|
|
|
Аляксандар Старыкевіч
Аляксандар Старыкевіч нарадзіўся ў 1972 годзе. У пачатку 1990-х гадоў ягоныя артыкулы пра карупцыю ў атачэньні прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча ў газэце “Свабода”, якую рэдагаваў Ігар Гермянчук, выклікалі дэбаты ў Вярхоўным Савеце; некаторыя публікацыі былі нагодай стварэньня адмысловых парлямэнцкіх камісіяў. Ляўрэат шэрагу міжнародных узнагарод за журналісцкую дзейнасьць.
Аляксандар Старыкевіч працаваў уласным карэспандэнтам газэты “Известия” ў Беларусі, галоўным рэдактарам газэт “Беларускі час” і “Салідарнасьць”, а цяпер займаецца новым Інтэрнэт-праектам (www.gazetaby.com).
Таксама Аляксандар вядомы і як грамадзкі дзеяч. У 2000 годзе ён быў кіраўніком рабочай групы Ўсебеларускага Зьезду, на якім быў прыняты Акт Незалежнасьці Беларусі.
Артыкул Старыкевіча “Як Саўмін упарадкаваў тэрарызм” стаў галоўным хітом мінулага тыдня ў Байнэце.
У інтэрвію “Свабодзе” Аляксандар сказаў:
“У “Салідарнасьці”, канешне, ёсьць і навіны, і аналітыка, і шмат чаго яшчэ. Але перадусім мы хацелі б сваёй Інтэрнэт-газэтай дадаць чытачам добрага настрою, якога ніколі не бывае зашмат. Таму “Салідарнасьць” нават пра сур’ёзныя падзеі часьцяком распавядае з гумарам. І калі падчас наведваньня нашага сайту вы хоць пару разоў усьміхнуліся, лічу, што мы працуем не дарма”. |
|
2003
2004
2005
2006 |
[ 18/09/2006 21:02 ] |
Аляксандар! Чаму Ваша газэты выходзіць на 90 адсоткаў на расейскай мове? Ці думаеце ўсё ж быць нацыянальнай газэтай? |
Насамрэч, я ніколі не падлічваю, колькі адсоткаў на якой мове напісана. Усе артыкулы, якія трапляюць у рэдакцыю, друкуюцца на мове арыгіналу.
“Нацыянальная газэта”, на маю думку, гэта ня толькі мова, але і зьмест. І свае каштоўнасьці мы мусім пашыраць у тым ліку сярод расейскамоўнай аўдыторыі. |
[ 19/09/2006 13:56 ] |
Spadar Аляксандар! 1/ Jakiia gistarycznyia pomniki Bieіarusi dla Vas najbolsz znacznyia i czamu? 2/ Jakiia gistarycznyia pomniki Bieіarusi moguc pryvabic turystau? Z pavagaj, |
Стан, у якім знаходзяцца сёньня нашыя гістарычныя помнікі, здольны прывабіць хіба археолягаў. Нават тыя, якія дзяржава нібыта спрабуе рэстаўраваць. Я некалькі тыдняў таму быў у Мірскім замку – гэта жах. У байніцы “по-богатому” ўставілі шклопакеты, а экспазыцыя фактычна адсутнічае...
Сярод тых месцаў, куды давялося патрапіць, найбольшыя ўражаньні пакінулі Ружанскі замак (свае нават руіны дарагія), Каложа, Полацкая Сафія, касьцёл Сьвятой Ганны ў Мосары, Сынкавіцкая царква і Чырвоны касьцёл.
Між іншым, на сайце «Салідарнасьці» Марына Загорская працягвае рубрыку «Беларусь – зь любоўю», якая карысталася папулярнасьцю ў газэце. Спадзяюся, гэта будзе вам цікава. |
[ 19/09/2006 14:42 ] |
Вы як бачна з Вашай біяграфіі, у пачатку 90 гадоў крытыкавалі Кебіча. А можа, і варта было пакінуць яго ва ўладзе? Бо калі б застаўся Кебіч, не было б Лукашэнкі як прэзыдэнта. |
Калі б застаўся Кебіч, хутчэй за ўсё, ўжо не было б такой сувэрэннай дзяржавы – Рэспубліка Беларусь. Старая партыйная намэнклятура была не гатовая да самастойнай палітыкі і значна больш залежная ад Масквы. Так што, у ГЭТЫМ сэнсе мы абралі з дзьвюх праблемаў меншую.
