|
Валер Леванеўскі
Валер Леванеўскі нарадзіўся 15 жніўня 1963 году ў Горадні. Скончыў гарадзенскую ПТВ-49 хімікаў, чатыры курсы Беларускага інстытуту народнай гаспадаркі. Працаваў сьлесарам, рэгуліроўшчыкам радыёапаратуры, кіраваў гарадзенскім абласным аб’яднаньнем у абарону правоў падаткаплатнікаў, гарадзенскім гарадзкім цэнтрам абароны правоў спажыўцоў. Кандыдат у майстры спорту па боксе. Жанаты, мае чацьвёра дзяцей.
У 2004 годзе Валер Леванеўскі і ягоны намесьнік Аляксандар Васільеў былі асуджаныя да двух гадоў пазбаўленьня волі. Іх абвінавацілі ў зьнявазе прэзыдэнта за ўлётку з заклікам прыйсьці на мітынг 1 траўня, у якой, у прыватнасьці, былі такія словы: “Прыйдзі і скажы, што ты супраць, каб нехта за твой кошт езьдзіў у Аўстрыю адпачываць, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненьне”.
У верасьні 2004 году праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" асудзіла прыгавор, вынесены Леванеўскаму і Васільеву, і прызнала іх вязьнямі сумленьня.
Задавайце пытаньні |
|
2003
2004
2005
2006 |
[ 15/05/2006 20:50 ] |
З вызваленьнем! Колькі часу Вы пратрымаецеся на волі, пакуль Вас рэжым зноў не засадзіць за краты? Ці можа я занадта пэсыміст? А.К. |
Разьлічваю болей у "зону" не патрапляць, але больш дакладную інфармацыю вы можаце атрымаць на афіцыйным сайце А.Р. Лукашэнкі (http://www.president.gov.by), задаўшы гэтае пытаньне яму. |
[ 15/05/2006 20:55 ] |
Для вузкага кола людзей і для міжнародных арганізацый Вы сталі сымбалем ахвяры рэжыму - чалавекам, якога пасадзілі за два радкі пра Лукашэнку. Але па-за межамі гэтага кола людзей Вы, здаецца, невядомы. Чым Вы можаце пахваліцца ў сваёй грамадзка-палітычнай дзейнасьці і якія пляны на будучыню? |
Плянаў шмат. Дзяліцца ўсімі плянамі пакуль што ня буду. Калі вас цікавіць, "зламаўся" я ці не, дык – не. Актыўную палітычную, грамадзкую ды іншую дзейнасьць я буду весьці, але толькі крыху пазьней. Трэба паправіць здароўе, вырашыць фінансавыя ды іншыя праблемы, што накапіліся за гэты час. |
[ 15/05/2006 21:37 ] |
Валерий,изменилось ли твое отношение к некоторым людям(друзьям,знакомым),которые были на свободепо разным причинам |
Натуральна, за гэты час "адсеяліся" тыя, хто быў выпадковы ў маім жыцьці. Сапраўдныя сябры вызначаюцца ў нядолі, і я цяпер іх ведаю пайменнна. |
[ 15/05/2006 21:44 ] |
Галоўнае, каб Беларусь стала расквітнелай краінай. Трэба будаваць на тым, што ўжо ёсьць. Ёсьць наш народ, "Цалкам падтрымлiваю Вашую тэзу.
Вiншую i зычу добрага здароуя i сiлау для змаганьня супраць дыктатуры.
Цi будзеце Вы ствараць стуктуры для руху Мiлiнкевiча ?
I, што першае: Рух цi План дзеяннеу?
