|
|
|
Марыюш Машкевіч
Марыюш Машкевіч (нар. у Ілаве 31 траўня 1959) – доктар гуманітарных навук, дыплямат, публіцыст, грамадзкі і гаспадарчы дзяяч.
Аўтар шматлікіх артыкулаў і кніжак з сацыялёгіі, рэлігіязнаўства і міжнародных дачыненьняў. Выпускнік і навуковы супрацоўнік Ягелонскага ўнівэрсытэту (1981 – 1989). У 1986 – 1990 гг. актыўны дзяяч руху “Wolność i pokój” (“Свабода і мір”). Ляўрэат узнагароды “Polcul Foundation” за 1988 г. У 1988 – 1990 гг. актыўны грамадзкі і палітычны дзяяч у Чанстахове, кіраўнік чанстахоўскага выбарчага штабу “Салідарнасьці” ў 1989 г. Дыплямат – першы па вайне польскі афіцыйны прадстаўнік (charge d'affaires) у Літве ў 1991 – 1994 гг., дарадца-міністар амбасады Польшчы ў Вільні. Адзначаны ордэнам вялікага князя Гедыміна за ўклад у разьвіцьцё польска-літоўскіх дачыненьняў.
Заснавальнік першага польскага консульства ў Горадні, генэральны консул у Горадні ў 1994 – 1997 гг. Амбасадар Польшчы ў Беларусі (1998 – 2002). Гаспадарчы дзяяч – у 2002 г. заснаваў дарадчую фірму “Biuro Promocji Gospodarczej Europa – Wschód” (“Бюро эканамічнай прамоцыі “Эўропа – Усход”), дапамагаючы польскім фірмам у эканамічных кантактах на рынках былога СССР.
Аўтар кнігі “Mistyka i rewolucja” (“Містыка і рэвалюцыя”), прысьвечанай асьвятленьню складаных адносінаў паміж Праваслаўнай царквою і бальшавіцкай дзяржаваю ў СССР 1920-х гг.
24 сакавіка 2006 г. быў затрыманы міліцыяй на Кастрычніцкім пляцы ў Менску падчас пратэстаў прыхільнікаў пераменаў. Менскі суд пакараў Машкевіча арыштам на 15 сутак. 29 сакавіка трапіў на агляд у першую клінічную бальніцу Менску. Арышт Машкевіча выклікаў міжнародныя пратэсты, у тым ліку галадоўку Ежага Машкевіча – 72-гадовага бацькі Марыюша Машкевіча. 7 красавіка Марыюш Машкевіч быў выпушчаны з-пад арышту ў Менску.
Задавайце пытаньні |
|
2003
2004
2005
2006 |
[ 13/04/2006 19:30 ] |
Вялікі дзякуй Вам за гэтую падтрымку. Раскажыце, што было самым цяжкім пры арышце і ў турме на Акрэсьціна. |
Сам арышт ня быў страшны. Умовы цяжкія, але ніштаватыя. Падобныя арышты памятаю ў Польшчы ў 1980-я гады – той самы смурод, цесната, цьвёрдыя дошкі для спаньня, ежа, якую жах браць у рот. Найгоршым і самым непрыемным перажываньнем была акцыя спэцназу на Пляцы. У нас была трывога за тое, як яны сябе з намі павядуць, што з намі зробяць. Іхная брутальнасьць выявілася толькі ў машынах, дзе нас білі, але пазьней у арышце яны былі агрэсіўныя толькі ў словах – не зьбівалі.
Самае дзіўнае, што я чуў з вуснаў міліцыянтаў, гэта тое, што калі яны нас падганялі па-нямецку "Schneller, Schneler...!" Я падумаў тады, што нацызм сапраўды вельмі блізкі да бальшавізму.
|
[ 13/04/2006 19:56 ] |
Paprostu dziakuj. Vam i Vas^aj krajinie.
Andrej |
[ 13/04/2006 20:06 ] |
Паважаны Марыюш! Якія, на Вашую думку, культурныя праекты (нацыянальнага характару) найбольш эфэктыўныя ў Беларусі? |
Я думаю, што тыя праекты, якія прывабныя. Найбольш нясьцерпнае для мяне – гэта вэтэранства і назойлівая мартыралёгія.
Беларусь шмат перажыла, людзі напакутаваліся, але каб прапагандаваць свабоду і незалежнасьць Беларусі, трэба ўжываць сучасную мову мастацтва. Мне вельмі падабаецца атмасфэра на рок-канцэртах, але таксама лірычныя песьні Віктара Шалкевіча ці Бартосіка.
Я люблю беларускае мастацтва, але без гістарычных і манумэнтальных сцэнаў, якія не заўсёды трапляюць да сучасных людзей. Вельмі люблю атмасфэру гэпэнінгаў, якія апошнім часам ладзіць моладзь (балёнікі, сьвечкі і таму падобнае). Мне вельмі адпавядае атмасфэра Басовішча. Там, дзе мастацтва жывое і актуальнае, яно лягчэй даходзіць да таго пакаленьня, якое сёньня і цяпер змагаецца за сваю свабоду і дэмакратыю ў сваёй Радзіме.