Падкрэсьлю, што ніколі не лічыў Лукашэнку гарантам незалежнасьці. Аднак палітычная каньюнктура цяпер такая, што ён усяляк марудзіць справу з аб’яднаньнем.
Магчыма, гісторыя так пажартавала з Лукашэнкам, прымусіўшы бараніць ненавісную яму незалежнасьць. Але ж факт застаецца фактам: апошнія гады ён стрымліваў захады Крамля наконт аб’яднаньня. Хаця пагроза стварэньня так званай саюзнай дзяржавы не мінула. Калі каньюнктура зьменіцца, і Лукашэнка пабачыць для сябе прывабныя пэрспэктывы ў Маскве, незалежнасьцю Беларусі ён ахвяруе ўмомант.
Што тычыцца ўсяго астатняга, то, як гэта ні крыўдна, аўтарытарызм – такі этап, празь які цяжка пераскочыць пасьля здабыцьця незалежнасьці. Прыкладам, досыць жорсткімі былі рэжымы, якія кіравалі краінамі Балтыі ў пэрыяд паміж дзьвюма сусьветнымі войнамі. Раю таксама глянуць на сайце “Салідарнасьці” артыкул “Апошні фюрэр Амэрыкі” – пра Стрэснэра. Там ёсьць цікавыя паралелі з нашай рэчаіснасьцю. |
[ 19/09/2006 16:09 ] |
Александр Антонович! Свой редакторский профессионализм Вы доказали еще в "Беларускам часе". Причем пошли на это тогда, когда у ФПБ при Гончарике была репутация "левых", "официальных", "промосковских" и т.д. С Вашим искренним радикализмом это был достаточно неожиданный шаг. Если бы сегодня Козик позвал Вас -- Вы бы согласились?
С уважением
Александр Федута |
Ад Козіка, шаноўны Аляксандар Іосіфавіч, я сышоў. Прычым нежаданьне працаваць разам было цалкам узаемнае. Таму сытуацыя, што ён мяне пакліча, выглядае фантастычнай.
Калі ж разглядаць гэтае пытаньне шырэй, магу толькі адзначыць, што часам даводзіцца працаваць і з тымі, да каго ня маеш вялікай сымпатыі, – дзеля інтарэсаў Беларусі. |
[ 19/09/2006 17:52 ] |
У палітоляга Валеркі Булгавава прасілі назваць 10 выбітных інтэлектуалаў Беларусі, у пісьменьнікаў - 10 літаратараў. Ваша газэта шмат піша пра свецкае жыцьцё. Назавіце 10 самых прыгожых, эфэктных жанчын краіны. |
Самая эфэктная – гэта, безумоўна, Элеанора Язэрская. Побач проста нельга нікога паставіць :) Тым больш, што я насамрэч надта далёкі ад сёньняшняй сьвецкай тусоўкі. Таму на вашае пытаньне адкажу крыху пазьней – калі пасьля перамогі дэмакратыі кіну палітычную журналістыку і займуся выданьнем беларускага "Playboy". |
[ 19/09/2006 18:06 ] |
Вы были пресс-секретарём в штабе Гончарика на выборах-2001. Разделяете ли Вы ответственность за провал наравне с архитектором "единого" господином Леоновым, соратницей госпожой Полевиковой, с лидерами партий Лебедько, Вечёрко, Калякиным? Откуда вообще выкопали Гончарика? |
Прэсавым сакратаром у штабе Ганчарыка я ніколі ня быў. А адказнасьць, канешне, падзяляю. І ня толькі за выбары 2001 году. Нам усім, уласна кажучы, акрамя адказнасьці, няма чаго дзяліць, бо ў сёньняшняй сытуацыі асабліва няма чым ганарыцца.
