|
Сьвятлана Завадзкая
Былы муж Сьвятланы Завадзкай, журналіст Зьміцер Завадзкі, зьнік 7 ліпеня 2000 года. Паводле беларускай апазыцыі і міжнародных праваабарончых арганізацыяў, да гэтага маюць дачыненьне высокія беларускія службоўцы.
Сьвятлана Завадзкая – адна зь лідэраў арганізацыі “Мы памятаем”, у лютым 2006 года разам зь Ірынай Красоўскай яна была прынятая ў Белым Доме прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам.
З адукацыі Сьвятлана – мадэльер-канструктар жаночага адзеньня.
У інтэрвію "Свабодзе" Сьвятлана сказала:
"Можа, гэта будзе гучаць і банальна, але як дзіця, я веру ў добрых і шчырых людзей, што іх больш, і што на іх трымаецца сусьвет. Жадаю я пераменаў у маёй Беларусі, каб кіравалі ёю добрасумленныя людзі. Каб мой сын Юрась жыў у свабоднай краіне. І не баяўся, што калі ён прышпіліць бел-чырвона-белы значак, яго за гэта яго могуць звольніць з інстытуту. Вось у гэта я веру і гэтага жадаю". |
|
2003
2004
2005
2006 |
[ 11/09/2006 16:46 ] |
Прывiтанне Святлана! Хачу вас спытаць... Чаму вы і вашыя таварышы "па ідэі" (Халiп, Iвашкевiч, Сасiм i усё "пакаленне джынс") ствараеце культ з Дзён салідарнасці і асаблiва з "джынса" (маю на ўвазе фэст)? Канешне, салiдарнасць - гэта сьвятое,, але ж не на столькі.... Ці ведаеце вы, што "джынс" як сымбаль нашай рэвалюцыі не прымае ВЕЛЬМІ ВЯЛІКАЯ колькасць людзей! Фактычна , распаўсюджваннем ідэі "джынсавай рэвалюцыі" займаецца толькі не iснуючы рух ЗУБР. Выбачыце, але гэта яшчэ не пакаленне... Дарэчы, зараз гэта вельмi нагадвае акцыі БРСМа. Усе ж ведаюць, што "джынсавая рэвалюцыя" з трэскам правалілася... Так, менавіта ПРАВАЛIЛАСЯ! Нiякай рэвалюцыi "у галавах" не было. там быу толькi жах. Я не разумею, навошта адраджаць няўдалыя ідэі?!. Навошта дзейнiчаць метадамi рэжыма??... Спадзяюся, што пасля прыходу да ўлады дэм. сілау, нам не будуць кожныя пяць хвілін паказваць па тэлевізары нашых "герояў у барацьбе з рэжымам" і беларусаў не будуць сілком заклікаць паліць свечкі кожны месяц! ....спадзяюся..... Ну, у любым выпадку, Я За СВАБОДУ i колер маёй рэвалюцыi - БЕЛЫ! Дзякуй, з Днем салiдарнасьцi вас! |
Добры дзень. Дзякуй за пытаньне.
Нягледзячы на тое, які колер рэвалюцыі хто прымае: Вы прымаеце БЕЛЫ, я прымаю БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ, нехта ДЖЫНСАВЫ… Але ў незалежнасьці ад таго, які колер мы выбіраем для ідэі, згадзіцеся, што перамены вельмі патрэбныя нашай Беларусі. А ставіць сьвечкі ці не, гэта права, а не абавязак, і прымусу тут ніякага ня мусіць быць.
