[ svaboda logo ] [ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
форум  


25 Верасьня 2007
Ўладзімер Арлоў
У аўторак, 25 верасьня, а 19-ай гадзіне паводле менскага часу на вэб-сайце Свабоды адбылася онлайн-канфэрэнцыя з пісьменьнікам, аўтарам кнігі “Імёны Свабоды” Ўладзімерам Арловым.

Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, удзельнічаў у самвыдатаўскіх альманахах "Мілавіца" і "Блакітны ліхтар". Першая кніга выйшла ў 1986 годзе. Аўтар больш як дваццаці кніг прозы, паэзіі, эсэ і гістарычных нарысаў. Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны (1991) , ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭH-цэнтру. З 1988 году сябра Рады "Мартыралёгу Беларусі". Пасьля ўтварэньня БНФ, 30 кастрычніка 1988 году, разам зь Зянонам Пазьняком выступіў падчас мітынгу ў Курапатах, які быў жорстка разагнаны міліцыяй.

Віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру.

Творы перакладзеныя на дваццаць пяць моваў. Любімыя заняткі: езьдзіць у Полацак і па ўсім сьвеце, гутарыць зь сябрамі за шклянкай чырвонага віна, сьмяяцца з таго, што сьмеху варта.
19.12.2006
Ваша Свабода
10.01.2007
Аляксандар Рар

17.01.2007
Станіслаў Багданкевіч

24.01.2007
Алег Трусаў

31.01.2007
Станіслаў Гусак
07.02.2007
Алесь Бяляцкі

14.02.2007
Аляксандар Мілінкевіч

20.02.2007
Анатоль Лябедзька
28.02.2007
Аляксандар Вайтовіч
07.03.2007
Навошта ўлады ўшаноўваюць Суворава?

14.03.2007
Юры Хашчавацкі

21.03.2007
Віктар Івашкевіч

28.03.2007
Івонка Сурвіла
04.04.2007
Малады фронт

11.04.2007
Аляксей Марачкін
18.04.2007
Валерыя Навадворская
25.04.2007
Іван Нікітчанка

02.05.2007
Жанна Літвіна

09.05.2007
Сяргей Драздоўскі

16.05.2007
Сакрат Яновіч

23.05.2007
Аляксей Янушэўскі

30.05.2007
Малады фронт

07.06.2007
Віктар Шэндэровіч
13.06.2007
Барыс Нямцоў
20.06.2007
Аляксандар Ярашук
27.06.2007
Уладзімер Падгол
04.07.2007
Карэн Ст’юарт
11.07.2007
Анатоль Шумчанка
18.07.2007
Алег Алкаеў

25.07.2007
Паэт Уладзімер Някляеў

29.07.2007
Андрэй Хадановіч.

