|
Руся (Марына Шукюрава)
Вакалістка гурту Indiga. Нарадзілася 15 сакавіка 1980 году ў мястэчку Церахоўка на Гомельшчыне. Марыць адыграць там вялікі канцэрт.
У ліпені 2003 году гурт Indiga перамог на рок-фэсьце Басовішча, а ў лютым 2006 году Руся атрымала рок-карону і тытул рок-князёўны на дзясятай "Рок-Каранацыі".
Мае свой блог і фэн-сайт. |
|
2003
2004
2005
2006 |
[ 05/11/2007 19:09 ] |
когда приедете в днепропетровск? :) |
Мы хацелі прыехаць у Днепр у мінулым месяцы, але не атрымалася дамовіцца з арганізатарамі. Мы зь цеплынёй ўспамінаем пра Ваш горад :) |
[ 05/11/2007 19:18 ] |
Прывітанне з Любліна! :) У мяне да цябе некалькі пытанняў.
1.Калі Indiga будзе ездзіць у Польшчу так часта, як на Украіну? :) у прынцыпе я ведаю адказ ("калі будуць запрашаць":)), таму пытанне наступнае:
2.Ці грае Indiga канцэрты "у ноль"? (без ганарара, але з аплочаным бензінам і харчаваннем)?
3.Калі ўсё ж-такі выйдзе другі альбом гурта Indiga? Ці вы над ім працуеце?
4.Якую будучыню ты бачыш для беларускага року? Будуць перамены (найдалей будуць дазваляць Краму, N.R.M. і г.д.) ці гэта "выпадковыя" дазволы?
5.Ты зараз працуеш на радыё. Ці думала аб тым, каб паспраьаваць сябе на тэлевізіі? Канал БелСат я маю на ўвазе. Як лічыш, ёсць увоўгуле будучыня ў гэтага каналу? Ці ён будзе запатрабаваны на Беларусі?
Дзякуй :) |
Прывітаньне!
1. Індыга шчасьлівая езьдзіць і ў Польшчу, і на Украіну. Што тычыцца менавіта Польшчы, то мы, здаецца, ніводны канцэрт там не адмянілі. Нас ня вельмі добра прымаюць палякі. Вось гурты з больш дынамічнай музыкай польская аўдыторыя любіць, а Індыгу чамусьці лічаць занадта “вумнай і цяжкай для ўспрыманьня”.
2. Так. Мы граем канцэрты ня тое што у “нуль”, часам здараецца, што і “ў мінус” :) Адзіная праблема – дамовіцца з усімі ўдзельнікамі гурту. Не скажу, што хлопцы прагнуць грошай, не. Проста часта такія канцэрты адбіраюць шмат энэргіі і ўласных грошай. Бывае, што прыедзеш “у нуль”, а пра цябе забудуцца, і то ежы не дачакаесься, то спаць прапануюць на падлозе. Бывала рознае :) рок-н-рол. Нармальна. Можна трываць.
3. Цяпер кожныя выходныя гурт плотненька працуе над альбомам. Шмат спрэчак пра стыль, гук, аранжыроўкі і тэксты. Хоць ты з псыхолягам альбом пішы. З-за таго, што праца над альбомам адбірае шмат часу, мы вырашылі пакуль што спыніць канцэрты і нармальна папрацаваць над запісам.
4. Будучыню? Хм… выдатнае пытаньне. Я нават для Індыгі будучыні асабліва не бачу, а Вы пра ўвесь рок-н-рол пытаецеся. Лічу, што забаронаў будзе хутка менш, бо існуючыя забароны асабліва нічога не зьмянілі. Хто хацеў музыкі – той застаўся (Крама сёньня здольная сабраць шмат слухачоў, хаця і нелегальна). Хто не хацеў музыкі – скінуў усё на “горкі лёс”. Натуральна, забароны гэта справа жудасная і сорамная, але трэба разумець хто і навошта займаецца музыкай. Для мяне гэта перш за ўсё асаблівая мова, спосаб стасункаў з людзьмі, арт-тэрапія, закуток, куды можна схавацца і адчуць сабе чалавекам, калі, здаецца, што нічога ў жыцьці не варта існаваньня. Таму пра будучыню разважаць гучна не стану. З таго, што заўважыла апошнім часам – так гэта больш прафэсійнае стаўленьне да музыкі і капіяваньне замежных гуртоў. Мала свайго застаецца, ні на што не падобнага.
