|
Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі нарадзіўся ў Менску, вучыўся ў Санкт-Пецярбурзе й Варшаве. Гісторык архітэктуры, культуроляг, мастак, афармляў шэраг кніг. Друкуецца ў "Нашай Ніве" ад моманту аднаўленьня яе выданьня. Апошнія яго выступы ў друку прысьвечаныя зруйнаваньню гістарычных забудоў беларускіх гарадоў і зьнішчэньню археалягічных помнікаў у Беларусі. |
|
2003
2004
2005
2006 |
[ 16/10/2006 16:27 ] |
Jakiia gistarycznyia pomniki Bieіarusi dla Vas najbolsz znacznyia i czamu? 2/ Jakiia gistarycznyia pomniki Bieіarusi moguc pryvabic turystau? |
Асабіста мне бліжэй лёс тых помнікаў, што так ці інакш зьвязаныя з маім асабістым досьведам. Гэта такія помнікі й мясьціны, што адведваю рэгулярна, яшчэ з тых часоў, калі яшчэ навучаўся ў мастацкай вучэльні, працаваў у выдавецтве Энцыкляпэдыі імя Броўкі, інстытуце "Белспэцпраектрэстаўрацыя": Амсьціслаў і Мазыр, Быхаў і Наваградак, Горадня й Магілёў, Дрысьвяты і Столін... Натуральна, Верхні Горад у Менску й Ракаўскае, празь якія я 8 гадоў хадзіў у школу. Багата ўсяго, з розных эпох і часоў. На маіх вачах тое-сёе й адрадзілася літаральна цудам, але збольшага апошнія дваццаць гадоў мне давялося са скрухаю назіраць як помнікі нашыя й мясьціны, зьвязаныя з маім юнацтвам – зьнішчаліся. Прапорцыя несувымерная – зьнішчана куды больш.
Помнікі гісторыі й дойлідства перадусім мусяць бытаваць для тых, хто зь імі (ці ў іх) жыве. Імі павінны натхняцца й ганарыцца мы самі, а пасьля ўжо й тое-сёе можна паказаць выпадковым паяжджанам ці цікаўным гасьцям. Для каго, напрыклад, мусяць хавацца ў шатах старых дрэваў старасьвецкія могілкі нашых прадзедаў?
Калі ж гаварыць пра асьветна-рэкрэацыйны патэнцыял для айчынных і замежных турыстаў, то гэта, пэўна, будуць Мсьціслаўшчына, Піншчына, Наваградчына, Полаччына, Слонімшчына, Мазыршчына, Браслаўшчына. Менавіта цэлыя рэгіёны з усім наборам патэнцыйных уражаньняў і ад паасобных помнікаў і ад іх гістарычнага й прыроднага атачэньня. Прытым увесь год! Самотны здабытак старасьвеччыны за колькі дзясяткаў км ад райцэнтру пасярод калгасных палёў, шарай беларускаю гадзінаю – гэта хіба ня лепшая прынада для турыстаў. Але, паўтаруся, помнікі мусяць існаваць самі па сабе, для нас і нашых нашчадкаў. У сьвятынях мы мусім маліцца, а на курганах – маўчаць. Турыстычны бізнэс і ахова гістарычных ляндшафтаў – рэчы мала зьвязаныя. Прынамсі, ня тоесныя. Жаданьне распавесьці пра сябе цэламу сьвету – зразумелае. Але прага зарабіць вялікія грошы на ўласных сьвятынях і магілах продкаў – згубная. |
[ 16/10/2006 16:27 ] |
Як вы лічыце, што можна зрабіць на дзяржаўным узроўні ў адносінах да культурнай спадчыны Беларусі? |
Найперш даць слова тым, хто, шмат гадоў працуючы ў гэтай галіне прафэсійна ці на грамадзкіх пачатках, заслужыў на тое, каб быць пачутым грамадзкасьцю. Кожны праект, што датычыць гісторыка-культурнае спадчыны павінен шырака абмяркоўвацца публічна!
А штогод, штомесяц, штодзень мусяць праводзіцца КАНСЭРВАЦЫЙНЫЯ працы на ЎСІХ помніках. Аскабалкі нашае даўніны трэба берагчы ад дажджу й сьнегу, ад дзірвану й хмызоў, а найперш – ад вандалаў, "чорных" археолягаў ды проста хамаў, якія гадзяць у старадаўніх мурах. Так, ухінутая якім шыфэрам ці рубэроідам руіна не прынясе імкліва грашовага скутку. Ня дасьць сёньня ж палітычных дывідэндаў. Але дасьць магчымасьць наступнаму пакаленьню давесьці помнік да ладу. Мо і ў недалёкай будучыні. |
[ 16/10/2006 18:47 ] |
Ад 1984 году Няміга не ўцякае ў Свіслач ля былой Замкавай гары. Калі будавалі мэтро, яе пусцілі ў калектар "Цэнтар", што цячэ пад "Домам моды" і ўцякае ў Свіслач за стадыёнам "Дынама". А тая дзірка, што на месцы ранейшага ўтоку Нямігі ў Свіслач, - гэта дрэнажная сыстэма станцыі мэтро "Няміга". Гэта для ведама.
А пытанне такое. Дзе можна паглядзець дакладныя карты мясцовасьці ўтоку Нямігі ў Свіслач ды Зьмяёвай (Высокай) гары, дзе быў бы дакладна пазначаны рэльеф (узвышшы, нізіны)?
