[ svaboda logo ] [ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
форум  


6 Сьнежня 2006
Станіслаў Шушкевіч


8 сьнежня спаўняецца 15 год, як у Віскулях Барыс Ельцын, Леанід Краўчук і Станіслаў Шушкевіч паставілі кропку ў існаваньні Савецкага Саюзу. Ацэньваючы падзеі 15-ці гадовай даўніны ў інтэрвію Свабодзе, Станіслаў Шушкевіч сказаў:

“Той, хто лічыць гэта развалам Саюза, той памыляецца, бо Саюз быў развалены яшчэ гэкачэпістамі, і Гарбачовым, які не жадаў ісьці на канфэдэрацыю здаўна. І ў нас хапіла мужнасьці канстатаваць, што гэта адбылося. Толькі недасьведчаныя людзі так гавораць, якія ня хочуць задумацца над тым, што было. Таму што пагражаў "югаслаўскі" варыянт,а без разыходжаньня гэтая сытуацыя абысьціся не магла.

Другое. Тры месяцы назад я лічыў гэта галоўнай падзеяй у сваім жыцьці. Але цяпер, калі Кім Чэн Ір выпрабаваў нейкую дробненькую ядзерную бомбу, дык я лічу галоўным у сваім жыцьці тое, што я зрабіў усё, каб без усялякіх перадумоў з тэрыторыі Беларусі была выведзеная ядзерная зброя. А гэта стала магчыма дзякуючы Віскулям, дарэчы. І вось гэта я лічу галоўным, бо ўявіце, што сёньня Беларусь была б ядзернай дзяржавай. Пры такім няпростым яе кіраўніцтве, якое не ўсьведамляе адказнасьці за стабільнасьць у Эўропе”.
04.01.2006
Аляксандар Вайтовіч
10.01.2006
Сяргей Гайдукевіч
18.01.2006
Аляксандар Казулін
23.01.2006
Аляксандар Мілінкевіч
26.01.2006
Зянон Пазьняк
03.02.2006
Андрэй Дынько
09.02.2006
Павел Шарамет
15.02.2006
Лявон Вольскі
20.02.2006
Сяргей Калякін
28.02.2006
Алесь Пашкевіч
08.03.2006
Сьвятлана Алексіевіч
16.03.2006
Джордж Крол
23.03.2006
Аляксандар Мілінкевіч
30.03.2006
Ніна Шыдлоўская
05.04.2006
Крысьціна Шацікава
11.04.2006
Iвонка Сурвіла
19.04.2006
Марыюш Машкевіч
04.01.2006
Юры Бандажэўскі
10.05.2006
Іна Кулей
17.05.2006
Валер Леванеўскі
24.05.2006
Вячаслаў Сіўчык
31.05.2006
Валер Булгакаў
07.06.2006
Сяргей Тарпачоў
13.06.2006
Вінцук Вячорка
19.06.2006
Наш Васіль Быкаў

27.06.2006
100 дзён пасьля Плошчы

05.07.2006
Захар Шыбека

12.07.2006
Валер Дранчук
14.07.2006
Ірына Казуліна
19.07.2006
Ганна Кісьліцына

26.07.2006
Аляксандар Дабравольскі
02.08.2006
Вітаўт Мартыненка
08.08.2006
Янка Запруднік

14.08.2006
Сяргей Антончык
23.08.2006
Алесь Пушкін
28.08.2006
Іна Кулей
06.09.2006
Барыс Пятровіч

13.09.2006
Сьвятлана Завадзкая

20.09.2006
Аляксандар Старыкевіч

27.09.2006
Алесь Каліта

04.10.2006

Аляксандар Мілінкевіч
11.10.2006
Уладзімер Мацкевіч

18.10.2006
Сяргей Харэўскі

25.10.2006
Анатоль Лябедзька
30.10.2006
Павал Севярынец

08.11.2006
Тацяна Процька

15.11.2006
Валер Булгакаў
22.11.2006
Сяргей Скрабец
29.11.2006
Андрэй Дынько
13.12.2006
Уладзімер Някляеў