|
[ 13/04/2006 20:07 ] |
Господин Посол, как Вы считаете, достаточно ли белорусская оппозиция акцентирует за границей вопрос отсутствия полноценного информирования белорусских граждан? |
Думаю, што выказваньні лідэраў апазыцыі аб адсутнасьці мэдыяў і інфармацыі – вельмі гучныя. Гэта якраз Эўропа глухая да іх, і мне крыху за Эўропу сорамна, што яна так млява і так мала робіць у межах Эўразьвязу, каб даць беларусам доступ да незалежных крыніцаў інфармацыі. |
[ 13/04/2006 20:07 ] |
Хто Вашыя сябры у Беларуси? |
Сьпіс маіх сяброў у Беларусі вельмі абшырны. Таксама, хай гэта нікога не зьдзіўляе, ёсьць у мяне сябры сярод цяперашняй улады. Гэтыя людзі баяцца страціць пасады, але з сымпатыяй ставяцца да апазыцыі. Для большасьці беларусаў (незалежна ад палітычных поглядаў) Польшча, гэта дружалюбная краіна. Я хацеў бы каб усе беларусы былі ў гэтым перакананыя. |
[ 13/04/2006 20:09 ] |
Якія Вашыя самыя першыя ў жыцьці веды і ўражаньні ад Беларусі? Ці былі нейкія стэрэатыпы адносна гэтай краіны? |
Першы раз я прыехаў у Беларусь (уласна кажучы, у СССР) у 1989 годзе ў сакавіку. Я тады пабываў у Пінску ў знаёмых, езьдзіў па вёсках на Палесьсі, пазнаёміўся з ксяндзом Сьвёнткам, набыў кніжкі па-беларуску і зьдзіўляўся – наколькі беларуская мова адрозная ад расейскай. Знаёмыя завялі мяне ў кінатэатар на фільм “Меня зовут Арлекино”, беларускі фільм пра “контркультурную” моладзь у Гародні. Тады Пінск і ўся правінцыйная Беларусь была краінай наскрозь савецкай. Я нават ня думаў, што нацыянальнае адраджэньне адбудзецца так хутка. |
[ 13/04/2006 20:11 ] |
Считаете ли вы этичным, когда иностранный гражданин, находясь у нас в гостях, плюет на выбор белорусского народа и участвует в акциях против властей, которые были избраны белоруссами? Не является ли это рецедивом польской политики в отношении Белоруссии и белорусского народа 20-30-х годов? Не думаете ли вы, г-н Машкевич, что белоруссы - народ, которого не смог запугать Гитлер - сломяться под давлением поляков и прочих "общечеловеков" и откажуться от права самостоятельно решать свою судьбу? Новый "Дранг нах Остен" не пройдет, г-н Машкевич, передайте это своим европейским друзьям.
Белый Росс |
Калі ў 1980-я гады ў Польшчу прыяжджалі госьці з Эўропы і ЗША, ды глядзелі на нашыя падзеі. Яны ўдзельнічалі ў нашых пратэстах, падтрымлівалі нас маральна, і гэта быў для нас дакладны знак, што яны з намі, што іхная салідарнасьць, гэты ня проста пустыя словы. Многія замежнікі ў 1982–1989 гадох траплялі ў арышты на 48 гадзін. Сьпіс гэтых людзей вельмі абшырны, і сёньня яны – найлепшыя сябры Польшчы.
Дзякуючы іхнай прысутнасьці мы адчувалі сябе больш упэўнена і бачылі, што сьвет не абыякавы да той несправядлівасьці, якая адбывалася ў нашай краіне. У ніякім разе мы не лічылі гэтага ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы краіны. Гэтак сьцьвярджалі толькі камуністы, бо яны хацелі ізаляваць Польшчу ад сьвету. У такой ізаляцыі, як прыкладам у Паўночнай Карэі, лягчэй праводзіць злачынствы над сваім уласным народам.
|
[ 13/04/2006 20:18 ] |
Хто на Вашую думку, варты Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры ў Польшчы і Беларусі? |
Я лічу, што Польшча пакуль вычарпала свой ліміт узнагародаў Нобэля па літаратуры. Некалі я вельмі разьлічваў на Нобэля для Збігнева Гербэрта. Але не заўсёды гэтак атрымліваецца, што найлепшыя пісьменьнікі ўзнагароджваюцца пры жыцьці. Шкадую, што Беларусь не атрымала Нобэлеўскай прэміі ў асобе Васіля Быкава. Спадзяюся, што неблагія шанцы мае Рыгор Барадулін (“Ксты” – геніяльная кніга), а таксама мой сябра Ўладзімер Арлоў. За пераклады я даў бы Нобэля Васілю Сёмуху. Прачытайце хаця б ягоны найноўшы пераклад Рылькэ. Гэта вяршыня майстэрства паэтычнага перакладу. |
[ 13/04/2006 20:18 ] |
Ці падтрымліваеце Вы сучасную палітыку адміністрацыі Джорджа Буша? |
Па-мойму, я мала ў гэтым разьбіраюся. Палітыка ЗША нагэтулькі шматвэктарная і так часта непасьлядоўная, што сёньня яе цяжка ацэньваць адназначна. У амэрыканскай палітыцы інтарэсы краіны пераплятаюцца з ідэалёгіяй. Цяперашняя палітыка Буша, гэта толькі слабы адбітак таго, што рабіў вялікі Рональд Рэйган. Гэта хутчэй тэма для шматдзённай канфэрэнцыі, на гэта не адкажаш парай сказаў. |
[ 13/04/2006 20:19 ] |
Як бы Вы прааналізавалі справу Слабадана Мілошавіча - ці яна завершаная, што яна прадэманстравала? |
Даруйце, але ў гэтым выпадку я адчуваю сябе некампэтэнтным. Я асабіста лічу, што ў палітыцы на Балканах найболей прайграў Эўразьвяз. Тыя даўгія гады пасіўнасьці, празьмернай асьцярожнасьці і двухсэнсоўнай пазыцыі прывялі да таго, што быў вырашчаны монстар у выглядзе сэрбскага нацыяналізму, а ў выніку – нацыяналізмаў у іншых краінах былой Югаславіі. Урок з выпадкам Мілошэвіча такі, што абыякавасьць у дачыненьні да дыктатураў у Беларусі альбо ў іншых краінах былога СССР можа прывесьці да новых трагедыяў, сьведкамі якіх мы былі ў былой Югаславіі. Не дай Бог каб дайшло да такога! |
[ 13/04/2006 20:19 ] |
Вашае стаўленьне да праблемы інтэграцыі ісламскай цывілізацыі ў эўрапейскую. Ці варта прымаць у Эўразьвяз Турэччыну? |
Я лічу, што Турэччыны павінна глыбей інтэгравацца ў Эўразьвяз, і пэрспэктыва ейнага сяброўства павінна быць карацейшай. Ведаю гэтую краіну і людзей і лічу, што да дэмакратыі ў іх яшчэ даўгі шлях, але краіна пасьлядоўна рухаецца ў кірунку Эўропы і трэба ім дапамагаць у гэтым.
