|
|
|
Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Антонавіч Багданкевіч нарадзіўся 1 студзеня 1937 г. у вёсцы Шапавалы Валожынскага раёну. Скончыў фінансава-эканамічны інстытут (1964). Доктар эканамічных навук, прафэсар (1991). Быў загадчыкам катэдры ў Беларускім інстытуце народнай гаспадаркі (1981-1991), старшынём праўленьня Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (1991-1995).
Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13 скліканьня, лідэр фракцыі “Грамадзянскае дзеяньне”. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (1995 – 2000), з 2000 – ганаровы старшыня. Жанаты, мае трох сыноў.
У інтэрвію “Свабодзе” па выніках беларуска-расейскага паліўнага канфлікту Станіслаў Багданкевіч спрагназаваў рост коштаў, найперш на бэнзін, а таксама падвышэньне інфляцыі: “Думаю, што яна будзе даволі хутка. Рубель будзе дэвальваваны. Можа быць, нават у студзені месяцы. Будзе інфляцыя працэнтаў 12–15 за год, можа і болей. Падзеньне абменнага курсу рубля адносна даляра, відаць, будзе: ад 2140 дойдзем да 2500, а потым і да 3000”. |
|
2003
2004
2005
2006 |
[ 15/01/2007 23:07 ] |
Как вы отьноситесь к писателю Дмитрию Черксову, который часто упоминает вас в свох произведениях? |
Я б сказаў, што ў асноўным чытаю эканамічную літаратуру, з мастацкай – клясыку і такіх пісьменьнікаў, як Алексіевіч. Што да Чаркасава, то я праглядаў адну ягоную кнігу, але яна мне не спадабалася. Падобна да пасквілю. Прозьвішчы блытаюцца – ён дрэнна ведае нашую рэчаіснасьць, скажае некаторыя падзеі. Я не магу тут нічога дадаць. Як глыбокага пісьменьніка я яго ня ведаю. |
[ 16/01/2007 02:33 ] |
Skazhite pozschlujsta, chto vy imeete vvidu pod devalvaciej rublja v dannom slucjae. U menja est firma v Germanii, kotoraja postavljaet produkciju dlja belaruskogo gospredprijatija, znachit li eto, chto vozmozschen variant nevyploty dolgovyh objazatelstvt, kak eto bylo v Rossii vo vremja defolta? Spasibo za otvet |
Не, не азначае. Дэвальвацыя азначае, што сёньня адзін даляр каштуе 2.140 беларускіх рублёў, а празь месяц-два ён будзе каштаваць 2.200, 2.300. То бок, каб набыць даляр, трэба будзе патраціць больш беларускіх рублёў. Але гэта ня нейкі абвал, гэта дэвальвацыя. Я мяркую, што ў бягучым годзе яна ня будзе сьмяротнай для грашовага звароту, устойлівасьці валюты і банкаўскай сыстэмы. І ніяк сур'ёзна не адаб'ецца на плацяжах на карысьць замежных партнэраў, тых жа немцаў. |
[ 16/01/2007 11:48 ] |
dzen dobry.S.Bagdankiewicz.?Na moj pogliad priszla pora Belarusam predjavit sczet rossii,za genocid nad naszim narodom v carskie i kommunisticzeskie vremena,za akupaciju,za czernobyl,za lukaszenkovskij rerzym kotoryj nam naviazan,za vse unirzenija i koneczno za tranzit.Soglasny Vy samnoj albo ne.Z pavagaj.Mikolaj Saskiewicz,Belarus.Warszawa,Polska.16.01.2007.r. |
Я не пагаджаюся з паважаным Мікалаем Саскевічам. Я мяркую, што быў генацыд царскага і камуністычнага рэжыму і супраць уласнага расейскага народа. Нават генацыд Сталіна супраць сябраў Камуністычнай партыі быў вялікі – ён выбіў амаль дзьве траціны гэтых сябраў. Таму я б не сказаў, што гэты генацыд быў толькі супраць беларускага народа – быў супраць беларускага, але й супраць іншых народаў.