19.12.2006
Ваша Свабода
2003  2004  2005  2006
[ 01/12/2006 19:54 ]
В марте 1991 года состоялся референдум, на котором около 80% белоруссов проголосовало за сохранение СССР. Таким образом, подписавая беловежские соглашения, вы не выражали волю и желание своего народа. Таким образом возникают 2 вопроса: 1. Чью волю и жедание вы выражали? 2. (Вопрос общего характера) Считаете ли вы, что государственный чиновник, нанятый народом, подписывая соглашение, противоречащие желанию народа, выраженное им на референдуме, совершает государственное преступление? Белый Росс
Я лічу, што чыноўнік, які дзейнічае супраць волі народа, робіць няправільна. Але паглядзіце, што было. Рэфэрэндум 17 сакавіка 1991 г. – быў адказ на няўцямнае пытаньне. Калі казаць шчыра – напаўдурное пытаньне. І я падпісваў віскулёўскія пагадненьні пасьля 1-га сьнежня 1991, калі на Украіне адбыўся рэфэрэндум. Там таксама спачатку нібыта 70 адсоткаў прагаласавалі за Саюз, а пасьля 90 ,32 адсоткі галасавалі за незалежнасьць. Так што рэфэрэндум, які ўводзіць народ у зман, ня трэба ўлічваць. І таму я адчуваў, што гэта воля народа – мець Незалежнасьць беларускую. І больш за тое – нават супэркамуністычны Вярхоўны Савет, дзе 82 адсоткі было камуністаў, прагаласаваў практычна аднагалосна (толькі адзін чалавек галасаваў “супраць”, гэта Валеры Гур’евіч Ціхіня). Такім чынам, я ня дзейнічаў супраць волі народа, бо воля народа была выказаная яго абранцамі ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня.
[ 01/12/2006 20:24 ]
Паважаны Станiслау Станiслававiч! Згаджаюся з вашай прадмовай i, безумоўна без вашaга ўдзелу “Гiсторыя” не адбылася б. Дзякуй вам. Але у фiльме НТВ хiба iшыя акцэнты? Выбачайце, але прашу публiчна паставiць кропку над i ў iншай справе- магчымы рэфэрэндум 1992, аб неабходнасьцi новага Вярховнага Савета. ( адносна справы вашага жыцця). Я , асабiста, сабраў больш за 1000 подпiсаў грамадзян у падтрымку рэфэрэндума, як кiраунiк, ад БНФ “Адраджэньне”, зацвердзiў асабiстым подпiсам каля 20 000 подпiсаў грамадзян, а з дапамогай факсiмиле Анцулевiча - усю ноч штампаваў рэферендумныя лiсты, а вы Cтаршыня ВС Беларусi, гэтыя подпiсы грамадзян ( i маю працу) назвалi “смеццем” . Чаму? ВАЛЕРЫ ГРЫЦУК
Ведаеце, сьмецьцем я ніколі не называў працу па выяўленьню стаўленьня людзей да нейкіх падзеяў. Тут у спадара Грыцука памылка. Але я дзейнічаў так, каб зрабіць для Беларусі нешта добрае. І калі БНФ сабраў шмат подпісаў аб тым, каб адбыўся роспуск Вярхоўнага Савета, дык, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй, я мог зрабіць толькі адно: унесьці гэтае пытаньне насуперак думцы большасьці ВС у парадак дня ВС, на гэта я меў права. Але я ня ўносіў, таму што калі Вярхоўны Савет галасаваў за ўнясеньне гэтага пытаньня ў парадак дня, там была відавочная меншасьць. І я ведаў, які будзе вынік. І старшыня ВС, абраны Вярхоўным Саветам, не мае маральнага права разбураць гэты Вярхоўны Савет. Я быў перакананы, што гэты Вярхоўны Савет, хоць ён не ідэальны, але ён здольны яшчэ нешта людзкае зрабіць. І паверце мне, што ён зрабіў. Паглядзіце, ён зрабіў прызнаньне прыватнай уласнасьці на сродкі вытворчасьці, гэта ж ашалець можна ў параўнаньні з тым, што было ў Савецкім Саюзе.