Зьміцер. |
У паўнавартнасным кніжным фармаце – нідзе. Але раю знайсьці публікацыі Зянона Пазьняка за 1986 год у часопісе "Мастацтва Беларусі" (дакладны нумар ня маю пад рукою). У ягоных артыкулах былі й фатаздымкі, і спасылкі на архіўныя матэрыялы 1920-х гадоў. Былі й паасобныя публікацыі ў зборніках, напрыклад у "Каштоўнасьці мінуўшчыны" ў пачатку 1990-х, дзе таксама былі спасылкі на архіўныя матэрыялы, што датычацца вывучэньня Нямігі да вайны. |
[ 16/10/2006 19:03 ] |
Спадар Харэўскі! Зь вялікай цікавасьцю чытаю вашыя артыкулы. Посьпехаў Вам!
1. Пытаньне - мне казалі старыя менчукі - сьведкі бамбаваньняў, што Менск на пачатку вайны, немцы бамбілі адносна нязначна, а напрыканцы вайны вельмі было моцнае бамбаваньне авіяцыяй Чырвонай Арміі. За Менск баёў не было. Апрача таго, параўноваючы фотаздымкі разбурэньняў Менску, Варшавы, Дрэздэну, Нюрнбергу можна зрабіць выснову, што ў Менску (у параўнаньні з названымі гарадамі)разбурэньні былі ня моцнымі і аднавіць архітэктуру старога Менску было даволі проста (названыя гарады аднавілі архітэктурныя помнікі і будынкі літаральна з попелу, асабліва Варшава і Дрэздэн, якія былі разбамбаваныя практычна цалкам). Таму вельмі цікава даведацца пра Вашае меркаваньне на гэты конт.
2. Існуе думка, што адноўлены помнік дойлідства, гэта ўжо не тое... Але звычайны чалавек(не адмыслоыец) аглядваючы помнікі архітэктуры не думае пра тое, што гэта практычна новая пабудова. Уражаньне складваюцца ад ўбачанага... Давялося быць у Ратэнбурзе (Нямеччына). Вельмі моцнае ўздзеяньне аказала тое, што крэпасны мур (7 км), вакол гараду, быў адноўлены на ахвяраваньні літаральна са ўсяго сьвету. На маленькіх шыльдах умураваных у сьцяну былі напісаны імёны ахвярадаўцаў - немцаў, японцаў, ангельцаў...Напрыклад "1м адноўлены і імя..." Ці магчыма ў нас на Беларусі стварэньне фонду, напрыклад "Дойлідства Беларусі"?
Дзякуй. Юрый. |
Аднаўляць страчанае – няпроста. У літаральным сэнсе аднавіць помнік – немагчыма, як немагчыма ўдыхнуць жыцьцё ў самы добры твор таксыдэрміста. Некарэктна параўноўваць, дзе й хто й наколькі пацярпеў ад бамбаваньняў. Маці ўсё адно: сярод мільёна загінула яе дзіця, ці між двух людзей. Страты культуры заўсёды непапраўныя, як і чалавечае жыцьцё. Розьніца – у палітыцы аднаўленьня, у жаданьні нацыяў. Варшаву аднавілі яшчэ па гарачым прыску, а Дрэздэн – толькі ў нашым ужо стагодзьдзі. І розьніца заўважная. Але сама гісторыя ўзнаўленьня стала сымбалем, напрыклад для палякаў. І недасканала адноўленыя дамы старое Варшавы – помнік, перадусім, ваеннаму пакаленьню варшавякаў, іх мужнасьці, трываласьці й веры ў сваю будучыню. Ні па вайне, ні цяпер, беларуская нацыя яшчэ ня бачыць уцямна сваёй будучыні, таму й ня надта дбае пра сваю гісторыю, нават зусім блізкую.
2. У нас няма выбару, бо помнікаў у нас меней, чым дзе ў суседзяў. Давядзецца багата чаго ўзнаўляць. Але не агулам і не дзеля самамэты. Бо, як вядзецца пра Беларусь, няма ніякае гарантыі якасьці. Адна вусьцішная гісторыя з "рэстаўрацыяй" Нясьвіскага замку чаго вартая! Альбо зірніце на ляпаваты замак у Лідзе. Пры такіх падыходах – крок да поўнае прафанацыі. У Мазыры ўжо таксама "аднавілі" цэлы драўляны замак. А ці можаце Вы сабе ўявіць... адноўленыя могілкі? Вось жа й так, па сутнасьці, абсурдам, выглядаюць некаторыя ідэі аднаўленьня.
А вераемнасьць стварэньня ў нас грамадзкага фонду ня большая, чым вераемнасьць таго, што ўлады раптам пачнуць слухаць грамадзтва. Бо, на думку цяперашніх уладаў, толькі дзяржава, увасобленая ў адным чалавеку, мае права на ўсю нашую спадчыну. Зрэшты, у Гомелі на парамантаваны славуты палац пачапілі шыльду з падзякаю самому старшыню аблвыканкаму, рупнасьцю адно якога й было там усё зроблена. Адным словам, Якабсон – гэта сёньняшні Паскевіч з Румянцавым. Ніяк ня менш! Выглядае, і тут усё можна спахабіць пры такім ладзе. |
[ 16/10/2006 19:09 ] |
Прывітаньне, спадар Сяргей!
