|
|
|
Івонка Сурвіла
Iвонка Сурвіла (Шыманец) нарадзілася 11 красавіка 1936 году ў Стоўбцах. З 1944 году – у эміграцыі. Жыла ў Францыі‚ Даніі‚ Гішпаніі. Цяпер жыве ў Канадзе.
Бацька Уладзімер Шыманец, інжынэр, быў міністрам ва ўрадзе БНР. Таксама маляваў, аўтар эскізу марак БНР.
Вучылася ў Вышэйшай мастацкай школе ў Парыжы‚ скончыла лінгвістычнае аддзяленьне Сарбонскага ўнівэрсытэту (1959).
Акрамя роднае мовы‚ валодае яшчэ васьмю: францускай‚ гішпанскай‚ ангельскай‚ нямецкай‚ дацкай‚ лацінскай‚ нарвэскай‚ польскай.
У 1958-1965 гадох працавала ў беларускай рэдакцыі Гішпанскага нацыянальнага радыё. З 1969 году і да апошняга часу працавала англа-францускім перакладчыкам у Фэдэральным урадзе Канады.
Займалася жывапісам‚ удзельнічала ў мастацкіх выставах.
У 1989 годзе арганізавала Канадзкі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі і заставалася ягоным кіраўніком да моманту абраньня Старшынёй Рады БНР.
Мае дзьвюх дачок. Старэйшая Ганна-Прадслава, жыве ў Тулузе (Францыя), эканаміст. Малодшая, Паўлінка -- прафэсар этнамузыкалёгіі і музыкалёгіі ў каледжы Вартбург (штат Айова, ЗША), дысэртацыя – беларуская рок-музыка. Мае ўнучку і чатырох унукаў. |
|
2003
2004
2005
2006 |
[ 24/03/2007 00:39 ] |
Вітаю.
Растлумачце, калі ласка, у чым розьніца паміж Радай БНР і Урадам БНР? Якая структура ў якія гады існавала (храналёгія)?
Дзякую |
Блытаніну ў гэтым пытаньні сьвядома стварала камуністычная прапаганда, заяўляючы, што нібыта пасьля Бэрлінскай канфэрэнцыі Рада БНР склала свае паўнамоцтвы і з таго часу не існуе. Цяпер тое ж самае паўтарае прапаганда лукашэнкаўская. Насамрэч, склаў паўнамоцтвы Ўрад, які складаўся зь міністраў БНР – а не Рада (тыя міністры, што паверылі бальшавікам і вярнуліся ў Савецкую Беларусь, былі потым расстраляныя). Рада ж працягвае выконваць свае функцыі. У часы Крэчэўскага і Абрамчыка на чале ўраду БНР былі асобныя старшыні ўраду, альбо прэм’еры. У іншыя часы старшыня Рады быў адначасна старшынём ураду і сакратаром)міністрам замежных спраў). Так яно, між іншым, і цяпер. Паводле Статуту Рады, яна выконвае функцыі экзыльнага ўраду, але можа і прызначаць урад. Сёньня ў Радзе БНР, да якой сёньня належаць 80 асобаў, выканаўчыя функцыі выконвае прэзыдыюм, які абіраецца спаміж сяброў Рады. |
[ 24/03/2007 08:53 ] |
Шаноўная спадарыня Івонка, у якой ступені Радзе БНР удаецца аб'ядноўваць дыяспару ў розных краінах сьвету? Вядома, што сытуацыя ў некаторых краінах вельмі нагадвае сытуацыю ў апазіцыі -- арганізацыі разьяднаныя і часам наватварагуюць. Ці не спрычыняюца да гэтага разьяднаньня спецслужбы? Як Вы лічыце? |
У той час як старэйшая – пасьляваенная —эміграцыя (да якой належу і я) была глыбока патрыятычная і добра разумела значэньне Акту 25-га сакавіка, дык прадстаўнікі цяперашняй хвалі эміграцыі часта кажуць, што не цікавяцца палітыкай, бо баяцца, каб сям’я ў Беларусі не пацярпела, калі яны будуць нейкім чынам праяўляць сваю беларускасьць.
Такія людзі, безумоўна, не далучаюцца да беларускага грамадзка-палітычнага жыцьця. Мушу, аднак, сказаць, што падчас усіх маіх падарожжаў па сьвеце нашая дыяспара ўсюды праяўляе да мяне як да старшыні Рады БНР сапраўдную беларускую гасьціннасьць. Адчуваецца падтрымка нават тых, хто ня лічыць сябе “бэнээраўцамі”.
На маю думку, факт, што ёсьць беларускія арганізацыі розных плыняў, сьведчыць аб жыцьцяздольнасьці нашага народу. Пачынаю пераймацца толькі тады, калі беларусы жывуць ня ў згодзе. Тады сапраўды думаецца, што спэцсужбы ў гэтым адыгрываюць нейкую ролю. У савецкія часы ўсім нам гэта было ясна. |
[ 24/03/2007 09:19 ] |
Калі б у беларусі дзень волі был бы дзяржаўным святам, як бы ён адзначаўся?
са святам.Барыс.
