[ svaboda logo ] [ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
форум  


31 Студзеня 2007
Станіслаў Гусак
У сераду, 31 студзеня, а 13-ай гадзіне паводле менскага часу на вэб-сайце радыё Свабода адбудзецца онлайн канфэрэнцыя са Станіславам Гусакам – адным з аўтараў ідэі Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару.

Станіслаў Гусак нарадзіўся у 1949 годзе ва Украіне. Скончыў Беларускі дзяржаўны палітэхнічны інстытут, інжынэр-цеплаэнэргетык. Адзін з аўтараў ідэі Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару (БЧНК), якая была ў 1993 годзе агучаная Беларускім Народным Фронтам, аднак адрынутая ўрадам В. Кебіча. У пачатку 1990-ых гадоў С. Гусак уваходзіў у склад Ценявога кабінэту Апазыцыі БНФ у ВС 12 скліканьня, быў даверанай асобай Зянона Пазьняка на прэзыдэнцкіх выбарах у 1994 годзе. З 1995 па 1999 гг. – намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту. З’яўляецца членам Сойму партыі БНФ.

У інтэрвію Свабодзе Станіслаў Гусак сказаў: “Беларусь магла б мець некалькі крыніцаў паставак паліва. Ёсьць нафтаправоды, якія ідуць празь Беларусь і выходзяць на Вэнтспілс у Балтыю, і блізка ад Беларусі праходзяць па Ўкраіне на Адэсу. І калі б можна было гэтыя нафтаправоды аб’яднаць, зьяўляўся БЧНК. Такое рашэньне дае Беларусі выйсьце на новы ўзровень энэргабясьпекі і разбурыць манапалізаваны Расеяй паліўны рынак. ... Калі Расея згубіць манаполію на паліўны рынак паміж Балтыкай і Чорным морам, гэта пазбавіць яе ад 20 да 30 мільярдаў даляраў прыбытку штогод”.
19.12.2006
Ваша Свабода
10.01.2007
Аляксандар Рар

17.01.2007
Станіслаў Багданкевіч

24.01.2007
Алег Трусаў

07.02.2007
Алесь Бяляцкі

14.02.2007
Аляксандар Мілінкевіч

20.02.2007
Анатоль Лябедзька
28.02.2007
Аляксандар Вайтовіч
07.03.2007
Навошта ўлады ўшаноўваюць Суворава?

14.03.2007
Юры Хашчавацкі

21.03.2007
Віктар Івашкевіч

28.03.2007
Івонка Сурвіла
04.04.2007
Малады фронт

11.04.2007
Аляксей Марачкін
18.04.2007
Валерыя Навадворская
25.04.2007
Іван Нікітчанка

02.05.2007
Жанна Літвіна

09.05.2007
Сяргей Драздоўскі

16.05.2007
Сакрат Яновіч

23.05.2007
Аляксей Янушэўскі

30.05.2007
Малады фронт

07.06.2007
Віктар Шэндэровіч
13.06.2007
Барыс Нямцоў
20.06.2007
Аляксандар Ярашук
27.06.2007
Уладзімер Падгол
04.07.2007
Карэн Ст’юарт
11.07.2007
Анатоль Шумчанка
18.07.2007
Алег Алкаеў

25.07.2007
Паэт Уладзімер Някляеў

29.07.2007
Андрэй Хадановіч.