5. Радыё мне падабаецца больш, таму што там большую вагу мае СЛОВА, а ня вобраз. Але я не супраць тэлевізіі. Паспрабаваць цікава. БелСат будзе запатрабаваным, калі запросіць прафэсіяналаў ці хаця б людзей, здольных да вельмі хуткай самаадукацыі. Цяпер такі вялікі выбар інфармацыйных каналаў, што, калі БелСат прапануе слабы і няякасны прадукт – атрымае слабую і няякасную аўдыторыю. Усю неабходную “альтэрнатыўную” інфармацыю можна і ў ЖЖ прачытаць :).
Дзякую за пытаньні! |
[ 05/11/2007 19:56 ] |
Вы самая красивая рок-вокалистка Беларуси, я впервые вас увидел в Луцке, реально челюсть отвисла. Насчет вопроса. кто ваш любимый современный белорусскоязычный писатель7 Какие ваши люимые группы (белорусские и иностранные)? Да и вы в Луцке исполняли песню на испанском (вроде) на каком она альбоме есть?
P.S. Приезжайте в Луцк всегда ждем!!! |
Дзякую! А каго Вы яшчэ з беларускіх вакалістак ведаеце, цікава?:) Улюбёны сучасны пісьменьнік ( я больш вершы чытаю) – ох, не магу маўчаць! – Андрэй Хадановіч, Вальжына Морт, Анатоль Сыс. Пра гурты складаней, бо добрай музыкі вялікая колькасьць. Давайце лепш па стылях прабяжымся хуценька. Джаз, idm, trip-hop, альтэрнатыўная музыка, этнічная. Ніколі не стамляюся слухаць Элу Фіцджэральд, Молі Джонсан, King Сrimson і Троіца. Не магу пра музыку доўга, бо зашмат словаў атрымаецца. Лянота Вам чытаць будзе.
Бліжэй да песьні на “гішпанскай”: гэта не гішпанскаяJ Песьня называецца “Танга на краі” (альбом Дні). Справа была такая – мне спатрэбіўся пэўны кавалачак тэксту на партугальскай мове. На жаль, партугальцаў побач не было, таму я знайшла як мага больш партугальскіх icq-карыстальнікаў і наўпрост прасьпявала іх імёны. Ну напрыклад: costre, codella nostre, nasemanabai_ma, kaffe_lavazzo і г.д. Дарэчы, калі песьня з’явілася на людзях, нейкія філёлягі нават спрачаліся, маўляў, што гэта за дыялект гішпанскай мовы апынуўся у Індыгі. Карацей, я шчасьлівая, што сеціўная кампіляцыя атрымалася падобнай на праўду і арганічна слухаецца ў песьні.
У Луцк – з радасьцю! Нават проста пабадзяцца. Данецкія калегі кажуць, што ў вас ёсьць некалькі цікавых клюбаў. Посьпехаў Вам і дзякую за пытаньні. |
[ 05/11/2007 20:14 ] |
Dzien' dobry, Rusia.
Ci u Vas iosc' pliany zavitac' da nas u Kaliforniju z kancertam?
Po'piehaw,
Alies' |
Алесь, Каліфорнія – маё слабое месца. Я была там толькі раз і ўжо, здаецца, ніколі не атрымаю візу наноў. Шыкоўнае месца. Калі б была магчымасьць зрабіць канцэрт – я была б удзячная лёсу. І не таму, што гэта іншая краіна, проста Каліфорнія нібыта дзяржава ў дзяржаве. Казачнае месца. Беражыце Сан Францыска! Наведайце за мяне музычную краму на Хейт стрыт, калі што. Дзякую. |
[ 05/11/2007 20:50 ] |
Марина, доброго дня!