Больш за тое. Паўтары гады я змагаўся з цемрашальствам нашай камісіі аграрнай на чале з Гаркуном, каб прызнаць права ўласнасьці на зямлю. І гэта таксама зрабіў Вярхоўны Савет. Больш за тое. Мы правялі цудоўныя рашэньні па імкненьню да нэўтральнасьці, па вываду ядзернай зброі з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. З гэтым Вярхоўным Саветам можна было зрабіць шмат цудоўных рэчаў. БНФ і тыя, хто зьбіралі подпісы, хацелі зрабіць яшчэ болей. Але практыка далейшая паказала, што адбылося, калі вельмі-вельмі захацелі зрабіць значна болей. Калі пайшлі на імпічмэнт Лукашэнкі -- адбыўся дзяржаўны пераварот, і сёньня мы пажынаем яго вынікі. Радыкалізм не заўсёды прыводзіць да жаданых вынікаў. Я тут разыходзіўся з БНФ, гэта я прызнаю. Але я лічу, што я дзейнічаў правільна.
[ 01/12/2006 21:18 ]
Станiслау Станiслававiч жадаю Вам здароуя. Iгар
Дзякуй. Вам таксама.
[ 01/12/2006 22:50 ]
Шаноўны пан Станіслаў, як Вы мяркуеце, ці магчымы быў іншы вынік выбараў на першага прэзыдэнта Беларусі, каб ці Вы, ці сп. Пазьняк зьнялі сваю кандыдатуру на карысьць адзін другога, ці не жылі б мы зараз у зусім іншай, цывілізаванай Беларусі? Ці разглядаўся вамі абодвума варыянт аб'яднньня галасоў выбарцаў, магчымасьць кааліцыі? Дзякую, В.К, Менск
Такі варыянт мог існаваць. Але я нават у межах майго тагачаснага разуменьня сытуацыі добра ведаў, што мае галасы ня пойдуць за Пазьняка. Ня пойдуць, а ні ў якім разе. А Пазьняк быў перакананы, што ён пераможа. І таму мы можам гаварыць, што можа магло быць і лепей. Але я абсалютна перакананы, што абставіны склаліся такім чынам, што перамога Лукашэнкі ў гэтых выбарах была непазьбежная. І па адной простай прычыне. У яго, у адрозьненьні ад усіх астатніх, -- я падкрэсьліваю, ад усіх паці астатніх, і ад Пазьняка, і Дубко, і Новікава, і мяне -- не было пачуцьця сораму. Мы не маглі абяцаць таго, чаго ня можам зьдзейсьніць. А ў Лукашэнкі была вельмі простая сытуацыя. Ён не разумеў таго, што ён ня здольны зьдзейсьніць. Таму ён усё абяцаў. І відавочна, гэта спадабалася людзям, шмат хто быў у галечы ў той час, па інэрцыі з часоў Савецкага Саюзу... Пабойваюся, што як бы мы не камбінавалі, але гэтая перамога, відавочна, была за ім. І акрамя таго, Вы ж ведаеце, што Кебіч быў абсалютна перакананы, што я адцягну яго галасы. і таму афіцыйная ўлада дзейнічала перш за ўсё супраць мяне. Нават калі яна дробна фальшавала вынікі выбараў на сваю карысьць.
[ 01/12/2006 23:07 ]
Добры дзень,сп.Шушкевіч.Адкажыце калі ласка,што прымусіла вас пайсьці супраць патрабаваньня народа (подпісаў было сабрана нашмат болей,чым патрабуецца законам) паставіць пытаньне перад ВР12(Вярхоўнай Радай БССРаўскай) аб датэрміновым спыненьні паўнамоцтваў,ды прызначэньні даты выбараў новага складу ВР(Вярхоўнай Рады Незалежнай Беларусі) ? Загадзя дзякую за разгорнуты і шчыры ваш адказ на пытаньне. Саянаў.
Я яшчэ раз скажу: я паставіў на Вярхоўным савеце пытаньне аб унясеньні гэтага пытаньня ў парадак дня. І большасьць дэпутатаў Вярхоўнага савета прагаласавала супраць. Я мог, карыстаючыся сваім статусам, унесьці гэтае пытаньне насуперак меркаваньня большасьці дэпутатаў Вярхоўнага савета. Вынік быў бы той самы, але ў дадатак да гэтага перастаў бы быць старшынёй Вярхоўнага савета. Можа, тут я неяк і аб сабе крыху клапаціўся, бо ведаў, што я магу сёе-тое зрабіць, што будзе больш важным, чым проста зруйнаваньне гэтага пытаньня - яно было непазьбежным у тым Вярхоўным савеце. І больш за тое, не зусім этычна ставіць перад Вярхоўным саветам пытаньне аб яго роспуску, калі ён мяне абраў старшынёй, а я насуперак меркаваньня большасьці, пастаўлю гэтае пытаньне ў катэгарычнай форме. Я да гэтага часу перакананы, што я паступіў правільна.
[ 02/12/2006 19:12 ]
Da jakoj krainy u swiecie Wy by paraynali Belarus? Kali takoj niama, jakaja madel razwiccja byla b dlia nas najbolsz pryjaznaj? Danila
