[ svaboda logo ] [ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
форум  


28 Лютага 2006
Алесь Пашкевіч
Нарадзіўся 11 верасьня 1972 году ў Слуцкім раёне Менскай вобласьці.

Скончыў філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1994) і асьпірантуру. Кандыдат філялягічных навук (1998), тэма дысэртацыі – “Фэномэн узвышэнства ў беларускай паэзіі 20 стагодзьдзя”.

Працаваў у рэдакцыі газэты “Чырвоная змена”, адказным сакратаром і намесьнікам галоўнага рэдактара часопісу “Першацвет”, загадчыкам аддзелу паэзіі часопісу “Нёман”.

Дасьледуе беларускую паэзію 1920-х гадоў. Літаратура беларускага замежжа была тэмай доктарскай дысэртацыі, якая, аднак не была зацьверджаная пасьля ліста групы вэтэранаў.

З 2002 году – старшыня Саюза беларускіх пісьменьнікаў.

Аўтар дакумэнтальнага раману “Пляц Волі”, раману-біяграфіі “Круг”, прысьвечанай Уладзімеру Дубоўку і інш
04.01.2006
Аляксандар Вайтовіч
10.01.2006
Сяргей Гайдукевіч
18.01.2006
Аляксандар Казулін
23.01.2006
Аляксандар Мілінкевіч
26.01.2006
Зянон Пазьняк
03.02.2006
Андрэй Дынько
09.02.2006
Павел Шарамет
15.02.2006
Лявон Вольскі
20.02.2006
Сяргей Калякін
08.03.2006
Сьвятлана Алексіевіч
16.03.2006
Джордж Крол
23.03.2006
Аляксандар Мілінкевіч
30.03.2006
Ніна Шыдлоўская
05.04.2006
Крысьціна Шацікава
11.04.2006
Iвонка Сурвіла
19.04.2006
Марыюш Машкевіч
04.01.2006
Юры Бандажэўскі
10.05.2006
Іна Кулей
17.05.2006
Валер Леванеўскі
24.05.2006
Вячаслаў Сіўчык
31.05.2006
Валер Булгакаў
07.06.2006
Сяргей Тарпачоў
13.06.2006
Вінцук Вячорка
19.06.2006
Наш Васіль Быкаў

27.06.2006
100 дзён пасьля Плошчы

05.07.2006
Захар Шыбека

12.07.2006
Валер Дранчук
14.07.2006
Ірына Казуліна
19.07.2006
Ганна Кісьліцына

26.07.2006
Аляксандар Дабравольскі
02.08.2006
Вітаўт Мартыненка
08.08.2006
Янка Запруднік

14.08.2006
Сяргей Антончык
23.08.2006
Алесь Пушкін
28.08.2006
Іна Кулей
06.09.2006
Барыс Пятровіч

13.09.2006
Сьвятлана Завадзкая

20.09.2006
Аляксандар Старыкевіч

27.09.2006
Алесь Каліта

04.10.2006

Аляксандар Мілінкевіч
11.10.2006
Уладзімер Мацкевіч

18.10.2006
Сяргей Харэўскі

25.10.2006
Анатоль Лябедзька
30.10.2006
Павал Севярынец

08.11.2006
Тацяна Процька

15.11.2006
Валер Булгакаў
22.11.2006
Сяргей Скрабец
29.11.2006
Андрэй Дынько
06.12.2006
Станіслаў Шушкевіч

13.12.2006
Уладзімер Някляеў

19.12.2006
Ваша Свабода
2003  2004  2005  2006
[ 22/02/2006 19:33 ]
Якія вышы пляны на будучыню? Ян
Калі хочаш пачуць, як сьмяецца Бог, – падзяліся зь ім сваімі плянамі… Наогул жа – пляны вясновыя, наўпрост і ў пераносным значэньні. Заўтра ж – вясна!
[ 22/02/2006 19:57 ]
Алесь, а ўсё-ткі чаму Казулін, а не Мілінкевіч? Чым Вас былы рэктар прывабіў?
Спадара Казуліна я ведаю ўжо дзесяць гадоў. Сябрую з ягонай сям’ёй: далікатнымі дочкамі Юляй і Вольгай, а таксама чароўнай і сьветлай спадарыняй Ірынай. А гэта – той “другі бок медаля”, які сьведчыць пра асобу Казуліна. Бачу яго ў эвалюцыі. І першы гучны тэлевыступ Казуліна – гэта яшчэ толькі кветачкі…
[ 22/02/2006 21:05 ]
У маім родным Полацку дагэтуль існавала адзіная ў горадзе Нацыянальная гімназія, але зараз і яна страціла сой былы статус "нацыянальнай". Ці ведаеце Вы, колькі такіх навучальных устаноў засталося ў краіне? І як Вы ставіцеся да праблемы адукацыі на роднай мове?
Мілая Юля! Мне балюча ад тваёй занепакоенасьці. У Беларусі не засталося ніводнай насамрэч нацыянальнай школы! Але ёсьць – школьнікі, гімназісты, такія, як Ты – апантанцы. І ўсё будзе добра! Праблему ж адукацыі на роднай мове трэба вырашыць проста: забясьпечыць навучальны працэс. Паводле афіцыйнага перапісу роднай беларускую назвалі болей 70 % жахароў Беларусі. Адпаведна столькі ж адсоткаў навучальных устаноў з беларускай мовай навучаньня і павінна быць.
[ 22/02/2006 21:20 ]
Шаноўны спадар Пашкевiч! Якiя пляны каманды Казулiна па згуртаваньнi ўсiх апазыцыйных сiлаў? Цi гатовы вы, як каманда, i Вы асабiста падтрымаць Мiлiнкевiча, калi стане вiдавочна, што ён больш моцны кандыдат? Цi гатова Ваша каманда падтрымаць акцыi пратесту ў выпадку фальсiфiкацыяў (слаба верыцца, што пасьля гэтых выбараў, у нас будзе нейкi шанс зьмянiць сытуацыю ўвогуле, калi будзе мець месца чарговая параза)? Цi iдзе якое-небудзь супрацоўнiцтва памiж вамi ды каалiцыяй у цяперашнi момант? Вялiкi дзякуй, Юры К.
Спадар Юры, даруйце, але пра “пляны каманды” я ня буду гаварыць. Адно зазначу: першай задачай сёньняшняй палітычнай альтэрнатывы мусіць стаць не “згуртаваньне ўсіх апазыцыйных сілаў”, а ўсіх грамадзян Беларусі: “левых” і “правых”, “сваіх” і “чужых”.

