|
Давід Какабадзэ: падзеі ў Грузіі
Давід Какабадзэ нарадзіўся у 1959 годзе ў Тбілісі. У 1982 годзе скончыў факультэт заходнеэўрапэйскіх моваў і літаратуры, спэцыялізацыя – германістыка. У 1978-1980 гг. вучыўся у Іене (тагачасная ГДР). Быў спартовым журналістам, карэспандэнтам газэты “Лело”, уласным карэспандэнтам газэты “Советский спорт” па Закаўказьзю. З 1989 па 1993 год – дырэктар Кабінэту Гётэ ў Тбіліскім унівэрсытэце. З 1990 па 1993 годзе – асьпірант Кёльнскага унівэрсытэту, стыпэндыят Фонду Адэнаўэра. З 1993 году – у грузінскай службе радыё Свабода, у апошнія гады – дырэктар службы. |
|
2003
2004
2005
2006 |
[ 13/11/2007 22:03 ] |
Што зараз паказваюць грузінскія тэлеканалы? |
Верагодна, маецца на ўвазе Грамадзкі канал -- ён дзейнічае ў звычайным рэжыме, з выпускамі навінаў і г.д. Што датычна астатніх каналаў, якія ўсё яшчэ дзейнічаюць -- ім забаронена паказваць навіны, ім забаронена паказваць дэбаты на палітычныя тэмы. А самы папулярны тэлеканал -- "Імедзі" -- ён зусім ня дзейнічае. 7 лістапада, яшчэ да абвяшчэньня надзвычайнага становішча, туды ўварваўся спэцназ і ня толькі спынілі наўпроставы эфір, але і разьбілі апаратуру. |
[ 13/11/2007 22:37 ] |
Спадар Какабадзэ, калі вам стала зразумела, што ў Саакашвілі аўтарытарная натура? Наколькі прадказальнымі былі яго сучасныя паводзіны. Я не арыентуюся ў грузінскіх палітычных абставінах, і мяне шакавалі кадры разгонаў дэманстрацыяў. Я не чакаў такіх крокаў ад Саакашвілі. Здаецца мне, ён слабы чалавек. |
Кадры пра разгон дэманстрацыі шакавалі ня толькі Вас -- яны шакавалі вельмі шмат каго, і ў самой Грузіі, і за яе межамі, і ў краінах былога СССР, і на Захадзе. Пра гэта вельмі шмат пішуць. Гэта вялікая праблема для цяперашняга кіраўніцтва Грузіі. Сам факт разгону як такі нічым незвычайным не зьяўляеца нават для заходняй дэмакратыі, бо дзяржава павінна функцыянаваць у кожных абставінах. І калі перакрываецца галоўная магістраль сталіцы, натуральна ж, праваахоўчыя ворганы павінны вызваліць яе для руху. Але тое, што было пасьля гэтых падзеяў, пасьля першых крокаў праваахоўчых ворганаў, і калі ўзьнікла супроцьстаяньне з дэманстрантамі - там, мне здаецца, падзеі выйшлі з пад-кантролю. Супрацоўнікі праваахоўчых ворганаў відавочна перавысілі свае паўнамоцтвы. І калі такое адбылося -- я выкажу сваё асабістае меркаваньне, -- я ад яго чакаў прабачэньняў. Прабачэньняў хаця б перад тымі людзьмі, якія пацярпелі толькі таму, што ўдзельнічалі ў дэманстрацыі абсалютна мірнай. Але прэзыдэнт так і не сказаў, што людзі, які перавысілі свае паўнамоцтвы, якія зьбівалі мірных людзей, -- панясуць пакараньне. Ад яго гэта ніхто не пачуў. І мне здаецца, што гэта -- самая вялікая праблема. |
[ 13/11/2007 23:53 ] |
Цi лiчаце, што за гэтымi падзеямi стаiць Расея? |
Проста адказаць на такое пытаньне, думаю, вельмі цяжка. Ці стаіць Расея за гэтымі падзеямі, альбо за сытуацыяй, якая ўзьнікла ў Грузіі -- сьцьвярджаць вельмі цяжка. Ва ўсялякім разе, доказаў такіх няма. Канешне, ўсёй Грузіі была прадэманстраваная па тэлебачаньні аўдыёзапіс размоў прадстаўнікоў грузінскай апазыцыі з супрацоўнікамі расейскай амбасады, сярод якіх нібыта былі прадстаўнікі расейскіх спэцслужбаў. Але, мне здаецца, гэтыя размовы хаця і могуць сьведчыць пра нейкія сувязі апазыцыі з гэтымі асобамі, але служыць нагодай для сьцьвярджэньня, што Расея стаіць за падзеямі -- ня могуць. І ўжо ніяк ня могуць быць апраўданьнем дзеяньняў праваахоўчых ворганаў. |
[ 14/11/2007 00:43 ] |
Ці ёсьць дастойная альтэрнатыва Міхалу Саакашвілі, я маю на ўвазе сапраўдных празаходніх грузінскіх дэмакратаў, а не марыянэтак Вашынгтону. Дзякуй, Jahor |
