[ svaboda logo ] [ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
форум  


3 Лютага 2006
Андрэй Дынько
Рэдактар тыднёвіка “Наша Ніва”, адзін з рэдактараў часопісу “ARCHE”. Нарадзіўся ў 1974 у Берасьці. Пачынаў творчую дзейнасьць як перакладчык, публіцыст. Выкладчык Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту (1997—2000). Сурэдактар часопісу “Arche” ад 1998. З 1999 году рэдактар газэты “Наша Ніва”, у 2000 годзе зьмяніў Сяргея Дубаўца на пасадзе галоўнага рэдактара гэтай газэты — аднаго з апошніх бастыёнаў беларускамоўнай прэсы. У 2002—2004 гадах быў віцэ-прэзыдэнтам Беларускага ПЭН-Цэнтру — гэта былі апошнія гады жыцьця Васіля Быкава, які займаў пасаду прэзыдэнта гэтае арганізацыі. У 2003 годзе Вацлаў Гавэл перадаў яму прэмію за Грамадзянскія заслугі імя Ганна Эленбоген (ён стаў першым замежнікам, якому была перададзеная гэтая чэская прэмія). Перакладае з ангельскай, італьянскай, польскай, францускай, украінскай моваў. Жанаты, мае 5-гадовага сына Якуба і 3-гадовую дачку Ўсьціньню

nn.by -- "Наша Ніва" ў інтэрнэце

Задавайце пытаньні:
04.01.2006
Аляксандар Вайтовіч
10.01.2006
Сяргей Гайдукевіч
18.01.2006
Аляксандар Казулін
23.01.2006
Аляксандар Мілінкевіч
26.01.2006
Зянон Пазьняк
09.02.2006
Павел Шарамет
15.02.2006
Лявон Вольскі
20.02.2006
Сяргей Калякін
28.02.2006
Алесь Пашкевіч
08.03.2006
Сьвятлана Алексіевіч
16.03.2006
Джордж Крол
23.03.2006
Аляксандар Мілінкевіч
30.03.2006
Ніна Шыдлоўская
05.04.2006
Крысьціна Шацікава
11.04.2006
Iвонка Сурвіла
19.04.2006
Марыюш Машкевіч
04.01.2006
Юры Бандажэўскі
10.05.2006
Іна Кулей
17.05.2006
Валер Леванеўскі
24.05.2006
Вячаслаў Сіўчык
31.05.2006
Валер Булгакаў
07.06.2006
Сяргей Тарпачоў
13.06.2006
Вінцук Вячорка
19.06.2006
Наш Васіль Быкаў

27.06.2006
100 дзён пасьля Плошчы

05.07.2006
Захар Шыбека

12.07.2006
Валер Дранчук
14.07.2006
Ірына Казуліна
19.07.2006
Ганна Кісьліцына

26.07.2006
Аляксандар Дабравольскі
02.08.2006
Вітаўт Мартыненка
08.08.2006
Янка Запруднік

14.08.2006
Сяргей Антончык
23.08.2006
Алесь Пушкін
28.08.2006
Іна Кулей
06.09.2006
Барыс Пятровіч

13.09.2006
Сьвятлана Завадзкая

20.09.2006
Аляксандар Старыкевіч

27.09.2006
Алесь Каліта

04.10.2006

Аляксандар Мілінкевіч
11.10.2006
Уладзімер Мацкевіч

18.10.2006
Сяргей Харэўскі

25.10.2006
Анатоль Лябедзька
30.10.2006
Павал Севярынец

08.11.2006
Тацяна Процька

15.11.2006
Валер Булгакаў
22.11.2006
Сяргей Скрабец
29.11.2006
Андрэй Дынько
06.12.2006
Станіслаў Шушкевіч

13.12.2006
Уладзімер Някляеў

19.12.2006
Ваша Свабода
2003  2004  2005  2006
[ 31/01/2006 16:08 ]
Spadar Dynko! Chamu vy i vasha gazeta ? na iakim prave? pastavili siabe u roliu sudzei USIH i USIAGO? Abrazhaece ludzei i NE prosice prabachania. Paslia Dubauca vasha gazeta stala marginalnai i ne karysnai dlia BELARUSI. Lepsh baranili by kulturu Belarusi, bo niama kamu. ARCHE taksama khochuc byc arakulam i sudzei... KALI vy pakinece pasadu redaktara? Vitavt
“НН” была й будзе газэтай зь яснай выразнай пазыцыяй.

Я даваў сабе слова дабыць рэдактарам “Нашай Нівы” да 2006 году. Далейшае будзе залежаць ад вынікаў сакавіка.

[ 31/01/2006 16:23 ]
Якая колькасьць падпісчыкаў пасьля 1 студзеня 2006 году? Ці атрымалася наладзіць сыстэму альтэрнатыўнага распаўсюду?
Вырасла на 360 чалавек проці мінулага году. Аднак вельмі ўпалі розьнічныя продажы.

Для “сыстэмы” месяц не паказчык. Змагу адказаць у траўні-чэрвені.

[ 31/01/2006 16:58 ]
Чаму вы Дынько, а ня Дынька?
Такім нарадзіўся.
[ 31/01/2006 17:02 ]
Каго зь дзяржаўных журналістаў вы хацелі б бачыць супрацоўнікам "НН"?
Нікога.

Яны б ня вытрымалі нашых нагрузак, а іхная этыка і ўяўленьні пра сутнасьць і задачы СМІ не супадаюць з нашымі.
[ 31/01/2006 17:22 ]
Спадар Андрэй, ці Вам не падаецца, што з пераходам на новы фармат Вы занадты шмат пачалі даваць фотаздымкаў (не заўсёды якасных і выразных), адбіраючы плошчу ў тэкстаў? Ці НН папросту не хапае тэкстаў?
Тэксты – як грошы. Колькі ні ёсьць – усё мала.
[ 31/01/2006 17:36 ]
Паважаны спадар Дынько, ці былі ў "Нашае Нівы" праблемы з ужываньнем тарашкевіцы (традыцыйнага правапісу) замест наркамаўкі (рэфармаванага правапісу)? Я чуў, што калісьці Вы выступалі ў судзе з гэтае нагоды, ці не так? Ці гэта насамрэч было? Калі так, ці паслья ўсяго гэтага зноў узьнікалі праблемы з гэтае прычыны? Таксама пытаньне да Вас такое: Наколькі зьмяншыўся ці павялічыўся наклад газэты пасьля адмовы "Белсаюздруку" і "БелПошты" у распаўсюдзе? Як увогуле йдзе падпіска, шмат новых чытачоў? Праблемы з дастаўкаю ўсё-такі ёсьць (улада перашкаджае ці не)? Загадзя дзякуй за адказ! - Юры, Чыкага
Так, “НН” выйграла суд у гэтай справе ў 1998 годзе. Пасьля гэтага праблемаў не было.