Па другім і трэцім пытаньні: натуральна гатоў! І шчыра жадаю моцы і посьпеху Аляксандру Уладзіміравічу. Аднак прызнаемся: сёньня ўжо відавочна, хто мацнейшы. Наконт супрацоўніцтва… Па-праўдзе, я і сам заблытаўся ад крокаў “кааліцыі”: то чакаем адказу да 15-га лютага, а то ультыматум… Ды ня гэта – галоўнае. Што цяпер рабіць з “праектам улады”, як Казуліна называлі некаторыя з “кааліцыі”? Думаю, і ўлада ня ведае…
[ 23/02/2006 01:37 ]
Спадар Пашкевіч, падтрымліваючы дэмакрата-Казуліна вы не баіцеся памыліцца ў сваім выбары і сыграць прыблізна такую ролю, як некалі сыгралі Лябедзька, Ганчар, Фядута падтрымліваючы дэмакрата-Лукашэнку? Вы ўпэўнены, што пасля вам не будзе крыўдна і стыдна?
Не баюся, хоць бы таму, што магу адыграць толькі сваю ролю – Пашкевіча. А якая яна – напоўніцу пакуль адзін толькі Бог ведае…
[ 23/02/2006 01:39 ]
Як вы ставіцеся да эміграцыі Славаміра Адамовіча? Вы самі, хаця б тэарэтычна, маглі б калі-небудзь рашыцца на такое?
Я знаёмы са Славамірам яшчэ зь філфаку. Яго не хапае тут, якраз сёньня. Як і Беларусі не хапае яму там, у Нарвэгіі, куды, карыстаючыся нагодай, я дасылаю яму прывітаньне. Мяне ўразілі яго патухлыя, перапаленыя вочы: пры сустрэчы на пахаваньні Анатоля Сыса, а таксама перад ягоным ад’ездам… Пане Славаміру, трымайся!

Сам жа я нават тэарэтычна “рашыцца на эміграцыю” не магу. Не магу! “Я нарадзіўся тут!”
[ 23/02/2006 01:41 ]
Ці падабаецца вам сённяшняя "Наша Ніва", ці не лічыце вы, што сёння яна стала нівай яе галоўнага рэдактара?
Не падабаецца. Але што з таго? Ёсьць з чым параўноўваць, найперш – з нумарамі пэрыяду Дубаўца. Прыватызуецца сама ідэя “нашаніўства”… З 1906 году газэта з такой жа назвай будзіла і аб’ядноўвала…

Нешта я зранку зусім катэгарычны… Зрэшты, няма лепшай. І трэба быць удзячным калектыву “Нашай Нівы” за тое, што ў цяперашніх “імперскіх” умовах працуюць ды трымаюцца!
[ 23/02/2006 01:44 ]
Як вы лічыце, ці варты менавіта Барадулін на намінацыю Нобэля?
А як жа Вы думалі?! Якраз я быў ініцыятарам вылучэньня дзядзькі Рыгора на Нобелеўскую прэмію ад Саюза беларускіх пісьменьнікаў. А літаральна ўчора атрымаў ліст з Каралеўскай акадэміі, што “хадайніцтва” імі атрымана.

Наогул жа, Нобелеўскай прэміі варта ўся нашая беларуская літаратура. Ад Скарыны, ад Гусоўскага, ад Багушэвіча, ад Купалы, ад Чорнага, ад Гарэцкага, ад сотняў закатаваных і зьнішчаных літаратараў! Вартая – за праўду, боль і адданасьць нацыі. Нават калі народу тое – не патрэбна…
[ 23/02/2006 03:50 ]
Дзень добры! Чаму Вы паверылі Казуліну? Што Вас, нацыянальнасвядомага чалавека, можа звязваць з гэтай асобай? Няўжо маладзёвы прагматызм? Прабачце за атсутнасць дыпламатыі. З павагай Зміцер.
Дарагі Зьміцер! Перакананы, што і Вы б паверылі яму, каб блізка ведалі гэтага чалавека. І глядзіце мой адказ на пытаньне № 2 (вышэй). Асобны “Дзякуй” – за “нацыянальнасьвядомага”.
[ 23/02/2006 04:07 ]
Кім вы лічыце сябе ў першую чаргу: пісьменьнікам, мэнэджэрам (як старшыня СПБ), палітычным актывістам? Мне здаецца, што вы вядомыя публіцы ў першую чаргу як грамадзкі дзеяч. Ці вы лічыце, што нешта вартае сказалі сьвету сваімі літаратурнымі творамі? Што лічаце сваім найвялікшым дасягненьнем у творчасьці? Дзякуй. Андрэй
Натуральна, пане Андрэю, пісьменьнікам! Я не палітык, о крый мяне Божа…