Валеры Грыцук |
Дзякуй за пытаньне. Мне трэба час, каб ва ўсім разабрацца. Я апошнія два гады жыў у інфармацыйным вакууме. Але я не падтрымліваю "страўліваньне" нейкіх структур і рухаў, які ставяць аднолькавыя дэмакратычныя мэты. Названыя вамі людзі і рухі маюць аднолькавыя мэты, адрозьненьні толькі ў тактыцы. Выбар тактыкі – гэта індывідуальная справа кожнага. Абмяркоўваць тактыку – справа няўдзячная, бо невядомыя многія абставіны, якія ня могуць быць прадметам публічнага абмеркаваньня. |
[ 16/05/2006 14:59 ] |
Хто такі Мікіта Сасім? |
Адзін з маладзёвых лідэраў, які на днях быў асуджаны да трох месяцаў арышту. Падрабязьней гл. гэты артыкул. |
[ 16/05/2006 15:39 ] |
Прывітанне, спадар Валеры! Не сакрэт, што на апазіцыйным полі цяпер існуе две плыні - Кааліцыя дэмакратычных сілаў з Мілінкевічам на чле і БСДП (Г) з казуліным разам з АГП і Лябедзькам. Якую палітычную сілу вы падтрымаец - Мілінкевіча ці Казуліна? |
Думаю, што я накірую сваю энэргію на аб'яднаньне розных палітычных сілаў і пошукі кампрамісаў. Ва ўсялякім разе я паспрабую гэта зрабіць. Думаю, што зьявяцца і іншыя палітычныя сілы. Тое, што адбываецца цяпер, гэта звычайная "хвароба росту". Усё гэта ўжо было ў гісторыі. Сваю задачу ў гэтым сэнсе я бачу ў тым, каб дапамагчы "перахварэць" гэтай хваробай як мага хутчэй.
|
[ 16/05/2006 18:11 ] |
У вас была рэпутацыя спамэра ў беларускім сеціве, бо вы бяз згоды рассылалі шмат інфармацыі пра прадпрымальніцкія страйкі на ўсемагчымыя паштовыя імэйл-адрасы. Ці плянуеце вы аднавіць сваю спамэрскую актыўнасьць альбо будзе займацца прасоўваньнем сваіх праектаў і заклікаў у інтэрнэце больш ветлівымі і адпаведнымі шляхамі? Дзякуй і посьпехаў. У. |
Цалкам вас падтрымліваю ў тым, што Інтэрнэт павінен быць цывілізаваным, і таксама не вітаю спамэрскую актыўнасьць. |
[ 16/05/2006 21:37 ] |
Як Вы ставіцеся да песьняў Вашага земляка Віктара Шалкевіча? |
Вельмі паважаю аўтарскія песьні. |
[ 16/05/2006 21:38 ] |
Ці сьвіліся Вам у турме эратычныя сны? |
Эратычныя сны звычайна сьняцца моладзі ад 18 да 29 гадоў. На жаль, я ўжо выйшаў з гэтага ўзросту. Мне больш сьнілася мая сям'я і блізкія мне людзі. |
[ 16/05/2006 21:38 ] |
Каб цяпер можна было б займацца бізнэсам, якім бы Вы заняліся? |
Тым, які быў бы цікавы і выгадны. |
[ 16/05/2006 21:39 ] |
Вашая любімая кавярня ў Горадні? Як Вам кавярня "Стары Лямус"? |
[ 16/05/2006 21:39 ] |
Калі вам апошні раз даводзілася ўжываць сваё баксёрскае майстэрства |
Даўно. У турме баяліся і ня лезьлі. |
[ 16/05/2006 21:44 ] |
А якім бізнэсам вы ўласна займаецеся ці ваша спэцыялізацыя -- палітыка вакол бізнэсу? Алекс |
Вы хоць самі зразумелі сэнс пытаньня? Калямбур. Мо задайце гэтае пытаньне па-іншаму, больш зразумела. |
[ 16/05/2006 22:16 ] |
Спадар Валерый, ци засталися вы аптымистам адносна будучыни Беларуси. Ци шмат у турме падтрымливаюць Лукашэнку.
Антон, Менск. |
Аптымістам я застаўся. Гэта сямейная рыса. Наконт Беларусі - адназначна аптыміст. У нас не за гарамі рэальная добрая будучыня.