08.08.2007
Валянцін Мацкевіч
15.08.2007
Валянцін Голубеў
08.01.2007
Сьвятлана Алексіевіч
29.08.2007
Леанід Путырскі
05.09.2007
Павал Севярынец
12.09.2007
Станіслаў Шушкевіч
19.09.2007
Віталь Сіліцкі
25.09.2007
Ўладзімер Арлоў
10.10.2007
Аляксандар Мілінкевіч
17.10.2007
Віктар Івашкевіч
24.10.2007
Юры Беленькі
31.10.2007
Леанід Маракоў
07.11.2007
Руся (Марына Шукюрава)
11.01.2007
Давід Какабадзэ: падзеі ў Грузіі
21.11.2007
Алесь Ліпай
27.11.2007
Райнэр Лінднэр
12.05.2007
Барыс Нямцоў
2003  2004  2005  2006
[ 29/01/2007 18:13 ]
Ці будуць акцыі пратэсту 19, 25 сакавіка сапраўды масавымі? Мы зможам сабраць больш за 50.000 чалавек?
Думаю, што мы ня здолеем сабраць такую колькасьць, і масавымі акцыі ня будуць. Таму што сёньня, на жаль, няма той партыі, няма таго лідэра, за якімі б маглі пайсьці людзі ў такой колькасьці. Але ж гэта яшчэ ня ўсё. Галоўнае -- у дзяржаве няма элемэнтарнай дэмакратыі. Мы жывем у дзяржаве, дзе пануе дыктатура, дзе пануе аўтарытарызм. Таму спадзявацца, што будуць масавыя акцыі, ня выпадае.
[ 29/01/2007 19:27 ]
Вось, спадар Станіслаў, збываецца Ваша мара наконт каллектару і БЧС. Ці здольны, на Ваш погляд, сп. Лукашэнка яе ажыцьцявіць? З павагай Аляксандр Фядута
Калі гэтая ідэя была выказаная амаль 14 гадоў таму, дэпутат Лукашэнка тады пркакмэнтаваў так: "Навошта нам Балта-Чарнаморскі калектар? Што, будзем ваду качаць з Балтыкі ў Чорнае мора?". Сёньня ўсё разумеецца па-інашаму. Нашая ідэя атрымлівае другое жыцьцё. Але ў тым выглядзе інжынэрных прапаноў, якія 14 гадоў таму мы рабілі ў БНФ, зараз яна існаваць ня можа. Яна павінна быць ужо завязана на тое новае, што зьявілася ў транснацыянальных камунікацыях. Гаворка ідзе пра нафтапровад, які сёньня ідзе з Адэсы да станцыі Броды, а таксама праз Польшчу ідзе з Гданьску да той жа станцыі Броды. І Украіна з Польшчай пракладаюцб такі калектар. Гэта будзе мець вялікія наступствы для палітыкі. Таму што Расея з пабудовай гэтага калектару ўжо ня будзе манапалітам на паліўным рынку.
[ 29/01/2007 21:28 ]
Чаму, на вашую думку, ідэя БЧНК урэшце не была рэалізованая? І ці магчымая яе рэалізацыя калі-небудзь ў будучым? Дзякуй.
Я б не сказаў, што ідэя БЧС цалкам не рэалізаваная. Так, Украіна не змагла рэалізаваць інжынэрную прапанову разам з Беларусьсю. але калі Беларусь адмовілася ад сваёй часткі, дык Украіна ўжо завяршае будаўніцтва калектару разам з Польшчай. Думаю, ужо ў гэтым годзе калектар будзе працаваць. Што да Беларусі, дык Беларусь таксама зможа карыстацца гэтым калектарам, таму што ёсьць нафтапровады паміж Мазырскім НПЗ і нафтастанцыяй Броды. А Броды спалучаецца з Адэсай. І таму раз Адэсу на Мазыр можна было б падаць да 6 мільёнаў тон нафты ў год, што зусім нямала. Тое ж самае можна было б зрабіць і з пастаўкай нафты на Наваполацкі НПЗ і падаць нафту з Латвіі. Там ёсьць тэрмінал на 16 мільёнаў тон нафты ў год, і можна было б Вэнтспілсу падаць нафту на Наваполацкі НПЗ. Дзеля гэтага проста патрэбная палітычная воля .

Чаму Беларусь не ўдзельнічала ў праекце? У кіраўніцтва Беларусі не было палітычнай волі.