Яшчэ нядаўна думаў, што маё “найвялікшае дасягненьне ў творчасьці” – некалькі вершаў ды раман “Круг” пра Уладзімера Дубоўку. А вось надоечы паглядзеў “фільму” Азаронка “Духоўная вайна”, на свой фэйс пасьля гітлераўскага, сваю кнігу “Пляц волі” – і падумаў, што, можа, і яна не зусім безнадзейная, калі сучасны гебельс яе і праз пяць гадоў пасьля выданьня згадаў!..
[ 23/02/2006 06:52 ]
Как вы можете оценить состояние русской прозы и поэзии Белоруссии сегодня? Белый Росс
Значна горшая, чым расейская ў Расеі. Урэшце, я ведаю толькі пра расейскамоўную літаратуру Беларусі, украінскамоўную, польскамоўную, нават курдскамоўную. “Русской прозы и поэзии” ў Беларусі няма, шаноўны Белый Росс…
[ 23/02/2006 12:36 ]
Спадар Алесь, чаму Саюз беларускіх пісьменьнікаў нiяк не адзначыў угодкi Iвана Мележа? Cяргей, Вiлейка
На жаль, не змаглі годна адзначыць, бо займаліся судом, бо не атрымалі дазволу на арэнду вялікай залы Дома літаратара, бо ў нашых пакоях адключылі электрычнасьць. Бо мусілі думаць, куды – калі Саюз пісьменьнікаў выганяць на вуліцу – схаваць архівы, сярод якіх – і дакументы Івана Мележа…
[ 23/02/2006 18:32 ]
Ваш любiмы верш?
Іх – цэлая анталогія. Хоць вершаў на памяць ведаю мала. Нават сваіх. Думаю, што паэзія ад завучваньня на памяць губляе сваю нечаканасьць, непаўторнасьць.
[ 23/02/2006 18:36 ]
Што за ‘ліст групы вэтэранаý’,з-за якого не была зацверждна доктарская дысэртацыя?
Рашэньне ад непрысуджэньні мне пасьведчаньня доктара філалагічных навук пасьля пасьпяховай абароны дысэртацыі было не з-за ліста “групы ветэранаў”, а пасьля маіх адмоў стаць паслугачом, здацца, здрадзіць. І – з-за разыходжаньня “генеральнай лініі” з асноўнымі палажэньнямі маёй дысэртацыі. А як узьнік інсьпіраваны “ліст ветэранаў”, у якім мяне назвалі і фашыстам, і нацыяналістам, і антыдзяржаўнікам, і нават “хакамадаўцам”, сёньня я дакладна ведаю. І не адзін я. Ведае пра тое і колішні старшыня ВАКу спадар Рубінаў, які цяпер стаў першым намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі…
[ 23/02/2006 21:20 ]
У які тэрмін вы збіраецеся аднавіць нацыянальныя сымбалі як дзяржаўныя?
У разумны. Патлумачыўшы народу, расказаўшы праўду. А наогул, я перакананы, што новы прэзідэнт будзе прысягаць у вернасьці Беларусі, народу і Канстытуцыі пад бел-чырвона-белым. Як і першы…
[ 23/02/2006 22:12 ]
Что будет,если не получиться победить РЕЖИМ? Как вы будети бороться если ничего неполучиться на выборах?
Спакойна і з праўдай.
[ 24/02/2006 01:03 ]
А можа не патрэбны гэты Саюз пісьменьнікаў? Вунь амэрыканскія, ангельскія, нямецкія, францускія пісьменьнікі выжываюць і друкуюць кніні мільённымі накладамі, і ніякіх "саюзаў" у іх няма. Пры чым, мне здаецца, што зганяць пісьменьнікаў у саюз, гэта тое самае, што спрабаваць рабіць з катоў і кошак статкавых жывёл, быдла (у сельскагаспадарчым сэнсе гэтага слова).
Хто куды каго зганяе? Прачніцеся! Што: Караткевіч, Быкаў, Брыль, Барадулін, Гілевіч, Някляеў, Іпатава – і яшчэ 550 сяброў Саюза пісьменьнікаў – “жывёлы” і “быдла”?! Хто іх куды зганяе? Наш Саюз наадварот – разганяюць, зьнішчаюць: 2 сакавіка разгляд справы ў Гаспадарчым судзе, 3 сакавіка – у Вярхоўным! І калі нас ужо ня першы год высільваюцца ліквідаваць – значыць, мы нечага вартыя. Ці ня так? Ды і ўмовы ж у нас – не амерыканскія, ангельскія, нямецкія, як вы пішаце…
[ 24/02/2006 01:38 ]
Ці асуджаеце вы тых вашых калегаў, каторыя ўступілі ў каляўладны саюз пісьменнікаў?
Некаторых. Большасьці ж – спачуваю.
[ 24/02/2006 01:41 ]
Як вы адносіцеся да тых мэтраў беларускай літаратуры, каторыя за саветамі супрацоўнічалі са спецслужбамі? Ці не варта было б вам, як старшыні СПБ асудзіць іх публічна?
Судзіць Бог і судовыя інстанцыі. Хопіць з нас аднаго старшыні, які судзіць, і судзіць, і судзіць… Публічна…
[ 24/02/2006 01:42 ]
Ці адчуваеце вы на сабе ціск з боку КДБ?
Не.
[ 24/02/2006 01:42 ]
За каго вы галасавалі на першых прэзідэнцкіх выбарах?
За Зянона Пазьняка.
[ 24/02/2006 01:44 ]
Які, на ваш погляд, беларускі фільм найбольш адпавядае твору, паводле якога ён быў зняты?
На вялікі жаль – ніякі.
[ 24/02/2006 01:46 ]
Якое месца ў вашым жыцці займаюць пабытовыя рэчы, грошы, дабрабыт увогуле?
Як і ва ўсіх людзей. Мне, ад нараджэньня вяскоўцу, не хапае лецішча. Мару набыць хатку, купіць казу… Як у той показцы, затым – прадаць… Наогул жа, дабрабыт без гармоніі з унутраным, духоўным – не дабрабыт. Таму імкнуся ўсьвядоміць усё агулам.