У турме Лукашэнку не падтрымваюць. Там разумеюць, што турмы перапоўненая, бо людзей часта саджаюць без суду і сьледзтва. Не сустракаў у турме ніводнага чалавека, які пазытыўна б выказваўся пра Лукашэнку. Калі ён выступаў па тэлевізары, мне казалі: "Вось твой пацярпелы выступае." |
[ 16/05/2006 22:51 ] |
добры дзень,спадар ЛеванеускI, раскажыце калI ласка , якiя Вы бачыце пэрспэктывы супрацоунIцтва памiж аб'яднанымI дэмакратычнымi сіламi i беларускiмi прадпрымальнiкамi.Як Вы лiчаце, цi магчыма у нашай краiне фiнансавая падтрымка апазiцыйных структур з боку прадпрымальнiкау? |
Думаю, што супрацоўніцтва прадпрымальнікаў і грамадзкіх арганізацый будзе. Яно ўжо ёсьць, але будзе яшчэ больш актыўным. Сярод прадпрымальнікаў значна больш людзей, чым два гады таму, якія гатовыя зьвязаць сваю дзейнасьць з палітыкай. Яны разумеюць, што праблемы, якія ўзьнікаюць у іх у бізнэсе, перадусім выкліканыя нэгатыўным стаўленьнем дзяржавы да прадпрымальніцкай ініцыятывы. Што датычыць майго ўдзелу, то я пакуль не гатовы сфармуляваць фармат гэтага ўдзелу, але ён будзе актыўным і прадукцыйным. Пра мае пляны вы хутка даведаецеся. |
[ 17/05/2006 00:21 ] |
Szanouny, spadar Valery. Dziakuj Vam za muznasc, za Vasuju hramadzkuju pazycyju, za szczyrasc i addanac Bielarusi, praudzie, svabodzie. Dziakuj za Vaszaje zmahannie, ciarpiennie. Blaslavi Vas Haspodz. Trymajciesia, my z Vami, moladz z Bierascia |
Вялікі дзякуй. Маладыя людзі могуць не ўяўляць, наколькі важная такая падтрымка, нават ад аднаго чалавека, калі сядзіш за кратамі. Тады разумееш, што твая ахвяра не дарэмная, што ты не дарма сядзіш, што твае ідэі запатрабаваныя ў грамадзтве. |
[ 17/05/2006 10:57 ] |
Валерий,спасибо Вам за мужество,стрйкость и законопослушность,данные качества могут для многих из нас являться примером -как человек должен отстаивать свои права и права граждан .Однако, Ваша законопослушность,порядочность и привела к репрессим в отношении Вас. Как можно,на ваш взгляд, отстаивать свои права если законы работают в основном лишь те ,которые призваны карать человека,а другие законы(защищающие права)зачастую не работают в нашей стране???Ведь суды отказывались в тюрьме рассматривать Ваши иски без всяких оснований. |
Што датычыць судоў, у любым выпадку я давяду свае справы да лягічнага завяршэньня. Што датычыць закону, то я застаюся на гэтых прынцыпах. Гэта вельмі моцная зброя ў спрэчках зь любым апанэнтам. Законы -- правільныя і добрыя. Але некаторыя зь іх супярэчлівыя, і ў частцы датычнай правоў чалавека яны фармальныя і не выконваюцца. Цяперашняя Канстытуцыя стала чыста дэкляратыўным дакумэнтам, які ніхто не чытае. Хачу прывесьці прыклад з гісторыі. Галілей падчас суду Інквізіцыі, дзе яго прымушалі адмовіцца ад сваіх перакананьняў, пасьля выхаду з суду сказаў пра Зямлю: "А ўсё ж яна верціцца". Я веру ў закон. Я яго заўсёды буду прытрымліваецца. Падкрэсьліваю, не падзаконных актаў, а закону, найперш Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая ёсьць маёй настольнай кнігай. |
[ 17/05/2006 11:24 ] |
Ці маеце вы аўтарытэт сярод прадпрымальнікаў і ці здольныя падняць іх на нейкія пратэстныя акцыя? Што думаеце пра герояў беларускага "майдану" на Кастрычніцкай плошчы? Весялін Тапалаў |
1) Цяжка сказаць, ці яны падтрымліваюць. Думаю, што так. 15 траўня, калі я выходзіў з турмы, мяне прыехалі сустракаць кіраўнікі прадпрымальніцкіх арганізацый практычна з усіх рэгіёнаў, хоць ім ладзілі перашкоды. Фармат супрацоўніцтва і акцыі па абароне правоў мы распрацоўваем. Прапановы паступаюць штодня. Разглядаюцца і пратэстныя акцыі.
