[ svaboda logo ] [ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
форум  


6 Верасьня 2006
Барыс Пятровіч


Барыс Пятровіч (Сачанка) нарадзіўся ў 1959 г. у в.Вялікі Бор, што на Гомельшчыне. Скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржунівэрсытэта. Працаваў у "Гомельскай праўдзе", "Звяздзе", "ЛіМе".

Аўтар некалькіх кніг прозы. Ягоны зборнік “Шчасьце БЫЦЬ…”, паводле апытаньня”Нашай Нівы”, названы лепшай кнігай 2004 г.

Адзін з заснавальнікаў і галоўны рэдактар літаратурна-мастацкага часопісу “Дзеяслоў”.
04.01.2006
Аляксандар Вайтовіч
10.01.2006
Сяргей Гайдукевіч
18.01.2006
Аляксандар Казулін
23.01.2006
Аляксандар Мілінкевіч
26.01.2006
Зянон Пазьняк
03.02.2006
Андрэй Дынько
09.02.2006
Павел Шарамет
15.02.2006
Лявон Вольскі
20.02.2006
Сяргей Калякін
28.02.2006
Алесь Пашкевіч
08.03.2006
Сьвятлана Алексіевіч
16.03.2006
Джордж Крол
23.03.2006
Аляксандар Мілінкевіч
30.03.2006
Ніна Шыдлоўская
05.04.2006
Крысьціна Шацікава
11.04.2006
Iвонка Сурвіла
19.04.2006
Марыюш Машкевіч
04.01.2006
Юры Бандажэўскі
10.05.2006
Іна Кулей
17.05.2006
Валер Леванеўскі
24.05.2006
Вячаслаў Сіўчык
31.05.2006
Валер Булгакаў
07.06.2006
Сяргей Тарпачоў
13.06.2006
Вінцук Вячорка
19.06.2006
Наш Васіль Быкаў

27.06.2006
100 дзён пасьля Плошчы

05.07.2006
Захар Шыбека

12.07.2006
Валер Дранчук
14.07.2006
Ірына Казуліна
19.07.2006
Ганна Кісьліцына

26.07.2006
Аляксандар Дабравольскі
02.08.2006
Вітаўт Мартыненка
08.08.2006
Янка Запруднік

14.08.2006
Сяргей Антончык
23.08.2006
Алесь Пушкін
28.08.2006
Іна Кулей
13.09.2006
Сьвятлана Завадзкая

20.09.2006
Аляксандар Старыкевіч

27.09.2006
Алесь Каліта

04.10.2006

Аляксандар Мілінкевіч
11.10.2006
Уладзімер Мацкевіч

18.10.2006
Сяргей Харэўскі

25.10.2006
Анатоль Лябедзька
30.10.2006
Павал Севярынец

08.11.2006
Тацяна Процька

15.11.2006
Валер Булгакаў
22.11.2006
Сяргей Скрабец
29.11.2006
Андрэй Дынько
06.12.2006
Станіслаў Шушкевіч

