[ svaboda logo ] [ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
форум  


8 Жніўня 2006
Янка Запруднік


Янка Запруднік нарадзіўся 9 жніўня 1926 у мястэчку Мір Наваградзкага павету. У 1942-1944 г. вучыўся ў прагімназіі й гандлёвай школе ў Баранавічах. Зь лета 1944 г. – на эміграцыі. Браў удзел у беларускім скаўцкім руху. У 1948-1950 г. працаваў на шахтах у Вялікай Брытаніі. Скончыў гістарычны факультэт Лювэнскага ўнівэрсытэту (Бэльгія, 1954), працаваў рэдактарам беларускай службы радыё «Свабода». З 1957 г. у ЗША. Абараніў у Калюмбійскім унівэрсытэце (Нью-Ёрк) доктарскую дысэртацыю «Палітычная барацьба за Беларусь у царскай Дзяржаўнай думе. 1906-1917» (1969). Працаваў у нью-ёрскім аддзеле радыё «Свабода» (1970-1991). Рэдагаваў газэту «Беларус». Аўтар кніг «Belarus: At a Crossroads in History» («Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях») і «Historical Dictionary of Belarus» («Гістарычны слоўнік Беларусі»).

Янка Запруднік уваходзіць у прэзыдыюм рады Беларускай Народнай Рэспублікі, у склад – Беларуска Амэрыканскага Задзіночаньня, Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, фонду імя П.Крэчаўскага, зьяўляецца сябрам Міжнароднай Асацыяцыі Беларусістаў, Асацыяцыі амерыканскіх славістаў, Украінскай акадэміі навук у Нью-Ёрку.

Пра свае гады ён гаворыць гэтак: "За сталом у кампаніі я сказаў: “Да васьмідзесяці – дарога пад гару, а пасьля васьмідзесяці – дарога з гары”. А нехта збоку паправіў: “Пасьля васьмідзесяці – плято, раўніна”. І сапраўды, бачу перад сабой раўніну. Цікава, якая будзе адлегласьць, пакуль дарога пойдзе з гары".
04.01.2006
Аляксандар Вайтовіч
10.01.2006
Сяргей Гайдукевіч
18.01.2006
Аляксандар Казулін
23.01.2006
Аляксандар Мілінкевіч
26.01.2006
Зянон Пазьняк
03.02.2006
Андрэй Дынько
09.02.2006
Павел Шарамет
15.02.2006
Лявон Вольскі
20.02.2006
Сяргей Калякін
28.02.2006
Алесь Пашкевіч
08.03.2006
Сьвятлана Алексіевіч
16.03.2006
Джордж Крол
23.03.2006
Аляксандар Мілінкевіч
30.03.2006
Ніна Шыдлоўская
05.04.2006
Крысьціна Шацікава
11.04.2006
Iвонка Сурвіла
19.04.2006
Марыюш Машкевіч
04.01.2006
Юры Бандажэўскі
10.05.2006
Іна Кулей
17.05.2006
Валер Леванеўскі
24.05.2006
Вячаслаў Сіўчык
31.05.2006
Валер Булгакаў
07.06.2006
Сяргей Тарпачоў
13.06.2006
Вінцук Вячорка
19.06.2006
Наш Васіль Быкаў

27.06.2006
100 дзён пасьля Плошчы

05.07.2006
Захар Шыбека

12.07.2006
Валер Дранчук
14.07.2006
Ірына Казуліна
19.07.2006
Ганна Кісьліцына

26.07.2006
Аляксандар Дабравольскі
02.08.2006
Вітаўт Мартыненка
14.08.2006
Сяргей Антончык
23.08.2006
Алесь Пушкін
28.08.2006
Іна Кулей
06.09.2006
Барыс Пятровіч

13.09.2006
Сьвятлана Завадзкая

20.09.2006
Аляксандар Старыкевіч

27.09.2006
Алесь Каліта

04.10.2006

Аляксандар Мілінкевіч
11.10.2006
Уладзімер Мацкевіч

18.10.2006
Сяргей Харэўскі

25.10.2006
Анатоль Лябедзька
30.10.2006
Павал Севярынец

08.11.2006
Тацяна Процька

15.11.2006
Валер Булгакаў
22.11.2006
Сяргей Скрабец
29.11.2006
Андрэй Дынько
06.12.2006
Станіслаў Шушкевіч