Незалежна ад сваіх палітычных якасьцяў Ганчарык – гэта прыстойны чалавек. Таму ня раю выкарыстоўваць датычна яго зьняважлівыя выразы кшталту «выкопали». |
[ 19/09/2006 18:09 ] |
Як Вы ацэньваеце Мілінкевіча і яго паводзіны на плошчы Каліноўскага? |
Той іспыт палітык Мілінкевіч праваліў. Але не адзін, а разам з усім сваім штабам. Відавочна, што ніхто нават не распрацоўваў усур'ёз сцэнар акцыі пратэсту пасьля выбараў. Як, зрэшты, і наагул стратэгію выбарчай кампаніі.
Я дагэтуль перакананы, што ня варта было браць удзел у такіх «выбарах». Было б значна цікавей, каб Мілінкевіч і Казулін, скарыстаўшы ўсе агітацыйныя магчымасьці, перад галасаваньнем зьнялі свае кандыдатуры на знак пратэсту супраць шматлікіх парушэньняў заканадаўства.
Мне могуць запярэчыць: у гэтым выпадку не было б Плошчы. Ня згодны. На Плошчу людзі прыйшлі не сьвяткаваць перамогу Мілінкевіча, у якую па шчырасьці мала хто верыў, а пратэставаць супраць таго фарсу, у які ўлада ператварыла выбары. Гэты фарс можна было падкрэсьліць, пакінуўшы Лукашэнку ў бюлетэнях сам-насам з Гайдукевічам.
Натуральна, што байкот выбараў не вырашае ўсіх праблемаў. Аднак у той сытуацыі ён мог прымусіць значную частку выбаршчыкаў задумацца, ці сумленная такая перамога Лукашэнкі. А так большасьць грамадзтва лічыць яго легітымным прэзыдэнтам, які усіх сваіх канкурэнтаў паклаў на лапаткі адной левай. Гэта, бадай, найгоршы вынік з тых, што можна было атрымаць. |
[ 19/09/2006 18:38 ] |
Здраствуйте. Всегда считал вас очень грамотным политическим обозревателем. Чего так редко радуете читателей талантом? По моему, поводов более чем достаточно, и ваше мнение более чем интересно. Наша политика очень много теряет без разумной критики. Вспоминаю например вашу серию статей о белоппозиции года 99, сейчас чего-то подобного не хватает жизненно. Новое поколение молодежи топчет те же грабли. Свое мнение пересмотрели или просто надоело все? Нельзя так... |
Меркаваньне сваё, на жаль, не перагледзеў. Дадаць проста да раней напісанага можна няшмат. А паўтарацца ня варта.
Сёньня мне б хацелася прапанаваць чытачам не крытыку Лукашэнкі альбо апазыцыі, а нешта на пэрспэктыву, стваральнае і пазытыўнае. На жаль, пакуль не атрымліваецца. Бракуе часу, які забіраюць розныя арганізацыйныя пытаньні. Таму пісаць, сапраўды, стаў менш. Але ўрачыста абяцаю, што выпраўлюся. :) |
[ 20/09/2006 08:23 ] |
Как Вы думаете, что будет ч Павлом Якубовичем и другими активными идеологическими служителями режима после падения Лукашенко? |
Мяне мала цікавіць лёс Паўла Якубовіча, я хутчэй перажываў бы за лёс тых прыстойных людзей, якія сёньня церпяць ад гэтага рэжыму. |
[ 20/09/2006 11:30 ] |
Аляксандар, дзякуй Вам за Вашу працу. Вы для мяне ўжо даўна зьяўляецеся любімым журналістам.
Як Вы ставіцеся да таго, што зараз адбываеца ў колах "аб'яднанай дэмакратычнай кааліцыі"?
Ці мае А. Мілінкевіч патэныял, каб застаца лідэрам апазыцыі?
