|
|
|
Алег Трусаў
Алег Трусаў нарадзіўся 7 жніўня 1954 года ў горадзе Амсьціславе Магілёўскай вобласьці. У 1976 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта. У пэрыяд з 1976 па 1992 гады працаваў у Беларускім рэстаўрацыйным праектным інстытуце загадчыкам аддзела комплексных навуковых дасьледаваньняў. У 1981 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
Беларускі палітычны і грамадзкі дзеяч, адзін з заснавальнікаў БНФ, БСДГ і ТБМ імя Ф.Скарыны. Прымаў удзел у абвяшчэньні дзяржаўнага сувэрэнітэту і поўнай незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, адзін з распрацоўшчыкаў афіцыйнай выявы дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь "Пагоня", бел-чырвона-белага дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь і наверша да яго.
1990-1996 гады – дэпутат Вярхоўнага Савета 12 скліканьня. З 1990 па 1995 гады – намесьнік старшыні камісіі Вярхоўнага савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны. Удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў Апазыцыі БНФ 11-12 красавіка 1995 г. супраць арганізаванага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб скасаваньні бел-чырвона-белага сьцяга, гербу “Пагоні” ў якасьці дзяржаўных сымбаляў, скасаваньня статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай мовы і эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.
1996 – сакавік 1998 года – дэкан факультэта бібліятэчна-інфармацыйных сыстэмаў Беларускага ўнівэрсытэту культуры. Зараз дацэнт катэдры гісторыі Беларусі і музеязнаўства. У красавіку 1997 года абраны Рэспубліканскай Радай першым намесьнікам старшыні ТБМ. На VI зьезьдзе ТБМ 17 красавіка 1999 г. абраны старшынём Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Вядомы беларускі вучоны, мае некалькі манаграфій і больш за 150 навуковых працаў па археалёгіі і гісторыі архітэктуры. У 1990 годзе быў адным з заснавальнікаў беларускага гуманітарнага ліцэя імя Я.Коласа і зараз у ім выкладае.
Напярэдадні онлайн-канфэрэнцыі Алег Трусаў сказаў:
“Паважаныя слухачы "Радыё Свабода"!
У лістападзе мінулага года Рада Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны выступіла з ініцыятывай абвясьціць 2007 год годам беларускай мовы і літаратуры. Быў распрацаваны адпаведны зварот да кіраўніка дзяржавы і ўжо сабрана некалькі тысяч подпісаў грамадзян Беларусі. Мы разьмяшчаем блянк гэтага звароту на сайце "Свабоды", і кожны ахвотны можа прыняць удзел у гэтай акцыі.
Гэты год у Расіі Пуцін абвясьціў Годам рускай мовы, годам пашырэньня яе за межамі Расіі. І калі ў 19-м ст. руская мова перамагае разам з рускім штыком, дык зараз яна ідзе поруч з рускім газам і нафтай.
Таму я прапаную кожнаму слухачу "Радыё Свабоды" лічыць 2007 год Годам беларускай мовы і літаратуры, і хачу даць некалькі канкрэтных парад:
1) Размаўляць на тэрыторыі Беларусі пераважна па-беларуску. Выключэньне – размова з замежнікамі, якія не ведаюць беларускай мовы. Запаўняць па-беларуску любыя рускамоўныя блянкі: у падатковай інспэкцыі, на пошце, у міліцыі, банку і г.д.
2) Калі чыноўнік вам запярэчыць, спакойна, з усьмешкай патрабуйце "Кнігу скаргаў і прапаноў" і зрабіце адпаведны запіс аб парушэньні ім Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Таксама можна звярнуцца з гэтым пытаньнем у адпаведную пракуратуру.
3) Патрабуйце беларускамоўную друкаваную прадукцыю: календары, паштоўкі, буклеты, дзіцячыя кніжкі і г.д. Калі іх няма, зрабіце адпаведны запіс у "Кнізе скаргаў і прапаноў". Нікому і ніколі не навязвайце сваю мову. Нікога не прымушайце гаварыць з вамі па-беларуску. Галоўнае, самі на ёй размаўляйце ва ўсіх жыцьцёвых выпадках. І вас усе за гэта будуць паважаць, як паважаюць людзей, якія ня паляць і не злоўжываюць алькаголем.
4) Калі вашыя дзеці вучацца ў школе, каледжы ці ВНУ, напішыце ліст з прапановай у гэтым годзе, зь верасьня павялічыць колькасьць гадзін беларускай мовы (а ў школах – і літаратуры). Пры гэтым спашліцеся на выказваньне Кіраўніка дзяржавы ад 19 сьнежня 2006 года на нарадзе з рэспубліканскім саветам рэктараў ВНУ наступнага зьместу: "Трэба ведаць перадусім сваю родную мову. Дзеці ў Беларусі ўжо ўвогуле не разумеюць па тэлебачаньні перадачаў на беларускай мове, не чытаюць газэт па-беларуску!" Калі маеце грошы, падпішыце кляснага кіраўніка ці куратара студэнцкай групы, дзе вучыцца ваш сын ці дачка, на добрую беларускамоўную газэту.