Турбуе краязнаўца Уладзімеір Скрабатун з Глыбокага.
Недзе ўвесну гг. я пайшоў у Глыбоцкі райвыканкам да аднаго начальніка. Я распавёў яму пра сядзібны дом Куроўскіх у вёсцы Гатаўшчына. Будынак стаіць у руінах. Спаслаўшыся на Алега Трусава, адзначыў, што будынак уяўляе каштоўнасьць як помнік архітэктуры класіцызму, хоць ён і не ўнесены ў ніякія рэестры. Франтон будынка аформлены ў стылі сэцэсіён (расьлінны арнамэнт, геральдычныя стужкі, шляхецкі герб, васьміканцовыя зоркі).
Начальнік сказаў, што на ахову будынкаў грошы няма і ня будзе і шукаць іх ніхто, таксама, ня будзе. Ахоўваць ня выгадна -- усё роўна той палац разваліцца сам па сабе. Дык няхай хоць людзям будзе нейкая карысьць зь яго – няхай разьбіраюць на цэглу -- бясплатна.
Я асабіста езьдзіў да старшыні СВК “Сельцы”, на тэрыторыі якога знаходзіцца руіна, і прасіў яго не зносіць. Старшыня сказаў, што “і сам не хоча будынак зносіць, хаця б таму, што тут некалі была школа і ён сам вучыўся ў ёй. Былі б грошы, мы гэты будынак аднавілі б хаця б пад кантору СВК, бо кантора месьціцца ў непрыглядным будынку. Але наша СВК фінансава не пацягне. Тым не меньш, будынак неўзабаве заваліцца і некага прыб’е, а мне – адказваць!”
Дзе ўзяць грошы? Я параіў яму, зразумела, жартам, патэлефанаваць у Лёндан графу Бжастоўскаму, апошняму ўладальніку. Можа яго зацікавіць лёс будынка? Ды дасьць грошай… Зразумела, я прыехаў у Гатаўшчыну не толькі з карцінкамі рэканструкцый сядзібнага дома, але са схемай гатовага турыстычнага маршрута, які я назваў “Палацы і сядзібы на шляху Язэпа Драздовіча”. Але начальства ў Глыбокім лічыць, што турызм на Глыбоччыне разьвіваць ня выгадна. Ва ўсякім разе, у размове сам на сам, так мне казалі.
Я нездарма згадаў графа Бжастоўскага (Берастоўскага). Увесну 1994 года, я, на свае вушы, чуў па радыёпрыёмніку інтэрв’ю з Радзівілам (здаецца, ён жыве ў Гішпаніі). – Вярніце нам замак і мы адбудуем усю Беларусь!—такія былі словы князя.
Аднойчы мне распавялі легенду: палётаў граф Плятэр на самалёце над сваім палацам у Гарадцы (Шаркоўшчынскі раён) і прыйшоў у жах. Ён сказаў: “Вярніце мне мой палац, а ў прыдачу я куплю ваш калгас зь якога зраблю адну з лепшых аграфірмаў сьвету!”
Адзін Шаркоўшчынскі краязнаўца, нядаўна, сказаў мне, што гэта -- не легенда, а – праўда. Сапраўды, нашчадкі Плятэра тэлефанавалі ў Віцебск з Лёндана. Прапаноўвалі ўкласьці грошы ў палац і парк. Дык начальства сказала: “Абыйдземся і без вас. Не хвалюйцеся за свой палац! Стаіць!”
Спадар Сяргей! Можа ўжо даўно настаў час паехаць да Радзівілаў і Плятэраў? У іх жа тут стаяць замкі і палацы! Няхай, спачатку, ськінуцца на незалежнае беларускае спадарожнікавае тэлебачаньне. А мы ім, потым, вярнём замкі і палацы. Трэба браць прыклад з маскалёў, калі мы, беларусы, лічым сябе вялікай нацыяй. Яны ж цяпер вярнулі ў Расею парэшткі ўсіх сваіх імпэратараў і імпэратрыц. |
Дзень добры, спадар Уладзімер! Вы ўзьнялі цэлую плойму пытаньняў. Тое, што ў дзяржавы няма сродкаў – хлусьня! Яшчэ за савецкім часам я ня мог даць рады, спрабуючы спасьцігнуць, чаму ў Эстоніі й Малдове, Літве ды Грузіі помнікі дагледжаныя й ашчадна зьберагаюцца гістарычныя ляндшафты. А сакрэт аказаўся простым – там помнікі Леніну ды "дошкі гонару" былі з бляхі ды кардону, а ў Беларусі – з бронзы ды мармуру. У некаторых райцэнтрах па інэрцыі ставілі бронзавых "правадыроў" нават у часы Незалежнасьці, а вось патынкаваць, абкасіць, падлатаць старасьвецкі дамок – "грошай няма". Таму ў нашых суседзяў выдатна зьберагліся тысячы помнікаў, адметныя ляндшафты ды сам гістарычны асяродак, а ў Беларусі – тысячы нягеглых савецкіх манумэнтаў.
