вы сам сябе пракарміць мастацтвам у сеньняшняй Беларусі? |
Так, я з гэтага і жыву - канечне, вельмі сьціпла, але нічым іншым я не займаюся і ня буду займацца. Калі памру з голаду, значыць - карціны мае ня маюць посьпеху. |
[ 23/08/2006 11:59 ] |
Алесь, з якой жывелінай у вас асэнсоўваюцца зараз беларускія: патрыёт, здраднік, прадстаўнік улады, абыякавы грамадзянін? |
Не люблю аплёўваць, люблю прымаць гэтых жывёл разам з сабой, прымяраць іх да сябе. Бо я сам і здраднік, і патрыёт, і нацыяналіст, і грэшнік, і сьвяты. Хутчэй за ўсё - дзьвюхногая жывёліна, вось з чым іх хочацца атаясамляць. Дзьвюхногая жывёліна з рознымі тварамі. |
[ 23/08/2006 12:01 ] |
Адкуль у вас такое прозьвішча? Якія тыповыя рэакцыі ці жарты вы чуеце, калі прадстаўляецеся? Не хацелі б іншае? ( у мяне ў самога характэрнае прозьвішча, дык і пытаюся...) |
Я заўсёды падкрэсьліваю пры вітаньні: злобны беларускі нацыяналіст з парадаксальным прозьвішчам Пушкін. Прозьвішча спрадвечна бобрскае. |
[ 23/08/2006 12:01 ] |
Алесь, як да вас ставяцца ў Бабры мясцовыя людзі? |
Дзеці і моладзь вітаюцца і галосяць: "Жыве Беларусь!", а бабулі і дзядулі пахмурна не вітаюцца і апускаюць вочы; калі я ім кажу: "Добры дзень" -- не адказваюць. |
[ 23/08/2006 12:17 ] |
Вам пэўна дзеўкі праходу не даюць... дапамагае гэта ў творчасці ці перашкаджае? |
Гэта творчасьці вельмі дапамагае, таму што мастак павінен быць заўсёды ў цудоўным настроі душы, а каханьне - гэта і ёсьць настрой душы. Канечне, яно цяпер не такое, як да таго, калі я быў жанаты, але... Але я вельмі захапляюся новымі пачуцьцямі... |
[ 23/08/2006 12:18 ] |
Што для вас выяўленчы сымбаль Беларусі? |
Жанчына-беларусачка зь ейнымі вачыма, поўнымі сьлёз, прыгожым станам, расхінутымі ў любові... рукамі. |
[ 23/08/2006 12:30 ] |
Dobraga dnia jashche raz!Zdaecca,Pershy zjezd nacyjanalistau adbyusia u1994-m?Adamovich. |
Так, сапраўды. Прабачце. Зьезд адбыўся 25-27 лістапада 1994 году. |
[ 23/08/2006 12:33 ] |
Алесь, ці праўда што вы пішыце вершы, але ніхто не друкуе? |
[ 23/08/2006 13:05 ] |
Прывітанне, Алесь!
Пішу табе, каб выказаць словы падтрымкі і подзіву за тое, што робіш. Табе і тваёй сям'і - шчасця, здароўя (асабліва маленству) і доўгіх гадоў багатага духоўнага (але не толькі :))) жыцця. Трымайся! Жыве Беларусь!
Анджэй Пісальнік |
Дзякуй за словы падтрымкі. |
[ 23/08/2006 13:24 ] |
Мы заканчваем нашу онлайн-канфэрэнцыю. Просім прабачэньня ва ўсіх, на чые пытаньні не пасьпелі адказаць. Вэб-рэдактар. |
Удзячны вам усім, што жыву з вамі, адчуваю вашыя хваляваньні, цікавасьць, адчуваю сваю эпоху, народ і неабыякавасьць людзей да маёй асобы. Вельмі так хачу жыць надалей. |
|
|