[ svaboda logo ] [ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
форум  


27 Чэрвеня 2007
Уладзімер Падгол
27 чэрвеня а 13-ай гадзіне паводле менскага часу – онлайн-канфэрэнцыя з філёзафам, палітолягам Уладзімерам Падголам.

Уладзімер Падгол пра сябе:

“Нарадзіўся 22.12.1952 у цэнтры Віцебска. Радзільня была каля дамка, дзе жылі Шагалы. Бацька па лёдзе перанёс мяне на другі бок Дзьвіны на вуліцу Талстога – такое атрымалася хрышчэньне. Тут я праз некалькі месяцаў засунуў два пальцы ў разэтку, мяне добра дзеўбануў электрычны ток і скінуў на падлогу. Выжыў і стаў філёзафам. У дзяцінстве скакаў з трампліна на лыжах. Прызямляючыся з паветра дзёўбнуўся галавой аб лёд. Выжыў і пачаў пісаць артыкулы, кнігі-фэнтэзі. Мару дзёўбнуцца трэцці раз, каб пазбавіцца ад трындзеньня па радыё і пісаньня... Беларус. Жанаты. Меў трох жонак і маю трох дзетак. Унуку столькі ж колькі малому сыну.

Дацэнт філязофіі, кандыдат навук. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру і БАЖу. Кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра “Інфармацыйныя і сацыяльныя інавацыі”

Навуковых і публіцыстычных артыкулаў -- за тысячу.

Кнігі:

«Падручнік па апазыцыйнай барацьбе» Мінск 1997, Самвыдат; Першая вэрсія кнігі “Куля для прэзыдэнта” выйшла ў 1997 пад назовам “Ладзьдзя роспачы, ці як любіць прэзыдэнта”.

“Асновы палітычнай псыхалёгіі” пад рэдакцыяй прафэсара Ю.Хадыкі, 1999.

«Кулі Прэзыдента» (Цытаты Лукашенкі) Минск 2006

«Дуэль Лукашенко – Лебедько» 2006.

Шэраг кніг «Народный телевизор» (Цитаты Лукашенко из коллекции Подгола) 2006-2007

Пачатковае пытаньне: “З чым зьвязаныя прапагандысцкія удары лукашэнкаўскай прапаганды па шэрагах апазыцыі (бэсьцілі камуністаў і “каліноўцаў”), хаця на першы погляд пануе палітычнае зацішша?”

Адказ: “Адмяняючы ільготы, Лукашэнка публічна па інэрцыі ўзяў адказнасьць на сябе. Вось ягоныя шчырасьці, якія патэнцыйна могуць зрабіць Лукашэнку ворагам вэтэранаў і моладзі:

«Почему льготы отменили? Скажу честно. Как только начали изучать вот эти льготы в нашей стране, сверху начали. Я не знаю… в глубину залезли на 5 км до сталинских времен, до Сталина. Льготы у нас еще действуют им подписанные. Мучались, мучались, отыскивая их, а потом решили все эти льготы убрать». (БТ 24.05.2007)

«Ну зачем, к примеру, студенту, живущему в городе, бесплатный проезд? Но если человек из глубинки, ему надо съездить домой, мешок картошки привезти, к родителям на выходной – помочь…Так ведь это на выходные. Остальные дни -- учеба. Я поручил… чтоб выработали прозрачную систему, помогающую студентам действительно в необходимом. Ну а в городе надо пешком ходить, а хочешь ездить – плати. Такова сегодняшняя реальность, мы же в рыночной экономике живем». (Газэта «Рэспубліка» 29.05.2007)

Дык вось, 3 ліпеня Лукашэнка спадзяваўся манапольна адсьвяткаваць Дзень незалежнасьці. А тут Івашкевіч і кажа: “І мы адсьвяткуем ды са сваёй сымболікай. Пойдзем у народ. Патлумачым людзям сутнасьць цякучага моманту...”

Вось і думае Лукашэнка: “Студэнты з Польшчы на вакацыі прыпёрліся, каб на плошчу пайсьці начаваць... камуністы языкі востраць... Я выступаю, а народ не на мяне глядзіць, а на АМАП, які ў пысы камуністам ды студэнтам лупіць... Сусьветны скандал і ганьба...” Ну вось і лупцанулі па ворагах з тэлеэкрана. А бліжэй да 3-га могуць найбольш актыўных затрымаць, а па тэлескрыні сказаць, што выратавалі народ ад сьмертнікаў камуністаў і “каліноўцаў”, каб у натоўпе сябе не панішчылі выбухам... Нездарма ж яны кніжкі пра наркотыкі чыталі, вось і нанюхаліся віртуальна... Маладыя ж... колькі ім трэба? А траціл, дынаміт іх па праграме Каліноўскага іх навучылі з дохлых пацукоў рабіць! Менавіта з пацукоў, бо крыса, як сапраўдная руская, гэтым нацыяналістам ня здасца...”

Высновы:

Упершыню за ўвесь час уладараньня Лукашэнка:

1. Страціў рэсурс ірацыянальнага пераконваньня грамадзянаў і пачаў размаўляць рацыянальную моваю. Такім чынам, ён вызваліў нішу для лідэра, які створыць сабе ірацыянальныя вобразы і пераможа былога ідала;

2. Сам сябе паставіў у статус “ворага народа” (ільготы) унутры краіны;

3. Зрабіў сябе ворагам перад рускімі генэраламі. З-за Лукашэнкі Пуцін звольніў трох генэралаў. Калі раней яны лабіявалі Лукашэнку, дык зараз адносіны мяняюцца на супрацьлеглыя.

Лукашэнка перажыў жах эканамічнага дэфолту і зь яго трапіў у жах псыхалягічанага дэфолту. Атрымалася адмысловая эстафэта дэфолтаў. ..."
19.12.2006
Ваша Свабода
10.01.2007
Аляксандар Рар

17.01.2007
Станіслаў Багданкевіч

24.01.2007
Алег Трусаў

31.01.2007
Станіслаў Гусак
07.02.2007
Алесь Бяляцкі

14.02.2007
Аляксандар Мілінкевіч

20.02.2007
Анатоль Лябедзька
28.02.2007
Аляксандар Вайтовіч
07.03.2007
Навошта ўлады ўшаноўваюць Суворава?

14.03.2007
Юры Хашчавацкі

21.03.2007
Віктар Івашкевіч

28.03.2007
Івонка Сурвіла
04.04.2007
Малады фронт

11.04.2007
Аляксей Марачкін
18.04.2007
Валерыя Навадворская
25.04.2007
Іван Нікітчанка

02.05.2007
Жанна Літвіна

09.05.2007
Сяргей Драздоўскі

16.05.2007
Сакрат Яновіч

23.05.2007
Аляксей Янушэўскі

30.05.2007
Малады фронт

07.06.2007
Віктар Шэндэровіч
13.06.2007
Барыс Нямцоў
20.06.2007
Аляксандар Ярашук
04.07.2007
Карэн Ст’юарт
11.07.2007
Анатоль Шумчанка
18.07.2007
Алег Алкаеў

25.07.2007
Паэт Уладзімер Някляеў

29.07.2007
Андрэй Хадановіч.