Зрэшты, у гістарычным пляне Турэччына была заўсёды была эўрапейскай! Для тэрыторыі былога СССР інтэграцыя Турэччыны з Эўразьвязам азначае далейшае набліжэньне да Эўропы такіх краін як Казахстан, Азэрбайджан, Туркмэністан і шмат іншых. Эўрапеізацыя Турэччыны, гэта шанец культурнага і эканамічнага разьвіцьця для ісламскай постсавецкай прасторы, шанец не патрапіць у ісламскі радыкалізм і пад уплыў такіх краінаў як Іран і Сырыя.
|
[ 13/04/2006 20:21 ] |
Каго зь беларускіх палітыкаў Вы лічыце вызначальнымі ў гісторыі Беларусі? |
Я лічу, што гэта Францыск Скарына (у галіне культуры), нашыя агульныя героі Тадэвуш Касьцюшка і Кастусь Каліноўскі. Сярод сучасных палітыкаў высока ацэньваю Ганчара і Карпенку. З тых, што жывыя, найбліжэйшыя мне Шушкевіч, Мілінкевіч і Статкевіч. Але я таксама высокай думкі пра Анатоля Лябедзьку, Яраслава Раманчука і Міхаіла Марыніча. Па-мойму, незвычайнай індывідуальнасьцю зьяўляецца Аляксандар Казулін. Вельмі яму спачуваю, што ён вымушаны цяпер сядзець у турме. Я веру ў тое, што пасьля свайго вызваленьня ён стане моцнай апорай дэмакратычнага руху. |
[ 13/04/2006 20:27 ] |
Добры дзень! Дзе Вы зараз знаходзіцеся? Як Ваш стан здароўя?
Спадар Максім з-пад Вільні |
Дзякуй. З маім здароўем усё добра. Крыху адпачываю, але таксама наганяю адставаньні ў працы, папраўляю здароўе. Цяпер я ў Варшаве. |
[ 13/04/2006 20:56 ] |
Sp. Mariusz. Vialiki Vam dziakuj, sto Vy byli i josc razam z bielaruskim narodam. Vas muzny ucynak- heta prykіad dla usiaho svietu jak nie na sіovach, a na spravie mozna padtrymlivac narod, jaki zmahajecca za Svabodu.
Z pavahaj, Dmitry. Warszawa. |
Дзякуй, Дзьмітры. ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ! |
[ 13/04/2006 21:13 ] |
Спадар Марыюш! Ці хіба ў Польшчы вырашаны усе праблемы? Я быў у Польшчы у кастрычніку мінулага года. Праехаў па краіне. Ведаеце, мяне засмуціла ў якім загоне сення сельская гаспадарка. Такое уражанне, што акрамя яблык Порльшча больш нічога не вырошчвае. А чаго мне стоіла праехаць на аўто з Варшавы у Кракаў! Дарогі кепскія, вузкія з выбоінамі. На пляцу Кракаўскім - Рынкавай плошчы ад жабракоў нельга прайсці! |
Адрозьненьняў паміж сучаснай Польшчай і Беларусьсю шмат. Дарогі ў Беларусі, пэўна ж, нашмат лепшыя. Я заўсёды так лічыў. За 16 гадоў дэмакратыі нашая краіна не змагла разжыцца добрай дарожнай інфраструктурай. Сваркі палітыкаў, няпэўнасьць ураду, незадавальненьне грамадзтва станам эканомікі – гэта ўсё сьвятая праўда што да Польшчы.
Але я рады, што пра новыя скандалы, праблемы і непарадкі ў эканоміцы магу штодня раніцаю чытаць у сьвежай газэце, што ня змушаны дачувацца пра гэта з заглушваных перадач Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа. |
[ 13/04/2006 21:14 ] |
Народ у вялікім задуменні, таму што таго шчасця аб якім так казалі палітыкі да уваходу у ЕС да гэтай пары бедныя палякі чакаюць. І як казаў мой знаемы студэнт Анджэй, пасля універсітэту першая што ен зробіць з”едзе з Польшчы ў Германію на працу, бо нажаль нічога добрага, па яго словах яму не свеціць на яго Радзіме. Дзе ж тыя усмешкі і радасныя твары ў Вашай моладзі спадар Марыюш? |
У 1989 годзе, як скончыўся ў Польшчы камунізм, шмат хто з нас думаў, што прыедуць заходнія сябры з валізкамі грошай і наш край неўзабаве стане багаты. Аказалася, што з нармальнасьці ў камунізм можна перайсьці на працягу адной ночы. Рэвалюцыі робяцца вельмі лёгка і хутка. А вось дарога вяртаньня з камунізму да нармальнасьці – доўгая і выбоістая. І цяпер гэтай доўгай і выбоістай дарогаю ідзе Польшча. Спадзяюся, што новыя бальшавікі ўжо ня будуць кіраваць маёй краінаю і ўсе, хто выяжджае за мяжу працаваць, хутка вернуцца туды, дзе ім зручней і лепей жыць, бо яны ня маюць статусу эмігрантаў, яны – раўнапраўныя працаўнікі ў Эўрапейскім Зьвязе. Эўропа таксама азначае, што калі мне лепей плацяць у Нямеччыне, то я бяру валізкі і еду працаваць да заходніх суседзяў, і ніхто мне ў пашпарце ня ставіць пячаткі з дазволам на ўезд, выезд і г.д. |
[ 13/04/2006 21:14 ] |
Пасля мне прыйшлося спыніцца на начлег у Варшаве перад ад”ездам у Беларусь у сваіх добрых знаемых. Цяжка ім сення. На дварэ было холадна і дома не лепей, таму што як казала пані Яніна, добра б было калі б зіма не была марозная, бо тапіць добра не хапае грошай. У мяне у Польшчы столькі сяброў, яны з такой сімпатыяй ставяцца да нас беларусаў і Беларусі. І мяне проста абурае, як Вы палітыкі прадалі свае сумленне і нічога не вартыя сення Вашыя словы пра народ, бо Вы пра яго проста не думаеце. Вы хоць ведаеце як Вас клічуць у самой Польшчы |
А я некалі быў у Галяндыі. І здарыліся са мною дзьве такія гісторыі. Па-першае, там у спальнях няма батарэяў. Галяндцы вельмі ашчаджаюць і лічаць, што на ноч даволі добрай коўдры або цяпла блізкага чалавека. Па-другое, як запрасілі мяне на вячорную гарбату, то частавалі пірожнымі, купленымі ў рамках кампаніі скідак. Дужа ганарыліся тым, што ім удалося купіць такія танныя пірожныя. А калі мы выйшлі ад іх, мае польскія сябры, якія ўвесь час былі са мною, зьвярнулі маю ўвагу на тое, што я паводзіў сябе неналежна: зашмат запускаў руку ў міску зь пірожнымі. У Галяндыі госьць чакае, пакуль яму не падставяць падноса пад руку. Самому нічога не выпадае браць. Вось такі бедны кальвінісцкі край. А ведаеце, як бедна жывуць людзі на Сыцыліі, у паўднёвай Грэцыі, у Партугаліі? Ці азначае гэта, што Эўрапейскі Зьвяз нічога ня варты? |