13.12.2006
Уладзімер Някляеў

19.12.2006
Ваша Свабода
2003  2004  2005  2006
[ 07/08/2006 18:13 ]
Шаноўны спадар Запруднік, віншую Вас з 80-годзьдзем! Вось мае пытаньні: 1. Як Вы лічыце, у якой ступені паваенная беларуская эміграцыя рэалізавала свой патэнцыял у стварэнні структур нацыянальных дыяспараў у розных краінах? Ці магчыма было стварыць больш трывалыя нацыянальныя супольнасьці, якія б лягчэй перажывалі працэс зьмены пакаленьняў, чым гэта адбываецца ў беларускіх асяродках Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Канадзе? 2. Што Вы лічыце найбольшым дасягненьнем беларусістыкі на Захадзе? Працы каго зь беларускіх навукоўцаў на Захадзе, на Вашую думку, заслугоўваюць найбольш пільнай увагі суайчыньнікаў? 3. Чаму Вы ў свой час не выдалі сваю доктарскую дысэртацыю асобнай кнігай? З павагай Натальля Гардзіенка. Менск
1. Паваенная беларуская эміграцыя рэалізавала свой патэнцыял у той ступені, на якую дазволілі ейныя кадры: былі заснаваныя арганізацыі, набытыя царкоўныя й грамадзкія будынкі, наладжанае выдавецтва. Цяпер мой сябра Вітаўт Кіпель выдае фундамэнтальную бібліяграфію пад загалоўкам “Беларускі друк на Захадзе”. Кніга на 900 старонак. У ёй пералічана каля чатырох тысячаў пазыцыяў: манаграфіі, брашуры, пэрыёдыкі. 75 працэнтаў гэтай масы публікацыяў – гэта вынік дзейнасьці паваеннай эміграцыі. У гэтых выданьнях задакумэнтаваная дзейнасьць беларускага замежжа на Захадзе: культурная, адукацыйныя, палітычная, рэлігійная, эканамічная. Але ўсякая структура трымаецца на людзях. Як сказаў Янка Купала: “Не загіне край забраны покі будуць людзі”. Ды вось ад часу выезду з Бацькаўшчыны мінула поўстагодзьдзя. Мне, аднаму з самых малодшых эвакуантаў, як бачыце, стукнула 80. А бальшыня старэйшых эмігрантаў ужо на тым сьвеце. Створаныя імі структуры адны пазанікалі, другія зьбяднелі, але некаторыя трымаюцца. Прыкладам, Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне, Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, Фундацыя імя Пётры Крачэўскага, газэта ”Беларус”, некаторыя цэрквы, Згуртаваньне Беларусаў Канады, Згуртаваньне Беларусаў у Вялікабрытаніі ды іншыя. Ёсьць структуры, што папаўняюцца імігрантамі ўжо з новай хвалі, ужо не са сталінскай Беларусі, а з лукашэнкаўскай. Але, як ведаеце, у шмат якіх выпадках гэта, казаў той, “людзі асобага складу”, і далёка ня ўсе яны далучаюцца да арганізаванага беларускага жыцьця й арганізацыйнай ды палітычнай дзейнасьці. Але там, дзе яны праяўляюць сябе актыўнымі беларусамі, абаронцамі дэмакратыі й правоў чалавека ў Беларусі, у многіх выпадках яны гэта робяць на базе структураў, створаных іхнімі папярэднікамі з паваеннае хвалі. І гэтая пераемнасьць дае аснову думаць, што беларускае жыцьцё на Захадзе будзе працягвацца, будзе спрыяць справе дабрабыту й незалежнасьці Беларусі.

2. Што да найбольшых дасягненьняў беларусістыкі на Захадзе, дык я ўжо казаў пра манумэнтальную бібліяграфію Вітаўта Кіпеля пад загалоўкам “Беларускі друк на Захадзе”, якая ахоплівае пэрыяд ад апошняй чвэрці 19-га стагодзьдзя аж да 2004 году ўключна. А калі называць прозьвішчы, дык трэба казаць пра Антона Адамовіча (літаратураведа), др. Вітаўта Тумаша (скарынаведа, культуроляга), др. Янку Станкевіча (моваведа, гісторыка), др. Станіслава Станкевіча (літаратураведа, культуроляга), праф. Лява Акіншэвіча (гісторыка), майго аднагодка айца Аляксандра Надсона (рэлігійная гісторыя), біскупа Часлава Сіповіча, айца Лява Гарошкі, літаратураведаў Лявона Юрэвіча і Зіну Гімпелевіч ды некаторых іншых.