5) Абавязкова прыміце ўдзел у сьвяткаваньні юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа, прачытайце зь дзецьмі і ўнукамі іх неўміручыя творы – п'есу "Тутэйшыя" і паэму "Новая зямля". Віншую Вас усіх з Калядамі і Новым годам, Годам беларускай мовы і літаратуры. Жыве Беларусь!” |
|
2003
2004
2005
2006 |
[ 19/01/2007 19:42 ] |
Паважаны таварыш Трусаў!
На кангрэсе дэмакратычных сілаў я не пагаджазся з Вамі адноснга таго, што дэмакратыя у нас можа усталявацці толькі праз беларускую мову.
Напэўна, вы мелі рацыю. Бо і я зараз пачынаю разумець гэта.
Увесь год вывучаў родную мову.
Зараз хачу зрабіць інсцэніроўку паэмы Якуба Коласа "Новая зямля", тую частку дзе размова ідзе аб пяалярстве. "Подгляд пчол".
Патрэбен нам чалавек, якіб дапамог гэта зрабіць.
У нас у псёлку шмат пчаляров - аматараў.
Якія парады вы дадзіце па гэтаму пытанню. На жаль у нас у раёне няма актыву ТБМ.
А пачыналі добра. Аднымі з першых. Як мне вядома.
Жадаю поспехаў.
Член ЦК ПКб (Калякіна) Мікола Петрушэнка. |
Шаноўны сп. Мікола! Вельмі добра, што вы прыйшлі да
Беларушчыны. Гэта тое, што ніколі не падвядзе, ня здрадзіць. Шкада, што суполка ТБМ у вашым раёне зьнікла, асабліва калі яе апошні кіраўнік прыехаў у Менск. Было б добра, каб вы дапамаглі яе адрадзіць. Зьвяртайцеся да нас у сядзібу на адрас: Менск, вул. Румянцава 13 .Усе неабходныя паперы вам дашлем. Таксама ўсталюйце сувязі зь Віцебскай абласной Радай ТБМ. Кіраўнік --Навумчык Іосіф Адамавіч, намесьнік -- Бабіч Юры Міхайлавіч. Яны змогуць дапамагчы вам з інсцэніроўкай паэмы Якуба Коласа"Новая Зямля". |
[ 19/01/2007 20:06 ] |
dobry dzen, spadar Trusau! niekalki pytanniau. jak zaraz mahczyma atrymac choc jakuju infarmacyju ab dziejnasci TBM u Miensku- ja maju na uvazie- jakija ladzacca mierapryemstvy i hetak dalej. i szto uvophule planujecca u suviazi z pakul szto nieaficyjnyn abviaszczeniem 2007 hoda hodam bielaruskaj movy i kultury? jaki los napatkau toj cudouny zakutoczak bielaruskasci u Miensku, na rumiancava? ci josc jakaja-niebudz infarmacyja pra dzienasc TBM i mienskaj supolki u Nece? Ci isnuje uvohule mienskaja filija ci jana zaczynienaja z-za prablemau ksztaltu adsutnasci jurydycznaha adrasu? Dzakuj. Jula. |
Шаноўная сп-ня Юля! Каб адказаць на Вашае пытаньне, дастаткова толькі зайсьці на нашу сядзібу, якая працуе (разам з кніжнай выставай пры ёй) кожны дзень (акрамя суботы і нядзелі) з 15-й да 19.30. Таксама раю вам выпісаць газэту "Наша Слова", падпісны індэкс 63865, кошт на 5 месяцаў (з 1 лютага) 8200 рублёў. Там неўзабаве будзе надрукаваны плян працы ТБМ на 2007 г., які канчаткова павінна зацьвердзіць Рада ТБМ 4 лютага. Менская гарадская філія зарэгістравана, мае сваю газэту "Новы час", якая зараз выходзіць толькі ў сеціве. Таксама ў Менску маюць рэгістрацыю 6 раённых філій ТБМ. Чакаем Вас у нашай сядзібе. |
[ 19/01/2007 20:55 ] |
Дзяржаўная мова - тарашкевiца? Дык я яе не ведаю... Што рабiць? |
Тарашкевіца -- гэта ня мова, гэта адзін з варыянтаў беларускага правапісу, унармаваны ў 1918 г. Браніславам Тарашкевічам. Каб зь ім азнаёміцца і карыстацца, выпісвайце і чытайце газэту "Наша Ніва". |
[ 19/01/2007 22:04 ] |
Спадар Алег, калі неяк зменіцца палітычная сітуацыя ў краіне, на ваш погляд, будзе мець сэнс змяніць назвы некаторых гарадоў - напрыклад Гродна на Гародню, Мінск на Менск? Вось нават натрапіў на гістарычную старонку mensk.by, дзе ёсць дакумент ад 1991 года, у якім ужо Мінск аднойчы жадалі зрабіць Менскам. |
Так, Вы маеце рацыю. Ёсьць сэнс вярнуць спрадвечныя беларускія назвы нашым гарадам і мястэчкам. Новыя дэмакратычныя ўлады мусяць вярнуць на геаграфічную мапу Беларусі такія назвы, як Менск, Койданава, Рудабелка і г. д. |
[ 19/01/2007 23:11 ] |
Паважаны Алег, дзякуй за тое, што ёсць такая установа, як ТБМ! У мяне да Вас не пытаньне, а невялікая просьба. У Гомелі з канца 2006 года Гарэлектратранспарт, а непасрэдна 1-ы тралейбусны парк, пачаў уводзіць у эксплуатацыю тралейбусы новай мадэлі з электроннымі шыльдамі. Раней усе надпісы маршрутаў рабідіся на беларускай мове, а зараз на новай электроніцы пачалі пісаць па-расейску, а таксама назвы прыпынкаў ў запісах гучаць па-расейску. Звярніцеся, калі ласка, да адміністрацыі Гарэлектратранспарта з лістом, каб ізноў пачала выкарыстоўвацца родная мова. |
Дзякую за канкрэтную інфармацыю. Я абавязкова напісаў бы адпаведны ліст кіраўніку Гомельскага гарсавета. Раю Вам тэрмінова сабраць болей за 30 подпісаў жыхароў Гомеля, якія згодны з Вамі і накіраваць гэты ліст заказной поштай на імя адміністрацыі Гарэлектратранспарту. Кожны падпісант павінен, акрамя прозьвішча і імя, падаць дакладны адрас. У адпаведнасьці з новым прэзыдэнцкім дэкрэтам вам абавязаны ня толькі адказаць, але і сустрэцца з вамі. |
[ 20/01/2007 00:16 ] |
Прывітаньне, спадар Алег!