08.08.2007
Валянцін Мацкевіч
15.08.2007
Валянцін Голубеў
08.01.2007
Сьвятлана Алексіевіч
29.08.2007
Леанід Путырскі
05.09.2007
Павал Севярынец
12.09.2007
Станіслаў Шушкевіч
19.09.2007
Віталь Сіліцкі
10.10.2007
Аляксандар Мілінкевіч
17.10.2007
Віктар Івашкевіч
24.10.2007
Юры Беленькі
31.10.2007
Леанід Маракоў
07.11.2007
Руся (Марына Шукюрава)
11.01.2007
Давід Какабадзэ: падзеі ў Грузіі
21.11.2007
Алесь Ліпай
27.11.2007
Райнэр Лінднэр
12.05.2007
Барыс Нямцоў
2003  2004  2005  2006
[ 24/09/2007 14:13 ]
Што для Вас было найбольш цяжкім у працы над новай кнігай - сабраць матэрыял пра герояў альбо ўмясьціць яго ў такую сьціслую, лаканічную форму?
Героямі маёй кнігі сталіся асобы, якія прайшлі праз мой лёс, паўплывалі на мае погляды, на характар. Шмат зь кім я быў знаёмы асабіста. многімі час разьвёў нас на цэлае стагодзьдзе, але гэтыя людзі таксама блізкія мне і, безумоўна, добра знаёмыя. Дарэчы, пра некаторых (як, прыкладам, пра Ігната Грынявіцкага альбо Аляксандра Незабытоўскага) я некалі напісаў апавяданьні. Таму ў працы над "Імёнамі Свабоды" галоўнай творчай праблемаю якраз было зьмясьціцца спачатку ў 2-х хвілінны фармат перадачы, а затым у разгорт кнігі, на якім быў яшчэ і партрэт героя.
[ 24/09/2007 14:48 ]
Ўладзімер Арлоў, вы бы хацелi каб вашыя творы ўвайшлі ў школьныя падручнікі?
Мае творы да гэтага навучальнага году былі ў школьных праграмах. Цяпер з прычынаў, пра якія Свабода ўжо не аднойчы апавядала, разам з творамі маіх паважаных калегаў з "нячэснага" і "нехарошага" Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, яны з падручнікаў выключаныя. За выняткам некалькіх тэкстаў для пазакляснага чытаньня. Вядома, я не супроць, каб мае кнігі ізноў вывучаліся ў школах, але, зрэшты, галоўнае, усё ж, відаць, ня гэта, а тое, каб яны мелі чытачоў. Прэзэнтацыі "Імёнаў Свабоды" у Менску і ў Магілеве засьведчылі, што гэтыя чытачы ёсьць. Дарэчы, я ўжо атрымаў сем запрашэньняў на прэзэнтацыю, у тым ліку ў Горадню, Гомель, Воршу. у мой родны Полацак.
[ 24/09/2007 15:04 ]
Ўладзімер! Сцьвяржаюць, што Маскву будавалі (ўтым ліку і ) падлнныя беларусы. Для раўнавагі пацьвердзьце ці обвергніце сцьвяржэньне, што і другія сталіцы таксама будавалі беларусы. А то неяк несыметрычна атрымліваецца. Л.
У будаўніцтве Масквы сапраўды бралі ўдзел беларусы, асабліва гэта тычыцца сярэдзіны 17-га стагодзьдзя, калі ў часы самай страшнай у нашай гісторыі вайны з Расеяй, якая скараціла насельніцтва Беларусі ўдвая, туды, у расейскую дзяржаву, былі пераселеныя 300 тысяч нашых суайчыньнікаў. Іх, дарэчы, сялілі ў адмысловай Мяшчанскай слабадзе, калі казаць пра Маскву. І ў 2-ой палове 17 стагодзьдзя беларусы складалі адну пятую частку маскоўскага жыхарства. Але глыбока памыляецца той, хто думае, што гэта была простая працоўная сіла. Беларусы былі высокапрафэсійнымі майстрамі -- кафлярамі, разьбярамі, друкарамі, гарматнікамі. Да прыкладу, менавіта нашыя суайчыньнікі стварылі ўнікальны пяціярусны разьбяны, з пазалотаю 84-ох калёнавы іканастас Смаленскага сабору Новадзявачага манастыра ў Маскве. А таксама аздобілі дзесяткі ўнікальных помнікаў маскоўскай архітэктуры. Вельмі шмат беларусаў працавала ў Залатой, Срэбнай, Збройнай, Майстроўнай палатах Маскоўскага Крамля. Больш падрабязна пра гэта можна даведацца з разьдзелу "Беларусы ў Масковіі" маёй кнігі "Краіна Беларусь". Нагадаю, што Расея засталася далёка ў баку ад агульнаэўрапэйскіх эпохаў Рэнэсансу і Рэфармацыі. Перасяленцы за значна больш перадавой на ой час Беларусі спрыялі разьвіцьцю ў суседняй дзяржаве ня толькі рамёстваў, але і пісьменства, мастацтва, мэдыцыны, фмлязофскай і грамадзкай думкі. Менавіта беларусы прынесьлі усходнім суседзям аб'ёмную разьбу, запачаткаваўшы гэтым у Расеі разьвіцьцё скульптуры. А Сямён Полацкі зьдзейсьніў у расейскай дзяржаве цэлую культурную рэвалюцыю, стаў там першым прафэсыйным пісьменьнікам, адчыніў там першы тэатр, напісаў праект першай у Расеі вышэйшай навучальнай установы. Адчыніў сваю незалежную ад патрыярхавай цэнзуры друкарню. каб ацаніць маштаб гэтага чыну, скажу, што колькасьць друкарняў адразу падвоілася -- была адна, а стала дзьве. Дзеля параўнаньні: у нас, у Рэчы Паспалітай, куды ўваходзіла і Вялікае Княства Літоўскае, тым часам дзейнічалі 134 (сто трыццаць чатыры) друкарні.