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ! |
Дарагі Барыс! Уяўляю сабе сьвяткаваньне 25-га сакавіка ў Беларусі вельмі ўрачыстым. Канешне, гэты дзень павінен быць абвешчаны дзяржаўным сьвятам. Так як, прыкладна, у Канадзе адзначаюць нацыянальнае сьвята 1-га ліпеня. У Канадзе перад парлямантам зьбіраюцца некалькі сотняў тысяч людзей. Усе са сьцягамі, колеры якіх, дарэчы, як і ў беларускім – чырвоны і белы. Ёсьць афіцыйная частка з прамовамі, канцэрты, увечары – феерверкі. Увесь горад на вуліцах. У Францыі, дзе я расла, людзі на вуліцах танчылі. Адбываюцца таксама шматлікія ўрачыстыя прыняцьці. Кожны край, і нават кожны горад адзначае нацыянальнае сьвята па-свойму. Могуць быць парады, спаборніцтвы. Важна тое, што ўсе адчуваюць, што гэта вялікі і радасны дзень. Дарэчы, ва ўсіх па-сапраўднаму незалежных краінах дзень абвяшчэньня Незалежнасьці – гэта сьвята нумар адзін. Перакананая, што так будзе і ў Беларусі. |
[ 24/03/2007 18:01 ] |
Паважаная спадарыня Івонка. Дазвольце проста выказаць шчырае захапленне Вашай таленавітай асобай і пажадаць Вам моцнага здароўя. А. |
Дзякуй, паважаны А., за такія мілыя словы. |
[ 24/03/2007 19:00 ] |
Jakaja vashaja dumka pra Zianona Pazniaka?
Jasafat sa Zbarazha (Zach. Ukraina) |
Сёньня ўжо зразумела, што Зянон Пазьняк – фігура гістарычная. Застанецца ён у памяці нашага народу як вялікі і вельмі таленавіты чалавек. Нядаўна слухала па Свабодзе вершы Зянона з апошняй кніжкі. Сэрыя пра чужыну расчуліла мяне да сьлёз. |
[ 24/03/2007 19:30 ] |
Vitaju Vas pavažanaja spadarzkja Survila! jak Vy ličyce- ci mahčyma kab senjašni urad BNR bolš mocna uplyvau na situacyju u Belarusi, i jak Vy bačyce dalnejshuju dzejnasc BNR? uvohule, čym zaraz zanjat urad BNR? Dzjakuj |
Безумоўна, Рада БНР магла б мець нашмат большы ўплыў на падзеі ў Беларусі, каб беларусы мелі даступ да сродкаў масавай нфармацыі. Але нават і ў цяперашніх абставінах, як казаў Васіль Быкаў у прамове на сваім апошнім сьвяткаваньні 25-га сакавіка, Рада БНР ўяўляе сабой “той агеньчык, які дае спадзею шмат якім пакаленьням беларусаў на сьвятло і цяпло, на свой дом і сваю сям’ю – тое, без чаго ў гэтым драпежным сьвеце нікому няма і ня будзе жыцьця”.
Але, як урад у экзылі, мы таксама маем уплыў на сёньняшнія падзеі ў Беларусі. Мы інфармуем сьвет пра Беларусь – і ўрады, і грамадзтва. Мы здабываем прыяцеляў для беларускага народу, баронім яго Незалежнасьць і яго інтарэсы, яго мову і яго культуру. Нягледзячы на цяперашні рэжым, сьвет ставіцца са значна большай увагай да беларускага народу. У гэтым заслуга і Рады БНР таксама. |
[ 26/03/2007 19:47 ] |
Як Вы ацэньваеце вынікі сьвяткаваньня Дня Волі ў Беларусі? |
Пасьля пэўнага расчараваньня, што ўлады ўсё ж не дазволілі пачаць шэсьце з Плошчы Каліноўскага, дзялілі людзей і кантралявалі іх усімі спосабамі, пакрысе прыйшла да высновы, што ўсё ж рабілася гэта больш стрымана, чым у папярэднія гады. Асабліва мяне ўразіла колькасьць дэманстрантаў, і менавіта моладзі, якія не пабаяліся выйсьці на вуліцы. Вітаю дзяўчынку, якая апрануле беды жакецік, чырвоную спаднічку і белыя панчохі. Цудоўна. Гэта прыгадала мне Данію, дзе падчас нямецкай акупацыі вешалі чырвоныя фіранкі за белымі вокнамі з чатырма шыбамі… Уразіла мяне таксама колькасьць бел-чырвона-белых і сініх, эўрапейскіх сьцягоў ў Менску, і бел-чырвона-белых сымбаляў на маладых дэманстрантах. Віншую ўсіх і хачу тут выказаць маё прызнаньне ўсім, хто спрычыніўся да гэтага прыгожага сьвяткаваньня. Таксама ўдзячная дыпляматам, якія падтрымалі змагароў за вольную і дэмакратычную Беларусь. Адначасна, спачуваю ўсім тым, хто быў зьбіты міліцыяй і затрыманы. Гэта, безумоўна, сьведчыць аб тым, што народ яшчэ далёка ад волі, і што правы чалавека ўсё яшчэ парушаюцца. |
[ 26/03/2007 20:32 ] |
1)Як Вы ацэньваеце дзейнасць вашай пляменьніцы Вірджыніі Шыманец, кіраўніцы "Беларускай Пэрспектывы" на карысць Бацькаўшчыны?Цяпер даволі шмат беларускай моладзі знаходзіцца ўва Францыі, што робіцца для іх аб'яднаньня спадарыняй В.Шыманец?
2)Ці ставіць гэта арганізація "Б.П." і спн. Шыманец, як грамадзянка Францыі, сваёй мэтай, каб на дзяржаўным узроўні пачалі правільна пісаць назву нашай краіны?Паслаць запыты-тлумачэньні ў міністэрства замежных спраў сваёй краіны...Гэта ж не так складана!Гэта маглі б зрабіць і Вы, ад імя Рады БНР.
З павагай, жыхарка Менску. |
Віржынія Шыманец – таленавітая і надзвычай прадуктыўная, пладавітая француская беларусістка. Яна вельмі шмат робіць, каб зрабіць Беларусь аб’ектам францускай навукі. Даўгі час было вельмі складана зацікавіць францускіх "intellectuels de gauche" (левых інтэлектуалаў) беларускім пытаньнем. А некаторыя вельмі аўтарытэтныя інтэлектуалы сьцьвярджалі, што Беларусь увогуле не павінна існаваць як дзяржава. Віржынія Шыманец шмат зрабіла, каб паставіць Беларусь на мапу Эўропы ў Францыі. Яна напісала і абараніла доктарскую дысэртацыю ў Сарбоне на тему беларускага тэатру. Што да яе выбару і поглядаў, яна – вольны чалавек. Я паважаю яе пазыцыі, нават калі яны часам не супадаюць з маімі.