Хто ці што павінна сыграць галоўную ролю ў набліжэньні пераменаў? |
Дзякуй за добрыя словы. Да таго, што адбываецца ў колах аб'яднанай апазыцыі, я стаўлюся як да мітусьні, якая нічога не вырашае.
Пытаньне наконт лідэства досыць цяжкое. З аднаго боку, хацелася б, каб лідэр дэмсілаў меў больш такую прывабную харызму, але ўзгадайце апошнія выбары ў ЗША. Там дэмакратычная партыя, якая мае вялікія грошы, даўнія традыцыі і шмат кандыдатаў, выставіла супраць Буша досыць шэрага чалавека, Кэры. Нават у шэрагах такой буйной арганізацыі не знайшлося яркай асобы, здольнай перамагчы Буша. Таму я б не адкідаў магчымасьці, што і зь Мілінкевічам н а чале можна таго-сяго дамагчыся. Іншая справа, што ў любым разе гэта ўсяго толькі адзін чалавек. А вырашаць, канечне, павінна, прынамсі, сотні тысячаў.
Мяркую, што рэвалюцыя павінна адбывацца не на вуліцах, а ў галовах. І галоўная праблема сёньняшняй апазыцыі палягае нават не ў слабых структурах і слабым лідэры, а ў тым, што дагэтуль не прапанаваная ясная і прывабная альтэрнатыва існуючаму ладу. Размовы на ўзроўні дэмакратыя, рынак, справядлівасьць ужо нікога не пераканаюць. Патрэбна больш канкрэтыкі, зразумелай простым людзям. |
[ 20/09/2006 11:44 ] |
Дзень добры,сп.Аляксандр!
Падчас абмяркаваньня працы па падрыхтоўцы Усебеларускага Зьезду за Незалежнасць, сеньняшнія так званыя апазыцыянеры прыклалі шмат намаганьняў для сабатажу гэтага мерапрыемства.
Як Вы лічыце, гэта было наўмысна альбо проста палітычная недальнабачнасць?
Каго з палітыкаў, Вы лічыце самым паслядоўным у выкананьні Акту Незалежнасці Беларусі?
З павагай Зміцер.
Жыве Беларусь! |
Я думаю, што адыграла ролю, што гэтая ідэя сыходзіла не знутры апазыцыі. Усё, што ідзе звонку, ейныя лідэры ўспрымаюць асьцярожна. Таму тут была і пэўная рэўнасьць, і пэўныя засьцярогі. Прыкладам, мяне тады пыталіся, ці не раблю я гэтае мерапрыемства адмыслова пад вяртаньне Віктара Ганчара. Нагадаю, што ў той час яшчэ не былі агучаныя дакумэнты пра тое, што Ганчар забіты, і частка ў тым ліку апазыцыянэраў лічыла, што ён недзе хаваецца, каб потым зьявіцца на "белым кані". Паколькі я меў добрыя стасункі з Ганчаром, то гэтая ініцыятыва адразу выклікала вось такія падазрэньні.
Што тычыцца палітыкаў, я б не хацеў кагосьці крыўдзіць. Думаю, што ў пытаньні незалежнасьці больш-менш усе адзіныя, таму вызначаць некага асабіста было б не зусім слушна. Я маю на ўвазе, натуральна, дэмакратычных палітыкаў. |
[ 20/09/2006 12:54 ] |
Znajemy li wy z wiadomym,nyne pokojnym rossijskim rzurnalistom gaz."Izwestija" Otto Laces.Esli morzno korotko rasskarzite o nem.Mikola Saskiewicz.Warszawa. |
З Лацысам мы былі знаёмыя, больш таго, разам зь ім бралі інтэрвію ў Лукашэнкі ў 1995 годзе, калі я працаваў уласным карэспандэнтам" "Известий" у Беларусі. Тады, між іншым, атрымалася цікава: Лацыс, калі прыехаў браць інтэрвію, кажа мне: Пойдзем разам, у нас такая практыка, мы заўсёды зь мясцовымі карэспандэнтамі рыхтуем такія матэрыялы. Я кажу: мяне там абсалютна не жадаюць бачыць, дамаўляліся пра тое, што будзеце толькі Вы. Лацыс зьдзівіўся, пазваніў памочніку Лукашэнкі, і той пацьвердзіў, што Старыкевіча не хацелі нават на парог пушчаць. Тады Отта Рудольфавіч пайшоў адзін, іхная гутарка з Лукашэнкам зацягнулася, і яны мусілі зрабіць перапынак. Перад гэтым Лацыс запытаўся ў Лукашэнкі наконт таго, каб на другую частку ўсё-ткі прыйсьці са мной. Той скрывіўся, але ўсё-ткі даў згоду. Праўда ўдзел мой быў у той гутарцы абсалютна фармальны. Я сядзеў за сталом, рабіў максымальна нэўтральны выраз твару, а ўсе пытаньні задаваў сам Лацыс.