3. Сваю доктарскую дысэртацыю “Палітычнае змаганьне за Беларусь у царскіх Дзяржаўных Думах (1906—1917 гг.)” я ня выдаў у асноўным з тае прычыны, што вечна быў заняты бягучымі праектамі й абавязкамі, ад якіх нельга было адмахнуцца. Праца мая напісаная па-ангельску. Але яна куды важнейшая для беларускага чытача, чымся для замежнага. І калі б знайшоўся ахвотнік перакласьці яе на беларускую мову, я мог бы дапамагчы патрэбнымі матар’яламі. Беларускае пытаньне ў Дзяржаўных Думах інтэнсыўна дэбатавалася і ў гэных дэбатах – таксама вытокі нашай палітычнай думкі й гісторыі дзяржаўнасьці.
[ 07/08/2006 18:35 ]
Паважаны спадар Янка, што для вас зьяўляецца сэнсам жыцьця. Дзякуй.
Калі ты патрыёт свае Бацькаўшчыны, дык сэнс жыцьця вызначаецца вельмі проста: рабі ўсё, што можаш, на дабро свайго народу. У маім выпадку – на карысьць незалежнасьці, свабоды, дабрабыту Беларусі. Сэнс жыцьця – у захаваньні й разьвіцьці дадзеных, атрыманых ад Бога, каб прысьвяціць сябе сям’і, дзецям, нашчадкам, высакародным мэтам. Быць прадуктыўным ува ўсім, што робіш. Сэнс жыцьця яшчэ ў тым – і гэта стаецца асабліва відавочным, калі дасягаеш 80-гадовага веку – каб сьмела глядзець сьмерці ў вочы. А гэткая сьмеласьць, гэткая гатовасьць пайсьці з жыцьця, нараджаецца ад усьведамленьня, што ты свайго жыцьця не змарнаваў, а зрабіў усё, што было ў тваіх сілах, каб яно было плённым. Глянь навокал сябе і пабачыш, якая плённая Прырода. Ад усьведамленьня плённага жыцьця родзіцца душэўны спакой, які дапамагае спакойна жыць і спакойна працаваць.
[ 07/08/2006 18:50 ]
Скажыце: хто ўваходзіць у Раду БНР -- хто выбірае гэтых людзей у Раду і паводле якіх крытэрыяў? Каго яны прадстаўляюць ці толькі самі сябе?
У Раду БНР уваходзяць людзі, якія прысьвяцілі сябе справе захаваньня ідэалу 25 Сакавіка 1918 году, інакш кажучы – справе пашырэньня ідэі незалежнасьці Беларусі, абароны права беларускага народу жыць у сваёй дэмакратычнай дзяржаве. У сябры Рады БНР не выбіраюць нейкім агульным галасаваньнем, а рэкамэндуюць тыя асобы, якія паказалі сябе незалежнікамі ў беларускім грамадзтве тае ці іншае мясцовасьці, краю пасяленьня. Сяброўства у Радзе БНР ня мае тэрміну, яно можа быць і пажыцьцёвым, Усё залежыць ад добрае волі чалавека працаваць на карысьць незалежнасьці Беларусі.
[ 07/08/2006 19:00 ]
Сп. Запруднік, ці застаецца ў вас надзея, што справа вашага жыцьця - адраджэньне Беларусі -- не была марнай? Вольга
На адраджэньне Беларусі надзея ў мяне вельмі моцная. Адзін са сваіх нядаўніх артыкулаў я прысьвяціў параўнаньню стану беларускае нацыянальнае справы на пачатку й на канцы дваццатага стагодзьдзя. Параўнаньне паказвае, што за дзевяноста гадоў адбыліся фундамэнтальныя зьмены на карысьць адраджэньня нацыянальна-культурных вартасьцяў Беларусі і ейнай дзяржаўнасьці. Гэтыя зьмены паказваюць, што праца мінулых пакаленьняў беларускіх патрыётаў не была дарэмнай, дала плён, праклала дарогу да сувэрэнітэту й незалежнасьці краіны. Некаторыя мысьляры выказваюць думку, што дух пануе над матэрыяй. Вера горы варочае, кажуць іншыя. А надзея – моцная падпора веры. Так што ня будзем траціць надзеі, бо лягчэй жыць у надзеі, чым у безнадзейнасьці.
[ 07/08/2006 19:01 ]
Дарагі спадар Янка, віншуем вас з 80 годдзем! Чы вы ганарыцеся больш за ўсё з таго, што зрабілі? Пра што шкадуеце? Сям'я Васільчанка
Дзякую за віншаваньне. Ганаруся найбольш тым, што застаўся верным ідэалу маладосьці – беларускай нацыянальнай справе, бо з гэтай вернасьці вынікла ўсё зробленае. А шкадаваць можна што? Хіба што замала зрабіў, бо чалавек па сваёй натуры хоча заўсёды больш, чым мае. У гэтым хаценьні большага – матор прагрэсу. Але, калі падумаеш, дык шкадаваць, што замала зрабіў – гэта выказваць незадавальненьне тым, што атрымаў ад Бога. А ад Бога я атрымаў усё, што трэба – добрых бацькоў, добрых настаўнікаў, верных сяброў, добрае здароўе, шчасьце выжыць у ваеннай завірусе, здабыць асьвету, плённа папрацаваць праз усё жыцьцё. А пра вяртаньне ў мінулае летуцець дарма, каб папраўляць тое ці іншае. Чалавек жыве адзін раз і непаўторна. Таму лепш думаць і гаварыць пра будучыню. І калі што ня так было зробленае ў мінулым, дык, карыстаючыся набытым досьведам, рабіць лепш у будучым.
[ 07/08/2006 19:02 ]
КАлі б вы маглі вярнуцца ў сваё мінулае і нешта ўім паправіць, куды б вы вярнуліся і што б зрабілі?
Гл. адказ на папярэдняе пытаньне.
[ 07/08/2006 19:49 ]
