|
|
|
Навошта ўлады ўшаноўваюць Суворава?
Алена Макоўская – скончыла лінгвістычны ўнівэрсытэт і акадэмію кіраваньня пры Савеце міністраў (цяпер – пры прэзыдэнце РБ), на 3-м зьезьде у 2001 годзе абрана на пасаду старшыні рады Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, пераабраная на 4-м зьезьде ў 2005.
Яўген Анішчанка нарадзіўся ў 1955 годзе ў вёсцы Бранцава Аршанскага. Скончыў гістфак БДУ. Працаваў настаўнікам, служыў у савецкай арміі (як сам прыгадвае, “побач з Лукашэнкам”). З 1985 года у інстытуце гісторыі Акадэміі навук. Кандыдат гістарычных навук (тэма дысэртацыі “Зямельныя адносіны на Беларусі ў канцы 18-га стагодзьдзя”), доктарская дысэртацыя на тэму “Палітычная гісторыя Беларусі ў часы падзелу Рэчы Паспалітай”, у якой даказвалася, што Расея нясе галоўную адказнасьць за падзел Рэчы Паспалітай, не прайшла ВАК. Аўтар кнігі “Палітычная гісторыя ў часы падзелу Рэчы Паспалітай”. 19 лютага 2007 года быў звольнены з інстытуту гісторыі Акадэміі навук.
Уладзімер Арлоў – скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, удзельнічаў у самвыдатаўскіх альманахах "Мілавіца" і "Блакітны ліхтар". Першая кніга выйшла ў 1986 годзе. Аўтар больш як дваццаці кніг прозы, паэзіі, эсэ і гістарычных нарысаў. Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны (1991), ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭH-цэнтру. З 1988 году сябра Рады "Мартыралёгу Беларусі". Творы перакладзеныя на дваццаць пяць моваў.
У інтэрвію Радыё Свабода ўдзельнікі он-лайн канфэрэнцыі сказалі:
Алена Макоўская: “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” мае сваімі асноўнымі мэтамі адраджэньне Беларусі як сувэрэннай дзяржавы, выхаваньне нацыянальнай сьвядомасьці, спрыяньне росту павагі беларусаў да сваёй гісторыі, культуры і мовы. Гэта запісана ў статуце, і на гэтым будуецца праца аб’яднаньня цягам 16 гадоў. Мы лічым, што ўшанаваньне Суворава на беларускай зямлі – гэта праява гістарычнага бяспамяцтва, зьдзек і непавага да памяці продкаў, якія змагаліся за незалежнасьць нашай краіны.
Сувораў прыйшоў да нас не з гуманітарнай місіяй, ён быў карнікам і акупантам для Беларусі. Нават у Расеі, якой Сувораў і служыў, яго імя не кананізавана. Дык каму будуць маліцца беларусы ў кобрынскім храме?.. Вайскоўцу-чужынцу, які тапіў у крыві нашы нацыянальна-вызвольныя паўстаньні, які прынёс на штыках сваіх салдат прыгоннае рабства ў Беларусь? Яшчэ Канфуцый сказаў: “Калі імёны не адпавядаюць сапраўднаму сэнсу, то справы не могуць ісьці пасьпяхова....” Ніводная краіна не ўшаноўвае сваіх акупантаў, а народ, які ня памятае пра мінулае, ня мае будучыні...”
Яўген Анішчанка: “Я лічу, што гэта робяць палітыкі мілітарысцкага пляну, якія хочуць паказаць, што Беларусь нібыта зьяўляецца шчытом Расеі на заходнім накірунку. Яны ўсё зробяць дзеля таго, каб загадаць беларускаму народу літаральна легчы касьцьмі за чужыя інтарэсы.
Уладзімер Арлоў: “Гэта, безумоўна, будзе праявай посткаляніяльнай ці нават каляніяльнай сьвядомасьці, на якую хворыя і сьвецкія, і духоўныя праваслаўныя ўлады Беларусі. Я шмат пісаў пра асобу Суворава, і гэта, безумоўна, антыгерой нашай гісторыі, як антыгероямі нашай гісторыі ёсьць Іван Жахлівы, Пётр Першы... Я думаю, што ў гэтага праекту (нават калі ён будзе зьдзейсьнены, у ва што ня хочацца верыць), будзе лёс незайздросны”. |
|
2003
2004
2005
2006 |
[ 02/03/2007 18:39 ] |
Я нарадзіўся і да 17 гадоў жыў у Кобрыне.Зараз жывуць там маі сваякі.
Але, на жаль ніколі культурныя актывісты Кобрыня не ставілі пытаньне аб Сувораве ,не арганізовывалі канференцыі. А я быў заняты палітыкай.
Чвму гісторыкі, пісьменікі не прапанавалі грамадзскасьці Кобрыня канферэнцыю аб Сувораве ? Чаму не прапанавалі перадачу на Брэскае ТБ?