Зьменшыўся на 900-1000 асобнікаў. Але мы даём рады: вырасла колькасьць наведнікаў сайту, у студэнцкіх інтэрнатах газэта ходзіць з пакою ў пакой і г.д. Галоўнае – ня колькі людзей газэту чытае, галоўнае – як чытаюць.

Улады перашкаджалі, чым маглі. Па-мойму, у іхным арсэнале застаецца мала нявыпрабаваных спосабаў. Застаецца нас пасадзіць і г.д. Але пра гэта, вы ж разумееце, думаць ня хочацца.

[ 31/01/2006 18:09 ]
Андрэй, што будзеце рабіць 20 сакавіка?
12-ы нумар газэты “Наша Ніва” і 4-ы нумар часопісу “Arche”. Калі Радзіма пакліча – пайду на плошчу.
[ 31/01/2006 18:15 ]
Ня выявіла НашаНіва аб'ектыўнасьці ў асьвятленьні перадвыбарчай кампаніі. Суцэльная апалягетыка Мілінкевіча і дробненькімі літарамі - пра Пазьняка. Хаця сьвядомае ігнараваньне ідэяў Зянона было ўласьціва выданьню яшчэ за часамі Дубаўца.
Лукашэнка ня даў Пазьняку вярнуцца, на жаль. Калі б Зянон вярнуўся, прэса болей пісала б пра яго. Палітычнай сцэне бракуе лідэра нацыянальнае правіцы.

Пра Мілінкевіча пішам найболей, бо ён на сёньня наймацней цікавіць нашу аўдыторыю. Ваш закід супярэчыць вынікам аўтарытэтнага маніторынгу БАЖ, які заўжды называў нашаніўскае асьвятленьне выбарчых кампаній узважаным і збалянсаваным.
[ 31/01/2006 18:25 ]
Жыву ў ЗША. Чытаю “НН” на інтэрнэце. Ці магчыма мне атрымоўваць газэту ў Бостан? Дзякуй. Яўген.
Папрасеце сяброў, каб куплялі й перасылалі. Многія гэтак робяць. Бо мы самі ня маем пакуль права прадавацца за мяжу. Спадзяемся неўзабаве знайсьці вырашэньне для гэтага. Адчуваем, як нарастае там попыт на сучасныя інфармацыйныя і культурныя прадукты зь Беларусі, па меры адтоку з краіны маладога пакаленьня эмігрантаў.

Вялікая просьба: калі чытаеце газэту ў Інтэрнэце, знаходзьце магчымасьць пераказваць ахвяраваньні на рахунак Рэдакцыі. Бяз гэтага газэта ня выжыве. Як пералічваць ахвяраваньні, на сайце ёсьць.

Адчуваю беларускую салідарнасьць у Вашым пытаньні. Дзякуй.
[ 31/01/2006 19:29 ]
Mikalai USA Спадар Дынько, адкажыце каліласка, як вы ставіціся да палітычнай дзейнасьці Сп. Пазьняка? Каго з кандыдатаў у прэзідэнты вы падтрымліваеце, хацыя б душою
Да дзейнасьці сп.Пазьняка стаўлюся зь цікавасьцю, да бязьдзейнасьці – крытычна.

Падтрымліваю кандыдата, вылучанага незалежным грамадзтвам на Кангрэсе дэмакратычных сілаў.

[ 31/01/2006 21:08 ]
Сп. Дынько, вы ж па абліччы беларус натуральны, тады чаму вашыя сваякі, што на Берасцейшчыне мешкаюць, лічаць сябе ўкраінцамі? Мо' адсюль рэгулярнасць, з якой рэдагаваная вамі газэта "Наша Ніва" выдае "ўкраінскі" нумар? Дык вы мо' і сябе да ўкраінцаў (ну, ці паўукраінцаў) залічаеце?
На Берасьцейшчыне вельмі малая колькасьць людзей адносіць сябе да ўкраінцаў. Большасьць украінскамоўных людзей там маюць беларускую нацыянальную сьвядомасьць. З маіх сваякоў, здаецца, ніхто украінцам сябе ня лічыць.

Украінцы – самая блізкая да нас па "гістарычным часе" нацыя. Таму там многа цікавага для нас. Таксама маем з украінскімі інтэлектуаламі цёплыя чалавечыя кантакты. Скажам, Хадановіч выдаў свае першыя кнігі ва ўкраінскім перакладзе, а не па-беларуску – тут не было як, Булгакаў абараніў дысэртацыю па філязофіі ў Кіеве – тут не давалі. Украінцы ў многіх накірунках прасунуліся на крок (напрыклад, літаратура), два (гуманітарная навука) далей, чым мы. Таму мы ўважліва прыглядаемся да Ўкраіны.

Прыемна, што вы рэагуеце на маё роднае Берасьце як на горад з украінскай прысутнасьцю. Значыць, пачварная нівэліроўка і русіфікацыя яшчэ не ператварыла Беларусі ў адзін вялікі шэры панэльны дом.

Што беларусы розныя – у тым ліку расейскага, украінскага, польскага, габрэйскага ці от я ведаю пару беларусаў бэрбэрскага паходжаньня – выдатна. Гэта сьведчыць аб прывабнасьці беларускае культуры і дынаміцы нацыятварэньня. Важна, каб яны, набываючы беларускую тоеснасьць, умацоўвалі і сваю паралельную ідэнтычнасьць, сваю польскасьць, бэрбэрскасьць і г.д. Тады яны будуць добра пачувацца на гэтым сьвеце і трымацца за Беларусь.
[ 31/01/2006 22:51 ]
Любовь не с чем не перепутать,
У ней особенная стать.
Когда стоим мы на распутьи,
“Авось” нельзя в дорогу брать.
Шагаем твердо и спокойно
Единой, правильной тропой.
Нас не затронут бури, войны,
Когда есть президент такой!
О Беларусь, моя страна!
Услышь ты сердца ясный зов.
Будь мудрой, как всегда была.
И не забудь отцов!
И если правда в мире есть,
Цветущий сад мы сохраним.
А без него зачем нам жить?