13.12.2006
Уладзімер Някляеў

19.12.2006
Ваша Свабода
2003  2004  2005  2006
[ 04/09/2006 19:05 ]
А якіх пісьменьнікаў Вы самі любіце перачытваць? Што ў іх шукаеце? І што знаходзіце?
Сваім звычкам не здраджваю, не кідаюся на моднае сёньня. Ды і большасьць з таго еўрапейска-сусьветнага, што зьяўляецца цяпер, можна прачытаць дзеля знаёмства, але перачытваць ня хочаццца. Гэты ж крытэр – жаданьне перачытаць і ня раз нейкі твор – лічу сьведчаньнем сапраўднасьці літаратуры. А яшчэ, калі пры чытаньні зьяўляецца сьверб – напісаць нешта сваё: гэтак ж так проста… Чытаю і перачытваю Гогаля і Кафку, Даўлатава і Акутагаву, Платонава і Хармса. Зь беларусаў – Гарэцкага і Стральцова. Што ў іх шукаю і знаходжу, знаўцам зразумела ўжо з пераліку імёнаў: дзіва і прыгажосьці стылю. Лічу, важнымі для пісьменьніка два моманты: наяўнасьць фантазіі і дасканалае валоданьне мовай. Але першае не ўратуе, калі няма другога... Люблю майстэрскія “няправільнасьці” стылю, абсурд, волю, палёт думкі, плынь сьвядомасьці… Гэта тое, што стварыць (і ацаніць!) можа толькі чалавечы розум, бо ніякі кампутар няправільна з пункту гледжаньня стылістыкі ды логікі... не напіша, а рэалістычна-фантастычныя, прыгодніцка-меладраматычныя раманчыкі “правільнай” мовай кампутар ужо сёньня можа складаць без удзелу чалавека...
[ 04/09/2006 19:05 ]
Вядома, што ў Вашага дзядзькі -- пісьменьніка Барыса Сачанкі - была адна з найлепшых прыватных бібліятэк у Менску. Дзе яна цяпер?
Яна ў аснове сваёй, дзякуй Богу, там, дзе і была... А ўвогуле, кнігі, як і людзі, зьяўляюцца зь нічога і сыходзяць у нікуды. Кнігі, як і птушкі, зьбіраюцца ў чароды і разьлятаюцца… За апошнія гады мы страцілі некалькі ўнікальных беларускіх бібліятэк: бібліятэку “ЛіМа”, бібліятэку выдавецтва “Мастацкая літаратура” і зусім нядаўна – бібліятэку Саюза пісьменнікаў… І ніякая пабудова “нацыяналкі” ня можа быць апраўданьнем гэтаму барбарству, гэтаму злачынству…
[ 04/09/2006 21:47 ]
Як на Вашую думку, ці зьявіліся за апошні год цікавыя аўтары (маладыя паэты, празаікі), якія застануцца ў беларускай літаратуры, альбо маюць права застацца...
Цешуся з таго, што ў літаратуру ідзе вельмі цікавае пакаленьне – пакаленьне дзяцей “тутэйшых”, якія самі былі дзецьмі “шасьцідзесятнікаў”. Ня ведаю, што задало такую “хвалевасьць” у беларускай літаратуры: паўстаньні, рэвалюцыі, войны, зьнішчэньні… але яна прасочваецца яскрава. А таму “Дзеяслоў” не выпадкова распачаў зь першага нумару рубрыку “Дэбют”. Нашая задача падтрымаць маладых, даць ім мажлівасьць выбару: дзе друкавацца – у незалежных ці падцэнзурных выданьнях… Магу назваць дзясятак імёнаў тых, за чыёй творчасьцю, за чыім ростам сачу з задавальненьнем, тых, каму сёньня прыблізна дваццаць: Адэля Дубавец, Сяргей Прылуцкі, Зараслава Камінская, Віктар Іваноў, Валянцін Бойка, Марыйка Мартысевіч, Тацяна Нядбай, Цемрык Велет, Анатоль Івашчанка, Алесь Квіткевіч, сёстры Манцэвіч, Усевалад Сьцебурака, Андрэй Адамовіч, Яраслава Ананка, Павал Сьвярдлоў… Пэўна, хопіць… Многія з названых друкаваліся ў “Дзеяслове”, некаторыя – маюць кнігі. Ці застануцца яны ў літаратуры? Пакажа час. Звычайна дабіваюцца чагосьці тыя, хто напачатку ў цені, застаюцца тыя, хто стартуе са спазьненьнем... Альбо бывае як у эстрадзе: у конкурсах перамагаюць адны, а ведаюць і любяць зусім іншых… Дай Бог усім, хто ідзе сёньня ў нашую літаратуру, выстаяць і не зламацца, ня здрадзіць і адбыцца…
[ 04/09/2006 22:03 ]
Spadar Barys, dobryj dzien. Skazycie, kali laska, sto u vasym razumienni josc sens zyccia. Dziakuj, Alena.
Ох-хо! Спытайце ў Прыроды, і яна адкажа: сэнс жыцьця ў тым, каб жыць, каб працягваць свой род… Але мы, дзякуй Богу, не трава. Я скончаны рамантык. І хоць не люблю высокіх словаў, але скажу, што для мяне сэнс жыцьця ў гэтым паэтычным радку: “Як жыць, дык жыць для Беларусі…”
[ 05/09/2006 10:43 ]
Spadar Barys! 1/ Jakiia gistarycznyia pomniki Bieіarusi dla Vas najbolsz znacznyia i czamu? 2/ Jakiia gistarycznyia pomniki Bieіarusi moguc pryvabic turystau? Z pavagaj,
Крыж Еўфрасіньні Полацкай… Штосьці мне падказвае, што ён неўзабаве будзе знойдзены… Беларусь у мінулым называлі краінаю замкаў. І гэта і сапраўды так было. Я аднавіў бы, адбудаваў бы Крэўскі, Гальшанскі, Лоскі замкі, сядзібу Сапегаў і ўтварыў беларускае “Залатое колца” ці лепей – “Залатую падкову”, бо ў нас большасьць помнікаў ці іх рэшткаў захавалася на захад ад Менску. А што, летувісы адбудавалі Тракайскі замак ад падмурку… І зрабіць гэта трэба для сябе. Турыстаў жа прывабіць можа найперш беларуская прырода, бо замкамі ці гістарычнымі помнікамі мы наўрад ці зьдзівім іх.
[ 05/09/2006 15:26 ]
Назавiце,калi ласка, месцы дзе можна набыць 'Дзеяслоў'.
Каб гарантавана атрымліваць “Дзеяслоў” сёньня найлепш проста падпісацца – у любым паштовым аддзяленьні краіны. Дзяржаўныя манапалісты “Саюздрук” і “Белкніга” браць часопіс на распаўсюд адмовіліся. У Менску “Дзеяслоў” можна набыць у прыватных распаўсюднікаў, замовіць жа яго чытачам з па-за Менску найлепш у нашаніўскай “Кнізе-Поштай”.
[ 05/09/2006 15:43 ]
Ці ёсьць у вас нейкая канкурэнцыя з "холдынгавымі" часопісамі, напрыклад з Полымем?
Жыцьцё паказвае, што ў “Дзеяслова” і “Полымя”, “Маладосьці” розныя ня толькі аўтары, але і чытачы. І мы, на жаль, сёньня не канкурэнты. На жаль, бо канкурэнцыя яшчэ нікому ня шкодзіла. Мы маглі б стаць канкурэнтамі ў падпісным каталёгу, але дзяржава нас умела разводзіць па розных кутках: холдынгавыя выданьні ў першачарговую падпіску, незалежныя – у “чорны” сьпіс…
[ 05/09/2006 15:45 ]
Журналістка Адэля Дубавец значна больш цікавая чым "пісьменьніца" Тэда Лі. Ці маюць шанец не дзеці літаратараў надрукавацца ў "Дзеяслове"?
Друкуюцца, як бачыце. І ня толькі Тэда Лі. Наконт “цікавасьці” гатовы паспрачацца: у пісьменьніцы Адэлі пэрспэктыву бачу большую, чымсьці ў журналістцы, і жадаю ёй нікога ня слухаць, а працаваць ды працаваць. Іншая справа, што журналістыка сёньня больш хлебная і ў ёй прасьцей быць навідавоку. Гэта многіх і спакусіла і зьбіла з панталыку…