Перед тем, как задать вопрос, я прослушал первые альбомы групп играющих «настоящую» музыку. Далее, наудачу, я прослушал песни из остальных альбомов, уделяя особое внимание последнему альбому. Пришел к выводу, что музыка и слова первых альбомов передают чувства, ощущения и эмоции всей группы, а также каждого участника. Далее музыка становиться качественнее – ведь запись идет в хороших студиях, где группа не щадит ни километры пленки ни денег. И вот – самый новый альбом показывает, что группа уже не для истинных любителей этого жанра, а для широких масс. Чаще, поклонники, обожающие свою группу не в восторге от такого. Больше альбомов для широких масс – больше амбиций, денег, популярности. Где находиться точка равновесия между преданностью своим-эмоциям-на-компакт-диске и продуктом для широких масс?
Андрей. |
Вітаю Вас, Андрэй. Хах, якое складанае пытаньне! Я апошнім часам шмат разважаю на гэты конт. Вы адчулі мае думкі. Пагаджуся з Вашымі назіраньнямі. Так і ёсьць, спачатку голае сэрца, потым голы прагматызм. Чаму? Мне здаецца, таму, што, калі музыка знаходзіцца на ступені “голае сэрца” – яго нічога больш не клапоціць. Гэта як смага. Ты гатовы выпіць што заўгодна, абы выпіць вады. Калі пачынаеш нараджаць музыку, адбываецца тое ж самае – ты гатовы граць у любых умовах, абы граць, бо музыкі так шмат унутры, што, калі не аддасі -- здаецца, згарыць нутро. Пазьней спыняесься, аглядаесься і заўважаеш, што так шмат аддаўся творчасьці, што больш нічога не засталося. Толькі ты і яна. Скажу шчыра, мала хто вытрымлівае такі саюз. Асабліва ў пост-савецкіх краінах, калі ўсё, на што ты прафэсійна здольны – гэта, скажам, сьпяваць. Калі ў Англіі, напрыклад, сыстэма абароны аўтарскіх правоў такая моцная, што можна напісаць адзін гіт і жыць сабе ў студыі да апошняга ўздыху не думаючы пра грошы. Але нават замежныя гурты хутка коцяцца ў камэрцыю. Пагаджуся, што самая разумеючая і блізкая аўдыторыя губляецца, але зьяўляецца тая, якая можа падтрымаць музыку іншымі сродкамі. Менш духоўнымі, але можа. Мне падаецца, што “кропка балянсу” у кожнага асабістая. Нехта не здаецца ўсё жыцьцё і застаецца самотным музыкай, што жыве толькі дзеля музыкі (як сп. Варашкевіч з гурту “Крама”, напрыклад). Нехта аднойчы сабе скажа, маўляў, як мяне гэткая галыцьба задзяўбла. Хачу нарэшце нармальнага жыцьця. Катэгорыю нармальнасьці кожны вызначае асабіста, таму дакладнага адказу на Вашае пытаньне я, на жаль, ня ведаю. Магу адказаць толькі за сябе. Мая кропка балянсу знаходзіцца недзе на маркеры “мне ня сорамна рабіць то, што я раблю”. Калі Вы, Андрэй, дачыталі гэта да канца – то Вашыя пытаньні шчырыя :) Дзякую. |
[ 05/11/2007 22:38 ] |
Зараз моладзь БНФ распачала кампанію абароны беларускіх музыкаў. Як Вы асабіста ставіцеся да гэтай ідэі? Чым моладзь можа дапамагчы апальным музыкам? Якія крокі зрабілі б Вы на іхным месцы?
Дзякуй! Жыве Беларусь! |
Вітаю! Я, шчыра кажучы, не ведаю, што гэта за кампанія. Як дапамагчы? Купляць дыскі і квіткі на канцэрт, гэта першае. Другое – трэба займацца прамоцыяй беларускіх музыкаў у інтэрнэце. Сеціва выратуе мастацтва, вось пабачыце. Хутка мэляманы забудуцца на дыскі і настане эра лічбавых файлаў. Пакуль рэсурсы кшатлту my space, last fm бесплатныя – трэба рухацца. Зрабіце вялікую базу дадзеных па музыках, праграмуйце сайты, перакладайце іх на замежныя мовы, стварайце акаўнты на музычных англамоўных рэсурсах і гэта, я лічу, будзе самай лепшай дапамогай. |
[ 06/11/2007 00:30 ] |
Руся, калі ты мне нарэшце падарыш абяцаны дыск???