Как вам это стихотворение? Может разместите в "Нашай Нiве"?
Мы выходзім толькі на беларускай мове. А сьцішок Вы ўзялі з аднаго мнагамудрага дзяржаўнага часопісу. Знаем-знаем.
[ 31/01/2006 23:35 ]
Як там бацька Мілінкевіч прарвецца ці не?
Ён ня бацька, ён дзядзька.
[ 01/02/2006 01:41 ]
Jak NN planuie adznaczyc 100 uhodki hazety 23 kastrycznika 2006?
Так далёка не плянуем. Жывём сёньняшнім днём.
[ 01/02/2006 08:48 ]
Паважаны Андрэй! Ці пойдзеце Вы на плошчу 19-га сакавіка?
Калі Радзіма пакліча – з радасьцю.
[ 01/02/2006 08:49 ]
Як Вы ставіцеся да рашэньня Пазьняка спыніць удзел у выбарчай кампаніі?
Шкада.
[ 01/02/2006 08:50 ]
Ці ўтульна Вам у беларускіх крамах?
Так. Летась мы з жонкай былі ў Кіеве, і для яе было шокам, калі яна пайшла ў "Дзіцячы сьвет" купіць дзецям па нейкай украінскай адзежцы ў падарунак. Дык там на ўсю краму адны калготкі ўкраінскія, астатняе – імпартаванае. А ў нас многа якасных беларускіх тавараў, розных, новых – абы грошы меў...
[ 01/02/2006 08:50 ]
Як Вам творчасьць Адама Глобуса?
Купляю кнігі. На карціны майго заробку мала. Дарэчы, у "НН" друкаваліся найлепшыя ягоныя творы.
[ 01/02/2006 08:53 ]
Калі не Мілінкевіч, Вы асабіста будзеце галасаваць за Казуліна?
Калі гэта не Мілінкевіч??

Без дэмакратычнага цэнтралізму ў палітыцы не абысьціся, шляхецкую анархію не цярплю і падазраю ў найгоршым.
[ 01/02/2006 10:33 ]
Андрэй, а ці прыходзіцца Вам, чалавеку ў самай гушчы беларушчыны, змагацца за беларускасьць Вашай сям'і, дзяцей? Аляксей, Магілёў.
Не. Змагаемся за дысцыпліну і парадак у цацках. Астатняе – будуць на бацькоў глядзець.
[ 01/02/2006 10:35 ]
Прывітаньне, спадар Дынько! Неяк у канцы мінулага году вы паставілі перад "НН" задачу не ператварыцца ў "баявы лісток". Што вы мелі на ўвазе, і ці атрымліваецца? Чытач-Пісач
Застацца ўзважанай газэтай з стабільным колам чытачоў. Стараемся.
[ 01/02/2006 11:45 ]
Якія вашыя пляны на будучыню? Ян
Цяпер немагчыма плянаваць на далёка.
[ 01/02/2006 14:39 ]
1) Ці чытаюць "Нашу Ніву" ў рэгіёнах? І як вы можаце дастаўляць газэту цяпер, калі "Белпошта" і "Белсаюздрук" так жорстка пракінулі вас? 2) Мне здаецца, вы вельмі разумны і разважлівы чалавек -- але нічога не вядома пра вашую адукацыю? Дзе Вы вучыліся? У каго Вы вучыліся? Якія кнігі чыталі? Каго лічыць сваім так бы мовіць настаўнікам? Дзякуй і посьпехаў Вам! Алекс
1) Так, але пасьля забаронаў менш. Цяпер большая частка асобнікаў асядае ў Менску.

Рапаўсюджваем усімі магчымымі спосабамі. Нават конна і пешкі.

2) Скончыў школу №15 у Берасьці – там ёсьць такі ўнікальны настаўнік геаграфіі Гер Саныч – і Менскі лінгвістычны ўнівэрсытэт на спэцыялізацыі "Міжнародныя адносіны", дзе сярод выкладчыкаў мне трапіліся Баброўскі, Вячаслаў Пазьняк, Яўген Матусевіч, Ірына Дубянецкая, Міхась Раманюк, Ойстрах, Фядута, Зьміцер Колас, Плютаў. Мо нейкае з гэтых прозьвішчаў нешта вам скажа.

Адзіным настаўнікам у прафэсіі быў Дубавец.

У жыцьці найбольш навучыўся ад Булгакава, Казловай, Скурка, за што можа найбольш удзячны долі.

Сьветапогляд выхавалі 1988-1996 гады і сястра Натальля.

Характар сфармавалі бацькі Валянціна (настаўніца) і Васіль (інжынэр), ды баба Поля (сялянка) зь яе фундамэнтальным прынцыпам "Лепш кланяцца сваёй дупе, чымся чыёй галаве".

[ 01/02/2006 14:44 ]
Напэўна падчас выбараў многія вэбсайты (у тым ліку і Ваш) будуць заблякаваныя ў Беларусі. Ці Вы гатовыя да гэтага? Ці ёсьць спосабы абыходу блякады?
"НН" пісала, што незалежныя праграмісты над гэтым працуюць. А што ім удасца… Супраць лома нет прыёма, калі нет другога лома.

Калі такая блякада зноў здарыцца, для мяне гэта будзе для мяне доказам, што на выбарах зноў былі махінацыі. Сумленная ўлада нідзе ў сьвеце Інтэрнэту не блякуе. Раз так будзе – значыць пераможцам буду лічыць не таго кандыдата, які блякуе.
[ 01/02/2006 14:54 ]
Спадар Дынько, адкажыце вы верыце, што ў гэтым годзе сытуацыя ў Беларусі зьменіцца?
Я веру, што Беларусь для нармальнага разьвіцьця патрабуе палітычнага плюралізму, грамадзянскіх свабодаў і свабоды для беларускай мовы й культуры. Я бачу, што цяпер ня дзейнічаюць мэханізмы эфэктыўнага абнаўленьня элітаў, адбору самых таленавітых, а інтарэсы нацыянальнага капіталу не былі прыярытэтам для ўлады, якая сябе ставіць па-над усё. Раз ёсьць такія аб'ектыўныя перадумовы, сытуацыя ў Беларусі рана ці позна зьменіцца. Аўтарытарны рэжым нестабільны па вызначэньні. Толькі ў дэмакратычнай краіне вынік выбараў можна прадказваць.
[ 01/02/2006 18:31 ]
Спадар Андрэй! Ці плянуе НН сёлета друкаваць матэрыялы, прысьвечаныя гісторыі газэты, нашаніўцам пачатку ХХ стагодзьдзя? Было б цікава прачытаць такія артыкулы ў юбілейны нашаніўскі год. Зычу посьпехаў і, галоўнае, каб НН заставалася з намі. Яўген К.
Пакуль ніякіх адкрыцьцяў ня маем, а перажоўваць старое ня хочам. Цяпер газэтная папера на вагу золата, каб перажоўваць.
[ 01/02/2006 18:48 ]
Як пан мяркуе, ці можа чалавек, моцна заангажаваны ў палешуцкім руху быць рэдактакам "ціпа першай і галоўнай беларускай газэты"? Ды й газэтка, шчыра кажучы, моцна спаскудзілася (у параўнаньні з НН часоў Дубаўца), пра гэта сьведчыць падзеньне накладу. Былы чытач НН.
Беларус – гэта грамадзянін Беларусі. Беларусь мацуецца грамадзянскім, а не этнічным нацыяналізмам.