[ 13/04/2006 21:14 ] |
Што думаюць простыя палякі, інтэлігенцыя? Простыя прафесары універсітэтаў? Вы хоць думаеце пра тое, што у Еўропе Польшчу сення успрымаюць не іначай, як жанчыну легкіх паводзін? Дзе лепей ей заплацяць там і аддаецца. А сумленне перад Вашымі дзецьмі? Каму Вы пакідаеце такія даўгі? Хто іх будзе плаціць? Мяне вельмі балюча кранае, што Вы хочаце навесці у нас парадак, аднак пры гэтым у Вашай хаце паўно бруду і смецця. |
Паверце мне, ніхто ў Эўропе ня ставіўся да мяне, як да прастытуткі. |
[ 13/04/2006 21:15 ] |
І яшчэ. Гісторыя раставіць усе на свае месцы. Я упэунены, што цяперашні Прэзідэнт ЗША будзе стаяць у адным радку з Гітлерам, Сталіным і г.д. як самы жудасны забойца. За што забівалі сербаў? За што столькі крыві у Афганістане, у Іраку? Простыя жыхары, дзеці? За што разбурана эканоміка і культура? Хто даў права? |
Я думаю, што мудры амэрыканскі народ выбера ў блізкім часе новага прэзыдэнта. Ня ведаю, ці Вы ў курсе, але ў ЗША прэзыдэнтам можна быць толькі два тэрміны і ніколі за аднаго кандыдата не галасуюць 83 % грамадзянаў. Апрача гэтага, ёсьць Кангрэс. Калі Вы ня ведаеце, што гэта такое, зьвярну ўвагу, што ў ЗША з XVIII стагодзьдзя вядомая такая вынаходка дэмакратыі, як падзел трох галінаў улады: выканаўчай (урад, прэзыдэнт), заканадаўчай (парлямэнт) і судовай. Гэтыя галіны ўлады адна ад адной незалежныя. Калі Вы ня ведаеце, што гэта значыць, то, на жаль, трэба вярнуцца ў школу.
Апрача згаданых, ёсьць яшчэ так званая чацьвертая ўлада, то бо СМІ. Дзякуючы сродкам масавай інфармацыі ў 1972 годзе адзін амэрыканскі прэзыдэнт страціў сваю пасаду. |
[ 13/04/2006 21:15 ] |
І тут на сайце Свабоды з якім задавальненнем абмяркоувалася магчымасць бамбардаваць Беларусь. Людзі! Адумайцеся, што ж Вы робіце? Ці гэта і есць свабода, за якую Вы так змагаецеся, спадар Марыюш?
Аляксей, 27 гадоў, Мінск |
Я вельмі хацеў бы бамбардаваць Беларусь добрымі словамі, добрымі зычэньнямі і найнавейшымі анэкдотамі (мабыць, аб прэзыдэнту – вядома, польскім). |
[ 14/04/2006 02:11 ] |
Паважаны спадар Машкевiч, адкажыце, калiласка, цi сапрауды Польшча - гэта так званы "сцяг" ЗША у эуропе? Учора мела размову з грамадзянамi Францыi, а таксама, Бельгii. Яны вельмi негатыуна адзначаюць жаданне Польшчы быць ва усiм згодным i паслухмяным свайму "старэйшаму брату - Вашынгтону". Эурапейцы лiчаць вас (палякау) здраднiкамi Эуропы, якiя прадалiся нават не за злоты, а за грош.
P.S. Вельмi было непрыемна гэта слухаць, таму што побач сядзелi расiяне, якiя лiчаць нас амаль таксама палякамi (i мы зараз амаль што ворагi, асаблiва тыя, хто падтрымлiваюць дэмакртычныя сiлы). Дзякуй i усяго вам найлепшага. |
Некалькі гадоў назад прэзыдэнт Буш прыехаў зь візытам у Польшчу і быў у Кракаве. Прэзыдэнт Кракава прафэсар Яцак Майхроўскі – гэта знаны апанэнт амэрыканскай палітыкі і вайны ў Іраку. Майхроўскага не запрасілі на сустрэчу з Бушам. І што? І нічога. Прэзыдэнтам Кракава па-ранейшаму застаецца прафэсар Майхроўскі.
Ня ўсе ў Польшчы пагаджаюцца з ЗША, але паверце мне, што бальшыня маіх суайчыньнікаў сымпатызуе Злучаным Штатам таму, што гэтая краіна зьяўляецца ў пэўным сэнсе другой бацькаўшчынаю для многіх пакаленьняў палякаў. За часам камуністычнага рэжыму, гітлераўскай і савецкай няволі, шмат якія эўрапейскія саюзьнікі забыліся на нас. Уваччу многіх палякаў амэрыканцы – найвярнейшыя сябры. |
[ 14/04/2006 09:28 ] |
Шаноўны спадар Машкевіч,
Дзякуй Вам за Вашу падтрымку, цэнім Вашу мужнасьць!
Ці былі якія-нібудзь знакі салідарнасьці ці спагады з боку былых партнёраў з МЗС Беларусі?
І. |
Я не праявіў ніякай мужнасьці! Я проста быў з сваімі сябрамі ў важны момант: сапраўдныя сябры пазнаюцца ў бядзе. Нічога болей...
Я веру, што ў мяне таксама ёсьць шмат сяброў у беларускім МЗС. Асабіста ведаю і вельмі цаню спадара міністра Мартынава – нягледзячы на тое, што шмат у чым зь ім не згаджаюся. Мяркую, што маё ранейшае вызваленьне і тое, што па выхадзе з бальніцы я не вярнуўся ў турму, – гэта ў вялікай ступені заслуга беларускіх дыпляматаў, якія маюць свае праблемы ў дачыненьнях зь сілавымі структурамі і Адміністрацыяй прэзыдэнта. |
[ 14/04/2006 10:28 ] |
Спадар Машкевіч, я заўсёды захаплялася Вамі як амбасадарам і як чалавекам. Цяпер вось захапляюся як барацьбітом за беларускую справу. Наколькі мне вядома, вы былі актыўным барацьбітом супраць таталітарызму ў Польшчы ў 1980-ых гадох... Чым, на вашую думку, адрозьньваюццца ўмовы барацьбы ў тагачаснае Польшчы і зараз у Беларусі? Як адрозьньваюцца ўмовы побыту за кратамі? У Вас жа ёсьць досьвід і ў гэтай справе...