Францускі назоў Беларусі – на жаль, вельмі складанае пытаньне. Трэба браць пад увагу ня толькі назоў Беларусі, але і ўсе формы гэтага назову, уключна з прыметнікавай. Я ўсё жыцьцё змагалася, каб францускія энцыкляпедыі перасталі ўжываць форму "bielorusse". На жаль, адзін чалавек мовы ня зьменіць. На маю думку, гэта будзе зроблена калісьці з дапамогай беларускіх установаў. |
[ 26/03/2007 23:38 ] |
Як вы ставіцеся да Аляксандра Мілінкевіча? Ён сапраўдны лідэр? |
Уважаю, што Аляксандар Мілінкевіч паказаў сябе добрым лідэрам сваёй памяркоўнасьцю, сваім жаданьнем вырашыць праблемы, якія на першы погляд выглядаюць невырашальнымі, сваёй здольнасьцю аднавіць імідж беларускага народу на міжнароднай арэне, і менавіта ў Эўропе, дзе ён здабыў павагу ўсіх. Жадаю яму ўсяго найлепшага. |
[ 27/03/2007 08:10 ] |
Прыехалі б хоць раз на Беларусь, калі яна вам так дарагая. Пажадана менавіта на 25 сакавіка. Раптам мільёны вышлі б вас сустракаць! Толькі ня трэба адгаворвацца і шукаць усе магчымыя і немагчымыя прычыны. Грошы на дарогу беларускі народ ужо як-небудзь зьбярэ.
Ну дык ці убачым мы старшыню рады бнр на Беларусі? |
Я была ў Беларусі ў пачатку 1990-ых гадоў, калі наш край яшчэ ня быў пад дыктатурай. Тады я адведала малую радзіму маёй сям’і і сям’і майго мужа. Каб Вы ведалі, як моцна мне хацелася б зноў вандраваць па нашых вёсках і мястэчках. Любавацца прыгажосьцю нашага краю, замалёўваць старадаўнія сьвятыні і замкі. Вы ня ведаеце, якое Вашае шчасьце, што Вы можаце гэта рабіць. На жаль, урадам у экзылі няма месца ў акупаваных ці таталітарных дзяржавах. Я зьдзіўленая, што адукаваны чалавек можа гэтага не разумець. Прынамсі, калі ён ня ёсьць прапагандыстам існуючай улады. |
[ 27/03/2007 08:43 ] |
Когда в Белоруссии был пойман ЦРУ-шный диверсант Иван Филистови, у него было найдено удостоверение , в котором Николай Абрамчик призывал белоруссов оказывать ему всяческую помощь. Это доказывает сотрудничество "президента" БНР с ЦРУ (так как Абрамчик знал об операции). Продолжается ли сотрудничество БНР и ЦРУ сейчас и если нет - то когда оно прекратилось? Белый Росс |
Галоўнай мэтай Рады БНР было і ёсьць, каб здабыць (а цяпер захаваць) Незалежнасьць Беларусі. І гэта – усякімі даступнымі нам спосабамі.
Падчас “халоднай вайны” прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык шмат зрабіў, каб зарганізаваць адпор усіх паняволеных Масквой народаў. Уважаўся ён разумным і паважаным лідэрам усімі паняволенымі народамі.
Між іншым, мы тады ня ведалі, як страшэнна прамываліся мазгі нашых людзей, каб пераканаць іх, што быць у няволі Масквы – гэта “сапраўднае шчасьце”…
Факт, што прэзыдэнт Абрамчык зьвярнуўся да свайго народу, каб ён дапамог змагару за волю Янку Філістовічу, уважаю зусім нармальным. Я ведала Янку, алі ён жыў у Парыжы. Быў гэта вялікі патрыёт, які быў гатовы аддаць жыцьцё, каб жыла Бацькаўшчына. Пра гэта можна прачытаць у кнізе Аляксандра Лукашука “Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста”. Спадзяюся, што калі-небудзь у Менску будзе калі не праспэкт, дык вуліца ў гонар Філістовіча.
Што да ЦРУ, дык, наколькі мне ведама, Беларусі яно шмат крыўды дасюль не зрабіла. Думаю, што ані Вы, “Белы Рос”, ані я ня можам гэтага сказаць пра КДБ. |
[ 27/03/2007 11:57 ] |
Dzien dobry I.Surwila.Ja liczu Was i Z.Pazniaka lidierami Bielarus.naroda.Zaraz u Bielarusi jest A.Milinkiewicz,jest W.Wieczorka jak prostomu czeloweku razobracsia kogo podtrymliwac?2.Mogut li Wielikije Bielarusy usego swieta obratitsia k USA I Polska o sozdanii gistorycznogo filma pro Nas Litwinow tiepieriesznih Bielarusow,pro nasz gonor za W.L.K. I Rieczpospolita,pro nasze gieroicznoje i mnogostradalnoje proszloje,tak sztoby poslie prosmotra etogo filma sierdce zrzymalos i sliozy naworaczywalis na woczach.U golownoj roli powinien igrac Wielikij aktior USA M.Gibson.Etot film oczen potriebien nam.Mogut li eto zrobic albo nie?Z pawagaj sluchacz Swaboda M.Saskiewicz z Belarusi,Kalinkowiczy zaraz u Polsze.27.03.2007r. |
Дарагі спадар Саскевіч, адказ на Вашае пытаньне просты: падтрымлівайце ЎСІХ змагароў за незалежную, вольную і дэмакратычную Беларусь.
