[ svaboda logo ] [ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
форум  


19 Ліпеня 2006
Ганна Кісьліцына


Ганна Кісьліцына – крытык, літаратуразнаўца. Нарадзілася 8 верасьня 1967 года ў г.Драгічын Брэсцкай вобласьці. Вырасла ў сям’і літаратуразнаўцаў Алы Кабаковіч і Міхася Тычыны. Скончыла беларускае аддзяленьне філялягічнага факультэту БДУ, асьпірантуру НАНБ. Кандыдат філялягічных навук (1993). Аўтар кніг “Алесь Разанаў: праблема мастацкай сьвядомасьці” (1997), “Лірычная мініяцюра як жанр беларускай літаратуры” (2000), “blonde attack” (2006). У 2006 годзе выйшла яе кніга “Новая літаратурная сытуацыя: зьмена культурнай парадыгмы”.

“Крытык на высокіх абцасах”.
04.01.2006
Аляксандар Вайтовіч
10.01.2006
Сяргей Гайдукевіч
18.01.2006
Аляксандар Казулін
23.01.2006
Аляксандар Мілінкевіч
26.01.2006
Зянон Пазьняк
03.02.2006
Андрэй Дынько
09.02.2006
Павел Шарамет
15.02.2006
Лявон Вольскі
20.02.2006
Сяргей Калякін
28.02.2006
Алесь Пашкевіч
08.03.2006
Сьвятлана Алексіевіч
16.03.2006
Джордж Крол
23.03.2006
Аляксандар Мілінкевіч
30.03.2006
Ніна Шыдлоўская
05.04.2006
Крысьціна Шацікава
11.04.2006
Iвонка Сурвіла
19.04.2006
Марыюш Машкевіч
04.01.2006
Юры Бандажэўскі
10.05.2006
Іна Кулей
17.05.2006
Валер Леванеўскі
24.05.2006
Вячаслаў Сіўчык
31.05.2006
Валер Булгакаў
07.06.2006
Сяргей Тарпачоў
13.06.2006
Вінцук Вячорка
19.06.2006
Наш Васіль Быкаў

27.06.2006
100 дзён пасьля Плошчы

05.07.2006
Захар Шыбека

12.07.2006
Валер Дранчук
14.07.2006
Ірына Казуліна
26.07.2006
Аляксандар Дабравольскі
02.08.2006
Вітаўт Мартыненка
08.08.2006
Янка Запруднік

14.08.2006
Сяргей Антончык
23.08.2006
Алесь Пушкін
28.08.2006
Іна Кулей
06.09.2006
Барыс Пятровіч

13.09.2006
Сьвятлана Завадзкая

20.09.2006
Аляксандар Старыкевіч

27.09.2006
Алесь Каліта

04.10.2006

Аляксандар Мілінкевіч
11.10.2006
Уладзімер Мацкевіч

18.10.2006
Сяргей Харэўскі

25.10.2006
Анатоль Лябедзька
30.10.2006
Павал Севярынец

08.11.2006
Тацяна Процька

15.11.2006
Валер Булгакаў
22.11.2006
Сяргей Скрабец
29.11.2006
Андрэй Дынько
06.12.2006
Станіслаў Шушкевіч

13.12.2006
Уладзімер Някляеў

19.12.2006
Ваша Свабода
2003  2004  2005  2006
[ 17/07/2006 14:52 ]
Дзень добра спадарыня Ганна! 1) Як адбіваецца на нашым сучасным літаратурным працэсе (і на асобных аўтарах) факт ідэалягічных, а часьцей і асабістых рознагалосьяў паміж лідэрамі творчых (творча-выдавецкіх) колаў? 2) Ці магчымы (і пры якіх умовах) у Беларусі "фэномэн Пялевіна"? 3) Ці хацелі б мець уласнае тэлевізійнае шоў? Дзякуй за словы і радкі. Дабра і плёну Вам. Сяргей Балахонаў
1. Рознагалоссе ўпрыгожвае спевы, але не літаратуру. Мне надакучыла супрацьстаянне саюзаў і часопісаў. Я часта жартую, што для таго, каб надрукавацца ў Дзеяслове, трэба сказаць, што цябе не друкуюць у Архэ, а каб надрукавацца ў Архэ, трэба паскардзіцца на Дзеяслоў. Я, зразумела, утрырую, але гэта недалёка ад ісціны. Складайце рэйтынг чытацкіх сімпатый, змагайцеся за права друкаваць папулярных аўтараў, перакупайце іх , прапануйце пісьменнікам цікавыя тэмы і жанры, самі адшуквайце новыя імёны... Але не ваюйце! Прызнаю справядлівай толькі адну вайну – вайну за чытача.

2. Не бачу прычын для таго, каб у Беларусі не з”явіўцца свой “пялевін” -- калі Вы пра феномен яго папулярнасці. І наогул, у культуры свае законы. І тут палітыка і геаграфія маюць адноснае значэнне. Напрыклад, маленечкая выспа Сент-Люсія, эканоміка якой трымаецца на бананавым экспарце і якая доўгі час была ўсяго толькі ўскрайкам Брытанскай імперыі, дала свету двух Нобелеўскіх лаўрэатаў – паэта Дэрэка Уолката і эканаміста Артура Льюіса. Дык чаму ж не чакаць ад такой вялікай краіны як Беларусь нараджэння хаця б папулярнага аўтара? А галоўная ўмова для гэтага – незалежны друк. Пісьменнік павінен існаваць ва ўмовах жорсткай эканамічнай канкурэнцыі, а не толькі спаталяць свае інтэлектуальныя прэтэнзіі. Пакуль пісьменнік не зацікаўлены ў продажы сваёй прадукцыі – “пелевін” не з”явіцца.