Дзякуй Вам за ўсё добрае, што Вы для нас зрабілі і робіце зараз!
І яшчэ пытаньне: як можна набыць Вашу кнігу?
Юлія |
У палітычным сэнсе Польшча 1980-х і цяперашняя Беларусь мала чым розьняцца. Вяртаючыся зь Менску па адбыцьці там арышту, я меў уражаньне, што цяпер 1986 год і я акурат вяртаюся з арышту (48-гадзіннага) пасьля дэманстрацыі, у часе якой крычаў разам зь іншымі студэнтамі: “Салідарнасьць! Салідарнасьць!” У 1987 годзе я адмовіўся прыносіць вайсковую прысягу: па-першае таму, што нашая армія ўдзельнічала ў такіх ганебных акцыях, як уварваньне ў Чэхаславаччыну, а па-другое таму, што ў тэксьце прысягі было згадка пра супрацоўніцтва з Савецкай Арміяй. Я не хацеў, як і многія мае калегі тады, каб нейкая група вайсковых ідэолягаў рабіла за мяне выбар.
Удзел у маніфэстацыі на Плошчы ў Менску лічу за свой абавязак і падставу для гонару – бо стаяў рука ў руку з найлепшай і найадважнейшай часткаю беларускага народу. Я не зрабіў нічога вялікага: такі самы маральны выбар, як той у 1987-м.
Што да кнігі, то яе можна заказаць праз інтэрнэт-кнігарні (напрыклад, www.kapitalka.pl)”.
|
[ 14/04/2006 10:45 ] |
Добрый день Пану Мариушу, меня зовут Игорь Крупенков. я так же как и вы был на плошади Кастуся Калиновского. Так дал Бог что тем утром меня арестовать не смогли. Мы те кто остался на свободе очень переживали за Вас всех особенноо за людей сталых. Спосибо что поддержали нас беларусов.
У меня такой вопрос: Не секрет что сотруднничество в газовой сфере, между Беларусью и Россией, экономически сотавляет маленькая часть от сотудничества в сфере торговли вооружением, где и находяться основные финансовые потоки.По вашему мению столь "своевременные" переговоры по цене газа в Беларусь это блеф со стороны России, для того что бы как то оправдаться перед G8 или Россия начала торговлю по настоящему. |
Я думаю, у Вашых дапушчэньнях можа быць даволі шмат праўды. Мы па-ранейшаму ня ведаем да канца, якія мэханізмы прычыняюцца да таго, што Расея ставіцца да Беларусі так, а не іначай. У мяне ёсьць няясныя падазрэньні, што Беларусь (асабліва ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі) можа адыгрываць ролю цёмнага каня ў гульні на рынку ўзбраеньняў.
Але лічыў бы за лепшае пры развагах на гэтую тэму слухаць усё ж больш кампэтэнтных, чым я, назіральнікаў. Свае погляды на названыя праблемы я фармую на аснове агульнадаступнай інфармацыі і аналізах расейскіх і беларускіх камэнтатараў. |
[ 14/04/2006 11:45 ] |
Спадар Амбасадар, чаму Ўкраінцы змаглі, а мы пакуль ня можам? Чаму мы не гатовыя да эўрапейскага і дэмакратычнага ладу жыцьця? Чаго нам бракуе? Дзякуй. Андрэй |
Трэба яшчэ трохі папрацаваць. Украінцы ўклалі ў сваю незалежнасьць шмат крыві і поту. Я думаю, у Беларусь свабода прыйдзе раней, чым шмат хто спадзяецца. Асабліва цяпер так думаю, пасьля таго, як аказалася, што ў вас ёсьць мудрыя і харызматычныя лідэры. Віншую вас, беларусаў, з тым, што вы маеце Мілінкевіча і многіх іншых адважных людзей. |
[ 14/04/2006 13:18 ] |
Vy zrabili smely utshynak apynuvshis u Mensku u taki skladany tshas. Dzakui vam za geta. Ramanau Mikalai.Anntverpen.Belgie. |
Я не зрабіў нічога надзвычайнага. Але я рады, што нават такі нязначны жэст з майго боку даў мне шмат новых беларускіх сяброў. |
[ 14/04/2006 20:30 ] |
Ці будзе калі-небудзь Беларусь у Эўразьвязе або мы так і застанемся другараднымі расейцамі, якія будуць надалей глядзець толькі ў бок Масковіі? |
Так пэсымістычна ў Польшчы ўсе думалі яшчэ ў 1989 годзе. Я думаю, што шмат хто зь беларусаў яшчэ не гатовы на такі “скок ў глыбокую ваду”. Эўразьвяз – гэта структура, якая патрабуе шматгадовай падрыхтоўкі. Патрабуе, у прыватнасьці, цяжкіх і непапулярных рашэньняў у эканоміцы, у сфэры сацыяльнай апекі, у спосабах кіраваньня. Думаю, што зьмены адбудуцца ў блізкім часе, спадзяюся, што ўжо празь некалькі гадоў Беларусь зможа падпісаць партнэрскую дамову з Эўразьвязам і пачаць паволі набліжацца да нас. А Расея мае быць для ўсіх нас прадметам асаблівага клопату і прыязнасьці, бо гэтая вялікая краіна ня можа застацца ўзбоч Эўропы: гэта ж глыбока эўрапейская краіна. Таму я веру, што мы, палякі, а таксама ўкраінцы і беларусы пераканаем нашых расейскіх сяброў, каб яны былі разам з намі. |
[ 14/04/2006 20:52 ] |
Witam Pana serdecznie. Czy planuje Pan powrot do sluzby dyplomatycznej? Jak Pan sie stawia rzadom PiSu w Polsce? Jakies sposoby do zniechecania studentow z Bialorusi do zostania w Polsce po studjach?
Jestem pewny, ze Pan Mariusz teraz sprobowal wpelni naszego zycia, takiego jakie ono jest, nieprzykryte...Szczerze podziwiam Pana wysylki, zycze pomyslnosci i zdrowia. Bog w pomoc!
Naprawde jestem dumny z tego ze moja rodzina jest blisko Panu znajoma...