Вы сьцьвярджаеце, што рэвалюцыя з трэскам правалілася. Я не магу з Вамі пагадзіцца. Стаўцеся да гэтага як да пачатку рэвалюцыі. На плошчы сярод тысячаў беларусаў была я, мой сын Юрась і шмат маіх блізкіх і сяброў. І туды нас прывёў ня колер, а імкненьне да пераменаў. І ў тых, хто знайшоў у сабе сілы прыйсьці туды, рэвалюцыя “ў галовах” ужо пачалася. Я лічу, што ў тыя дні быць на плошчы АБАВЯЗАНЫ былі ўсе сумленныя людзі нашае краіны – і гэта ня подзьвіг ці гераізм. Згодная з Вамі, што ня варта было прысвойваць рэвалюцыі імя "джынсавая", бо ў кожнага яна была свая. Але ў той жа час аб’ядноўвала нас салідарнасьць у імкненьні да пераменаў і да таго, што мы хацелі і хочам жыць у свабоднай краіне. І кожны цяпер, пасьля тых падзеяў, можа знайсьці нейкія хібы. Але я лічу, што варта шукаць у тых падзеях і ў сёньняшняй барацьбе ня тое, што нас разьядноўвае, а тое, што нас аб’ядноўвае. Таму менавіта й лёзунг Я ЗА СВАБОДУ стаўся агульным для ўсіх нас!
Не разумею, чаму Вы вырашылі, што мае таварышы “па ідэі” – гэта толькі Халіп, Івашкевіч, Сасім, пакаленьне джынс і неіснуючы ЗУБР… Яшчэ мае таварышы – Мілінкевіч, Хадыка, Арлоў, Шушкевіч, Вячорка, Калякін, Лябедзька, існуючы "Малады Фронт" і шмат іншых сумленных беларусаў. Я здольная падтрымаць любую здаровую ініцыятыву, але не бяздумна, а толькі тады, калі яна дапаможа нам усім наблізіць “Дзень пераменаў” і ні ў якім разе не раскалоць дэмакратычныя сілы. |
[ 11/09/2006 18:54 ] |
Сьвятлана, выказваю салідарнасьць з Вашым змаганьнем. І пытаньне. Ваш муж нейкі час працаваў аператарам у Лукашэнкі. Ці расквазваў ён што-небудзь пра яго як пра чалавека, якое ён (Лукашэнка) рабіў уражаньне "за кадрам"? |
Добры дзень! Дзякуй за салідарнасьць.
Так, сапраўды, Дзіма працаваў апэратарам у Лукашэнкі ад 1994 да 1997 г. Але ж ведаеце, што тычылася яго прафэсійных абавязкаў, тут ён стараўся ні з кім не дзяліцца сваімі думкамі. Можа быць, таму, што сям’я для яго была сям’ёю, а праца – працаю, і тут ён вельмі выразна праводзіў мяжу. Адно дакладна памятаю, што калі Дзіма сыходзіў ад Лукашэнкі і я яго запытала, чаму, Дзіма адказаў: “Я не хачу, каб людзі мне плявалі ў твар”. |
[ 11/09/2006 20:53 ] |
Пытаньні да Святланы Завадскай: Паважаю мужнасьць вашага загінуўшага мужа, і вашу ў сувязі з тым пазыцыю. Улада сьвядома рыхтуе гвалтаўнікоў, катаў і забойцаў дзеля абароны сябе любімай, як была выразна прадэманстравана у выпадку з вамі падчас акцыі, а затым з цэлай калёнай моладзі, жанчын і старых пасьля выбараў. Ваш выпадак стаў вітрынай стаўленьня улады да апанэнтаў. Ці ўдалося высьветліць імя гэнага “героя”. Якія наступствы былі для яго і для вас? Дзед. |
Прозьвішча таго “героя”, які мяне ўдарыў у твар – Давідовіч Ю.М., баец АМАПу, здаецца, сяржант. Ведаеце зараз бязь жарту да таго інцыдэнту нельга ставіцца. Таму што па матэрыялах справы гэта ня ён мяне біў, а я зьбіла двух АМАПаўцаў. Спачатку я нібыта біла АМАПаўца Марцінкевіча, а затым мне "пад раздачу" патрапіў і сам Давідовіч. І, як вырашыў суд Цэнтральнага раёну г.Менску, у той дзень, 7-га ліпеня 2005 году, супрацоўнікі АМАПу мяне і пальцам не чапалі.