2) Інфармацыі ў мяне было вельмі мала. Толькі тое, што паказвала БТ. Але ведаючы людзей, якія займаліся гэтай справай, я схіляю галаву перад іхнай мужнасьцю, перад іхнай ахвярнасьці дзеля дасягненьня агульных мэтаў. Пакуль людзі гатовыя ісьці на ахвяры дзеля агульных добрых мэтаў, мы маем будучыню як беларуская нацыя. |
[ 17/05/2006 11:46 ] |
Спадар Леванеўскі,
што вы ведалі пра прэзыдэнцкія выбары ў калёніі, што вашы канваіры і іншае начальства там думае пра Лукашэнку і ягоныя пэрпектывы, ці ёсьц прыхільнікі прэзыдэнта сярод зэкаў?
Васіль, Баранавічы |
Што тычыць адміністрацыі, то ў асабістых размовах мне не сустракаліся людзі, якія б адкрыта падтрымлівалі Аляксандра Рыгоравіча. У іхных вачах быў бачны толькі страх страціць пасаду, працу, калі іхная пазыцыя стане вядомая.
З асуджанымі значна прасьцей. Яны адкрыта выказваюць сваю пазыцыю адносна Лукашэнкі. Не хацеў бы прыводзіць тую нецэнзурную лексыку, якая гучала, калі ён выступаў па тэлевізары. Людзі на самых нізах, як ніхто іншы разумеюць, што з тэлеэкранаў ідзе хлусьня. Яны штодня сустракаюцца з тым, што харчаваньне ў турмах вельмі дрэннае, хоць Лукашэнка ў свой час абяцаў карміць каўбасой. Ён жа абяцаў даць працу ўсім асуджаным. Цяпер жа нават калі яны працуюць, яны працуюць бясплатна. У зонах разьвіта рабства. Зарплаты там могуць быць 3-5 тысяч рублёў на месяц. Некаторыя людзі нічога не атрымоўваюць, хоць працуюць па 16 гадзін на суткі. Нават ёсьць такая форма заявы: прашу прыняць мяне на працу без аплаты на грамадзкіх пачатках. Вельмі шмат людзей у зоне хочуць працаваць і атрымоўваць заробак, але ім не даюць такой магчымасьці. |
[ 17/05/2006 11:49 ] |
Что вы читали в колонии? Можно ли было вести записи? Как к вам отьносились уголовники и убийцы? А вы к ним? Вы за высшую меру наказания или против?
Ольга Викторовна, Брест |
Я чытаў у асноўным кнігі, якія мне прысылалі сваякі і знаёмыя, газэты, на якія я падпісваўся ці якія мне прыслалі сваякі. Чытаў "Народную волю", "Газэту слонімскую". Запісы весьці было можна, але ў мяне іх час ад часу канфіскоўвалі. Але ў штрафным ізалятары, куды мяне пэрыядычна саджалі, нельга было ні чытаць, ні весьці запісы.
Са сьвядомымі забойцамі, які ставілі сабе за мэту забіваць, я не сустракаўся. Іх трымаюць асобна на іншых рэжымах. А тыя, хто ўчыніў забойства ў раньнім узросьце -- па п'янцы, у аўтаздарэньні -- зь імі ў мяне былі "працоўныя" адносіны, яны пэрыядычна прыходзілі да мяне па кансультацыю. У прынцыпе, яны нармальныя людзі, нават шкада іх было, бо свае злачынствы яны ўчынілі ў стане афэкту.