3. Хацела б. Хаця абсалютна не маю аніякага вопыту. Наогул, хацелася б бачыць на экране разумныя прыгожыя твары, твары пісьменнікаў і філосафаў, а не спартоўцаў ды эстрадных зорачак. З задавальненнем гляджу расейскую “Культуру” і украінскі “Інтэр”... Ці магчыма такое ў нас ? Праблема не толькі ў нацыянальным тэлебачанні, але і ў нас саміх. Маю вопыт радыйных інтэрв”ю. Бывала, толькі задасі якое больш-менш нечаканае пытанне – дык цябе суразмоўца ўжо б”е пад сталом нагой – маўляў “што за правакацыі?” Спрабуеш зрабіць цікавае шоў, а ў адказ – крыўда... У мяне рэдкі чалавечы дар – кранаць за балючае. Таму нават культурнае шоў ператварылася з маёй дапамогай у інтэлектуальны мардабой.
[ 17/07/2006 14:53 ]
Ці магчымае ў сёньняшняй Беларусі нармальны працэс літкрытыкі? Такой, каб спрабавала даваць ацэнку цяпершанім літаратурным зьявам, а не займала нішу літаратуразнаўства, аналізуючы клясыку. І дзе можна пачытаць такую крытыку? Зьміцер Дзядзенка
Па маіх назіраннях, колькасць крытыкаў у нас расце з кожным годам. Гэта азначае, што другія не бачаць нейкіх істотных праблем з працэсам. А ў мяне яны ёсць. Тыя, пра каго пішу, дзякуй Богу, яшчэ жывыя, і вельмі актыўна рэагуюць нават на тое, што я лічу завышанай ацэнкай. Ты пішаш пра іх рэцэнзію, а яны пра цябе – верш, апавядане, раман... Пры гэтым чытачы скардзяцца, што твая крытыка занадта памяркоўная, а аўтары – што яна занадта зласлівая. Праўда недзе пабач... Сто разоў сабе гаварыла, не пераймайся, пішы пра эпітэты ў Коласа! А тут яшчэ праблема – крытыку сталі пісаць паэты. Пад дэвізам – забі канкурэнта. Вішнёў супраць Балахонава ў Дзеяслове, Сапажкоў супраць Хадановіча ў ЛіМе... Усур”ёз гэта ўспрымаць немагчыма. Дзякуй Богу, наш чытач не вельмі сур”ёзна ставіцца да парадаў, што купляць , а што не купляць. А давярае ўласнаму густу. З задавальненем чытаю Жукоўскага ў Архэ, Галубовіча ў ЛіМе. Не з усімі ацэнкамі згодная, але заўсёды цікава.

Аднак жа не толькі крытыка, але і літаратуразнаўства павінна быць ангажавана сучасным літаратурным працэсам. Дваццаць гадоў – дастатковы тэрмін для таго, каб даць ацэнку тым ці іншым з”явам у культуры. Таму натуральна, што Інстытут літаратуры выдаў Гісторыю беларускай літаратуры, дзе разглядаюцца творы апошніх дзесяцігоддзяў. На жаль, многіх вартых увагі імёнаў у гэтым выданні няма ці напісана пра іх вельмі мала.

Я палічыла неабходным запоўніць гэтыя лакуны – з чаго атрымалася кніга “Новая літаратурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы”. Мне здавалася, што такая праца будзе карыснай і цікавай не толькі выкладчыкам, студэнтам і аматарам роднага слова, але і самім аўтарам, якія змогуць пабачыць, што іх унёсак у літаратуру не застаўся на ўзроўні маргінэзу. Гэта было вельмі цяжка – адшукваць па малатыражных часопісах і газетах творчыя маніфесты, рэдкія крытычныя водгукі, творы, пра якія мала хто чуў нават сярод спецыялістаў...

Матэрыялы для напісання гісторыі Бумбамліту мне дапамог сабраць Жыбуль, калі пісала пра Тутэйшых-- выкарыстоўвала кнігу Бязлепкінай, пра ТВЛ – тое, што даслаў мне Аркуш – гэта звесткі, якія вісяць на сайце Літара. А зараз я чую, што ўсё было не так. Вішнёў дзівіцца, чаму я не згадваю Дзяніса Хвастоўскага, а Аркуш – чаму згадваю Людку Сільнову. Але, даруйце, дастаткова перагледзіць маніфесты бумбамліта, каб зразумець, што Хвастоўскі ніколі не быў знакавай постаццю ў суполцы, а Сільнова, якая можа і не мела членскага білета, адзіная, хто згадваецца ў тэвээлаўскай “Спробе маніхвесту”, выдавала кнігу ў тэвээлаўскай серыі, атрымала тэвээлаўскую прэмію, друкавалася разам з імі ў замежных выданнях, брала ўдзел у тэвээлаўскіх канферэнцыях. Гэта ж якім фармалістам трэба быць, каб абапірацца не на рэальныя дзеянні, а кіравацца толькі наяўнасцю/ адсутнасцю заявы на ўступленне? Дарэчы, творчасць Людкі я ў кнізе і не разглядаю. Мне наогул была цікавая гісторыя гэтых суполак, перш за ўсё, як аснова для стварэння найбольш тыповых мадэляў творчага светагляду, у якіх бы адлюстроўваўся вірлівы характар культуры 80-х 90-х. Дзякуй ад іх я нават не чакаю – занадта яны самазакаханыя.
[ 17/07/2006 23:52 ]
Што ёсьць цікавага ў маладой беларускай паэзіі на Вашую думку?
Каб у мяне былі грошы, абавязкова б распачала выданне маладзёвага часопіса. Тыя конкурсы, што ладзіць ПЭН-цэнтр, выявіў столькі цікавых аўтараў! Баюся каго-небудзь прапусціць...Марыйка Мартысевіч, Павал Свярдлоў, Андрэй Адамовіч, Юля Шастак, Анатоль Івашчанка, Віка Трэнас, Крысціна Курчанкова, Алесь Квіткевіч, Жэня Манцэвіч, Цемрык Велет... Класна, што яны не толькі цікавыя паэты, але і вельмі адказныя перакладчыкі. Вельмі люблю Дзіму Дмітрыева і Паўла Анціпава. Зазвычай творы з конкурса друкуюцца ў брацкіх магілах – групавых падборках. А хацелася б, каб яны былі прадстаўлены як самастойныя творцы, напрыклад, каб іх творы друкаваліся з фатаздымкамі і малюнкамі. Мару пабачыць кнігі Бабы Броні і Пістончыка ў аўтарскім афармленні – яны да ўсяго не абы-якія мастакі. Нядаўна на Галерэі Б. ладзілася прэзентацыя кнігі “Вершнік” Толі Івашчанкі, і нашыя канкурсоўцы зрабілі суперскае шоў... Сто разоў казала, што больш не буду займацца моладдзю, але сустрэча з таленавітым творам дорыць столькі станоўчых эмоцый, што ад гэтага цяжка адмовіцца. На жаль, пакуль не знайшліся грошы, каб аплаціць правядзенне семінару для пераможцаў конкурсу гэтага году. Таму вынікі пакуль не абвяшчаем.
[ 18/07/2006 00:42 ]
Шаноўная спн. Ганна, што сёньня ўяўляе зь сябе Інстытут Літаратуры АН – людзі, якія там працуюць, і іхныя працы – тэмы, пляны? Дзякуй. Лявон
Ёсць такая показка. Сядзіць грыф у пустэльні, дзяўбе старую засохлую костку. Побач --малое казлянятка. Пытаецца ў грыфа. “Слухайце, я такое маладое, мяккенькае казлянятка, а вы да мяне – нуль увагі. Нашто вам гэтая старая костка?” “Што ты разумееш – адказвае грыф. Гэта ж класіка!!!”