У пачатку 1990-ых, калі гэтае пытаньне паўстала, вельмі шмат БНФ на чале з Зянонам Пазьняком зрабіў для таго, каб гэтая ідэя была абмеркаваная ўсёй грамадзкасьцю Беларусі. У нас у Менску БНФ правёў тады канфэрэнцыю па Балта-Чарнаморскаму калектару і Балта-Чарнаморскаму Саюзу. На канфэрэнцыі былі прадстаўнікі ўсіх дзяржаў Міжмор'я - Латвіі, Літвы, Украіны, Эстоніі, Беларусі, і кіраўнікі ўсіх моцных прадпрыемстваў, што займаліся палівам, у прыватнасьці, Латвіяснафты, тэрміналу Вэнтспілс, праектнага інстытуту транспартыроўкі нафты з Украіны і г.д. І гэта ідэя была вельмі моцная. Я тады меў трохгадзінную гутарку з тагачасным першым віцэ-прэм’ерам Мясьніковічам, сустракаўся і з віцэ-прэм’ерам Кокаравым. Ідэя мела вялікі ўплыў і на ўкраінскі бок, ёй займаліся такія выдатныя асобы, як Дзмітро Паўлычко, Вячаслаў Чарнавіл...
[ 29/01/2007 22:42 ]
Может не в тему, но все же : чем занимается ваша дочь, я с ней некоторое время учился в школе. спасибо!
У маёй дачкі два сыны - Расьціслаў і Ўсевалад, якому толькі год. Яна выхоўвае дзяцей, пакуль не працуе.
[ 30/01/2007 09:01 ]
В своих антироссийских изысках вы забываете один немаловажный фактор - белорусский народ. А белорусский народ никогда не пойдёт против своего брата русского народа. Может вы всё-таки будете со своим народам, а не с ополячеными? Ибо несмотря на многовековок ополячивание и окатоличивание, немсмотря на кунцевичей и прочих "эурапейцау" белорусский народ остался самим собой, сохранил верность Православию и братскому русскому народу. Белый Росс
Справа ў тым, што беларускі народ, як і тое, што мы зараз прапануем, не скіравана супраць нейкага іншага народа. Беларусы – вельмі мірныя людзі і заўжды выступалі за мір паміж усімі суседзямі, і расейскі народ у гэтым сьпісе стаіць можа нават на першым месцы, таму мне проста дзіўна слухаць пра тое, што беларусы ці Беларускі народны фронт выступаюць супраць Расеі – не! Ніколі. І гэтая ідэя Балта-Чарнаморскага калектара і Балта-Чарнаморскага саюзу не скіраваная супраць Расеі. Расея не губляе свае магчымасьці гандляваць газам, нафтай на тэрыторыі краінаў Міжмор'я і ў Беларусі. Таму мне проста дзіўна чуць пра гэта ўсё. Шмат расейцаў уваходзіла ў Беларускі народны фронт і займала вельмі прыстойныя пасады, таму гэта штучна сёньня, разьдзьмуваць нейкую праблему адносінаў паміж расейскім і беларускім народамі.
[ 30/01/2007 09:57 ]
Дзень Добры, Станислау! 1) Членам сойму якога БНФ Вы зьяуляецеся? (КХП-БНФ ци Либерал-БНФ) 2) Ци сапрауды выгнаньне 2й канфэрэнцыи БЧНК з дому ураду у 9х-м годзе адбылося па званку з Масквы, як пра гэта пиша спадар Фядута? 3) Ци сапрауды бясьледна зьник чалавек з дакумэнтами? Раскажыце кали можна падрабязнасьци. 4) Дык ци рэальна выглядае гэты праэкт зараз праз 12 год за Лукашэнкай? Час змарнаваны, Расэя ужо иншая, Беларусь фактычна у яе абдымках ... Алесь
1) Можна сказаць, калі так падзелена, то – "лібэрал"-БНФ.