Я -- за вышэйшую меру для сэрыйных забойцаў, для тых, у каго гвалт ёсьць сэнсам жыцьця. Але вышэйшая мера не прыдатная для Беларусі, бо ў Беларусі, фактычна, адсутнічае суд. Я не выключаю, што вышэйшая мера можа быць выкарыстана як мэтад палітычнага ціску. А памылкі сьледзтва могуць здарацца. 90% людзей у нашых турмах сядзяць, дзякуючы перакананьням суду, а не таму, што іх віна была даказаная. |
[ 17/05/2006 11:51 ] |
Яшчэ адно пытаньне: як вы ацэньваеце дзеяньни апазыцыі пад час прэзыдэнцкіх выбараў? |
Цяжка мне даваць ацэнку апазыцыі, але думаю, што ў дадзеных абставінах, большасьць людзей зрабілі, што змаглі. |
[ 17/05/2006 12:23 ] |
Ці лічаце вы, што трэба абіраць новага лідэра апазіцыі? Калі так, то хто ім можа быць? |
Я пакуль не гатовы адказваць на гэтае пытаньне. Я з павагай стаўлюся да ўсіх лідэраў апазыцыі, нават да тых, з кім у мяне раней бывалі канфліктныя сытуацыі. Я думаю, што пытаньне зададзена мне зарана. |
[ 17/05/2006 12:24 ] |
Господин Леваневский, вот все и стало ясно -- не успели вас выпустить, как американский посол уж тут как тут, и встречает узника совести. И о чем вы беседовали? Сколько вам зеленых передал господин Крол? |
Кожны думае ў меру сваёй разбэшчанасьці. І калі чалавек лічыць, што пасол ЗША прыехаў, каб мяне матэрыяльна падтрымаць, то мне шкада, што ў нас ёсьць такія інтэлектуальна абмежаваныя людзі. У асноўным мы размаўлялі зь ім пра тое, як палепшыць умовы ўтрыманьня людзей у турмах, што можа зрабіць міжнародная супольнасьць, каб тыя, што туды патрапілі, адчувалі падтрымку. У турмах робіцца страшнае беззаконьне ў адносінах да ўсіх зьняволеных. |
[ 17/05/2006 12:41 ] |
Спадар Валер! Да вашаг арышту у вас былі не вельмі добрыя адносіны з Аляксандрам Мілінкевічам. Ці змянілася вашае стаўленне да Мілінкевіча пасля прэзідэнцкіх выбараў?
Як прайшла вашая сустрэча з амбасадарам ЗША Джоржам Кромам? Ци паабяцаў амбасадар дапамагчы вам у сацыяльнай рэабилитацыи? |
1) Нельга казаць, што ў нас былі кепскія адносіны. У нас былі і добрыя, і канфліктныя сытуацыі, але гэта працоўныя моманты. Але што датычыць удзелу ў выбарах і тое, што ён зрабіў свой унёсак у разьвіцьцё дэмакратыі, гэтага ніхто ня зможа ў яго адняць. У нас ёсьць адрозьненьні ў тактыцы, але мэты і задачы ў нас абсалютна аднолькавыя.
2) Наконт амбасадара Крола, на гэтую тэму размовы ўвогуле не было. Можна сказаць, што гэта была прыватная сустрэча. Ён выказаў захапленьне маёй мужнасьцю як грамадзянін грамадзяніну, як чалавек чалавеку. |
[ 17/05/2006 12:44 ] |
Паважаны Валер, на тваю думку, што з'яўляецца галоунай умовай, каб вызваліць
нашу Беларусь ад злачыннага рэжыму і калі прыкладна гэта можа адбыцца ? Дзякуй.