Што да дыктатуры Лукашэнкі, то я лічу, што тут вялікая віна самога беларускага народа, які на першых прэзыдэнцкіх выбарах, калі была кандыдатура Пазьняка, Шушкевіча, ён усё-ткі прагаласаваў за дыктатара Лукашэнку, не разабраўшыся. Ну і фальсыфікацыі робіць не адзін Лукашэнка, а камісіі, у якіх нямала прадстаўнікоў інтэлігенцыі, настаўнікаў, лекараў, яны паводзяць сябе дрэнна, калі ўмацоўваюць дыктатуру. |
[ 16/01/2007 14:34 ] |
Паважаны спадар Багданкевіч!
Ведаю, што звычайна «рэзэpвовы фонд» урады трымаюць у замежных банках, нават Расея сваi 260 млрд. дол.$ А дзе «рэзэpвовы фонд» Беларусi?
Калi зараз Расея аддасьць дыктатару 41% (ад бюджэту РБ ), то колькi аддавала ў 2006, 1995?
ВАЛЕРЫ ГРЫЦУК |
Наш нацыянальны банк, гэтаксама як і іншыя цэнтральныя банкі – Расеі і г.д. – трымае свае рэзэрвы, залатавалютныя фонды ў іншых дзяржавах. Беларусь трымае ў асноўным у ЗША, у меншай ступні ў Эўразьвязе. І часткова трымае іх у каштоўных паперах, дзяржаўных каштоўных паперах ЗША, таму што яны лічацца найбольш ліквіднымі і найменш падвяргаюцца абясцэньваньню. Так было, калі я яшчэ быў старшынём Нацыянальнага банку, тое самае цяпер. Другое пытаньне, што рэзэрвы сёньня складаюцца з валюты і залатых запасаў. Залатыя запасы ў асноўным захоўваюцца ў Нацыянальным банку.
Наконт бюджэта: я перападлічыў гэтую суму, пасьля таго як пачуў заяву Пуціна пра гэтыя 41%, і налічыў трошкі менш – 25% прыкладна ад бюджэту Рэспублікі Беларусь спансіруе Расея для ўтрыманьня гэтага дыктатарскага рэжыму ў Беларусі. У іншыя гады Расея спансіравала трошкі менш, да 2001 году, таму што цэны на нафтапрадукты былі меншыя на міжнародным рынку, цяпер – большыя, таму падтрымка – ад 4 да 7 мільярдаў даляраў. А ў 1995 – 2000 гг. спансіраваньне было меншым, таму што цэны былі ў сьвеце былі ніжэйшыя на нафту і газ. Велічыню гэтага спансіраваньня мы лічым як розьніцу паміж усясьветнымі цэнамі, ўнутрырасейскімі цэнамі і цэнамі, па якіх пастаўляліся газ і нафта ў Беларусь. |
[ 16/01/2007 15:37 ] |
Станіслаў Антонавіч, ці праўда, што ў свой час, яшчэ да Лукашэнкі, былі надрукаваны грошы з "Пагоняй" і што яны недзе захоўваюцца да лепшых часоў? |
Гэта праўда, яны былі надрукаваныя ў Нямеччыне. Урад Кебіча выдзяліў Нацыянальнаму банку грошы для гэтай мэты. Кебіч, праўда, нядаўна адмовіўся ад таго, што даў на гэта грошы, але гэта праўда. Ён веў нейкую незразумелую палітыку – з аднаго боку хацеў аб'яднацца з Расеяй і перайсьці на расейскі рубель, з другога боку ў Нямеччыне правёў перамовы і нам перадаў тое, аб чым там дамовіўся, потым перамовы вёў мой намесьнік, і такія грошы ёсьць, з "Пагоняй" і з маім подпісам. Яны ляжалі да апошняга часу ў схованках Нацыянальнага банку, ня вядаю, ці ляжаць яны там сёньня, але думаю, што ляжаць. Гэта ўжо ня “зайчыкі”, а на іх вялікія грамадзяне Беларусі – Францыск Скарына, Максім Багдановіч, Якуб Колас, Янка Купала. Толькі Каліноўскага там няма, а іншыя вялікія грамадзяне Беларусі атрымалі сваё ўвекавечаньне на гэтых грошах. І Паўлінка там ёсьць – такі зборны вобраз беларускай дзяўчыны-прыгажуні. |
[ 16/01/2007 17:49 ] |
Станіслаў Антонавіч, у Вас тры сыны, але не чуваць, каб які-небудзь з іх пайшоў у палітыку. У той час, як А.Лукашэнка і ягоныя закадычныя апаненты А.Лябедзька і В.Вячорка прасоўваюўь сваіх нашчадкаў у палітыку, нават скарыстоўваючы службовае становішча.