Я не зусім разумею другую частку Вашага пытаньня наконт "раўнавагі" з іншымі сталіцамі. Ёсьць шмат прыкладаў, калі нашыя майстры працавалі ў іншых краінах і іншых сталіцах. У Замкавай капліцы Любліна і ў капліцы сьв. Крыжа ў Кракаўскай катэдры захаваліся цудоўныя беларускія фрэскавыя размалёўкі 15-га стагодзьдзя. Тады Кракаў быў сталіцай Польскага каралеўства, і нашы майстры працавалі на запрашэньне караля Ягайлы. Такіх прыкладаў, калі геній і талент нашых суайчыньнікаў пакінуў сьлед у гісторыі іншых народаў і іншых сталіц -- можна прывесьці безьліч.
[ 24/09/2007 15:35 ]
Спадар Ўладзімер, а чаму "Наша Нiва - першая беларуская газэта", калi яна трэцяя: першая была Мужыцкая праўда, другая - Наша Доля? Сяргей, Узда
Шаноўны Сяргей, у пэўным сэнсе Вы маеце рацыю -- ў сьцьверджаньні, што "Наша Ніва"- першая беларуская газэта ёсьць, безумоўна, недакладнасьць. Бо першай газэтай на беларускай мовы была выдаваная Кастусём Каліноўскім "Мужыцкая праўда". Гэта была нелегальная газэта, якая, хоць і адыграла вялікую ролю, але ўсё ж яна мела абмежаваную чытацкую аўдыторыю. Другая газэта -- "Наша доля" -- выйшла толькі шасьцю нумарамі, зь якіх чатыры былі сканфіскаваныя паліцыяй. І менавіта " Наша Ніва" здолела зрабіцца народнай агульнабеларускай газэтай, якая мела падпісчыкаў ня толькі ва ўсіх кутках Беларусі. Скажам, за першыя тры гады яна надрукавала каля тысячы карэспандэнцый з пяцісот вёсак мястэчак і гарадоў беларускіх. "Наша Ніва" мела падпісчыкаў у ЗША, Чэхіі, францыі, іншых краінах сьвету. На старонках "Нашай Нівы" адбывалася выпрацоўка нормаў беларускай літаратурнай мовы. Там дэбютавалі нашы клясыкі, у тым ліку Максім Багдановіч, Зьмітрок Бядуля. У "Нашай Ніве" упершыню пабачылі сьвет купалавы "Курган” і “Бандароўна”, урыўкі з "Новай зямлі" Якуба Коласа. І "Наша Ніва" была цэлай эпохаю ў беларускім Адраджэньні 20 стагодзьдзя.
[ 24/09/2007 15:37 ]
Цi ўдзельнiчалi вы ў стварэньнi помнiка Усяславу Чарадзею ў Полацку? Кастусь, Вiлейка
Дарагі Кастусь, я ня скульптар і не архітэктар, таму непасрэдна ў стварэньні помніка ня ўдзельнічаў. Але думаю, што ўсё ж паспрыяў ягонаму зьяўленьню, бо ўжо гадоў дваццаць агучваў пры любой зручнай нагодзе гэтую ідэю, у сваіх выступах і ў публікацыях, у тым ліку і ў кнізе "Таямніцы полацкай гісторыі", якая вытрымала чатыры выданьні. Я рады, што да гэтай ідэі прыйшлі мэр Полацку Уладзімер Тачыла, і колішні дырэктар Полацкага Нацыянальнага гістарычна-культурнага запаведніка Мікалай Ільніцкі, які, на вялікі жаль, не дажыў да зьяўленьня помніку і стаў героем маёй кнігі "Імёны Свабоды". Між іншым, я ня быў прыхільнікам праекту Аляксандра Прохарава, які ўрэшце і быў ажыцьцёўлены. Мне больш імпанаваў праект Алеся Шатэрніка. І цяпер уяўляецца, што гэты праект, пасьля пэўнай дапрацоўкі, мог бы пераўтварыцца ў менскі помнік князю Усяславу. Бо менавіта з імем гэтага князя, будаўніка нашай першай дзяржавы, Полацкага княства, зьвязаная першая ўзгадка ў летапісу пра нашую сучасную сталіцу.
[ 24/09/2007 16:21 ]
1) Jak da vas pryjshla bielarushcyna, patryjatyzm? Ci bylo heta u vas ad naradzhennia, albo usviadomili paznej? 2) Jak vy stavicesia da sucasnych palitycnych silau, a dakladnej da KDS i KChP-BNF. Jak stavicesia da asobau Pazniaka, Viacorki, i Milinkievica? Z pavahaju, Kastus Kapialush.
Генэтычна я быў беларусам, і закладзенае самой прыродаю ўзгадоўвала несьвядома, а можа і сьвядома мая бабуля Аўгіньня, эсэ пра якую завяршае кніжку "Імёны Свабоды". А канчаткова далучылі мяне да беларускага нацыянальнага космасу "Песьняры". Тады яны яшчэ называліся "Лявонамі", а я быў дзесяціклясьлнікам. Як гэта здарылася, я пішу ў сваёй кнізе ў эсэ, прысьвечанаму Ўладзімеру Мулявіну – на вялікі жаль, я так і не пасьпеў расказаць яму пра гэты выпадак...