08.08.2007
Валянцін Мацкевіч
15.08.2007
Валянцін Голубеў
08.01.2007
Сьвятлана Алексіевіч
29.08.2007
Леанід Путырскі
05.09.2007
Павал Севярынец
12.09.2007
Станіслаў Шушкевіч
19.09.2007
Віталь Сіліцкі
25.09.2007
Ўладзімер Арлоў
10.10.2007
Аляксандар Мілінкевіч
17.10.2007
Віктар Івашкевіч
24.10.2007
Юры Беленькі
31.10.2007
Леанід Маракоў
07.11.2007
Руся (Марына Шукюрава)
11.01.2007
Давід Какабадзэ: падзеі ў Грузіі
21.11.2007
Алесь Ліпай
27.11.2007
Райнэр Лінднэр
12.05.2007
Барыс Нямцоў
2003  2004  2005  2006
[ 25/06/2007 20:03 ]
Чым вы патлумачыце тое, што шмат хто з прыхільнікаў Мілінкевіча ненавідзяць ды абражаюць Пазьняка, палякаў ды беларускую эміграцыю? Адкуль гэтая нянавісьць? Названы камплект нянавісьці, гэта камплект расейскага шавініста.
.
[ 25/06/2007 20:07 ]
Зьдзівіла апошняя заява з боку Аб'яднанай грамадзянскай партыі пра тое, што Мілінкевіч ёсьць схаваным Пазьняком. Мы ж усе ведаем, што Мілінкевіч ды Лябедзька ёсьць калегамі, ды што Мілінкевіч нічога падобнага да Пазьняка не мае. Дык мо сябра Лябедзька проста спрабуе стварыць зь Мілінкевіча такі муляж нацыяналіста, каб Мілінкевіч мог улезьці ў моладзевы нацыяналістычны рух, які вельмі паважае Зянона Пазьняка?
Адказваю адразу на два пытаньні. У прыватнай размове, (напрыклад зьбярыцеся на ўправе БНФ і запрасіце мяне) я вам раскладу па палічках усе прычыны. Але нас чытаюць і нядобразычліўцы... І тут абмяжуюся такім адказам: Калі б усю нянавісьць і энэргетыку, якую выпраменьваюць у бок лідэраў апазыцыі асобы, што лічаць сябе ў апазыцыі, аб’яднаць і скіраваць на дыктатара і яго хаўрусьнікаў, то дыктатар бы згарэў, і мы б ужо жылі ў дэмакратычнай дзяржаве. Я б прасіў чытачоў больш не пісаць пра абразы лідэраў, што змагаюцца з дыктатурай. Кожны зь іх годны павагі і мае сваіх прыхільнікаў. Вось хай і пашыраюць кола.
[ 25/06/2007 20:08 ]
Як вы ставіцеся да беларускага нацыянальнага лідара Зянона Пазьняка?
Зараз ніяк. Ня маю ніякіх кантактаў. Калі ў 1994-м працавалі разам, то меў самыя добрыя ўражаньні. Скажу больш. Чалавек ён таленавіты шмат у якіх галінах. Творца, псыхоляг... Ён увайшоў у гісторыю, а шкада. Бо ягоны творчы патэнцыял ня быў рэалізаваны для Беларусі. Можа яшчэ і выйдзе з папяровай гісторыі ў рэальную па мадэлі Адамкуса. Але для гэтага трэба там рабіць кар’еру...
[ 25/06/2007 20:13 ]
Які кантэнт (назавіце нацыянальных аўтарытэтыў, пісьменнікаў, паэтаў, гісторыкаў) вы лічыце правільным ды патрэбным для стварэньня беларускай нацыянальнай ідэнтыфікацыі? Ці павінна ў нацыянальнай ідэнтыфікацыі быць разуменьне імпэрскай сутнасьці Масквы ды шматгадовай расейскай акупацыі на Беларусі?
Ёсьць кніжка “Асьветнікі зямлі беларускай” – цэлы том, там з Х па пачатак ХХ стагодзьдзя. Трэба дадаць усім вядомыя прозьвішчы... А я б абавязкова ўключыў туды аповеды пра жыцьцё і творчасьць Васіля Сёмухі, Барыса Хамайды, Валерыя Шчукіна, Шацікавай... гэта людзі ўчынкаў. Трэба цэлы курс чытаць у школах, ВНУ і іншых аб выбітных асобах. Вуліцы іх прозьвішчамі назваць. А то “Садовыя”, ды “Індустрыяльныя”... Дарэчы, распавёў бы пра Мірона і абавязкова яму помнік у Віцебску паставіў, і ў Менску на галоўным праспэкце плошчу кшталту Калініна назваў бы плошчай Мірона і таксама помнік… (У маім рамане праспект «Незалежнасьці ад прывідаў»)

Па Расеі – безумоўна. Абавязкова ўключыў бы сюды артыкул Пазьняка аб рускім імпэрыялізме і наступствы яго публікацыі. А эпіграфам узяў бы цытату Лукашэнкі:

“А сегодня у россиян, прежде всего у руководства России, появляется впечатление, что мы, знаете ли, сегодня слезли в Беларуси с деревьев, там згрызли всю кору на вершине этих деревьев, листья поели, сегодня питаемся неизвестно чем, и мы рвёмся, лишь бы только объединиться с Россией”. (БТ. “Резонанс”, 4.07. 1999).
[ 25/06/2007 20:27 ]
Датычна вашых высноваў. 1. Увесь гэты час Лукашэнка размаўляў зь людзьмі Беларусі і рацыянальнай і іррацыянальнай мовай. Легальная легітымацыя не перашкаджае харызматычнай. Харызму немагчыма стварыць. Гэта выглядае проста жахлівым канструктывізмам, які немагчымы ў рэальнасьці. Простай мовай - Мілінкевіч ці хто іньшы з Адзіных лідараў не зможа стварыць сабе ні харызмы ні ірацыянальных вобразаў - шлях стварэньня надта мудрагелісты. 2. Але ж нешта ніякага асаблівага пратэсту не бачна... ужо колькі разоў ён ставіў сябе ворагам народа... а народ трывае... чарнобыльцы... прадпрыймальнікі... льготнікі... час успомніць Быкава пра тое, што наш народ заліваўся крывёю ды маўчаў... 3. Сапраўды... галоўнае, што зараз непакоіць беларускую апазіцыю, дык гэта любоў да Расеі, ды пазіцыі расейскіх генералаў у Беларусі... яны хоць грамадзянамі Беларусі былі? Ці згодна беларускаму парадоксу грамадзянамі Расеі? А што вы так плачыце па гэтых генералах? Выснова... Колькі гадоў вы шчэ будзеце прарочыць капец Лукашэнку, а на ўсіх выбарах ды рэферэндумах дапамагаць яму ўсёй аб'яднанай апазіцыяй?
Адказы будуць доўгімі, бо тут процьма пытаньняў ды спрэчных мяркаваньняў. Кожны сказ патрабуе адказу ці аспрэчваньня. Бо нават несапраўдная ацэнка запытальніка потым вядзе да такой жа высновы.

1. "Увесь гэты час Лукашэнка размаўляў зь людзьмі Беларусі і рацыянальнай, і іррацыянальнай мовай".

Амаль так, калі не працягваць вашу думку ... а людзі рацыянальнае чулі і ў другое вуха выпускалі, як робяць гэта з БТ, Беларускай ТРындзёлкай, што тэлевізарам і радыё называецца. Таксама робяць з усёй апазыцыйнай літаратурай ды агітатарамі, якія хадзілі і будуць хадзіць па кватэрах. А вось ірацыянальнае калі яны чулі, то ў мазгах адразу кіно бачылі. Бо ірацыянальная мова складваецца з ідэялягемаў, ці, як іх называў Гербэрт Маркузэ, гіпнатычных формул. Яны ўнутры сказу маюць моцны вобраз. Прыклад, які прыводзіць Маркузе: “Тэйлар – бацька вадароднай бомбы”. Тут схаваныя два вобраза: названы – стваральнік бомбы-бацька, і неназваны – бомба-дзіця”.

Лукашэнка раней часта размаўляў ідэялягемнай моваю. Такім жа чынам размаўляла-ваявала камуністычная прапаганда часоў утварэньня БНФ. А ўзьнікла тая мова ў часы паганства, калі сапраўднымі ўладарамі масаў былі шаманы.