Дзесьці чытаў камэнтар адносна “аранжавай рэвалюцыі”. Там была цікавая фраза – “перамагла наша гісторыя”. Вось і літоўцы, неўзабаве, будуць сьвяткаваць “тысячагодзьдзе” сваёй дзяржаўнасьці. Зрэшты, а ці іхняя гэта дзяржаўнасьць?
Атрымліваецца так, што літоўцы даўно “запатэнтавалі” Вільню ў Вільнюс, назву Літва, усіх каралёў (вялікіх князёў) і гісторыю ВКЛ. Нават яшчэ і зараз, некаторыя маладыя літоўцы, якія прыязджаюць, напрыклад, да нас у Глыбокае да сваякоў, несаромячыся, даказваюць, што на беларускай зямлі незаконна знаходзяцца літоўскія гарады: Пастовіс (Паставы), Гардынас (Гродна), Віджай (Відзы) і г.д.
Тое самае талдычуць і маскалі. Пуцін жа сказаў па тэлебачаньню (сам чуў): “беларусы і рускія – адзін народ”. У іхных жа падручніках гісторыі толькі і бачыш карты тыпу – “Беларускія і рускія землі, якія заваявалі літоўскія феадалы”. Атрымліваецца, што наш дзядзька Сапега з-пад Бешанковічаў нас жа і заваяваў? Рускія землі, на карце, самі здагадаліся – Смаленск.
Некалі гэты рэжым лясьне. Але што нам застанецца? Гісторыі ў нас ніякай няма? Як будзем дзяліць гісторыю з суседзямі? Можа быць, перад дзяльбой, на зло ўсім ворагам нашай гісторыі, вярнуць беларускім гарадам іх колішнія назовы: Брэст – Брэст-Літоўск; Высокае – Высока-Літоўск; Мінск – Мінск-Літоўск?… Тады, няхай, патыліцу і пачэшуць! Зрэшты, як акт добрай волі, усходні сусед, мог бы вярнуць нам хоць адну з дзьвюх беларускіх Вільняў. Я маю на ўвазе вёску Вільня ў Пскоўскай вобласьці – за пару кіламэтраў аб беларускай мяжы (Расонскі раён). Хоць нейкі сымбаль будзе!
Уладзімір Скрабатун. |
Паважаны сп. Уладзімір! Наша гісторыя таксама перамагла. Дастаткова толькі патрымаць у руках і пагартаць апошні, 2-гі том Энцыкляпэдыі Вялікага княства Літоўскага, які нядаўна зьявіўся ў кнігарнях. На старонках гэтага выданьня гучаць такія назвы гарадоў, як Вільня, Менск, Койданава, Коўна, Меднікі, Новагародак, Прапойск і іншыя.
Дарэчы, у літоўцаў такога выданьня няма. Як няма і энцыкляпэдычнага выданьня "Археалёгія і нумізматыка Беларусі", 4-хтомніка "Археалёгія Беларусі", 18-цітомнай сусьветнай энцыкляпэдыі, і гэтак далей.
Адразу бачна, што вы вельмі даўно скончылі школу і сучасных падручнікаў па гісторыі Беларусі ня бачылі. Там шмат якія пытаньні ўжо вырашаны, нават ня гледзячы на ідэалёгію сёньняшняй улады. Я ўжо не кажу пра фундамэнтальныя працы Генадзя Сагановіча і Захара Шыбекі. Нашу гістарычную тапаніміку несумненна трэба вяртаць, пачынаючы ад назвы нашай сталіцы да назваў вёсак, вуліц і плошчаў. Я бачу гэты час. Пасьля перамогі дэмакратычнай улады ствараецца дзяржаўная камісія па вяртаньні нашай гістарычнай тапанімікі. На працягу года яна працуе, выносячы на грамадзкае абмеркаваньне найбольш спрэчныя пытаньні. Сацыёлягі ў гэты час праводзяць незалежнае апытаньне жыхароў гарадоў, мястэчак і вуліц.