2) Я прыхільна стаўлюся да ўсіх палітычных сілаў, якія вядуць змаганьне за незалежную, дэмакратычную, эўрапейскую Беларусь. Я глыбока перажываю той факт, што няма адзінства гэтых сілаў, і я думаю, што калі адзінства ўсіх нацыянальна-дэмакратычных беларускіх сілаў будзе дасягнутае, тады мы зможам казаць, што зьявіліся рэальныя падставы для зьмены палітычнай сытуацыі ў краіне.

3) Зноў жа, мне па-свойму імпануе кожная з гэтых асобаў сваёй беларускай, дэмакратычнай, спраўджанай часам пазыцыяй, і мне хочацца, каб гэтыя лідэры знайшлі паміж сабою паразуменьне, чаго так не хапае беларусам у пэрыяд прэзыдэнцкіх дый парлямэнцкіх выбараў, калі можна казаць пра парлямэнцкія выбары ў Беларусі...

Дарэчы, менавіта ў сядзібе БНФ пры непасрэдным удзеле Вінцука Вячоркі і была наладжаная прэзэнтацыя кнігі "Імёны Свабоды", якую мы ня здолелі правесьці ні ў якой іншай менскай залі, дзе, як нам адказвала адміністрацыя, альбо бясконца праводзіліся тэатральныя рэпэтыцыі, альбо некалькі месяцаў павінен быў адбывацца рамонт электраабсталяваньня і г.д. Дарэчы, я такую сабраў маленькую калекцыю пісьмовых адказаў – чытаючы іх, можна пазабавіцца... Але я думаю, што тыя людзі, якія адмаўлялі, у прыватнасьці, у Палацы мастацтваў – яны ня страчаныя для Беларусі, для свабоды, таму што яны прасілі, каб я падараваў і падпісаў ім кнігу, прэзэнтацыю якой яны не маглі дазволіць – можа быць, не па сваёй волі.
[ 24/09/2007 17:40 ]
Дзень добры, сп Арлоў! Маё прозьвішча Яўген Мурашка, мы з Вамі сустракаліся ў Празе ў 2004г. на дзень Волі разам з Ганнай Сурмач і Галінай Арцёменка. Вельмі ўдзячны Вам за Вашу працу на карысьць нашай Бацькаўшчыны. Мы таксама зараз працуем над адраджэньнем нашага мінулага а дакладней адшукваем нашыя старажытныя беларускія шляхецкія рады.Аднак гэта праца для нас новая і патрабуе адмысловага досьведу. Не маглі бы Вы нейкім чынам з намі супрацоўнічаць ў гэтым накрунку? Перакананы, што цяперашнім нашчадкам такіх закамітых радоў як Астроўскія, Статкевічы, Дашкевічы,Аскерка і тысячам сёньнешніх патрыётаў, будзе вельмі цікава ведаць аб тым што яны з гонарам носяць прозьвішчы сваіх знакамітых продкаў.І яшчэ. Мы вельмі бы былі Вам ўдзячны калі б атрымалі ад Вас адзін асобнік Вашай новай кнігі "Імёны Свабоды" Плённай Вам працы З павагай Яуген Мурашка, Галіна Арцёменка. Нямеччына. Наш е.маіл - zbn42@mail.ru
Дарагія мае сябры зь Нямеччыны! Думаю, вы атрымаеце асобнік кнігі, зьвярнуўшыся непасрэдна ў праскую рэдакцыю Свабоды.