Увогуле – я ня бачу нічога кепскага ў “дынастыйнасьці”. Чаму дынастыі патомных дояраў ці шахцёраў гэта добра, а пісьменьнікаў ці журналістаў – кепска? Пэўна, гэта рэцыдыў савецкіх часоў: маўляў, пратэкцыя, дапамога… Усё гэта можа быць, але на самым нізкім узроўні, у сэнсе кар’ернага росту, але ні ў якім разе ня творчага... Ніякі бацька за сваё дзіця не напіша “Майстра і Маргарыту” ці “Дзікае паляваньне…”
[ 05/09/2006 15:52 ]
Спадар Барыс! Як Вы ставіцеся да ініцыятывы наданьня Нобелеўскай прэміі рыгору Барадуліну? Я ня ў тым сэнсе, што ён ня варты гэтай прэміі (канешне варты, як быў варты і Быкаў), але там, у Швэцыі, ёсьць свае расклады, дзе месца беларусам няма. Ці не пераўтвараецца ідэя нобеліяны для беларуса ў нейкі комплекс?
Люблю творчасьць Рыгора Іванавіча. Шкадую, што паэзія ягоная цяжка перакладная на іншыя мовы, і што сябры Нобэлеўскага камітэту ня змогуць ацаніць кшталт яе ў перакладах. У Швэцыі, вядома, свае расклады, але адчыняюць дзьверы тым, хто стукаецца. Той жа Бунін стаў ляўрэатам ці не з трынаццатай спробы…