Як Вы пракаменціруеце гэтыя тэндэнцыі?
Дзякуй.
Мікалай Шафарэнка |
Гэта праўда. Трэцяму сыну толькі 11 гадоў, ён яшчэ вучыцца ў шостай клясе гімназіі. Што да старэйшых сыноў, то яны працуюць – адзін працуе ў камэрцыйнай фірме наёмным працаўніком, ён калісьці скончыў наргас, другі таксама ў апошні год працуе ў будаўнічай фірме. Яны палітыкай не займаюцца, хаця падзяляюць мае дэмакратычныя погляды, падтрымліваюць мяне, на мітынгі ходзяць.
Да таго, што дзеці палітыкаў удзельнічаюць у палітыцы, я стаўлюся няблага, калі яны гэта робяць без пратэкцыі з боку бацькі. А калі Лукашэнка прызначыў, парушыўшы закон, свайго сына сябрам Рады бясьпекі – гэта ганьба, гэта азіяцкі такі мэтад, калі свайго сына ён праштурхоўвае ва ўладу. |
[ 16/01/2007 23:23 ] |
Вялiкi дзякуй, што не далi увесцi расiйскi рубель як адзiны плацёжны сродак Беларусi i Расii, калi былi старшынёй Нацбанка.
Вольга |
Я магу сказаць, што ў той час я ня быў палітыкам, я быў сябрам камісіі, якая вяла перамовы з расейскім урадам і цэнтральным банкам, і я разглядаў толькі артыкулы, якія тычыліся чыста грашовых, банкаўскіх, крэдытных пытаньняў. І ў пытаньні, дзе гаварылі пра тое, што мне патрэбна падпісаць перадачу актываў і пасіваў Нацыянальнага банку, якія належаць нашай дзяржаве, на балянс чужой дзяржавы, я, натуральна, на гэта пайсьці ня мог, і такія вось нормы катэгарычна адмаўляў. |
[ 16/01/2007 23:34 ] |
Станіслаў Антонавіч, чаму Вы былі супраць увядзеньня беларускай валюты, калі інфляцыя рубля пагражала жахлівымі наступствамі для беларускай эканомікі?
Дзякуй!
Ян (RightRevolution) |
Нацыянальная валюта, нацыянальныя грошы – гэта прыкмета самастойнасьці і сувэрэннасьці дзяржавы. Сувэрэнная дзяржава сама ўстанаўляе і грашовую адзінку, і памеры эмісіі, і працэнтную палітыку, валютную палітыку, валютны курс, абменны курс і гэтак далей. Спачатку ў нас была вялікая інфляцыя, і яна была выкліканая якраз тым, што ў нас не было сваёй грашовай адзінкі, нацыянальнай адзінкі – у нас быў савецкі рубель, рубель дзяржавы, якая ўжо не існавала. І 12 эмісійных банкаў самастойна, не каардынуючы выпускалі гэтыя грошы ў абарот, і гэта прывяло да гіпэрінфляцыі. І дзеля таго, каб незалежна ад іншых атрымаць перамогу ад інфляцыяй, трэба было быць сувэрэннай дзяржавай і мець сувэрэнны Нацыянальны банк. І гэта мы ўжо зрабілі, у канцы 1994 году ў нас фактычна была ўведзена нацыянальная валюта ў чацьвёртым квартале, а ўжо ў 1995 годзе мы стабілізавалі беларускі рубель у адносінах да даляра, і цэлы год у нас адзін даляр трымаўся на вышыні 11.500 беларускіх рублёў. |