…І аніяк ня звыкнуся “пісаць” наўпрост на “нотбук”, а не асадкай. Люблю паперу і добрую асадку. Але, прызнаюся, болей люблю нічога не рабіць…
[ 24/02/2006 01:47 ]
Чаму аб'ектам сваіх даследаванняў вы выбралі паэзію менавіта 20-х гадоў?
Бо яна найменш дасьледавана ў нашым літаратуразнаўстве. Паэзіі 20-х гадоў, у прыватнасьці, творчасьці літзгуртаваньня “Узвышша” я прысьвяціў сваю кандыдацкую дысэртацыю. Пра найменш вывучанае – канцэпцыю нацыянальнага быцьця ў прозе беларускага замежжа – мая доктарская. Але “душа” – у 20-х. Таму сьведчаньне – і мая новая кніга “Круг”…
[ 24/02/2006 01:48 ]
Як вы лічыце, чаму дасёння не знята табу з імя Ларысы Геніюш?
Бо тады трэба “зьнімаць” усю сучасную дзяржідэалогію. Але Ларыса Геніюш – у беларускай Вечнасьці, а ідэалогій – падлічыце – колькі зьмянілася і забылася?!
[ 24/02/2006 01:50 ]
Чаму вы ўвесь час такі сур'ёзны? Вы ж яшчэ зусім малады?
А адкуль Вы ведаеце, які я ўвесь час? Мяне й жонка ўвесь час ня бачыць! Як і ўсё, я розны. І, на радасьць, несур’ёзным я бываю часьцей.
[ 24/02/2006 01:52 ]
Як вы ставіцеся да "раманчыка" "Лабух" Ул.Някляева?
Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсіх праявах!
[ 24/02/2006 06:42 ]
Расскаите, пожалуйста, об акции по изданию многотомного издания Василя Быкова. Где можно приобрести эти книги? Будут ли они в библиотеках? Трудно ли было издавать? С уважением. Илья РАССОЛОВ, член Союза писателей Москвы
Выданьне Поўнага збору твораў Васіля Быкава ў 14 тамах – грамадзянская ініцыятыва. Першым гэтае пытаньне агучыла камісія па захаваньні спадчыны празаіка, створаная пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў. Ласкавую згоду дапамагчы ў гэтай справе выказала Ірына Міхайлаўна Быкава. Кіраўніком праекту стаў Аляксандр Казулін. Я і Барыс Пятровіч на грамадскіх пачатках узначалілі рэдкалегію.

Гэта – не камерцыйны праект, а нацыянальна-асьветніцкі. Наклад – 3 000 асобнікаў –бясплатна перадаецца ў бібліятэкі Беларусі. Праўда, чыноўнікі баяцца кніг Быкава! Я зьвярнуўся з афіцыйнымі лістамі да міністраў культуры і інфармацыі з просьбай цэнтралізавана перадаць праз бібкалектары першыя тры тамы. Нам афіцыйна адмовілі!

Мы самі развозім і прэзентуем быкаўскі кнігазбор.

Падзялюся радасьцю: толькі што выйшлі з друку наступныя тры тамы Поўнага збору твораў васіля Быкава – 4-ы, 5-ы і 6-ы! І вы першыя, з кім я дзялюся гэтай навіной!

А паважанаму спадару Ільлю і ўсім пісьменьнікам Масквы – маё сардэчнае прывітаньне.
[ 24/02/2006 20:44 ]
Спадар Алесь! Мужнасці вам і ўдачы! Дар'я
Дзякуй. Разам нас багата!..
[ 24/02/2006 22:37 ]
Паважаны спадар Алесь! Ці супрацоўнічаеце Вы з ТБМ? Мне здаецца, што зараз нацыянальным сілам трэба па максімуму выкарысоўваць магчымасці глабальнай сеткі для асветы. Ці ёсць у Вас такія магчымасці? Вашыя адносіны да Зянона Пазьняка, як да асобы, палітыка, чалавека? Дзякуй за адказы! Раман, Салігорск
Паважаны спадар Раман. З ТБМ я – з першага курсу філфаку (з 1989 году).

Нацыянальным сілам для асьветы трэба выкарыстоўваць усе магчымасьці. Але найперш – рэальныя, а не віртуальныя!

З Зянонам Пазьняком блізка я не знаёмы. Паважаю яго стойкую беларускасьць. А яшчэ для сябе адкрыў яго як літаратара.
[ 24/02/2006 22:40 ]
Вітаю, Вас! За колькі прадаліся Аляксандру Казуліну?.. Хоць зрэшты, можна Вас зразумець: усе мы людзі - усім есці хочацца... Але шкада, што прага "хлеба штодзённага" здужала іншыя памкненні... Разумею адно - беларусы здольныя толькі на адно: грызці адзін аднаго што сабакі, пра якое адзінства можна казаць, калі нават інтэлігенцыя і тая разбеглася ў розныя куты?.. На што разлічваем?.. Ісці на выбары двум кандыдатм - непазбежная параза... Вам так не падаецца?
І я Вас вітаю! Вы самі – ілюстрацыя сваёй думкі аб тым, што “беларусы здольныя толькі на адно: грызьці адзін аднаго што сабакі”. Аднак сабакі брэшуць, а караван ідзе… І чаму гэта “інтэлігенцыя разьбеглася ў розныя куты”? Мне так не падаецца. Інтэлігенцыя выбірае новую Беларусь!