А калі сур’ёзна, гэта быў сапраўдны жах. Бо сёньняшнія суды могуць апраўдаць любыя злачынствы ўладаў, якія б відавочныя яны ні былі. І далей наша судовая сыстэма становіцца ўсё горш і горш. Асаблівыя прыклады таму – судовыя працэсы над моладзьдзю пасьля сакавіцкіх так званых выбараў у прэзыдэнты. |
[ 11/09/2006 20:53 ] |
Зьнікненьне Завадскага прыпісваецца СОБРаўцу, кіраўніку паўфашысцкай арганізацыі РНЕ Ігнатоўскаму, які па іншых справах садзіць пажыцьцёва ў вязьніцы. Як вы ставіцеся да гіпотэзы, што ў сувязі зь небывалай актыўнасьцю РНЕшнікаў апошнім часам, загадкавымі акалічнасьцямі сьмерці дыпляматаў зь Літвы і Польшчы ён (Ігнатоўскі), можа, ужо зноў на волі? Дзед |
Я ведаю дакладна тое, што сама чытала ў недзяржаўнай прэсе і чула ад некаторых юрыстаў. Ігнатовіч (не Ігнатоўскі) зараз знаходзіцца ў Жодзінскай турме. Ён там зараз у вельмі кепскіх умовах, і як распавядалі яго родныя, гэтыя ўмовы вельмі адмоўна ўплываюць на яго здароўе. Улады спадзяюцца і чакаюць, што ён памрэ, і гэта будзе вельмі зручны варыянт, бо тады Ігнатовіч ніколі ня зможа даказаць сваю невінаватасьць. Я не лічу, што пасьля таго, што з Ігнатовічам ужо зрабіла турма, ён ніколі ня стане ў шэрагі забойцаў. Але гэта толькі маё суб’ектыўнае меркаваньне. Што зараз з Ігнатовічам – дакладна мне не вядома. |
[ 11/09/2006 21:33 ] |
Sviatlana, ne haceli b vy kinuc use i zjehac za miazhu, jak Zaharanka, Krasouskaja, tysiachy inshyh? Shto vas trymaje u Belarusi?
Baleslau, Hrodna |
Гэта вельмі складанае пытаньне. Таму, што я разумею – такім людзям як я заставацца ў Беларусі небясьпечна. Але я разумею й тое, што я апошняя з удоў, якая займаецца справай зьніклых тут, у Беларусі. Я адчуваю, што на мне ляжыць вялікая адказнасьць і я сёньня патрэбная сваёй краіне. А яшчэ, у дадатак да ўсяго, я нядаўна прачытала на Свабодзе, што такі паважаны і знакаміты чалавек як Уладзімер Арлоў верыць у будучыню Беларусі і ў мяне ў тым ліку. Ну і як пасьля ўсяго гэтага зьедзеш? |
[ 11/09/2006 21:38 ] |
Sveta, shto vy vedajece pra asudzanyh u sprave zniknennia Zmicera -- jany siadziac za kratami ci uzho na voli?
BX |
Я ўжо адказвала на падобнае пытаньне. Па маіх зьвестках, Ігнатовіч зараз адбывае пакараньне ў Жодзінскай турме. У дадатак я ведаю, што адзін з тых, хто праходзіў па справе аб зьнікненьні Зьміцера, Савушкін, летась быў адпушчаны на волю. На сайце “Беларускага партызана” www.belaruspartizan.org было цікавае інтэрвію зь ім. |
[ 12/09/2006 00:06 ] |
Sviatlana, dobry dzien. Sto dla vas zjaulajecca sensam zyccia? Dziakuj, Alena. |
Добры дзень, Алена.
Я вельмі сямейны чалавек. І таму сэнс жыцьця для мяне – гэта шчасьце і спакой у маёй сям’і.
А ў глябальным паняцьці сэнс жыцьця для мяне – Свабода і Адраджэньне маёй Беларусі. Бо бяз гэтага і ў маёй сям’і няма спакою. |
[ 12/09/2006 10:35 ] |
Шаноўная спадарыня Сьвятлана, хачу павіншаваць Вас і Сяржука Бахуна са шлюбам. Памятаю, гады з паўтары таму браў інтэрвію ў Сяржука і пераканаўся, які гэта мужны і адначасова лагодны і душэўны чалавек. Жадаю Вам шчасьця! Перадавайце прывітаньне Сяржуку.