2-3) Што да другой канфэрэнцыі па Балта-Чарнаморскаму саюзу і Балта-Чарнаморскаму калектару. Такую канфэрэнцыю плянавалася правесьці ў Кіеве ў 1994 годзе. Тады ўсе дакумэнты я сам рыхтаваў і адправіў у Кіеў, у Народны рух Украіны. Там былі дакумэнты зьвязаныя і зь Міжнародным валютным фондам, які быў гатовы прафінансаваць праектныя работы, і шмат іншых дакумэнтаў, зь якіх было ясна, што ёсьць прадпрымальнікі, гатовыя выдаць сур'ёзныя грошы на пабудову гэтага калектара, і інжынэрныя распрацоўкі – усё гэта было вывезена зь Менску ў Кіеў. І калі ўжо да канфэрэнцыі заставалася 10 дзён, на штаб Народнага руху Ўкраіны быў зроблены напад. Некалькі чалавек, узброеных аўтаматамі,уварваліся ў Народны рух, забралі Байчышына, усе дакумэнты, якія мы рыхтавалі па БЧНК, пасадзілі яго ў машыну і вывезьлі разам з дакумэнтамі. І вось прайшло ўжо амаль 14 год, але ж ні Байчышына, ні тых дакумэнтаў мы знайсьці не змаглі.

4) На жаль, быў згублены час, які мог пайсьці на карысьць Беларусі, і можна было б ужо сёньня, калі б Беларусь ад пачатку думала пра сваю энэргетычна-паліўную незалежнасьць, то ўжо сёньня гэта магло б быць зроблена. Але ж, на жаль, не хапала грошай, не хапала палітычнай волі, не хапала проста розуму для таго, каб гэтым займацца зь першага дня, і калі б мы гэта зрабілі, то сёньня можна было б гаварыць пра тое, што Беларусь сапраўды незалежная дзяржава ў паліўна-энэргетычным пляне. На жаль, такога не адбылося, але ўсё наперадзе. Я думаю, што ўсе гэтыя пытаньні будуць вырашаныя часам.
[ 30/01/2007 12:06 ]
Спадар Гусак! Я памятаю, як крыўляўся Кебіч на прапанову пабудовы калектару, ён казаў - "Они (БНФ) воду будут из Черного моря в Балтийское перекачивать..." Вось такое было дзяржаўнае мысьленьне... 1. Скажыце, калі ласка, коькі прыкладна пойдзе часу на пабудову неабходных перамычак, каб калектар запрацаваў? 2. Як Вы лічыце, ці трэба Беларусі пабудаваць свой газавы тэрмінал (з выхадам на адзін з портаў Балтыйскага мора), тым больш, што ў сьвеце ўсё больш узрастае колькасьць перавозак танкерамі звадкаванага газу (дарэчы, Польшча і Ўкраіна вырашылі будаваць тэрміналы)? Дзякуй. Бенедзікт.
1) Я сказаў, што сёньня Ўкраіна пабудавала ўжо з палякамі частку гэтага калектара, і можа нават у гэтым годзе яны закончаць гэту пабудову, і Беларусь з можа атрымаць на мазырскі НПЗ з Адэсы да шасьці мільёнаў тон – гэта сёньня прапускная здольнасьць гэтага калектара – і таксама з Вэнтсьпілса можна будзе таксама атрымаць 7-8 мільёнаў тон нафты па нафтапроваду Вэнтсьпілс – Наваполацк. Для гэтага трэба зрабіць, каб станцыі перапампоўкі змаглі працаваць у рэвэрсным рэжыме, пампаваць і туды, і адтуль. Падкрэсьліваю, для Расеі гэта ня будзе азначаць нічога – гэта ня ход супраць Расеі. Гэта ход на тое, каб у нас, у Беларусі, у Цэнтральнай Эўропе, быў нармальны рынак паліва. Без нармальнага рынку паліва ня будзе нармальнай палітыкі, ня будзе нармальнай эканомікі ў Беларусі. Нас увесь час будзе калашмаціць вось такая сытуацыя, якая адбылася напрыканцы мінулага – напачатку гэтага года.