У гэты ж час вядомыя беларускія пісьменьнікі тлумачаць у СМІ паходжаньне і гістарычную вартасьць тых ці іншых старадаўніх назваў. З пачатку новага года адпаведным законам па ўсёй краіне вяртаецца старая гістарычная назва, але былыя назвы застаюцца на працягу года як дадатковыя, асабліва назвы вуліц (каб не было блытаніны, на рагах вуліц разам з новымі вісяць і старыя шыльды). |
[ 20/01/2007 08:48 ] |
Шаноўны спадар, Алег! Адкажыце,калі ласка, калі мы ўжо будзем глядзець сваё БЕЛАРУСКАЕ тэлебачаньне? Ці патрэбна якая-небудзь дапамога грамадства? С павагай, Генадзь. |
Ідэю стварыць незалежны беларускамоўны тэлеканал ТБМ выказала і распрацавала ўжо даўно. Спачатку мы зьвярталіся да беларускіх уладаў, і яны вельмі хутка стваралі свой спадарожнікавы, але цалкам рускамоўны канал, які можна бачыць на эўрапейскай частцы Расеі і ў іншых суседніх краінах. Адначасова праводзілася русыфікацыя і іншых беларускіх тэлеканалаў. Тады мы зьвярнуліся да амбасадаў краін Еўразвязу і ЗША. Там таксама не адразу ўспрынялі нашу ідэю, але зараз сытуацыя, дзякуючы дапамозе Польшчы, практычна вырашана, і спадарожнікавы культурна-асьветніцкі тэлеканал можна ўжо пабачыць у сярэдзіне гэтага году. Купляйце "талерку". |
[ 20/01/2007 16:21 ] |
Меня всегда интересовали два вопроса: откуда в белорусском языке взялась буква ё и как по-белорусски будет слово метизы. Белый Росс. P.S. Привет от НБП! |
Літара "ё" – сёмая літара нашага альфабэту. Трапіла ў нашу графіку з рускай у XIХ ст. У рускай мове вядомая з 1797 году, калі яе ўвёў у альфабэт М.М.Карамзін. У старабеларускай мове гэтай літары не было. У старабеларускай мове на месцы "ё" выкарыстоўваліся літары "е" і "о". Напрыклад, слова “сьлёзы” пісалі як “сліозы” – "с'л'озы". Слова "метизы" (а гэта вызначэньне стандартызаваных мэталічных вырабаў) па-беларуску гучыць як "метызы". Рускаму слову-абрэвіятуры "метизы" (металлические изделия) у беларускай мове адпавядаюць словазлучэньні "мэталічныя (мэталёвыя) вырабы, вырабы з мэталу". |
[ 20/01/2007 22:55 ] |
Калі напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў краіне пачалі вернікам вяртаць храмы, то вы спадар Трусаў выступалі супраць вяртання каталікам касьцёлу Сьвятога Роха, што на Залатой горцы ў Менску. Чым вы абгрунтоўвалі тады сваю пазіцыю і якое рашэнне вы прынялі б сёння гледзячы з вышыні гадоў на тую сісуацыю? |
Маё рашэньне і тады, і зараз аднолькавае. Улады спачатку павінны знайсьці адпаведнае памяшканьне для філярмоніі, а потым вярнуць храм вернікам. Нельга сварыць паміж сабою інтэлігенцыю, якая ў цяжкія савецкія часы здолела захаваць некаторыя храмы ад зьнішчэньня, прыстасаваўшы іх пад культурныя патрэбы, і вернікаў, якія ў савецкія часы на Беларусі, на жаль, нічога не рабілі, каб выратаваць ад разбурэньня свае сьвятыні. Тым болей, што ў Траецкім касьцёле рэгулярна праводзяцца набажэнствы на беларускай мове, і вернікі павінны ціснуць на ўлады, каб яны зрабілі новую залю для камэрнай музыкі ў адным з будынкаў, напрыклад, Верхняга горада. Дарэчы, ў 1978-80 гг. мне з маімі калегамі-архітэктарамі давялося выратаваць ад зносу ўнікальны помнік беларускага барока і ракако XVIII ст. – касьцёл сьв. Андрэя ў Слоніме. |
[ 21/01/2007 10:09 ] |
Ці не падаецца вам супярэчлівым тое, што большасць шэраговых сябраў ТБМ з'яўляюцца прыхільнікамі БНФ і КХП-БНФ, а кіраўніцтва амаль у поўным складзе далучылася да сумніўна беларускіх эсдэкаў-казулінцаў? |
Значная большасьць сяброў ТБМ – людзі наогул беспартыйныя. Такая ж сытуацыя і ў кіраўніцтве ТБМ. Усе мае намесьнікі зараз не ўваходзяць ў якія-небудзь партыі. Моц ТБМ у тым, што мы не зважаем на партыйнасьць, веравызнаньне і нацыянальнасьць нашых сяброў, і ніколі аб гэтым у іх не пытаем. Нас яднае любоў да Беларушчыны. Таму спробы зрабіць нас філіяй якой-небудзь партыі ці руху даўно засталіся ў мінулым. Аднак большасьць знакавых асобаў у беларускай палітыцы зьяўляюцца сябрамі ТБМ. Напрыклад, гэта Зянон Пазьняк, Вінцук Вячорка, Аляксандар Мілінкевіч, Анатоль Ляўковіч, Аляксанадр Дабравольскі, Станіслаў Шушкевіч, Міхаіл Чыгір, Мечыслаў Грыб, Пётр Краўчанка, Сямён Домаш, Аляксей Кароль, Алесь Бяляцкі, Віктар Івашкевіч і шмат іншых. |
[ 21/01/2007 10:12 ] |
Чаму кіраўніцтва ТБМ пакінула свае суполкі ў вольнае плаванне? Складваецца ўражанне, што мінскі ТБМ толькі з'яўляецца месцам для шапіка і афіцыйнай рэгістрацыі для арганізацыі (што вядома таксама добра), а мясцовыя суполкі і іх кіраўніцтва вымушаны поўнасцю самі па сабе выдумляць нейкія акцыі, навучаць сваіх шэрагоўцаў і г.д.