Вельмі шкада, што ягонае жыцьцё абарвалася так нечакана, бо гэта быў ня проста добры журналіст, прыстойны чалавек, гэта такі стары волат, якіх цяпер ужо, мусіць, ня робяць. |
[ 20/09/2006 12:56 ] |
Вось цяпер на Тайландзе вайсковы пераварот, генэралы захапілі ўладу. Не ацэньваючы падзеі ў далёкай краіне, ці рэальная такая магчымасьць у Беларусі? Калі наша аб'яднаная апазыцыя ня здатная, дык можа, хай бы Лукашэнку адсунулі вайскоўцы? І навогул, наколькі Вы верыце ў рэальнасьць зьмены ўлады "знутры"? Прашу адказаць шчыра. Дзякуй за шчыры адказ. |
Яшчэ лепш было б, каб прыляцелі іншаплянэтнікі і ўсё ў нас тут паправілі, але баюся, што ўсё-ткі давядзецца гэта рабіць самім.
Верагоднасьць таго, што Лукашэнку зьменіць зь ягонага атачэньня, безумоўна, існуе. Але гэта калі і здарыцца, то ня сёньня і ня заўтра. Таму што цяпер ён досыць моцна трымае ў кулаку ўсіх сваіх паплечнікаў, і крок управа ці ўлева для іх будзе надта дорага каштаваць. Больш за тое, сёньня ён у прынцыпе адпавядае інтарэсам намэнклятуры, і таму ў яе няма дастатковых падставаў, каб займацца такой рызыкоўнай справай як пераварот. |
[ 20/09/2006 13:09 ] |
Вось цяпер Шпілеўскі адсудзіў у Камсамольскай праўды 60 мільёнаў. У выпадку рэальнай абразы, якую суму матэрыяльнай кампенсацыі Вы лічыце аптымальнай? |
Калісьці я судзіўся з Якубовічам, і між іншым выйграў суд на этапе раённага і гарадзкога. Толькі пасьля рэфэрэндуму 1996 году Вярхоўны суд скасаваў тое рашэньне, якое было на маю карысьць. Я патрабаваў абвяржэньня, але ніякіх матэрыяльных прэтэнзіяў не выстаўляў. З аднае простае прычыны: я не ўяўляю мэханізму, шкалы, па якім можна ацаніць шкоду нанесенаму гонару. |
[ 20/09/2006 13:31 ] |
Футбольный вопрос. В одной из публикаций вашего издания высказывается предположение, что указание исключить нападающего Кутузова из рядов национальной сборной поступило с самых верхов -- т.е. чуть ли не лично от президента. Это что: правда? С уважение Сергей, Минск. |
Мы сапраўды маем такую інфармацыю, і больш за тое, калі вы пачытаеце ўжо надрукаванае інтэрвію Кутузава газэце "Прэсбол" ад 7 верасьня, то знойдзеце там ускоснае пацьверджаньне гэтай вэрсіі. |
[ 20/09/2006 13:43 ] |
Наколькі прасунулася расследаваньне сьмерці Веранікі Чаркасавай? "Салідарнасьць" сама шукала забойцаў? |
Расьследаваньне фактычна замарожанае. "Салідарнасьць" спрыяла пошукам забойцаў, бо канечне, нашыя магчымасьці не такія, каб самім расьсьледаваць гэтае злачынства. Але я перакананы, што пасьля зьмены ўлады мы досыць хутка даведаемся, хто забіў Вераніку Чаркасаву. |
[ 20/09/2006 13:47 ] |
Самі Вы журналіст. Якую прэсу чытаеце? |