Дык вось наш інстытут па-ранейшаму аддае перавагу класіцы. Перш за ўсё гэта падрыхтоўка збору твораў. Але тэкстолагаў кваліфікаваных вельмі мала... Золава, Строева, Казыра, Голуб: вельмі іх люблю гэтых жанчын, але ж яны пенсійнага ўзросту, працуюць з –за таго, што ім проста няма замены, а адказнасць не дазваляе ўсё кінуць...Паспрабавалі на зборы твораў Танка “перакваліфікаваць” у тэкстолагі зусім маладых даследчыкаў, але ім яшчэ не стае вопыту, тым больш што былі прапанаваныя вельмі сціслыя тэрміны на падрыхтоўку. Дарэчы, хачу звярнуць увагу на тое, што на гэтым зборы няма слова “поўны”.

А планаў – грамаддзё. Гэта і Танк, і дваццацітомнае выданне Коласа, і ў перспектыве – Шамякін і Дунін- Марцінкевіч... Асабіста я чакаю выданне Коласа. Калі нашчадкі не абвесцяць чарговае вета на чарговыя творы – гэта будзе шыкоўны падарунак аматарам беларускай літаратуры. Колас прадстане нечаканым – і ў вядомай толькі музейшчыцам інтымнай лірыцы, і ў палітызаванай сатыры. Раскоша!!! Спадзяюся, гэтым разам мы не пачуем ляскату цэнзарскіх нажнічак...

Адна з асноўных тэм інстытута цяпер -- “Колас, Купала і дзяржаўна-культурнае будаўніцтва на сучасным этапе.” Здаецца, усе пагодзяцца, што якраз адраджэнцамі былі прапанаваныя ўдалыя мадэлі культурнага дойлідства краіны. Але наколькі быў скарыстаны іх патэнцыял? Вось на гэтае пытанне і паспрабуюць адказаць мае калегі.

Дарэчы, вызначэнне “культурны” – пазначае сёння ледзь не ўсе інстытуцкія тэмы... Так, у аддзеле тэорыі займаюцца даследваннем мастацкай канцэпцыі чалавека ў культурнай дынаміцы. На жаль, сёння ад нас патрабуюць займацца не столькі тэорыяй літаратуры, колькі аналізам твораў.

З другога боку, нядаўна на вучоным савеце абмяркоўвалася тэма нашай аспіранткі, якая збіраецца даследваць Разанава (ганаруся, што ў нас цяпер адразу два аспіранты –“разанавазнаўцы”), дык вось, мая калега-медывіярыстка пракаментавала гэта так: “Сапсуеце вы Разанава такой увагай! Літаратура павінна адляжацца!” “ Ага, кажу, у труне на дошках? Колькі часу трэба?” “Гадоў сто, а пасля стане ясна, хто чаго варты!” Так што асаблівага жадання займацца жывымі класікамі я не назіраю... Затое магу рэкамендаваць цудоўную кнігу Генадзя Кісялёва “Жылі былі класікі” і анталогію даўняй беларускай літаратуры.

Спрабуем наладжваць сувязі – з калегамі з Польшчы, Украіны, Расіі. Нядаўна вярнулася з канферэнцыі “Мова і культура”, якая праходзіла ў Кіеве. Ведаеце, у нас узровень літаратуразнаўства не ніжэйшы.
[ 18/07/2006 11:31 ]
Як Вы ацэньваеце літаратурна-мастацкі ўзровень таго, што публікуецца ў холдынгавах выданьнях -- у "Полымі", ЛіМе і г.д.?
Як я ўжо казала, люблю Галубовіча, і буду чытаць ЛіМ, пакуль ён там друкуецца. Бачу тытанічныя спробы рэдактара зрабіць маладзёвай “Маладосць” . Варта прыгадаць хаця б “Тэолага”. Вельмі цікавыя дзённікі друкавала Полымя. І твор Федарэнкі пра Тутэйшых... Аднак пакуль друкавацца ў холдынгавых выданнях не маю жадання. Па той прычыне, што лічу, што на ўспрыйманне тэксту ўплывае кантэкст, а мае тэксты яўна будуць “выпадаць”.

1Эсэ падпарадкоўваецца двум стыхіям – разняволенасці і музыцы... Каждый пішет как он дышіт... Гэта асабліва актуальна для эсэ. Для мяне эсэ пачынаецца з музычнага радка, які задае рытм усяму тэксту. Імкнуся, каб радок чытаўся на адным дыханні, выраўніваю яго так, як выраўніваюць паэты. Бываю ахвярую падрабязнасцямі на карысць вобраза...

Я мала клапачуся пра кампліментарнасць ці абразу. Мяне цікавіць Аўтар, а не чалавек , які за ім стаіць. Спрабую выявіць літаратурны кантэкст, падаць найбольш яркія мясціны, разабрацца ў пабуджальных матывах, сачу за дынамікай сюжэта...

Заўсёды помню, што прыйшла на зямлю вучыцца, а не вучыць. І таму імкнуся падзяліцца з чытачом тым, што зразумела сама. Гавораць, мае эсэ пра літаратараў занадта суб”ектыўныя. Як заўважыў Ігар Бабкоў, пра што б ты не гаворыла, атрымліваецца пра сябе. Так яно і ёсць: мая крытыка – гэта спроба разабрацца ў сабе. Нічога дзіўнага, што Наталля Якавенка ў апошнім ЛіМе назвала мяне самым прэтэнцыёзным беларускім крытыкам. Я адстойваю сваё права на выяўленне вобраза сучаснай культуры, такой, якой яе бачу я. А гэта вялікая прэтэнзія...