Думаю, ня мне меркаваць, я журналіст і магу выказваць толькі сваё ўласнае меркаваньне. У дадзены момант мне цяжка бачыць відавочнага лідэра сярод цяперашняй апазыцыі. Нават той факт, што апазыцыйным кандыдатам у прэзыдэнты вылучаны Леван Гачэчэладзэ, мала каму вядомы за межамі Грузі бізнэсовец. Так, ён член парлямэнту, але ў палітычных дзеяньнях ці выказваньнях ён ня быў заўважаны. Гэта сьведчыць пра тое, што ў Грузіі сёньня няма відавочных лідэраў, якія маглі б аказаць канкурэнцыю Саакашвілі. Нават пасьля падзеяў 7 лістапада. Тут ёсьць адзін цікавы момант. Гачэчэладзэ, якога апазыцыя вылучыла кандыдатам у прэзыдэнты, выступае за скасаваньне інстытута прэзыдэнцтва. Прычым, называе гэта галоўнай мэтай. Адначасна, апазыцыя вылучыла зь ім Саломі Зурабішвілі, былую міністра замежных спраў, на пасаду прэмьер-міністра. Хаця такое не прадугледжвалася па закону. І калі гэта аналізаваць у кантэксьце заяваў пра скасаваньне прэзыдэнцтва дык атрымліваецца, што той, хто будзе галасаваць за апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты, на самой справе будуць галасаваць за Зурабішвілі, якая ў выпадку перамогі і зьмены ў Канстытуцыі, робіцца кіраўніком дзяржавы. Дарэчы, Зурабішвілі -- грамадзянка ня толькі Грузіі, але і Францы. Па Канстытуцыі яна не магла балатавацца ў прэзыдэнты. Па Канстытуцыі, яна павінна была жыць у Грузіі ня менш 15 гадоў да дня выбараў. Наконт падвоенага грамадзянства -- Канстытуцыя ня вельмі дакладна пра гэта кажа, але ня выключана, што і гэта б ёй перашкодзіла. Бо ў выпадку з Патаркацішвілі кажуць, што яму ягонае падвоенае грамадзянства можа перашкодзіць зарэгістравацца кандыдатам у прэзыдэнты. У яго грамадзянства ізраільскае і грузінскае. |
[ 14/11/2007 09:29 ] |
Спадар Какабадзэ, дык а на ваш асабiсты погляд, падзеi ў Грузii гэта было падаўленьне дэмакратыі ці яе абарона? Сяргей, Узда |
Прэзыдэнт Саакашвілі ў сваім першым выступе пасьля падзеяў 7 лістапада заявіў, што Грузія абараніла дэмакратыю. МНе асабіста здаецца, што нават калі гэта так, нават калі Грузія ў той дзень абараняла дэмакратыю, -- гэта было зроблена шляхам абсалютна непрымальным для дэмакратыі. І мне здаецца, што гэта -- вялікі ўдар менавіта па дэмакратыі і па тым шляху, па якім Грузія ішла цягам апошніх трох гадоў. |
[ 14/11/2007 09:30 ] |
Цi прайшоў ужо апагей, самы востры момант крызiсу цi ён яшчэ наперадзе? Антон, Менск |
Будзем спадзявацца, што кульмінацыя мінула. Сёньня раніцай кіраўнік парлямэнту Ніно Бурджанадзэ заявіла, што надзвычайнае становішча будзе скасаванае 16 лістапада, у пятніцу. І паколькі такая заява прагучала, мне здаецца, што сытуацыя ў Грузіі нармалізуецца. І наогул, ведаеце, гэтыя словы -- "надзвычайнае становішча" -- выклікае вялікую трывогу, бо з гэтым зьвязаныя танкі на вуліцах, пустыя вуліцы, калі не працуюць школы, арганізацыі і гэтак далей. У Грузіі ўсё гэта выглядае абсалютна інакш. На вуліцах танкаў няма, і наогул, на вуліцах Тбілісі ідзе абсалютна нармальнае жыцьцё. Хаця школы першыя два дні былі зачыненыя. Але ў прынцыпе, тое, што паказваюць расейскія тэлеканалы кожны дзень і ў кожным выпуску навінаў -- не адпавядае таму становішчу, якое рэальна існуе ў Грузіі. І мне здаецца, што абвяшчэньнем надзвычайнага становішча грузінскія лідэры дапусьцілі шкоду сваёй рэпутацыі -- паўсюль гучыць, што ў Грузіі надзвычайнае становішча, а насамрэч адзінае, у чым гэта выяўляецца - у забароне інфармацыйных выпусках на тэле і радыёканалах. |
[ 14/11/2007 09:32 ] |
У каго найбольшыя шансы на перамогу на прэзiдэнцкiх выбарах, на вашу думку? Кастусь, Вялейка |
Думаю, што Саакашвілі -- галоўны прэтэндэнт на перамогу ў выбарах. Дарэы, учора адна інтэрнэт-кампанія правяла віртуальнае апытаньне сярод насельніцтва Грузіі. Хаця, канешне, казаць пра "насельніцтва" -- гэта перабольшваньне, бо Інтэрнэтам у Грузіі карыстаюцца пераважна жыхары вялікіх гарадоў. Ды вось, Саакашвілі зь вялікай перавагай заняў першае месца ў гэтым апытаньні. |