Вашая ідэя зрабіць фільм пра нашую гісторыю – цудоўная. Я ўпэўненая, што гэта нявычарпальная крыніца натхненьня. Спадзяюся, што гэта будзе адным з прыярытэтаў міністэрства культуры вольнай Беларусі. Я ў міжчасьсе чытаю ўсё, што знаходжу пра нашую гісторыю. І мяне гэта моцна натхняе.
Нядаўна таксама як і Вы слухала “Свабоду”, і якраз давалі апытаньне пра Кастуся Каліноўскага. Засмуцілі мяне адказы моладзі на вуліцах Менску. Хачу скарыстаць з гэтае нагоды, каб заклікаць усіх Вас, мае маладыя сябры, калі ня хочаце чытаць падручнікаў гісторыі (якія, на жаль, у Беларусі часта займаюцца прапагандай), дык пачытайце кнігі Вольгі Іпатавай, Уладзімера Караткевіча, Уладзімера Арлова. Адчыніцца Вам зусім новы і цікавы сьвет! Будзеце зусім інакш глядзець на нашую мінуўшчыну!
|
[ 27/03/2007 12:55 ] |
Сп.Сурвілла. вы заклікаеце да пераадоленьня раз"яднаньня беларусаў на чужыне. Хіба гэта магчыма? Мы такія самыя, як беларусы ў Беларусі - а паглядзіце, што робіцца -- ніякай еднасьці, еднасьць толькі ў дыктатара. Ды і гістрыя БНР-БЦР, напрыклад, ці царквы, адназначная. Ваш заклік -- нягледзячы на добры намер, невыканальны, а таму -- памылковы і нават шкодны. Трэба прызнаць, што мы -- розныя, ніколі ня будзем разам. І зыходзячы з гэтага, плянаваць дзеяньні.
Ігар Мельнік, Нямеччына |
Дарагі спадар Мельнік, дзякую за вельмі істотнае пытаньне. Справа ў тым, што гэта зусім нармальна – зь некім не пагаджацца, інакш думаць, займаць іншую пазыцыю. Гэта робіць наш сьвет цікавым. Але мы, беларусы, яшчэ чамусь не навучыліся дыскутаваць бяз сваркі, паважаць думкі, якія не супадаюць з нашымі, не накідаць абавязкова нашага думаньня, як лепшага за іншае... У Канадзе ў выпадку нязгоды ствараюць камісію і вывучаюць праблему, пакуль ня згодзяцца. Калі ня змогуць прыняць такое рашэньне аднагалосна, згаджаюцца на дэмакратычнае выйсьце – галасаваньне, вынікі якога абавязкова прымаюць бяз крыўды.
У Беларусі людзі заўсёды былі ўпартымі. Дастаткова прыпомніць права вэта ў Вялікім княстве Літоўскім. Тут, у Канадзе, сем’і, якія пымаюць нашых чарнобыльскіх дзетак, кажуць, што ўпартасьць – галоўная рыса беларуса...
Усё было б добра, калі б не паўставала час ад часу патрэба вырашаць справы жыцьцёвыя. Вось як, напрыклад, для нас – справу незалежнасьці Беларусі. Калі мы дарослы народ, калі мы разумеем, што нічога няма важнейшага за свабоду нашага народу, у выпадку пагрозы гэтай свабодзе мы мусім сапраўды забыцца пра нязгоды ды ісьці, як кажа наш гімн, шчыльнымі радамі, разам, зьяднанымі – каб выжыць. Іншага выйсьця няма.
|
[ 28/03/2007 09:29 ] |
Старшыні Рады БНР Івонцы Сурвіле!
Паважаная сп-ня Івонка.
Хочам ня столькі задаць Вам пытаньне, колькі зьвярнуцца з дзьвюма просьбамі.
Спачатку прыемная. Пасьля леташняй размовы з Вамі на тэму ЭТНАЦЫДУ беларусаў у Беларусі у нядаўняй справаздачы Дзярждэпу ЗША адносна стану дэмакратыі ў сьвеце, у раздзеле, прысьвечаным Беларусі, УПЕРШЫНЮ быў даволі падрабязна адзначаны (і асуджаны) ўціск на нашу мову. Гэта вельмі прыемна. Нарэшце амерыканскія ўрадоўцы зьвярнулі ўвагу на адно з самых важных і канкрэтных (бо звычайна заходнія палітыкі больш любяць казаць пра абстрактныя правы абстрактнага чалавека). Адсюль першая просьба: ці маглі б Вы з нагоды выказаць падзяку тым прадстаўнікам Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША, якія спрычыніліся да адзначанага напаўненьня справаздачы?
На гэтым фоне еўрапейцы, якім, здавалася б, значна больш павінна быць вядома, што такое расейскі імперыялізм у самых розных сваіх праявах – і гвалтоўна-генацыднай, як у Чачні, і інфармацыйна-этнацыднай, як у Беларусі – адрозьніваюцца ад амерыканцаў, наадварот, у горшы бок. Паглядзіце на тыя патрабаваньні, якія вылучыў Еўразьвяз да цяперашняга рэжыму ў Беларусі (гл. далучаны фотаздымак, які ўзяты з апошняга адзначэньня Дня 25 Сакавіка ў Менску). Там, напрыклад, ёсьць пра ўціск нацыянальных мяньшыняў (якія, дарэчы, маюць свае нацыянальныя дзяржавы), але пра значна больш важкае - дыскрымінацыю беларусаў на сваёй роднай зямлі, ва ўласнай дзяржаве Рэспубліцы Беларусь – ня сказана ні слова! Адсюль другая просьба: ці не маглі б Вы, калі будзеце сустракацца зь еўрапейскімі праўладнымі палітыкамі, зьвярнуць іхнюю ўвагу на тое, што яны значна горш амерыканцаў ацэньваюць зьмест унутрыбеларускіх падзей, не заўважаюць найбольш істотнае? Ці не маглі б вы, калі будзе сустракацца, напрыклад, са сп-няй Ангелай Меркель, сказаць ёй, што ня трэба нам так многа (напрыклад, ня трэба нас віншаваць з 25 Сакавіка), нам ад іх пакуль хопіць і значна меншага: напрыклад, перавесьці вяшчаньне “Дойчэ вэле” на нармальную беларускую мову і дапамагчы Эўрапейскаму гуманітарнаму універсітэту ў Вільні перайсьці з навучаньня на мове, якая аб’ектыўна ёсьць інструментам імперскай палітыкі расейскай імпербюракратыі, на нармальную беларускую мову?