Ці мяняецца сучаснасць і мінуўшчына ад маіх эсэ? Наўрад ці.
[ 18/07/2006 17:53 ]
Вітаю, шаноўная Ганна! Ганначка, як Вам працуецца з літаратурай, якая прадстаўлена пераважна мужчынамі? Ці бывае, што мужчыны-літаратары рэагуюць на жанчыну-крытыка, як мужык на жонку, з якой гадоў дваццаць як пабраўся шлюбам? Зьміцер
Высвятленне адносінаў на старонках друкаваных органаў – норма сённяшняга літаратурнага жыцця. Дзякуй Богу, да рукапрэкладства пакуль не даходзіла. Але нядаўна адзін паважаны пісьменнік і рэдактар тоўстага часопіса сказаў – у прысутнасці вялікай колькасці людзей – “Не была б ты жанчынай...” Маўляў, атрымала б... Дзякуй Богу, не атрымала, але мой пол не абараніў мяне ад яго слоў, што я самы тупы суразмоўца ў яго жыцці... Вясёлая гісторыя! Безумоўна, складана быць крытыкам-жанчынай. Таму што некаторыя творы адэкватна ацаніць можна хіба што з дапамогай мата – а гэтага сабе не магу дазволіць.
[ 18/07/2006 18:22 ]
Як Вы ацэньваеце выбар Нобэлеўскіх ляўрэатаў апошніх гадоў?
Адзін крытык, Крэйг Рэйн, назваў Бродскага “пасрэднасцю сусветнага класа”. Ніколі не пагаджуся з такім вызначэннем майго любімага паэта. Але ў адносінах да вельмі многіх Нобелеўскіх лаўрэатаў яно будзе дакладнае... Мне падабаецца псіхалагізм Ялінэк, але я б не хацела жыць у хваравітым свеце яе герояў... А Пінтар нарадзіў у мяне цэлы комплекс. Калі абвясцілі яго імя, я стала званіць Хадановічам. Марына і Андрэй – выкладчыкі замежнай літаратуры, людзі эрудыраваныя. Хто такі, пытаю, што піша? Кажуць, не чыталі. Я ў краму. Кніжак няма, гандляры не ведаюць... Я закамплексавала. А тут прыязжае Арнольд Макмілін. “Як вам ваш Нобелеўскі лаўрэат, пытаюся? “Глядзеў, кажа два-тры спектаклі. Сацыяльная драматургія. Гэта не Стопард...” Сапраўды, Стопард і ў Беларусі Стопард!
[ 18/07/2006 19:25 ]
Вы сапраўдная бляндынка альбо фарбаваная?
Светапоглядная!
[ 18/07/2006 20:28 ]
Ганна, у Вас няма спакусы замаўчаць? Чым больш разумееш у сьвеце, тым болей траціш матываюцыю да гаварэньня й пісаньня, ці ня так? Якая ў Вас матывацыя? Другое. Ці няцяжка Вам быць бліскучай? Вы заўжды бліскучая, цікава, ці гэта натура ці вывучанае.
Спакуса маўчаньня, напэўна, стаіць перад кожным творцам. Некалі мне здавалася страшэннай недарэчнасьцю, што Галубовіч абвясьціў пра свой сыход з паэзіі. Зараз заўважаю за сабой, што з кожным годам я пішу ўсё менш. Гэта не адпавядае тым сілам, таму патэнцыялу, які ў мяне закладзены. У год зьяўляецца ня больш за тры артыкулы, дый тое ў вузкагаліновых часопісах. Чаму я зусім ня кідаю гэтую справу? Пэўна, з-за маладых літаратараў, зь якімі зараз даводзіцца працаваць. Некалі я атрымала моцную эмацыйную падтрымку ад сваіх выкладчыкаў – Любы Тарасюк, Тані Шамякінай, якая рэкамэндавала мяне ў аспірантуру, пазьней Ірыны Багдановіч. Дзякуючы іх веры ў мой талент я стала тым, кім зьяўляюся зараз. Таму я і ня кідаю крытыку, таму стараюся пісаць пра маладых, чытаю лекцыі ў Беларускім калегіюме. У мяне наогул вялікае пачуцьцё адказнасьці, і дзякуй за гэта маім настаўнікам.