Шаноўны спадар Запруднік! Адкажыце, калі ласка на наступнае важнае пытаньне - Неяк Сьвятлана Алексіевіч сказала, што ... беларускай літаратуры не існуе. Як Вы лічыце, гэта ад жаданьня зьвярнуць на сябе ўвагу, ці нешта іншае? Дзякуй. З павагай, Бенедзікт.
Сьвятлана Алексіевіч таленавітая пісьменьніца. Але не талінавіцейшая за Янку Купалу й шмат каго іншага зь беларускай літаратуры. Які сэнс яна ўкладае ў панятак “беларуская літаратура” для мяне – загадка.
[ 07/08/2006 20:25 ]
Спадар Янка! Што Вас цікавіла ў жанчынах, калі Вам было 20, і што цікавіць цяпер? Што Вас расчароўвае ў мужчынах?
Што мяне цікавіла ў жанчынах, калі мне было 20 - цікавіў перш-наперш выгляд. Гэта тыпова мужчынская рэакцыя. Але некалі пазьней, калі мне было крыху за 20, я зразумеў, што трэба глядзець больш чым на выгляд на характар чалавека, і ў характары чалавека закладзеная вышэйшая прыгажосьць, чым фізычная, і вось у гэтым розьніца паміж 20-гадовым і старэйшым Запруднікам. Гэтую праўду пацьвярджае мая прыгожая душою жонка Надзя. А ў мужчынах мяне не расчароўвае нічога, бо я імі не зачараваны.
[ 07/08/2006 21:17 ]
Па чым зь Беларусі Вы сумуеце больш за ўсё?
Больш за ўсё сумую па сваіх родных.
[ 07/08/2006 21:44 ]
Шаноўны пане Запруднік, Скажыце, наколькі ангельскамоўныя нашчадкі выхадцаў зь Беларусі ў Амэрыцы памятаюць і дбаюць пра сваё беларускае паходжаньне? Наколькі адрозьніваецца ўспрыманьне сваёй беларускасьці гэтымі людзьмі ад самасьвядомасьці беларусаў у Мэтраполіі? Добрага Вам здароўя і шчасьця Баўтрамей Горбач, Менск
Дзеці беларускіх імігрантаў у Амэрыцы суму па Беларусі ня маюць, але цікавяцца краінай бацькоў. Асабліва цяпер, калі ў амэрыканскім друку шмат пішацца пра Беларусь як “апошнюю дыктатуру ў Эўропе”. У Амэрыцы вельмі папулярна ведаць пра сваіх прашчураў. Але ступень беларускай самасьвядомасьці ў амэрыканскіх беларусаў ніжэйшая, як у беларусаў мэтраполіі. Гэта – псыхалягічная заканамернасьць.
[ 07/08/2006 22:10 ]
Шаноўны спадар Янка! Віншую Вас з Днём Народзінаў! Маё пытаньне. Чаму Рада БНР не прымае ўдзелу ў дзейнасьці на палітычным полі Беларусі? На мой погляд моцным ходам былі б выбары Прэзідэнта БНР асобамі, якія раней зарэгістраваліся, або зарэгіструюцца цяпер на атрыманьне грамадзянства БНР. Обраны такім шляхам Прэзідэнт меў бы пэўныя прыкметы легітымнасьці. Ці здольна Рада БНР ўзяць такую ініцыятыву на сябе? Або вы не лічыце такую справу вартай увагі? Дзякую. Мікола Шарах. Полацак.
Рада БНР ня можа браць беспасярэдняга ўдзелу на палітычным полі Беларусі, бо яна там не прысутная фізычна. Але беспасярэдне ўдзельнічае праз свае кантакты з вонкавым палітычным сьветам. І гэта вельмі важна.
[ 07/08/2006 22:36 ]
Ci dapamagaje urad BNR belaruskaj apazicyji finansava (napr. - fundraising; ci zbitajucca srodki siarod dyjaspary, napryklad dlia dapamogi zniavolianym). kali ne - chamu)
Матар’яльная дапамога беларускай апазыцыі ад Рады БНР даецца ў выпадках, якія ня цягнуць за сабой перасьледу з боку беларускіх уладаў.
[ 07/08/2006 22:40 ]
Ci viadzecca zamezhnymi gistorykami-belarusistami dasledvanne zlachynstvau kamunizmu na Belarusi? Ci viadzecca spis imionau zhyvuchyh sionnia ludzej zameshanyh u represijah i katavanniah?
Беларускія гісторыкі, палітыкі й выдаўцы на Захадзе з самага пачатку паваеннага пэрыяду дакумэнтуюць і даводзяць да ведама шыракае грамадзкасьці, у тым ліку ўрадавых колаў, факты камуністычных злачынстваў у Беларусі, а таксама цяперашніх уладаў.
[ 07/08/2006 22:44 ]
существует ли в государственных структурах США белорусское лобби? Существует ли для американских политиков такое понятие: "белорусский электорат"?
Ёсьць у ЗША і беларускае лобі і “беларускі электарат”. Чытайце выдаваную ў Нью-Ёрку штомесячную газэту “Беларус” і квартальнік “Belarusian Review.”
[ 07/08/2006 22:46 ]
Спадар Запруднік! Як Вы лічаце, якая краіна павінна быць стратэгічным партнёрам Беларусі №1, і чаму? З павагай Алесь.
Стратэгічным партнэрам Беларусі №1 на дадзеным этапе павінен быць Захад, каб уплываць на дэмакратызацыю й гуманізацыю сучаснага беларускага рэжыму.
[ 07/08/2006 22:49 ]
Якія, на Вашую думку, у беларускай грамадзянскай супольнасці галоўныя на сёння прыярытэты, а якія важныя, ды ўсё ж другасныя?
Прыярытэты ў беларускай грамадзянскай супольнасьці: 1. абарона нацыянальнае мовы й разьвіцьцё культуры (памятаючы вешчыя словы Янкі Купалы: “зь ярмом даў і песьню чужынец”), 2. пазнаньне свае мінуўшчыны. 3. кантакты з замежжам і перайманьне дэмакратызаванай эканамічнай думкі й практыкі, перадавой тэхналёгіі.
[ 07/08/2006 22:50 ]