Пазьняк добра валодаў гэткай мовай, Сяргей Антончык. Ды мова гэта ня толькі словы, але і дзеяньні, што і шаманы рабілі...

Цягам псыхалягічнай вайны ў мазгах далёкага ад палітыкі чалавека атрымался, што апазыцыя – гэта ёсьць БНФ. Апазыцыя – ёсьць вораг. А Лукашэнка бацька. Але прыпісаўшы сабе адмену ільготаў, Лукашэнка даў апазыцыі ўнікальны шанец. Ён паставіў сябе на месца апазыцыі народу, якому столькі кляўся ў любові, ды зрабіў гэта моваю рацыянальнаю.Апазыцыі застаецца гэты шанец выкарыстаць:

Отмена льгот -- «это не прихоть Лукашенко – это объективная реальность. Если мы сегодня будем смотреть – популярно это, непопулярно – и по-популистски действовать, поверьте, через 5 лет страну не узнаете, она будет уничтожена, она будет развалена, потому что это разваливает экономику». (ОНТ 27-28.05.2007)

Нагадаю, што ў час першых выбараў у Вярхоўны Савет-12, калі кампрапаганда стварыла БНФу вобраз фашыстоўскага ворага, у Віцебску пайшоў у дэпутаты Сяргей Навумчык. Яго акруга – спрэс камуністы і адстаўнікі. А ён да выбараў правёў у Віцебску грамадзкі рэферэндум за забарону будаўніцтва АЭС у гарадоцкім раёне. Улёткі на далоні мясьціліся. Ад рукі іх людзі пісалі і перапісвалі. Дык за свайго “ворага” за 80 адсоткаў выбарцаў прагаласавала! Бо для іх ён перш наперш быў АБАРОНЦАМ ад паўтору чарнобыльскага выбуху. І гэта была ўнікальная па тых часах бітва ў мазгах выбарцаў афіцыйнага і ірацыянальнага, хлусьні з ірацыянальным, якое распаўсюджвалася прыхільнікамі сябра БНФ. Менавіта тады я ўбачыў эфэкт “Народнага тэлевізара”. Дарэчы, два гады таму летам па Беларусі разьляцелася чутка, што з Чарнобылю нас накрыла новая радыяцыйная хмара. Афіцыёз быў змушаны абвяргаць. Спэцслужбы СССР сыстэматычна выкарыстоўвалі плёткі і чуткі. Перад алімпіадай 1980 ў Маскве, каб заблакаваць кантакты савецкіх з заходнікамі пусьцілі чуткі, што тыя ў джынсах вошаў вязуць...

Сёньня ў зьвязку з уласным рашэньнем прэзыдэнта будаваць атамную станцыю, ды яшчэ рукамі Расеі, ды спадзеючыся на расейская атамнае паліва, матывуючы гэта памкненьнем пазбавіцца ад энэргазалежнасьці ад... Расеі! Гэтае вар’яцтва па “віцебскай мадэлі” можна было б выкарыстаць напоўніцу... З Лукашэнкі можна было б зрабіць “атамнага монстра”, які марыць атруціць-апраменіць усіх людзей Беларусі. Дарэчы прафесар з Канады Дэвід Марплз зрабіў разьлікі яшчэ ў 2001-м годзе, што на Беларусі праз 50 год застанецца 4-5 мільёнаў чалавек, а праз 100 год – 1 мільён ад тых, хто тут жыве з-за наступстваў чарнобыльскага выбуху... А потым Касінец у сваім выступе на нарадзе ў Лукашэнкі ўвесну ўскосна пацьвердзіў гэтыя разьлікі. Даклад Касінца засакрэцілі, і толькі пасьля майго выступу на “Свабодзе” на гэты конт частку дакладу Касінца надрукавалі ўсе прэзыдэнцкія газэты.

"Легальная легітымацыя не перашкаджае харызматычнай. Харызму немагчыма стварыць. Гэта выглядае проста жахлівым канструктывізмам, які немагчымы ў рэальнасьці".

А хто вам казаў, ці дзе вы чыталі, што я ўжыў паняцьце “харызма”? А тым больш, што харызму можна стварыць? Не было такога. Калі зірнеце ў тлумачальны слоўнік, то прачытаеце, што харызма – гэта ўлада, дадзеная Богам. Я ніколі ні лічыў Лукашэнку ўладальнікам харызмы, як пра гэта пісалі некаторыя журналісты і аналітыкі. З-за гэтага паняцьця і блытаніна ў тым ліку і ў вашай галаве. Лукашэнка для пэўнай часткі насельніцтва ў свае лепшыя часы быў ідалаізаваным (24 адсоткі), а не харызматычным! Ідалаізаванасьць мае рацыянальные апісаньне. Яго зрабіў Эрых Фром. Я выдзяляю чатыры парамэтры сацыяльнага ідала: 1. Калі вялікая частка насельніцтва верыць без усялякага сумненьня ў шэраг станоўчых функцыяў чалавека, якія здольны дапамагчы людзям, ці выратаваць іх; 2. Вера ў цудадзейны патэнцыял гэтых здольнасьцяў; 3. Імкненьне растварыцца ў куміры, забываючы пра уласнае жыцьцё, 4. Прага чуць ці бачыць свайго ідала, каб атрымаць энэргападпітку. Усе гэтыя параметры мне з аднадумцамі давялося пралічыць пры дапамозе сацыялягічных дасьледваньняў у маштабах Рэспублікі.

Дык вось, ідала можна стварыць, але маючы ўнікальную асобу. І можна зьнішчыць. У маім падручніку па асновах палітычнай псыхалёгіі выкладзена тэхналёгія разбурэньня ідала ў мазгах ідалапаклонцаў. Месца тут мала, чарга запытальнікаў вялікая, прывяду толькі адзін прыклад. У 1997-м выйшла ўлётка “Лукашэнка – ум, честь і совесть Беларусі”. Ён зьявіўся на тэлеэкране. Журналюжка яму пад нос тыцнула гэты тэкст, а ідал як завіскоча, як захрыпіць: “Эта подласьць! Я не ум! І Не чэсьць і не совесць! Хватіт нам этага ума! Наелісь ужэ!” Гэты сюжэт некалькі разоў паўтарылі ўсе расейскія СМІ.

2. "Але ж нешта ніякага асаблівага пратэсту не бачна... ужо колькі разоў ён ставіў сябе ворагам народа... а народ трывае... чарнобыльцы... прадпрыймальнікі... льготнікі... час успомніць Быкава пра тое, што наш народ заліваўся крывёю ды маўчаў..."

Ня варта так з Быкавым абыходзіцца... Гісторыя сьведчыць, што вельмі часта народ не маўчаў і не маўчыць. Нас бы ўжо панішчылі. Чытайце сапраўдную гісторыю. Вядома ж, калі глядзець БТ, то пратэсту ня бачна і ні было ніколі. Вы як лукашэнкаўскі прапагандыскі вертыкальшчык кажаце. Пачакайце-пачакайце... ба, дык са мной Лукашэнка размаўляе! Стоадсоткава ягоная логіка! Залез у інтэрнэт, ці ў душу гэтага запытальніка і нэрвуецца. Супакойся аля Рыгоравіч! Ашчадней да нэрваў. Бо далей будзе горай...

Зараз пра расейскіх генэралаў. Па-першае, ня трэба хлусіць на ўвесь інтэрнэт, непаважаны лукашэнкаўскі пракурор. Я нідзе і ніводнай сьлязінкі пра расейскіх генэралаў не пусьціў, а апісаў унікальную і практычна невядомую сытуацыю стасункаў Лукашэнкі з Пуціным. Гісторыя гэткая. Пасярэдзіне траўня Пуцін вызваліў ад пасадаў камандуючага сілаў супрацьпаветранай абароны Расеі генерала Мікалая Міхайлава; начальніка штаба сілаў супрацьпаветранай абароны генэрала Барыса Чальцова і намесьніка камандуючага сілаў супрацьпаветранай абароны Расеі па аб’яднанай сістэме Супрацьпаветранай абароны СНД генэрал-лейтенанта Айтэча Біжава.