На жаль у нас заўсёды, па-рускі- пока гром не не грянет... |
Алена Макоўская: Я таксама нарадзілася і да 17 гадоў жыла ў Кобрыне. У пачатку 90-х гадоў пытаньне аб змяненьні назвы і канцэпцыі музэя паўставала, як і зьмены назвы сувораўскай ваеннай вучэльні. На жаль, не гледзячы на грамадзкую актыўнасьць, у тыя часы шмат чаго зьмяніць так і не ўдалося, а з 1994 годам пайшлі ўжо зусім іншыя палітычныя працэсы, зьвязаныя з ушанаваньнем герояў, створаных савецкай прапагандай. Арганізаваць гістарычную канфэрэнцыю магчыма і тут няма вялікіх праблем. Але для яе арганізацыі патрэбна і мясцовая ініцыятыва. Да нас, на жаль, з такой ініцыятывай ніхто не зьвяртаўся. І яшчэ, адносна актыўнасьці на месцах, інфармацыя пра будаўніцтва храма Сувораву дайшла да нас не з Кобрына, а з цэнтральнай прэсы. |
[ 02/03/2007 19:21 ] |
На днях па БТ паказалі вельмі цудоўны сэрыял пра Тадэвуша Касьцюшку. А ў Кобрыне тым часам будуюць "храм-помнік" Сувораву, зь якім Касьцюшка ваяваў. Як вы пракамэнтуеце гэткаю непасьлядоўнасьць? І як Вы, як спецыялісты, ацэньваеце гэты фільм? Міхал |
Алена Макоўская: Ня думаю, што тут варта шукаць нейкую паслядоўнасьць. Справа ў тым, што ініцыятыва прысьвячэння храма Сувораву пайшла ад мясцовай праваслаўнай царквы, з прычыны пошуку фінансаваньня. Ініцыятары нават не абцяжарылі сябе ўдакладненьнем гістарычных фактаў, ролі Суворава для Беларусі. А фільм Алега Лукашэвіча сапраўды выдатны. Нядаўна таксама па нейкім дзяржаўным беларускім канале глядзела цудоўны гістарычны фільм пра нараджэньне пратэстанцтва ў Эўропе, заснаваньне першых пратэстанцкіх цэркваў, толькі не думаю, што ад гэтага зьменіцца стаўленьне дзяржавы да пратэстанцкай канфеэыі ў Беларусі.
|
[ 02/03/2007 19:50 ] |
Пытаньне да ўсіх : ці згодны вы,што ўшанаваньне Суворава на нашай зямлі - гэта не толькі чарговае падцверджаньне сапраўднага аблічча нашых улад,імперскай сутнасці Расеі,амаральнага ўзроўню праваслаўных вярхоў,як Беларусі,так і Расеі,
а гэта ёсць і чарговым выклікам дыктатара Лукашэнкі нам беларусам,маўляў,я тут гаспадар адзіны, а вы праглынеце ціха і гэта, як тую ж справу з праспектам Скарыны.Маё меркаваньне, што час ад часу, Лукашэнка такім чынам падсілкоўваецца.
Дзякуй. Туравец Віктар. |
Алена Макоўская: Ініцыятыва ўшанаваньня Суворава пайшла зьнізу, ад кобрынскай праваслаўнай царквы. Наколькі вядома з інтэрвію, якое давалі мясцовыя сьвятары, яны спадзяваліся, што імя Суворава дапаможа ў справе фінансаваньня храма з боку Расіі. А вось тое, што мясцовыя праваслаўныя сьвятары не ведаюць нічога пра тое, якую ролю расейскі палкаводзец адыграў у гісторыі Беларусі, не задумаліся і пра тое, што Сувораў не кананізаваны, што ў беларускай праваслаўнай традыцыі няма звычкі ставіць храмы любым ваенным – гэта якраз вынік лукашэнкаўскай палітыкі скіраванай на падмену нацыянальных каштоўнасьцяў штучнай ідэялёгіяй.
Гэта вынік той гуманітарнай катастрофы, якая адбываецца ў Беларусі. Гэта вынік адсутнасьці кантролю грамадзкімі інстытутамі за дзейнасьцю ўладаў, адсутнасьці свабоднай прэсы, ізаляванасьці розных групаў грамадзтва. І як сьледства, нараджаецца абсалютна кашчунная ініцыятыва – ушанаваць на кобрыншчыне імя чалавека, які зьнішчаў менавіта на гэтай зямлі продкаў “удзячных будаўнікоў”.
Уладзімер Арлоў: Мне невядома, што менавіта Лукашэнка санкцыянаваў гэтае будаўніцтва. Я думаю. Што ён у дадзенай сытуацыі мае шанец якраз прадэманстраваць сваю гістарычную абазнанасьць (як выпускнік гістарычнага факультэту), а таксама засьведчыць прыхільнасьць да Незалежнасьці Беларусі, якую ён апошнім часам так упарта дэкляруе, бо менавіта супраць расейскага панаваньня і расейскіх імпэрскіх амбіцыяў змагаліся нашыя продкі пад штандарамі Касьцюшкі, якім супрацьстаяла войска расейскіх захопнікаў. |
[ 03/03/2007 05:54 ] |
После смены режима рано или поздно встанет вопрос о восстановлении памятников истории, включая наши замки. Однако, если делать из них музеи и прочие безденежные предприятия, то замки медленно умирают. Видите ли вы возожность передавать остатки замков в частные руки, чтобы отстроенные заново стены продолжали жить полноценной жизнью (в виде дорогих отелей или загородных бизнес-центров)? В частности, практически стертый Гольшанский замок. Спасибо. |
Алена Макоўская: Думаю, тут можа быць комплексны падыход, які існуе ў сьвеце – частка замкаў, найбольшай гістарычнай каштоўнасьці мусіць належыць і ўтрымлівацца дзяржавай – той жа Мірскі замак да прыкладу. Але частка можа быць перададзена ў прыватныя рукі. Гэта ўсё павінны вызначаць экспэрты. |
[ 03/03/2007 05:59 ] |
Еще один вопрос про памятники. Лукашенко переименовал Проспект Машерова в Проспект Победителей. А если его действительно превратить в проспект наших победителей и поставить вдоль него памятники пяти-шести-семи выдающимся белорусским полководцам, побеждавшим в войнах. Кого именно бы вы выбрали из нашей истории? Алекс. |
Алена Макоўская: Вельмі файнай ідэя. Думаю, варта ўшанаваць наступных дзеячаў:
- Усяслава Чарадзея
- Вітаўта Вялікага
- Тадэвуша Касцюшка
- Кастуся Каліноўскага
- Канстанцін Астрожскі
- Альгерд
Уладзімер Арлоў: Безумоўна, на гэтым праспэкце ў той віртуальнай і, на жаль, немагчымай цяпер у рэальнасьці Беларусі я б бачыў помнікі Канстанціну Астрожскаму, перможцу пад Воршай, помнік Вітаўту Вялікаму, пераможцу ў Грунвальдзкай бітве, помнік Яну Каралю Хадкевічу, пераможцу швэдаў пад Кіргольмам і туркаў пад Хацінам. Я думаю, што там быў бы дарэчы помнік будаўніку і абаронцу першай беларускай дзяржавы, Полацкага княства – Усяславу Чарадзею. А магчыма – і ягонаму бацьку князю Брачыславу, бо менавіта ў часы Брачыслава і Ўсяслава Чарадзея Полацкае княства аднавіла сваю незалежнасьць ад Кіева, і каб не намаганьні гэтых князёў, то хто ведае, ці была б цяпер на палітычнай мапе сьвету нашая дзяржава.