Шаноўны спадар Яне! Буўшы ў скаўцкім руху вы напэўна разумееце ўсе станоўчыя бакі разьдзельнае пэдагогіцы ў цяпершчыне. Калі ласка, адкажэце, як скаўцкі рух дапамог вам у сталеньні, калі вы былі яшчэ маладым. І яшчэ ці не маглі б вы указаць, дзе можна ўзяць патрыятычныя беларускія скауцкія песьні. Прызнаюся, гэта трэба для маёй дачкі. Вітаўт Парфененка, Горадня
Удзел у скаўцкім руху дапамог мне рэалізавацца як чалавеку і як беларусу. Патрыятычныя й скаўцкія песьні пастараюся Вам даслаць, калі атрымаю Вашы каардынаты.
[ 07/08/2006 22:51 ]
Як Вы ацэньваеце працу недзяржаўных СМІ у нашай краіне. Ці падабаецца Вам газэта "Наша Ніва" сучаснага накірунку?
Недзяржаўныя СМІ робяць, у вельмі неспрыяльных абставінах, выдатную працу. Я падпісчык і сталы чытач “Нашай Нівы”. Мы з жонкай нецярпліва чакаем на кожны нумар і знаходзім масу цікавых матар’ялаў, у тым ліку ўдумлівыя нататкі Паўла Севярынца.
[ 08/08/2006 00:10 ]
Паважаны спадар Запруднік,як лічаце,што зменіць сітуацыю ў Беларусі,знешні фактар ці унутраны (я маю на ўвазе дэм.рух). Ёсць лі сэнс ад палітыкі Мілінкевіча? Ці ёсць лі вынікі працы?
Сытуацыю ў Беларусі зьменіць спалучэньне нутраных і вонкавых фактараў, Яны заўсёды дзеюць супольна. Палітыка Мілінкевіча дапамагае ўсьведамляць сілу гэтых фактараў.
[ 08/08/2006 00:51 ]
Паважаны спадар,Вы адкажыце на кон Івонкі Сурвілла: " Вось як гэтага чалавека ў якога няма менталітэту беларуса магчыма паставіць на кіраўніка Рады БНР?!" Патрэбен такі чалавек, як Вацлаў Ластоўскі, Антон Луцкевіч, Васіль Захарка, Іван Луцкевіч, Зянон Пазняк, Раман Скірмунт! Я лічу, што пакуль будзе спадарыня Івонка Сурвілла - будзе справа ійсці з гары! Асабістага да яе нічога няма! Адкажыце! Дзякуй! (Студэнт гісторыка-грамадскаведчага факультэту - Вацлаў.)
Івонку Сурвілу знаю ад часу, калі ёй было 14 гадоў. Яна вырасла ў патрыятычнай сям’і, здабыла вышэйшую адукацыю, добра азнаёмленая з заходнім сьветам, шмат паспрыяла дапамозе ахвярам Чарнобыля ў Беларусі, вырабілася на сьпелага палітыка. Ейная дзейнасьць на становішчы Старшыні Рады БНР – гэта і ёсьць той дапаможны вонкавы фактар, пра які я гаварыў у адказе на папярэдняе пытаньне.
[ 08/08/2006 00:56 ]
добры дзень, шаноўны спадар Запруднік! як Вы лічаце, як хутка стане магчымай на Беларусі узняць цікаўнасць народу да палітыкі? увогуле, ці магчыма зараз данесці палітычныя веды да шырокіх масаў? з курсу паліталогіі ва універсітэце мы вынеслі толькі тое, што выкладчык таксама баіцца адказваць на вострыя пытанні.а некаторыя мае аднакурснікік так і не змаглі вывучыць рысы аутарытарнага рэжыму ...
У Беларусі ёсьць пытаньне палітычнай культуры, і гэтая культура занядбаная, задушаная рэжымам, рэгуляцыямі, рознымі абмежаваньнямі ў форме так званых законаў, але я думаю, што ўдзел палітычных партыяў у перадвыбарчых кампаніях, не зважаючы на тое, што гэтыя кампаніі не даюць шанцаў прайсьці альтэрнатыўным кандыдатам да ўлады, яны адукоўваюць публіку, выхоўваюць, разьвіваюць здольнасьць палітычнага аналізу ў людзей. Безумоўна, старэйшае пакаленьне - гэта старэйшае пакаленьне, але сярэдняе, маладое пакаленьні праз актывізацыю ў палітычным працэсе з часам выпрацуюць звычкі разуменьня палітычнай сытуацыі і пабачаць больш шанцаў актывізавацца ў палітычным, культурным і эканамічным жыцьці краіны. Гэта вельмі павольны працэс, але я думаю, што ўсякі ўдзел у перадвыбарчай кампаніі памагае людзям пабачыць большыя шанцы ўдзелу ў грамадзкім жыцьці, чым яны ўяўляюць.
[ 08/08/2006 01:48 ]
Спадар Янка. Вы маеце вельмі добрае сэрца. Як атрымалдася не зачарсцвець і любіць усіх? Сяргей
Дзякую Сяргею за камплімэнт. Не зачарсьцьвеў, бо ўвесь час у руху вакол свайго, якое люблю.
[ 08/08/2006 02:10 ]
Кали спадара Запрудника можна пабачыць ( и паслухаць!!! ) на Беларуси?
Гэтым часам мне цяжка дакладна сказаць пра гэта, але спадзяюся, што незадоўга.
[ 08/08/2006 03:03 ]
Дзень добры, спадар Запруднік! Перш за ўсе, хачу павіншаваць Вас з днем нараджэньня і пажадаць крэпкага здароў'я! А цяпер пытаньне: як вы ставіцеся да апошніх палітычных падзей ва Ўкраіне (я маю на ўвазе прызначэньне Януковіча прэм'ерам), і які ўплыў яны могуць аказаць на становішча на Беларусі? Дзякуй! Панас
Дзякую за віншаваньне. Беларускі нацыянальна-вызвольны рух гістарычна моцна зьвязаны з братняй Украінай. Тое, што дзеецца там цяпер, асабліва арыентацыя на заходнія культурныя вартасьці й прынцыпы, будзе мець дабратворны ўплыў на падзеі ў Беларусі.
[ 08/08/2006 03:08 ]
Vershavanae vinshavanne siabru ad Siarheija Paniznika:

Караскайцеся на лабяк!
Святкуйце жніўня Палікопы!
і на раўніне будзе знак --
снапы, састаўленыя ў копы.

Сявец і жнец, шавец і спец
Падняць гісторыю на ўзлобак...
Але ж Вы й на дудзе ігрэц,-
таму дабавіць лёс-хітрэц
Дваццатку лабякоў для спробы
Звіць Янку Жыценю вянец.

Сяргей Панізьнік.
Хачу вельмі падзякаваць Сяргею Панізьніку за ягонае вершаванае віншаваньне і за пажаданьне мне яшчэ 20 гадоў жыцьця - пастараюся гэтае пажаданьне выканаць, калі дазволіць Бог.
[ 08/08/2006 09:12 ]
Дзень добры, спадар Запруднiк! З жахам даведауся аб новаувядзеннi нашай "адукацыi" - жаданне выкладаць родную гiсторыю на чужынай (расейскай) мове. У мяне ажно дрыжыкi пайшлi, асаблiва ад каментару супрацоунiцы мiнадукацыi (мауляу у нас дзве дзяржауныя мовы i не павiнна быць нiякiх пытанняу...). У свеце усяго гэтага усе меней застаецца надзеi на адраджэнне беларускай нацыi. Хацелася даведацца аб Вашым стауленнi да гэтага новаувядзення i увогуле да "нацыянальнай" палiтыкi кiруючага рэжыму у Беларусi. Вялiкi дзякуй!
Выкладаньне гісторыі Беларусі па-расейску – яшчэ адна пятля на шыі беларушчыны, паказьнік палітычнае прыроды сучаснага рэжыму. Адказам на гэта павінна стацца большая актывізацыя дзейнасьці ТБМ, ТБШ і культурных таварыстваў.
[ 08/08/2006 09:21 ]
Паважаны Янка Запруднiк! З пачатку жадаю вам моцнага здароуя i яшчэ шмат чаго зрабIць на карысць Беларусi! Пытанне з гiсторыi. Як гiсторык Вы напэуна вывучалi тэму вайны 1654-1667 гадоу. Таксама папярэдняй казацка-сялянскай вайны. У размовах з выхадцамi з Расеi чуеш што, мауляу, мы (ВКЛ i РП) таксама у сярэднявеччы руйнавалi гарады, рабавалi, гвалцiлi iхнiх жанчын, катавалi мужыкоу, забiвалi дзяцей i iншаверцау, гналi у палон. I потым яны нам проста адпомсцiлi. Цi пацвяржаеце Вы факт гэнацыда лiцвiна-беларускага насельнiцтва у гэтай вайне са стараны маскоускIх войскау? Як вы адносiцеся да кнiгi Геннадзя Сагановiча "Невядомая вайна"? Цi дзейнiчала лiцвiнскае або польска-лiцвiнскае войска таксама жорстка як маскоуцы у часы напрыклад баявых дзеянняу 1609-1617 гадоу? З павагай Уладзiмер.
Дзякую за пажаданьні. У кожнай вайне чыніцца гвалт і з аднаго боку і з другога. Праца Генадзя Сагановіча “Невядомая вайна” гаворыць сама за сябе. Генадзь – выдатны й сумленны гісторык.
[ 08/08/2006 10:01 ]
Чаму з прадстаўнікоў паваеннай эміграцыі пасьля развалу Савецкага Саюзу амаль ніхто не вярнуўся на Бацькаўшчыну? Жыць за мяжой зручней, чым у Беларусі? Дзякуй. Зьміцер Панкавец
Паважаны Зьміцер, гэтае пытаньне я чуў, калі прыехаў у Беларусь першы раз -- на пачатку 1990-х: чаму не застаюся жыць у Беларусі. Я адказваў на яго так: жывучы ў Амэрыцы, я зраблю больш для Беларусі, чым жывучы на Бацькаўшчыне. У беларусаў на чужыне там - дзеці, унукі, гэта раз, па другое - матэрыяльны дабрабыт забясьпечаны, вышэйшага ўзроўню, чым у Беларусі, таму яны застаюцца жыць там, куды іх доля закінула. Напэўна, можна было б бачыць іх вяртаньне ў Беларусь, калі б можна было жыць на пэнсію, якую яны зарабілі сабе працай за мяжой, але такіх магчымасьцяў няма. Дарэчы, шмат хто з палякаў, якія жылі ў Амэрыцы і працавалі, цяпер жывуць на сваю пэнсію ў Польшчы, тое самае ў Літве, і жывуць някепска. Так што калі б дачыненьні паміж ЗША і Беларусьсю нармалізаваліся, тады можна было б бачыць вяртаньне старэйшых беларусаў у Беларусь, а маладыя тут сабе робяць кар'еру і прыяжджаюць і прывозяць свае даляры ў Беларусь як турысты.
[ 08/08/2006 10:14 ]
Дабрыдзень, спадар Янка! Як на Вашую думку, ц адрознiваюцца чым-небудзь беларусы замежжа ад беларусаў карэнных, так скажам? Цi прынялi яны каштоўнасцi Захаду, цi здолелi паспяхова там уладкавацца? Цi змянiўся iх менталiтэт? Цi сапраўды яны адчуваюць праблемы беларусаў у Беларусi? Цi не адарваныя яны ад iх? Дзякуй, Сяргей, Вялейка
Паважаны Сяргей, безумоўна, калі чалавек доўгі час жыве далёка ад Бацькаўшчыны, адлучаны ад штодзённых кантактаў, ён набывае культурныя і мэнтальныя якасьці краіны, дзе жыве, і розьніца паміж беларусамі ў Беларусі і на Захадзе заўважаецца. Я часта чую, што людзі, якія пасылаюць пасылкі адсюль з Амэрыкі на Бацькаўшчыну, вельмі рэдка чуюць падзяку за прысланае. У Амэрыцы на кожным кроку чуеш сэнк ю, што б ні зрабіў, і людзі прывыкаюць да гэтага, да выказваньня ўдзячнасьці другому чалавеку. Так што вось такі прыклад культурнай розьніцы паміж беларусам у Амэрыцы і ў Беларусі. Але наагул рысы характару нацыянальнага, мэнталітэт - рэч устойлівая, і дзе б мы ні былі, мы захоўваем сваю лагодную беларускую натуру, прывязанасьць да сваёй спадчыны, і ў гэтай сувязі трэба бачыць шанцы на далейшыя кантакты і супрацоўніцтва паміж намі, дзе б мы ні жылі.