Wlodzimierz Wiszniewski z Berezyny |
Перадаю прывітаньні сям’і Вішнеўскіх! Памятаю пра Вас і непакоюся, што дасюль не ўдалося ўладзіць справы, якая цягнецца амаль год. Вельмі моцна крычу на нашыя міністэрствы і іншыя інстытуцыі, што так слаба дапамагаюць студэнтам зь Беларусі. Маю надзею, што цяпер гэта трохі зьменіцца на лепшае.
Я па-ранейшаму застаюся актыўным дыпляматам, хоць неабавязкова ўжо ў структуры МЗС. Дапамагаю польскаму ўраду ў пытаньнях, зьвязаных з нашымі ўсходнімі суседзямі. Дзякую Вам за памяць і падтрымку. |
[ 14/04/2006 21:27 ] |
Вітаю шаноўнага пана Марыюша!
Першае пытанне пра здароўе: як сябе адчувае пан?
Другое: што звязвае пана з Беларусьсю, бо вядома, што далёка не кожны паляк адважыцца на такое?
Дзякуй.
Алесь,Фларыда. |
Дзякуй, са здароўем усё нармальна. Вяртаюся да нармальнага жыцьця. Што датычыць майго сэрца, яго частка засталася ў Беларусі. Гэта зьвязана з маёй працай. Я пачаў працаваць у 1991 годзе ў Вільні, дзе было шмат сустрэч зь беларусамі. Я памятаю, як Ян Павал ІІ прыехаў у Вільню, прывітаў беларусаў ля Вострай Брамы. Я тады зразумеў, як Вільня важная для беларускай нацыі. Я там якраз жыў побач, у 20 мэтрах ад Вострай брамы. Тады зразумеў, што Вільня частка ня толькі літоўскай, польскай, габрэйскай культуры, але культуры беларускай. А далей была цікавая праца - арганізаваць консульства ў Горадні. Калегі вельмі зьдзіўляліся, што я туды паехаў. Для мяне было важна, што Горадня вельмі блізкая да Вільні. Я памятаю першыя сустрэчы зь Мілінкевічам, які быў віцэ-мэрам Горадні. Мы плянавалі пытаньні беларуска-польскага разьвіцьця ў Горадні. Мы працавалі ня толькі з польскай дыяспарай, а зь беларусамі і прадстаўнікамі іншых дыяспараў (габрэйскай, нямецкай). Тады міністар Герэмэк папрасіў мяне стаць амбасадарам Польшчы ў Беларусі. Я пагадзіўся. Калі пераехаў у Менск і пачаў працу амбасадара, то канчаткова закахаўся ў Беларусь. |
[ 14/04/2006 23:07 ] |
Шаноўны сп. Марыюш, шчыры дзякуй Вам за падтрымку. Спадзяюся, рана ці позна мы пераможам. Але маю да Вас пытаньні, як да былога дзяржаўнага службоўца Польшчы:
1. Калі скончыцца гэты ганебны працэс над "Нівы"? Нагадваю, журналістаў беластоцкай газеты беларусаў вінавацяць у тым, чаго яны не рабілі, пра што ёсьць адпаведнае заключэньне пракуратуры Беластоцкага ваяводства.
2. Лічу, што перавод праваслаўных цэркваў на "ензык польскі" -- чарговы крок да палянізацыі беластоцкіх беларусаў. Доўга працаваў у Польшчы, і ведаю, што для многіх беларусаў праваслаў'е ня столькі канфэсыя, колькі сродак самаідэнтыфікацыі, у тым ліку і нацыянальнай. Зрэшты, сам я католік, але такія рэчы, якія робяцца ў дачыненьні беластоцкіх беларусаў, лічу недапушчальнымі. Вашыя думкі на гэты конт?
Дзякуй.
Уладзіслаў. |
Мне вельмі цяжка казаць нешта пра Беласточчыну. Я мала меў дачыненьняў з гэтым рэгіёнам. Я магу глядзець толькі з боку, як чалавек, які працаваў у Горадні.
Мне вельмі сорамна, што гэта адбываецца. Я ня ведаю, у чым тут прычына. Там ішла фінансавая падтрымка ад дзяржавы, якая заўсёды прыходзіць запозна, і трэба часам неяк пражыць некалькі месяцаў. І ў іх была затрымка на некалькі месяцаў зь фінансаваньнем, і тое, што было ў "Ніве", усе рабілі нешта падобнае, але напалі толькі на "Ніву. Шмат польскіх палітыкаў ужо ведаюць пра гэты выпадак. Спадары Мірановіч, Латышонак -- вельмі чэсныя людзі. Тое, што адбываецца гэта ганьба для польскай сыстэмы.
Што датычыць рэлігійнага пытаньня, па-першае, у 1924 годзе, як Польшча стала незалежнай дзяржавай, праваслаўная царква ў Польшчы пачала арганізоўваць аўтакефалію. Гэта таксама лічылася тады адмоўным крокам, што праваслаўная царква адлучаецца ад Масквы. Але ў выніку яны ў сваім разьвіцьці пайшлі далей, ня згінулі. Яны разьвіваюцца і арганізацыйна, і колькасна -- будуюцца новыя праваслаўныя саборы. У 1990 годзе я займаўся міжканфэсійнымі пытаньнямі. Я моцна падтрымаў праваслаўных у Чанстахове. Тое, што царкава пераходзіць на польскую мову, гэта, мне здаецца, той самы працэс, калі каталіцкая царква ў 1960-х гадох пераходзіла на польскую. Тады людзі казалі, што пераход з лаціны разбурыць традыцыі царквы. Але аказалася, што нацыянальныя мовы ў касьцёле толькі дапамаглі царкве.
Я хачу адзначаць, што на Беласточчыне шмат комплексаў і ў палякаў, і ў этнічных беларусаў. Палякі часам хочуць быць лепш за ўсіх. Беларусы крыўдуюць, што не атрымліваюць падтрымкі ад дзяржавы. Гэта складаныя пытаньні.