Туравец Віктар. |
Дзякуй за пытаньне. Ня думаю, што адным сказам можна адказаць. Праблема Беларусі -- гэта не праблема аднаго чалавека. Праблема Беларусі -- гэта больш спадчына бальшавізму. Ён сыходзіць з постсавецкай прасторы, але вельмі моцна супраціўляецца. Аднак канец яго непазьбежны. Калі гэта адбудзецца? Думаю, што росквіт Беларусі не за гарамі. |
[ 17/05/2006 13:13 ] |
Шаноўны сп. Валеры, нам у Вільні усё пра вас цікава. Скажыце, калі ласка, якую музыку вы часьцей за ўсё слухаеце -- калі слухаеце, і-- ці плянуеце візіт у Вільню і сустрэчу з мясцовымі беларусамі?
Ігнацый, Данута, Дзіяна, Вільня |
Калі запросяць, з радасьцю сустрэнуся. Хацелася б рэалізоўваць права свабоднага чалавека на сустрэчы зь беларусамі, у тым ліку і ў Вільні, тым больш, што я раней там бываў. Музыку слухаю рознабаковую, у залежнасьці ад настрою. Вельмі люблю аўтарскія песьні, у іх ёсьць сэнсавая нагрузка. Калі ў мяне кепскі настрой, слухаю Баха, клясыку... "На зоне" я ня меў магчымасьці слухаць музыку, акрамя як па радыё. Наша радыё даволі добрае, асабліва "Радыё Гродна", якое было вельмі папулярным сярод зьняволеных. Мне было прыемна слухаць навіны з роднага рэгіёну. |
[ 17/05/2006 13:17 ] |
-- А якім бізнэсам вы ўласна займаецеся ці ваша спэцыялізацыя -- палітыка вакол бізнэсу? Алекс
-- Вы хоць самі зразумелі сэнс пытаньня? Калямбур. Мо задайце гэтае пытаньне па-іншаму, больш зразумела.
Я меў на ўвазе -- ці вы сапраўдны бізнэсмэн або вы займаецеся палітыкай? Калі бізнэсмэн, то які ваш бізнэс? Алекс |
Бізнэсам займаюся з 1991 году, палітыкай -- з 1996. І ў палітыку я прыйшоў толькі тады, калі зразумеў, што пытаньні бізнэсу немагчыма вырашыць без вырашэньня палітычных пытаньняў. Ня толькі бізнэс, але любая ініцыятыва ў Беларусі душыцца. Без вырашэньня палітычных пытаньняў нельга вырашыць любыя асноўныя пытаньні, напрыклад, пытаньні сям'і. Толькі калі мы вырашым палітычныя пытаньні, мы вырашым усе астатнія. |
[ 17/05/2006 13:18 ] |
Spadar Valer, vinshujem sa svabodaj! uvies czas pierazhyvali za vas. i hanarymsia vami.
Eva, Vilnia |
Дзякуй. Яшчэ раз скажу, што я пастараюся ўсім адказаць, хто напіша мне. |
[ 17/05/2006 13:23 ] |
Спадар Леванеўскі, ці далучыліся б Вы да жыхароў намётавага гарадку на Кастрычніцкай плошчы, каб ужо вызваліліся на той час? Як Вы ацэньваеце ўчынак маладых людзей, якія пратэставалі там некалькі дзён?
Дзякуй.
В.К., Віцебск |
Я ўжо адказваў што датычыць свайго стаўленьня. Я б, канечне, удзельнічаў у гэтых падзеях, знаходзіўся б зь імі ў гэтым гарадку. Гэта без сумневу. |
[ 17/05/2006 13:24 ] |
Спадар Валер, калі мы пераможам? Дзякуй.
Павал |
Мне таксама хацелася б, каб гэты момант настаў як мага хутчэй. Дык давайце прысьпешваць гэтыя працэсы разам. |
[ 17/05/2006 13:28 ] |
Ці валодаеце вы беларускай мовай? Ці падтрымлівалі ВЫ як бізнэсовец беларускую культуру?