Беларуская літаратура сёньня, лічу, адна з самых цікавых у Эўропе. Але і – адна з самых невядомых. Таму, можа быць, Рыгор Іванавіч, як некалі Быкаў, праторвае шлях і не для сябе, а для наступнікаў, якіх нямала. Што да “комплексу”, дык такое ўражаньне можа скласьціся ў таго, хто добра ведае нашыя справы і зусім ня ведае, што дзеецца ў суседзяў і як станавіліся ляўрэатамі, скажам, польскія ці чэскія аўтары, і як працавалі на гэта іх дзяржавы.
[ 05/09/2006 16:01 ]
Shto vy planuece nadrukavac' z nevjadomaha Bykava?
У наступным, кастрычніцкім, нумары друкуем невядомую аповесьць Васіля Уладзіміравіча “Бліндаж”. На жаль, няскончаную, аднак Алесь Пашкевіч, паводле быкаўскіх нататнікаў, аднавіў яе сюжэт да канца. Аповесьць пісалася ў 1987 годзе, і Васіль Уладзіміравіч ня раз вяртаўся да яе, пра што сьведчаць шматлікія праўкі на машынапісе і запісы розных гадоў па разьвіцьці сюжэту, прычым апошнія – 2003 году. Ня ведаю, чаму гэтая аповесьць так цяжка давалася Васілю Ўладзіміравічу, і шкадую, што ён не дапісаў яе, бо гэта магла б быць адна зь лепшых ягоных рэчаў… Сюжэт: пачатак Вялікай Айчыннай, у адным бліндажы апынуліся паранены савецкі афіцэр, немец-дэзэртэр, нядаўні мясцовы савецкі работнік, паліцай… І даглядае іх, корміць з апошняга беларуская вясковая жанчынка Серафімка, брата якой у 1937-м здаў той самы савецкі работнік… Але – чытайце лепш самога Быкава. Што да далейшых плянаў, дык зразумела: спадчына Васіля Ўладзіміравіча не бяздонная. Мы і так друкуем яе пачынаючы з сёмага нумару. За гэта вялікі дзякуй Ірыне Міхайлаўне Быкавай – нястомнай працаўніцы і вернай спадарожніцы… Ёсьць яшчэ невялікія няскончаныя творы і, мажліва, прыйдзе час і іх надрукаваць. Мы ж цяпер будзем арыентавацца больш на эпісталярную спадчыну. Лісты Васіля Уладзіміравіча да Еўдакіі Лось, да сястры Валянціны, да настаўніка Міколы Пашкевіча мелі добры рэзананс і раскрылі новыя грані асобы пісьменьніка. Васіль Уладзіміравіч вёў вялікую перапіску з сябрамі ня толькі ў Беларусі і мы паціху-патроху будзем друкаваць тыя лісты.
[ 05/09/2006 19:29 ]
Спадар Барыс, як и ким распрацоувалася "Дзеясловаука" -- тая мова, на якой вы друкуеце свой часопис? Бо яна адрозниваецца ад тарашкевицы и наркамауки. З павагай Аляксандр Фядута
У гэтым не прымалі ўдзел інстытуты - гэта зрабілі пісьменьнікі, аўтары "Дзеяслова". Мы ўсе жывем у адным доме, як сп. Фядуту пэўна вядома, мы сабраліся каля свайго дома і вырашылі, што варта было б найперш вярнуць рэпрэсаваны мяккі знак, узяць тое лепшае, што ёсьць у тарашкевіцы, што зрокава ня кідаецца ў вочы пры чытаньні, як "Лёндан", "кляса" й г.д. "Дзеясловіца" арганічна ўпісалася паміж двума правапісамі, і яна магла б стаць асновай для зьменаў, якія заплянаваныя нашай дзяржавай. На жаль, я чытаў інтэрвію Лукашанца ў "Нашай Ніве", ён нядобра адазваўся пра дзеясловіцу. Адчуваньне, што ён ня вельмі знаёмы з гэтым правапісам. Калі ўзаконьваць зьмены на дзяржаўным узроўні, я б раіў мовазнаўцам зьвярнуць увагу на мяккі знак. Каб не было як сёньня, калі дыктары на БТ гавораць "смех". А іншыя зьмены - справа шырокага абмеркаваньня, на жаль, гэтага ў нас не адбываецца.
[ 05/09/2006 20:52 ]
Ці лічыце Вы слушнай анатацыю на кнігу Ганны Кісьліцынай у "Дзеяслове" №23? З усіх 20 зь нечым выданьняў толькі яна адна атрымала суцэльна нэгатыўную ацэнку. Пра ўсе астатнія знайшлося хаця б адно добрае слова. Здаюцца беспадстаўнымі папрокі ў бок Кісьліцынай у тым, што яна не згадала творчасьць таго ці іншага пісьменьніка, калі дасьледаваньне прысьвячалася іншым аспэктам літаратурнага працэсу. Магчыма, такія агляды варта было б даваць з подпісам аўтара, а не як рэдакцыйную пазыцыю? Зьміцер Дзядзенка
Гэта наша другая публікацыя "Дзеяпісу". У першай мы тлумачылі, што пакуль што гэтая рубрыка будзе рэдакцыйнай, г.зн. нібыта ананімнай, але ў пэрспэктыве яна павінна стаць аўтарскай. Мы шукаем чалавека, які вёў бы гэтую рубрыку і пэрсанальна адказваў за напісанае. Бо, на жаль, мы вельмі шмат цікавых кніжак проста губляем у прасторы - яны не знаходзяць чытача, адбітку на старонках друку. Мы хацелі б зафіксаваць іх прысутнасьць у сьвеце.