МАрыйка:) |
Марыйка, любая мая :) Для цябе я прыхавала дыск. Так што ўсё будзе. Прабач мяне, легкадумную і слабую дзяўчыну. |
[ 06/11/2007 11:10 ] |
Руся, як вы ставiцеся да свабоднага кахання? |
Я разумею носьбітаў ідэі свабоднага каханьня, калі мы з Вамі пра адно і тое ж, але ў маім жыцьці я свабодна кахаю аднаго мужчыну. Мне цяпер 27 год і вар’яцкія вопыты з сэксуальнасьцю, здаецца, скончыліся і пачаўся пэрыяд сталых, глыбокіх узаемаадносін. Я абсалютна спакойна стаўлюся як да місіянэрскай позы, так і да тантрычных практык, але ўсё ж-такі імкнуся да гармоніі з адным чалавекам. Мне падаецца, што “свабодна кахаць” каго лёс пасылае – гэта вельмі проста. Ну вось зьявіўся чалавек, сэрца выскоквае, жарсьці заглынаюць, вострыя эмоцыі… а потым прачнулася і адчула, што нічога не засталося. Прэч ад такога! Айда шукаць новага носьбіта сэкс-ін’екцыі! Проста, праўда? Проста жыць і ні ў чым сабе не адмаўляць. А вось быць адказным за аднаго чалавека, песьціць жарсьці і эмацыйныя хвалі з адным чалавекам – гэта падобна на мастацтва. Разьвівацца штодзень побач з адным чалавекам – гэта складана. І цікава адначасова. І адчуваньні зусім іншыяJ Асалоду ад назіраньня за нараджэньнем гармоніі паміж дваімі не параўнаць нават з гарачай сьвінг-вечарынай. Самае важнае ў каханьні для мяне -- гэта шчырасьць. Нават калі мой любы кінецца ў сэксуальныя экспэрымэнты, я яго падтрымаю, калі шчыраваньні не зьменяцца агіднай здрадай. Хаця гэта і складана. Гарачая матуліна кроў часам ускладняе маё прыватнае жыцьцё. |
[ 06/11/2007 11:42 ] |
Руся, Набыць беларускія дыскі амаль немагчыма асабліва па-за Менскам і за мяжой. Усё больш пашыраецца абмен музыкай у сеціве. Вашае меркаваньне аб інтэрнэт-пірацтве. Маю на увазе некамэрцыйны распаўсюд запісаў беларускіх гуртоў, у тым ліку вашага, у інтэрнэце.
Пірат. |
Нармальна я стаўлюся да інтэрнэт-пірацтва. Я сама такая ж піратка. Музыка ў сеціве вельмі сьвежая справа, таму спатрэбіцца шмат часу, пакуль інтэрнэт рэсурсы знойдуць схему, якая дапаможа ім структураваць гэты бізнэс. Таму, пакуль музыку можна легальна пампаваць нахаляву – карыстайцеся, калі ласка. |
[ 06/11/2007 13:48 ] |
Вітаю! Вось такое пытаньні ў мяне=)
Як Вы, Марына, ставіцеся да праблемы разьвіцця маладых рок-, панк-,метал- гуртоў у нашай краіне? Ці лічыце Вы, што музыкай можна зарабляць добрыя грошы (на Беларусі)? І хто робіць у нас музычнае "надвор'е" Захад ці Ўсход?
Дзякуй!
int13h |
Прывітаньне. А што за праблемы ў разьвіцці маладых рок-, панк-, мэтал- гуртоў? Ня ведаю, што Вы маеце на ўвазе, таму давайце мысьліць глябальна :) Якую б музыку Вы ня гралі, важна памятаць пра тое, што рана ці позна перад Вамі паўстане выбар -- музыка ці нешта іншае. У гэты момант і стане зразумелым, ці ёсьць у Вас праблемы развіцьця. Якія б праблемы Вас не турбавалі, музыка альбо існуе ў Вас саміх, альбо не. У Беларусі грошы зарабляць можна чым заўгодна. Музыкай таксама. Прафэсійнай музыкай (як Apple Tea) альбо музыкай на продаж (як сучасныя беларускія зоркі эстрады). Але па вялікім рахунку і першыя і другія людзі небагатыя. Толькі што першыя духоўныя мільярдэры :) |
[ 06/11/2007 14:48 ] |
Руся, прывітанне!