Безумоўна, у Менску павінны быць помнікі і тым, хто не перамагаў – тым, хто кіраваў паўстаньнямі, хто ішоў на сьмерць на чале лепшых нашых продкаў, каб хаця б на вышыню сваіх магілаў наблізіць свабоду. Я маю на ўвазе і Тадэвуша Касьцюшку, і Якуба Ясінскага, які кіраваў паўстаньнем 1794 г. менавіта на землях Вялікага княства Літоўскага, Эмілію Плятэр, ушанаваную палякамі, але амаль забытая ў сябе на радзіме, хоць яна была і беларускай арыстакраткай, беларускай, літвінкай – яна нават вершы пісала па-беларуску. І безумоўна, павінен быць помнік Каліноўскаму. Сапраўдны помнік, варты сталіцы незалежнай дзяржавы. |
[ 03/03/2007 20:48 ] |
Ci sapraudi vashaja infarmacija ab budaunictve xrama dakladnaja? Bo pa xriscijanskix kanonax nelga budavac xram , jaki budze nasic imya ne kananizavanai asobi. Padaice kali laska bolsh infarmacii
Mikalai , USA |
Алена Макоўская: Інфармацыя дакладная. Упершыню пра гэтую ініцыятыву было паведамлена расейскіх агенцтвам Інтэрфакс, потым інфармацыя з’явілася ў газэце “Народная Воля”. Пасьля таго, як распачалася інфармацыйная кампанія, гэтую інфармацыю пацьвердзілі і самі мясцовыя сьвятары, а таксама жыхары г.Кобрына. |
[ 04/03/2007 21:54 ] |
Уладзімер, буду ўдзячны, калі Вы пералічыце ўсе злачынствы Суворава супраць насельніцтва Радзімы, якія Вам вядомыя, ды дадзіце спасылкі на гістарычныя дакументы па кожным прыведзеным факце. Гэта патрэбна дзеля справы. Дзякую. Юрась Іванюковіч.
зы У форме ленты навінаў, без аналітыкі, калі не складана. |
Уладзімер Арлоў: Паколькі я цяпер знаходжуся ў больніцы, з канкрэтнымі спасылкамі будзе цяжка. Скажу наступнае.. Галоўнае злачынства Аляксандра Суворава, які ўдзельнічаў выключна ў захопніцкіх войнах, ажыцьцяўляючы расейскую імпэрскую дактрыну, – непасрэдны ўдзел у задушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня на чале з Тадэвушам Касьцюшкам. Паўстаньне душыла загартаваная ў захопніцкіх паходах армія на чале з Суворавым, які аддана служыў жандарскай царскай Расіі. Апафэозам гэтых крывавых злачынстваў Суворава стала расправа з паўстанцамі, у тым ліку і з нашымі продкамі-ліцьвінамі, якія адступілі на тэрыторыю Польшчы ў варшаўскае прадмеьсце Прага. Менавіта там было вынішчана малайцамі Суворава па яго загаду практычна ўсё насельніцтва – ад немаўлятаў да старых. І захмялеўшыя ад выгляду крыві расейскія салдаты не спыняліся, забіўшы людзей, зьнішчалі абсалютна ўсё жывое – коней, сабак, катоў. Гэта было жудаснае відовішча. Менавіта там, на вуліцах Прагі Варшаўскай загінуў Якуб Ясінскі, які камандаваў вызвольным паўстаньнем на землях Вялікага княства Літоўскага. За гэтыя “подзьвігі” Сувораў атрымаў ва ўласнасьць Кобрынскую воласьць і іншыя беларускія землі больш чым з дваццаьццю пяцьцю тысячамі прыгонных. Хто мог уявіць, што пазбаўленыя нацыянальнай годнасьці нашчадкі паўстанцаў будуць потым спакойна ўспрымаць, што імем Суворава названа каля 60 вуліцаў у гарадах і мястэчках. Гэтая лічба высьветленая мною на пачатку 90-х гадоў, але я не сумняюся, што яна неістотна зьменшылася і цяпер, ужо ў 21 стагодзьдзі, што ёсьць праявай гэтай каляніяльнай і посткаляніяльнай сьвядомасьці, праявай расейскацэнтрычнага погляду беларускага кіраўніцтва на гісторыю, ад самых вышэйшых эшалёнаў да людзей на месцах. Я б нават сказаў, што гэта не расейскацэнтрычны погляд, гэта проста бяспамяцтва. І ў маім родным Полацку я ішоў вуліцай Суворава. А вось вуліц імя Касьцюшкі па ўсёй краіне – на пальцах адной рукі палічыць можна, Ясінскага ў назвах – увогуле няма. І што ўбачылі б людзі Ясінскага сёньня? Кветкі ля помнікаў Сувораву на зямлі, якую цаною ўласных жыцьцяў баранілі ад расейскіх захопнікаў.