Сябра ТБМ. |
У нас налічваецца болей за 500 суполак і рэгіянальных структураў. Мы толькі каардынуем іх дзейнасьць, аказваем юрыдычную і іншую дапамогу. Агульны плян дзейнасьці арганізацыі прымаецца штогод Радай ТБМ і друкуецца ў газэце "Наша слова". Таксама там друкуюцца справаздачы аб дзейнасьці нашых лепшых рэгіянальных структураў. У Менску найлепш працуюць суполкі ў Фрунзенскім і Ленінскім раёнах. Самая складаная сытуацыя ў Маскоўскім, Першамайскім і Цэнтральным. Таму далучайцеся да стваральнай працы, часьцей наведвайце нашу сядзібу. |
[ 21/01/2007 20:16 ] |
Шаноўны спадар Трусаў,
Які ўплыў дэпутацкая група БНФ у першай падлове 1990-х аказала на фармаванне свядомасці свайго калегі, дэпутата А.Лукашэнкі? Якія кнігі яму рэкамендавалі чытаць, на якія гістарычныя постаці звярнуць увагу? Якія якасці сярэдняга беларуса абмяркоўваліся як станоўчыя ў тых размовах ? Ці можна будзе калі-небудзь з нейчых мемуараў даведацца больш пра тыя кулуарна-адукацыйныя гутаркі ?
Mann Kurt |
У мяне асабіста гаворак са спадаром Лукашэнкам на тэмы, якія вы закранаеце ў сваім пытаньні, ніколі не было. Адзінае, што я зь іх часта абмяркоўваў, гэта пытаньні рэстаўрацыі нашых помнікаў і асабліва Шклоўскай ратушы. У выніку гістарычная частка Шклова, як і некаторых іншых старадаўніх гарадоў і мястэчак, адноўлена. Можна спрачацца аб якасьці рэстаўрацыйных ці рамонтных работ, але зьява гэта ў цэлым станоўчая. |
[ 21/01/2007 22:54 ] |
Паважаны Алег! Дзе у Гомелі знаходзіцца офіс ТБМ, каб запісацца у арганізацыю. Дзякуй. |
На жаль, Гомельская гарадская арганізацыя не зарэгістраваная і свайго офісу не мае. Цяпер у Гомелі дзейнічаюць асобныя суполкі. Найбольш актыўна працуе суполка ў СШ № 17. Каардынуюць іх дзейнасьць пісьменнік Анатоль Бароўскі (т.77-48-27) і навуковец Зьміцер Паўлавец (т.56-32-73). Зьвяртайцеся да іх. |
[ 22/01/2007 18:38 ] |
СП. Алег, як вы ставіцеся да праблемы правапісу -- гэтая суперніцтва паміж "унармаваным" і "клясычным" на карысьць мове ці на шкоду? |
Праблемы я тут ня бачу, бо розьніца паміж правапісамі нязначная. Зь цягам часу мы прыйдзем да адзінага правапісу і, вядома, ён будзе на грунце "клясычнага". |
[ 22/01/2007 18:59 ] |
Паважаны сп. Трусаў,
перш за ўсё -- дзякуй вам за стойкасьць і аптымізм. Гэта натхняе, каб вы больш нічога не рабілі, гэта адно дае надзею.
Віктар Пятровіч, Гомель |
Дзякуй, Віктар Пятровіч, за добрае слова. Далучайцеся да нас. Будзем працаваць разам! |
[ 22/01/2007 20:05 ] |
Dzien' Dobry, spadar Aleh!
1) Czamu web-baczyna TBM u zakinutym i zaniadbanym stanie? Niama z'vestak pra
dzejnas'c' TBM (akrom navin na Svabodze) karacej niama pracy praz web.
/*
Zdavalasiab TBM pavinna byc' tym padmurkam na jakim pavinny paustac' uves'
budynak Belaruskaj Movy: web - site pavinen byc' prykladam as'vetnickaj pracy dlia
szmatlikih katedr belaruskaj movy u 56 VNU Belarusi, u szmatlikih tehnikumau i adnadumcau; - pavinen davac' bol'sz razgornutyja parady nakont belarusizazii(nu vos' dadac' da punktu #1 vashyh paradau, nekal'li spasylak na dobryja slouniki i inszuju litaraturu - bo skladana perajsci z rasejskaj u imgnen'ne); ja ne movaznauca, ale miane zdiuliae i aburae apatyja belarusaznaucau, kali jany admauliaucca zrabic' neshta dzelia pashyren'nia uzhyvan'nia movy: pryklad - navat kali da vykladczykau HDU-Skaryny pryhodziac' z autaparku i kazhuc' - kali-laska, nu ahuczce nam prypynki, kab bylo bez pamylak - dyk jaszcze ne adrazu znajszli hto b zhadziusia.