Я б хацеў, каб мы разьвіваліся паводле швэдзкага варыянту. Але ў нас няма падставаў для такога разьвіцьця. У нашай мінуўшчыне не было фрагмэнтаў такой беларускай дзяржаўнасьці, як у швэдаў, дзе было імпэрскае мінулае. Але я б хацеў, каб мы разьвіваліся па швэдзкім варыянце, дзе ўзаемапаразуменьне ў грамадзтве вельмі моцнае, і няма чванства, няма хамства, якое пануе над разумнасьцю. Але, відавочна, мы яшчэ не сасьпелі для гэтага. Нам перашкаджаюць, а беларусы такія ж самыя працавітыя, як тыя ж швэды. У нас з апанэнтаў робяць ворагаў. Улада інакш панаваць ня можа. Але перажывем і гэта.
[ 02/12/2006 19:22 ]
Станіслаў Станіслававіч! Не з усім, што Вы зрабілі як палітык і дзяржаўны дзеяч, я згодны. Але ганаруся тым, што ў Беларусі ёсць такія людзі, як Вы. Розныя пачуцці ў мяне выклікала Ваша дзейнасць, але ніколі не было за Вас сорамна. Здароў'я Вам і працаздольнасці на карысць сваёй сям'і і Беларусі. Мікола Шафарэнка
Дзякуй. Мне вельмі прыемна гэта чуць.
[ 03/12/2006 01:51 ]
Расскажиите историю про огурцы. Федута в своей книге описывал, как господин Лукашенко привозил Вам огурцы и помидоры и ложил в багажник, когда Вы были спикером. А Вы ему давали какие-нибудь соления?
Не, я яму не даваў ніякіх саленьняў, але адчуў сябе крышку няёмка... Я ня ўсё там чытаў у Фядуты, я і сам пісаў пра гэта неяк... Гэта мела месца, я адчуў сябе, ведаеце, неяк абавязаны. Вельмі цешуся, што тады жонка была ў ад'езьдзе, я запрасіў яго разам з Ганчаром да сябе дадому, і тады я зразумеў, што гэта, прабачце, чалавек вельмі прымітыўны. Далейшае жыцьцё пацьвердзіла, што так яно і ёсьць.
[ 03/12/2006 01:52 ]
Как решилась ситуция с Вашей пенсией? По прежнему 2 доллара? Вы не пробовали занести себя в книгу Рекордов Гиннеса?
Цемрашальства яшчэ большае, чым у нас, бывае яшчэ ў пэўных афрыканскіх краінах. Так што занесьці ў кнігу Гінэса - дзеля гэтага трэба праводзіць вялікае расьсьледаваньне. І таму я не імкнуся да гэтага, хаця такая прапанова была. Мая пэнсія сёньня -- 3 200 беларускіх рублёў. Я лічу, што гэта -- ганьба беларускай улады. Але гэта пенсія, якую вызначыў пэрсанальным дэкрэтам -- дэкрэтам, заўважце! -- Лукашэнка, ён зрабіў гэта насуперак прынятага Вярхоўным Саветам закону, які вызначыў памер маей пэнсіі. Няхай ён адчувае асалоду, але я не прыніжуся, каб у яго прасіць пэнсіі. Я ганаруся тым, што я ў стане зарабіць на сваё існаваньне, як кажуць, ня толькі на хлеб, але і на хлеб з маслам.
[ 03/12/2006 02:27 ]
Паважаны спадар Шушкевіч, як вы лічыце, ці усе у вашым жыцці вы зрабілі? Што вы плануеце зрабіць у наступным годзе? Чым вы зараз займаецеся?
Я думаю, што далёка ня ўсё зрабіў. І я б не хацеў казаць пра пляны. У мяне ёсьць пэўныя задумкі.. Я спрыяю таму, каб мы былі аб'яднаныя ў супрацьстаяньні з дыктатурай, каб мы мелі прыстойную праграму разьвіцьця Беларусі. Я спрыяю таму, каб пэрсанальныя амбіцыі ня бралі верх над розумам, і каб нейкія памкненьні нашых дробных інфантыльных палітыканаў не вызначалі паводзіны вялікай масы людзей. Гэта - ня простая праца, але яе трэба рабіць, асабліва ва ўмовах, калі мы ня маем вольных мас-мэдыя, калі мы павінны неяк распаўсюджваць свае праграмы вельмі прымітыўнымі, несучаснымі захадамі. Так што бяз працы я не застаюся.
[ 03/12/2006 12:32 ]
Станіслаў Станіслававіч! У сваёй кнізе "Сем гадоў Адраджэньня" Сяргей Навумчык піша, што Віскулі былі б немагчымыя без падзеяў жніўня 1991 года, калі Дэкларацыя аб сувэрэнітэце атрымала канстытуцыйную сілу. Ці Вы згодныя з гэтым?
Ведаейце, я згодны. Але я згодны з гэтым ня толькі з пазыцыі Беларусі, але і з пункту гледжаньня былых рэспублік былога Савецкага Саюза. Таму што раней атрымала канстытуцыйную сілу Дэклярацыя аб сувэрэнітэце Расейскай Фэдэрацыі. І паўстала пытаньне – пра сувэрэнітэт у межах Савецкага Саюзу гаворка ісьці ня можа. А паколькі Расея стала сувэрэннай, незалежнай ад Савецкага Саюзу – ну дык чым мы горшыя? І мы тое самае сьцьвердзілі. А калі мы спаткаліся ў Белавескай пушчы, мы павінны былі канстатаваць, што мы маем незалежную Расею, незалежную Беларусь, і незалежную Ўкраіну (прычым у Краўчука за плячыма былі вынікі рэфэрэндуму. Падкрэсьліваю: 90, 32 адсоткі прагаласавалі за незалежнасьць Украіны, за проста і ясна сфармуляванае пытаньне). Таму Незалежнасьць – гэта тое, што мы дасягнулі дзякуючы агульным намаганьням.