Заранёў дзякуем за адказ.
Прадстаўнікі рэдакцыі сайта nashaziamlia.org Алесь Астроўскі, Барыс Керзач (Гародня). |
На Ваш маналёг магу адказаць коратка – увосень 2005 году дэлегацыя Рады БНР сустракалася ў Брусэлі з кіраўніцтвам Эўразьвязу і Эўрапарлямэнту і, сярод іншых, мы закраналі пытаньне пра беларускамоўнае радыё- і тэлевяшчаньне. Мы даволі катэгарычна выказаліся адносна расейскамоўных праектаў, пра некаторыя зь якіх Вы ўзгадваеце. Але тыя праекты былі ўжо зробленыя. Тым ня менш, нашая пазыцыя, як я цяпер бачу, адыграла сваю ролю падчас арганізацыі іншых ініцыятыў. Канешне, мы і надалей будзем зьвяртаць увагу на правы беларусаў. |
[ 28/03/2007 10:02 ] |
Дзень добры!
Нядаўна, ва он-лайн канфэрэнцыі на "Нашай Ніве" спадар Мілінкевіч на маё пытанне
"ці магчыма і варта аднаўляць Рэч Паспалітую" адказаў "Думаю, не магчыма павярнуць гісторыю, ды й не варта гэтага рабіць.". З гэтага яго адказа маю да вас два пытання:
1.Як на ставіцеся да аднаўлення Рэчы Паспалітай у да яе падзелаў. Зразумела, што паспрабаваць гэта магчыма пры новай нашай уладзе, і зноўку зразумела, што аднаўляць не як манархію, а як рэспубліку. Ці гэта ідэя, за якую змагаліся нашыя продкі ўжо не актуальная? |
Што да саюзаў з іншымі краінамі, мая пазыцыя: дзеля лагоднага характару нашага народу яны нам на карысьць ніколі не ішлі. |
[ 28/03/2007 10:02 ] |
2.Ці гэтыя словы Мілінкевіча не гавораць аб тым, што не варта "паварачваць гісторыю" й "не варта рабіць", аднаўляць БНР у якой бы то ні было форме?
Бо гавораць, што ен зараз нефармальны лідэр-то давайце ж яму падпарадкоўвацца).
З павагай, Тымчасовы. |
Не разумею пытаньня адносна БНР. |
[ 28/03/2007 10:18 ] |
Які сярэдні ўзрост прадстаўнікоў Рады БНР? Які сэнс акрамя прадставіцельскага нясе Рада БНР? Якімі прыярытэтнамі для Беларусі праектамі займаецца зараз Рада? |
Мы не падлічвалі сярэдні ўзрост сябраў Рады. Там ёсьць і маладыя асобы з новай хвалі эміграцыі, некаторым толькі нядаўна споўнілася 30 гадоў.
Рада БНР кантактуе з заходнімі палітыкамі і дзяржаўнымі дзеячамі і зьвяртае іх увагу па праблемы, якія стаяць перад Беларусьсю. Прынцыповае адрозьненьне ад прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, якія таксама шмат робяць у гэтым накірунку – тое, што Рада, пераважна, складаецца з грамадзянаў заходніх краінаў. Напрыклад, стаўленьне амэрыканскага кангрэсмэна да звароту яго выбаршчыка – зусім іншае, чым да звароту замежнага, хай сабе і вельмі паважанага палітыка. |
[ 28/03/2007 10:21 ] |
1. Калісьці, яшчэ за часы М. Абрамчыка, Рада БНР выступала пераемніцай Беларускай Незалежніцкай Партыі на эміграцыі. Чаму цяпер, калі моладзь пачынае цікавіцца беларускім антыфашыстоўскім і антыбальшавіцкім супрацівам 1941-1956 гадоў, Рада маўчыць аб сваіх папярэдніках?
2. Дзе можна знайсьці матэрыялы аб найбольш важных пасадах у БНР (не ў эміграцыі) і імёны тых асобаў, якія іх займалі. І ўвогуле, дзе можна знайсьці матэрыялы ў якіх былі б не агульныя падзеі, факты ці тлумачэньні: што такое БНР, Урад БНР, Рада БНР - і кароткая гісторыя існаваньня, а што-небудзь больш падрабязнае, дэталёвае, малавядомае (найперш у БНР)?
3. Ці ёсць магчымасць вяртання Рады БНР на Радзіму і якія патрэбны для гэтага ўмовы? |
Пад рэдакцыяй Сяргея Шупы некалькі гадоў таму выйшлі два тамы “Архіваў БНР”. Раю Вам зьвярнуцца два іх. У праекце -- восем тамоў архіваў. Незалежніцкая партыя не зьяўляецца папярэдніцай Рады БНР. |
[ 28/03/2007 10:32 ] |
Добрый день,панi Iвонка! Приветствие Вам из Санкт-Петербурга!
Интересно знать, как живёт белорусская диаспора в Канаде?