Dziuna i kryudna usio heta, kali kozhnaja sprava takih ljudzej pavinna miec' na mece toe kab padkopvacca pad isny mouny rezhym. - Bylob czikava pabachyc' ahliady cikavaj- nezvychajnaj belaruskamounaj litaratury,
jakaja vyjszla za chasy z 1991-ha: Ci byli kali-nebudz' knihi pa tehnichnyh navykah na belaruskaj?
*/
2) Jak na vaszuju dumku, Ci varta bylob stvaryc' na saice TBM mesca jakoe b
dazvaliala narodu daviedacca pra stan i najaunas'c' belaruskamounyh szkolak i sadkou u peunym rehijone-miasteczku. Heta bylob real'nym manual-am kudy pajsci-padacca. Backi mahli b vykazac' REALNY stan reczau u toj ci inshaj ustanove - ci jos'c' jana belaruskamiunaj jak toe padaecca aficyjna. Vos' daprykladu Homiel - druhi pa velichyne horad, kol'ki shkolau jes'c' j jakia?
Z pavahaj, Kastus' |
Пакуль у нас няма грошай, каб аплочваць web-майстра. Калі вы зможаце дапамагчы нам на грамадзкіх пачатках, чакаем Вас у нашай сядзібе. Для інфармацыі мы маем сваю газэту "Наша слова". Кожная катэдра беларускай мовы можа на яе падпісацца. На жаль, ня ўсе катэдры гэта робяць. Ёсьць у нас і інтэрнэт-вэрсія газэты "Новы час", якая ў 2006 годзе выходзіла рэгулярна. Таксама раю зьвярнуцца па Вашых пытаньнях у ТБШ: E-mail: tbskoly@tut.by |
[ 22/01/2007 21:56 ] |
Чаму пытаньне дыскрымінацыі грамадзянаў РБ па моўнай прыкмеце ня ўзьнятае на міжнародным узроўні? Ці зьвярталася ТБМ у АБСЭ? ААН? Парушэньні правоў беларускамоўных грамадзянаў маюць сыстэмны характар і маштаб дзяржаўнай палітыкі, асобны грамадзянін у такой сытуацыі ня мае шанцаў абараніцца ад дыскрымінацыі, бо мусіў-бы пастаянна судзіцца з усімі дзяржаўнымі інстытуцыямі, уключна й самыя суды. Калі-ж чытаеш матэр'ялы ТБМ, то ўспамінаецца Галіч: И за то, что не жгут, как в Освенциме, ты ещё им спасибо скажи. |
ААН бароніць правы нацыянальных меншасьцяў, а мы, дзякуй Богу, у нашай краіне – большасьць. З АБСЭ мы маем шчыльныя кантакты і пэўную падтрымку. Але ня трэба спадзявацца на іншых. ААН і АБСЭ ня будуць адчыняць нам клясаў ці школ з беларускай мовай навучаньня. Таму за працу, сябры! |
[ 23/01/2007 03:16 ] |
Вітаю
Што Вы думаеце аб польскім і расейскім уплыве на нашу мову? Як мажліва захаваць(ці ўжо нават адраджаць час прыйшоў?) нейкую лексычную самастойнасьць мовы? Ну й нарэшце, адкідваючы на сэкунду ўсе агульныя праблемы мовы ў народзе, ваш выбар - тарашкевіца, наркамаўка або клясычны правапіс Вячоркі й Саўкі?
Дзякуй вялікі.
Алесь, Варшава |
У нашай мове шмат розных уплываў, і гэта вельмі добра. Пачынаць трэба з санскрыту, з эпохі бронзавага веку, потым былі ўплывы з балцкіх моваў, лацінскай, нямецкай і, вядома, былі польскія і расейскія. Цяпер назіраецца значны ўплыў ангельскай мовы, у тым ліку і праз расейскую. І гэта -- вынікі ўсясьветнай глябалізацыі. Для мяне няма розьніцы паміж рознымі відамі правапісу. Усе яны -- нашая культурная каштоўнасьць, і усе іх трэба шанаваць і вывучаць. Вядома, праз пэўны час мы прыйдзем да адзінага правапісу, але, на маю думку, не раней чым праз 20-30 гадоў. |
[ 23/01/2007 12:20 ] |
Як вы думаеце, ці могуць акцыі пратэсту 19 і 25 сакавіка перарасці ў сапраўдную рэвалюцыю? |
Я думаю, што рэвалюцыі на Беларусі ніколі не было і ў бліжэйшы час ня будзе. Мы -- народ кансэрватыўны, бо жывем , як нашы продкі: "Старыну ня рухаем!". І наш удзел у 3-х рускіх рэвалюцыях быў вымушаны , таму і каштаваў вельмі шмат. Я спадзяюся на эвалюцыйны шлях да сапраўднай дэмакратыі, як гэта было ў 1991 годзе. |
[ 23/01/2007 12:39 ] |
Цi чыталi Вы паэму Зянон-Хоп? Як ацэнiце яе мастацкiя якасьцi? Наогул, чаму твор такога кшталту стаў такiм папулярным? Сяргей, Мiнск |
Не чытаў, і чытаць не зьбіраюся, бо рускі мат усюды аднолькавы: што ў прыбіральні, што ў Інтэрнэце. І яго папулярнасьць вельмі сумнеўная. |
[ 23/01/2007 18:05 ] |
нікога не прымушайце гаварыць па-беларуску... І гэта кажа старшыня ТБМ?!! Ня Коласа чытаць трэба, паважаны спадар, а Багдановіча -- БІЦЕ Ў СЭРЦА ІХ, БІЦЕ МЯЧАМІ!