Што да росшукаў у справе старажытных беларускіх родаў, дык параю Вам зьвярнуцца непасрэдна да спэцыялістаў у гэтай сфэры, а менавіта, да Уладзіслава Вяроўкіна-Шалюты, да Леаніда Акаловіча і Анатоля Грыцкевіча.
[ 24/09/2007 17:59 ]
Чаму ў кнізе няма пра Зянона Пазьняка?
Зянон Пазьняк ня раз узгадваеца ў кнізе, і ў тэксьце, і ў пайменным паказьніку. Але героямі эсэ былі тыя, чый зямны шлях ужо завяршыўся. Я хачу пажадаць Зянону Станіслававічу Пазьняку яшчэ доўгіх гадоў жыцьця.
[ 24/09/2007 18:09 ]
Пытаньне наконт паказьніка асобаў. Я прачытаў, што Вы ўпершыню ўвялі тут перыядызацыю. Як Вы вызначылі, у чым розьніца паміж "нацыянальна-вызвольным рухам" (пачатку 20 стагодздзя, 1920-1930 гады ў Захадняй Беларусі), "нацыянальна-культурніцкім рухам" (1960-1980 гг), "нацыянальна-дэмакратычным рухам" (канец 1980-пачатак 21 стагодзьдзя). А ёсьць яшчэ і "паваенны збройны антысавецкі Супраціў 1940-ых", і "інтэлектуальная антыкамуністычная апазыцыя 1960-1980..."
У працэсе працы над кнігай я сутыкнуўся з тым, што нават у энцыкляпэдычных даведніках асобы, так бы мовіць, з адной кагорты, з аднаго гістарычнага пэрыяду літаральна на суседніх старонках маглі дэфіянавацца па-рознаму. Напрыклад, калі гаворка ішла пра пачатак 20 стагодзьдзя, адзін быў “удзельнікам беларускага руху”, другі – “удзельнікам беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху”, трэці – удзельнікам “адраджэнцкага”, а чацьверты – “нацыянальна-вызваленчага руху”. Пасьля шматлікіх кансультацыяў з маімі навуковымі рэцэнзэнтамі, прафэсійнымі гісторыкамі Алегам Гардзеенкам, Уладзімірам Ляхоўскім, доктарам гісторыі Захарам Шыбекам, а таксама з такімі аўтарытэтнымі дасьледнікамі, як Анатоль Сідарэвіч і Міхась Чарняўскі, я і рызыкнуў прапанаваць сваю пэрыядызацыю руху за свабоду і незалежнасьць Беларусі ад тых часоў, калі яна была захопленая Расеяй і да пачатку 21 стагодзьдзя, калі мы знаходзімся, на маю думку, на этапе нацыянальна-дэмакратычнага руху. Трэба сказаць, што добрую службу мне тут саслужылі выданьні “Архіву найноўшай гісторыі”, дзе, у прыватнасьці, рабілася спроба дэфініцыяў удзельнікаў паваеннага антысавецкага супраціву і тых, хто супрацьстаяў камуністычнай ідэалёгіі ў 1960-1980 гадах. Я распрацаваў шэраг даволі простых крытэраў. Да прыкладу. Калі чалавек змагаўся за вызваленьне Беларусі са зброяй у руках – ён удзельнік збройнага супраціву. Як , скажам. Яуб Харэўскі, удзельнік такога супраціву ў Заходняй Беларусі і адзін з кіраўнікоў антысавецкай збройнай барацьбы ў 1940-ых. Калі літаратуразнаўца і касьмоляг Вячаслаў Зайцаў не ўваходзіў у нейкую арганізацыю ці асяродак, а змагаўся за свае погляды, па-сутнасьці, у адзіноце, ён – удзельнік інтэлектуальнай апазыцыі 1960-пачатку 1990-ых. Іншы прыклад – мастак Яўген Кулік , мастак, стваральнік апазыцыйнага асяродку “На Паддашку”, удзельнік нацыянальна-культурніцкага руху 1960-80 і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-пачатку 21 ст. Мая пэрыядызацыя, вядома, не прэтэндуе на тое, каб стаць нейкім канонам. Гэта, напэўна, стымул і падстава для дыскусіяў прафэсійных дасьледнікаў. Магчыма, Радыё Свабода магло б прысьвяціць такой тэме асобную перадачу з удзелам спэцыялістаў.
[ 24/09/2007 21:02 ]
Dzien dobry Pan Wladzimier Arlow.Pytania do Pana.?1.Kogda to dawno Nasz Wasil Bykow skazal,"ja ransze wsiegda komuto ustupal,a zaraz wsio,pora s etim konczac".?A Pan ustupal kogdanibuc i komunibuc w swoich ubierzdienijach,albo Pan wsiegda byl biezkompromisnym czelowiekom.2.Wolnujiut li Pana probliemy i sudby Naszych Bielaruskich gramadzian ili Pan biezrazliczien jak i niekotoryje naszy apazicyonnyje politiki kotoryje na Naszy pytania atkazywajut,wy sami winowaty albo spasienije utapajuszich dielo ruk samich utopajuszich.Z takim otnoszenijem k wolnym Bielarusam lukaszenko eszczie liet 20 budiet prawic.?3.Ja znaju szto do Pana mnogije liudzi otnosiatsia z pawagaj,poetomu ja choczu zapytac u Pana,jesli Pan smielyj czielowiek to pocziemu by nie napisac Panu knigu prawdiwuju knigu o Bielaruskoj gistorii dlia Nas i dlia Naszych Dietie,tolko praszu sztoby byla prawda,ja znaju szto prawd bywajet mnogo no iscina odna jak goworil Nasz W.Bykow.Polska.Warszawa.Mikolaj Saskiewicz.24.09.2007r.
1. Няхай на гэтае пытаньне Вам адкажуць мае кнігі. Магу дадаць, што 10 гадоў таму я быў звольнены з пасады вядучага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура” з фармулёўкаю у загадзе “уволить за выпуск исторической и другой сомнительной литературы».