Але беларуская культура вельмі багатая. Гэта паказваюць і канцэрты ў Гайнаўцы, і рок-фэстываль у Басовішчы. Гедройць вельмі добра паказаў, што можна вельмі добра і мірна жыць разам. Больш за ўсё тут праблемаў у мінуўшчыны. Яны адбіваюцца і на сучасным жыцьці. Але зараз ніякіх сур'ёзных канфліктаў я ня бачу. |
[ 15/04/2006 22:49 ] |
Witam serdecznie! iteresuje mnie sprawa stodentow z bialorusi ktorzy zosali zwolnieni z uczelni Bialoruskich,po wyborach prezydenskich,czy sa takie?czy odezwali sie z pomoco do strony Polskiej? jakie bedo waronki nauki ich w Polsce?
z powazaniem Wiktor |
Мне здаецца, што з гэтым пытаньнем трэба зьвяртацца да Мілінкевіча і ягонага акружэньня. Я ведаю, што Іна Кулей займаецца цяпер дапамогай рэпрэсаваным. Ёсьць наладжаныя кантакты паміж імі і палякамі. Існуюць праграмы падтрымкі з боку Польшчы для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў. |
[ 16/04/2006 02:58 ] |
прывітаньне!
і на што вам ўсё гэта патрэбна??
антось. |
Мне патрэбна, каб усе мае сябры жылі свабодна і шчасьліва. Калі ў Беларусі будзе дэмакратыя, то і Польшча атрымае спакойнага суседа. Для нас гэта вельмі важна. Не разумею сутнасьці гэтага пытаньня. Чалавек спрабуе зрабіць нешта добрае, а ў яго пытаюцца -- навошта. |
[ 16/04/2006 13:27 ] |
Хрыстос уваскрос, шаноўны Спадару Мар'юшу!
Для нас Бог увасурэсьне трошкі пазьней, але ўваскросьне!
Здабудзем і мы Свабоду, бо на тое ёсьць Божая воля!
Зычу здароўя і шчасьця Вам, Вашаму самаахвярнаму Тату і ўсім,
каго Вы ў сэрцы носіце!
Ня маю пытаньняў да Вас, бо пра што ж тут пытацца яшчэ, кал1
Вы і ў шчасьці і ў нядолі з намі!
Дзядзька Васіль. |
Дзядзьку Васілю, вялікі дзякуй. Хрыстос уваскрос. Я вельмі моцна ўсё гэта перажываю, ня толькі ў час Вялікдня, але ўвогуле хвалююся пра лёс дэмакратыі ў Беларусі. |
[ 16/04/2006 17:28 ] |
Пан Марыюш. У час кантактаў з беларускай "міліцыяй" што,
- якое ўражаньне было для Вас самым цяжкім?
- якое было нечаканым?
Дзякуй за Вашую ахвярную падтрымку і шчырую салідарнасьць з намі беларусамі ў барацьбе за свабоду. Няхай Бог Вас беражэ!
А.Шпакоўскі |
Першае пытаньне ў онлайн-канфэрэнцыі было якраз пра гэта. Не хачу паўтарацца -- гл.адказ вышэй. Непрыемна было тое, як спэцназаўцы зьбівалі людзей. Я вельмі ўдзячны, што шмат беларусаў аказаваюць мне маральную падтрымку. Я ганаруся, што я быў там на плошчы, з самымі мужнымі людзьмі Беларусі, што зь імі быў разам у цяжкі момант. |
[ 17/04/2006 00:12 ] |
Вось зрабіў два кліпы з фотаздымкаў 19-25 сакавіка...і паклаў на музыку(там праўда рок тяжкі і на ангельскай мове але тэксты вельмі добрыя POLKA і Dogs of Justice) хацеў бы паказаць каму ці проста скінуць куды у інтернет можа каму і нават падабаецца але вось як гэта зрабіць і куды слаць не ведаю можа вы падкажаце БУДУ ВЕЛЬМІ УЗДЯЧНЫ за любую подказку |
Можаце паспрабаваць паслаць яго вэб-майстрам на -- http://www.wolnabialorus.org/index.html -- яны зьбіраюць такія матэрыялы. |
[ 17/04/2006 15:10 ] |
Добрый день! Господин Мариюш, как бы Вы ответили на вопрос Ивана Карамазова:
« …представь, что это ты сам возводишь здание судьбы человеческой с целью в финале осчастливить людей, но для того необходимо и неминуемо предстояло бы замучить всего только одно крохотное созданьице, согласился бы ты быть архитектором на этих условиях?» Я ужаснулась, когда посмотрела на годы рождения задержанных 19-25 марта. Ведь Вы видели, что на площади в палаточном городке собрались дети,подростки, одержимые ложной идеей, не честнее ли было отпустить их домой? Спасибо за ответ. Ирина. |
Я прыгадваю паўстаньне ў Варшаве ў 1944 годзе, у якім удзел прымалі 12-13-гадовыя падлеткі, якія змагаліся за сваю краіну. Вельмі цяжка рабіць нейкія ацэнкі. Гэтыя людзі прыйшлі на плошчу не дзеля грошай, не на чыйсьці загад. Яны прыйшлі дзеля свабоды. Ім па 17-18 гадоў. Яны ўжо шмат кніжак прачыталі. Яны ў такім узросьце, калі хочуць хутка дабіцца таго, чаго дарослыя раяць ім чакаць доўгія гады. |
[ 17/04/2006 15:20 ] |
Паважаны Марыюш, якi колер (акрамя бела-чырвона-белага) павiнен быць у Беларускай рэвалюцыi? |
Ня ведаю. Людзі Беларусі самі павінны вырашыць гэта. Я чуў, што ёсьць сіні, васільковы колер, джынсавы колер. Я бачыў шмат сьцягоў Эўразьвязу, Украіны і іншых. Але гэта пытаньне не да мяне. |
[ 17/04/2006 20:04 ] |
Дзень добры, паважаны спадар Машкевіч!
Найперш хацела б выказаць Вам падзяку за тое, што Вы былі разам з беларусамі на Кастрычніцкім пляцы Менску. А таксама падзякаваць усяму польскаму народу за салідарнасьць, шчырасьць і падтрымку ў справе Беларусі.
А пытаньне ў мяне наступнае: многія палякі сённяшняю сытуацыю ў Беларусі параўноўваюць з сытуацыяй у Польшчы часоў ваеннага стану. Як вы лічыце, у чым прынцыповая розьніца паміж Беларусьсю-2006 і Польшчай часоў "Салідарнасьці"? І пры якіх умовах магчымыя палітычныя зьмены на Беларусі?
Дзякуй вялікі.