Якое месца ў тваім жыцці займае беларуская мова?
Дар'я |
Шаноўная Дар'я. Ня стану хлусіць. Беларуская мова для мяне слабое месца. Мне падаецца, што хутка яе не стане. Мне хацелася б, каб гэтага не адбылося, але нават я не размаўляю на мове штодзень. На працы, зь беларускамоўнымі сябрамі -- так, але штодзень -- не. |
[ 06/11/2007 16:11 ] |
ой, руся, я ня буду нічога пытацца, я толькі хацеў сказаць:
ОЙ, РУСЯ, ТЫ ТАКАЯ ПРЫГОЖАЯ!!! (8 |
Дзякую :) вельмі прыемна. |
[ 06/11/2007 16:57 ] |
чаму Вы так любіце рэ-мінор? |
Таму што будысцкія манахі некалькі стагоддзяў таму высьветлілі, што менавіта рэ-мінор адкрывае чакры чалавечага цела, якія адказныя за унутраны сьвет і сэксуальнасьць. Як толькі мы пра гэта дазналіся, вырашылі скарыстацца вопытам мудрых мысьляроў. Цікава, але гэта працуе! |
[ 06/11/2007 17:26 ] |
Dzien dobry Maryno!
Pytannie maju nastupnaje: ci mažliva z vami paznajomicca asabista?
Z pavahaju,
Max |
Макс, натуральна мажліва. Адданыя індыгавыя фэны сябруюць з намі, як сябруюць звычайныя людзі :) |
[ 06/11/2007 17:28 ] |
I druhoje pytannie, ci spiavajecie pa-angelsku? I bielaruskaja mova - vypadkova?
Max |
Я сьпяваю і на ангельскай мове, але па-за межамі Індыгі. Індыга гэта выключна беларускамоўны праект, бо ў нас на гэты конт сур’ёзныя мэты. |
[ 06/11/2007 18:44 ] |
Скажите пожалуйста, когда Вы в очередной раз с концертом посетите город Донецк? |
Мой шаноўны Данецкі сябар, на жаль я не магу адказваць на такія пытаньні, бо зарганізаваць канцэрт справа марудная і складаная, таму дазвольце мне не кідацца пустымі абяцаньнямі, добра? :) У Данецк мы заўсёды едзем з асаблівым настроем :) Калі Вас цікавяць даты, наведвайце раз-пораз наш сайт, мы хуценька паведамляем пра канцэрты у разьдзеле “афіша”. Дзякую за тое, што Вы побач. |
[ 06/11/2007 19:25 ] |
Jakija chlapcy tabie padabajucca?:) |
[ 06/11/2007 19:26 ] |
Jakoje tvajo stanovishcha dumki: sacyjalistka, kamunistka, nacyjanalistka...? |
я эклектычная будыстка і веру, што менавіта такі погляд на рэчы нарэшце аб’яднае вакол сябе народы сьвету. Мы, эклектычныя будысты, верым, што любое здарэньне вызначае будучыню, але ў той жа час, мы дазваляем сабе есьці мяса і трымаць дома жывёл. |
[ 07/11/2007 08:56 ] |
Вы ўдзельнічалі ў дубляжы фільма "Шрэк-2". А ў дубляжы якой стужкі марыце паўдзельнічаць? |
«waking life». http://en.wikipedia.org/wiki/Waking_Life
Гэтую кінастужку мне аднойчы паказаў Янук Латушка і «waking life» стаў маім любімым фільмам.