Калі анатацыя пра кнігу Г.Кісьліцынай камусьці падалася залішне крытычнай і вострай, то, сапраўды, у ёй дасьледуецца пэўны аспэкт найноўшай літаратуры. Але як вам такая рэч: дасьледуецца новая беларуская літаратура з 2002 году, калі зьявіўся часопіс "Дзеяслоў", і пры гэтым часопіс нідзе практычна ня ўзгадваецца. Гэта ёсьць аб'ектыўнасьць ці гэта што?
[ 05/09/2006 21:56 ]
Vitaju pavazany spadar Sachanka. Jakim nakladam vyhodzic zaras "dzejaslow" i jakim chynam raspausjudzvaecca? Ci mozna jago nabyc u malyh haradoh i mjstechkah? Hto vash chytach? Shto wy robice kab pashyryc chytackuju audytoryju? Ranej byw "pershacvet" dlia maladyh litaratarau. Dzie jany drukujucca zaras? Sjarhey.
1.Наклад наш пазначаны ў кожным нумары, і мы строга прытрымліваемся яго. У нас каля 600 падпішчыкаў, спачатку рассылаем ім, астатнія разыходзяцца па Менску, у правінцыю трапляе нязначная частка, хіба што праз прыватных распаўсюднікаў.

2. Наша рэдакцыя ладзіць шмат сустрэчаў з чытачамі ў бібліятэках, ВНУ, школах, раз на тыдзень выяжджаем за межы Менску, з намі - Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Міхась Скобла, Эдуард Акулін. Такія сустрэчы ладзяцца ня менш чым раз на тыдзень. Мяркуючы па сустрэчах, нашы чытачы - інтэлігенцыя, настаўнікі, студэнты, старшакласьнікі. Усе, хто цікавіцца беларускай культурай, літаратурай і мовай. Гэта ня так і мала.