бІЦЬ ТРЭБА. |
Што магу сказаць? Той, хто заклікае біць, як правіла, біцца ня ўмее. Моцны чалавек, як правіла, да бойкі не заклікае. Ён сваім выглядам і паводзінамі прымушае паважаць сябе бяз бойкі. І таму прынцып мой такі: не прымушай нікога ні да чаго, галоўнае -- сам рабі тое, што лічыш патрэбным. Бо беларус увесь час быў пад прымусам, і яму гэта ўжо надакучыла за апошнія 200 гадоў. |
[ 23/01/2007 18:45 ] |
Shto robiac' rajonnyja arhanizacyi tavarystva dlia adradzen'nia movy? Ci shmat moladzi u arhanizacyi na rajonah. Mne zdecca ne zadzeinichany moladzevy resurs
Dziakuj
Sam. |
Аўтар пытаньня ня мае рацыі. Большасьць сяброў ТБМ - гэта якраз моладзь. У першую чаргу -- вучні старэйшых клясаў, навучэнцы коледжаў і студэнты. І менавіта моладзь масава ўступае ў ТБМ. Прывяду толькі два прыклады. Лідзкая раённая арганізацыя налічвае каля 500 чалавек, моладзь складае блізу 400. Менавіта лідзкая моладзь зрабіла летам летась расчыстку маёнтка Ігната Дамейкі, што доўгі час не маглі зрабіць мясцовыя ўлады. Другі прыклад. Вядомы ўсім Павал Севярынец у вёсцы Малое Сітна стварыў суполку ТБМ, уступіў у непасрэдны кантакт зь мясцовымі ўладамі, і дамогся ўсталяваньня новага памятнага знаку на месцы Сітніцкага замку 16-га стагодзьдзя. Дарэчы, большасьць моладзі, якая навучаецца за мяжой па праграме Кастуся Каліноўскага -- сябры ТБМ. Таксама сябрамі ТБМ зьяўляюца ўсе навучэнцы гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. |
[ 23/01/2007 20:43 ] |
Спадар Трусаў!
Тое, што ТБМ робіць сьвятую справу зразумела, але тым ня меньш існуе вялізарны недахоп інфармацыі... Таму такое пытаньне і пажаданьне адначасова - юыло б вельмі добра каб у Вашай арганізацыі была свая радыёстанцыя, якая б займалася выключна прапагандай беларускай мовы, культуры... А адкуль яна будзе весьці трансляцыю з Польшчы ці Літвы напэўна не так ужо істотна... Увогуле, як Вы да гэтага ставіцеся? Прабачце, калі нешта не тое сказаў. Бенедзікт. |
Дзякуй Богу, мы маем некалькі радыёстанцыяў, якія рэгулярна гэтым займаюца: найперш, беларуская служба Радыё Свабода, радыё Рацыя, зараз далучылася "Акно ў Эўропу" і беларускамоўная Палёнія, а таксама Радыё Швэцыі на беларускай мове. На ўсіх гэтых радыёстанцыях дзейнасьць ТБМ асьвятляецца вельмі падрабязна. Яшчэ варта згадаць і агульнанацыянальнае агенцтва БелаПАН. |
[ 23/01/2007 22:50 ] |
Калі адкінуць усе магчымыя ў нашай сітуацыі "але" і дапусьціць, што спадар Лукашэнка павернецца тварам да беларушчыны, то ці зможаце і вы зьмяньць сваё стаўленне да яго і дараваць 12 гадоў антыбеларускай дзейнасьці першага (і будзем спадзявацца апошняга) прэзідэнта? |
Ну, я думаю, што прэзыдэнт гэты не апошні. Але іншая справа, што я -- прыхільнік парлямэнцкай рэспублікі, дзе прэзыдэнт выконвае намінальную функцыю кіраўніка дзяржавы, а рэальная ўлада належыць прэм'ер-мінісру. І таму будучы прэзыдэнт парлямэнцкай рэспублікі павінен быць сымбалем незалежнай Беларусі і, вядома. прамаўляць па-беларуску. Не сумняюся, што мы з Вамі дачакаемся гэтых часоў. |
[ 23/01/2007 22:56 ] |
Раскажыце, калі ласка, як праходзіў творчы бок распрацоўкі нацыянальнай сымболікі - хто і што канкрэтна рабіў ? І як вы лічыце, калі Пагоня ізноў будзе вернута, ці не варта яе крыху відазьмяніць, а для вайскоўцаў скарыстаць дапрыкладу "ДВУПАГОНЮ" (летувіскія вайскоўцы выкарыстоўваюць "КАЛЮМНЫ" і ў гэтым ёсьць свой сэнс). |