2) Так. Гэта нармалёва, гэта павінна адбыцца. Я думаю, гэты тэрмінал можна будзе будаваць разам з палякамі, таму што тут атрымліваецца крыху бліжэй, і вадкі газ павінен прыйсьці на Беларусь, і я ня думаю, што гэта патрабуе вельмі моцных затратаў. Сёньня ва ўсім сьвеце ёсьць танкеры якія возяць і нафту, і якія возяць вадкі газ, таму я ня бачу вялікай праблемы ў вырашэньні гэтых паліўных пытаньняў, таму што сёньня ўжо інжынэрная думка такая, што можа вырашыць любую эканамічную задачу, якая б стаяла перад той ці іншай дзяржавай, і перад Беларусьсю таксама. Можа, нашае геаграфічнае становішча не такое добрае, у нас няма выхаду да мора, але ж гэта можна зрабіць праз інжынэрныя камунікацыі, якія працавалі б з тэрміналамі, якія там знаходзяцца, гэта вельмі проста.
[ 30/01/2007 19:11 ]
Дык што ж. або хто супраць? Як да гэтага стапвицца украина?Ци вялис з ей перамовы? З павагай: Минай Карниенка - ветэран працы, член ПКБ. Напэвна
Украіна заўсёды добра ставілася да ідэі БЧК. У свой час Дзітро Паўлычка, Іван Драч напісалі ліст украінскаму прэзыдэнту з прапановай, каб на самым высокім узроўні ўкраінская ўлада падтрымала ідэю стварэньня БЧК. І тое, што зараз Украіна і Польшча амаль пабудавалі сыстэму нафтапровадаў, якая аб'яднала Балтыйскае і Чорнае мора, сьведчыць, што і Ўкраіна, і Польшча зрабілі свой палітычны крок -- ад палітычнай волі да паліўна-энэргетычнай незалежнасьці. І гэты першы крок разбурэньня манаполіі Расеі напаліўным рынку ў краінах Міжмор'я. Але -- толькі першы крок.
[ 30/01/2007 21:01 ]
Як вы думаеце, ці будзе Лукашэнка весці з Юшчанкам абмеркаванне Вашай ідэі БЧНК на маючай адбыцца сустрэчы? Алесь Дзергачоў, г.Смаргонь
Справа ў тым, што з таго часу (пачатку 90-ых) прайшлі гады, і пабудаваныя транснацыянальныя інжынэрныя камунікацыі, якія часткова вырашаюць праблему для Украіны і для Польшчы, а таксама часткова і для Беларусі. Таму сёньня паўтарыць тую распрацоўку, якая была раней намі зробленая разам з Інстытутам транспарту нафты ў Кіеве, -- гэта ўжо непатрэбна.

Але сёньня БЧНК – хутчэй сымбаль выйсьця з той эканамічна-палітычнай сытуацыі, у якой апынуліся Беларусь і краіны міжмор’я. Гэта сымбаль як бы двухбаковы.