3. Я ўжо казаў, што мы ставаралі наш часопіс, каб было дзе друкавацца сталым пісьменьнікам, але і ўлічваць тое, што ў літаратуру ідзе новае пакаленьне. Таму мы зь 1 нумару пачалі рубруыку "Дэбют", у якой надрукавалася за гэты час больш за 30 аўтараў, якія да "Дзеяслова" нідлзе не друкавалі свае творы. Многія імёны цяпер ужо вядомыя нашым чытачам, большасьць зь іх сталі пераможцамі нашаніўскіх конкурсаў апошніх гадоў. Мне хацелася б, каб у маладых літаратараў была альтэрнатыва, выбар, дзе друкаваць свае творы, альбо ў падцэнзурных дзяржаўных выданьнях, альбо ў незалежных . Мы радыя кожнаму новаму твору дасланаму ў "Дзеяслоў", гатовыя яго разгледзець, абмеркаваць, падрыхтаваць да друку і надрукаваць.
[ 06/09/2006 00:36 ]
Дзякуй Вам за ўсё, што робіце й хай беражэ Вас Бог! Пытаньні: 1) Ці дазваляе часопіс існаваць альбо Вы маеце іншыя крыніцы даходу? 2) Якая наступная кніга(-і) ў бібліятэчцы мае(-юць) выйсьці? 3) Калі чакаць Вашу новую кнігу, ці ёсьць час на сваё? Дзякуй яшчэ раз, шчасьця быць!
Дзякуй за добрыя словы.

1) Вядома, літаратура ў нас сёньня нікога ня корміць, трэба працаваць яшчэ-небудзь, што я і раблю.

2) Мы адклалі выхад наступнай кнігі на восень. Мы рыхтуем адразу некалькі кніг. Мне хацелася б, каб гэта была кніга Тацяны Сапач, можа, гэта будзе кніга Ўсевалада Сьцебуракі... Хутчэй за ўсё, гэта будзе асобнае выданьне аповесьці Васіля Быкава "Бліндаж".

3) Самае цяжкае для мяне пытаньне. Часу застаецца вельмі мала, але сёе-тое пішацца, і я думаю, што ў наступным годзе павінна быць новая кніга. Ранейшыя мае кнігі выходзілі невялікімі накладамі, таму можна падумаць пра тое, каб перавыдаць тое, што патрапіла да чытача ў часопісных выданьнях, але не было ў кнігах.
[ 06/09/2006 10:08 ]
Ці плануюцца якія-небудзь акцыі пісьменнікаў з нагоды ціску ўладаў на іх арганізацыю? Дзякую вялікі!
Перад самым высяленьнем у нас была нарада, на якой абмяркоўваліся гэтыя пытаньні. Было прынята рашэньне - да справаздачна-выбарнага зьезду нічога не рабіць, а прадпрыняць нейкія захады на зьезьдзе і пасьля зьезду. Зьезд мусіць быць вызначальным, як нам жыць далей.
[ 06/09/2006 10:37 ]
Барыс Пятровіч, вітаю вас. Як, на вашую думку, зьмяніліся б крытэры адбору твораў у "Дзеяслове" і іншых літчасопісах цяпер і раней, калі бы белмова ў нас была гэткай жа распаўсюджанай, як расейская ў Расеі, нямецкая ў Нямеччыне і г.д.? І ці не падаецца вам, што, з аднаго боку, улады ціснуць на Саюз беларускіх пісьменьнікаў, каб ён зьнік, а з другога боку, менавіта гэта працягвае ягонае існаваньне. У беспраблемны час ці ня зьнік бы СБП? Дзякую. Кірыла
Калі б сытуацыя была такой, як вы кажаце, дык, па-першае, у нас было б літаратурна-мастацкіх выданьняў у дзесяткі разоў болей. Яны б выходзілі і ў абласных цнтрах, і ў раённых, больш было б аўтараў, большая была б канкурэнцыя. У якойсьці маленькай па нашых мерках Эстоніі, калі быў аб'яўлены конкурс на новы раман, паступіла 300 новых кніг - на мільён эстонцаў. Калі б беларусаў, якія карыстаюцца сёньня мовай на працы, у побыце, быў прынамсі мільён, то канкурэнцыя была б большай, і быў бы таксама большы выбар.