Вы возглавляета Раду БНР. В связи с этим такой вопрос. Признает ли Рада БНР действующую власть Беларуси как легитимную? В 1992г. праительство УНР в изгнании признало власть Украины и передало свои полномочия. А как дела в Беларуси. Кого из лидеров нынешней демократической оппозиции Вы хотели бы видеть в качестве президента Беларуси? С уважением, Николай, Санкт-Петербург. Жыве Беларусь! |
У свой час урад Кебіча шмат зрабіў намаганьняў, каб Рада БНР склала свае паўнамоцтвы, як гэта зрабіў украінскі экзыльны ўрад. На шчасьце, тагачаснае кіраўніцтва Рады на гэта не пагадзілася. Лукашэнку мы не прызнаем за легітымнага прэзыдэнта. |
[ 28/03/2007 10:46 ] |
Паважаная Спадарыня Старшыня. Ня шмат беларусау ведаюць аб тым што iснуе такi урад. Жадаем ведаць як мага больш аб яго справах. I галоунае: мы усе беларусы у адказе за усе што робiцца з нашай культураю. Дапаможа нам божа каб мы абаранiлi Беларусь!!! |
Дзякуй Вам за падтрымку. Тое, пра што Вы кажаце адносна няведаньня пра дзейнасьць Рады -- гэта, на жаль, праблема адсутнасьці доступу беларусаў да свабоднай інфармацыі. Са свайго боку, мы імкнемся ўсё зрабіць, каб данесьці праўду пра БНР да беларускага народу. |
[ 28/03/2007 11:07 ] |
1)"Акрамя роднае мовы‚ валодае яшчэ васьмю: францускай‚ гішпанскай‚ ангельскай‚ нямецкай‚ дацкай‚ лацінскай‚ нарвэскай‚ польскай." Няўжо расейскай не валодаеце?
2) Ці знаёмыя Вы зь дзейнасьцю першага міністра замежных спраў незалежнай Беларусі Пятром Краўчанкам, і як ставіцеся да яго дзейнасьці на гэтай пасадзе, у прыватнасьці, якія былі ягоныя адносіны зь беларускай эміграцыяй?
3) Пра БНР 1918 года: чк Вы лічыце, ці была яна сапраўды падтрыманая народам і дастаткова шырока вядомая ўнутры Беларусі, пры тым што ў дэмакратычных выбарах 1917 году яшчэ за Часовым Урадам БСГ атрымала толькі 0.5% галасоў?
Дзякуй. Міхал |
Наконт мовы. Расейскай мове я ніколі не вучылася, і таму ня маю права казаць, што яе ведаю. Але разумею.
Краўчанка быў першым міністрам замежных спраў, які распачаў кантакты з дыяспарай.
Безумоўна, БНР была падтрыманая народам. Да прадстаўнікоў Рады БНР у рэгіёнах зьвярталіся і каб вырашаць штодзённыя праблемы, гэта яшчэ адно сьведчаньне, што кіраўніцтва БНР уважалася за ўладу. Заўважу, што Слуцкае паўстаньне было змаганьнем за БНР. |
[ 28/03/2007 11:51 ] |
Спадарыня старшыня Рады БНР! Апошнім часам шмат абмяркоўваецца тэма карупцыі ў апазыцыі. Ідуць пагалоскі пра тры ці чатыры кватэры ў некаторых партыйных лідэраў, пра новыя аўто і гэтак далей. Адкуль грошы? На захадзе прынята, што палітыкі расказваюць пра ўсе свае даходы. Калі ў каго памёр дзядзька і пакінуў скарб, дык калі ласка. А калі кошт маёмасьці перавышае памер заробку, тады іншая справа. Можа, Вы ня ведаеце, але ў Беларусі набыць кватэру чалавеку з нармальным заробкам практычна немагчыма. Дык маю прапанову да Вас. Ці не магла б Рада БНР зьвярнуцца да апазыцыйных кіраўнікоў з заклікам зрабіць тое ж самае, каб ужо не было спэкуляцый на гэту тэму? |
Безумоўна, такія абвінавачваньні ёсьць часткай прапаганды рэжыму супраць апазыцыі. Было б пажадана, каб лідэры апазыцыі абверглі такія абвінавачваньні. |
[ 28/03/2007 11:57 ] |
Sp. Survilla, raspaviadziecie, kali laska, Vasaje staulen'nie da idei symbalicnaha hramadzianstva BNR. Ci maje sens hetaja sprava sion'nia? I ci znajsla jana prychilnikau na Bielarusi? Zyvie Bielarus'! S. |
Рада БНР не арганізоўвала запіс у грамадзянства БНР. У 1997 годзе з гэтай ініцыятывай выступілі Вінцук Вячорка, Сяргей Дубавец, Сяргей Шупа і Сяржук Сокалаў-Воюш. Потым яе падтрымаў Зянон Пазьняк. Я мяркую, гэта якраз той выпадак, калі ініцыятыва павінна разьвівацца зьнізу, пры згодзе Рады БНР. Безумоўна, гэта мусіць рабіцца адказна, бо вельмі лёгка скампрамэтаваць такую справу. |
[ 28/03/2007 12:03 ] |
Kali vi zbiraetes ushanavac svaim vizitam Estoniyu i belaruskih studentau z Belarusi, yakiya vuchacca u Estonii u Tartu? Ya ne paspeu vas pabachic u proshli raz. Velmi chakaem!
Z pavagay, student Dzyanis Saldacenka.
P.S. Peradayce mayu adresu Ivonke,kali geta magchima. |
Маю вельмі добрыя ўражаньні ад спатканьняў у Эстоніі летась увосень. І ад спатканьняў з эстонскімі міністрамі, і ад спатканьняў з маладымі беларусамі, якія там вучацца (некаторыя зь іх былі вымушаныя зьехаць зь Беларусі). Спадзяюся яшчэ раз наведаць Эстонію, але калі гэта будзе – сёньня цяжка сказаць. |
[ 28/03/2007 12:30 ] |
Якой вы бачыце працу на сённяшні дзень Рады БНР на карысць Беларусі? Ці ёсць такія шансы, што вы ці вашыя дзеці і ўнукі вярнуцца ў Беларусь? Што для гэтага павінна здарыцца?