[ 16/01/2007 23:51 ] |
Станіслаў Антонавіч, скажыце калі ласка, дзе можна пабачыць тыя грошы, што былі аддрукаваныя ў Нямеччыне? (Я маю на ўвазе іх узор, макет, фотаздымак - карацей увачавідкі паглядзець на іх зьнешні выгляд, няўжо ў вашым архіве нічога не захавалася?) |
Не, мы нават забралі ў нямецкіх нашых падрадчыкаў усю падрыхтоўчую частку і паклалі ў сховішча Нацбанку. Гэта ж грошы - а раптам я ў будучыні пачаў бы іх друкаваць, стаў махляром? Таму ўсё гэта, улучна з эскізамі, усе блянкі так званай "строгай адказнасьці" - усё захоўваецца ў архівах Нацыянальнага банку. Заўсёды можна было б іх выставіць у музэй на выставу, але сёньня яны закрытыя ў сховішчы. |
[ 16/01/2007 23:53 ] |
Якой назве для беларускай валюты ў будучыні мы павінны аддаць перавагу, а дакладней вы якой аддаеце? |
Гэтае пытаньне мы разглядалі на Прэзыдыюме вярхоўнага савета 12-га скліканьня. Разглядаліся два варыянты: талер і рубель. Акрамя Ніла Гілевіча, у той час ніхто талер не падтрымаў пры абмеркаваньні. (Пазьняка на пасяджэньні Прэзыдыюма ВС не было). Магчыма, нехта яшчэ ўстрымаўся. Я не магу сказаць, за якую назву я выступаў бы. Думаю, гэтае пытаньне трэба абасноўваць. Было шмат розных прапаноў. Магу толькі сказаць, што я супраць назвы "рубель", бо гэта расейская назва, і для сувэрэннай дзяржавы трэба мець сваю назву. |
[ 17/01/2007 07:55 ] |
У пачатку 90-х вы спрычыніліся да надрукаваньня сапраўдных беларускіх грошаў. Пры памяньшэньні інфляцыі, тыя рублі мусілі замяніць "разьліковыя білеты". Але пры зьмене ўлады, той праект нікому не патрэбны, бо на грошах беларускія асобы, а не бязьлікія будынкі. Вы казалі, што і зараз гэтыя грошы мусяць дзесьці быць. Надта хацелася б убачыць, як выглядалі тыя рублі. Ці ня ёсьць у вас дзесьці хаця б эскізы тых банкнот? І ці лічыце вы, што пры зьмене ўлады, мы мусім разьвіваць нацыянальную валюту а не імкнуцца да, скажам, эўра?
З павагай, Zmicier |
Я так адказаў бы на гэтае пытаньне: гэтыя грошы былі выпушчаны і згатаваныя на нашу замову ў Нямеччыне, займаўся іх надрукаваньнем больш за ўсё мой намесьнік Валянцін Васільевіч Заяш, я ўхваляў усе эскізы, працавалі мастакі – грошы былі прывезены і пакладзены ў сховішча і, можа быць, чакаюць свайго часу. Праўда, ня ведаю, ці ня сьпісаны яны ўжо на сёньняшні дзень з балянсу. То бок, яны ўлічваліся як блянкі грошай на небалянсавым рахунку, і паколькі затрачана на іх выраб і перавозку было амаль 20 мільёнаў даляраў, то іх ніхто ня сьпісваў.