2) СБП ня зьнік бы, кажу катэгарычна - гэта ня нейкая там савецкая прыдумка, гэта своеасаблівы прафсаюз, які патрэбны самім пісьменьнікам. У новай Беларусі саюз проста ня быў бы адзіным, а распаўся б на некалькі, як гэта адбылося ва Ўкраіне, у Літве, Расеі. Творцы падзяліліся б паводле нейкіх ідэялягічных, творчых прынцыпаў на некалькі арганізацыяў, але саюзы пісьменьнікаў існавалі б, як існуюць яны сёньня ў Заходняй Эўропе, дзе ствараліся не паводле ідэялягічных прынцыпаў.
[ 06/09/2006 12:34 ]
Добры дзень, спадар Пятров1ч. Усе разумеюць, як цяжка сёньня выдаваць часоп1с. Цудоуна, што Вы за гэтую справу узял1ся. Але ж цяжкасьц1 з распаусюдам -- вын1к не тольк1 дзяржаунай пал1тык1, але 1 якасьц1 самога выданьня, ад якога тхне нафтал1нам. Дзеяслоу стауся часоп1сам для пенс1янерау. Ц1 не варта яго хоць трох1 мадэрн1заваць?
Ня ўсе ведаюь, як цяжка выдаваць сёньня часопіс - ведаюць толькі тыя, хто выдае. Што тычыцца зьместу выданьня, то я сам, калі мы распачыналі "Дзеяслоў", уяўляў яго трошкі іншым, і цяпер бачу яго іншым, але часам само жыцьцё, літаратурная сытуацыя дыктуе свае ўмовы. Мы імкнемся адлюстрозваць у нашым часопісе тую літаратурную сытуацыю, якая склалася. У нас ёсьць старэйшыя, маладзейшыя пісьменьнікі, перакладчыкі, драматургі, людзі якія пішуць пра кіно, музыку - усім ім мы імкнемся даваць прастору і адбіраем лепшае з таго, што трапляе ў партфэль. Калі б было некалькі выданьняў, падобных "Дзеяслову", то кожны зь іх знайшоў бы сваю нішу, і вельмі шкада ў гэтым сэнсе, што не ўдалося стварыць свой часопіс нашым старэйшым пісьменьнікам на чале зь Сяргеем Іванавічам Законьнікавым.