Досыць шмат. Агулам дзесьці каля 50 друкаваных і інтэрнэт-выданьняў чытаю рэгулярна. Прычым самых розных накірункаў. З таго, што мне асабліва падабаецца хацеў бы адзначыць "Нашу ніву". |
[ 20/09/2006 13:50 ] |
Калісьці Вы ў сваіх артыкулах давалі высокую ацэнку Радзе БНР і звязвалі з ёй спадзяваньні. Вы не зьмянілі сваёй пазыцыі? |
Ні ў якім разе. Я лічу, што Рада і яе актывісты сёньня робяць усё, што ў іх магчымасьцях дзеля таго, каб дапамагчы Беларусі і вельмі ганаруся асабістым знаёмствам зь Івонкай Сурвілай і зь іншымі сябрамі Рады. |
[ 20/09/2006 13:51 ] |
Спадар Аляксандр! Няма сумневу,што у дадзены канкрэтны момант людзі не жадаюць у сваёй большасьці абвастрэння адносін з Расеяй. Адсюль і падтрымка большасьцю Лукашэнкі.Адсюль і дэманстратыўная падтрымка Масквой вынікаў нашых выбараў.Бо і там ведаюць вынікі загадзя.Ніхто іншы не здолее дасягнуць лепшых коштаў на паліва для нашай краіны,чым Лукашэнка. І таму для мяне сітуацыя выглядае тупіковай.Ці можа на вашу думку хтосьці з дэмакратаў дамовіцца з Масквой супраць Лукашэнкі?Што ён павінен паабяцаць за гэта Маскве?Міхась. |
Мяркую, што любыя спробы знайсьці сярод расейскага кіраўніцтва хаўрусьнікаў супраць Лукашэнкі абсалютна марныя. Узгадайце: Крэмль да апошняга трымаўся за Мілошавіча, за Хусэйна, таксама ён будзе сябе паводзіць у дачыненьні да Лукашэнкі, нягледзячы на ўсе існуючыя рознагалосьсі. Таму размаўляць з маскоўскімі палітыкамі можна і неабходна, але, так бы мовіць, гэта проста дыпляматычная працэдура. А спадзявацца на рэальную падтрымку з расейскіх уладных колаў беларускай апазыцыі не выпадае. Расея - заможная краіна. Яна пастаўляе за мяжу нафту, газ і розныя іншыя карысныя выкапні, аднак я ніколі ня чуў, каб яна была экспарцёрам дэмакратыі. |
[ 20/09/2006 13:56 ] |
Ваш каментар наконт "прысуду" Казуліну.Алесь |
Як кажуць, нічога нечаканага ня здарылася. Кожны, хто кідае выклік Лукашэнку, рызыкуе тым, што супраць яго будуць ужыты самыя розныя захады, у тым ліку цалкам падкантрольная судовая сыстэма. Хацелася б толькі пажадаць Аляксандру Казуліну, каб ён вызваліўся значна раней, чым праз 5 з паловай год. |
[ 20/09/2006 14:09 ] |
Як вам "Джынсавы фэст"? Няужо супрацiву прыйшоу канец?... |
Ды не, мусіць, проста новая яго хваля яшчэ не пачалася. |
[ 20/09/2006 14:10 ] |
Расскажите, пожалуйста, как Вы скрывались в подполье при демократическом режиме Шушкевича и Гриба |