2.Падазраю, што харызма дасталася мне ў спадчыну. Але паверце мне, каб цябе заўважылі, неабавязкова апранацца ў нешта прыгожае, выбітное. У нашай краіне дастаткова загаварыць па-беларуску, каб людзі адчулі выклік з твайго боку. Я ўжо ня раз казала, што ніколі ня чула пагарды адносна мовы, на якой гавару. Мажліва, гэта таму, што я выглядаю дагледжанай, сучаснай жанчынай, якая можа за сябе пастаяць. Тым больш што я публічная асоба. Я ведаю, колькі вачэй глядзіць на мяне, калі я зьяўляюся на прэзэнтацыі кнігі з конкурсу маладых. Я ведаю, што людзі прыйшлі на сьвята, а іх сьвяточны настрой залежыць ад мяне. Таму ноччу я плачу а днём усьміхаюся. Але я ўжо прывыкаю.
[ 18/07/2006 21:56 ]
Паважаная сп. Ганна. Вельмі прыемна заўжды чытаць Вашыя глыбокія і напісаныя добрай мовай аналітычныя артыкулы аб беларускай літаратуры. Як Вы ацэньваеце сённяшні стан беларускай прозы? Ці ёсць сапраўды літаратурны нашчадак Караткевіча -- альбо ён так і застаўся адзінокім воўкам? З павагай Аляксандар Фядута
Дзякую, Аляксандар. Мне здаецца, што спадкаемцамі Караткевіча зьяўляюцца Алесь Наварыч, Сяргей Балахонаў, Максім Клімковіч, Уладзімір Сьцяпан (маю на ўвазе "Тэоляга"). Прыгодніцкую прозу нават піша Людміла Рублеўская, гісторыка-прыгодніцкую – Вольга Іпатава. Такім чынам, жанр разьвіваецца. І гэта вельмі важна, таму што менавіта гэтым жанрам прынята зьвязваць цікавасьць да нацыянальнай літаратуры так званага "масавага чытача".
[ 19/07/2006 08:05 ]
Кажцць, што літаратура бывае двух відаў: пра вайну і пра каханьне. Вы згодны ці прапануеце іншую клясыфікацыю?
Я думаю, што чалавека хвалююць толькі 3 рэчы: нараджэньне каханьне і сьмерць. Уся сапраўдная літаратура круціцца вакол гэтых тэмаў, але ніхто ня ведае, дзе яго напаткае сьмерць – на вайне ці ў каханьні. Затое дата нараджэньня выклікае адчуваньне стабільнасьці. Мажліва, таму тэма нараджэньня прадстаўлена хіба што ў Батая.
[ 19/07/2006 09:41 ]
Szanounaja Hanna, ci nie mahli b vy jak krytyk pieradac pismiennikam prostaje pytannie, bo czytaczou jany paprostu ihnarujuc: kali nareszcie u kniharniach budzie svaja bielaruskaja czytanka, zajmalnaja i nie tupaja? A to jany dzielac usich na svajo zakrytaje kola, dla jakoha piszuc nieszta elitna-postmadernova-mutarnaje, i na "elektarat" z puzyrom "Kryzaczka" jaki i czytac nie umieje. Pra isnavannie narmalnych adukavanych ludziej jany nie zdahadvajucca. A mnie akramia Vivega, Andruchovicza i Houellebecqa svajho choczacca. Dapamazycie.
Баюся, што пісьменьнікі не прыслухоўваюцца ня толькі да чытачоў, але і да крытыкаў і выдаўцоў, таму што мне здаецца, што калі б зьявіўся які беларускі Дэн Браўн, то выдаўцы б яго з рукамі адарвалі. Мне складана растлумачыць, чаму так адбываецца, мяркую, што мажліва, цікавыя жанры з разьвітым сюжэтам і выбудаванай сыстэмай вобразаў вымагаюць ад пісьменьніка шмат часу. Але нямногія пісьменьнікі займаюцца толькі літаратурай. Для большасьці зь іх творчасьць – гэта нешта на ўзбочыне асноўнай прафэсіі. Ведаю, што напрыклад у Латвіі модна ўзяць грошы ў фондзе "Культурны капітал", напісаць кнігу, а пасьля частку вярнуць, займаючыся пару гадоў выключна мастацкай творчасьцю. Так робяць ня толькі пісьменьнікі, але і перакладчыкі. Наш ыж пісьменьнікі нагадваюць яўрэя з показкі, у якога спыталі: "Што б ты рабіў, калі б стаў Госпадам-Богам?" Той адказаў: "Буду Госпадам Богам, і яшчэ буду трошачку шыць". Нашы пісьменьнікі працуюць пісьменьнікамі, але заўсёды яшчэ "трошачку шыюць". Такія несур'ёзныя адносіны адбіваюцца на якасьці той прадукцыі, якую яны прадстаўляюць.
[ 19/07/2006 10:20 ]
Ці зьбіраецеся вы бліжэйшым часам напісаць яшчэ што-небудзь пра пісьменьніка Балахонава. Вы ж нядаўна прызналіся, што ён ваш улюбёны аўтар, дарэчы, мой таксама. Зьміцер Панкавец
Месяц таму я раскавала пра яго хвілінаў 5 на радыё "Культура", сёньня – на Радыё Свабода, пісала пра яго ў інтэрнэце. Спадзяюся, што яшчэ напішу пра яго ў сваёй новай кнізе, калі яна будзе.
[ 19/07/2006 10:38 ]
Шаноўная Ганна! Чаму Вашыя артыкулы не друкуюцца ў Нашай Ніве?
Сама ламаю галаву над гэтай загадкай! Я не раз рабіла спробы трапіць на старонкі Нашай Нівы і АРХЭ. Раней спробы абсякаліся прысудам “Не наш фармат”. Гэтай восенню зрабіла чарговую – мазахізм чысцейшай вады! – спробу і пачула ад Андрэя Дынько каментар просты да абсурднага -- “Таму што ты не Федута!” Што праўда, то праўда. Давядзецца альбо выйсці за Федуту замуж, у мэтах змянення прозвішча, альбо змірыцца. Я амаль змірылася. Але канфлікта ў мяне няма – ні з Валеркам, ні з Андрэем. І мы час ад часу пра літаратуру проста гаворым!