Калі паглядзець на фэервэркі, парады ды шоў "За Беларусь!", цяжка даць веры, што няма сродкаў. Калі гэтая ўлада гатовая пераўтварыць народныя грошы ў салютны дым, то значыць, праблема ня ў грошах, а ва ўладзе. Сёньня рэжым не шкадуе сілаў і сродкаў на сваю прапаганду, шанаваньне Сталіных-Дзяржынскіх ды розны псэўдагераічны тлум. Значыць, гэта проста праблема прыярытэтаў. Ну а начальства драбнейшае (сельсаветаўскае ці калгаснае) каб і хацела што памяняць, баіцца вытыркнуцца. Што да рэстытуцыі й прыватызацыі колішняй панскай маёмасьці – то гэта адзіны спосаб зьберагчы ад зьнішчэньня тысячы помнікаў гісторыі й прыроды, да якіх у дзяржавы ніколі ня дойдуць рукі, нават калі й зьменіцца лад. Бо альтэрнатыва толькі такая – зьнішчэньне й зьдзічэньне, альбо захаванае хараство й памяць, хай сабе й за панскім плотам. Дарэчы, развагі пра тое, што вось "прылятуць, разьбяруць", з таго ж шэрагу, што вакол Беларусі "сьціскаецца варожае кальцо"... Досьвед усё тых жа суседзяў, дзе была праведзеная рэстытуцыя (у розных варыянтах), сьведчыць, што ня надта й ёсьць ахвочых займацца асэнізацыяй постсавецкай прасторы, марнаваць вялізарныя сродкі ў нашых посткамуністычных шыротах, калі й за меншыя грошы й зь меншымі высілкамі можна прыдбаць сабе што сымпатычнейшае на цёплым моры. Таму, выглядае, нават самая радыкальная рэстытуцыя й прыватызацыя – не панацэя для нацыянальнае спадчыны Беларусі. |
[ 17/10/2006 00:34 ] |
Шаноўны пане Сяргею!
Што, на Ваш погляд, рэальна можна зрабіць, каб не даразбурвалі тое, што запланавалі ў Горадні?
Можа дзейсны сьродак высмейваць гэтае дзікунства, рабіць акцыі "па асьвячэньню пліткі і клумбаў", "пустуючыя клюмбы - пад лецішчы вецеранам" і г.д.?
з павагай
Дзьмітры, Горадня |
Трэба рабіць усё, што толькі магчыма! Выяўляць болей фантазіі, шукаць нестандартных хадоў. Досьвед 20 апошніх гадоў змаганьня за стары Менск сьведчыць вымоўна й адназначна: змаганьне па правілах гульні, што прапанаваныя ўладаю – марнае. Звароты ў пракуратуры, міністэрствы, ведамствы, дзяржаўныя СМІ пры гэтым рэжыме – пустая трата часу. Яны што задумалі – тое робяць, часьцяком адно дзеля таго, каб прадэманстраваць сваю усяўладнасьць. Таму трэба апярэджваць іх, дзе магчыма, каб вярэдзіць грамадзкую думку. У гэтым змаганьні, нават калі мы вонкава не перамаглі, мы перамагаем. Тыя, хто сёньня адчайна змагаецца за Горадню, ствараюць мадэль будучае грамадзянскае супольнасьці адказных і неабыякавых людзей. Гэта тая "соль зямлі", што абавязкова спатрэбіцца вольнай Беларусі. |
[ 17/10/2006 15:36 ] |
Шаноўны спадар Сяргей, напрыканцы 80-ых гадоў менавіта моладзевы рух у абарону гістарычных помнікаў быў у нейкім сэнсе падмуркам будучага нацыянальнага Адраджэньня. Можна прыгадаць тут артыкулы Пазьняка, працу Талакі... А сёньня моладзь, збольшага, індыфэрэнтная да таго, што павальна руйнуецца здабыткі іх продкаў. Чым Вы гэта патлумачыце? |
Я так ня думаю. Я, наадварот, перакананы, што сёньня куды шырэйшае кола людзей, рупліўцаў нацыянальнае спадчыны, чым гэта было пры камуністах. Проста нават пры савецкім рэжыме не было такіх рэпрэсіяў. Тады, за часоў "Талакі", "Майстроўні" ды іншых маладзёвых ініцыятываў, перадпэнсійнае начальства глядзела на тую моладзь як на сваю родную. Не было паразуменьня. Але й не было ОМОНу, вязьніцаў, гульняў у судовыя працэсы. Ушчувалі, цуглялі, не пушчалі, але... давалі старонкі ў маладзёвых газэтах, адкрыта друкавалі лісты ў "Зьвяздзе", "ЛіМе", "Вячэрнім Мінску", праводзілі круглыя сталы й адкрытыя абмеркаваньні праектаў. Рэзананс быў шматкроць большым, чым цяпер. Ды й канфрантацыя гэтая нагадвала хутчэй канфлікт пакаленьняў, чым сьмяротны двубой, як цяпер. І маленькія посьпехі маладзёвых ініцыятываў (адстойваньне Аляксандраўскага сквэру ці Малога гасьцінага двара ў Менску) надавалі аптымізму й сілаў. Сёньня самахоць зладзіць талаку дзе ў старым горадзе... роўна што зь бел-чырвона-белым штандарам прайсьці па праспэкце.