[ 08/08/2006 10:23 ]
Спадар Янка, якія на ваш погляд перспектывы беларускай дыяспары ў ЗША? Моладзі застаецца шмат, але яна хутка асімілюецца ў мясцовым асяроддзі і забывае пра Радзіму. дзяку.
Ну, асыміляцыя - няўхільны працэс ва ўмовах амэрыканскай свабоды, і яна нават прысьпешваецца гэтай свабодай. Чалавек ня чуецца меншавартасным у выніку прынесеных звонку культурных каштоўнасьцяў. Сам факт асыміляцыі моўнай і культурнай яшчэ ня сьведчыць, што мы страчваем гэтае пакаленьне, яно можа быць і выйгрышнае, калі зь яго выйдуць пасьпяховыя бізнэсоўцы, палітыкі і г.д. Іхная гістарычная памяць можа прывесьці іх да супрацоўніцтва са свабоднай Беларусьсю ў гандлі, палітыцы, культуры, так што ня трэба засмучацца гэтым няўхільным працэсам, а толькі спрыяць, каб кантакты паміж Беларусьсю і ЗША разьвіваліся і пашыраліся ва ўсіх галінах, і зь іх Беларусь будзе мець карысьць.
[ 08/08/2006 10:32 ]
Dobryj dzien pavazhany spadar Janka! Kali i shto na vash pogliad pazbavic Belarus z genaj cemry, pad nazvaj savecki mentalitet, jaki perashkadzhaje narmalnamu razviciu nashjae kariny. Dziakuj, Nadzieja.
Надзеечка, я думаю, што савецкі мэнталітэт - гэта частка біялягічнага нацыянальнага арганізму, гэта вынік тае мінулай эпохі, ад якога мы вызвалімся з часам. Час вылечвае. Варта прыгадаць прыклад выхаду габрэяў з эгіпецкай няволі, якім спатрэбілася 40 гадоў, каб пазбавіцца комплексаў непаўнавартасьці і рабства, але я думаю, што новае пакаленьне беларусаў будзе аздараўляцца душою і вызваліцца ад гэтай гістарычнай нечысьці.
[ 08/08/2006 10:56 ]
Калі мы нарэшце ўбачым якасны ангельска-беларускі слоўнік? Ігар, Менск
Якасны беларуска-ангельскі слоўнік цяпер друкуецца, і спадзяёмся, што ён пабачыць сьвет неўзабаве. Дарэчы, гэта будзе першы слоўнік, выдадзены сіламі беларускага грамадзтва, а не дзяржавы. Спадзяюся, што Ігар хутка ўзбагаціць праз гэты слоўнік і сваю ангельскую, і сваю беларускую мову.
[ 08/08/2006 12:42 ]
Як Вы ацэньваеце ўнесак лiдэра беларускага вызвольнага руху Зянона Пазьняка ў справу беларускага адраджэньня ды беларускай незалежнасьцi?
Зянон Пазьняк - фігура гістарычная, ягоны ўклад велізранейшы, ён прабіў першым сьцяну страху перад выказваньнем беларускіх незалежніцкіх імкненьняў, і я спадзяюся, што ягоная роля і далей будзе важная, ён будзе ўплываць на ход вызвольнага змаганьня. Тое, што ён часамі займае пазыцыю экстрэмальную - гэта можа і няблага, таму што, як я пісаў у сваёй эпітафіі пра нябожчыка Янку Станкевіча, які таксама займаў экстрэмальныя пазыцыі - яны патрэбныя, каб сярэдзіна была здаровай.
[ 08/08/2006 12:46 ]
Як Вы ацэньваеце перспектывы адзiнай дэмакратычнай каалiцыi на чале зь Мiлiнкевiчам ў змаганьнi за беларускае адраджэньне ды супраць дыктатара?
Ацэнка ідзе з пажаданьнем разам, і маё пажаданьне дэмакратычнай кааліцыі - удачы, адзінства, я думаю, што ўсякае змаганьне за свабоду ў Беларусі мае тым большыя шанцы, чым мацнейшы супольны фронт. Так што я думаю, паколькі іншых сілаў няма - гэтая кааліцыя колькасна найбольшая, якасна - я блізка не знаёмы з праграмай, але з таго што я ведаю, лічу, што пры адзінстве будуць пазытыўныя, добрыя вынікі.
[ 08/08/2006 12:50 ]
Як вы ацэньваеце магчымасьць дэмакратызацыi Беларусi праз уплыў з Масквы? На падобную дапамогу расейскiх таварышаў ужо доўгi час спадзяюцца лiдары дэмакратычнай апазiцыi на чале зь Мiлiнкевiчам.
Дэмакратызацыя з Масквы - гэта справа вельмі сумнеўная, таму што ў аналізе сучаснай сытуацыі ў Беларусі трэба кіравацца на мінуўшчыну. З Масквы ішла русыфікацыя, эксплюатацыя, войны ў мінулыя стагодзьдзі. Я думаю, што дэмакратызацыя Беларусі можа прыйсьці ад дэмакратычных дзяржаў, Расея на жаль ніколі такой не была. Іншая рэч, што зь ёю мы суседзі, эканамічныя сувязі патрэбныя з усімі суседзямі, пагатоў з такой багатай рэсурсамі краінай як Расея, таму трэба адрозьніваць практычныя сувязі і здаровы розум для шуканьня дэмакратыі там, дзе яна ёсьць.
[ 08/08/2006 12:57 ]
Якiм вы прадстаўляеце працэс беларусiзацыi ў вольнай Беларусi? Гэта павiнна быць дзьвюхмоўе, цi ўсе ж такi толькi адна Беларуская Мова?