Насамрэч, я вельмі люблю рэдакцыю НН, калі мне патрэбна дапамога, я зьвяртаюся да Андрэя Скурка, Арцёма Лява, да Зьміцера Дзядзенкі, Сяргея Харэўскага, Веранікі Дзядок, Насты Бакшанскай, Ірыны Дарафейчук, Тані Нядбай, і я заўсёды атрымліваю ад іх дапамогу. Гэта месца, куды я заходжу паплакацца, папіць гарбаты, паслухаць цікавых людзей, такіх як Андрэй Лянкевіч - карыстаюся выпадкам, каб расказаць, што зараз праходзіць яго фотавыстава ў кавярні "Лёндан".
[ 19/07/2006 10:43 ]
Kak vy dumaete, mozschet li S. Alieksievich poluchit' nobelevskuju premiju v dekabre?
Прызнаюся, я апошнім часам перастала верыць у значнасьць прэмій, я маю на ўвазе ня толькі Нобэлеўскую, але і любую іншую. Мне цяпер здаецца, што гэта пытаньне ня столькі літаратурнае, але палітычнае, а ацэньваць палітычныя шанцы я не бяруся, хаця я з задавальненьнем чытаю Алексіевіч.
[ 19/07/2006 10:47 ]
Зьвяртаюся да вас як да выбітнага знаўцы беларускае мовы. Як вы самі лічыце, ці варта вывучаць у школах беларускую лацінку дзеля лепшага разуменьня вучнямі асноўных асаблівасьцяў мовы? Ці мо лацьвей спыніцца ўрэшце на тарашкевіцы? (Усё-ткі час аднаўляць мову калі-колечы надыдзе й праблему прывядзецца вырашаць у любым выпадку.)
Добра ўяўляючы сабе ўзровень школьнікаў, мне здаецца, што ад вывучэньня лацінкі мы сёньня далёкія як ніколі. Гэта выкліча адмоўную рэакцыю бацькоў. Нам трэба ўзвышаць якасьць выкладаньня, настаўнікаў, і гэта будзе спрыяць разьвіцьцю мовы больш, чым увядзеньне правапісу.
[ 19/07/2006 10:48 ]
Що чекае білоруську мову?
Мне здаецца, што тое самае, што і ўкраінскую. Думаю, што ў бліжэйшы час яна ня зьнікне. Я магу параўнаць 80-я, 90-я і 2000-я гады. Няхай патрохі, але колькасьць людзей, якія не баяцца гаварыць на роднай мове на вуліцы, павялічваецца. Хаця, канечне, гэта не параўнаць з сытуацыяй на вуліцах Кіева. Нядаўна была там на канфэрэнцыі. Вельмі ўразіла, што кіеўлянам было ўсё роўна, на якой мове я гавару (я гаварыла па-беларуску). Мяне ўразіла ўкраінская талерантнасьць.
[ 19/07/2006 10:55 ]
Какие доказательства вы можете привести, чтобы доказать неповторнось белорусского языка и его оособленность от русского и (конечно же) польского языков. Посмотрите сами: дзеканье и цеканье присущи польскому языку (а раньше в белорусских текстах оно вообще не отображалось - это же что-то значит!), абсолютное большинство слов, которое по происхождению отличается в бел. языке от русского, имеет общие корни с польскими вариантами. Доходит даже до полного копирования польского языка. Например, слова "маёнтак" или "вэндзіць" или "парэнчы". Белорусский язык - это что? Сам родом из России, начал учить язык и натолкнулся на непонятные обстоятельства. Может вы мне сможете объяснить данную проблему?.. Большое вам спасибо.
Я шмат вандрую. Дастаткова перасекчы межы нашай краіны, каб гэтую розьніцу адчуць на побытавым узроўні. Калі Вас зразумеюць у Маскве, то нават тады гэта ня будзе стопрацэнтовае разуменьне. Тое ж і ў Польшчы. Я была на канфэрэнцыях у Кракаве, Познані, Любліне, і была шакаваная тым, што палякі не разумеюць беларускую. Тым больш што тое, што гаварылі яны, я разумела. Я проста чытала літаратуру на польскай мове. Адна мілая пані ў Любліне, выкладчыца рускай літаратуры, наўпрост спытала мяне на канфэрэнцыі: а на якой мове вы гаворыце?
[ 19/07/2006 10:57 ]
Беларуская мова знаходзіцца ў заняпадзе. Як вы думаеце, колькі гадоў спатрэбіцца каб ператварыць яе з мовы сакральнаў у мову штодзённага маўленьня? Ці хопіць 10, 15 гадоў на такою справу?
Яшчэ нядаўна я была пэсымісткай, зараз з кожным днём мае мары пра тое, што родная мова стане мовай вуліцы, робяцца ўсё больш блізкімі да зьдзяйсьненьня. Мы ўжо сталі ганарыцца сваімі МАЗамі, Салеямі, чаму б нам не ганарыцца роднай мовай?
[ 19/07/2006 11:07 ]
Як Вы з чыста прафэсфйнага гледзішча, як прызнаны літаратурны крытык, ацэньваеце літаратурныя практыкаваньні ў Нашай Ніве Аляксандра Фядуты? Дзякуй.
Ведаеце, я спашлюся на меркаваньне Андрэя Дынько, які сказаў: "Аляксандра Фядуту патрабуюць масы". Я думаю, рэдактар газэты ведае, аб чым гаворыць. А яшчэ ён мне сказаў: "Фядуту ў "Нашай Ніве" чытае нават прэзыдэнт".
[ 19/07/2006 11:46 ]
Як вядома, Васіль Быкаў неадназначна ставіўся да постмадэрнізму, які цяпер апанаваў значную частку маладых творцаў. Ды і лепшыя - Янка Брыль, Віктар Казько, Уладзімір Арлоў, пішуць у стылі, калі можна так сказаць, рэалізму. Дык ці не падаецца Вам, што постмадэрнізм -- гэта тупіковы шлях ці, гаворачы мовай цяперашняй моладзі, сьцёб і адстой?
Я ня ведаю выказваньні Быкава. Калі ласка, калі аўтар мае мажлівасьць, я з задавальненьнем атрымаю ад яго спасылку на сайце litara.net і пачытаю.

Няма напрамкаў у культуры добрых ці кепскіх. Пагадзіцеся, і ў тым рэчышчы, якое вы вызначалі як рэалізм, шмат графаманаў, якія і блізка не дасягаюць узроўня Быкава. Так і з постмадэрнізмам. Напрыклад, я вельмі люблю прозу Пелевіна, які здольны падымаць вострыя сацыяльныя праблемы. Мне вельмі спадабаўся яго апошні раман "Шлем жаху". Хоць мне спатрэбілася шмат часу для таго, каб зразумець, пра што ён. Ён пра тыя тэхналёгіі, якія скарыстоўваюцца пры выбарах. Прачытаўшы яго, я зразумела шмат рэчаў, якія павінен ведаць кожны выбаршчык, хоць, на першы погляд, гэта рэч напісаная пра кампутарныя гульні. Ня бойцеся траціць час на тое, каб зразумець мэту, зь якой аўтар пісаў твор. Ня бойцеся тлумачэньняў крытыкаў, гаварыце пра літаратуру зь сябрамі, і мажліва тады постмадэрновыя творы перастануць здавацца вам суцэльным "адстоем".
[ 19/07/2006 12:01 ]
Ганна, Вы - прыгожая жанчына. А цi ёсьць у Вас муж, дазвольце пацiкавiцца? Сяргей, Вiлейка
Ёсьць.
[ 19/07/2006 12:08 ]
Ганна, як Вы ставіцеся да візуальнай паэзіі, у тым ліку да сэрыі "Яйкаквадраты" Алеся Разанава і Віктара Маркаўца? Ю.Б.
У свой час мяне гэта ўразіла. Калі б у мяне была зараз такая мажлівасьць, ня думаю, што я б пайшла на гэтую выставу зноў. Мае эстэтычныя патрабаваньні растуць.
[ 19/07/2006 12:24 ]
Ганна, а цi можна пра Вас што-небудзь пачытаць у iнтэрнэце, кшталту сайт можа якi цi блог i г.д.? Другое пытанне: цi не знаёмыя Вы выпадкова са спадарыняй Бурдзялёвай з МДЛУ (яна выкладала ў мяне там беларускую лiтаратуру)?. Дзякуй. Сяргей, Вiлейка
Інфармацыя пра мяне ёсьць на сайце litara.net. Там даўно існуе мая рубрыка, якая называецца "blonde attack".