Маё пытаньне да Вас: чым бы Вы хацелі займацца, калі ў Беларусь прыйдзе сапраўдная свабода? Ці ёсьць у Вас мара - у прафэсыйным пляне?
З павагай, Алесь Кудрыцкі |
Прывітаньне, Алесь!
Дзякуй за віншаваньне. Мне Сяржук аб Вас распавядаў і нават даваў чытаць тое інтэрвію ў Нашай Ніве.
А што тычыцца пытаньня. Я вельмі мару аб тым часе, калі прыйдзе Свабода на Беларусь, і мы зможам усе сябе рэалізаваць у прафэсійным пляне. Я ведаю, што многія з тых, хто зараз у апазыцыі, займаюцца палітыкай выключна ў сілу абставін. Па першай адукацыі я мадэльер-канструктар жаночага адзеньня і заўсёды марыла, каб у мяне была свая крама моднага адзеньня. Але зараз я атрымліваю адукацыю палітоляга, і таму пакуль дакладна ня ведаю, якая з дзьвюх маіх адукацыяў больш спатрэбіцца свабоднай Беларусі. |
[ 12/09/2006 13:15 ] |
Святлана, як успрыняли Ваш новы шлюб Вашыя близкия, знаёмыя, а таксама маци Дзмитрыя Завадскага? |
Усе блізкія і знаёмыя ўспрынялі мой новы шлюб станоўча. Мы з маім мужам Сяржуком яшчэ да гэтага часу прымаем віншаваньні з нагоды вясельля. Хаця я ведаю, што ня ўсім наш шлюб даспадобы. Але гэта, я лічу, могуць быць толькі тыя людзі, якія ня здольныя паставіць сябе на маё месца і зразумець, што ў любым выпадку жыцьцё працягваецца, якім бы сумным і горкім яно ні было раней. І кожны чалавек хоча быць шчасьлівым зараз, а не калі-небудзь у другім жыцьці. |
[ 12/09/2006 17:00 ] |
Sveta, Chym zajmajecca vash syn? Kim hocha stac?
Alina Paulava |
Юрась зараз вучыцца ў дзясятай клясе. Цікавіцца інфарматыкай і тэхнікай. Але заўсёды кажа, што будзе прэзыдэнтам. Што тычыцца майго меркаваньня, то я б хацела, каб Юрась пайшоў па прафэсійнаму шляху ягонага таты і зьвязаў свой лёс з тэлевізійнай журналістыкай. На жаль, зараз у Беларусі няма незалежнай тэлевізіі, і таму разьвівацца прафэсійна на Радзіме сёньня немагчыма. Спадзяюся, у хуткай будучыні такая магчымасьць зьявіцца. |
[ 12/09/2006 17:23 ] |
Раскажыце пра сустрэчу з Бушам. Якое ён зрабіў на Вас уражаньне? Ці пагаджаецеся Вы зь меркаваньнем, што Буш-малодшы - недалёкі чалавек? |
Джордж Буш пакінуў у мяне ўражаньне разумнага чалавека, у якога вельмі добрае пачуцьцё гумару. Напрыклад, пра Біла Клінтана не казалі, што ён недалёкі чалавек, але ж я сумняюся, што Клінтан ведае аб Беларусі больш, чым, Джордж Буш-малодшы. Таму мае ўражаньні сфармаваліся менавіта з гэтага падыходу. Я лічу, што чуткі аб недалёкасьці Буша-малодшага былі “запушчаныя” крамлёўскімі СМІ. Многія крытыкуюць Джорджа Буша за вайну ў Іраку, але ніхто ня ведае, што зрабіў бы ён сам на месцы Буша пасьля жудаснай трагедыі 11-га верасьня, гадавіна якой была на гэтым тыдні. |
[ 12/09/2006 17:29 ] |
Шаноўная Сьвятлана, ці маюць нейкі рэальны і канкрэтны эфэкт акцыі салідарнасьці, якія праводзяцца 16-га кожнага месяца? |
Я ня ведаю, які канкрэтны эфэкт ад акцый 16-га хто чакае. Але для мяне, як для ахвяры гэтага рэжыму, гэты дзень вельмі важны, таму што я адчуваю салідарнасьць шматлікіх людзей, якія думаюць і падтрымліваюць усіх, хто пацярпеў ад гэтай улады. Кожны месяц 16-га такія акцыі праводзяцца ня толькі ў Беларусі, але і ў ЗША і краінах Эўропы. І гэта нагадвае ўладам Беларусі, што за падзеямі ў Беларусі ўважліва сочаць па ўсім сьвеце. І паверце мне, гэта варта таго. Давайце ўспомнім, што яшчэ гадоў пяць таму, аб Беларусі мала ведалі ў сьвеце, а зараз нас падтрымліваюць усе цывілізаваныя краіны. І гэта ўсё дзякуючы падобным ініцыятывам. Я спадзяюся, што ўсе нашыя акцыі важныя, і жадаю, каб яны наблізілі нас да перамогі. |
[ 12/09/2006 19:00 ] |
Паважаная Сьвета! Я хачу Вас папросту павіншаваць з тым, што Вы нарэшце ўладкавалі сваё асабістае жыцьцё :) Вы гэтага заслугоўваеце: любая жанчына мае права быць шчасьлівай. Усяго Вам самага добрага і віншаваньні з нагоды шлюбу!