І наконт першага пытаньня – за колькі я “прадаўся Аляксандру Казуліну”. Ня ўсё, што купляецца, можна купіць. Думаю, што сума эквівалентная 14 мільёнам умоўна-духоўных адзінак… Ці ня так можна ацаніць вартасьць хоць бы тых 14 тамоў Быкава для Беларусі? Прыходзьце, і з Вамі падзялюся. Кнігамі…
[ 25/02/2006 02:14 ]
Што будзем рабіць з Лукашэнкам, калі Вы станеце прэзідэнтам :)?
Прэзыдэнтам станавіцца я не зьбіраўся, але што рабіць з Аляксандрам Рыгоравічам... Калі ён стане звычайным грамадзянінам Рэспублікі Беларусі, і калі на яго будзе распаўсюджана заканадаўства РБ, то гэтай праблемай павінны займацца ня будучая выканаўчая ўлада, а судовыя органы.
[ 25/02/2006 09:14 ]
Паважаны Алесь! Нікому не сакрэт, што на выбарах пераможа Лукашэнка. І не таму, што ён пераможа "чэсна", а па зусім іншых прычынах.Шкада, вядома, але, (не павяртаецца язык) Бог з ім. Відаць не заслужылі мы нечага іншага... Маё пытанне: Як нам жыць далей? Я маю на ўвазе пісьменнікаў з правінцыі. Пісаць у шуфляду? Дык і шуфляду нехта можа адчыніць. Можа плануецца з'езд "нячэсных" пісьменнікаў, дзе мы і абмяркуем сваё далейшае жыццё-быццё? З павагаю, Алесь Паплаўскі. Берасце.
Я вельмі ўдзячны, што вы ня толькі думаеце пра Беларусь, але зьяўляецеся актыўным слухачом Радыё Свабода. І яму, і ўсім маім калегам я пажадаў бы быць свабоднымі ў сваёй душы. Гэтую свабоду не пераможа ніякая ўлада. Унутраная свабода базуецца на праўдзе і перакананасьці ў велічы нацыянальнай ідэі. Гэтую ўнутраную свабоду немагчыма выкрасьліць з паперы, выкінуць з шуфляды, зьнішчыць на вуліцах.
[ 25/02/2006 12:12 ]
Чаму цяпер беларускія пісьменнікі не пішуць прыгоднцкія і дэтэктыўныя апавяданні? Мне невядомы ніводны сучасны такі твор, які б захапляў. Дыктатура дае падставы для такіх сюжэтаў.
Такія творы пішуцца, і прыгодніцкія, і дэтэктыўныя. Галоўная бяда і праблема -- масава данесьці гэтыя творы да чытача. Што тычыцца згаданай дыктатуры, якраз-ткі моладзь па-новаму мэтафарычна, асацыятыўна аналізуе сучасную рэчаіснасьць. І шматлікія публікацыі ў "Дзеяслове" сьведчаньне адваротнага. Жывём. Пішам.
[ 25/02/2006 14:10 ]
Ці падтрымаеце Вы акцыю Дзень Адраджэння? Сутнасць акцыі нескладаная: 3 сакавіка (а потым 3 красавіка, 3 траўня і г. д.) вы павінны ў размовах з сябрамі, у краме, на працы раптам пачаць размаўляць па-беларуску. А потым сказаць усім, што сёння — Дзень Беларускага Адраджэння. Можна патэлефанаваць сваім бацькам, калегам па працы і павіншаваць іх са святам. Такім чынам у гэты дзень кожны, хто любіць нашу мову, здолее паведаміць аб гэтым іншым.
Вялікі дзякуй за прапанову. Я быў бы самым шчасьлівым чалавекам, калі б у Менску ў крамах і іншых месцах пачуў больш беларускай мовы. Паколькі я сам усюды на радзіме, у Беларусі, заўсёды карыстаюся беларускай мовы, то ў мяне 3 сакавіка і 3 красавіка і г.д. -- штодзень і штоноч.
[ 25/02/2006 20:59 ]
Vy mocna, prynamsi znieshnie, vytyrkajeciesia z kamandy Kazulina. Chamu Vy tam? Niauzho rech tol'ki u adpracoucy za zbor tvorau? Kali tak - spachuvaju. Kali rech u hroshakh - zrazumieju. (Alie ci nia soramna pierad pamiacciu heroja Vashaj aposhniaj knihi??) A mo Vy padaslany demakratami dzielia padryvu kazulinskaje kampanii? :) Schyra - pos'piekhu. Alies'
Дарагі Алесь, дзякуй за дасланае пытаньне. Я падумаю. Насамрэч, гэта і ня першае, і не другое, і ня трэцяе. На гэты конт я ўжо адказваў вышэй. Не заўважаю, што я нібыта так моцна "вытыркаюся", ідучы побач зь Някляевым...
[ 26/02/2006 00:43 ]
Сп. Пашкевіч! Як ставіцеся да праблемы падзелу беларускага правапісу на клясычны й афіцыйны? І наўздагон, Вашая ацэнка пэрспэктыўнасьці лацінкі. Дзячкі. Лясун
Падзел друкаванай прадукцыі і маўленьня на наркамаўку і клясычны правапіс безумоўна не спрыяе папулярызацыі і разьвіцьцю беларускай мовы. Мне ўсё ж так летуценна верыцца ў сваеасаблівы кампраміс. Паколькі пасьля ўвядзеньня клясычнага правапісу беларуская мова некалькі дзесяцігодзьдзяў разьвівалася, варта знайсьці разумную сярэдзіну. Калі я бываю ва Ўкраіне ці Расеі, мне ня хочацца, каб беларуская мова перадавалася лацінкай. Калі я вандрую па Эўропе, я мару пра беларускую мову лацінкай. Аднак маем, што маем. І ўрэшце, не самае галоўнае, як мы запісваем, як і якімі літарамі. А з чым мы жывем, і як прамаўляем.
[ 26/02/2006 14:33 ]
Як вы ставіцеся да новатвораў у мове (заўзятар, шапік, гаўбец і г.д.).
Мова ёсьць мова. Як бы мы да яе ня ставіліся, яна разьвіваецца не зважаючы на нашае стаўленьне. Да новатвораў, слоўных навацыяў, я стаўлюся як паэт ставіцца да вобразаў, хоць шчыра прызнаюся, што мне самому "на гаўбец" выходзіць з ранку не хацелася б.
[ 26/02/2006 18:53 ]
Dabrydzen! Shanouny Ales! Ja velmi zdziviusia, kali ubachyu vashaje prozvishcha dy Gilevicha z Niakliajevym jak daveranyh asobau Kazulina. Ja uzgadvaju 2001 god, kali za Kazulinym use studenty internatau BDU zganialisia na galasavanne za Lukashenku silaj. Dy i asablivaj liubovi studentau da Kazulina ne pamiataju. Chym Vy argumentujece svoj vybar? Chamu ne Milinkevich? I jashche pytannie. Kim siabie zaraz bolsh adchuvajece - palitykam, navukoucam ci litarataram? Dziakuj, vash byly student filfaku Vital Alisiyonak.
Дзякуй, дарагі Віталь, за пытаньне. Мушу вам запярэчыць. У 2001 годзе асабіста рэктар не заганяў студэнтаў на выбарчыя ўчасткі. Зрэшты гэтаму доказ і вынікі. Сярод студэнтаў 80% студэнтаў прагаласавалі ня так, як камусьці хацелася.