Наконт эўра я думаю, што такой пэрспэктывы ў бліжэйшыя 15-20 год у нас проста няма, бо для гэтага трэба быць сябрам Эўразьвязу, а сёньня ні з адной пазыцыі мы не падрыхтаваныя да ўваходу ў ЭЗ – ні эканамічна, ні палітычна, ні па іншых пытаньнях. У нас дыктатура, і каб перайсьці, патрэбна шмат часу. Нават такія дзяржавы як Літва, Латвія, Эстонія і Польшча – і тыя адразу ня могуць перайсьці на эўра, там вялікія патрабаваньні, якія трэба выконваць, трымацца стандартаў у эканоміцы, рынкавай эканоміцы, трэба адмаўляцца ад так званага "ручнога кіравання" эканомікай, якім карыстаецца А.Лукашэнка і ягоны рэжым, і гэтак далей – то бок, мы не гатовы проста, таму я стаю за тое, што на пераходным этапе нам трэба быць самастойнымі, сувэрэннымі, мець сваю нацыянальную валюту. Апошнія гады паказалі, з 2000 году, што беларускі рубель можа быць устойлівы, цьвёрды. |
[ 17/01/2007 10:57 ] |
што бы вы рабілі. калі б былі старшынём нацбанку зараз -- у сувязі з расейскай зьменай палітыкі? |
Я б сказаў, што Нацыянальны банк і сёньня праводзіць найбольш разумную і найбольш рынкавую палітыку, і ў гэтым заслуга яго сёньняшняга кіраўніцтва, сёньняшніх прафэсіяналаў у кіраўніцтве Нацыянальнага банка. Дрэнна тое, што Нацыянальны банк не самастойны, што ён падпарадкаваны прэзыдэнту, ураду, старшыня Нацыянальнага банка зроблены сябрам ураду – гэта дрэнна, у бальшыні нармалёвых рынкавых краінах у любога цэнтральнага банку любой дзяржавы ёсьць аўтаномія. У нас гэтага няма, таму выканаўчая ўлада даводзіць да банка, колькі выдаць крэдыту на пасяўную кампанію, уборачную кампанію стратным прадпрыемствам і гэтак далей, і гэта дрэнна. Дрэнна тое, што нацыянальны прадукт у Беларусі прырастае ў апошнія гады па афіцыйным дадзеным на 8-10%, а крэдытная запазычанасьць эканомікі камэрцыйным банкам узрастае ў 4 ці нават больш разоў. То бок, ёсьць перакос, нарастае грашовы навес над нацыянальным прадуктам, што можа прывесьці да абвалу рубля й абвалу банкаўскай сыстэмы. Абвалу, можа, і ня будзе, калі рост эканомікі будзе 8-10% у год, але калі тэмпы росту зьнізяцца і стануць нулявымі, а гэтаму можа спрыяць падвышэньне цэнаў на энэрганосьбіты, расейскія газ і нафту, то гэта будуць вялікія цяжкасьці для беларускага рубля, беларускай эканомікі, беларускай банкаўскай сыстэмы. |
[ 17/01/2007 11:06 ] |
Станислав Антонович, с прошедшим Вас юбилеем!
В условиях сложившейся ситуации в российско-белоруских отношениях и уменьшением дотирования беларускай экономики со стороны России, как Вы считаете начнет ли руководство нашей страны рыночные преобразования или пойдет путем ужесточения государственного контроля в экономике и уничтожения предпринимательства? Какой Ваш прогноз?
Антон. Минск.
Спасибо. |
Мой прагноз, што ўсё-ткі ня вельмі шырокія, але прынамсі нейкія рынкавыя пераўтварэньні будуць. Хаця сярод апазыцыйных эканамістаў я знаходжуся ў меншасьці. Большасьць лічыць, што Лукашэнка вернецца яшчэ да большай адміністратыўнай, аўтарытарнай эканомікі, будзе сачыць, кіраваць "рукамі", што называецца, любым прадпрыемствам, даводзіць да любога прадпрыемства не агульныя падаткі, працэнты, а адмысловыя, для таго каб не дапусьціць сацыяльнага абвалу – гэта можа зьніжаць эфэктыўнасьць, але гэта можа падтрымліваць на плыву некаторыя стратныя прадпрыемствы. Я думаю, што калі цяжка ў гаспадарцы, трэба сабаку адвязваць, каб ён сам "пасьвіўся" – разьвіваць рынак, разьвіваць малы і сярэдні бізнэс, і такім шляхам можна будзе не дапусьціць зьніжэньня ўзроўню жыцьця беларусаў. І я думаю, што ўсё-ткі на сярэднім узроўні ў дзяржаўных кіраўнічых структурах ёсьць нямала прафэсійна падрыхтаваных людзей. Я гэта бачу, будучы сябрам рады па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысэртацый, дзе я і цяпер супрацоўнічаю, і я бачу, што ў Беларусі ня мала падрыхтаваных людзей, якія разумеюць, што безь пераходу на рынак ня можа быць палепшаньня эфэктыўнасьці, рэнтабэльнасьці, прыбытковасьці, стабільнасьці цэнаў і ўзроўню жыцьця. Таму я асабіста думаю, што ўсё-ткі Лукашэнка пойдзе на некаторыя, можа, няпоўныя, абмежаваныя, але некаторыя рынкавыя пераўтварэньні. |
[ 17/01/2007 11:35 ] |
Добры дзень паважаны Станіслаў Антонавіч!