[ 03/12/2006 17:18 ]
Станіслаў Станіслававіч, як вы лічыце, калі б замест Лукашэнкі прэзыдэнтам стаў Кебіч - у даўгатэрміновым, стратэгічным перыядзе Беларусь выйграла б, альбо прайграла?
Я думаю, што прайграла б. Хаця Кебіч быў дасьведчаным, цудоўным кіраўніком, але вось гэтая прымітыўная прарасейскасьць яго і Мясьніковіча, яго намесьніка, якія, напрыклад, штодзённа заяўлялі, што без адзінай валюты, без расійскіх грошай мы ня выжывем, відавочна яны б гэта зьдзейсьнілі. Яны б зьдзейсьнілі іншыя захады, таму што ў іх розуму хапіла б дзейнічаць у пэўным накірунку, выконваць пэўную праграму, тым часам як Лукашэнка дзейнічае толькі ў накірунку захаваньня ўласнай улады. У пэўным сэнсе гэта спрыяла станаўленьню беларускай дзяржаўнасьці, хаця ў вельмі зьнявечаным стане. Таму я дапускаю думку, што з абраньнем Кебіча было б горш.
[ 03/12/2006 17:33 ]
Якая беларуская музыка вам падабаецца?
Ведаеце, я старамодны чалавек, і мне падабаюцца тыя песьні, якія сьпяваў мой бацька, якія сьпявае Ніл Гілевіч – ведаеце, гэта цудоўны чалавек, цудоўны беларус, і гэта проста казка, колькі ён песень ведае. Я люблю старыя беларускія мэлёдыі, і відавочна, я ўжо у такім узросьце, калі нейкае супэрсучаснае выкананьне мне ня вельмі зразумелае. Гэтым я адрозьніваюся ад сваёй дачкі, ад свайго сына і сваёй унучкі. Тое бацькава "А ў полі вярба" мяне захапляе па сёньняшні дзень.
[ 03/12/2006 17:34 ]
Як вы ставецеся да пабудовы АЭС на Беларусі?
Баюся, што вы мяне будзеце асуджаць, але я, прабачце, як прафэсіянал у галіне выкарыстаньня ядзернай энэргіі, перакананы, што ў нас няма добрай будучыні бяз ядзернай энэргетыкі. Але без тлумачэньня людзям, што і для чаго трэба, без правядзеньня рэфэрэндума па гэтым пытаньні, (як гэта рабілі ў Аўстрыі, дзе забаранілі пабудову, але, мне здаецца, што яны вернуцца да гэтай тэмы) гэтага нельга рабіць. Што да мяне асабіста, то я б на такім рэфэрэндуме прагаласаваў бы "за".
[ 03/12/2006 20:38 ]
як вы лічыце,распад ссср - гэта заканамерная з'ява альбо ненйкая недарэчнасць
Распад імпэрыі тыпу СССР ідзе па той самай схеме, якая пацьвярджае, што распад вялікіх імпэрыяў – не выпадковасьць, а заканамернасьць. Але гэта магло здзейсніцца і нашмат пазьней, а магчыма і раней. Фактычна, распад СССР адбыўся ў жніўні 1991 года, калі быў ГКЧП. Гарбачоў сябе паводзіў не як прэзыдэнт, ён быў недзеяздольны фактычна, і ў Фаросе гэта пацьвердзіў. І была некіруемая краіна, і гэта – вялікая небясьпека. І таму трэба было набрацца мужнасьці, каб канстатаваць, што гэтай краіны – няма, паколькі яна некіруемая. А некіруемая краіна, якая мае ядзерную зброю – гэта вялікая небясьпека. Я лічу, што ў Белавескай пушчы мы зрабілі мужны крок і канстатавалі тое, што адбылося.
[ 04/12/2006 16:33 ]
Ці выхоўвалі вас бацькі ў плане беларускасьці ў сям'і?
Вы ведаеце, іншага выхаваньня на маёй Сьляпянскай вуліцы ў Менску (гэта прыкладна там, дзе цяпер задняя сьценка філярмоніі, -- і не было. У нас уся вуліца была беларускай, і дзіўна было, калі нехта гаварыў не па-беларуску. Так што вуліца выхоўвала мяне па-беларуску, бабка ж мая проста інакш выхоўваць не магла. Маці выхоўвала па-беларуску, але яна лічыла, што я павінен ведаць рускую мову. І яна была вельмі катэгарычнай, калі я рабіў памылкі, бо яна была выкладчыцай беларускай, рускай і, як ня дзіўна, польскай мовы. Ну а бацька не выхоўваў, бо ён быў у Сыбіры, але лісты я пісаў яму толькі па-беларуску, і адказваў ён мне толькі па-беларуску, бо нават у Сыбіры ён размаўляў толькі па-беларуску.
[ 04/12/2006 16:35 ]
Палітыкам вы сталі выпадкова, ці гэта быў покліч душы?
Не, гэта выпадкова. “Поклічу душы” не было. Я заўсёды зь вялікім недаверам ставіўся да тых, хто ў савецкія часы займаўся філязофіяй, гісторыяй КПСС, навуковым камунізмам. Але, як ні дзіўна, у мяне ніколі не было нават “чацьвёркі” па грамадзкіх навуках, бо я разумеў, што гэта трэба выкладчыкам. Я задавальняў патрабаваньні выкладчыкаў, хаця хачу Вам сказаць, што сярод большасьці цемрашалаў марксісцка-ленінскіх былі і цудоўныя выкладчыкі, якіх я і цяпер памятаю, якія ў тыя змрочныя часы маглі добрым чынам даводзіць палітэканомію (напрыклад, быў такі цудоўны выкладчык Рагоўскі). Так што марскістам-ленінцам у непрыстойным сэнсе таго слова я не зрабіўся.