Алена. |
Алена! Шчыры дзякуй Вам за добрыя словы і за тое, што Вы мяне разумееце. |
[ 12/09/2006 19:13 ] |
Сьвятлана!
Як Вы ставіцеся да крытыкі?
Сяржук |
Я сама вельмі крытыкую сябе. Таму да крытыкі стаўлюся вельмі добра, калі я адчуваю, што нешта мне патрэбна выправіць у сабе, у маі хсправах. Я радая і дзякую ўсім за тое, калі мне робяць нейкія заўвагі. |
[ 12/09/2006 19:14 ] |
Сьвятлана!
Скажыце калі ласка, што Вы чытаеце? Якія газэты, часопісы, кнігі? Хто ў Вас Любімы журналіст, паэт і пісьменьнік?
І яшчэ, якую кніжку Вы марыце прачытаць, але адкладваеце гэта па самых розных прычынах?
Дзякуй!
Сяржук |
З газэтаў я чытаю "Народную Волю", "Нашу Ніву", "Моладзевую думку", "Салідарнасьць" - усіх не ўзгадаю, але чытаю многа, і шмат чытаю інтэрнэт-выданьняў. Што да кніг, то на маім вясельлі прысутнічаў такі вялікі чалавек як пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Ён падараваў нам некалькі кніг, і адну зь іх, "Сланы Ганібала", я зараз чытаю. Гэта вельмі цікавая кніга, яна складаецца зь невялічкіх эсэ, якія былі напісаныя за 15 гадоў, і калі іх чытаеш, здаецца, што яны было напісаныя сёньня, але потым глядзіш дату і бачыш, што эсэ было напісанае 15 год таму, але ня страціла сваёй актуальнасьці ані сёньня.
Што да любімага пісьменьніка, то прыярытэты з гадамі мяняюцца, таму сёньня я магу назваць сваіх любімых пісьменьнікаў - гэта Ўладзімер Арлоў і Васіль Быкаў. |
[ 12/09/2006 21:11 ] |
Почему оппозиция яростно отказывается хотя бы иметь ввиду версию о том, что четверых публичных людей могли похитить западные спецслужбы с целью подставить под удар действующую власть? Ведь очевидно, что ни малейшей политической либо какой-либо иной выгоды Лукашенко от похищения Вашего мужа не получил. Хащеватский какой-нибудь в этом смысле для Лукашенко гораздо неприятнее. А получил он только лишь подозрения в политических убийствах. |
Я чую такую вэрсію ўпершыню, і яна дзіўная для мяне. Што тычыцца спэцлужбаў эўрапейскіх ці амэрыканскіх - ведаеце, у Беларусі таксама някепскія спэцслужбы, і калі б заходнія спэслужбы скралі гэтых людзей, то беларускія спэцслужбы выкрылі б гэта, зрабілі здымкі ці нешта яшчэ, каб даказаць, што зьніклыя знаходзяцца ў Эўропе ці ў Амэрыцы. А тое, што зараз адбываецца ў нашай краіне з тэмай зніклых, гаворыць толькі аб тым што ўлады Беларусі ведаюць праўду пра тое, што адбылося са зьніклымі. Гэтыя людзі - Ганчар, Захаранка, Завадзкі - некалі працавалі на Лукашэнку і яго рана ці позна пакінулі. Чаму вы не дапускаеце вэрсію таго, што гэта была звычайная помста гэтым людзям за тое, што яны яму як бы "здрадзілі"? І Хашчавацкі, канечне ж, не належыць да гэтых людзей, таму ён не перашкаджае ўладзе ў такой ступені, як гэтыя людзі. |