2. Думаю, што каб мяне не цікавілі лёсы суайчыньнікаў і ўсёй нашай краіны, не было б ні маіх кнігаў, ні нашага з Вамі дыялёгу.

3. Шаноўны Мікалай! Хачу Вам па-сакрэту сказаць, што я напісаў ужо шмат кнігаў, прысьвечаных беларускай гісторыі. Назаву некаторыя: «Адкуль наш род» (дарэчы. Першы наклад быў у 1996 годзе арыштаваны). Потым выйшлі яшчэ тры выданьні, а цяпер рыхтуеца аўдыё-кніга. У суаўтарстве з Генадзем Сагановічам мы напісалі кнігу «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі». У Славакіі па-беларуску выйла і шчасьліва трапіла да нас і знайшла свайго чытача «Краіны Беларусь. Ілюстраваная гісторыя». Зрабіўшы невялікае намаганьне, Вы зможаце знайсьці гэтыя кнігі ў бібліятэках, а ўзровень Валоданьня Вамі беларускай мовай, спадзяюся, дазволіць іх прачытаць.
[ 24/09/2007 21:09 ]
Шаноўны спадар Арлоў, дазвольце задаць Вам некальмі (як мне здаецца важных) пытаньняў. 1. Мне давялося сустракацца і размаўляць зь менчукамі - сьведкамі бамбаваньняў Менску ў час вайны. Як вядома баёў за Менск не было. А вось бамбаваньні былі... Калі на пачатку вайны бамбілі немцы, дык пасьля іхняга сыходу, горад бамбіла некалькі дзён (зь якога сышоў праціўнік) савецкая авіяцыя... А ўсе разбурэньні Менску сьпісалі на немцаў... Як Вы ставіцеся да такой зьявы, як сёняшняя сьвядомая, наўмысная фальсіфікацыя гісторыі (краіны) і яе агрэсіўнае навязваньне ў якасьці "единственно правильной" для вывучэньня? 2. У апошні час становіцца ўсё больш вядома пра БЕЛАРУСКІ партызанскі антыкамуністычны і антынямецкі супраціў на Беларусі, які быў зусім не слабы... Як Вы ацэньваеце дзеяньні беларусаў, якія змагаліся не толькі супраць нямецкіх акупантаў, але і супраць расейскіх акупантаў (генерал Вітушка, Касмовіч, Рагуля і інш.)? Дзякуй. З павагай, Бенедзікт.
Асабліва барбарскімі былі бамбаваньні савецкай авіяцыяй беларускіх гарадоў у траўні 1944. Як сьцьвярджаюць спэцыялісты, у іх не было ніякай вайсковай неабходнасьці. Пад савецкімі бомбамі загінулі тысячы мірных жыхароў, у шмат разоў больш, чым нацыскіх акупантаў, якія мелі надзейныя сховы. Тады сьціраліся з твару зямлі гістарычныя цэнтры нашых гарадоў, у тым ліку майго роднага Полацку. Потым нас у школе вучылі, што старадаўнюю частку Полацку зьнішчылі нямецка-фашыскія захопнікі, хоць ад іх бомбы быў у 1941 годзе зруйнаваны толькі Дамініканскі касьцёл. А вось унікальны помнік архітэктуры барока, сабор сьв. Стэфана (нямецка-фашыскія захопнікі) узарвалі ў 1964-ым, прычым, як пісаў у сваіх мэмуарах вядомы савецкі дысыдэнт генэрал Грыгарэнка, менавіта на полацкіх і віцебскіх гістарычных помніках адпрацоўвалася гэтак званая “более прогрессивная методика сноса культовых строений” .