[ 04/12/2006 16:46 ]
Ці не лічыце вы гледзячы з сённяшняга дня, што за вывад ядравай зброі са сваёй тэрыторыі Беларусь магла мець немалыя эканамічныя прэфэрэнцыі, бо ў сённяшнім сьвеце існуе жорскі эканамічны разьлік і проста так ніхто нікому нічога не дае і адпаведна не аддае?
Ведаеце што, я бы тут сказаў: навошта прэфэрэнцыі і перавагі для зьнішчанай краіны? Беларусь была самым ядзерна ўзброеным палігонам Савецкага саюза. На нашай параўнальна невялікай тэрыторыі 202 тысячы квадратных кілямэтраў, было зьмешчана ядзернай зброі дастаткова, каб зьнішчыць увесь цывілізаваны сьвет. І я, прабачце, як старэйшы лейтэнант запасу, які добрасумленна вывучаў вайсковую тактыку, разумеў, што пры ўзьнікненьні канфлікту мы - першая мэта зруйнаваньня ў таго, хто выступае супраць нас. Мы першая мэта для нанясеньня ўдару. І таму вывад ядзернай зброі зь Беларусі - і я настойваў на вывадзе без усялякіх папярэдніх умоў, без усялякіх кампэнсацый - гэта спосаб выратаваньня майго роднага беларускага народа, майго роднага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі, і я настойваў на гэтым. Калі хочаце, я сёньня лічу гэта сваё дасягненьне больш важкім, чым нават падпісаньне Белавескіх пагадненьняў. Паглядзіце, што вырабляе Кім Чэн Ір са сваёй слабенькай, маленькай, кволай ядзернай бомбай. А што б вытвараў чалавек са сьветапоглядам нашага сёньняшняга прэзыдэнта, калі б ён меў супэрсучасную ядзерную зброю? Нельга было гэтага дапусьціць. Я не перасьледаваў такую мэту, але нутром адчуваў, як фізык, разумеючы, што такое ядзерная зброя, якая гэта небясьпека, і таму я адразу сказаў: я за безумоўны вывад ядзернай зброі, і ганаруся тым, што падпісаў усе патрэбныя для гэтага пагадненьні. Дарэчы, са мной салідарызаваўся і Кебіч у гэтай справе, і ўрад, таму што гэта былі людзі спрактыкаваныя ў разуменьні палітычных, ваенных небясьпекаў, і тут непаразуменьняў не было.
[ 04/12/2006 17:44 ]
Шаноўны спадар Станіслаў!Захапляюся Вашай мужнасцю і разумею, чаму неадукаваны чалавек канвульсіруе пры адным Вашым прозвішчыю. Якой Вам бачыцца будучыня нашай самабытнай культуры,якую так вераломна цяпер хутчэйпадмяняюць,чым знішчаюць. Шчыра ваш Васіль Ліцьвінка.
Мяркую, мы знаёмыя са спадаром Ліцьвінкам... Я -- аптыміст. І бачу нашу будучыню вельмі добрай, бо нашая этнічная беларускасьць не супярэчыць інтарэсам прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў, якія жывуць у Беларусі. Мне здаецца, яны і жывуць у Беларусі, што ім гэтая беларускасьць падабаецца. Але цяпер беларускасьць топчуць. Але, думаю, мы гэта перажывем. І я бачу нашую шчасьлівую будучыню як перамогу нашых нацыянальных падыходаў над тым цемрашальствам, якое сёньня пануе ў Беларусі. Я бачу час, калі талерантнасьць майго народу возьме верх над тым хамствам, якое зараз пануе. Калі мудрасьць людзкая возьме верх над той сілай, якая прымушае яе быць не зусім беларускаю.
[ 05/12/2006 11:44 ]
Спадар Станіслаў Шушкевіч! Каго Вы можаце назваць, як прыклад, з дзеячоў, якія ў гісторыі Беларусі пакінулі важкі след і сімпатычныя ўласна Вам. Чаму яны такія ідэальныя для Вас? З павагай
Гэта ня простае пытаньне. Я баюся, што каго-небудзь не прыгадаю. Але мне здаецца, што тыя, хто мелі мужнасьць абвясьціць незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе, і няхай гісторыкі ўскрыюць усе імёны -- яны заслугоўваюць быць на самым вялікім помніку, які зь цягам часу будзе пастаўлены ў Беларусі. Гэта былі мужныя людзі, і што агідна , што недапушчальна -- што амаль усе яны былі потым зьнішчаныя. Хто спачатку, а хто пазьней, гэтай савецкай жорсткай уладай. І калі я бываю на могілках Росы ў Вільні, заўсёды бачу там помнікі гэтым людзям, і цешуся тым, што літоўцы захавалі гэтую памяць -- у адрозьненьні ад нас. І можна проста адтуль зьняць гэтыя імёны і перанесьці на помнік у Беларусі.