Што да спасылак, то іх не так цяжка знайсьці і ў маіх кнігах , і кнігах Яўгена Анішчанкі, і Генадзя Сагановіча (напрыклад яго “Нарыс па гісторыі Беларусі”). А праз нейкі час Вы можаце зьвярнуцца непасрэдна да мяне. |
[ 04/03/2007 22:08 ] |
Калі, калі гэта зкончыцца, калі наша нацыя перастане сама сабе непаважаць7Мне сорамна і хочацца плакаць. Што рабіть????????????????????????? |
Алена Макоўская: Як гэта ні банальна – калі слова “гонар” будзе не пустым гукам, а зноў мець сэнс. А пачаць варта кожнаму з сябе. Перастаць баяцца, быць абыякавым, перастаць чакаць, што хтосьці іншы вырашыць праблемы. І так павінен рабіць кожны. Толькі тады будзе вынік, як для канкрэтнага чалавека, так і для ўсёй нацыі. |
[ 05/03/2007 11:45 ] |
Добры дзень! Цi былi выпадкi, калi Сувораў забiваў людзей на Беларусi па сваiм уласным жаданьнi, а не толькi выконваючы загады? Цi ёсьць увогуле дадзеныя па колькасьцi забiтых ад яго рук? Дзякуй, Сяргей, Вялейка |
Яўген Анішчанка: На тэрыторыі Беларусі па загаду Суворава была спалена вёска зь мясцовымі жыхарамі пад в. Арэхава. Ён тады змагаўся супраць атраду паўстанцаў на чале з братамі Пуласкімі. Гэта дакумэнтальны факт. Таксама Сувораў аддаваў падобныя загады пры ваенных дзеяньнях на тэрыторыі Польшчы, пры захопе Прагі пад Варшавай.
Уладзімер Арлоў: Ведаеце, забойцы і каты калі вядуць статыстыку, то, напэўна, турбуюцца пра тое, каб яна ня стала вядомая нашчадкам. Галоўнае, што дзясяткі тысяч нашых продкаў зьнішчаліся вось гэтымі карнымі аддзеламі, якімі камандаваў Сувораў. Гэта ён даваў загады паліць беларускія вёскі разам з жыхарамі, руйнаваць іх артылерыяй. Хатыні зьявіліся на нашай зямлі значна раней за Другую ўсясьветную вайну. У тым ліку Хатыні палалі на беларускіх абшарах і тады, у 1794 годзе. І гэта на сумленьні расейскіх захопнікаў і карнікаў. |
[ 05/03/2007 11:58 ] |
Спадар Анiшчанка, вы сказалi, што Сувораў "...прынёс на штыках сваіх салдат прыгоннае рабства ў Беларусь". А няўжо ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм не было прыгоннага ладу? Дзякуй, Сяргей, Узда |
Яўген Анішчанка: Да Суворава прыгон у ВКЛ быў, але Сувораву Кацярына Другая падарыла сялян у вечную спадчыну, каля 14.000 душ з каралеўскага маёнтка, якія былі раней свабоднымі. Пасьля гэтага сяляне сталі прыгоннымі. А улічваючы тое, што Касьцюшка падняў паўстаньне, мэта якога была і вызваленьне сялян, то, зразумела, падаўленьне гэтага паўстаньня Суворавым замацавала рабства ў Беларусі. |
[ 05/03/2007 12:16 ] |
Ці не было б лепш аб'яднаць пратэст супраць будаваньня храму імя Суворава з патрабаваньнем перанайменьня сувораўскай вучэльні, вуліц яго імя ды кобрынскага музэя? Ян |
Яўген Анішчанка: Музэю Суворава ўвогуле не месца ў Беларусі. І ганьба тым, хто будуе храм Сувораву.
Алена Макоўская: зараз трэба ратаваць гэты храм, каб ён быў пабудаваны, але яму не быў нададзены статус храма імя Суворава. У сувязі з тым, што ў Беларусі да гэтага часу вельмі моцныя савецкія традыцыі, гэты савецкія ідэалягічны пласт – музэй, вуліцы, вучэльня зрушыць з места будзе вельмі цяжка. Але гэта безумоўна варта рабіць. |
[ 05/03/2007 14:46 ] |
Я дзіўлюся дыскусіі на гэту тэму. Калі палкоўніку паўлічэку далі парваслаўны ордэн, калі краіне паўсюль стаяць помнікі катам 20 стагоддзя - леніну, дзяржынскаму, варашылаву, калініну, мясьнікову, а нядаўна зьявілася лінія сталіна -- пра што дыскусія. У тцрме не бывае грамадзкай думкі, якую варта абуджаць. Плюнуць трэба на гэты храм, большага ён не заслугоўвае |
Яўген Анішчанка: Гэтыя помнікі робяцца наўмысна. Гэты сымбалі стаяць 10-годдзямі. Гэта сьвядомая палітыка ўладаў. Але не азначае, што мы павінны закрываць на гэта вочы. Чым больш мы маўчым, тым больш нахабна сябе паводзіць улада. |
[ 05/03/2007 14:50 ] |
Сувораўскую вучэльню скончыў некалі вядомы палітык і нацыяналіст Пётр Садоўскі. Цікава, якое яго эмацыйнае стаўленьне да Суворава - тады і цяпер? |
Алена Макоўская: Мы днямі размаўлялі са спадаром Пятром на гэтую тэму і вось што ён сказаў. “Тады, калі быў у вучэльні, натуральна, стаўленьне было станоўчае. Я вывучаў 72 пераможныя паходы Суворава. У нас стаяла статуя на ўваходзе, каля яе фатаграфаваліся, дарылі гэтыя здымкі як падарунак. Тады мы спявалі песню “Учил Суворов в лихих боях держать во славе российский флаг”. Для нас Сувораў тады быў як вялікі воін, як Скандынберг у Альбаніі ці Македонскі. А як пачаў вывучаць гісторыю – адкрыліся відавочныя факты. Годзе ў 1972-м, калі я працаваў ужо у Акадэміі навук, жонка Уладзіміра Караткевіча папрасіла перакласьці з нямецкай мовы кніг, якраз пра Суворава. Там падрабязна апісвалася, што выраблялі, як вычвараліся салдаты Суворава, калі рабавалі маёнтак, здаецца, Агінскага. Гэта нават пераказаць сорамна і жахліва.