Як Вы лічыте,калі пачнуць дзейнічать новыя сістемы гарантый заховання ўкладаў
фізычных асоб у банках, у сувязі з новым банкаўскім кодэксам ад 27.10.2006г.
Што яны рэальна дадуць насельніцтву?
Як Вы асабіста ацэньваеце узровень стабільнасті фінансава-банкаўскай сістемы
Рэспублікі Беларусь цяпер і ў бліжэйшы час і дзеянні ўлад у гэтым накірунку.
Усяго Вам найлепшага.
Дзякуй за адказ.
Ўладзімір. |
Я думаю, што ў кароткатэрміновым пэрыядзе часу беларускі рубель будзе больш-менш стабільны. Будзе інфляцыя і рост цэнаў, невялікая дэвальвацыя, але ў цэлым ён будзе стабільным, таму што ёсьць залатавалютныя рэзэрвы, больш чым адзін мільярд даляраў, ёсьць фонд нацыянальнага разьвіцьця – недзе 600 мільёнаў даляраў, то бок, ёсьць некаторыя амартызатары. Таму абвалу беларускага рубля ня будзе. Але ў пэрспэктыве – бо нам Расея дала 4 гады, і пасьля цэны на нафту і газ будуць агульнаэўрапейскімі, усясьветнымі, якімі будзе карыстацца беларуская эканоміка – і сёньня эканоміка не гатовая, усе гэтыя расейскія датацыі былі пушчаныя на спартовыя комплексы, крыху – на добраўладкаваньне гарадоў, але не на атрыманьне энэргазьберагаючай тэхналёгіі, не на тэхнічную рэканструкцыю і г.д. Таму я думаю, што ў нас можа быць абвал рубля, але ня ў гэтым годзе, а недзе бліжэй да 2011 году, калі рэжым Лукашэнкі ня зьменіцца, ня сыдзе ў адстаўку, калі ня прыйдуць прафэсіяналы і ня будуць праводзіць гэтыя даўно ўжо патрэбныя рынкавыя пераўтварэньні. |
[ 17/01/2007 12:16 ] |
Уважаемый Станислав Антонович!
Меня интересует такой вопрос: я взял кредит в долларах США на покупку жилья
в городе Солигорске на 10 лет. И теперь беспокоюсь: если в связи с подорожанием
энергоресурсов произойдет обвал белорусского рубля, и размер заработной платы
в пересчете на доллраы США резко упадет, то будет очень проблематично
выплачивать данный кредит. И теперь я очень жалею, что не взял кредит в бело-
русских рублях. Как вы считаете, насколько обоснованны мои опасения?
Заранее благодарен. Дмитрий. |
Вашыя хваляваньні маюць сэнс. Хаця за 10 год пагашэньня гэтага крэдыту шмат чаго яшчэ можа памяняцца. Але лепш сёньня было б мець крэдыт у нацыянальнай валюце, пры інфляцыі лепш за ўсё пагашаць інфляцыйнымі грашыма ўсе крэдыты. Крэдыты абясцэньваюцца для крэдытазаёмшчыка, калі ідзе дэвальвацыя, падзеньне рубля. |
[ 17/01/2007 12:56 ] |
Шаноўны Станіслаў Антонавіч, для беларускай палітыкі вы з'яўляецеся даволі незвычайнай асобай. І ня толькі па таму, што вы зрабілі для яе, але яшчэ і па таму, як вы у яе трапілі. Спачатку вы сталі сапраўдным Спецыялістам у сваёй галіне, зрабілі ўсё, што можна было зрабіць у тых умовах, потым годна пакінулі сваю пасаду і сышлі ў палітыку. Пры гэтым, змагаючыся за ўладу, вы выкарыстоўвалі той досьвед, які набылі за сваё жыццё (у тым ліку і на працы)...