А што да апошняга часу... Я Вам скажу, у нас шмат людзей, якія займаюць вельмі прыстойную пазыцыю. Хоць я далёка не з усім згодзен, я лічу, што шчыра, адкрыта змагаўся і змагаецца за Незалежнасьць Беларусі Зянон Пазьняк. Я далёка не ва ўсім зь ім згодзен, але ў яго пазыцыя ўласная і сумленная і чыстая. Яна не абумоўленая нейкімі падгаворкамі, нейкай падтрымкай. Я ганаруся тым, што ў нас ёсьць адзіны лідэр Аляксандар Мілінкевіч, таму што чалавек такога ўзроўню адукаванасьці і цывілізаванасьці заслугоўвае вялікай павагі, яго мужнасьць зайздросная, у пэўным сэнсе, для мяне. Я б мог яшчэ пра шмат каго казаць. Але гэта доўгі-доўгі сьпіс.
[ 05/12/2006 17:56 ]
Станіслаў Станіслававіч, прапануем Вам прыняць сумесную заяву са спадаром Зянонам Пазьняком і нават Сяргеям Калякіным аб байкоце выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў. Аднаго здыманьня кандыдатаў ад сваіх партый у дзень галасаваньня недастаткова; падчас агітацыі трэба ня толькі інфармаваць насельніцтва, але і заклікаць людзей не ісьці на фальшывыя выбары, а выходзіць на плошчы і вуліцы ў дзень галасаваньня. Трэба ладзіць актыўны байкот. Ці будзеце вы адкрытыя да супрацоўніцтва ў гэтым накірунку?
Я адкрыты да супрацоўніцтва ў гэтым кірунку. Але мы, аб'яднаныя дэмакратычныя сілы, прынялі зараз іншае рашэньне: мы ўдзельнічаем для таго, каб працаваць з насельніцтвам. Пытаньне можа ўзьнікнуць пасьля.
[ 05/12/2006 21:48 ]
Здравствуйте, Станислав! За кого, если не секрет, вы голосовали на выборах, и почему? С Уважением, Илья (Минск)
На прэзыдэнцкіх – за Мілінкевіча, зразумела. Я перакананы, што павінен быў быць другі тур выбараў, бо фальсыфікацыя была шырокамаштабнай.
[ 05/12/2006 22:56 ]
Добры дзень, Станіслаў Станіслававіч. У мяне да Вас такое пытаньне. Ці карыстаецеся вы інтэрнэтам? Ці карыстаецеся электроннай поштай? Калі так - ці маглі б пакінуць свой e-mail для канакту. Усяго найлепшага. Дз.Н.
Карыстаюся , мой мэйл stastashu@mail.ru. На жаль, у мяне не шматпалосны інтэрнэт, хатні па тэлефонным канале, доўга чакаць прыходзіцца.
[ 06/12/2006 08:43 ]
Добрый день господин Станислав Шушкевич! Считали ли Вы, когда ставили подпись под денонсацией договора 1922 года о создании СССР, который был заключен на крови миллионов 100% правильным, и почему Лукашенко всех обманул, говоря, что именно он голосовал против, не присутствовав даже на заседании ВС 12 созыва???
Ведаеце, Лукашэнка часта гаворыць тое, чаго не было. А подпісам сваім я ганаруся, і думаю, што ўсё пацьвердзіла, што так і трэба было дзейнічаць.
[ 06/12/2006 10:51 ]
Dobry dzen', spadar Stanislau. 1)Jak Vy acen'vajece stanovishcha suchasnaj belaruskaj navuki? Staryja syhodziac' - pas'lia nih pustecha. Mozha ja adzin taki pesymist, ale kali bachysh vakol jak VNU dy instytuty peratvarajucca u damy sastarelyh stanovicca kryudna i samotna kali es'c' z chym paraunac' - z toj zha niametchynaj. Hutka u nas nauprost nia budze ni navuki, ni dobraj vyshejshaj shkoly. Use shto zroblena dzelia razviccia navuki - heta zdaecca tajamnichaja baza dannyh talenavitaj moladzi. 2)Ci zdolny my pabudavac' atamnuju stancziju? Ja lichu shoto - ne. Nauprosta ne stae ludzej hto vedaje shto heta. Navat Raseja uzho strachvaje hetyja tehnaliohii. Prykladau samadurstva i degradaczyi mozhna pryves'czi dastatkova. Tamu kali budavac' to tol'ki z francuzami. Kastus' / Homiel'