Таму цяпер, ведаючы праўду, да асобы Суворава стаўлюся так, як і ўсе сьвядомыя беларусы: ён вораг, заваёўнік, чужынец”. |
[ 05/03/2007 15:26 ] |
Я праваслаўны вернік. Колькі разоў бачыў і слухаў самога Мітрапаліта Філарэта. Ніколі не паверу, што ён мог даць благаславенне на такую кашчунную рэч - храм кату. Язэп, Вільня. |
Я спадзяюся, што сам госпад Бог дасьць розум уладыку Філярэту адмовіцца ад блаславеньня на будаўніцтва храма ў гонар ката. |
[ 05/03/2007 15:29 ] |
Я много слышал о вашем Згуртаванни. Такая уважаемая организация, а выступает против строительства храма в городе, где он так нужен. Как такое может быть? Ведь вы же когда-то занимались возрождением Креста Евросиньи Полоцкой! Станислав, Малорита |
Алена Макоўская: Мы выступаем ня супраць праваслаўнага храма. Мы толькі вітаем будаўніцтва храмаў на нашай змялі. Мы супраць таго, каб гэты храм прысьвяцілі Сувораву, чалавеку, які забіваў нашых продкаў. Ніводны народ ня ставіць помнікаў, ня тое што храмаў, сваім захопнікам. |
[ 05/03/2007 15:51 ] |
Пытаньне да спсп. Анішчанкі і Арлова. Што можна талковага пачытаць пра Суворава з найноўшых выданьняў? Якую працу, прысьвечаную пачатку расейскай акупацыі Беларусі вы лічыце найбольш грунтоўнай і даступнай? Дзякуй вялікі! Віктар, Менск |
Уладзімер Арлоў: Гэта пытаньне хутчэй да сп.Анішчанкі. Я толькі хачу падкрэсьліць, што насуперак міту пра тое, што беларусы – гэта такі сонны і пакорлівы народ, насуперак гэтаму міту якраз гісторыя сьведчыць, што ня хто-небудзь іншы, а нашы продкі на працягу няпоўнага стагодзьдзя тройчы паўставалі са сваімі суседзямі супраць расейскага азіяцкага абсалютызму, намагаючыся вярнуць наш край у эўрапейскую цывілізацыю, адкуль ён быў вырваны гвалтоўна вось гэтымі кіпцюрамі дзьвюхгаловага расейскага арла пры канцы 18 стагодзьдзя. Я думаю, што варта пачытаць і "Нарысы гісторыі Беларусі" Генадзя Сагановіча, якія якраз даведзеныя да падзелаў Рэчы Паспалітай, а працягам ягоных нарысаў стала аднайменная кніга, напісаная доктарам гісторыі Захарам Шыбекам, які таксама закранае гэтыя праблемы. У свой час пра ролю Суворава ў нашай гісторыі, пра ролю гэтага аднаго з галоўных антыгерояў нашай гісторыі, пісаў Кастусь Тарасаў у сваёй кнізе "Памяць пра легенды".
Яўген Анішчанка: Спэцыяльных працаў няма, і Сувораў гэтага не заслугоўвае. Зашмат надрукавана пра яго ў Расіі. Ёсць выданьні і ў інтэрнэце, але трэба быць падрыхтаваным да таго, што шмат фактаў зь яго біяграфіі замоўчваецца. Тэма не распрацаваная. Асабліва што датычыцца яго дзеяньняў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. |
[ 05/03/2007 16:19 ] |
Уважаемые, а чем вам Суворов не угодил? хотят люди ему храм строить, пусть строят. Ведь это их решение. Вы бы лучше более актуальными вопросами занялись. |
Алена Макоўская: Вось таму так і жывем, што гістарычная памяць для нас неактуальная. Уся сыстэма выхаваньня, адукацыі, прапаганды скіравана на тое, каб людзей цікавіла толькі “чарка і шкварка”. Канешне, тады лягчэй кіраваць. Чалавек думаючы – патэнцыйна небясьпечны для ўлады. Адносна самога Суворава... Хачу Вас, шаноўны Ананім, спытаць: а што зрабіў для праваслаўя гэты чалавек, каб у яго гонар помнік будаваць? Ён – вайсковец, і наколькі вядома, ніхто яго не кананізаваў нават у Расіі. Для Беларусі ён – захопнік-чужынец, змагаўся з нашымі продкамі супраць незалежнасьці нашай краіны. Мы ж манкуртамі сябе робім, не зважаючы на такія праблемы. |
[ 05/03/2007 16:32 ] |
вопрос госпоже Маковской. Как известно инициативу по возведению храма в честь суворова поддержала Русская православная церковь, а Вы не выходили на них с предложением о строителстве памятника Чингисхану в Москве?Ведь Чигисхан во всем мире признан великим полководцем и политиком.И долгое время успешно "работал" в России. Спасибо.В.Сулковский, предприниматель.Москва. |
Макоўская: Цікавая прапанова. Але калі падыходзіць да яе сур’ёзна, то больш чым пераканана, што рускія, у адрозьненьне ад беларусаў, не дазволяць зьдзекавацца над сваёй гістарычнай памяцьцю. |
[ 05/03/2007 16:58 ] |
Уладзімеру Арлову.