Што да стаўленьня сучаснага рэжыму да мінуўшчыны, то мне здаецца, улада хоча, каб беларуская гісторыя пачыналася калі не ад 1994 году, дык прынамсі з апошняй вайны. Гэтае імкненьне знаходзіць звыродлівыя формы: маіх замежных гасьцей уражвала, што ў Беларусі можна было купіць ня толькі сьмятану з віншаваньнем са сьвятам “Вялікай Перамогі”, але і вялізную ёмістасьць гарэлкі ў форме аўтамату альбо партызанскай біклагі, выпіўшы якую, яе шчасьлівы ўладальнік мог бы, напэўна, памерці на месцы. Ёсьць і значна больш матэрыяльныя ўвасабленьні гэткага “клопату” пра нашую гістарычную памяць. Я маю на ўвазе г.зв. “Лінію Сталіна”, якую дзяржаўная ідыалягічная машыны выбудоўвае ня толькі на мясцовасьці, але, што значна страшней, і ў сьвядомасьці беларусаў.

Барыс Рагуля і Міхал Вітушка – героі “Імёнаў Свабоды”...
[ 24/09/2007 21:26 ]
Назавеце, калі ласка, ваш рэйтынг каштоўнасьцяў. Толькі не абмяжуйцеся адной канцэптуальнай фразай:) Хаця б пяць фармулёвак. Дзякуй:)))
Прызнаюся, я не вялікі аматар складаньня рэйтынгаў, і ўсё ж адкажу Вам, напэўна, адной фразай. Калісьці ў эсэ “Незалежнасьць – гэта...” я напісаў, што мару пра час, калі буду пачувацца сваім чалавекам на сваёй зямлі. З гэтым і жыву, дзеля гэтага імкнуся штосьці зрабіць сам.
[ 25/09/2007 12:56 ]
Паважаны,Уладзімер.Вы верыце,што пасля сыходу Лукашэнкі,будзе абраны беларус, якога б, калі гэта магчыма ў'явіць, жадала і вельмі чакала сама МАЦІ-БЕЛАРУСЬ ? Гэта магчыма на першых выбарах пасля лукашэнкаўскай чумы ? Дзякуй вам за сумленны адказ. Туравец Віктар.
Я думаю, што вельмі шмат тут будзе залежыць ад часу і акалічнасьцяў зыходу чалавека, які цяпер займае пасаду прэзыдэнта. Калі б гэта здарылася заўтра, то беларус, якога, як Вы кажаце, “чакала б сама Беларусь”, ня быў бы абраны, бо такога агульнанацыянальнага лідэра нам усім яшчэ трэба дачакацца, або стварыць.
[ 25/09/2007 17:24 ]
Дзень добры! Ці чыталі вы ўрыўкі з кнігі ангельца Вільяма Кокса "Вандроўкі па Польшчы, Расіі, Швэцыі і Даніі" 1778 году, нядаўна перакладзенай на беларускую (урыўкі па адрасе http://www.pozirk.org/?p=881)? Некалькі ўрыўкаў з раздзелу пра Вялікае Княства: "За сталом было восемдзесят дваран, усе, за рэдкім выключэннем, у нацыянальных строях, голавы былі паголеныя згодна польскай модзе. Перад абедам яны віталіся з віцэ-канцлерам з вялікай павагай, некаторыя цалавалі ніз яго вопраткі, іншыя нахіляліся і цалавалі яго ногі." "Зусім наадварот з польскімі сялянамі: яны надзвычай прыніжаныя ў тым, як яны выкавзваюць прыкметы павагі: яны схіляліся да зямлі, здымалі свае капелюша або шапкі, трымаючы іх у руках да той, пары пакуль мы не схаваемся зь віду, спынялі свае калёсы пры першых поглядзе на нашу павозку" З гэтых і інжых словаў вынікае, што Беларусь напрыканцы 18 стагоддзя была дзікай краінай, прыкладна такой, як у нашай гістарыяграфіі малююць Расею. Як пракамэнтуеце гэта? І яшчэ пытаньне: калі на Беларусі пачалі масава курыць табачныя вырабы? Міхал.