Працэс беларусізацыі павінен ісьці дэмакратычным шляхам, арыентацыя павінна быць на закон аб мовах, які быў прыняты. Беларусь свабодна можа быць шматмоўнай, сёньня ангельская мова заваёўвае месца як мова бізнэсу, камунікацыі, таму колькасьць моў чым большая, тым лепшая, кожная новая мова - новае акно ў хаце, але беларуская мова павінна быць мовай дзяржаўнай. Што да расейскай мовы, то калі будзе свабода, калі беларускі народ прыйдзе да шанаваньня сваіх гістарычных каранёў, то ён будзе іх трымацца, трымацца сваёй мовы.
[ 08/08/2006 12:59 ]
Распавядзiце, калi ласка, пра высновы вашай дысертацыi «Палітычная барацьба за Беларусь у царскай Дзяржаўнай думе. 1906-1917»
У дзяржаўных думах царскай Расеі пытаньне Беларусі дэбатавалася вельмі інтэнсыўна, асабліва паміж расейскімі манархістамі й польскімі памешчыкамі ды ксяндзамі. Вывучэньне тых дэбатаў папаўняе разуменьне нашай палітычнай думкі й вытокаў дзяржаўнасьці.
[ 08/08/2006 13:06 ]
Чэхi ды габрэi змаглi адрадзiць сваю Мову. Якi выпадак з гэтых двух (альбо нейкi iншы) вам падаецца падобным да беларускага?
Думаю, што нам трэба арыентавацца на сваіх славянскіх братоў чэхаў. Ад іх можна шмат чаго навучыцца, яны былі таксама ў палоне нямецкай мовы, чэхі адбудавалі сваю мову на аснове гістарычных каранёў сваёй мовы, этымалягічна. Беларуская мова мае шанец таксама пайсьці тым самым шляхам, але для гэтага трэба працаваць, каб стварыць адпаведныя палітычныя ўмовы ў дзяржаве.
[ 08/08/2006 13:08 ]
Цi можна стварыць беларускую нацыянальную iдэнтыфiкацыю, не патлумачыўшы народу разбуральную ролю расейскай iмперыi у гiстарычным лесе Беларусi?
Беларуская нацыянальная самасьведамасьць базуецца на веданьні свёй гісторыі, а паколькі гісторыя Беларусі цесна зьвязаная, пераплеценая з гісторыяй Расейскай імпэрыі, сама лёгіка падказвае, што трэба вывучаць гісторыю, ведаць гістарычную праўду, бо імпэрыя цягне за сабой туман хлусьні, і трэба каб з гэтага туману беларускія гісторыкі вывелі сваіх людзей.
[ 08/08/2006 13:26 ]
Спадар Янка! Цi магчымая якая-небудзь вялiкая акцыя пратэсту у гэтую восень?
Я магу толькі сказаць, што ў Кангрэсе пададзены заканапраект "Акту аб дэмакратыі ў Беларусі", які можна разглядаць як акт пратэсту з боку ЗША супраць уціску свабоды ў Беларусі. З гэтым актам цалкам салідарызуюцца беларусы Амэрыкі. Адносна палажэньня ў Беларусі мне цяжка прагназаваць, таму я ўстрымаюся ад прароцтваў.
[ 08/08/2006 14:23 ]
Pavazhany Yanka, Shto vy vyvuchali pad chas vainy u Belarusi? Hto vam vykladau? Chamu vy u 18 god z'ehaly z Bat'kauschiny? Barys
Пасьля заканчэньня пачатковай школы ў Міры ў 42 годзе я паехаў у Баранавічы. Там першы год вучыўся ў беларускай прагімназіі, бо гімназіяў немцы не дазвалялі, але прагімназія была на добрым узроўні. Выкладчыкі былі два браты Луцкевічы, сыны Антона Луцкевіча, Юрка і Лявон. Прагімназія была часткай сярэдняй асьветы, там пасьля 4-й клясы нельга было вучыцца, таму я пайшоў вучыцца далей у гандлёвую школу. Там маёй настаўніцай была Яўгенія Воўк-Левановіч, патрыётка Беларусі, якая потым зьехала зь Беларусі ў Аўстралію... Гэтя курсы я закончыў у 44 годзе. Паколькі я належаў да СБМ, калі зьявілася нагода выехаць зь Беларусі, я ад'ехаў, бо ведаў, што мяне чакае, і гэтак я апынуўся на Захадзе. Пра абставіны выезду я напісаў у сваёй кнізе “Дванаццатка”.
[ 08/08/2006 16:24 ]
Мы заканчваем нашу онлайн-канфэрэнцыю. Вэб-рэдактар.
На заканчэньне хацеў шчыра падзякаваць усім за віншаваньні, пажаданьні ды выказаць надзею на далейшыя кантакты, а тым часам пару слоў пра будучыню. Бачаньне будучыні Беларусі выплывае зь веры ў справядлівасьць дамаганьняў цэлых пакаленьняў беларускіх дзеячоў нацыянальнае незалежнасьці й дэмакратычных свабодаў для свайго народу. Калі верыш у гэта, дык бачаньне будучыні падсьвечваецца перакананьнем, што раней ці пазьней мэта будзе дасягнута. Беларусь пойдзе далей да рэалізацыі ідэалу свабоды. Перашкодаў на гэтым шляху процьма, Поступ наперад даецца ня лёгка. Але цяпер разьвіцьцю падзеяў у Беларусі ў кірунку дэмакратыі й незалежнасьці спрыяе заходні дэмакратычны сьвет, І гэтае супольнае намаганьне, знутры краіны і звонку, я веру, дасьць плён, як дало плён дваццатае стагодзьдзе. Беларусь вечная. Кажучы караткевічаўскімі словамі: Была, Ёсьць, Будзе. А наш маральны абавязак: жыць Ёю, жыць для дабра свайго народу.
 галоўная
 угару