[ 12/09/2006 21:28 ] |
Добры дзень Святлана,а вы пойдзеце на Вялікі Джынсавы Фэст?Дзякуй Вам вялікі за тое ,што вы вытрымалі.Шчасцівага Вам жыцця з разам Сяржуком.Удачы.Антось. |
Дзякуй за віншаваньні. Мы абавязкова зь Сяржуком і маім сынам Юрасём пойдзем на Джынсавы фэст, таму што для нас 16 дзень кожнага месяца - гэта сапраўды Дзень салідарнасьці, і нашай, і тых людзей, якія нас падтрымліваюць. |
[ 13/09/2006 08:46 ] |
Ці служыў Ваш сын у арміі і ці не баіцеся Вы аддаваць яго ў гэтае панаваньне "дзедаўшчыны"? |
Майму сыну яшчэ толькі 15 год, але канечне, я думаю аб тым, што яму рана ці позна прыйдзецца служыць у арміі, і мяне як маці вельмі непакоіць складаная сытуацыя, якая скаллая ў нашым войску. Я колькі думаю аб гэтым, столькі спадзяюся, што на той час, калі мой сын пойдзе служыць, сытуацыя зьменіцца ў лепшы бок. |
[ 13/09/2006 11:46 ] |
Святлана, Вы мадэльер жаночага адзеньня. Як Вы ацэньваеце тэндэнцыі ў сучаснай модзе? Вы часта бываеце за мяжой, можаце параўноўваць, таму пытаньне: наколькі па-сучаснаму апранаюцца ў Менску? |
Вельмі цікавае пытаньне. Пачну з таго, што я вельмі даўно не займаюся сваёй прафэсіяй сапраўднай, але толькі магу разважаць на конт таго, што я бачу ў Эўропе, Амэрыцы і тут. Магу сказаць, за апошнія гады тэндэнцыя такая, што нашыя людзі апранаюцца лепш з кожным годам. Канечне, можа, гэта яшчэ ня той узровень, як у Эўропе, але мы ўжо набліжаемся да гэтага. Мяне гэта радуе, таму што вельмі прыемна бачыць на вуліцах прыгожа апранутых людзей. Тэндэнцыя такая, што калі чалавек лепш апрануты, ён адчувае сябе лепш, у яго на твары зьяўляецца ўсьмешка, ён больш адкрыты. І канечне, гэта вельмі прыемна, бо мы набліжаемся ў гэтым да эўрапейскіх краінаў. |
[ 13/09/2006 11:51 ] |
Сьпадабауся цi Вам спадар Джордж Буш як чалавек, кiраунiк вялiкай дзяржавы? |
Я ўжо адказвала на падобнае пытаньне, але паўтаруся, што Буш зрабіў на мяне ўражаньне разумнага чалавека з добрым пачуцьцём гумару, ён вельмі многа ведае пра Беларусь, для мяне гэта было важным фактарам, і ўражаньне маё сфармавалася менавіта з гэтага падыходу. |
[ 13/09/2006 12:26 ] |
Святлана, за каго вы галасавалі на прэзыдэнцкіх выбарах? Чаму?
Кірыл, Мінск |
Я галасавла за Мілінкевіча, бо бачыла ў ім шчырасьць, лідэрскія якасьці. Я ведаю яго асабіста, у нас была зь ім паездка ў Маскву, я бачу, як гэты чалавек амаль што за год меў вяліклі прагрэс у палітычным пляне, таму я галасавала за яго, веру яму і цяпер. |
[ 13/09/2006 12:27 ] |
Сп. Завадзкая, ци маеце вы сувязь з арганизацыями ци асобами у иншых краинах, чые родныя зьникли пад час кираваньня хунты, дыктатуры?