Ці можаце Вы, разам з іншымі, суполкай БНФ у Кобрыне арганізаваць канфэрэнцыю ў Кобрыне: Хто такі Сувораў,
Кабрынчанін |
Уладзімер Арлоў: Безумоўна, у нас дастаткова інтэлектуальных сілаў – і гісторыкаў, і пісьменьнікаў, – якія займаліся гэтай тэмай. Я даю згоду на ўдзел у такой канфэрэнцыі. Каб яна адбылася, у першую чаргу, павінны праявіць ініцыятыву кобрынская суполка БНФ, іншыя арганізацыі, якія супраць гэтага абсурднага праекту будаўніцтва храма. І відаць, прынцыпова было б правесьці яе менавіта ў Кобрыне. |
[ 06/03/2007 14:35 ] |
Ці не нагадвае вам ''барацьба'' Бацькаўшчыны з будоўляй храму Суворава змаганне Дон Кіхота з паветранымі млынамі? Вядома, што рашэнне аб будаўніцтве прымаюць тыя, каму меркаванне пары дзесяткаў інтэлектуалаў ''да лямпачкі''. Дык ці ёсць сэнс пачынаць яшчэ адну ''сізіфаву'' кампанію? Ці не лепей распачаць якуя кампанію не ''супраць'',(і так усё зразумела - і храм Сувораву і лінія Сталіну і помнік Феліксу) а ''за'' пашырэнне ужывання беларускай мовы у каталіцкай царкве? распаўсюд уніяцтва ці аўтакефаліі? і г.д. |
Алена Макоўская: Мы ня лічым, што барацьба супраць храму Сувораву падобная на донкіхоцтва. Да гэтай ініцыятывы далучылася ня 30 інтэлектуалаў – лік тых, хто паставіў свае подпісы супраць прысьвячэньня храма Сувораву ідзе ўжо на сотні і нават тысячы. Да акцыі далучаюцца і мясцовыя актывісты з Берасьцейшчыны, з Кобрыншчыны. Ёсьць шэраг паралельных ініцыятываў, якія ідуць незалежна ад ЗБС Бацькаўшчына, але накіраваныя супраць прысьвячэньня храма Сувораву. Таму мы лічым гэта рэальнай справай. Але і названыя ў пытаньні ініцыятывы вартыя падтрымкі. |
[ 06/03/2007 15:55 ] |
Ja chaczu prosta padziakvac Zhurtavanniu belarusau svetu za velmi patrebnuju i vartuju inicyjatyvu! Heta josc realnaja dzejnasc pa kansalidacyji hramadstva, abudzenni hramadskaj dumki!
Natallia, Ukrajina |
Алена Макоўская: Дзякуй за неабыякавасьць. Дзякуй за тое, што цікавіцеся і далучаецеся да нас. Спадзяюся, штонашчадкі Касьцюшкі на нашай зямлі перамогуць нашчадкаў Суворава. |
[ 06/03/2007 16:24 ] |
Mae pytanne da sp.U.Arlova:
Chy isnuye hoc adziny pryklad u svece ushanavannia vayakau praz budavanne cerkvau u ich honar? Kali nie, to varta uzniac getaie pytanne u iakoista velmi uplyvovai mizhnarodnay ustanove i uznagarodzic Maskouski Patryiarhat gramatai ci madelem vysheishay stupeni za vynahodnicki usdaym tvorchai (ale na zhal bezduhounai)dumki.
A kali sur'iezna, bylo b niadrenna raspauciudzic prashenni u pravaslaunye hramy na Belarusi c prosbai da sviatarou malicca Magutnamu Bogu kab Ien nie dapusciu d'iablu zrabic svaiu chornuiu spravu.
Z pavagai,
Sviatlana |
Уладзімер Арлоў: Шаноўная Сьвятлана, такіх прыкладаў існуе багата ў сьвеце. Калі ўзяць больш блізкі да нас сьвет, то існуе шмат храмаў у гонар, напрыклад, Аляксандра Неўскага, альбо князя Ўладзімера Хрысьціцеля. Што да Ўладзімера, то ён у нашай гісторыі таксама выступае як антыгерой, бо ён захапіў Полацк, зьнішчыў усю сям'ю Рагвалода, Рагнеду гвалтам узяў за жонку сабе. Што да князя Аляксандра Неўскага, то, я думаю, вы самі згадваеце прыклады храмаў у яго гонар. Што да яго, то ў яго перамогах на Чудзкім возеры над немцамі і на Няве над швэдамі вельмі значную ролю адыгралі якраз полацкія і віцебскія дружыны, якія складалі ня менш за палову войска Аляксандра, які ў 1239 годзе ўзяў шлюб з полацкай князёўнай. |
[ 06/03/2007 17:49 ] |
Як вы - пытаньне да ўсіх удзельнікаў, ці да любога -- лічаце, чаму маўчаць у гэтай справе берасцейскія (абласныя) краязнаўцы. Ціква было б пачуць меркаванне Несцерчука -- кіраўніка фонду Тадэвуша Касцюшкі. Менавіта яны, а не Менск, мусіў бы займацца гэтай праблемай. |
Алена Макоўская: Думаю, гэта пытаньне да іх, а не да нас. Але менавіта берасьцейская філія партыі БНФ зьбіраецца распачаць акцыю супраць ушанаваньня памяці Суворава. |
[ 07/03/2007 01:25 ] |
Чаму ўлады вырашылі ўшанаваць памяць Суворава храмам-помнікам? Мне падаецца, што адказ шукаць доўга і ня трэба. Іхні “бацька” загадаў разьвіваць турызм. А тут такая халява! Маскалі даюць грошы. Чаму б не скарыстаць. Іншая справа -- мазгоў у беларускага начальства мала. Тут Караткевіч – і гэтага не адымеш – быў прарокам!