1) Я салідарызуюся з аўтарам гэтага пытаньня. У мяне таксама вялікі непакой. Па-першае, укладананьне сродкаў неадпаведнае, па-другое, у навуцы камандны стыль ненавукоўцаў стварае складанасьці. Калі прэзыдэнт Акадэміі навук не абіраецца, а прызначаецца, і гэта чалавек вельмі далёкі ад навукі, то становішча нельга назваць добрым. 2) У нас ёсьць многа прафэсіяналаў, якія здольны асвойваць усё гэта, маюць добрую фізычную адукацыю. Беларусы здольныя пабудаваць станцыю, але трэба ўкладаць у гэта вялікія сродкі – ня толькі ў станцыю, але ў навучаньне тых, хто будзе на ёй працаваць.
[ 06/12/2006 12:21 ]
Добры дзень. Як Вы лічыце, ці магчыма ў прынцыпе беларусізаваць наша паўсядзённае жыцьцё (зразумела, пры іншай уладзе), у прыватнасьці - у сфэры адукацыі (гэта да Вас як да выкладчыка)? Бадай што вельмі многія могуць успрыняць такія спробы ў штыкі. Але захаваньне афіцыйнага дзвюхмоўя, на маю думку, ніколі ня дасьць шанцаў беларускай мове. Міхал
Я згодзен з вамі, што праблема вельмі складаная. Ня трэба казаць "беларусізаваць", трэба проста адраджаць нашу культуру, але не рабіць гэта насуперак здароваму сэнсу. На пачатку 1990-х гадоў была распрацаваная добрая дзяржаўная праграма адраджэньня нашай культуры, а сёньня беларуская мова зьнішчаецца, і гэта афіцыйная пазыцыя прэзыдэнта і нашай улады.
[ 06/12/2006 12:57 ]
Планируются ли весной какие-нибудь крупные акции протеста? Лебедько например говорит, что мы вернемся на Октябрьскую 19 марта... Это правда?
Я думаю, што так. Дакладна плянуем акцыі і дакладна на 19 сакавіка.
[ 06/12/2006 13:32 ]
Прывітанне. Чым зараз займаецеся? Толькі палітыкай? Добрага здароўя вам.
Я займаюся, як і ўсе беларусы, выжываньнем. Але ў мяне больш складаная сытуацыя – я працую ў замежжы, ва ўнівэрсытэтах многіх краін сьвету, бо не магу зарабляць у Беларусі,. Усе ведаюць, якая мая пэнсія – 3 200 рублёў, яна створаная па асабістым указе нашага нелегітымнага прэзыдэнта. Вось і цяпер я еду ў чарговы ўнівэрсытэт, у Люблін.
[ 06/12/2006 13:48 ]
Добрага дня, Станіслаў Станіслававіч! Ваша жыццёвае крэда? З павагай, Дар'я ЛІС
Трэба жыць па праўдзе, трэба паважаць людзей, трэба працаваць - вось маё жыцьцёвае крэда. Бяз працы нічога ня будзе, а каб добра працаваць, трэба ўсё жыцьцё вучыцца.
[ 06/12/2006 13:51 ]
Хто быў аўтарам ідэі распусьціць ВС на канікулы перад вызначэньнем даты рэфэрэндуму пра датэрміновыя выбары? Ці Вы да цяперашняга часу налягаеце на тым, што гэта быў законны крок? Вам ніколі не дакучае пачуцьцё віны за тое, што была праігнараваная воля соцень тысяч выбаршчыкаў? Урэшце, ці сёньня Вы зрабілі-б тое самае? Андрэй Дубіна
У вас тут пэўная блытаніна: ніякі роспуск на канікулы ня вырашыў лёс рэфэрэндуму. Проста калі хацелі ўключыць гэтае пытаньне ў парадак дня Вярхоўнага савета, ВС прагаласаваў супраць.
[ 06/12/2006 13:58 ]
Вітаю Цікава даведацца, ці знаемы Вы зь спадаром Сідорскім. Якія ў Вас адносіны? Што можаце казаць наконт "перахопу ўлады" зь яго боку? Трымайцеся! Дзякуй Алесь, Варшава
Я не знаёмы са сп.Сідорскім, думаю, што гэта, як раней казалі, добры гаспадарчы кіраўнік. Наконт "перахопу ўлады" не магу нічога сказаць.
[ 06/12/2006 14:15 ]
Выкажыце, кали ласка, свае адносины да газет Народная Воля и Наша Нива. З павагай
Дзякуй богу, што яны ёсьць. Я мог бы зрабіць многа заўваг у іх адрас, але я ведаю, у якіх цяжкіх умовах яны існуюць...
[ 06/12/2006 14:35 ]
Мы заканчваем нашу онлайн-канфэрэнцыю. Вашыя пажаданьні слухачам "Свабоды".
У мяне ёсьць пэўныя праблемы, каб слухаць Радыё Свабода, але я рэгулярна карыстаюся вэб-сайтам "Свабоды". Я ўдзячны, што ёсьць гэты вэб-сайт. А слухачам Радыё Свабода я пажадаю толькі аднаго -- раскажыце сваім сябрам, сваім блізкім, сваім знаёмым, што ёсьць такое цудоўнае Радыё Свабода. Трэба, каб кожны, хто слухае Радыё Свабода, параіў сваім знаёмым слухаць гэтыя перадачы. Я вельмі высока ацэньваю ўзровень працы "Свабоды".
 галоўная
 угару