Палешукі – таксама беларусы.

Газэта сярэдзіны 90-х не была лепшай ці горшай. Яна была іншай, скіраванай на іншую аўдыторыю.

Продажы газэты нязьменна расьлі ад 1996 году – і пры Дубаўцу, і пры Дыньку, павольна, але стабільна. І гэта адлюстроўвае рост нацыянальнай сьвядомасьці ў нашай супольнасьці, а ня таленты таго ці іншага рэдактара. "Наша Ніва" – вынік, а не прычына.

[ 01/02/2006 19:00 ]
Андрэй, якія твае адносіны да Народнага Галасаваньня Пазьняка ? Ты лічыш , што трэба гуляць па правілах Лукашэнкі ? І апошняе : Каго б ты асабіста жадаў бачыць Прэзідэнтам нашай краіны і чаму ??? Дзякуй. Туравец Віктар з Францыі.
Стаўленьне да Народнага галасаваньня пазытыўнае, як і да любых праяваў грамадзянскае актыўнасьці. Толькі няхай арганізатары бяруць адказнасьць за вынік. Каб не было, як з грамадзянствам БНР ці байкотам рэфэрэндуму, калі вінаватым аказваўся "хтося".

Па правілах Лукашэнкі гуляць можна, але нецікава.

Хачу бачыць прэзыдэнтам кандыдата, вылучанага незалежным грамадзтвам на Кангрэсе дэмакратычных сілаў, бо гэта цяпер у інтарэсах беларускай культуры і гаспадаркі. Ніхто іншы шанцаў перамагчы Лукашэнку ня мае.
[ 01/02/2006 19:37 ]
Шаноўны Андрэй, Час зразумець, што лукашэнкаўская Беларусь - той вынік, якога дамагаліся адраджэнцы, грамадоўцы і нашаніўцы 20 ст. Мужык стаў "чалавекам", а тры устаўныя граматы БНР надта ж нагадваюць рыначны сацыялізм. Розніца паміж Лукашэнкам і яго апанентамі палягае ў формах, а не ў сутнасці. Візія выпускнікоў Горацкай сельгасакадэміі перамагла візію філфакаўцаў БДУ. І тыя, і іншыя выглядаюць калхозна ў наш час. Ці "Наша Ніва" нарэшце пачне надаваць увагу рэальнай хрысціянска-прыватнаўласніцкай беларускай традыцыі, ці будзе надалей прапагандаваць псеўдасялянскі лубок?
Па-першае, лукашэнкаўская Беларусь – не найгоршы вынік з магчымых. Гісторыя магла распарадзіцца беларускім этнасам нашмат горш. Па-другое, лепшыя дні Беларусі наперадзе – калі яна стане дэмакратычнай і нацыянальнай дзяржавай. Па-трэцяе, сацыялістычныя і нацыяналістычныя ідэалы адраджэнцаў пачатку ХХ ст. далі добры плён – адбылося сацыяльнае вызваленьне шырокіх масаў людзей, якія атрымалі шанец стаць грамадзянамі, а зь іншага боку, Беларусь атрымала дзяржаўнасьць. І тое, і другое 1) справядліва, 2) вызваляла пазытыўную творчую энэргію, 3) спрыяла росту і разьвіцьцю.

Наконт грамадоўцаў і нашаніўцаў Вы шмат мяшаеце ды кучы. Нашанівец Луцкевіч і грамадовец Тарашкевіч стаялі на даволі розных пазыцыях, але два гэтыя масоны сатрапіі ў страшным сьне ня сьнілі. Ніхто з аўтараў нацыянальнага праекту ня быў аўтарам саветызацыі.

Што "мужык", г.зн. селянін стаў чалавекам, то што ў тым кепскага? Гэта і была рэалізацыя і хрысьціянскіх, і прыватнаўласьніцкіх ідэалаў.

Мусіць, вы многія словы ўжываеце ў мудрагелістым мэтафарычным сэнсе. Наконт выпускнікоў Горак і філфакаўцаў вы напісалі суцэльную дурасьць.

Што да "Нашай Нівы", дык яна на сёньня ёсьць газэтай для гарадзкой, а не вясковай аўдыторыі.

[ 01/02/2006 21:08 ]
Я чуў, многія мае знаёмыя наракалі на рэдактарскі ўзровень НН: перадрукоўка тэксту без дазволу, сур'ёзныя рэдактарскія праўкі ў матэрыялах бяз згоды аўтараў, блытаніна з аўтарствам матэрыялаў, і г.д. Ці бярэце вы адказнасьць за гэта? Ці маеце нешта адказаць пакрыўджаным аўтарам?
Няма дыму без агню. Праўда, мы не канстатавалі парушэньня юрыдычных ці этычных нормаў у “НН” у апошнія два гады. Памылкі бываюць, мы друкуем удакладненьні пры патрэбе.

У працы “НН” і “ARCHE” сапраўды шмат бязладзьдзя. Пачынаецца гэта ад убоства тэхнічнае базы, неўкамплектаванасьці штату, вымушанай працы па хатах і г.д. Суцяшае толькі, што мы не адны такія разьдзяўбаі ў нашай сінявокай бацькаўшчыне.