Пуцін іх адхіліў ад пасадаў, а па сутнасьці іх зьняў Лукашэнка. Справа ў тым, што гэтыя генэралы запэўнівалі Пуціна і былога міністра абароны Расеі Іванова ў тым, што Лукашэнка гатовы падпісаць дамову аб стварэньні адзінай групоўкі войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі. На расейскім варыянце праекта дакуманта аб стварэньні гэтай групоўкі Пуцін паставіў сваю рэзалюцыю да міністра абароны Расеі: “Падпісаць! Пуцін”. А Лукашэнка так і не паставіў сваёй рэзалюцыі. А ў СМІ Беларусі скідвалі інфармацыю аб тым, што беларускі варыянт праекта праходзіць узгадненьне ў калідорах улады, у парлямэнце, у саўміне, нават у нейкіх экалагічных арганізацыях.

Урэшце, Пуціну стала вядома, што Лукашэнка проста хоча гандляваць з Расеяй па прынцыпу: я вам подпіс і групоўку, а вы мне нафту і газ па старых коштах. Вось Пуцін для пачатку і выгнаў генэралаў-аптымістаў. Тыя, хто быў блізка да Пуціна падчас таго, калі прэзыдэнт Расеі даведаўся, як яго падмануў Лукашэнка, сьведачць, што калі б Рыгоравіч быў побач, то Пуцін паказаў бы яму прыёмчык: кідок праз плячо на паркет. Нездарма ў Санкт-Пецярбурзе Пуцін ня стаў сустракаца з Лукашэнкам, хаця сутрэўся з такім зацятым ворагам расейскага імпэрыялізму, як Саакашвілі.

Але гэта ня ўсё. З-за пазыцыі Лукашэнкі разбурылася будаўніцтва расейцамі аб’яднанай вайсковай регіяльнай групоўкі. Пасьля яе стварэньня на заходнім кірунку такія ж групоўкі плянавалася стварыць на ўсходзе і поўдні. Гэты праект ляснуўся. Расея ў пагонах, што бачыла сябе аточанай рэгіянальнымі вайсковамі групоўкамі, раптам убачыла сябе аголенай. Вайсковыя аналітыкі лічаць, што плянаваная сутрэча Лукашэнкі з Пуціным будзе прысьвечана менавіта вайсковым пытаньням.

"Выснова... Колькі гадоў вы шчэ будзеце прарочыць капец Лукашэнку, а на ўсіх выбарах ды рэферэндумах дапамагаць яму ўсёй аб'яднанай апазіцыяй?"

Выснову ў выглядзе пытаньня яшчэ ніводнага разу не сустракаў. Цікава. Ніколі ня быў прарокам, гэтая пасада на Беларусі здаўна занятая двумя асобамі. Да аб’яднанай апазыцыі ня маю дачыненьня. Ня быў запрошаны на ніводзін Кангрэсдэмсілаў у якасьці нават госьця. Ня браў удзелу ў працы аналітычных групаў, што рыхтуюць лідэрам апазыцыі праекты. Хаця чалавечыя стасункі зь лідэрамі вельмі добрыя. Адзінае, у чым маю “грэх”, на ваш погляд, дык гэта гуляў у футбол у адной камандзе зь лідэрамі аб’яднанай апазыцыі. Паверце, галоўнага хакеіста яны ў футбол заваляць.
[ 25/06/2007 20:30 ]
Ці ёсьць вы прыхільнікам хрысьціянскіх каштоўнасьцяў? Тое, што вы мелі трох жонак і не змаглі зь німі ўжыцца, прымушае задумацца... гэта негатыўная рыса біяграфіі.
Вельмі ўдзячны Вам за гуманныя да сябе адносіны. Шчасьлівы, што з кампутарных літараў і сказаў нельга скласьці вогнішча і на ім спаліць мяне...

Увогуле, пасьля першай дзясяткі пытаньняў, што даслалі мне, склалался ўражаньне, што трапіў на суд, дзе процьма запытальнікаў гэткія пракуроры-садысты, ці партыйнае бюро па ацэнцы маральных якасьцяў пры выпуску за мяжу... Прачытайце і параўнайце: ці не падобны вы на галоўнага маралізатара:

“Сегодня все схватились за свечки и побежали в церковь. Это страшно, это опасно, когда происходят такие тенденции. Многих из тех, кто эти свечки в руках там держит, я бы на порог церкви не пустил”. (4.10. 1997. Белорусский Мониторинг, № 218, 06.10.97).

Прызнаюся ў яшчэ большых грахах. Споведзь дык споведзь. У маёй кнізе “Куля для прэзыдэнта” Лявона ставяць у жалезабятонны крыж і прымусова кормяць. Апраўляцца ён змушаны пад сябе. Урэшце, ён захлынаецца ў сваім г... А даглядчык падлівае з гаршка і свайго г... Ды пры гэтым жуе сала і кажа: “Дапамагчы табе пазбавіцца ад пакут – забіць – не магу, бо самога за тое заб’юць. А вось падліць свайго г... каб хутчэй ты памёр – калі ласка. Дык ты маю ласку памятай і хаця б пра ўнука паклапаціся, калі Бацька возьме цябе на неба. Бо ты ж наш беларускі Хрыстос. Мусіш за ўсіх нас, беларусаў, г... насёрбацца-нахлябацца, каб нашым дзецям і унукам не давялося...

Вось Вам торба з цэбарам грахоў. А напрыканцы кнігі Лукапшык – прэзыдэнт будучай Беларусі разам з ДуППай – Душой Першага Прэзыдэнта пайшлі на захоп улады Бога. Паліце мяне... А ўсе жонкі мяне любяць і дзеці таксама, чаго і Вам жадаю.
[ 25/06/2007 21:03 ]
chamu vy jasce na svabodze?
Таму што запрасілі людзі, якіх я паважаю. Шмат хто з маіх слухачоў даўно ня чуў маіх лекцыяў, дык вось так пагамонім. А куды б Вы мяне хацелі запраторыць? І за што? Калі ласка сфармулюйце артыкульчык... На апошнім допыце ў 2004-м пракурор абяцаў мне 25 год за віжоўства, калі я не спыню пісаць раман і выпускаць “Народны тэлевізар”... Сваю “Кулю” я адліў, пацэліў і выпусьціў. Яна ляціць і трапіць. І ганарар жудасны за яе атрымаў. Шмат што гатовы быў бы аддаць, каб замяніць помсту, якую атрымаў, на няволю. Уявіце сабе, што вы арыштаваны, і вас дапытваюць і катуюць тым, што падрабязна распавядаюць як катавалі і катуюць зараз вашых дзетак...
[ 25/06/2007 21:05 ]
Spadar Uladzimer, jak adkazvac Belaruskamu TB, kali da TB niama dostupu? Ci josc uvohule mahchymasc nejak adkazvac u Belarusi? Ja maju na uvaze ne pratestnyja akcyji.
Рабіце і распаўсюджвайце “Народны тэлевізар”.
[ 25/06/2007 22:54 ]
Як вы ацэньваеце дзейнасьць сучаснай афіцыйнай апазіцыі па прафанацыі самога паняцьця апазіцыі ды па прафанацыі вулічных акцыяў?
Вы разважаеце пра нейкі віртуальны аб’ект. Апазыцыі ў клясычным сэнсе паняцьця ў нас няма. Ёсьць дысыдэнты. Шэраг зь іх – гераічныя і самаахвярныя асобы. Ганаруся тым, што знаёмы зь некаторымі зь іх і сябрую, і супрацоўнічаю.
[ 26/06/2007 12:28 ]
Як Вы ацэньваеце раскол Беларускага Народнага Фронта ў 1999 годзе, ды узурпацыю ўлады ў Фронце часткай намесьнікаў Пазьняка? Ці прывёў гэты раскол да нейкіх станоўчых вынікаў у барацьбе, як абяцалі раскольнікі-"прагматыкі"?
Пракуроры...пракуроры... У 1999 годзе лёс БНФ вырашалі ня некалькі намесьнікаў. Вырашалі дэлегаты БНФ, шараговыя сябры “Фронту”, якія свой лёс аддалі яму. Калі б у 1999-м “Фронт” не падзяліўся, то арганізацыя была б спаралізваная. Ішла б унутраная барацьба паміж лідэрамі, а не з рэжымам. Прыкладна ў такім жа стане знаходзілася “аб’яднаная апазыцыя” пасьля прэзыдэнскіх выбараў 2006 года. Апошні Кангрэс стаў такім жа цывілізаваным разводам. І лёс аб’яднанай апазыцыі вырашалі зьнізу. І “развод” адразу развязаў рукі абодвум бакам для дзейнасьці – такой, якая бачыцца эфэктыўнай прыхільнікам Мілінкевіча і астатніх.