Як вы думаеце, што павінна быць адлюстравана ў законе пра беларусаў замежнікаў? Што павінна быць там адлюстравана? Ці ёсць шанец, што беларуская дыяспара пачне вяртацца на "гістарычную радзіму" і што для гэтага трэба? Шмат хто кажа, што ў Ірландыіі для незалежнасць у шмат у чым паспрыяла эміграцыя, якая потым вярнулася з новымі ведамі і капіталамі. Ці ёсць шанец, што і ў Беларусі такую ролю адрыграе эміграцыя?
Дзякуй за адказы. З павагай Вольга |
Вы закранулі шмат глыбокіх тэмаў, якія проста немагчыма асьвятліць у фармаце канфэрэнцыі. Што да ўдзелу дыяспары, дык прыкладам можа быць Армэнія, якая нядаўна прыняла закон, які дазваляе прадстаўнікам дыяспары, асобам з падвоеным грамадзянствам займаць дзяржаўныя пасады да пасады прэм'ер-міністра. Яны хочуць скарыстаць вопыт дыяспары. У сёньняшняй жа Беларусі стаўленьне да дыяспары, на жаль, мала адрозьніваецца ад таго, што было ў савецкія часы, калі нас абвяшчалі здраднікамі. Ці ведаеце Вы, напрыклад, што сёньня кватэру ў Менску ня маюць права набываць беларусы - грамадзяне Канады ці Францыі? Такое права маюць толькі грамадзяне Беларусі (што нармальна) – а з замежных грамадзянаў – толькі грамадзяне Расеі. Але спадзяюся, што час зьменіцца. |
[ 28/03/2007 12:55 ] |
Паважаная Івонка Сурвіла, што у Вашым разуменьні ёсьць паняцьцем "культура"? |
Вельмі глыбокае пытаньне, парай слоў немагчыма адказаць. Найважнейшы элемэнт культуры ў нашым змаганьні за беларускасьць у Беларусі ёсьць мова. |
[ 28/03/2007 12:59 ] |
Распавядзіце калі ласка пра Вашыя стасункі з Васілём Быкавым. |
Васіля Быкава лічу найвялікшай асобай Беларусі 20-га стагодзьдзя і шчасьлівая, што давялося зь ім быць знаёмай. Мы спатыкаліся ў Празе на сьвяткаваньні гадавінаў БНР. Першы раз – у сакавіку 2000 году, а апошні – у сакавіку 2003-га, за некалькі дзён да таго, як яму зрабілі апэрацыю. Пра гэта я распавядала ў кнізе “Наш Быкаў”, якую рэдагаваў Генадзь Бураўкін. |
[ 28/03/2007 13:03 ] |
Дзень добры!
Як Вы ставіцеся да спадара Вайтовіча? |
З павагай, як і да кожнага, хто знайшоў у сабе мужнасьць кінуць выклік Лукашэнку, хаця асабіста мы не знаёмыя. |
[ 28/03/2007 13:17 ] |
Вітаю спадарыню Сурвілу! Што было зроблена Радай БНР за мінулы год? Колькі ўсяго афіцыйных грамадзянаў БНР? Ці не жадаеце Вы наведаць Беларусь, альбо стала жыць на Бацькаўшчыне, калі для гэтага будуць спрыяльныя ўмовы? Якой бачыць Беларусь старшыня Рады БНР? Дзякуй за адказы! Посьпеху ў працы й моцнага здароў'я! Жыве Беларусь! |
Дзякуй за добрыя словы. Пра грамадзянства БНР я ўжо адказвала. Што да вынікаў году, дык гэта – дзясяткі сустрэчаў сяброў Рады зь дзяржаўнымі дзеячамі і палітыкамі розных краінаў у справе падтрымкі Незалежнасьці і дэмакратыі, з мэтай пераканаць, што пытаньне захаваньня Незалежнасьці застаецца для Беларусі актуальным. Гэта і падтрыманьне некаторых культурніцкіх праектаў у Беларусі. Асабіста я ці не штомесяц сустракаюся з палітыкамі і ўрадоўцамі Канады ў справе дапамогі дэмакратыі на Беларусі. Канешне, я мару пра магчымасьць жыць у Беларусі. |
[ 28/03/2007 13:18 ] |
Якія Вашы любімыя пісьменьнікі й кнігі? |
Апошнім часам захапляюся “Кнігай узнаўленьняў” Алеся Разанава. Безумоўна, Барадулін, Быкаў, Бураўкін, Караткевіч, Іпатава, Арлоў... Паколькі шмат жыву на чужыне і вучылася тут, чытала шмат літаратуры іншамоўнай. Але задоўга пералічваць аўтараў. |
[ 28/03/2007 13:22 ] |
Bonjour Madame, je m'appelle Mickael et je suis Français.
Je voudrais connaître votre point de vue lorsque nous aurons un nouveau président en France si il y aura plus de relations entre la France et la Biélorussie.
Il y a déjà des contacts importants entre Monsieur Sarkozy et Monsieur Milinkevitch.
Merci pour votre reponse.