Група, якая распрацоўвала ў 1991-м годзе па даручэньню Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня, была вельмі кампэтэнтная. у групу ўваходзілі гісторыкі АН, а таксама вядомыя мастакі, дызайнэры і скульптары. Сярод іх варта адзначыць Зянона Пазьняка, Анатоля Грыцкевіча, Валянціна Голубева, Яўгена Куліка, Міколу Купаву, спадара Талбузіна і іншых. Я лічу, што мяняць выяву Гербу ня варта. У свой час мы ўзгаднілі нашу сымболіку з геральдыстамі Летувы, і наша Пагоня ня мае аніводнай агульнай дэталі зь летувіскім варыянтам. У яе аснове -- старажытная выява Пагоні з надмагільля Ягайлы, які пахаваны ў кракаўскім Вавэлі. Таму ня варта нешта запазычаць у суседзяў. У нас і сваёй спадчыны хапае. Тым больш, што герб Калюмны зьяўляецца позьнім варыянтам трохзубца Рурыкавічаў, у тым ліку і полацкіх князёў. Дарэчы, выява трохзубца зараз упрыгожвае герб гораду Заслаўя, і можа стаць элемэнтам адзеньня ў нашым войску. Тут галоўнае разьмежаваць наш трохзубец з украінскім варыянтам. |
[ 23/01/2007 23:02 ] |
Міцкевіч, Касьцюшка і іншыя "краёвыя" героі гэта выдатна і яны безумоўна павінны прысутнічаць ў беларускім полі, але як ўсё ж на ваш погляд павінена выглядаць і каго ўключаць уласна беларуская дзясятка ў нашым нацыянальным "іканастасе", г.зн. асобы без дадатка - "вялікі беларускі, польскі, расейскі і г.д. паэт, герой..."? |
Я б назваў, найперш, Рагвалода і Рагнеду. Таксама Эўфрасіньня Полацкая, Кірыла Тураўскі, Скарына. У гэтым годзе - 450-я ўгодкі Льва Сапегі. Дынастыя нашых Радзівілаў, асабліва Радзівіл Руды і Радзівіл Чорны, Барбара Радзівіл. Канешне, Францішак Багушэвіч, браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Купала і Колас, Багдановіч, Максім Гарэцкі і Гарун. Быкаў і Караткевіч. Здаеца, ужо больш за дзесяць... |
[ 24/01/2007 00:15 ] |
Разумею, пытаньне гэтае вы чуяце не ўпершыню. Але.
У мяне ёсьць жаданьне стаць сябрам Таварыства . Што мяне чакае
далей ? Ці ня скончыцца гэта ўсё адно выдачай пасьведчаньня й маім
далейшым пачуцьцём гонару?
Выбачайце, калі нечым абразіў . З павагай Міхаіл Уласюк.Студэнт.Гомель. |
Акрамя пасьведчаньня, трэба яшчэ падпісацца на нашу газэту. А далей прымаць актыўны ўдзел у нашых агульнанацыянальных і рэгіянальных акцыях. Напрыклад, зараз мы зьбіраем подпісы пад зваротам, зьмест якога ёсьць на нашым сайце. А таксама аб'яднайцеся з тым жыхаром Гомлі, які тут, на форуме, выказаў клопат пра адсутнасьць беларускай мовы на электратранспарце Гомлі. Чаму б Вам не аб'яднаць свае намаганьні з гэтым чалавекам? |
[ 24/01/2007 09:36 ] |
Дзень добры. Ці ведаеце вы як хутка зьявіцца незалежны спадарожнікавы канал і што ен сабою будзе ўяўляць? |
Я ўжо адказваў на гэтае пытаньне. Спадзяемся, летам. |
[ 24/01/2007 13:38 ] |
Sp.Aleh, chamu u vas taki zaniadbany ofis TBM? a klasik, prauda nie bielaruski, kazu, shto u chalavieku pavinna byc usio pryhozhym... dyk pierfrazujuchy hetaje vymouje, mo i spravy nasyja, jak mokraje haryc, bo niama paradku.
Vaciuk. |
Наш офіс у першым парадку. Іншая справа, што на офіс рэгулярна нападаюць людзі, якія называюць сябе нацыянал-бальшавікамі, пэцкаюць яго, а мы рэгулярна прыбіраем. Дарэчы, у нашым офісе рэгулярна праходзяць мастацкія выставы. Зараз выстава, прысьвечаная Слуцкаму збройнаму чыну. Таксама рэгулярна дзейнічае кніжная выстава і працуе бібліятэка ТБМ. |
[ 24/01/2007 15:32 ] |
Вэбмайстар: Завяршаем онлайн канфэрэнцыю. |
Уражаньні ад пытаньняў добрыя. Вельмі прыемна, што шмат пытаньняў было ад моладзі. Добра прадстаўленыя рэгіёны і нават замежжа. І гэта сьведчыць пра тое, што мы працуем 20 гадоў не дарма, у нас добрыя спадкаемцы растуць, якія зробяць беларускую мову адзінай дзяржаўнай мовай у краіне. І гэта мова будзе для іх роднай у поўным сэнсе гэтага слова. А пажаданьні такія. Нягледзячы ні на што, ва ўсіх жыцьцёвых сытуацыях прамаўляць толькі па-беларуску, быць у гэтым асабістым прыкладам, асабліва ў нефармальных стасунках. Тады мова ніколі не загіне. |
|
|