З 1999-га ніхто не перашкаджае прыхільнікам Пазьняка рэалізоўваць зьмест ягоных факсаў. Калі параўнаць эфектыўнасьць дзейнасьці БНФ Вячоркі і Пазьняка ў барацьбе за дэмакратыю і нацыянальнае адраджэньне, то бачу вялікі эфект у пашырэньні ўплыву нацыянальнай ідэі менавіта ў дзейнасьці БНФ Вячоркі, а таксама вялікі іхны ўнёсак у інтэграцыйныя працэсы дысыдэнтаў. КХП БНФ прыкладвае ўсе свае намаганьні ў абароне памяці пра рэпрэсіі. Гэта вельмі важна. Гэта адзін з трох складнікаў узьнікненьня БНФ. Але калі рабіць толькі гэта, то рэжым можа пачувацца бясьпечна. Ды немажліва было ў адной арганізацыі знаходзіцца людзям, якія абсалютна розныя па ўсім!
[ 26/06/2007 15:45 ]
Уважаемый господин Подгол, несколько вопросов: несколько лет назад вы уверенно выпредсказывали крах режима, который, тем не менее, не состоялся. Плчему вы думаете, что сегодняшнее положение более драматично? Как, по вашему , сложатся отношения Лукашенко и нового российского президента? Будет ли еще актуальна тема союзного государства? И последнее -- кто виноват в расколе оппозиции?
1.Назавіце мой артыкул, ці выступ, дзе я пісаў, што ў 2007 годзе ці да яго будзе крах рэжыму. Такога ня было. Гэтыя пытаньні з шэрагу: «Навошта ты забіў бабульку?». І тлумач потым, што ніякай бабулькі не забіваў. Я пастаянна кажу адно, што рэжым лясьнецца ад сьмеху людзей, масавага сьмеху. Гэта вельмі верагодна. А Лукашэнка ад гэтага сьмеху можа звар'яцець. Але хвалям сьмеху будзе папярэднічаць эканамічны абвал. І тады прэзыдэнт будзе балбатаць, енчыць, а давер разваліцца. 2.Яно больш драматычна таму, што Лукашэнка больш ня можа кіраваць эфэктыўна. Усё валіцца, бо газавы і нафтавы спонсар лягчае бюджэт Лукашэнкі на 5 мільярдаў даляраў. Эўрапейцы зьнялі ільготы. І сам ідал страціў мажлівасьць чворыць цуды. Ён гэта разуме. І вось прарываецца: «Я еще вначале своей президентской жизни обещал вам, что мы сохраним страну, которую вы нам передали, наведем в ней порядок, восстановим ее. Выведем на уровень советских времен, лучших времен. Сейчас мы превзошли те времена». (ОНТ 8.05.2007) У той жа прамове: «Без вас было бы не просто трудно, а невозможно собрать воедино страну и сделать ее если не цветущей, то хотя бы создать приемлемые условия для жизни нашего народа, вашей жизни, ваших детей и внуков». (БТ 8.05.2007) Как, по вашему , сложатся отношения Лукашенко и нового российского президента? Адказ: Ня ведаю Будет ли еще актуальна тема союзного государства? Не разумею пытаньня. Для каго будзе? Што такое актуальна? Задайце, калі ласка, свае пытаньне па-іншаму. Тут шмат што можна распавесьці… Пра раскол. А вы што, лічыце, што сябры апазыцыі мусяць склеіцца клеем «Момант» і хадзіць разам нават у прыбіральню? Ці мусяць думаць сынхронна і мець аднолькавыя думкі? Усе розныя творчыя людзі. Апазыцыя адзіная ў тым, што кожны хоча дэмакратычнага ладу, адраджэньня нацыянальнай культуры. Вось і адзінства. І яно ёсьць. А мэтады ў кожнага розныя. Гэта ж натуральна. Калі вы кахаеце жанчыну, лічыце яе прыгажуняй, гэта ж не азначае, што кожны мужчына таксама мусіць быць закаханы ў яе і лічыць прыгажуняй. З гэтым вы згодны? Так. Дык чаму ўсе сябры розных партыяў мусяць лічыць аднаго лідэра самым-самым і пакланяцца яму, як лукашысты свайму куміру? Вось, дарэчы, пакланяцца як раз можна адзінаму, а працаваць разам, супольна навошта тады ідал? Былі выбары, абралі адзінага. Пазмагаліся. Зараз людзей можа аб'яднаць супольная мэта, супольныя акцыі. Усё натуральна, і трагедыі няма. З другога боку назавіце мне хоць адзін учынак аднаго зь лідэраў, каб я зайшоў да суседа, распавёў яму пра гэты ўчынак, і ён, просты інжынэр, праставіў мне бутэльку за адкрыцьцё цудоўнага чалавека ды стаў Яго прыхільнікам. Нават падчас выбараў я задаваў гэтае пытаньне сябрам каманды адзінага і не атрымаў адказу. Ну чым было агітаваць за адзінага? Якім аргумэнтам? Адзінства можа быць вакол ці ідэі, ці дзеяў, ці выбітнай асобы, якая валодае чалавечым магнэтызмам і скарае нават ворагаў. А вашае пытаньне «Хто вінаваты?» з разраду раскольніцкіх. І адказ можа быць і такім: «Той, хто шукае вінных». Дастаткова ўкінуць гэтае пытаньне, і калі б у апазыцыі былі дурні, яны б і займаліся пошукам вінных і пошукам меры пакараньня. Гэткі 1937 год у апазыцыі.
[ 26/06/2007 16:57 ]
Пытаньне ад ВАЛЕРЫЯ ГРЫЦУКА да шаноўнага сп.Падгола! Я згодны з вамі наконт іррацыянальнага, але без ТБ-скрыні фактар «ірраццыянальнасьці» выкарыстаць не магчыма , ці так ? Я заўважыў , што большасць беларусаў пазбягае ўвогуле думаць, рабіць нават прымытыўны аналіз падзей па-за колам сям’і, працы. Мой брат (тыповы прыклад) сказаў : “А мне всё по-барабану, мне бы толькі добрая праца і высокая зарплата”. Як людзей прымусіць думаць? Ці згодны Вы, што і для апазыцыянераў засталася матывацыя толькі рублём, а таму без стварэньне відавочнага механізму падтрымкі актывістаў, напрыклад, часовай працоўнай міграцыі да Эўропы, апазыцыйны рух скончыцца? Ці скончыліся вашыя жахі , што ўлада Вас пасадзіць за кнігу „Кулі Прэзыдента”? Дзякуй. Зычу здароўя
1. Якраз ня так. Якраз фактар ірацыянальнасьці можна выкарыстаць без тэлевізару, і пасьпяхова. Вышэй ужо крыху пісаў, як. Тое, што большасьць абыякавая – гэта натуральна. Вось у 1994-м большасьць была палітызаваная. Усе былі захоплены палітычнай барацьбой. Для такіх людзей прывабным можа стаць лідэр з гумарам. На жаль, нават тут мяне абмяжавалі цэнзураю, і я шмат чаго ня магу распавесьці... Ужо шмат што павылятала з маіх адказаў...