[ 01/02/2006 22:55 ]
Дорогой Андрей! Оказывается ли идеологическая или предварительная цензура на ващу редакционную деятельность? Если да, то в какой форме? Существует ли она вообще? Побуждает ли это вас перемещаться все больше в интернет-пространство? Скажите, в какой форме мы, российские независимые ресурсы, можем оказать вам помощь? Возможно ли перепечатка некоторых ваших материалов и не будет ли здесь нарушения авторских прав? Как вы считаете, учитывая особые условия, в которых вы сегодня работаете может быть это будет вполне логичным? С уважением. Илья РАССОЛОВ, член Союза писателей Москвы
Не, не аказваецца.

Перадрукоўвайце на здароўе. От і будзе помач.
[ 02/02/2006 00:24 ]
Шэраг аўтараў скардзяцца, што вы ня плоціце ім ганарары. Іх абурае найперш, што вы нават не тлумачыце чаму ня плоціце. У чым справа? Дзякуй, Слава
А я думаў – усім ясна, чаму.
[ 02/02/2006 02:21 ]
Сэмуэль Гантынгтан неяк пісаў у сваім “Сутыкненьні цывілізацыяў”, што падзел паміж захадам і ўсходам працінае Беларусь. Маўляў, Усход пачынаецца там, дзе заканчваецца хрысьціянства заходняга кшталту (каталіцызм, пратэстантызм). Цяпер, як мне падаецца, гэтыя межы ўжо размыліся, але падзел усё яшчэ застаецца. І ён не рэлігійны, а хутчэй культурны, магчыма, этна-лінгвістычны. Больш таго, ён цяпер мае яўна выражаныя палітычныя рысы. Некаторыя называюць гэтыя дзьве розныя групы “беларусы” і “тожбеларусы”, “дэмакраты” і “электарат, лукашысты і г.д.” Як Вы лічыце, ці ёсьць пэрспэктывы ў беларусаў аб’яднацца, знайсьці нейкі кансэнсус, што можа задаволіць і тых, і тых, альбо магчымае толькі дамінацыя адной групы над іншай? Ці, мабыць, ніякага падзелу не існуе? З павагай, Андрусь, ЗША.
Прафэсар Латышонак у рэцэнзіі на Гантынгтана ў “ARCHE” ў свой час напісаў прыкладна так: “Жыцьцяздольнасьць беларускага нацыяналізму, якому больш за два стагодзьдзі чужыя палітыкі ды заходнія і ўсходнія вучоныя вяшчуюць хуткі скон, вынікае ня толькі з любові да роднай мовы й культуры, але і з патрэбы фактару, які аб’яднае разнароднае грамадзтва”.

Я б не злоўжываў мэтафараю “дзьвюх Беларусяў”. На сёньня беларусы ўжо зьяднаныя больш, чым падзеленыя, і працэс ідзе далей.
[ 02/02/2006 09:37 ]
Што для вас важнейшае -- Наша Ніва ці ARCHE? Алег
У ARCHE мы робім, што хочам, а ў Нашай Ніве – што можам. ARCHE працуе ў фармаце клясычнага інтэлектуальнага часопісу, а для існаваньня клясычнай газэты няма палітычных умоваў. Так што псыхалягічна маем дзьве розныя працы. Трэба ведаць і тое, што ARCHE – гэта найбольш плён працы Валера Булгакава, не маёй.
[ 02/02/2006 09:38 ]
Почему вы не поддерживаете Лукашенко теперь, когда он взял курс на независимость?
Мы падтрымліваем яго працай па выпуску якаснай нацыянальнай прэсы. А ён ня цэніць.
[ 02/02/2006 09:39 ]
Можно ли читать "Нашу ниву" в Интернете?
Так: www.nn.by.
[ 02/02/2006 09:41 ]
Чаму "Нашу Ніву" дагэтуль не зачынілі? Ці чакаеце вы закрыцьця газэты? Ірэна
Значыць, не лічылі мэтазгодным.

Пакуль не чакаю.

Цар не зачыняў “Нашай Нівы”, частка цяперашніх чыноўнікаў схільная кіравацца прэцэдэнтамі.
[ 02/02/2006 09:51 ]
Паважаны сп.Андрэй! Мне вельмі па сэрцу Ваш дэвіз:"НН - газэта без чужога слова".Мне брыдкая ра- сейска-беларуская мешаніна,такі моўны вінігрэт,які некалькі гадоў практыкуец- ца на Свабодзе.Пытаньне:Ці перанесьлі б Вы свой дэвіз на радыё Свабода,калі б сталі ягоным дырэктарам?
“Свабоду” шаную. Але ня слухаю, а штодзень чытаю ў Нэце. Таму зь вінэгратам не сутыкаюся і ўсё ў ёй цешыць маё вока.
[ 02/02/2006 12:10 ]
Дня добрага, спадар Андрэй! Калі будзем святкаваць 100 год самаму старэйшаму выданню Беларусі? Поспеху вам! З павагай Дар'я
У кастрычніку. Хацеў бы аб’ехаць усю Беларусь зь юбілейнымі сустрэчамі і выставай нашаніўскіх фатаграфій. Запрашайце.
[ 02/02/2006 12:50 ]
Наколькі рэальна спадзявацца на маштабныя перамены ў Беларусі пры захаванні ў “адраджэнскай” свядомасці культа Караля Стаха, пры арыентацыі на этас прыгонна-калгаснага селяніна як на Нацыянальны Стандарт? Алесь Белы, Менск
У нашым коле ніхто на такі этас не арыентуецца, Алесю.
[ 02/02/2006 13:27 ]
Андрэй, якія дзяўчаты Вам падабаюцца? Тры прыярытэтныя крытэры сымпатыі, калі ласка. Журавінка
Жонка падабаецца, беспаваротна.
[ 02/02/2006 20:05 ]
Зянон Пазьняк пад час форуму на Свабодзе заявіў, што здымае сваю кандыдатуру. Ён застаецца майстрам моцных крокаў. Спадару Дынко, можа, і Вы ў часе гэтага форуму зробіце моцны крок, і сыдзеце з рэдактарскай пасады?
Я яшчэ не заслужыў.
[ 02/02/2006 20:33 ]
Сп. Андрэй, чаму Вы друкуеце ўвесь час Фядуту? Што -- Кісьліцына піша горш? Альбо Шаўлякова? З павагай Сяржук з Гародні
Кісьліцына піша інакш.
[ 02/02/2006 21:03 ]
За гады Вашага рэдактарства "НН" стала вельмі асцярожнай і абачлівай, твар газэты істотна змяніўся ў бок канфармізму. Ці лічаце Вы, што такі абраны Вамі памяркоўны накірунак апраўдаў сябе. Мікалай
Час пакажа.
[ 02/02/2006 21:32 ]
У вас ёсьць раздзел "левым вокам",чаму б вам не зрабіць што- небудзь правага кірунку, бо сярод вашых чытачоў не толькі левыя, але і правыя! Загадзя дзякуем! правыя
Правыя пішуць “Лісты зь лесу” і “Іншымі словамі”.
[ 02/02/2006 23:09 ]
Лічаныя незалежныя газэты, такія як “Свободные новости +”, “Белгазета”, усё ж засталіся ў дзяржаўнай сыстэме распаўсюду. Чаму? Якімі крытэрамі кіраваліся прадстаўнікі ўлады, калі “перакрывалі кісларод” таму ці іншаму незалежнаму выданьню? Андрэй, студэнт
Дакладна ня ведаю. Кагосьці не заўважылі, хтосьці проста ня ёсьць незалежнай газэтай, на трэцяга маюць свае пляны. Квяткоўскі ў 1996-м напісаў: “Амонавец – ён, як жаба. Рэагуе толькі на рух”. Добра злоўлена лёгіка дзеяньня любога рэпрэсіўнага апарату.