[ 14/11/2007 09:33 ] |
Цi зазнае нейкiя асаблiвыя цяжкасьцi Радыё Свабода ў сваёй працы ў Грузii? Сяргей, Слуцк |
Дзякуй за пытаньне. У нас, на жаль, ёсьць цяжкасьці. Мы ўжо больш за два гады не вяшчаем на кароткіх хвалях. І натуральна, нашае вяшчаньне залежыць ад нашых партнэраў у Грузіі, якія нашыя перадачы трансьлююць па Fm. І вось пасьля ўвядзеньня надзвычайнага становішча і забароны ўсім тэле і радыёкампаніям трансьляваць інфармацыйныя выпускі -- гэтую магчымасьць мы страцілі. І дзякуючы намаганьням нашых кіраўнікоў ўдалося аднавіць вяшчаньне на кароткіх хвалях, і мы з пятніцы вяшчаем на кароткіх хвалях, і нават на адной частаце на сярэдніх хвалях. Акрамя таго, у нас, натуральна, застаецца Інтэрнэт. |
[ 14/11/2007 10:12 ] |
каго падтрымлівае у гэтай сытуацыі ваша радыё? |
Наша радыё не падтрымлівае нікога - ні ў гэтай, ні ў якой іншай сытуацыі. Наша справа -- асьвятляць падзеі, аналізаваць іх, пытацца меркаваньняў і ў аднаго, і ў другога боку. І максымальна дамагацца, аб слухач і чытач атрымліваў аб'ектыўную інфармацыю, зь якой ён здолее зрабіць уласныя высновы. |
[ 14/11/2007 11:01 ] |
Отрицательный опыт – самый полезный. Граждане Грузии, я считаю, сейчас получают бесценный опыт. Налогоплательщики отстаивают свои интересы. Не важно, куда смотрит власть: на запад или на восток: она должна в первую очередь заботиться о своих гражданах. Последние события, мне кажется, показывают, что грузинское общество в демократическом плане гораздо более зрелое, чем теперешнее руководство страны: люди чувствуют свою силу, они усвоили, что власть – это они, руководство этого не учло. Думаю, политики сделают вывод, и новые руководители будут считаться с истинным носителем власти – грузинским народом. Белорусам, мне кажется, до уровня сознательности грузин еще очень далеко. |
Дзякуй за аптымістычную ў дачыненьні да грузінскага грамадзтва ацэнку. Я не зусім упэўнены, што гэта так, хаця думаю, што, сапраўды, у апошні час грамадзтва зрабіла вялікі крок наперад. І дарэчы, у гэтым адыграла значную ролю і цяперашняе кіраўніцтва Грузіі. І менавіта таму тое, што адбылося цяпер у Тбілісі, выклікала такі шок і было такой нечаканасьцю для шмат каго.
А датычна таго, ці будуць новыя кіраўнікі больш лічыцца з меркаваньнем народа, чым цяперашнія... Мне здаецца, што нават калі застануцца цяперашнія кіраўнікі, - дык і яны больш будуць лічыцца з меркаваньнем выбаршчыкаў, чым гэта было раней.
|
[ 14/11/2007 11:01 ] |
Dobry dzien, u nas josc muzycny prajekt "Krambambula"- sviatocnyja piesni. na adnym z dyskau josc i hruzinskaja piesnia "nalivaj Vano vina". Ci padabajecca vam, jak hruzinu, hetaja piesnia? ci u Hruzyji josc zaciakaulenasc da bielaruskaj muzyki i da mastactva uvohule. Kali vy raptam nie culi hetaj piesni, to dumaju, sto redakcyja "Svabody" pavinna vypravic hetuju situacyju.
Mindauh, Vilnia |
Прыгаданую Вамі песьню, на жаль, я ня чуў -- спадзяюся, пачую. А што датычна цікавасьці да беларускай музыкі, мне цяжка меркаваць. Але магу з упэўненасьцю сказаць, што цікавасьць да музыкі наогул вялікая. Асабліва к народнай музыцы. Калі я думаю пра часы, ў якіх шмат каму з нас давялося жыць -- вось тых культурных сувязяў часам не хапае. Я вельмі далёкі ад таго, што трэба настальгаваць па часах СССР, але што датычна культурнай сфэры -- культурныя сувязі паміж былымі савецкімі маглі б быць больш інтэнсіўнымі і глыбокімі. |
[ 14/11/2007 15:26 ] |
Вэб-рэдактар: завяршаем нашую онлайн-канфэрэнцыю. |
Усім слухачам і наведнікам вэб-сайту я б пажадаў не перажыць тое, што перажылі ў апошнія дні жыхары Тбілісі, жыхары Грузіі. Я б пажадаў, каб у Беларусі дэмакратыя як мага хутчэй замацавалася, і каб у бліжэйшы час ніхто ня мог сказаць, што Беларусь -- апошні аўтарытарны рэжым у Эўропе. |
|
|