Я ведаю сп-ню Бурдзялёву, нядаўна яна напісала добрую дысэртацыю.
[ 19/07/2006 12:49 ]
У Беларусі ёсць цэлы шэраг не вельмі, напэўна, вядомых шырокаму чытачу, але вельмі цікавых рускамоўных паэтаў. Я маю на ўвазе паэтаў, так бы мовіць, "круга Дзмітрыя Строцава" - Дыну Сеннікаву, Алену Кошкіну, Віталя Сурыкава, Ігара Палевікова і гэтак далей. Як Вы ставіцеся да гэтых паэтаў? І ўвогуле, ці бачыце вы праблему ў суіснаванні беларускамоўнай і рускамоўнай беларускай літаратуры? Асабліва калі улічваць, што рускамоўныя беларускія пісьменнікі і паэты зрабілі і робяць вельмі шмат для прапаганды беларускай культуры за межамі Беларусі, што, на маю думку, надзвычай важна. (Тут можна ўзгадаць Сваятлану Алексіевіч, таго ж Строцава, рэдактара часопіса "Монолог" Аляксея Андрэева і г.д.) Дзякуй. З павагай, п
Мне падаецца вельмі цікавым часопіс "Монолог", але мне здаецца, што калі б аўтары, якія, да прыкладу, друкаваліся ў апошнім нумары, зьявіліся на старонках беларускамоўнага часопіса, іх творы набылі б большы рэзананс. Мне здаецца, што рускамоўная літаратура на Беларусі – гэта свайго роду гета, а разьвіцьцё ў гета можа быць вельмі адноснае. Таму кожны раз, калі я сустракаю цікава рускамоўнага аўтара, я прыкладаю ўсе мажлівыя намаганьні, каб схіліць яго пісаць на роднай мове. Вывучыць мову ніколі ня позна. І мне здаецца, ёсьць вельмі ўдалы прыклад – Дзьмітры Дзьмітрыеў, чые кнігі былі выдадзены ў Расеі, у Маскве і Кінішме, які вельмі натуральна ўліўся ў беларускамоўную літаратуру ў свае 26 гадоў. Вельмі хацелася б, каб беларускамоўным стаў Павал Анціпаў. Яго сучасныя, іранічныя, зьвернутыя да маладзёвай аўдыторыі мініятуры лічу проста бліскучымі. Аднак якраз бліскучае валоданьне рускай мовай робіць гэты твор неперакладальным. Таму кожны раз, калі я бачу цікавы рускамоўны твор маладога аўтара, я заўсёды шукаю добрага перакладчыка. Я ведаю многа рускамоўных аўтараў, якія сёньня заяўляюць пра сваю папулярнасьць, якая быццам бы большая за папулярнасьць беларускамоўных аўтараў – Яўгенія Пастэрнак, Батракова, Лісіцкая, Галдзенкоў, Жвалеўскі... Нядаўна "Камсамолка" аб'явіла гэтых аўтараў, якія пішуць па-руску ў Беларусі, самымі папулярнымі. Слаба верыцца, што чытачы ўвогуле ведаюць гэтыя імёны.
[ 19/07/2006 13:01 ]
Пра літаратуру. Ці можна акрэсьліць героя нашага часу, якім ён паўстае ў сучасных творах і наколькі ён рэалістычны, наколькі адпавядае таму, што ёсьць у сапраўдным жыцьці? А гераіня? Розьніца ёсьць?
Я нядаўна ўжо разважала на гэтую тэму. Мне здаецца, што як толькі ў нашай літаратуры зьявіцца адэкватны, сучасны герой, адразу ж зьявіцца чытач, які будзе хапаць гэтыя кніжкі як гарачыя піражкі. Літаратары заангажаваны вобраз сучаснасьці, а ня вобразам сучасьніка. Таму ёсьць прычыны: апошнія дзесяцігодзьдзе нашая рэальнасьць істотна зьмянілася. Чалавек, на мой погляд, зьмяняецца ня так хутка, таму пісьменьнікі імкнуцца зафіксаваць гэтыя зьмены ў рэальнасьці, пакідаючы чалавека ня ў фокусе. Уольбэк, Бэгбэдэр ствараюць такія вобразы: сьвет як супэрмаркет, напрыклад. Мажліва, па гэтых супэрмаркетах хутка пачнуць хадзіць рэальныя людзі.
[ 19/07/2006 13:01 ]
Які б твор, якога творцу, якому найбольш трапна ўдалося адлюстраваць сёньняшнія працэсы ў беларускім грамадзтве, вы выдзелілі б у сучаснай літаратуры?
Як толькі я пабачу такую кніжку, у той жа вечар сяду пісаць рэцэнзію, каб падзяліцца з вамі сваёй знаходкай.
[ 19/07/2006 13:01 ]
Ці бачыце вы нейкія новыя сюжэты ў сучаснай беларускай літаратуры – кардынальна новыя?
Мне зараз цяжка назваць нейкі кардынальна новы сюжэт, але ў Балахонава аповесьці – там прысутнічае нетыповая для беларускай літаратуры зьява, як нон-фінал. Сюжэт апавядаецца ад імя 3 гераіняў, сюжэт супадае, але гэтыя падзеі расказаныя з розных пунктаў погляду. Мне здаецца, што сёньняшняй сучаснай літаратуры клінічна не хапае сучаснасьці.
[ 19/07/2006 13:02 ]
Ці хапіла б у вас духу быць непрыгожай?
Хапіла, я такой ужо была.
[ 19/07/2006 13:02 ]
Ці варта творцам, літаратарам браць удзел у палітыцы, выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю іншымі сродкамі, апроч літаратуры.
Кожны павінен рабіць свой выбар сам, аднак я ўжо ня раз казала, што як правіла людзям таленавітым прыналежыць і грамадзкая сьмеласьць, абвостранае пачуцьцё справядлівасьці. Падазраю, што талент і сьмеласьць ляжаць недзе ў адным паўшар'і галаўнога мозгу, таму лічу абсалютна натуральным, калі літаратар пачынае займацца палітыкай. Але калі ён можа не займацца гэтым – няхай не займаецца.
[ 19/07/2006 13:02 ]
Цытата з вас: Бляндынка – гэта ня колер валасоў, а сьветапогляд, лад жыцьця. Калі каротка – у чым ён выражаецца?
Я мару напісаць эсэ пра бляндынак, тым больш што ў мяне ўжо ня раз прасілі гэта зрабіць. Я спадзяюся, што я зраблю гэта ў бліжэйшы час, і што гэты адказ прынамсі будзе мастацкім.
[ 19/07/2006 13:13 ]
добры лзень, спадарыня ганна. Як вы ацэньваеце стан сучаснага беларускага літаратуразнаўства? якія яго кірункі вам бачацца найбольш перспектыўнымі.