Важней задаць пытаньне: “Чаму такое сталася магчымым?”
І тут, таксама, ёсьць адказ.
Па-першае. Маскалі -- натуральны вораг беларусаў. Гэтак сама, як кот для мышы, ці ўдаў для труса! Не павінна быць аніякіх ілюзіяў. Назавіце хоць адзін станоўчы прыклад з гісторыі маскальска-беларускіх стасункаў. Я не знайшоў!
За тое, з часоў Кацярыны-<выдалена -- рэд.>, нас пазбаўлялі гістарычнае памяці. Найвялікшым вынаходніцтвам было зьмяненьне імя нацыі літвіны на беларусаў. Далей -- падаўленьне паўстаньняў Касьцюшкі, 1831 і 1863 гг. Забарона ўніяцтва. Рыжская дамова – перадача беларускіх зямель Польшчы. 1940-вы год – перадача Жмудзі Вільні. Да сёньняшняга дня незаконна акупаваная Пскоўшчына, Смаленшчына і Браншчына. А ў 1945-ым годзе бээсэсэраўскае начальства прасіла аддаць Крулевец, каб Беларусь мела выйсьце да мора. Чаго не аддалі, калі вы, маскалі, нас так любіце? Сабе забралі! Не кажу ўжо пра вываз гістарычна-культурных каштоўнасьцяў. А што цяпер? Крамлёўскі Воўка-дзюдаіст кажа: маскалі і беларусы – адна нацыя! Карацей, Каліноўскі меў рацыю, калі казаў, што толькі тады шчасьліва зажывём калі маскаля над намі ня будзе!
Па-другое. Што тут казаць! Караткевіч – прарок! Начальства ў нас тупое! А тупое начальства ня любіць разумных. Для Беларусі гэта -- аксіёма. Маскальскія ідэі ўпалі на спрыяльную глебу. Начальства наша толькі і чула пра Паўліка Марозава ды Суворава. Каму яшчэ яны могуць паставіць помнік? Ну, хіба, што і д’яблу, бо іхні бацька гатовы зь ім сябраваць.
Карацей, падводжу рысу. Вам, спадар Арлоў, даю заданьне: прабегчыся па амбасадах краін, ганаровым грамадзянінам якіх быў Тадзік Касьцюшка. Назьбіраць грошы. А грошы дадуць! І пастаўце помнік на радзіме героя. Дазвол улады дадуць. Куды дзенуцца? Амерыканцы, французы і палякі націснуць! Астатнім дваім, што сядяць цяпер у студыі, -- едзьце ў Варшаву да палякаў! Трэба і іх падымаць. Хай шлюць у Крэмль, і гэтаму немцу-інаку, якога Аляксеям завуць – ноты пратэсту.
Юзік Глыбоцкі |
Алена Макоўская: У гэтым пытаньні мала што ад пытаньня, таму магу адказаць толькі на прапанову аб пабудове помніка Касьцюшку. Гэта будзе ганьба нам, калі такі помнік будзе будавацца з чужой ініцыятывы і за чужыя грошы. Дарэчы, бюст Касьцюшку, выкананы Алесем Шатэрнікам, знаходзіцца на тэрыторыі амэрыканскай амбасады ў Менску – дзякуючы руплівасьці былога амбасадара спадара Крола. А помнік павінен быць, канешне, не на тэрыторыі амбасады, і за грошы беларускай дзяржавы.
Уладзімер Арлоў: Шаноўны спадар Юзік! Задача пісьменьніка – пісаць кнігі, а ня бегаць па амбасадах. Калі ў вас ёсьць час – займіцеся гэтым сам. Я згодны з Аленай Макоўскай, што помнік Касьцюшку мусіць паставіць наша дзяржава. І гэта абавязкова станецца. |
[ 07/03/2007 06:53 ] |
Добры дзень, мае пытанні адрасаваныя Уладзіміру Арлову.
1. Няўжо Сувораў - святы, што яму царкву збіраюцца ставіць?
2. Да меней даўняй гісторыі. На Ваш погляд, чаму цяперашняй уладзе наогул і Лукашэнку асабіста так цяжка прызнаць як гістарычны факт сталінскія рэпрэсіі і належным чынам ушаноўваць памяць ахвяраў? Улада лічыць, што гэта можа ёй пашкодзіць? Чым? |
Уладзімер Арлоў: Цяперашні рэжым шмат запазычыў у сваёй рэпрэсыўнай палітыцы з арсэналу сталінскіх часоў. Дастаткова згадаць зьніклых палітыкаў, забітых журналістаў, таямнічыя сьмерці... |
[ 07/03/2007 06:54 ] |
3. Чаму Расія, сама асудзіўшы камуністычны і, ў прыватнасці, сталінскі рэжым, і пракляўшы яго дзеячоў усімі магчымымі і немагчымымі словамі, ставіцца да прыняцця Украінай закона аб галадаморы як да поўхі Расіі з боку Украіны?
4. Вам не здаецца, што нават гісторыя Вялікай Айчынай вайны робіцца апошнім часам нейкай безымённай, безасабовай? Ці часта ўзгадвалі ў СМІ, у афіцыйных выступах на 9 траўня, на 3 ліпеня нават імёны, вядомыя яшчэ з савецкага часу - Марат Казей, Канстанцін Заслонаў, бацька Мінай, дзед Талаш, лейтэнант Кіжаватаў, Пётр Машэраў, Мікалай Гастэла, Трыфан Лукэяновіч? Не, велічна і адначасова абстрактненька - народ-пераможца. |
Алена Макоўская: Выглядае, гэта не пытаньне, а меркаваньне. |
[ 07/03/2007 06:55 ] |
5. Гэтай зімою заўважыла на вуліцах зусім маладых хлопцаў (гадоў з 15-18) у шапках з надпісам "СССР". Яны сумуюць па нябачаным СССР? Для іх гэта проста "рэтра"? Што б Вы сказалі ім, каб пераканаць, што не было добра ў тым СССР?