(Добры дзень, шаноўная спадарыня, маё імя Мікаэль, я француз. Я б хацеў даведацца Вашага меркаваньня: паколькі ў нас у Францыі будзе новы прэзыдэнт, ці будуць больш інтэнсіўнымі стасункі між Францыяй і Беларусьсю. Ужо цяпер існуюць важныя кантакты між сп.Сарказі і сп.Мілінкевічам. Дзякуй за Ваш адказ.) |
Bonjour Mickael. J'espere certainement que le nouveau President ou Presidente ne mettront pas fin aux bonnes relations actuelles entre le Gouvernement francais et l'Opposition democratique bielorussienne. Je souhaite de tout coeur que ces relations deviennent encore plus etroites et surtout, visibles.
(Добры дзень, Мікаэль. Я безумоўна спадзяюся, што новы прэзыдэнт ці прэзыдэнтка не пакладуць канец цяперашнім добрым адносінам між францускім урадам і беларускай дэмакратычнай апазыцыяй. Я шчыра жадаю, каб гэтыя стасункі сталі яшчэ больш цеснымі і перадусім – больш бачнымі.) |
[ 28/03/2007 13:40 ] |
Паважаная Спадарыня Старшыня, маё пытаньне звязанае з прызнаньнем БНР іншымі дзяржавамі. Да сёньняшняга дня у мяне няма пэўнасьці якія дакладна дзяржавы дэ-факта ці дэ-юрэ прызналі БНР у якасьці сувэрэннай дзяржавы. Ці напрыклад Польшча прызнала? Ці варта таксама казаць пра тое, што пры падпісаньні мірнай дамовы у Рызе паміж Польшчай ды Савецкай Расіяй у 1921 г. бальшавікі былі ня супраць каб значна большая частка Беларусі - Усходняя - перайшла пад панаваньне Польшчы. Але паўстаньне беларускай дзяржавы ня было у інтарэсе большасьці палякаў нават у фэдэрацыі з Варшавай. Вядома, што толькі частка польскай дэлегацыі выступала за аўтаномію Беларусі (маю на увазе польскіх сацыялістаў), але ім ня удалося пераканаць іншых. Пытаюся, бо пішу працу па палітычнай гісторыі Беларусі і адной паважнай польскай кнізе прысьвечанай палітычным сыстэмам ва Усходняй Эўропе і там няма ані слова пра БНР. Толькі пра БССР. Гэта скандал. |
Зноў жа, адсылаю Вас да “Архіваў БНР”. |
[ 28/03/2007 14:14 ] |
Прывiтаньне, Шаноуная Iвонка - Старшыня РАДЫ БНР !!!
1)Як Вы лiчыце, мо ужо насьпеу час да пленнага супрацоунiцтва (у выглядзе кансультацый i "круглых сталоу") нацыянальна арыентаваных колау краiны з уладаю
ЗьмIцер Прасяны, г. Менск |
Спадар Мілінкевіч зрабіў пэўныя крокі ў гэтым напрамку. Адказу ўлады пакуль няма. |
[ 28/03/2007 14:36 ] |
Як вы ставіцеся да праекту lukashenka2008.ru і яго плянах? Нагадаю, што ён ратуе за тое, каб Лукашэнка стаў прэзідэнтам Расіі. Ілля |
Спадзяюся, гэтага не адбудзецца. |
[ 28/03/2007 14:56 ] |
Шаноўная Спадарыня Сурвіла! Віншую Вас з вялікім Сьвятам 25 сакавіка - нашым Днём Волі!
Пытаньне мае такое: ці плянуе урад БНР вярнуцца на Радзіму і стаць тут легітымным і рэальным урадам сучаснай Рэспублікі Беларусь ці проста паўдзельнічаць у нашым унутраным палітычным працэсе? Дзякуй вялікі!
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ! |
Дзякуй за віншаваньне. І Вас са сьвятам! Што да вяртаньня Рады БНР, гэта цалкам залежыць ад волі беларускага народу. |
[ 28/03/2007 14:58 ] |
Дзе ёсьць магчымасьць знайсьці літаратуру пра святкаваньні ўсіх Днёў Волі. Дзякуй! |
Такога збору яшчэ ніхто не друкаваў. Але ідэя вартая. Дзякую. |
[ 28/03/2007 15:16 ] |
Dobry dzen. Nekalki mesiacau tamu napisau e-mail na adras pressgroup@radabnr.org , jaki paznachany na aficyjnaj staroncy Rady. Nikoli ne atrymau adkazu. Ci pracuje hety adras? Ci nekhta nasamerch chytaje daslanyja listy? Dziakuj, Yahor |
Лісты чытаюцца. Магчыма, была тэхнічная праблема. Калі ласка, дашліце яшчэ раз. |
[ 28/03/2007 15:24 ] |
Добры дзень! Я навучаюся ў Францыi i хацеў бы скантактавацца з тутэйшымi беларусамi цi прадстаўнiкамi БНР, калi тут такiя ёсць. Цi можаце параiць куды зьвярнуцца? Дзякуй. Ягор, Францыя |
Вельмі радая пачуць голас яшчэ аднаго беларуса ў Францыі. Можаце зьвярнуцца да Беларускага аб’яднаньня Францыі (Хаўрус). Дашліце Ваш адрас, мы дадзім Вам кантакты. |
[ 28/03/2007 15:45 ] |
Спадарыня Івонка! Які лёс праекта "Грамадзянства БНР" і калі можна будзе атрымаць пашпарт грамадзяніна БНР? |
На такое пытаньне я адказвала вышэй. Грамадзянства БНР на гэты момант сымбалічнае, і Рада БНР не выдае пашпартоў. |
[ 28/03/2007 15:47 ] |
Вэб-рэдактар: завяршаем онлайн-канфэрэнцыю. |
Дзякую за шматлікія і зьмястоўныя пытаньні, на якія, на жаль, у фармаце онлайну немагчыма адказаць грунтоўна. Але буду браць іх пад увагу ў маёй дзейнасьці. Жадаю ў хуткім часе пабачыцца ў вольнай, дэмакратычнай Беларусі з усімі вамі. Жыве Беларусь! |
|
|