Адсутнасьць незалежных СМІ аслабляе краіну і будзе вылазіць бокам яшчэ доўгія гады.
[ 02/02/2006 23:22 ]
А если бы Лукашенко предложил на него работать за хорошие деньги, пошли бы? За сколько пошли бы?
Вы зачапілі даўнюю тэму размоваў у маім пакаленьні. “Калі б Лукашэнка пачаў будаваць нацыянальную і дэмакратычную дзяржаву, ці варта было б працаваць на яго”. Маё меркаваньне: калі нацыянальную і дэмакратычную, варта было б. Пытаньне з вобласьці чыстай абстракцыі.
[ 02/02/2006 23:40 ]
Вось ёсьць малады чалавек, не дурань, не лукашыст, але цалкам расейскамоўны. Ён мне сёньня кажа: "прачытаў праграму Мілінкевіча -- не падабаецца". І што можна адказаць яму? Мне здавалася, што палітычна-грамадзкая "сэксапільнасьць" Мілінкевіча даволі высокая і разуменьне таго, што ён наш галоўны шанец, ёсьць у многіх. Дык што адказваць такім таварышам, якія "прачыталі праграму" і засталіся незадаволеныя? Алеся
Раз не падабаецца, хай галасуе за таго, якога праграма падабаецца. Гэта і ёсьць дэмакратыя.
[ 03/02/2006 00:11 ]
Сп.Дынько, Вы у паусядзённым жыццi размауляеце на беларускай мове, цi сутыкалiся Вы калi--небудзь з хамствам абывацелей, у якiх беларуская мова вызывае агрэсiю, мауляу, "Вы что, по русски говорить не умеете?! Говорите на нормальном языке!" i г.д. Як канкрэтна Вы дзейнiчаеце у такiх сiтуацыях i удавалася лi Вам ставiць хамау на месца? I другое пытанне: адны лiчаць А.Г.Лукашэнку вельмi добрым прэзiдэнтам, сапраудным патрыётам Беларусi, iншыя -- уласным дыктатарам, трэцiя -- агентам ФСБ, нацыянальным здраднiкам. А як менавта Вы ставiцеся да АГЛ, па Вашаму меркаванню, хто ж ён ? Канстанцiн.
Сутыкаюся, але рэдка і ўсё радзей. Стараюся не хаміць.

Лукашэнка – моцны палітык, які зрабіў выбар на карысьць аўтакратыі і савецкага нацыяналізму, бо іншыя шляхі здаваліся яму занадта складанымі. Ён застанецца ў гісторыі як першы прэзыдэнт Беларусі. А вось ці застанецца ў гісторыі як “бацька нацыі”, як гэта яму карціць, залежыць ад таго, як ён скончыць сваё прэзыдэнцтва.
[ 03/02/2006 00:12 ]
Дзень добры! На сёньняшні дзень НН больш за ўсё падобна на газэту дзеля гуманітарыяў. Ці не плянуеце Вы зрабіць якія-небудь 1-2 беларускамоўныя праекты: папсовага зместу (забаўку) і штосці больш сур'ёзнае, што тычылася б навукі, эканомікі, замежнай глябальнай палітыкі і г.д.. Народ будзе мець шанец набрацца адмысловых тэрмінаў на бел мове. З гэтым у краіне пакуль цяжка. Зробіце карысную справу зделя адраджэння і развіцця мовы. Што тычыцца Нашай Нівы, дык прадукт на сённяшні дзень вельмі якасны і цікавы. Дзякуй Вам вялікі за працу.
Для новых праектаў павінны скласьціся адпаведныя палітычна-эканамічныя ўмовы. Як толькі краіна пяройдзе да дэмакратыі, пачнецца бум нацыянальных праектаў у мэдыйных сфэры. Пабачыце! Адкуль што толькі возьмецца.
[ 03/02/2006 00:14 ]
Андрэю, неяк прачытаў у нататках адное блёгеркі, нібы Вы ўважаеце сябе за этнічнага ўкраінца. У якой ступені гэта адпавядае праўдзе? Ці насамрэч Вы вольна валодаеце ўкраінскай? І ўрэшце як вызначаеце (ці адмаўляеце?:) сваё веравызваньне? Дзякуй й посьпехаў! Заўсёдны чытэльнік.
Так, украінская мая родная мова, бо я нарадзіўся ў Берасьці і рос напалову ў вёсцы, у бабы, а берасьцейская вёска ў той час уся гаварыла на ўкраінскіх дыялектах. Але сьвядомасьць у людзей ва ўсіх была беларуская, і досыць моцная.