2 Ня трэба прымушаць людзей думаць. Яны ня здольныя на гэта, акрамя 10 адсоткаў. Гэта так і ў Польшчы, і ў ЗША. Такім якраз трэба знайсьці ірацыянальную форму падачы вобраза сябе і суперніка...

Падтрымка апазыцыі мусіць быць такой, каб любы сябра пасьля перамогі дэмакратыі мог сказаць, як адзін польскі дзеяч “Салідарнасьці”: “Калі я сядзеў у турме, мая сям’я жыла ў сто разоў лепей чым пасьля перамогі дэмакратыі...”

За “Кулю” ўжо не пасодзяць. Яны раскрылі мне карты на апошнім допыце. Кара будзе больш жудаснай і садыскай. Страху няма, і гэта дрэнна, бо можна ўпусьціць момант-шанец для ратаваньня... Лічу, што адсутнасьць страху – гэта хвароба. Чалавек з нармальнай псыхікай у такім стане мусіць баяцца. Але ж столькі год немажліва жыць у страху. Самае ў ім шкоднае: страх пазбаўляе мажлівасьці творчасьці. А гэта – маральная сьмерць для творцы. У нейкі момант зрабіў выбар: лепей пісаць па-вар’яцку, забіўшы страх, дарэчы, і на страх напісаць нешта супраць традыцыі, той жа хрысьціянскай... Дарэчы цікавая тэма: страх для асобы з апазыцыі, ці страх дысыдэнта... Дзякую. Такія пытаньні люблю. Яны шмат што даюць для маёй кнігі. Бо зараз, перакладаючы на рускую “Кулю для прэзыдэнта”, практычна перапісваю тэкст. Кніга ўжо ў трох тамах. Першы скончыў.
[ 26/06/2007 21:02 ]
Якая Вашая самая любімая цытата Аляксандра Рыгоравіча і проста - беларуская цытата, ці пра Беларусь? Ягор
У мяне няма, каб вось так адна была любімая. Ёсьць любімыя па розных галінах. Дзьве апошнія, якія толькі ўчора прагучалі - я ў захапленьнеі ад іх, і думаю, вам таксама спадабаюцца. Першая. Памятаеце знакаміты заклік - дагонім і перагонім Амэрыку? І вось учора на прэзыдэнцкай нарадзе па новай эканамічнай палітыцы, па субсыдыях, прэфэрэнцыях, прагучала наступнае: "Мы мусім быць на галаву вышэй за іншых. Ісьці наперадзе. Іншага ня дадзена. У нас няма тэрыторыі такой, і свабоды такой, як у амэрыканцаў і расейцаў. Нам трэба ў гэтых умовах прыстасоўвацца і не з пазыцыі сілы, а розуму і сваіх рук выжываць і перамагаць вось гэтых монстраў. Вось у чым пытаньне. І гэта можна зрабіць. Разумееце, калі б гэта было нельга - гэта можна зрабіць, мы ўжо сёньня гэта бачым. Няма немагчымага, што ў Беларусі нельга зрабіць. Няма!" Гэта што да дагонім і абгонім. І наступнае - учора прагучала на гэтай жа нарадзе разуменьне ідэальнай дзяржавы, ці можна пабудаваць Беларусь як ідэальную дзяржаву. Цытую: "Няпраўда, што мы ня ўмеем шыць, вязаць і чагосьці рабіць. Няпраўда! Боўная бескантрольнасьць і безадказнасьць - вось у чым прычыны. А калі б у нас ад прэм'ер міністра і ніжэй усе перажывалі за канкрэтную справу, ну хаця б як прэзыдэнт, у нас бы была ідэальная дзяржава".
[ 26/06/2007 22:22 ]
Паважаны спадар Уладзімер, ці можа быць зараз у Беларусі апазыцыйны рух на энтузіязьме? Ці можа быць (матывацыя) створана сетка мікрагазетаў на Беларусі. ці напрыклад, інфарматар для суседзяў, Вітаўт
Ня "можа ці ня можа", а ёсьць - і апазыцыя, якая дзейнічае на энтузіязьме, і апазыцыя, якая дзейнічае на рэсурсах пэўных, таксама ёсьць дысыдэнты, якія дзейнічаюць на энтузіязьме і дысыдэнты, якія дзейнічаюць на рэсурсах. Адпаведна, калі гэта ўсё ёсьць, то гэта ўсё мажліва. Другое пытаньне: Можа.
[ 26/06/2007 22:46 ]
Вопрос такой:как вы думаете в каком году поменяется президент( необязательно режим, а лицо).
Я не прарок. У нас ужо ёсьць два прарокі, вядомыя ўсім, я на гэта не прэтэндую.
[ 27/06/2007 00:38 ]
Мо й банальнае пытаньне, але скажыце, на Вашу думку, ці адбудуцца ў нас перамены, калі, якія, з чым зьвязаныя? Міхась
Ну што з гэтымі пераменамі - натуральна, зь пераходам на рынкавыя дачыненьні ўжо пачаліся перамены ў эканоміцы. Я думаю, што чым больш будзе небясьпечнай для Лукашэнкі сытуацыя з дэфолтам, тым большы будзе дыктатарскі, таталітарны ўціск, і ўтварэньне "Белай Русі" - першы яскравы сыгнал да гэтага. Перамены пакуль - узмацненьне таталітарнасьці. А ўжо як будуць рэагаваць людзі, нашы дысыдэнты, апазыцыянэры - гэта ад нас залежыць. Перамены ад нас залежаць.
[ 27/06/2007 00:47 ]
Віншую вас з 740-годдзем горада Магілёва!
Я там чытаў лекцыі, таму дзякуй.
[ 27/06/2007 10:04 ]
Паважаны Ўладзімір, у мяне некалькі пытанняў да Вас: 1. Як атрымалася, што вы дасведчаны навукоўца, палітолаг сталі пісьменнікам? 2. Якое месца ў Вашым жыцьці займае літаратурная творчасьць? 3. Я ведаю, што Васіль Быкаў чытаў рукапісны варыянт Вашага рамана “КУЛЯ ДЛЯ ПРЭЗІДЭНТА”. Як ён аднёсся да Вашага твора? 4. Як уплывае дасведчаннасьць навукоўца на Вашу літаратурную творчасць (перашкаджае ці дапамагае) ? 5. Як ідзе праца над 2 і 3 кнігамі трылогіі “Властелин Кули”? 6. Як уплывае наш зменлівы час на стварэнне кніг трылогіі? Георгій Несьцер, Брэст
1. Гэта атрымалася выпадкова. У 1996 г., калі мяне выгналі з дактарантуры БДУ, за сваю доктарскую, бо ў мяне быў разьдзел "Тэхналёгіі дэ-ідэалягізацыі мэнталітэту беларусаў ад ідала Лукашэнкі", і вось дысэртацыю забралі ў адміністрацыю прэзыдэнта, усё лета вывучалі... Калі я назіраў за прапагандысцкай кампаніяй падчас рэфрэндуму, я проста быў захоплены тым варя'цтвам, якое дэманстравалася, і я напісаў першы жартаўлівы дэкрэт прэзыдэнта. Ён гучаў так: "На мітынгі і шэсці хадзіць па бардзюрах. Перакрыжаваньні вуліцаў пераходзіць па бардзюрах. Бардзюры прыносіць з сабой." Я даў пачытаць гэты і яшчэ некалькі такіх дакрэтаў сбярам – сярод іх былі мастак Аляксей Марачкін, пісьменьнік Уладзімер Арлоў – яны проста каталіся, калі рагаталі ад гэтых дакрэтаў – маўляў, гатовы мастацкі твор, трэба напісаць пачатак, што я і зрабіў. Вось з таго часу прайшло паўгоду, і раптам Барыс Хамайда выдаў гэты твор, які называўся "Ладзьдзя Роспачы ў Санта-балоце, ці як любіць прэзыдэнта". І гэты раман, усё выданьне цалкам, арыштавалі разам з Барысам Хамайдам і Ўладзімерам Плешчанкам у цягніку, які ехаў на Менск. Барыс зьбіраўся распаўсюдзіць гэты раман у Менску на Дзень незалежнасьці. 10 чалавек амапаўцаў заскочылі ў вагон з воклічам "Дзе куля для прэзыдэнта?", напалохаўшы ўсіх, хто там сядзеў. Знайшлі ггэты наклад, вялізную торбу, выцягнулі з вагона, а камандзір загадаў: "Дык вы ж і гэтых бярыце, хто вёз". Яны па-другому разу скаланулі вагон... Вось так я пачаў пісаць.