Была такая справа. У 1993 годзе мне прысудзілі 15 сутак арышту за зьнявагу суду. Зьнявагай суд палічыў тое, што я не зьявіўся на чарговае паседжаньне па зыску тагачаснага старшыні камісіі ВС у пытаньнях бясьпекі Мечыслава Грыба за публікацыю ў "Свабодзе", бо мусіў ад'ехаць у камандзіроўку. Судзьдзя з характэрным прозьвішчам Злобіч вырашыла, што мне будзе нядрэнна асэнсаваць свае паводзіны падчас адміністрацыйнага арышту. Тут мы зь ёю разыйшшліся ў меркаваньнях, таму замест таго, каб паехаць на Акрэсьціна, ці куды ў той час вазілі, я сапраўды два тыдні хаваўся ў Менску, а потым ад'ехаў у Маскву. З гэтым зьвязаны шэраг вясёлых гісторый, але распавядаць пра іх у межах онлайн-канфэрэнцыі будзе занадта працягла. Успаміны пра гэты пэрыяд у мяне засталіся далёка ня самыя горшыя, тым больш што неўзабаве Вярхоўны суд адмяніў рашэньне датычна майго арышту. Між іншым, з Грыбам у нас цяпер нармальныя стасункі. |
[ 20/09/2006 14:15 ] |
Добры дзень, спадар Старыкевіч.У мяне да Вас два пытанні: 1) якім чынам у сённяшняй рэчаіснасці можна змагацца за “галовы” людзей? 2) як Вы лічыце, ці можа што небудзь прымусіць Лукашэнка адмовіцца ад улады? Дзякуй, Воля. |
1) Пытаньне, на якое цяжка адказаць коратка. Я ўжо казаў вышэй, што падмуркам для любой палітычнай дзейнасьці мусіць стаць ясная прывабная альтэрнатыва існуючаму ладу. На жаль, сёньня апазыцыя прайграе ўладзе і на полі ідэяў. Лёзунгі, якія былі прыдатныя напрыканцы 80-х і напачатку 90-х у 21 стагодзьдзі ўжо недастатковыя. Таму пачынаць на маю думку, трэба з таго, што растлумачыць, чым дэмакратычная ўлада будзе лепшая за таталітарную. Абсалютна канкрэтна і па пунктах. Найперш - самім сабе, а потым - усім астатнім.
2) Прымусіць Лукашэнку адмовіцца ад улады можа толькі сіла большая, чым тая, якой валодае ён. І толькі. |
[ 20/09/2006 14:15 ] |
Калі па вашых прагнозах павінна зьмяніцца ўлада? |
Ведаеце, адразу пасьля перамогі Лукашэнкі я лічыў, што ён пратрымаецца год, максімум два, таму цяпер я стаў значна больш асьцярожным наконт такіх прагнозаў. Скажу толькі, што хоць вонкава гэты рэжым выглядае амаль непахісным, насамрэч гэта далёка ня так. Ён фактычна пабудаваны па савецкай мадэлі, зь некаторымі ўдасканальваньнямі, і таму асуджаны празь нейкі час сканаць. Я жадаю ўсім вам, каб гэта адбылося як мага хутчэй. |
[ 20/09/2006 14:47 ] |
Мы заканчваем нашу онлайн-канфэрэнцыю. Вэб рэдактар. |
Пажаданьне ўдзельнікам онлайн-канфэрэнцыі: найпершае і галоўнае – не губляць аптымізму ні пры якіх абставінах. Цяжка, прыкра бывае, але ж перажывем. Усё ў нас будзе нармальна. Будзем мы краінай па-сапраўднаму эўрапейскай, з нармальным узроўнем жыцьця, проста не даецца гэта ўсё ўмомант і дарам, мы мусім заплаціць за гэта пэўную цану. Мы паспрабуем спрыяць вашаму добраму настрою рознымі цікавосткамі на нашым сайце www.gazetaby.com. А ўражаньні – цікавыя, бо звычайна "пытаньні тут задаю я", а давялося адказваць, хоць і не ўпершыню, але ў новай для мяне форме. Дзякуй усім. |
|
|