Па бацьку я ўніят, з той апошняй уніяцкай парафіі, што захоўвалася і захоўваецца ў Кастамалотах, што за 10 км ад Берасьця па тым беразе Буга. Дзядоў-уніятаў я не застаў. Па маці праваслаўны, праваслаўная бабуля мяне й гадавала. Царква ў нашых Прылуках ніколі не зачынялася, дык я туды хадзіў з малых год, калі яшчэ піянэрам у Бога ня верыў. Мой дзед па бацьку зь сям’ёю выехаў у 1945 годзе з Кастамалотаў у Беларусь, каб пад палякамі не заставацца. Дакладней, іх усіх па разьмеркаваньні вывезьлі ў Адэскую вобласьць. Каб вярнуцца ў Беларусь, ён езьдзіў прасіў дазвол асабіста ў Хрушчова, у Кіеў – даказаў таму, што бяз бацькаўшчыны ня можа. Пад Адэсай быў голад, сусьлікаў елі. А ў Беларусь вярталіся ў 1946 годзе пешкі, на падводзе, ведучы карову. А ва Ўкраіне тады палыхала вайна між бандэраўцамі й саветамі, ледзь дайшлі. Аднойчы бандэраўцы ўжо сякеру над дзедам занесьлі – грошай патрабавалі. Але шухер іх зьлякаў... Такая вось сямейная гісторыя.

Нашы берасьцейскія дыялекты шыкоўныя, неймаверна багатыя і плястычныя. Спадзяюся, яны захаваюцца.
[ 03/02/2006 00:16 ]
Чаму няма Пагоні на першай старонцы Нашай Нівы?
Няма такой традыцыі.
[ 03/02/2006 06:46 ]
Praktichna ne magchima stala chitacґ"Nashy Nivy" y internete -redakciia sprabue zarabliacґ groshi... Ale prabachce tiia hto estґza mezhami Kraini i radiia nabivacґgazety y shapikah ale zh niamogycґgeta rabicґfizichna . Mozha tre yzho dazvolicґ volґni dostyp chitacham z zamezhnih serveray??Ysio zh nas netak shmat y sґvece kab i tyt dracґ tri shkyri adzin z adnago... Alesґ Stokholm
Цяпер мы адракліся практыкі выстаўляць толькі анонсы тэкстаў, выстаўляем нумар цалкам. Абы чыталі. Але просім: пры любой нагодзе перадавайце ахвяраваньні на выпуск газэты, калі чытаеце яе ў Нэце. Зьвяртаемся да грамадзянскага пачуцьця. Бяз гэтага газэце ня выжыць.
[ 03/02/2006 07:50 ]
Чаму наклад "НН" практычна не расьце? Сталы чытач
Ну, вы летуценьнік. Як жа яму расьці, калі нас выціснулі ў напаўпадпольле. Не даюць расьці, каб беларускую культуру задушыць.
[ 03/02/2006 08:36 ]
Ці плануе рэдакцыя павялічыць увагу да сацыяльна-эканамічнага жыцця краіны, зменшыўшы палітазаванасць выдання? Макс
Не. Пра гаспадарку стараемся пісаць усё болей. Але гэта цяжка арганізаваць. Няма кадраў, здольных пісаць па-беларуску аналітычна, апэратыўна й рэгулярна.
[ 03/02/2006 08:46 ]
прывiтанне! дзякуй за газэту! zr збiраецеся выжываць у цяперашнiх абставiнах? i якiя планы на будучае?
Будзем выдавацца, абапіраючыся на нацыянальную традыцыю і сьвядомых грамадзянаў. Вось і выжывем.
[ 03/02/2006 09:08 ]
Лічу Вас надзвычай моцным і культурным чалавекам. Ці ў Вас ёсьць уласныя палітычныя амбіцыі? Калі так, жадаю посьпеху.
Палітыкі мусяць займацца сваёй справай, інтэлектуалы – сваёй. Няма горш, чым калі СМІ пачынаюць ублытвацца ў палітыку. Палітычных амбіцый ня маю. І вам ня раю. :)
[ 03/02/2006 09:10 ]
Як Вы ставіцеся да творчасьці Шнура...? У якіх цяпер сфэрах дысыдэнцтва ў Расеі?
Ніколі ня чуў.

У нацыянальных рухах і колах праваабаронцаў у Расеі ёсьць шмат сумленных людзей. Сапраўдныя дысыдэнты ў Расеі цяпер тыя, хто спрабуюць спыніць крывавую вайну на Каўказе.
[ 03/02/2006 10:49 ]
Pavazany Andrej, sto na vasuju dumku zjaulajecca sensam zyccia?
У кожнага гэта па-свойму. Галоўнае, каб ён быў.
[ 03/02/2006 12:02 ]
Дзякуй Вам за Вашу працу. У "НН" ад пачатку было вельмі прыхільнае стаўленьне да вернікаў. Ці не падаецца Вам, што прароцтва Дэвіда Ўілкерсана аб свабодзе,што прыйдзе ў Беларусь у вадну ноч магло б быць ілюстравана не аголеным дзяўчом, а чымсьці больш прыстойным,больш пасуючым да зьместу і да асобы. Наогул думаю "НН" магло б мець шырокі распаўсюд сярод хрысьціянскай моладзі, калі б нетакія недарэчнасьці ці скажам паведамленьні аб стрыптыз-барах ды абмеркаваньне дзе ж у Менску мусіць размясьціцца вуліца чырвоных ліхтароў. А ўсё астатняе мне вельмі падабаецца. Зычу посьпехаў. Севярын
Так, тая карцінка была безгустоўнаю і недарэчнаю. Адна з самых вялікіх нашых памылак за апошні час.