Дарэчы, акурат моладзь з "Майстроўні" і "Талакі" стала авангардам змаганьня за незалежнасьць і дэсаветызацыю. Цяпер, выглядае, спачатку трэба выкарчаваць прычыну дзяржаўнага вандалізму й зьдзічэньня, каб прыступіць да плённай і творчай працы па зьберажэньні, аднаўленьні й памнажэньні нацыянальных здабыткаў. |
[ 17/10/2006 15:44 ] |
Калі б узьнікла магчымасьць аднавіць разбураныя будынкі Менску, з чаго, на Ваш погляд, варта было б пачаць? |
На маю суб'ектыўную думку – варта найперш аднавіць старэйшы ў Менску кляштар дамініканцаў з выбітным па сваім вобразе касьцёлам Сьвятога Тамаша. Ягоны фасад замкнуў бы "дзіру" ў пэрспэктыве вуліцы Інтэрнацыянальнай, зьвязаў бы Верхні горад з Цэнтральнай плошчаю й вуліцаю Энгельса (былой Дамініканскай). Але сытуацыя складаецца так, што сёньня ў Менску ўсё болей тых аб'ектаў, што варта было бы разабраць, каб ацаніць хараство ацалелых помнікаў і адметнасьць гістарычных ляндшафтаў. Пытаньне наўпроставай візуальнай ўзаемасувязі Верхняга гораду з Ракаўскім і Траецкім прадмесьцямі, з "выспамі" групаў гістарычных аб'ектаў у прылеглым да іх асяродзьдзі – застануцца актуальнымі й для наступнага пакаленьня дойлідаў і рэстаўратараў. |
[ 17/10/2006 20:10 ] |
Ці рэстаўруюць калі-небудзь Гальшанскі замак? Што для гэтага трэба? Чаму на гэты помнік ніхто не звяртае на гэта ўвагі? Гэта такі ж сымбаль, як і Нясвіж ці Мір. Дзякуй, Сяргей |
Я ня думаю, што ў хуткім часе яго пачнуць рэстаўраваць, наадварот, гэтае лета ў Гальшанах адзначылася зьнішчэньнем будынку былога банку, дзе была ўправа калгасу Гальшаны - то бок, на сёньня працягваецца зьнішчэньне, а не аднаўленьне. Цяпершані рэжым не зацікаўлены ў аднаўленьні такога кшталту помнікаў, як Гальшанскі, Крэўскі замак, якія маюць значаньне ня толькі для Беларусі. А тое, што ўчапіліся за Мір і Нясьвіж, то гэта звычайны паразытызм на тым, што яшчэ рабілася ў савецкія часы. Гэтыя замкі з 70-х гадоў былі пастаўлены на рэстаўрацыю, 20 гадоў іх рэстаўравалі яшчэ за савецкім часам, і яны сталі беларускімі брэндамі. Таму ўлады паразітуюць на гэтых брэндах, ня маючы на мэце іх аднаўленьне. Калі яны ўяўляюць, што там будзе рэзыдэнцыя Лукашэнкі, то яны гэта робяць. Уявіць сабе яшчэ адну рэзыдэнцыю ў Гальшанскім замку яны ня могуць, таму ны яго і не рэстаўруюць. |
[ 17/10/2006 22:42 ] |
Пан Сяргей, я захапляюся глыбінёй вашых ведаў пра Менск ды імкнуся паглыбляць свае, дзякуй за Вашыя артыкулы, дзякуючы ім ужо някепска ведаю гісторыю архітэктуры Менска :)
І ў мяне ўзнікае цэлы шэраг пытаньняў, на якія Вы, магчыма, можаце адказаць.
1) Ці існуе ў сапраўднасьці нейкі незавершаны падземны тунэль, які мог бы злучыць раён пр. Скарыны і пр. Машэрава? Калі не, то ці магчыма такое вырашэньне транспартнай праблемы: гэты тунэль і тунэль пад Нямігай, што вызваляе цэнтр ад машын і дазваляе аднавіць Нямігу і Верхні горад?
2) Ці магчымы ў прынцыпе знос такіх будынкаў, як гмахі і паркінг на Нямізе з наступным аднаўленьнем гістарычнага цэнтру, ці гэтая ідэя цалкам утапічная?
3) Ці існуе дастаткова матэр'яла (у прыватнасьці, дакладных чарцяжоў і абмераў страчаных будынкаў) для такога аднаўленьня?
(усе тры пытаньня, натуральна, трэба разглядаць ва ўмовах іншага кіраўніцтва)
4)Некаторы час таму казалі пра аднаўленьне Святадухаўскай царквы на пл. Свабоды. Ці магчыма дакладная ці адносна дакладная адбудова будынка, і ці не перашкодзіць гэтаму лінія метро пад пляцоўкай?
З павагай, Міхал |
1) Сьведкам таго, што такі тунэль існуе, ёсьць Зьміцер Падбярэскі, які ў той час рабіў рэпартаж аб будаваньні лініі мэтро. Да гэтай ідэі можна вярнуцца, яна цалкам апраўданая і ня будзе вымагаць зносу. Гэты тунэль можна рабіць адкрытым спосабам. Аналягі ёсьць у Вільні, напрыклад.
2) Магчымы, і цалкам апраўданы. Найперш, з маральнага гледзішча, а па-другое - з экалягічнага. Таму што экалягічная нагрузка на цэнтар горада ў выніку пабудовы паркінгаў вялізарная. А што датычыцца аднаўленьня, то тут трэба быць абачлівымі. Можа быць, у сучасных умовах мела б сэнс пасадзіць там дрэва на месцы колішняга будынка? Ці зрабіць дзіцячую пляцоўку? У гэтым быў бы большы сэнс, чым у пабудове клонаў колішніх будынкаў.