Адчуваю сябе літаратарам і толькі літаратарам.
[ 27/02/2006 10:39 ]
Спадар Пашкевіч, з усіх вядомых вам слоўнікаў беларускай мовы, які найбольш прыдатны для карыстання? Насамрэч, для тых хто часта змушаны звяртацца да слоўніка, гэта вельмі балючае і няпростае пытанне, ці не лічаце вы, што прыспеў час выдаць абсалютна новы слоўнік, які б улічваў рэаліі сённяшняга дня.
Безумоўна, такі час прысьпеў. Было б цудоўна, калі б штогод выдаваліся такія слоўнікі. Мне пашанцавала, што я яшчэ вывучаў мову не па слоўніках. Для мяне галоўнай крыніцай стала мова маёй роднай Случчыны, якая стала падмуркам для сучаснай літаратурнай мовы. Сярод слоўнікаў, для мяне найбольш каштоўным стаў слоўнік Вацлава Ластоўскага.
[ 27/02/2006 10:43 ]
Як вы ставіцеся да новай версіі клясычнага правапісу, які быў выдадзены летась? Перш у нас была "тарашкевіца" ды "коласаўка", а зараз з'явіўся новы моўны гібрыд з вельмі спрэчнымі моўнымі азначэннямі. Вы самі пішаце якім правапісам?
Я стаўлюся да правапісаў па-філязофску. Я памятаю моўныя навацыя "ўзвышэнцаў", Уладзімер Дубоўкі... У жыцьці я ж карыстаюся памягчоным варыянтам клясычнага правапісу, які прапагандуе часапіс "Дзяеслоў" -- карыстаюся "дзеясловіцай".
[ 27/02/2006 11:45 ]
Да якой пары Вы - я маю на увазе каманду Мілінкевіча будзеце весці ілжывую гульню. На сайце радые свабода змешчаны фотаздымак пра першую сустрэчу Мілінкевіча ў Мінску. Сцвярджаецца, што на яе прыйшло 600!!! чалавек, аднак на фотаздымку, калі палічыць іх толькі крыху болей 100! І Вы думаеце так перамагчы? Аляксандр
Я ня браў удзелу ў згаданым мерапрыемстве, таму камэнтаваць не магу, як і Вы ня можаце камэнтаваць пра колькасьць людзей, гледзячы на фатаздымак. Аднак Вашае пытаньне абсалютна не да мяне.
[ 27/02/2006 15:51 ]
Где можно прочитать программу кондидата. Хочется знать что Вы предлагаете в части упрощения налогового законодательства.
Ёсьць усё ў праграме. Зайдзіце на сайт Казулін (kozylin.com). А калі ёсьць магчымасьць паглядзець другі тэлевыступ, ён патлумачыць Вам яе сам, прынамсі ў галіне падаткаабкладаньня.
[ 27/02/2006 21:12 ]
Чаму сучасныя беларускія паэты і пісьменнікі падтрымалі Казуліна? Здаецца, Мілінкевіч больш беларускі кандыдат і г.д.
Пачнем з таго, што немагчыма вызначыць хто "больш" беларус, а хто менш беларус. Як не магчыма дакладна вызначыць, хто з творчай інтэлігенцыі больш падтрымлівае таго ці іншага кандыдата. Мне падаецца, што ідэі, якія ідуць на карысьць Беларусі, павінны падтрымлівацца, прапагандавацца, а не крытыкавацца.
[ 27/02/2006 21:36 ]
Чаму цяперашняя ўлада увесь час зняважае беларускую мову і нават актыўна яе знішчае??? Што за матывацыя кіруе нашым чыноўніцтвам і кіраўніцтвам? Як можна супрацьстаяць гэтай палітыцы? Што патрэбна зрабіць у першую чаргу для асветы сапраўднай гісторыі і мовы Беларусі, калі наступным прэзідэнтам стане нацыянальна свядомы чалавек?
Тады і ўсё зьменіцца. Аднак ніхто не прымусіць гаварыць па-беларуску, думаць па-беларуску, паважаць сваё. А першую частку пытаньня трэба даслаць нашым чыноўнікам. Для асьветы трэба ўвесь час гаварыць праўду і шчыра ісьці да ісьціны.
[ 27/02/2006 21:41 ]
Назавіце Ваш любімы вобраз жанчыны ў беларускай літаратуры.
Вобраз маёй жонкі ў маіх студэнцкіх вершах.
[ 27/02/2006 21:42 ]
На якой мове Вы размаўляеце з Аляксандрам Казуліным?
Па-беларуску. І не адзін я.
[ 27/02/2006 21:43 ]
Ці абяцаў Вам Аляксандар Казулін нейкую пасаду ў выпадку перамогі. Гэта першае пытаньне. І другое - пасьля выбараў, калі Казулін не пераможа, Вы застанецеся ў ягоным атачэньні? Абмяркоўваліся пляны?
1) Такой гаворкі нават не мог сабе дазволіць і ня думаў пра гэта, гэта шчыра. 2) Я не прымаю слова "атачэньне". У ім ёсьць сэмантычнае напаўненьне прыніжанасьці і корань "атачыць". Пажывём -- пабачым. У Казуліна штодня становіцца больш прыхільнікаў. А самае галоўнае -- усё больш прыхільнікаў сярод выбарцаў. Вось яго пашыраная "каманда".
[ 27/02/2006 21:43 ]
Вас і Вашую кнігу "Пляц Волі" ўзгадалі ў перадачы "Духоўныя войны" ў кантэсьце калябарацыі з фашыстамі. Ці ня думаеце падаваць у суд?
Іх Бог, некаторых зь іх, ужо пакараў. А судзіцца, ведаючы, што ты ня злодзей, што ты маеш перавагу сваёй праўдай, не на тое трэба траціць свае сілы. Калі і празь пяць гадоў згадалі пра "Пляц волі", калі і па сёньня гэта ім "карціць", то маім найлепшым адказам гэтым азаронкам -- мае наступныя кнігі.
[ 27/02/2006 21:46 ]
Каго б адзначылі з сучасных расейскіх пісьменьнікаў... Каго хочацца чытаць?
Прызнаюся, чытаць хочацца ўсіх. Пытаньне, дзе ўзяць на тое час. Аднак найперш хочацца перачытваць расейскую клясыку, а чытаць маладых беларускамоўных літаратараў. Яны ў нас ня горшыя.
[ 28/02/2006 10:43 ]