Але, як мне падаецца, асноўная частка беларускай апазіцыйнай палітычнай эліты рабіла па-іншаму. Вучыцца жыццю яны прыйшлі ў палітыку. Канечне, яны навучыліся таму, чыму навучыцца было магчыма ў нашых умовах. Але, бадай што, адзіная спецыяльнасць, да якой рыхтуе сёняшняя беларуская палітыка, - гэта дэмагогія. Атрымліваецца, што калі сітуацыя ў краіне зьменіцца, да улады ў краіне прыйдзе генерацыя палітыкаў-дэмагогаў, і Беларусь адчуе адсутнасць людзей, якія здольныя рэфармаваць краіну.
Вы, як чалавек блізкі да нашага палітычнага сьвету, маглі б сказаць, ці насамрэч існуе такая праблема. І, калі існуе, ці ёсць магчымасць яе выправіць? |
Калі гавораць "апазыцыя", то супрацьпастаўляюць дэмакратычнай апазыцыі намэнклятуру, то бок, чыноўнікаў, якія знаходзяцца сёньня ва ўладзе. Я так не супрацьпастаўляю – можа, грамадзянскай пазыцыі не хапае ў многіх чыноўнікаў, якія сёньня пры ўладзе, але сярод іх нямала людзей, якія думаюць дэмакратычна, гатовыя праводзіць рынкавыя пераўтварэньні й г.д. Бо хто сёньня са мной у апазыцыі? Ня толькі ж я прафэсіянал, а там і Вайтовіч, там і Чыгір, і Сасноў, і Манаеў, і прафэсар Тарасаў, і шмат іншых. Я не хацеў бы называць працаўнікоў у самой сыстэме ўлады, якія на кухні думаюць па-іншаму, але, на жаль, служаць гэтаму рэжыму – але я думаю, што калі б да ўлады замест рэжыму Лукашэнкі прыйшлі неабавязкова з апазыцыі, а нават зь сёньняшняй намэнклятуры падрыхтаваныя, адукаваныя людзі, якія дэмакратызавалі б дзяржаву і павялі б неабходныя рынкавыя перабудаваньні, то я б сказаў, што гэта перамога дэмакратычнай апазыцыі. Няважна, хто прыйдзе да ўлады, важна, каб гэты рэпрэсіўны, адміністратыўны, антынародны рэжым быў заменены на іншы. А сярод маіх калег вельмі многа нармалёвых , прафэсійных людзей – юрыстаў, эканамістаў, вайскоўцаў – сярод нас жа ёсьць і палкоўнікі, і генэралы, і людзі з навуковымі ступенямі, званьнямі і г.д. |
[ 17/01/2007 13:04 ] |
Як вы думаеце, ці варта змяніць колер нашай революцыи? (з "джынса" на БЕЛЫ) ...бо мы цэлы год пераконваліся ў тым, што джынс - сымбаль смуты і паразы. |
Я падзяляю гэтую пазыцыю. Я лічу, што бел-чырвона-белы - гэта наш сьцяг, і тут, можа быць, мае сэнс памяняць колер... Але я ў такіх пытаньнях збольшага ня ўдзельнічаю, я займаюся эканомікай, асабліва ў апошнія гады. |
[ 17/01/2007 13:05 ] |
Ці можа змяніцца ўлада гэтай вясной? |
[ 17/01/2007 15:05 ] |
Мы заканчваем нашу онлайн-канфэрэнцыю. Вэб-рэдактар |
Уражаньні ад онлайн-канфэрэнцыі засталіся добрыя, людзі трымаюць руку на пульсе падзеяў у нашай дзяржаве. Я магу пажадаць ім толькі шчасьця й дабрабыту ў сёмым годзе новага тысячагодзьдзя. |
|
|