1000 асобнікаў у сёньняшняй Беларусі - гэта вельмі нямала. Паглядзіце на Расею: знакаміты "Новый мир", "Юность", "Наш современник" выходзяць накладам прыблізна ў 5000 асобнікаў. Для 140 мільёнаў расейцаў і жыхароў СНД, якія чытаюць па-расейску, фактычна, на 200 мільёнаў чытачоў - усяго 5000, таму ў нас не такія дрэнныя справы, хаця хацелася б, каб у нас чытачоў было больш.
[ 06/09/2006 12:54 ]
Сп.Барыс, Наша Ніва назвала ваш зборнік лепшай кнігай году, а я, як не сіліўся, не змог яе адужаць. Надакучваюць гэтыя самалюбаванні ў літаратуры: як я думаю пра тое, ці пра сёе.Можа Вам гэта і цікава, але ж шэраговаму чытачу патрэбны сюжэт, цікавая гісторыя. Ці Вы знарок пішаце, каб добра засыналася? Генадзь
Я ўжо некалі казаў, што ўсё, што я пішу, я пішу для сябе. Я пішу тое, што мне хочацца і што я хацеў бы пачытаць у іншых, але можа быць іншыя так ня пішуць. Я нікому не навязваю свае кнігі, але вядаю, што ў мяне ёсьць шмат сваіх чытачоў, якія "падселі" на Пятровіча і чытаюць Пятровіча. Літаратура можа быць рознай - можа быць сюжэтнай, можа быць бессюжэтнай. Я за тое, каб яна і была рознай. Кожная кніга, у рэшце рэшт, знаходзіць свайго чытача.
[ 06/09/2006 13:08 ]
Як Вы ставіцеся да цяперашніх ляўрэатоаў прэміяў ПЭН-цэнтру? Я зусім не супраць Навумчыка і Маракова, іх кнігі, напэўна, вартыя ўзнагароды. Але гэта дакумэнтальная і мэмуарная літаратура. З лаўрэатаў апошніх гадоў толькі Бураўкін, калі не памыляюся, атрымаў прэмію за паэзію. Міжнародныя прызы таксама бярэ дакумэнталістка Алексіевіч. Гэта прызнаньне факту, што мастацакая літаратура ў Беларусі ў заняпадзе, ці сьведчаньне нейкай агульнай міжнароднай тэндэнцыі ў літаратурным працэсе?
Бачыце, вы таксама ўжылі слова "літаратура", называючы гэтыя творы - значыцца, гэта літаратура, хай сабе навуковая, дакмэнтальная ці якая, але тым ня менш літаратура. Што тычыцца ўсясьветных тэндэнцый, магу быць неаб'ектыўным - асабіста я такую літаратуру лічу хутчэй журналістыкай ці навуковай літаратурай. Я цаню ў літаратуры фантазію і стыль аўтара. Навуковы стыль нядужа дазваляе аўтару выказаць тое, што ён думае, ён усё-ткі павінен рабць гэта ў нейкіх межах, у нейкіх рамках.. Сёньня папулярная дакумэнталістыка, заўтра будзе папулярнай мастацкая літаратура - тэндэнцыі часовыя. Усё цячэ, усё зьмяняецца. Хаця ведаючы прыклады папулярнасьці, такія як "Гары Потэр" і "Код да Вінчы", я не сказаў бы, што ў сьвеце мастацкая літаратура ў заняпадзе.
[ 06/09/2006 14:00 ]
camu smat chto z tvorcych liudziej robiac niejkija ucynki, nie zviazanyja z jich tvorcasciu, ale hucnyja u hramadztvie? heta josc zadanniem ab sabie zajavic ci napomnic? ci calavieku niama caho uzo skazac svajoj tvorcasciu? i vam asabista ci josc patreba "rysavacca" u mas-medyjach? Mikola
Я ня ведаю, што тут маецца на ўвазе, мне здаецца, у нашай беларускай сытуацыі, можа быць, і не хапае вось такіх "выхадак" творчых асобаў, каб прыцягнуць увагу да сваёй творчасьці. Відаць, прыклады ўзятыя не зь Беларусі.

У мяне такой патрэбы "парысавацца", ці як вы там кажаце, ніколі не было і няма. Мне наадварот хацелася зьехаць на які бязьлюдны востраў у адзіноту, але, на жаль, пакуль што я гэтага зрабіць не магу. Напрыклад, ініцыятыва правесьці гэтую онлайн-канфэрэнцыю належыць ня мне, а рэдакцыі Радыё Свабода... Я не люблю ўвогуле розных інтэрвію, але паколькі з часам робісься асобай публічнай, то хочаш ня хочаш прыходзіцца выступаць у друку, расказваць пра сваю працу, пра часопіс, хаця, падкрэсьліваю, я раблю гэта без вялікай ахвоты.
[ 06/09/2006 14:49 ]
Мы заканчваем нашу онлайн-канфэрэнцыю. Вэб-рэдактар.
Мае ўражаньні ад онлайн-канфэрэнцыі: шчыра, кажучы, я чакаў большага, і чакаў больш вострых пытаньняў... Спадзяюся, што наша сустрэча будзе мець прынамсі такі плён, што ў "Дзеяслова" пабольшае чытачоў. Чытайце "Дзеяслоў", любіце "Дзеяслоў", чытайце беларускую літаратуру, любіце яе.
 галоўная
 угару