ДАРАГІ АЛЕСЬ ЗРАБІ ЎСЁ МАГЧЫМАЕ КАБ КАЗУЛІН І МІЛІНКЕВІЧ БЫЛІ РАЗАМ ЯНЫ ЦУДОЎНА ДАПАЎНЯЮЦЬ АДЗІН АДНАГО,,,Я ДУМАЮ, ШТО ЯК ДЛЯ АДНАГО ТАК І ДРУГОГА ГАЛОЎНАЕ НЕ ЎЛАДА,,,ГАЛОЎНАЕ КАБ БЫЛІ ПЕРАМЕНЫ Ў КРАІНЕ, МЫ ТАК СТАМІЛІСЯ ДОЎГА ІХ ЧАКАЦЬ,,, АДЗІН З ПАДПІСАНТАЎ "ВОЛЯ НАРОДА"
Падпісваюся і я з кожным вашым словам. І, па вялікім рахунку, Мілінкевіч і Казулін і цяпер разам, адну справу робяць.
[ 28/02/2006 13:25 ]
Спадар Алесь, як Вам удалося ў прадмове да збору твораў Васіля Быкава, гаворачы пра ягоную грамадзянскую пазіцыю, не ўзгадаць членства Быкава ў Сойме БНФ, ні слова не напісаць пра Пазьняка? Гэта выпадковасьць альбо сацыяльны заказ?
Гэта ніякі не заказ. Больш за тое, Зянон Станіслававіч зьяўляецца адным зь дзеючых пэрсанажаў першага тому Васіля Ўладзімеравіча.
[ 28/02/2006 14:01 ]
Дзень добры,спадар Алесь.Ці няма у вас жадання стварыць літаратурныя сайты для беларускамоўных пісьменнікаў,па аналогіі з расейскімі стіхі ру і проза ру.Паколькі безцэнзурны друк немагчымы ды і грошай за свой кошт выдавацца у людзей няма.А пазнаёміць усіх са сваёй творчасцю жадаючых шмат.Пад гэтую справу абавязкова знайшліся б гранты.Тым больш пад афіцыйнай эгідай саюза пісьменнікаў.Андрэй.
Дарагі Андрэй, такія пляны распрацоўваліся. Больш таго, нават сродкі на распрацоўку сайту Саюзу пісьменьнікаў знайшліся, і нават былі ўжо завезеныя кампутары ў пакой у Доме літаратараў. Аднак празь некалькі дзён у той пакой завітаў вялікі начальнік з кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, пасьля чаго была адключана электрычнасьць і ледзь не канфіскавана тая тэхніка. Натуральна, у нас былі ўсе дамовы на арэнду гэтай тэхнікі, але мы былі вымушаны аддаць іх назад. І па сёньняшні дзень кабінэт пісьменьнікаў у Доме літаратара застаецца без электрычнасьці. Няма разеткі, каб уключыць кампутар.
[ 28/02/2006 14:11 ]
Ці не спыніцца выданне 14-томніка Быкава пасля выбараў? Выглядае, што гэта проста піяр-акцыя Казуліна, якая скончыцца пасля 19 сакавіка.
Я ўжо адказваў на гэтае пытаньне. Гэтая акцыя ня скончыцца да яе завяршэньня. Я нагадаю, што ўжо аддрукаваныя, выйшлі наступныя тры тамы. Такім чынам мы маем ужо 6 тамоў. І будзем намагацца, каб на працягу наступнага году, максымум двух гадоў, завяршыць працу па выданьні. Якраз праца над выданьнем апошніх тамоў вымагае найбольшай працы. Але тое, што справа будзе пасьпяхова завершана -- у гэтым у мяне няма ніякага сумневу.
[ 28/02/2006 14:20 ]
vasha staulennie da zdrady /usialakaj/ ?
Здрада яна і ёсьць здрада. Пытаньне, наколькі я разумею, задала дзяўчына. Найстрашнейшая здрада -- гэта здрада не грамадзкая, нават ня здрада самому сабе, а здрада блізкаму чалавеку, каханаму. Я жадаю, каб аўтарцы гэтага пытаньня ніколі ў жыцьці ня здраджвалі.
[ 28/02/2006 14:31 ]
Пачалася агітацыйная кампанія. Гайдукевіч і Лукашэнка зусім ня езьдзяць па рэгіёнах (адзін - таму што будзе фальсыфікоўваць, другі - таму што падстаўная "лялька"). Мілінкевіч вельмі актыўна езьдзіць па рэгіёнах. А чаму Казулін ня езьдзіць? Няўжо гэта таксама чыясьці "лялька"?
На сёньня і насамрэч Аляксандар Казулін займаецца арганізацыйнымі пытаньнямі ў сталіцы. Не зважаючы на тое, што ён яшчэ ня езьдзіць па Беларусі, ідзе розгалас пра яго па краіне. Людзі ў вёсках гавораць пра ягоны выступ. Такім чынам, з дапамогай тэлевыступу Казулін патрапіў у рэгіёны Беларусы. Заплянаваны ягоныя паездкі ў абласныя цэнтры і найбуйнейшыя гарады Беларусі. Але так распрацаваны графік, што асноўная ўвага цяпер скіраваная была на запіс тэлевыступу і радыёзвароту. Але па вясьне яшчэ адзін кандыдат выбярэцца ў дарогу.
[ 28/02/2006 14:32 ]
Алесь, ці завалім Луку да дня Волі ? Віктар.
Мне здаецца, найпершая задача -- пабудаваць вольную, багатую Беларусь. Астатняе прыкладзецца само сабой, у Дзень Волі.
[ 28/02/2006 14:40 ]
Добры дзень, паважаны спадар Пашкевіч! Каго з сучасных беларускіх празаікаў Вы лічылі б сапраўдным нашчадкам традыцый Караткевіча?
З павагай,
Аляксандр Фядута
Вітаю спадара Аляксандра. Пытаньне не такое простае. Там ёсьць слова "сапраўдным". Насамрэч, Караткевіч -- адзін. Ёсьць спадкаемцы яго працы. Такіх ягоных калегаў я мог бы назваць некалькі: Леаніда Дайнэку, Уладзімера Арлова, Генрыха Далідовіча і прадстаўнікоў чароўнай паловы, у першую чаргу Вольгу Іпатаву і Людмілу Рублеўскую.
[ 28/02/2006 14:46 ]
Добры дзень, спадар Алесь! Пытанне такое. Калі Шэйман у 2011 годзе прафундуе паўторнае выданне Быкава і выдасьць збор вершаў Жылкі, ці увойдзеце вы ў яго каманду? Ці размауляе Казулін з вамі асабіста па-нашаму, па-беларуску? Дай нам Бог перамогаў, бо перад цяжкім выбарам стаіць кожны і я маю на увазе не выбары, а маральны выбар! З павагай Мікалай, былы студэнт БДУ, часу камунікацыі з беларусамі цераз перакладчыка
Дзякуй за творчае пытаньне. Выданьне спадчыны гонару нацыі -- справа рэальная, а не палягае ў фантастычных праектах. Найперш, таго гонару не атрымае ад спадкаемцаў Быкава.