Буду рады, калі будзеце падказваць “Нашу Ніву” людзям верным. Дзякуй і -- з Богам!
[ 03/02/2006 13:19 ]
Якія парады Вы маглі-б даць людзям, якія цяпер агітуюць за Мілінкевіча? Напрыклад, мне здаецца, што некаторыя прыхільнікі Пазьняка зрабілі яму больш шкоды, чым карысьці. Дзякуючы іх гарачым, страсным, бескампрамісным заявам, многія цяпер лічаць пазьнякоўцаў нейкай сэктай, з Зянонам Станіслававічам у якасьці Бога або галоўнага шамана. Ёсьць рызыка, што некаторыя фэны Мілінкевіча сваімі паводзінамі і сваёй агітацыяй толькі адштурхнуць "простых" беларусаў ад асобы адзінага кандыдата. Што-б Вы параілі такім "гарачым" прыхільнікам? У.
Разумных не адштурхнуць, ня бойцеся. Не адчуваю сябе ў праве нешта раіць тым, хто робіць самае цяжкае. Яны самі лепш ведаюць. Галоўнае, што інфармацыя разыходзіцца. Тым прыхільнікам Пазьняка, Казуліна ці Мілінкевіча, што зьбіралі подпісы ці разносяць агітацыю, мусім у ногі пакланіцца. Гэта сапраўдныя грамадзяне, эўрапейцы. У адрозьненьне ад Беларусі, жыхарам эўрапейскіх краінаў уласьціва праяўляць грамадзянскую актыўнасьць. Там лічыцца нармальным удзельнічаць у палітычным жыцьці і г.д. Гэта нам навязваюць стэрэатып, што нармальна толькі каля тэлевізара сядзець і ня мець сваёй думкі. Але гэта ж не на карысьць Беларусі і чалавецтву.
[ 03/02/2006 13:19 ]
Ці гатовы вы пайсці ў палітыку?
Не. Палітыкі мусяць займацца сваёй справай, інтэлектуалы – сваёй. Няма горш, чым калі СМІ пачынаюць ублытвацца ў палітыку. Палітычных амбіцый ня маю. І вам ня раю. :)
[ 03/02/2006 13:57 ]
Spadar Andrej, ci nia liczycie vy, sto adsutnasc kankurencyji na bielaruskim hazetnym rynku trochi "rasslablaje" vas i vashu kamandu? i ci nie bajiciesia vy kankurencyji? Eva.
Я б рады расслабіцца...
[ 03/02/2006 14:00 ]
Які зараз наклад у “Наша Нівы”... Дзе яе зараз можна набыць у Менску??? З павагай, Аляксандр.
2700 + Інтэрнэт. Набыць у звычайным месцах распаўсюду незалежнай прэсы. Закажыце праз nn@promedia.by, каб атрымліваць газэту рэгулярна.
[ 03/02/2006 14:32 ]
Можа, ужо хопіць друкаваць Дубаўца? Ягоны час скончыўся, ён паўтараецца. Шукайце каго з маладых.
Час Дубаўца яшчэ не надышоў.
[ 03/02/2006 14:39 ]
Kali adbudziecca zmiena ulady, szto stanie z "Sovietskoj Belorussiej" i inszymi instrumentami prapagandy? Jak mozna spynic hetuju prapagandysckuju maszynu?
Яны атрымаюць свабоду і будуць гэтаму шчыра радыя.

Машыну, якой адмовілі тармазы, спыніць сьцяна.
[ 03/02/2006 14:41 ]
Ці зробіцца калі-небудзь “НН” каляровай? Уявім сабе, што дэмакратыя перамагла. У які бок будзе разьвівацца “НН”? Газэтна-выдавецкі холдынг? Ці балюча Вы ўспрымаеце крытыку на адрас "НН" і Вас асабіста? чытач
Зробіцца, калі толькі неба не ўпадзе на зямлю.

Большыя тыражы і справядлівая канкурэнцыя дадуць вялікія магчымасьці.
[ 03/02/2006 15:08 ]
Спадар Дынько, як ставiцеся да "Белгазеты". I чаму ? Леaнiд
Да цяперашняй “БелГазеты” стаўлюся кепска, як і да іншых лукашысцкіх выданьняў. Я іначай разумею этыку СМІ. Таксама мяне захапляе іншая традыцыя журналістыкі, цэнтральнаэўрапейская. Але ў прафэсійным сэнсе не баюся ў “БелГазеты” вучыцца. Яны ў свой час зрабілі прарыў у падачы матэрыялаў, былі піянэрамі ў многім.
[ 03/02/2006 15:17 ]
Спадар Дынько! Мне падаецца, што газета "Наша Ніва" за апошнія гады стала вельмі прадказальная: тыя ж самыя імёны аўтараў, тыя ж самыя тэмы. Ствараецца ўражанне, што газета стала вузка кулуарнай. Таму і падпісвацца на яе не хочацца, і купляць далёка не заўсёды. Чаму "Наша Ніва" стала "вельмі вашым агародам"? Васіль
Тады трэба чытаць іншыя газэты. Гэта нармальна. Зрабіце паўзу, вярніцеся да “НН” праз пэўны час.

Дзе нам узяць іншых аўтараў? Нас усяго 10 мільёнаў. Дарэчы, летась у “НН” друкаваліся 230 аўтараў. Ня так і мала.
[ 03/02/2006 15:20 ]
Ці будзе калі-небудзь у "НН" наклад паўмільёна? Якая ваша мэта-максымум?
Такія наклады бываюць толькі ў савецкіх краінах. Звычайна гэта бурбалкі.

Мэта-максымум нумар 1 -- зрабіць наступныя нумары “НН” і “ARCHE”.

Мэта-максымум нумар 2 – выгадаваць мае дзеці здаровымі й сумленнымі.
[ 03/02/2006 15:30 ]
Якімі мовамі, акрамя родных, валодаеце? Жужа, Прага
Англійскай, францускай, польскай, італьянскай. Усё горш і горш, на жаль.
[ 03/02/2006 15:47 ]
Зараз разгарэўся вялікі скандал з-за карыкатур на прарока Мухамада, якія надрукавала дацкая газэта. Ці гатовая "Наша ніва" ў імя свабоды слова перадрукаваць карыкатуры?
Пра гэтую сытуацыю напіша ў наступны нумар Алесь Кудрыцкі з Бэрліна.

Нягожа перадрукоўваць тое, што абражае чыюсьці веру. Не для таго свабода слова. Такое маё меркаваньне. Аднак рашэньні ў такіх пытаньнях у “НН” прымаюцца калегіяльна. Будзем абмяркоўваць у панядзелак.
[ 03/02/2006 15:56 ]
Андрэю, калі нашы дзеці змогуць глядзець мульцікі па-беларуску? ;-) Заякот
Пасьля перамогі дэмакратыі. Мусіць, не раней. Як ні банальна гэта гучыць.
[ 03/02/2006 15:56 ]
Распавядзіце - чы ёсьць пляны па стварэньні на Беларусі незалежнага распаўсюду на ўзроўне "Белсаюздруку". Я хаджу па вуліцах і бачу сталых людзей трымаючых газэты, якія забаранілі. Не збіраецца чы суполка такіх людзей, каб разам працаваць для распаўсюду "Нашай Нівы", "Народнай Волі" і інш, у тым ліку і рэгіянальных газэт? Юрась Ф.
Зрабіць гэта легальна Лукашэнка ня дасьць.
[ 03/02/2006 16:03 ]
Дзякуй усім. Мы заканчваем онлайн-канфэрэнцыю. Вэб-рэдактар
Дзякуй “Свабодзе”, дзякуй за пытаньні. Добрых вам суботы-нядзелі.
 галоўная
 угару