2. Практычна ўсё. Бо напісаўшы кнігу на беларускай мове, я пачаў па просьбе рускіх сяброў перакладаць на рускую мову, і першае выданьне было дрэнным, развалілася, і я пачаў перакладаць, дапісваючы, перапісваючы, каб беларускі дух крыху па-руску загучаў. Прыйшлося пісаць новую кнігу, і яна займае маіх апошніх 10 год - абсалютна ўвесь час. І ўначы прыходзіцца ўставаць, і па лесе гуляючы шукаць нейкія вобразы, словы, сюжэты... Гэта як сякера над галавой. Пакуль ня скончыш, гэтае вар'яцтва ня скончыцца.

3.Я сядзеў перад ім у ягонай кватэры, ён трымаў у дрыжачых руках гэтыя аркушы, і проста паўтараў: "Друкаваць, неадкладна друкаваць. Гэта рэвалюцыя ў эўрапейскай літаратуры. Ты мусіш гэта надрукаваць". Ад таго часу прайшло гадоў 6, і раман быў надрукаваны.

4.І так, і так бывае. Бывае, што публіцыстыка лезе ў тэкст, потым прыходзіцца чысьціць. Але шмат дапамогі ад яе, бо глядзіш як рэнтгенам на людзей, падзеі і стасункі.

5.Вельмі цяжка.

6.Дапамагае. Проста як допінг.
[ 27/06/2007 10:55 ]
Вітаю Валодзя! Некалі слухаў твае лекцыі па беларускай міталёгіі, дык хачу запытаць: - Ці дадалося мітаў за апошнія 12 год, якія б замацоўвалі неразуменьне ці абыякавасьць людзей да сябе і сваіх нашчадкаў? Чаму не навучылі людзей ні Чарнобыль, ні ўладная хлусьня, ні В.Быкаў і іншыя,? Чаму значная колькасьць людзей гатовыя ахвяраваць, напрыклад, тыма жа Ф.Скарынай,В.Быкавым і іншымі? Што можа, у такім разе, спрыяць салідарнасьці, калі затаптываюцца мараль і годнасьць? Як на працэсы узьдзейнічаюць кантакты “аб’яднанай апазыцыі” з Захадам? З павагай. Лявон Садоўскі.
Паважаны Лявон, я вам раскажу наступнае: калі вы возьмеце апошні “Народны тэлевізар”, прачытайце там маю публіцыстычную канцоўку, дзе я аналізую гэтыя зьявы - архетыпы, міталёгія і г.д. І там Васіль Сёмуха мне падказаў геніяльную думку – паглядзіце на пару выказваньняў Лукашэнкі, дзе ён кажа: вы што, ня можаце скрасьці лякала ў заходнікаў, каб нешта сшыць? Потым яшчэ адна цытата: "Я не прападу, калі ня буду прэзыдэнтам, па людзях пайду, буду жыць па іхных кватэрах і так да 100 год пражыву". Сёмуха кажа: паглядзі, беларусам жа гэта абсалютна не ўласьціва, гэта старажытны архетып нейкага іншага народу. Ён падказаў, якога народу. І атрымалася, што беларусы настолькі талерантныя, што яны адмоўныя рысы іншых народаў спакойна ўспрынялі ў сваім ідале - што і скрасьці гэта нармалёва, і ня мець сваёй хаты, бадзяцца па іншых дамах – гэта нармалёва... Такім чынам, мэнталітэт настолькі перамолаты гэтым гістарычным млынам, што перш-наперш трэба паразбураць міты і ідалы, якія ёсьць у галовах людзей. Вось гэта першы этап. Бяз гэтага руйнаваньня пабудаваць нешта новае немажліва. Прадстаўнікі апазыцыі, ідэолягі хочуць у гэтых галовах адразу будаваць сьветлы дэмакратычны храм. Гэта ж абсурд! На месцы гэтых ідалаў, гэтых мітаў – будаваць немагчыма. Трэба расчысьціць.
[ 27/06/2007 11:07 ]
Шаноўны спадар Ўладзімір! Адкажыце, калі ласка: 1. На Вашу думку, адкуль пайшоў Лукашэнка і чаму ў нашым грамадзтве існуе забарона ператварэньня несьвядомых беларусаў у беларускамоўных з разьвітай нацыянальнай сьвядомасьцю. Як вам падаецца, чаму ў Лукашэнкі такая нянавісць да беларускай мовы і культуры? 2. На Вашу думку, калі адбудуцца перамены ў Беларусі? Што стане іх перадумоваю? Што самае галоўнае цяпер для Грамадзянаў, а што другаснае? 3. Якім Вам прадбачыцца Беларускае будачае? Георгій Несьцер, Брэст
Лукашэнка пайшоў з часоў, якія на некалькі дзясяткаў тысячагодзьдзяў ад нас у мінуўшчыне. Ён жыве ў двух вымярэньнях: пераважна ў часе стрэсавых сытуацыяў ён жыве мэнталітэтам старажытных шаманаў, якія былі ягонымі продкамі, і падчас абуджэньня архетыпаў знаходзіцца быццам пад вадой - гэта ягонае сапраўднае жыцьцё, калі ён на публіцы. Другая частка - гэта яго жыцьцё рэальнае, і тут яму няўтульна, дрэнна. А беларускасьць сапраўдная - гэта ўжо цывілізацыя над гэтымі архетыпамі. І ён жывучы ў сваіх архетыпах пастаянна ўпіраецца ў беларускасьць,у цывілізаванасьць. У маім "Народным тэлевізары" ёсьць разьдзел "Дуэлі і бітвы Лукашэнкі з цывілізацыяй". Там дзясяткі цытатаў, калі ён змагаецца і з эўрапейскасьцю і зь беларускасьцю. Сутнасьць яго - старажытная, архетыпічная. А рэальнасьць - іншая.

2. На жаль, у мяне пэсымістычны прагноз. Перамены могуць быць такія: праз 50 год на Беларусі застанецца ад 4 да 5 мільёнаў чалавек, мы выміраем татальна - гэта прагноз Дэвіда Марплза, майго сябра з Канады, а праз 100 год застаецца 1 мільён чалавек. ГЭта толькі за кошт сьмерці - плюс эміграцыя. Таму перамены могуць ісьці толькі да вынішчэньня беларускай нацыі.