Вольга, Германbя |
Так, ёсьць кантакты, арганізацыя "Мы памятаем" маем такія кантакты ў Паўднёвай Амэрыцы, на Філіпінах, у Афрыцы і іншых краінах сьвету. Мы праводзім супольнывя канфэрэнцыі па гэтых пытаньнях. Кантакты дастаткова цесныя. |
[ 13/09/2006 12:32 ] |
Светлана, что, по вашему, следует делать с теми "интеллигентами", кто все эти годы способствует укреплению диктатуры -- судьями, официальными журналистами, ректорами университетов и тд -- теперь, когда они во власти, и потом, после перемен?
Олег, Минск |
Ведаеце, у мяне да гэтага вельмі асабістае стаўленьне. Я б ім усім забараніла займаць якія-небудзь кіроўчыя пасады і адправіла б іх усіх месьці вуліцы. Будзе чыстая Беларусь, і яны будуць пры працы. Гэта называецца закон аб люстрацыях. |
[ 13/09/2006 13:18 ] |
Добры дзень, Святлана! Вы вельмі мужная жанчына. Уся інтэлектуальная Беларусь ганарыцца Вамі. Скажыце, калі ласка, што б Вы сення пажадалі моладзі, якая верыць і змагаецца за перамогу дэмакратыі, за змены ў грамадска-палітычным жыцці ў нашай краіне? Мікіта. |
Вельмі добрае пытаньне. Я вельмі паважаю і люблю нашу беларускую моладзь. Я хацела б пажадаць вам мужнасьці, сілы ў барацьбе з гэтым рэжымам, таму што я веру, што за вамі будучыня, што такія людзі як вы, якія стаялі на Плошчы ў сакавіку - гэта вы будзеце кіраваць гэтай краінай, зьмяняць яе ў лепшы бок. Веру ў вас, як ні ў каго іншага. |
[ 13/09/2006 13:46 ] |
Сьвятлана, як вы лічыце ці падрэбна зараз абараняць нашых змагароў за свабоду, дапамагая ім у вырашэнні іх асабістых пытанняў і праблем. Калі да, то распавядзіце што зараз робіцца у гэтым накірунку і што вы плануеце рабіць далей, каб просты чалавек з рэгіёна быў боль абаронены ад дзеянняў улад.
З павагай, Андрэй Абалевіч. |
Я лічу, што, канечне, патрэбна абараняць гэтых змагароў за свабоду. Таму што тое, што адбываецца ў рэгіёнах - гэта яшчэ больш складана, чым тое, што адбываецца ў Менску. Таму што пра менскіх змаргароў мы шмат ведаем, а пра тых, хто ў рэгіёнах - вельмі мала. Думаю, варта стварыць такую інфармацыйную сетку, каб туды маглі зьвярнуцца людзі, якія змагаюцца ў рэгіёнах, таму што я ведаю, што такіх гісторый, вельмі цікавых і сумных, вельмі шмат. У сваю чаргу, незалежая прэса ў рэгіёнах - тіаксама змагары за свабоду, за праўду, і той фонд, які я ствараю, ён якраз будзе займацца дапамогай незалежным журналістам і ў большай ступені журналістам з рэгіёнаў, якія трапілі пад рэпрэсіі з боку ўладаў. |
[ 13/09/2006 14:15 ] |
Сьвета! Які ўплыў зрабіла на Вас гэтая онлайн-канфэрэнцыя? Ці вырашылі Вы што-небудзь памяняць пасьля таго, як выйдзеце са студыі Свабоды? Алесь |
Я вельмі радая, што "Свабода" запрасіла мяне на гэтую онлайн-канфэрэнцыю. Дзякуючы ім я ведаю, што цікавіць нашых людзей, якія пытаньні іх цікавяць у адносінах да мяне. Дзякуй усім. |
[ 13/09/2006 14:20 ] |
Мы заканчваем нашу онлайн-канфэрэнцыю. Вэб-рэдактар. |
|
|