Вольга Класкоўская, Варшава. |
Мне здаецца, што сытуацыя вельмі падобная. У 1980-х гадох у Польшчы кіравала вайсковая "хунта". Людзі ў ваеннай форме прадстаўлялі Польшчу ў сьвеце. Яны былі ня вельмі моцна адукаваныя. Мне здаецца, што цяпер у Беларусі таксама вакол прэзыдэнта стаяць людзі падобнага тыпу -- вайсковыя людзі, якія ня ведаюць, што такое свабода. Яны прапануюць такі тып жыцьця для Беларусі, які ня ўсіх беларусаў задавальняе. Хачу таксама адзначыць, што працэс зьменаў у Польшчы ішоў доўга: з 1980 па 1989 год, да так званага Круглага стала.
Ёсьць ў нашых выпадках і адрозьненьні. У польскай традыцыі сільную ролю адыграў касьцёл. Культурныя дзеячы і інтэлігенцыя маглі працаваць больш вольна. З другога боку, у Беларусі рэлігійнае жыцьцё толькі цяпер адраджаецца пасьля шматгадовай камунізацыі нацыі.
Таксама эканамічная сытуацыя ў СССР у 1980-ыя годы, падзеньне эканомікі, дазволіла Польшчы хутчэй дабіцца зьменаў і свабоды. |
[ 17/04/2006 22:30 ] |
Уважаемый господин Посол, прежде всего, хотел бы пожелать Вам скорейшего выздоровления и выразвит Вам признательность за мужество и деятельность по развитию сотрудничества между Польшей и Беларусью. Инициируемый Вами проект "Форум" в области сельскохозяйственного сотрудничества дал импульсы к развитию прямых контактов между непосредственными сельхозпроизвоипроизводителями двух соседних стран. Уважаемый господин Посол,скажите пожалуйста, какие духовные силы и жизненные мотивы поддерживали Вас в жизни в Ваших начинаниях и поступках. Спасибо. Анатолий Касьяненко |
Спасибо большое. Хотел бы сказать, во-первых, что касается сельскохозяйственного форума, к сожалению, ситуация в белорусском сельском хозяйстве показала, что наши контакты не очень сильно развиваются. После второго форума я был приглашен в Горки, где выступал Лукашенко. Он тогда сказал, что в сельком хозяйстве никакой приватизации не будет, и пусть иностранцы на это не надеются. Это явно было сказано для меня. Но все равно, многие люди на этих форумах устанавливают новые контакты. Что касается, душевных сил, то иногда мне их не хватает. Нужно больше работать над собой. Дя меня, грешного человека, наиболее важной опорой является религия. |
[ 17/04/2006 23:39 ] |
Шаноўны спадар Марыюш, Віншую Вас з вызваленнем! Усё сьвядомае і сумленнае грамадзтва нашае краіны сачыла за амаральным зьдзекам над Вамі, спачувала і жадала Вашага хуткага вызваленьня.
Пытаньне: як Вы бачыце далейшыя адносіны паміж афіцыйным Менскам і Польшчай?
Дзякуй! Здароў'я Вам і моцы! Кацярына |
Дзякуй Вам за спачуваньні. Гэта занадта шмат для мяне: я не пакутваў больш, чым іншыя ўдзельнікі -- грамадзяне Беларусі. Што датычыць афіцыйных стасункаў, будзе вельмі цяжка ўтрымаць балянс паміж дачыненьнямі на дзяржаўным узроўні і кантактамі зь недзяржаўнымі арганізацыямі, навукоўцамі і г.д. У мяне былі падобныя праблемы, калі я быў амбасадарам. Я гэта называю: граць на двух раялях. Трэба было працаваць і зь недзяржаўнымі арганізацыямі, і з уладамі. Ёсьць людзі, якія падтрымліваюць Лукашэнку. Мы ня можам цалкам ігнараваць і тых людзей. Але больш канкрэтна пра палітыку Польшчы я змагу адказаць празь некалькі месяцаў. |
[ 18/04/2006 21:51 ] |
Уважаемый Мариюш! Мои многие коллеги и знакомые говорят, что стыдно за страну (за Беларусь) перед иностранцами. Как на нас в общем смотрят простые граждане Польши их отношение у беларусам? Спасибо Вам за Вашу поддержку. Многим стыдно, что не пощли поддержать своих детей и мне тоже.
Стах. |
Ня трэба адчуваць сораму, проста трэба наступны раз кудысьці прыйсьці, падтрымаць... Не абавязкова прымаць непасрэдны ўдзел у такіх падзеях. Што датычыць успрыманьня ў Польшчы, мне здаецца, пасьля гэтых падзеяў у сакавіку сымпатыі да беларусаў вельмі моцна ўзрасьлі. Адчуваецца вельмі шмат салідарнасьці зь беларусамі. У выніку ў Польшчы зьявілася яшчэ больш сымпатый да беларускага народу. |
[ 19/04/2006 13:52 ] |
Чаму старая Эўропа, у адрозьненьні ад Польшчы, ігнаруе ці не разумее беларускія праблемы? У.К. |
Гэта ня праўда. Зараз я знаходжуся ў галяндзкай амбасадзе ў Варшаве. У мяне была сустрэча са спадаром Амбасадарам, які вельмі моцна цікавіцца сытуацыяй у Беларусі. Ён асабіста распытваў мяне 40 хвілін, як можна дапагчы Беларусі. Адзначу, што ня толькі Галяндыя, але і іншыя краіны цікавяцца лёсам Беларусі. Я 100% ведаю, што ёсьць падтрымка і старой Эўропы. |
[ 19/04/2006 13:58 ] |
Мы заканчваем онлайн-канфэрэнцыю. Вэб-рэдактар |
Вялікі дзякуй за словы падтрымкі, салідарнасьці, падзякі. У мяне сапраўды зьявілася шмат беларускіх сяброў. Я бачу, што ёсьць шмат людзей, якія вельмі падобна глядзяць на цяперашнія падзеі ў Беларусі і ў Польшчы. Маю толькі адно пажаданьне: я хацеў бы, калі будзе такая магчымасьць, з удзельнікамі онлайн-канфэрэнцыі сустрэцца ў рэальным жыцьці і паразмаўляць; таксама і з тымі, хто задаваў пытаньні пра "ўмяшаньне ва ўнутраныя справы", я хацеў бы пагаварыць зь імі, пераканаць іх, што гэта ня так, патлумачыць ім пра агульныя вартасьці. Хачу, каб мы маглі паразмаўляць як сябры. |
|
|