3) Так, існуе. Гэта нават звычайныя камунальныя красьлюнкі, якія існавалі да кожнага дому, дамавыя кнігі.
4) Магчыма, праект гэты зацьверджаны нават цяперашнімі ўладамі, а ці зашкодзіць мэтро - гэта пытаньне тэхналёгіі. Старыя Лёндан і Парыж стаяць на лініях мэтро і не развальваюцца. |
[ 17/10/2006 22:58 ] |
Дабрыдзень, спадар Харэўскі! Адкажыце, калі ласка, што ляжыць ў аснове нянавісьці вандалаў да беларускіх архітэктурных помнікаў? Ды і ўвогуле, адкуль гэтае няспыннае жаданьне руйнаваць - палацы, касьцёлы, царквы, мячэты, сінагогі...? Дзякуй. Ксаверы. |
Пытаньне тут у дэ-дэнтыфікацыі. Яны хочуць разбурыць нашую тоеснасьць – гістарычную, культурную, нацыянальную. Каб гэта была русыфікацыя ці саветызацыя, было б прасьцей, але яны зьнішчаюць таксама помнікі часоў Расейскай імпэрыі і нават савецкага часу. Яны хочуць, каб гісторыя пачыналася з 1994 г., году абраньня першага прэзыдэнта. Чаму б, напрыклад, не аднавіць помнікі славы "русского оружія" 1812 г., якіх у Беларусі былі сотні? Чаму ў такім занядбаньні стаіць вялізарная Бабруйская крэпасьць, гісторыя якой наўпрост зьвязаная зь імёнамі ўсіх расейскіх імпэратараў, пачынаючы ад Аляксандра І? Бо для ўладаў гэта няўяўны гістарычны маштаб, ня іхны маштаб. Яны мысьляць: толькі тут і толькі сёньня. Яны не зазіраюць ні глыбей, ні наперад .Яны нішчаць нават расейскую, савецкую спадчыну. Чаму не далі аднавіць манумэнт расстрэлу 1905 г. на Прывакзальнай плошчы? Усё з гэтай жа прычыны. |
[ 18/10/2006 00:10 ] |
Якія пазытыўныя зрухі ў аднаўленьні й рэканструкцыі помнікаў архітэктуры Вы можаце адзначыць? |
З удзелам дзяржавы — ніводнага. А без дзяржавы – гэта дзясяткі сьвятыняў, цэркваў, манастыроў, касьцёла, што аднаўляюцца рукамі саміх вернікаў. Прыклад: касьцёл Сьв.Андрэя ў Слоніме, Пустынкаўскі манастыр пад Амсьціславам, касьцёл Сьвятой Троіцы ў Дзярвятах, і ... няшмат чаго яшчэ. Але гэта ініцыятыва народу, а не ўладаў. |
[ 18/10/2006 09:56 ] |
Колькi часу ў сярэднiм iшло на будоўлю звычайнага беларускага замка i колькi людзей у гэтым прымала ўдзел? Сяргей, Вялейка |
Распаўсюджаная памылка, што гэта былі даўгабуды. Замкі і храмы будаваліся пад дах да зімы. Хоць насамрэч даводзілася прыцягваць вялізарную колькасьць людзей усіх спэцыяльнасьцяў – і зганяць, і наймаць. А вось працэс "даводкі", упрыгожваньня, дэкараваньня мог расьцягнуцца на стагодзьдзі. |
[ 18/10/2006 10:53 ] |
Шаноўны сп. Харэўскі! Ці дзейнічае ў нашай краіне Таварыства па ахове помнікаў? Ці можна неяк уплываць на дзеяньні самаробных "рэстаўратараў" - збольшага праваслаўных сьвятароў, якія без адпаведнага дазволу і праекту перарабляюць даўнія храмы на свой лад, ашалёўваюць плястыкам, ці абкладваюць драўляныя помнікі цэглай? А як вам "Тытанік" і "Казка аб цары Салтану" ў Нясьвіжскім палацу? Вялікі дзякуй за вашую працу. Кастусь |
Для справядлівасьці зазначу, што ня толькі праваслаўныя сьвятары вызначаюцца такой недасьведчанасьцю і нячуласьцю ў дачыненьні да помнікаў старасьвеччыны. Я бачыў нямала і касьцёлаў, пашкоджаных няўмелымі рамонтамі. Таварыства аховы помнікаў існуе, але на жаль, да меркаваньня ягоных сябраў улады прыслухоўваюцца гэтак жа, як і да меркаваньня клюбу кактусаводаў, напрыклад. Скажу больш за тое, у кампанію па абароне Менску бралі чынны ўдзел усе творчыя саюзы Беларусі, але, выглядае, марна. Толькі думка аднаго спэцыяліста цікавіць ягоных памагатых у нашай краіне.