Так, Казулін размаўляе са мной па-беларуску і ня толькі са мной. Я хацеў бы, каб кожны грамадзянін Беларусі з павагай паставіўся да імкненьня Казуліна вучыць і размаўляць на беларускай мове. Між іншым, і ягоная жонка Ірына Іванаўна, і дачка Юля цудоўна размаўляюць па-беларуску.

А ўчора мы сталі сьведкамі вучобы беларускай мове спадаром Казуліным, калі сябры рады Саюзу беларускіх пісьменьнікаў пачулі, як ён рабіў выступ па-беларуску. Нагада, Мін'юст падаў позву ў Вярхоўны суд аб ліквідацыі саюзу пісьменьнікаў. Адна з прычынаў -- нібыта спрычыненасьць нашай арганізацыі да палітычнай дзейнасьці -- зьезду Грамады, што не пацьвярджаецца ніводным дакумэнтам. І на паседжаньні Рады, дзе я знаёміў калег зь лістом зь мін'юсту, спадар Казулін пацьвердзіў гэта.
[ 28/02/2006 14:49 ]
Гэта Адамовіч.Дзякуй таму,хто яшчэ цікавіцца мной.А Вам,Алесь,скажу,што калі прыпрэ,то кожны зьедзе,абы магчымасьць...А я,я адчуваю сябе кінутым,як і нашы людзі...Перадайце там,што Адамовіч ня ў эміграцыіі,а каб зарабіць на кавалак хлеба...Посьпехаў і здароўя,калега!
Дзякуй, пане Славаміру. Усім, каго ты ведаеш, і хто ведае цябе, я абяцаю перадаць ад цябе прывітаньне. І ўрэшце на сайце "Свабоды" іншыя прачытаюць гэтыя прывітаньні.
[ 28/02/2006 14:52 ]
Спадар Алесь, за што канкрэтны вы адказваеце ў штабе Казуліна? Мікалай.
Дарагі Мікалай, я на гэтае пытаньне нават сваім блізкім людзям не адказваю. На жаль, не змагу адказаць і Вам. "Сакрэт фірмы".
[ 28/02/2006 15:33 ]
Якія шанцы Казуліна?
Добры дзень. Пра шанцы спадара Казуліна можа адказаць толькі беларускі народ, 19 сакавіка. А да 19 сакавіка пра гэта ведае толькі Пан Бог.
[ 28/02/2006 15:37 ]
Добры дзень, спадар Алесь! Якия, на Вашую думку, павинны быць кроки па папулярызацыи беларускай литаратуры. Пытанняу наконт Казулина не задаю, бо цалкам Вас падтрымливаю. З павагай, Змицер
Добры дзень і дзякуй Вам, Зьміцер. Насамрэч, папулярызацыя беларускай літаратуры -- пытаньне далікатнае. Ёй трэба даць рэальную свабоду. Маю на ўвазе ў першую чаргу роўныя правы з расейскамоўнай прадукцыяй і адпаведнае заканадаўства, якое б рэальна падтрымлівала разьвіцьцё беларускай літаратуры.
[ 28/02/2006 16:15 ]
Усім вялікі дзякуй. Мы завяршаем онлайн-канфэрэнцыю. Вэб-рэдактар
Я шчыра ўдзячны і Радыё Свабода, і слухачам "Свабоды", якія задавалі пытаньні, і за магчымасьць свабоднага выказваньня, і за немалую ўвагу да сваёй сьціплай асобы. Жадаю ўсім вясны і радасьці. Заставайцеся на "Свабодзе".
 галоўная
 угару