Я чытаў гэтыя ўрыўкі ў газэце “Новы час”. Аддаючы належнае жывому пяру і дасьціпнасьці містэра Кокса, усё ж з доляю скепсісу стаўлюся да некаторых ягоных назіраньняў і высноваў. Каб у Вас не было ўражаньня, што Айчына нашых продкаў была “дзікім краем”, разгарніце маю ўжо згаданую кнігу “Краіна Беларусь” на разьдзеле “Культура Беларусі ў другой палове 17-18 стт.” Адтуль Вы даведаецеся пра выдадзеную ў Амстэрдаме кнігу ліцьвіна-беларуса Казіміра Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі”, якая была перакладзеная на ўсе асноўныя эўрапейскія мовы. Дарэчы, менавіта Семяновіч, а не К. Цыялкоўскі вынайшаў шматступеневую ракету. У тым самым Амстэрдаме тады разгарнуў плённую выдавецкую дзейнасьць Ільля Капіевіч, якому мы ўдзячныя за сучасны шрыфт, якім карыстаюцца народы, пісьменства якіх заснаванае на кірыліцы. А ці магла “дзікая краіна” у 1791 годзе прыняць другую ў сьвеце (пасьля ЗША) Канстытуцыю?
[ 25/09/2007 19:17 ]
Прыветане! кажыце якия пачуцци вы адчуваеце да СТАРОГА Полацка!? Ци можате личыть што Полацк святое месца для кожнага з Беларуса!? дзякую! сяргей Глински.Полацк.
Сёньняшні Полацк зь ягонымі Сафійскім саборам і Спаса-Эўфрасінеўскім манастыром, з дванаццацьцю музэямі, помнікамі Эўфрасіні Полацкай, Францыску Скарыну, Сімяёну Полацкаму, а цяпер і Ўсяславу Чарадзею, з адроджаным Полацкім унівэрсытэтам, які працягвае лепшыя традыцыі колішняй Полацкай акадэміі, -- робіцца духоўным цэнтрам краіны. Я не вялікі прыхільнік прадказаньняў астролагаў, але адно прароцтва Паўла Глобы мне даспадобы. А менавіта тое, што ў 21 стагодзьдзі Полацак можа стаць сталіцай Беларусі. Няхай не адміністрацыйнай (хаця, чаму б і не?), але прынамсі культурнай.
[ 25/09/2007 19:50 ]
Ці будзе працяг кнігі ,ці папоўніцца новымі імёнамі ?Калі не Вы ,то хто з беларускіх літаратараў мог бы падоўжыць Вашую справу?
Своеасаблівым працягам “Імёнаў Свабоды” сталася перадача “Вянок памяці”, якая рэгулярна гучыць на хвалях нашага радыё. Мне ўяўляецца, што гэтая праграма, якую ствараюць розныя аўтары, магла б у будучым увасобіцца ў працяг маёй кнігі.
[ 25/09/2007 20:36 ]
Вэб-рэдактар: завяршаем нашую онлайн-канфэрэнцыю.
Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць Аляксандру Лукашуку, які высек саму іскру ідэі праграмы “Імёны Свабоды”, а таксама менскім куратарам праграмы Валянціне Аксак і Аляксандру Уліцёнку, і праскаму куратару Сяргею Навумчыку.

Шчыры дзякуй маім навуковым рэцэнзэнтам, імёны якіх я ўжо ўзгадваў, і ўсім, хто непасрэдна працаваў са мною ўжо над самой кнігай, выхад якой стаўся падставаю для нашай онлайн-канфэрэнцыі. Гэта быў бліскучы калектыў у складзе мастака Генадзя Мацура, рэдактара Кацярыны Гарэлік і карэктара Аляксандры Макавік, якая адночасова і выдатны рэдактар. Асаблівы дзякуй хачу сказаць за вельмі каштоўныя кансультацыі Леаніду Маракову, які , на маю думку, зьдзейсьніў сапраўдны подзьвіг, выдаўшы свае ўнікальныя кнігі, прысьвечаныя рэпрэсаваным дзеячам і шэраговым працаўнікам нашай культуры.

Яшчэ раз шчыры дзякуй сваякам і сябрам маіх герояў, без якіх не было б і “Імёнаў Свабоды”.
 галоўная
 угару