Што да пытаньня пра "Тытанік", то гэта ня толькі ў Нясьвіжы, і гэта ёсьць ілюстрацыя ўзроўню адукацыі, культурнага мінімуму цяперашніх уладаў. Бадай, нічога больш яны не глядзелі і не чыталі. |
[ 18/10/2006 11:09 ] |
ці могуць грамадзкія арганізацыі неяк паўплываць на сітуацыю з аховай помнікаў? ці ёсьць законныя сродкі - дзейсныя! - супрацьстаяць разбурэньням, апроч як кідацца пад экскаватары |
Не, няма. Усе негвалтоўныя захады ўсімі грамадзкімі і творчымі арганізацыямі ўжо скарыстаныя. |
[ 18/10/2006 12:22 ] |
Прывітаньне, Сяргей! Як ты лічыш, ці трэба ў Полацку рэканструяваць (ясна, што ў нейкім нашым сучасным уяўленьні, бо ня маем нават апісаньня) акропаль полацкіх князёў? І дзе ён мусіць быць? Алесь Аркуш |
Добры дзень, Алесь. Я думаю, што неабавязкова "гуляцца ў салдацікі". А вось стварыць гістарычны парк на востраве, на месцы вераемнай магілы сьвятога Торвальда, было б дарэчы. Балазе, абышлося б бяз зносу, бяз стратаў. |
[ 18/10/2006 13:01 ] |
(Кісялёў Васіль Максімавіч) “Сяргей, я шматгадовыслухач радыё свабоды. У свой час стараўся не прапусьціць галерэю “Свабоды,” “Вострую браму”. Цяпер мне падабаюцца выступы Арлова пра выбітных людзей Беларусі. Чаму б табе не зрабіць рэтраспэктыўны агляд з гісторыі, мастацтва і архітэктуры Беларусі, расказаць пра беларускіх мастакоў і архітэктараў, кім мы можам ганарыцца, чым адрозьніваеца беларуская школа мастацтва і архітэктуры ад іншых? Гэта было б вельмі цікава. Дзякую”. |
Ну, мне было б што сказаць. Насамрэч, ведаючы помнікі, бальшыня беларусаў ня ведае іх аўтараў – Яна Франкевіча, Тамаша Жаброўскага, Льва Вітана Дубяйкоўскага, Станіслава Шабунеўскага ды іншых. Іхныя біяграфіі – адны з найярчэйшых старонак нашай культуры і гісторыі. |
[ 18/10/2006 13:04 ] |
Прывітанне, Сяржук.
Пытанні наступныя: гэтае разбурэнне кранае ўсю Беларусь, альбо існуюць нейкія рэгіены, мясціны, мястэчкі, якія яшчэ трымаюцца? А калі гэта так, то ад чаго залежыць “спадчынны супраціў”?
Дзякуй.
Мікола Кацук |
Добры дзень, Мікола. Не руйнуюць толькі там, дзе няма грошай на руйнаваньне. А такім чынам ацалелі самыя занядбаныя і далёкія куточкі кшталту Дзісны на Мёршчыне, ці на той жа Мсьціслаўшчыне далёкай. Хоць натуральна, рэлігійныя сьвятыні ў Заходняй Беларусі ўсё дагледжаныя. Ёсьць розьніца менавіта па рэлігійнай актыўнасьці. Традыцыя там засталася непарыўная. Два пакаленьні савецкія ва Ўсходняй Беларусі, якія адпалі ад рэлігіі – такога ў Заходняй Беларусі няма. Што да замкаў і панскіх маёнткаў – тут бяз розьніцы ідзе занядбаньне. |
[ 18/10/2006 13:48 ] |
Nekali ja biy y sanatorii " Padel`niki" , Yzdenski raèn. Tam , nedalèka ad sanatorija , èsc` zamak Narkewichay-Jodke, jaki lès jago zaraz? Ci zbirautca, jago restayrirawac`? Sam ne fawedausja, bo nazhal` zhiwy za mjazhoj.Biy tam dayna, ale ne magy zabitca, da jakoga stany dawjali geti zamak! Jak bi zamak nalezhiy wjadomim ludzjam ne tol`ki na Belarysi ale i y swece. Z pawagaj Kuzminski Aljaksej |
Размова вядзецца пра сядзібу Ёдкаў "Наднёман". Цяпер там усё выглядае яшчэ горш, чым у тыя часы. Выглядае, што пры гэтай дзяржаве рукі да яго ня дойдуць – адзінае выйсьце прыватызацыя ці рэстытуцыя. Такіх занядбаных сядзібаў ці паркаў я сёлета мог пабачыць сотні. |
[ 18/10/2006 13:54 ] |
jaki sens abaraniac budynki ci jasce bolsh dziuna - padmurki, kali rujnujucca ludskija lesy? tolki ne adkazvajce propisiami, pastarjcesia surjozna. Skeptyk |
Сьвятары мусяць ратаваць людзкія душы, дактары – людзкія целы, палітыкі – дзяржаву, а гісторыкі архітэктуры мусяць ратаваць помнікі. Я асабіста ніколі б не ўзалежніў лёс нават аднаго чалавека ад лёсу нават добрага помніка. |
[ 18/10/2006 13:59 ] |
Як вы ацэньваеце сёньняшнюю НН у параўнаньні з той, што рэдагаваў Дубавец? Дзякуй. |