Кірыл, Мінск |
На жаль, мае магымасьці падтрымліваць кагосьці абмежаваныя. Калі б была магчымасьць, я б падтрымліваў беларускую культуру. Мае найглыбейшыя карані тут, у Беларусі. Тут пахаваныя мае дзяды і прадзеды. Што датычыць мовы, я яе разумею выдатна, але размаўляць, на жаль, магу толькі на трасянцы. Трэба вучыцца. А ўсе мае дзеці выдатна гавораць на беларускай мове. |
[ 17/05/2006 13:30 ] |
Якія адносіны былі ў крымінальных злачынцаў да "палітычнага"? |
Мы трымаліся як бы па розныя бакі. Я б сказаў, што мы амаль не сутыкаліся, за рэдкім выключэньнем. Злодзейскія традыцыі не падтрымліваў, а наадварот у нечым зь імі змагаўся. |
[ 17/05/2006 13:32 ] |
Сп. Леванеўскі, што б вы памянялі і зрабілі іначай у сваёй мінулай дзейнасьці, каб маглі -- іншымі словамі, што лічыце сваё найвялікшай памылкай?
Ігар |
Мабыць, каэфіцыэнт карыснага дзеяньня, калі б я не займаўся дробязямі, не ўвязваўся ў непатрэбныя спрэчкі, якія забралі шмат часу, высілкаў і сродкаў. |
[ 17/05/2006 13:32 ] |
Господин Левоневский! Во-первых, я свидетельствую Вам свое уважение за стойкость и неизменность позиции и рада тому, что закончился срок Вашей изоляции.
Вопрос: Возможно ли ожидать, что часть Вашей общественной деятельности будет направлена на распостранение идей девоенизации пенитенциарной системы: перевод ее из системы МВД и систему органов юстиции. Может ли это, по Вашему мнению, существенно повлиять на соблюдение прав человека в пенитенциарных учреждениях в Беларуси? С чего бы начинали ВЫ?
С уважением,
Елена Тонкачева |
Я таксама прыхільнік пераводу сыстэмы выкананьня пакараньняў пад цывільнае кіраўніцтва. Трэба, каб затрыманьнем і "перавыхаваньнем" злачынцаў займаліся розныя структуры. Але самае галоўнае, каб самі гэтыя структуры выконвалі Крымінальны і Крымінальна-працэсульны кодэкс. Рэформы сыстэмы выканьня пакараньня -- гэта адна зь вялікіх тэмаў, якой я зьбіраюся займацца цягам наступных гадоў. |
[ 17/05/2006 13:38 ] |
Рады вітаць Вас на волі!
Спадар Валер, ці ёсьць у турме нармальныя турэмшчыкі, якія бы не былі выключна садыстамі і прымітывамі? Сапраўдныя сумленныя людзі. І хто страшней: зэкі ці турэмшчыкі? |
Большасьць прадстаўнікоў адміністрацыі -- нармальныя людзі. Але іх паставілі ва ўмовы, калі яны вымушаныя рабіць дрэнныя ўчынкі. Таму найперш трэба мяняць сыстэму. Думаю, што асобныя турэмшчыкі страшней за "зэкаў", бо менавіта яны прымушалі "зэкаў" рабіць незаконныя дзеяньні. |
[ 17/05/2006 13:38 ] |
Уважаемый Валерий, не пришло ли время обьединить в одну организацию (по примеру российской "Каторги и ссылки") всех белорусских политзаключенных?
Геннадий |
Трэба запытацца ў іншых палітзьняволеных. Любая арганізацыя -- гэта перадусім згода тых, хто мае да яе дачыненьне... Такія прапановы я буду ініцыяваць. |
[ 17/05/2006 13:38 ] |
Як вы ставіцеся да іныцыятывы Мілінкевіча стварыць агульнабеларускі рух "За Свабоду"? |
Да свайго сораму, я пакуль мала ведаю пра гэтую ініцыятыву. Трэба пагутарыць пра гэта з самім Мілінкевічам. У турме я навучыўся прымаць рашэньні, толькі ўзважыўшы ўсе "за" і "супраць". |
[ 17/05/2006 13:40 ] |
Ігар Ходзька, Бабруйск. Спадар Леванеўскі, найперш зь днём Волі.