Дзякуй за ўвагу.
Поспеху Вам, упартасці і адвагі.
Вольга Абразцова. |
Алена Макоўская: Падаецца, для гэтых хлапцоў гэта ёсьць нейкі самавыраз, імкненьне зьвярнуць на сябе ўвагу. Я б прапанавала ім далучыцца да нашай акцыі, калі ім не хапае самавыяўленьня. |
[ 07/03/2007 10:11 ] |
Знаете ли Вы, что храм, который планируется построить в Кобрине, будет освящаться в честь Рождества Христова, а не в честь Суворова. И когда Вы пишете:"у Расеі, якой Сувораў і служыў, яго імя не кананізавана. Дык каму будуць маліцца беларусы ў кобрынскім храме?" - Вы показываете свою полную некомпетентность в этом вопросе. |
Алена Макоўская: Сапраўды, храм у Кобрыне закладаўся як храм Раства Хрыстовага. Але пытаньне ў тым, каму ён будзе прысьвечаны, ці які статус ён будзе мець? Наколькі вядома, тады гучалі розныя прапановы, у тым ліку і ўшанаваньня герояў Другой Усясьветнай вайны. Калі ўважліва пачытаць тэкст на латэрэйным білеце, які быў надрукаваны ў Кобрыне, дык там напісана таксама , што мяркуецца будаўніцтва храма-помніка Сувораву. Гэта пацьвярджалі ў сваіх інтэрвію і мясцовыя сьвятары. |
[ 07/03/2007 11:02 ] |
Ці лічыце вы, што "Мірон" можа ўратаваць Беларусь ад помніка расейскаму карніку?
Беларусь знаходзіцца пад акупацыйнай палітыкай крамля і таму ў краіне існуе антынацыянальная дыктатура, вы згодны ?
РПЦ - рука, якая трымае расейскі штых?
З павагай Зьміцер. |
Алена Макоўская: Сёньня ў той ідэялягічнай мадэлі, якая пануе ў Беларусі, шмат месца надаецца і ўшанаваньню герояў, створаных савецкай прапагандай. |
[ 07/03/2007 11:52 ] |
А якія првілы зьмены назвы храмаў -- хто і як гэта будзе рабіць, калі прыдзе час? |
Алена Макоўская: Ушаноўваць трэба тых кананізаваных асобаў, якіх мы сёньня маем.
Уладзімер Арлоў: Дарэчы, ніводны народ, які сябе паважае, ня ўзводзіць храмаў у гонар тых, хто заваёўваў і прыгнятаў яго. |
[ 07/03/2007 12:01 ] |
Не знаю, по моему, любые памятники и мемориалы в век информатики не имеют значения -- раньше они действительно посылали мессидж, передавали информацию и подчеркивали ее значение, хто герой и тд, а теперь, когда информация демократична, памятники, названия улиц -- маргинальные дела. В москве переименовали площадь маяковского, стоит теперь там железный истукан, ржавеет, так, архитектурная урна, и что толку. Ваша дискуссия -- о том, что на самом деле на переферии вчерашненго дня. |
Алена Макоўская: Нашы помнікі – гэта наша гісторыя. Без гісторыі няма будучыні. |
[ 07/03/2007 12:32 ] |
Hарод, які ня памятае пра мінулае, ня мае будучыні...” |
Алена Макоўская: Згодная. Гэта і ёсьць адказ на пытаньне папярэдняга ўдзельніка. |
[ 07/03/2007 13:16 ] |
Прывiтаньне, шаноуная спадарыня. Калi я 'упрешыню пачу'у пра буда'унiцтва помнiка Сувораву, то бы'у вельмi абураны. Як Вы мяркуеце змагацца з гэтым? Якiмi сродкамi? Павал зь Менску. |
Алена Макоўская: Пэўныя крокі зробленыя. Цяпер чакаем адказу ад уладыкі Філярэта і ад мясцовых уладаў Кобрына і Берасьця. Распачатая шырокая кампанія па збору подпісаў. Дарэчы, далучыцца можна на сядзібе ТБМ альбо партыі БНФ у Менску. Альбо праз Інтэрнэт, www.zbsb.og. Мяркуецца таксама кампанія па інфармаваньні мясцовых жыхароў аб ролі Суворава ў Беларусі і на Кобрыншчыне.
|
[ 07/03/2007 13:39 ] |
Паважаная Алена, цi ведаеце Вы, што храм у Кобрыне будуецца у гонар Нараджэння Хрыстова? |
Алена Макоўская: На гэта пытаньне я ўжо адказвала. Тое, што ёсьць такая ініцыятыва з боку мясцовага сьвятарства, і што яна падтрыманая РПЦ, і нават, па дадзеных Інтэрфаксу, Алексій Другі даў благаславеньне – гэта факт. |
[ 07/03/2007 13:47 ] |
К какой конфессии Вы себя относите?
Кто в Кобрине начал акцию протеста против строительства храма? |
Алена Макоўская: Я праваслаўная. У Кобрыне ёсьць мясцовыя жыхары, якія выказалі жаданьне далучыцца да акцыі і ўзяць на сябе ініцыятыву таксама. |
[ 07/03/2007 14:09 ] |
Хай пабудуюць за рускія грошы, а мы пасьля яго і так пераімянуем. |
Уладзімер Арлоў: У такой прапанове ёсьць маральны парог, які ня варта пераступаць. У гонар сваіх герояў і сьвятых мы мусім будаваць храмы за свае, беларускія грошы. |
[ 07/03/2007 18:10 ] |
Ад рэдактара: Завяршаем нашу канфэрэнцыю. Дзякуй наведнікам сайту за пытаньні. |
|
|