Гэта розныя праекты. "Наша Ніва" Дубаўца была патрэбная напрыканцы ХХ-га стагодзьдзя, "Наша Ніва" пад рэдактарствам Дынька запатрабаваная напачатку ХХІ-га. Які час, такія і песьні. |
[ 18/10/2006 14:22 ] |
За апошнія 5 гадоў цэнтар Магілёва значна зьмяніўся. У які бок? |
У лепшы. Гэта той рэдкі прыклад, дзе было супадзеньня інтарэсаў магутнай тамтэйшай грамадзянскай супольнасьці, дзе магілёўскія рупліўцы працавалі ва ўнісон, у тандэме з гарадзкімі ўладамі. Але! Праект рэстаўрацыі і рэгэнерацыі паасобных помнікаў і цэлых кварталаў Магілёва былі распрацаваныя задоўга да прыходу гадунцоў Магілёўскай вобласьці ў менскія калідоры ўлады. Я ня ўпэўнены, што сёньня б аддалі касьцёл Сьв.Станіслава вернікам. У прыватнасьці, касьцёл Сьв.Язэпа на Верхнім Горадзе ў Менску катэгарычна ня хочуць аддаваць каталікам. Таму дасягненьне магілёўцаў – гэта дасягненьне папярэдняй эпохі, канца 80-х – пачатку 90-х гг. |
[ 18/10/2006 14:23 ] |
shto treba razburyc u mensku -- vasha dyesiatka? |
Паспрабую адказаць... Недабудаваныя гатэль "Эўропа", паркінг на Нямізе, вылічальны цэнтар МВД каля Пішчалаўскага замку, пракуратуру на Інтэрнацыянальнай, будынак "Белпрампраекту" перад мостам на Нямізе, гандлёвы дом на Нямізе, і забудову ад Дома мадэлей да крамы "Рамонак" па Паркавай магістралі. Гэта раз... :-) Разбурэньне – не самамэта. У кожным разе, дэмантаж мусіць быць сур'ёзна абгрунтаваны і – sic! – грамадзкае абмеркаваньне. |
[ 18/10/2006 14:37 ] |
ці ёсьць станоўчы прыклад зь іншых пост-савецкіх краінаў у змаганьні супраць разбурэньня помнікаў, якім варта было б скарыстацца. Ці мы і тут адзіныя і непаўторныя? |
Бадай, непаўторныя. Прыклады Расеі нам не надаюцца з прычыны розьніцы ідэялёгіяў і мэнталітэту, а ў астатніх эўрапейскіх краінах постсацыялістычнага блёку такой сытуацыі не магло быць па вызначэньню. Літоўскія камуністы аднавілі Троцкі замак, польскія – стары Гданьск, а беларускія – ... |
[ 18/10/2006 14:45 ] |
Дзень добры! Чаму ў святкаваннях 100-годдзя "Нашай Нівы" не бярэ ўдзел Сяргей Дубавец? Якія цяпер вашыя з ім стасункі? Дзякуй. |
Мае асабіста – выдатныя, сяброўскія. Проста мы цяпер пакуль жывем у розных гарадах. Дубавец мае свае задумы адносна сьвяткаваньня, і ягоная фізычная адсутнасьць на той ці іншай імпрэзе – гэта праблема толькі адлегласьці. Але плянуем сёлета ў Вільні і супольнае мерапрыемства, бо стагодзьдзе "Нашай Нівы" яшчэ наперадзе, у лістападзе. |
[ 18/10/2006 14:48 ] |
Сяржук, ведаю, ты - вернік. Як часта ходзіш да касьцёлу? Бог дапаможа нам? Кума |
Дапаможа. Ён дапамагае тым, хто не дае сьвятыні псам. Хоць я катэгарычна супраць зьмяшэньня рэлігіі і дзяржаўнай палітыкі. |
[ 18/10/2006 15:03 ] |
Цікава было б даведацца, як вы ацэньваеце дзейнасьці дабрачынных фондаў па ўратаваньні замкаў - "Любчанскі замак" і "Крэўскі замак" ( калі канечне бачылі зробленае імі) |
Вельмі станоўча. Гэта акурат тая сытуацыя, што найлепей ілюструе ўсё сказанае мною вышэй. Людзі сваімі сіламі і сродкамі робяць добрую, сьвятую справу без аніякае дзяржаўнае падтрымкі. І напрамілы Бог просяць не афішаваць іхнюю дзейнасьць, каб улады не зашкодзілі. Вось у якой краіне мы жывем. |
[ 18/10/2006 15:10 ] |
Мы заканчваем нашу онлайн-канфэрэнцыю. Вэб-рэдактар. |
Маё пажаданьне чытачам сайту: ня будзе раўнадушнымі. Нельга праходзіць міма злачынства. Калі мы ня ў стане сёньня схапіць за руку гэтых вандалаў, мы мусім разумець, што адбываецца, і верыць, што ўсё будзе да лепшага. Зарукаю таму – тая колькасьць пытаньняў, якая сёньня прыйшла да мяне. Беларусы не абыякавыя! Проста мы вычарпалі ўсе негвалтоўныя спосабы супраціву. Калі ў краіне людзі таемна ад улады ратуюць помнікі, якія тая дзяржава ўзялася ахоўваць, гэта значыць, што ў нашай нацыянальнай сьведамасьці адбываюцца якасныя зьмены. Гэта значыць, што ў нас дастаткова людзей гатовы ўзяць адказнасьць ня толькі за здабыткі нашых продкаў, але й за будучыню нашай краіны. |
|
|