Ці могуць паўтарыцца памятные страйкі прадпрымальнікаў, выкліканыя з увядзеньня падатку на дадатную вартасьць. Можа пытаньне дадатнае вартасьці зьнятае з парадку дня – гэта першае. Другое, ці магчыма ў прынцыпе кансалідацыя прадпрымальнікаў з апазыцыйнымі палітычнымі рухамі, дзеля зьмяненьня грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне. |
Працэс аб'яднаньня прадпрымальніцкіх рухаў з грамадзкімі арганізацыямі непазьбежны. Ён ідзе і будзе набіраць абароты. Пры цяперашнім стаўленьні да прадпрымальніцтва страйкі непазьбежныя. |
[ 17/05/2006 13:41 ] |
ВОсь вы кажаце, што шмат хто на зоне хацеў бы працаваць -- ці змаглі б вы арганізаваць бізнэс для зэкаў? І што гэта магло б быць у вашай зоне? |
У зоне я быў такі ж зьняволены, як і ўсе іншыя, а таму арганізаваць наўрад ці змог бы. А цяпер таксама наўрад ці, бо арганізоўваць нешта ў зоне прыватнаму бізнэсу забаронена. |
[ 17/05/2006 13:41 ] |
Ігар Кірын, Глуск. Спадар Леванеўскі, Вы былі жорстка пакараныя ўладай за абарону правоў прадпрымальнікаў. Ці шкадуеце, што пацярпелі за гэта. Калі б была магчымасьць вярнуцца назад, ці паўтарылі свае дзеяньні, можа што хацелі нешта зьмяніць, тады што. |
Цяжкае пытаньне. Я задаваў яго сабе шмат разоў. У мяне заўжды быў выбар: здрадзіць сваім прынцыпам і выйсьці на свабоду, адмовіўшыся ад палітычных дзеяньня. Але я прыняў рашэньне ня здраджваць сваім прынцыпам. |
[ 17/05/2006 13:42 ] |
Андрэй Белагубаў, Магілёў. Адсутнасьць фактычнай дзяржаўнай мяжы з Расеяй, ці абмяркоўваецца ў прадпрымальніцкіх асяродках. Выглядае так, што прадпрымальнікам такая сытуацыя выгадная. Як мяркуеце на гэты конт. |
Любому бізнэсу не патрэбныя ніякія межы. Таму бізнэс вітае, калі сьціраюцца межы, ня толькі паміж Беларусьсю і Расеяй, але паміж Беларусьсю і іншымі краінамі. |
[ 17/05/2006 13:53 ] |
Добры дзень, Валеры.
Што вас найбольш уразіла ў першыя хвіліны на волі, што зьмянілася на ваш погляд за гэтыя два гады ў нашай краіне?
Міхал. |
Цяжкае пытаньне. Я яшчэ не агледзеўся. Я дыхаю паветрам свабоды. Я атрымваю радасьць ад сустрэчы з роднымі. Задайце мне гэтае пытаньне праз 2-3 тыдні. |
[ 17/05/2006 14:30 ] |
Усім дзякуй за ўдзел. Мы заканчваем онлайн-канфэрэнцыю. Рэдактар |
Хацеў бы падзячыць усім удзельнікам онлайнавай канфэрэнцыі, асабліва арганізатарам. Асобная падзяка людзям, якія задавалі пытаньні. Пытаньні паказваюць, што вялікая колькасьць людзей занепакоена лёсам Беларусі. Ім цікава, што адбываецца. Ім цікавы мой досьвед і мае меркаваньні. Я думаю, што разам мы зможам шмат чаго дасягнуць, нягледзячы на тое, што мы маем розныя меркаваньні па розных пытаньнях. Я бачу, што ў людзей ёсьць імкненьне зьмяніць сытуацыю, і гэта вельмі радуе. Жадаю ўсім посьпехаў, здароўя, аптымізму. |
|
|