3. Ёсьць два варыянты: першы гэта пэсымістынчы. Але калі ў дысыдэнцтве зразумеюць, што з ірацыянальным ідалам трэба змагацца такімі ж тэхналёгіямі, тады элемэнтарна яго перамагчы. Калі ж будуць змагацца з ідэалягізаванымі мазгамі і зь ідалам эўрапейскімі падыходамі - усё, ніякай дэмакратыі, ніякіх пераменаў, параза.
[ 27/06/2007 11:21 ]
Паважаны Ўладзімір! Адкажыце, калі ласка: 1. Чым Вы найбольш даражыце са зробленага вамі? Якія з праектаў найдаражэйшыя Вашаму сэрцу? 2. Хто для Вас узоры ў навуцы, палітыцы, жыцьці? 3. Хто зрабіў на Вас найбольшы ўплыў? Я маю на увазе і жывых людзей і асобаў мінулага. 4. Скажыце, калі ласка, каго з сучасных беларускіх пісьменьнікаў вы любіце чытаць. Георгій Несьцер, Брэст
22.Гэта мой трэці сын, раман "Куля для прэыздэнта", "Народны тэлевізар" і... не скажу - таямніца.

2. Узор у палітыцы для мяне - гэта сынтэтычны вобраз, калі ўзяць Пазьняка да 1994 году, да яго дадаць характар Барыса Хамайды зь Віцебску, Валеры Шчукіна, Шацікавай, Андрэя Клімава - вось такі будзе сынкрэтычны вобраз, гэта ўзор у палітыцы. У навуцы - быў такі Віталь Масквіч, геоляг, таленавіцейшы навукоўца, які дасьледаваў золата на Беларусі і іншыя мэталы - ён бы мог купацца ў багацьцях... Мазгавіты, таленавіты - ён уваходзіў у ценявы ўрад Зянона Пазьянка ў 1994 годзе, ён сьвядома ішоў у апазыцыю, сьвяціўся ў апазыцыі, яго цкавалі праверкамі й г.д. У жыцьці - няма.

3. Васіль Сёмуха зрабіў найбольшы ўплыў сваім жыцьцём і сваёй творчасьцю.

4. Больш за ўсё люблю чытаць пераклады Васіля Сёмухі - гэта новыя мастацкія творы.
[ 27/06/2007 12:32 ]
Спадар Падгол! Ці не маглі б вы сказаць чаму, на вашу думку, сёння на беларускім тэлебачанні і ў дзяржаўнай прэсе так шмат крытыкі ў адрас ПКБ? Напрыклад, ўчора ў "Рэспубліцы" артыкул вядомага Росцікава "Кто вы, господи К.?", дзе Сяргея Калякіна вінавацяць ў тым, што ён, нібы, хоча ліквідаваць сваю ж партыю. Некалькі дзён таму быў сюжэт па тэлебачнні на тую ж тэму. У апошнім нумары "Белгазеты" аж два матэрыялы на тую ж тэму...І, трэба думаць, ўсё гэта будзе працягвацца... Чаму ўлада пераключылася з Народнага фронту на ПКБ? Георгій Нахмановіч, першы сакратар Савецкага райкама ПКБ
Справа ў тым, што да адмены ільготаў Лукашэнка безразьдзельна панаваў на палітычным, псыхалягічна-маральным полі сацыяльнай справядлівасьці. І камуністычная партыя імкнулася адстойваць свае прынцыпы і быць на гэтым полі. І тут Лукашэнка раптам выступіў ініцыятарам адмены ільготаў. І вось тут камуністы проста ператыварыліся для Лукашэнкі ў жудаснага ворага. Для яго гэтая партыя мусіць быць зьнішчаная, лідэры мусяць быць зьнішчаныя, ці распусьціцца і зьбегчы. Адсюль шалёны наступ на камуністаў, бо рэальна сёньня камуністычная партыя атрымлівае неверагодна моцны патэнцыял для прапаганды, папулярызацыі сваіх лідэраў, маральна-псыхалягічнай перамогі над Лукашэнкам.
[ 27/06/2007 13:15 ]
Барыс Хамайда па тэлефоне (стаіць каля “сіняга дому” ў Віцебску): “У нас шмат каныдатаў у лідэры нацыі, але яны не жадаюць або ня здольныя займацца штодзённай чарнавой працай. Ці можна што ў такіх варунках зьмяніць у нашай краіне?”
Калі параўнаць Зянона Пазьняка 1994 году - ён літаральна не вылазіў з машыны, езьдзіў па Беларусі, і пасьля ягоных сустрэчаў зь вяскоўцамі у палешукоў амаль 100 адсоткаў запісваліся ў БНФ, Ягоныя дарадцы не вытрымлівалі гэтых паездак. Гэта чорная праца, якая дае плён. Сёньня гэтую працу спрабуе рабіць Мілінкевіч. Але я лічу, што не заўжды абавязкова такою чорнаю працай займацца самому лідэру, калі каля яго ёсьць дзясятак такіх энэргічных прывабных паплечнікаў. Такая праца патрабуе самаахвярнасьці - трэба адмовіцца ад уласнага жыцьця, ад жонкі, дзетак, - тады Пазьняк быў халасты, ён мог сабе гэта дазволіць. Гэта вар'яцтва, гэта ненармальнае жыцьцё.
[ 27/06/2007 13:47 ]
У 1994 годзе Вы ўдзельнічалі ў перадвыбарчай кампаніі Пазьняка. Што Вам найбольш запомнілася?
Тое, як хутка, як імкліва ідалазаваўся Пазьняк у колах намэнклятуры. Гэта былі неверагодныя зрухі. Думаю, калі б ён гады два перад выбарамі так працаваў, то элемэнтарна стаў бы прэзыдэнтам. Ягоная папулярнасьць шырылася, яму проста пакланяліся. А з уласных якасьцяў Пазьняка - тое, што нягледзячы на свой статус ён вельмі ўважліва прыслухоўваўся да ўсіх парадаў, не адкідваў нічога, ніводнай дробязі. Калі ён удзельнічаў у здымках дакумэнтальных фільмаў, якія трэба было выкарыстаць у прэзыдэнцкай кампаніі, ён мог дзясяткі разоў паўтараць тыя ці іншыя словы, сюжэты. Працавітасьць і цяглавітасьць у яго была ісьцінна беларуская, сялянская.
[ 27/06/2007 15:45 ]
Завяршаем нашу онлайн-канфэрэнцыю. Вэб-рэдактар.
Мае ўражаньні ад онлайн-канфэрэнцыі вельмі станоўчыя, бо я ўжо шмат год не выяжджаў са сваімі лекцыямі па палітычнай псыхалёгіі і зараз магу штосьці крыху новае сказаць. Гэта першае. Мае пажаданьні слухачам Радыё Свабода: першае – тая група, якая пастаянна шукае недахопы ў палітычных лідэраў, спрабуе актуалізаваць сваркі паміж імі, маё пажаданьне – гэтую энэргію, нянавісьць да апанэнта трэба скіраваць у такі энэргетычны, псыхалягічны лязэрны прамень і скіраваць на дыктатара. Тады мы пераможам. Плюс – пажаданьне натхненьня і творчасьці. Менш трэба быць дагматыкамі. Калі парада таталітарнаму грамадзяніну – раба выціскаць зь сябе па кроплі, то я б раіў па кроплі выціскаць зь сябе дагматыка і дагматызм, і быць творцам ува ўсім, у тым ліку ў палітычным жыцьці. Тады і аптымізму дадасца.
 галоўная
 угару