Ясна, што я як тэарэтык схільная да абстрактнага мысьленьня, я люблю зьвязваць дасьледаваньні літаратуры з дасьледаваньнямі культуры, і мне здаецца, што гэты культуралягічны шлях, гэты аспэкт вывучэньня літаратуры – плённы. Аднак я шмат чытаю працаў маладых дасьледчыкаў і бачу пэўнае злоўжываньне імёнамі культуролягаў, такімі як Руднеў. Мне б хацелася, пэўна, каб людзі менш цытавалі клясыкаў замежнага літаратуразнаўства, а імкнуліся да вельмі падрабязнага, я б нават сказала пагукавага аналізу канкрэтных твораў – тут я прыгадваю артыкул Дугіна ў кнізе "Знакі – код культуры". Мне здаецца, Што ў нашым літаратуразнаўстве вельмі мала канкрэтыкі. Дасьледаваньні могуць быць самымі рознымі – псыхалягічным, біяграфічным, гукафанэматычным, гендэрны, аднак мне здаецца, што рашаючую ролю тут мае асоба дасьледчыка, яго адказнасьць, яго веды. Дарэчы, я ня так даўно прачытала вельмі ўдалае на мой погляд вызначэньне добрага густу: "Добры густ – гэта веды, скандэнсаваныя да густаты сыропу". Сапраўды, у сучасным літаратуразнаўстве мне не хапае густу да літаратуры.
[ 19/07/2006 13:18 ]
Спадарыня Ганна, ці ня думалі вы перайсьці на больш жорсткую і скандальную літаратурную крытыку, а не такую міралюбівую, як цяпер? Якія плюсы і мінусы вы бачыце і ў той, і ў той формах крытыкі? Жэня Манцэвіч
Як толькі я знайду цікавы скандальны часопіс, адразу ж пайду туды працаваць. Скажам, беларускі "Плэйбой".
[ 19/07/2006 13:26 ]
Ганна, хто, калі не Вы, мог бы напісаць кнігу пра Анатоля Сыса? Разумею, Ваш паэт Броцкі, але наш паэт - Сыс... Дык хто?
Ведаеце, я думаю, што пачынаць трэба з кнігі ўспамінаў. Спадзяюся, яна неўзабаве выйдзе.
[ 19/07/2006 13:27 ]
Дзень добры! як вы асэньваеце шанец у маладых беларускіх пісьменнікаў мець насамрэч дужыя камерцыйныя тыражы? Інакш кажучы, які адсотак патэнцыяльных пакупнікоў набывае кніжкі маладых аўтараў на беларускай мове?
Мне здаецца, што калі ўсур'ёз падыходзіць да гэтай справы, прынамсі, займацца маркетынгам кніжнага рынку, то гэтая праблема магла б быць вырашана ў бліжэйшы час.
[ 19/07/2006 13:40 ]
прывітаньне, Ганна, тут Юля Сальнікава, Гомель Ці лічыце Вы сёньняшні ўзровень беларускага літаратуразнаўства адэкватным сучаснай літаратурнай сытуацыі? І ў якой школы ў сусветным літаратуразнаўстве (можа быць, назавіце канкрэтовых дасьледчыкаў) нам, на Ваш погляд, трэба вучыцца? Дзякуй! З павагай, Юля Сальнікава, к.ф.н., Гомель
Ёсьць вельмі многа цікавых кніг. З таго, што лёгка чытаецца і можна параіць студэнтам – гэта кнігу Джанатана Каллера "Тэорыя літаратуры. Кароткія ўводзіны", выдадзеная ў Маскве ў гэтым годзе. Яна напісана вельмі лёгка, займальна, і можа стаць добрым дапаможнікам для лекцыі. Што да літаратуразнаўства – у ім, як і ў літаратуры, яўна не хапае сучаснасьці. Дарэчы, у той кнізе, якую я вам рэкамэндавала, разглядаюцца самыя розныя найбольш актуальныя літаратуразнаўчыя школы – структуралізм, дэканструктывізм, фэмінізм, псыхааналіз, марксізм, новы гістарызм і г.д.
[ 19/07/2006 13:44 ]
Паважаная Ганна! Ня трэба выходзіць за мяне -- я жанаты і кахаю сваю жонку! Працягвайце пісаць і друкавацца там, дзе друкуюць, -- бо і я друкуюся толькі там, дзе рэдактар мяне друкуе. А Вас я заўжды чытаю с цікавасцю. Вы -- амаль што найлепшы з сённяшніх літаратурных крытыкаў! Аляксандр Фядута.
Дзякуй, Аляксандар.
[ 19/07/2006 14:00 ]
Spn. Hanna, dazvolcie jasc^e pytannie (i darujcie za takuju lacinku). Zvyc^ajna dziesiatki lieps^ykh knihau u nas – histaryc^nykh, mastackikh, albomy.. A jakaja Vas^aja 10ka ci 5ka lieps^ykh knihau litaraturaznauc^ykh – kliasyki i novykh? Dziakuj. L.
"Жылі-былі клясыкі" Г.Кісялёва, "Авангард і традыцыя" І.Багдановіч, "Адлюстраваньне першатвора" П.Васючэнкі, "Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагодзьдзя", "Анталёгія даўняй беларускай літаратуры". У 10-ку ўвайшлі б кнігі Віктара Антонавіча Каваленкі, Алеся Міхайлавіча Адамовіча, Міхаіла Ёсіфавіча Мушынскага.
[ 19/07/2006 14:56 ]
"Літаратура -- гэта тэксты, а не брудная бялізна пісьменніка", -- сказаў Фаулз. Каго вы лічыце сапраўдным крытыкам, а каго не. І, ўвогуле, вам не здаецца, што крытыка -- гэта ўсяго толькі ваш асабісты погляд на твор. Вы лічыце так, а нехта зусім інакш... З павагаю Алесь.
Канечне, я думаю, што гэта мой прыватны погляд. Аднак чалавек, калі ён цікавы, расказваючы пра гэты твор, можа вам раскрыць ня толькі вартасьці тэксту, але мажліва пасуне вас на шляху да вывучэньня самога сябе. Мне здаецца, я б не займалася крытыкай, калі б мне не была цікавая ўласная пэрсона. Я разумею, што ўсур'ёз не магу паўплываць на продаж кніг, якія рэклямую, але ўступіць у дыялёг з чытачом і парэкамэндаваць яму добрага суразмоўцу-пісьменьніка мне здаецца вартай справай. Бо той, хто чытае крытыку, а гэтыя іншыя людзі, чым тыя, што чытаюць бэлетрыстыку, здатны выносіць урокі зь літаратуры, у якім бы жанры яна ні была напісаная. Я займаюся крытыкай, бо крытык мае самага чулага і самага адукаванага чытача.
[ 19/07/2006 15:17 ]
Мы заканчваем нашу онлайн-канфэрэнцыю. Вэб-рэдактар.
Жадаю чытачам сайту не баяцца, не зайздросьціць, чытаць беларускую літаратуру.
 галоўная
 угару