|
[ 07/11/2007 08:57 ] |
Ці падзяляеце вы беларусаў на "ўсходнікаў" і "заходнікаў"? |
[ 07/11/2007 08:58 ] |
Каго зь беларускіх палітыкаў вы лічыце сэксуальным? |
[ 07/11/2007 08:58 ] |
У чым самая галоўная праблема беларускіх мужыкоў? |
Лянота і жыцьцё па прынцыпу “ ай… ёсьць яшчэ час. Можа пашанцуе”. Але ад такой ляноты нашыя мужыкі вельмі крэатыўныя. |
[ 07/11/2007 11:19 ] |
Руся, ці пагодзіцеся вы са словамі, што прыватнае жыцьцё і творчасьць узаемазьвязаныя? Ці мае права немаральны чалавек займацца творчасьцю? |
Пагаджуся. Шмат хто з музыкаў скажа вам, што нееееее... творчасьць гэта іншае, насамрэч у жыцці я не такі. Хлусяць! Творчасьць гэта адна з ідэнтыфікацый чалавека. Скажам, музыка дазваляе распавесьці ўсё самае інтымнае, але пры гэтым ёсьць такая добрая адмазка, як "лірычны герой". Немаральны чалавек... складаная фармулёўка, бо хто яго ведае якая ў нас з вамі "мараль"? Можа немаральнае для Вас -- нармальнае для мяне і наадварот. Ну і мастацтва вычварэньняў заўсёды прыцягвала ўвагу, таму дыскутаваць пра права займацца творчасьцю няма сэнсу. |
[ 07/11/2007 11:42 ] |
1) Руся, што паўплывала на Вас у жыцці больш за ўсё? Ці можа гэтых рэчаў было некалькі - у розныя перыяды.
2) Чым Вы займаецеся ў жыцці акрамя музыкі? Ці атрымліваецца спалучаць ў працы матэрыяльнае задавальненне і духоўнае ?
3) Як вы "дакаціліся да таго, што разгаварываеце і паёце на беларусскам языке" ? :-) |
1) Бацькі. Мяне моцна ўразіў лёс маёй матулі. Калі я вырасла і паглядзела на яе жыцьцё збоку, то шматлікія рэчы прымусілі мяне глядзець на сьвет зусім па-іншаму. Пазьней не стала таты і гэтая страта навучыла мяне цаніць блізкіх і больш жыць адным днём. Пасьля таты сыйшоў брацік, які шмат год ляжаў прыкаваны да ложку. Брат заўсёды размаўляў са мной пра чалавечыя ўзаемаадносіны, пра здольнасьць прабачаць і цаніць духоўнае больш за матэрыяльнае, а думкі чалавека больш за яго прыгожую зьнешнасць.
2) Цяпер я працую на радыё. Час ад часу раблю пераклады і вучу людзей ангельскай мове. Радыё гэта мая асноўная праца і я шчасьлівая ад таго, што тут я магу вельмі гарманічна спалучаць грошы і духоўнасьць.
3) Неяк на Украіне мяне апанавала лінгвістычная зайздрасьць, калі я пачула, што бОльшая колькасьць людзей размаўляе на роднай мове. |
[ 07/11/2007 11:56 ] |
Do you like "Rolling Stones" and their "I can get no satisfuction ..."? |
I do! As well as I am actually satisfied. (Так, падабаецца. Ну і я збольшага ўсім задаволеная) |
[ 07/11/2007 12:05 ] |
Якія рэчы могуць "выбіць з каляі", прымусіць забыць на ўсе справы і прасядзець дзень дома?
Што замінае пакуль што зьдзейсьніць мару адыграць канцэрт у Церахоўцы? |
1) Здаецца, што нічога. Бывае вельмі рэдка такое і выключна ад стомленасьці.
2) Складана “выбіць” залю для канцэрты і дорага прывезьці абсталяваньне з Менску, каб агучыць канцэрт. Хацелася б не толькі Індыгу прывезьці.
|
[ 07/11/2007 12:26 ] |
Руся, ваш гурт называецца Indiga. Чаму ты зараз у адказах на ўсе пытаньні пішаш Індыга? Гэта ж ня слушна :)
Лёлік |
Лёлічка, якая розьніца па вялікім рахунку? Indiga па-ангельску, Індыга па-наску. Абы за музыку сорамна не было. |
[ 07/11/2007 13:15 ] |
Вэбмайстар: Завяршаем онлайн-канфэрэнцыю. |
Дзякую усім за пытаньні! Я чакала, што будзе адзін сум пра маршы і палітыку, калі шчыра. А тут цёплая такая размова атрымалася. Прыемна, што слухачы Радыё Свабода цікавяцца беларускай музыкай і сучаснай культурай увогуле. Не губляйцеся, шаноўныя, у навамодных плынях дурасьці. Людзьмі заставайцеся і шчыра кахайце кожную хвіліну свайго жыцьця. Добрага усім настрою, абдымаю! |
|
|