Па-першае, пытаньні незалежнасьці дзяржаў трэба вырашаць разам. Напэўна, гэта зразумеў і Лукашэнка, калі запрасіў Украіны разам вырашаць пытаньне паліўнай бясьпекі (а трынаццаць гадоў таму над прапановай З. Пазьняка сьмяяўся). І другі бок – нам трэба вырашаць свае эканамічныя пытаньні не па лініі Усход-Захад ці Захад-Усход, а па лініі Поўнач-Поўдзень. Гэта лінія , дзе краіны Балтыі, Беларусь, Украіна, Польшса, Малдова. Гэта магутны геапалітычны канглямэрат. Думаю, што трэба будаваць чыгунку па эўрапейскім стандарце, каб мець вельмі хуткасную трасу ад Адэсы да Талліну, і пра гэта думаць трэба ўжо сёньня. Ёсьць і іншыя ідэі будаўніцтва транснацыянальных інжынэрных камунікацыяў па лініі Поўдзень-Поўнач, якія будуць ўздымаць эканоміку нашых краін і дабрабыт нашага народа.
[ 30/01/2007 21:22 ]
У сувязі з беларуска-расейскай сітуацыяй, ці, на ваш погляд, магчыма знайсьці альтэрнатыўныя нафтавыя крыніцы з замежжа? І ў якія срокі гэты магчыма зрабіць? Ці праўда, што ў Беларусі далека не уся выкарыстоўваецца нафта, знойдзенная ў нетрах нашая зямлі? Такім чынам, у нас нібыта есць яшчэ пара некранутых сховішч. Дзякуй.
Крыніцы з замежжа. Першае – рынкі, якія зараз складаюцца на Балтыйскім і Чорным морах. З Чорнага мора сёньня ўжо можна транспартаваць нафту з Ільічоўску ў Мазыр, і можна аб’ём паставак давесьці да 6 млн. Тон нафты ў год. І я ведаю, што такі варыянт наш урад прапрацаваў. Што да паліўнага рынку Чорнага мора, дык там можа быць нафта і азербайджанская, і казахская. Калі будзе ў Турэчыне порт Самсун, дык у Чорнае мора прыйдзе нафта з Саўдаўскай Арабіі і іншых арабскіх дзяржаваў. Што да рынку Балтыйскага мора, дык тут можа быць якая заўгодна нафта. І нарвежская, і нігерыйская, і нават вэнэсуэльская. Дастаўка нафты танкерамі вельмі танная. І нават з Вэнэсуэлы гэта будзе складаць 5-7 адсоткаў ад кошту нафты. І пра беларускія радовішчы. У Беларусі ёсьць нафта і ёсьцьвугаль. Але яны ня вельмі магутныя, варта іх захаваць для нашых дзяцей і ўнукаў. Яны гэтае багацьце скарыстаюць лепей за нас.
[ 31/01/2007 11:44 ]
Ці чакае Беларусь дэфолт? Калі?
Я ж не банкір.. Але ж думаю, што ўрад ня зробіць памылак, як у свой час расейскі.
[ 31/01/2007 11:56 ]
1. Пры якіх коштах расейскай нафты будзе выгадней экспартаваць нафту з Нарвэгіі або той жа Венэсуэлы танкерамі праз Вэнтспілс?
Справа ў тым, што могуць быць розныя варыянты эканамічных стасункаў у комплексе. Напрыклад, Вэнэсуэла будзе браць шмат беларускіх тавараў. І за гэта мы будзем атрымліваць нафту. І мне здаецца, што такія перамовы зараз праводзяцца. Таму нейкі прамы кошт ня будзе ў пэўнай ступені сьведчыць пра тое, што выгодна, а што не выгодна.

Некалькі словаў пра гелій-3. Да 2020 года амэрыканцы і кітайцы нацэлены, каб дастаўляць гелій-3 з Месяца на Зямлю касьмічнымі караблямі. І гэта безумоўна адбудзецца. Па сваёй цеплатворнасьці адна тона гелія-3 эквівалентная 180 мільёнам тон нафты! І эканамісты на Захадзе кажуць пра тое, з дастаўкай на Зямлю першай тоны гелія-3 кошт на паліва – газ і нафту – упадзе ў 10 разоў. Таму сёньня трэба глядзець і на тую пэрспектыву, у якой Беларусь апынецца праз 15-20 гадоў, і думаць пра гэта трэба ўжо сёньня. Зразумела, што роля Расеі ў гэтай сытуацыі вельмі сур’ёзна зьменшыцца , і дыктат Масквы будзе немагчымы – ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы.
[ 31/01/2007 11:56 ]
2. Ці вядома што-небудзь пра доўгатэрміновыя пляны беларускага ўраду? Ці прагназуюць спэцыялісты як ўздымуцца кошты на расейскую нафту, калі сібірскія радовішчы і нафтаправоды, разьмешчаныя на вечнай мярзьліне, пацерпяць ад глябальнага пацяпленьня? Ці ёсьць прагнозы і пляны, калі Расея ўвогуле можна спыніць экспарт нафты?
Усе гэтыя сховішчы нафты і газу – не бязьмежныя. І праз пэўны час Расея сама будзе адчуваць дыфіцыт, што да нафты – дык дакладна. Расейскія электрастанцыі Уралу і Сыбіры карыстаюцца на 80 адсоткаў вугалем. І вугаль вельмі цяжка ўжываць у энэргетыцы. Але ж Расея ідзе на гэта, толькі дзеля таго, каб па максымуму прадаць сваю нафту і ўхапіць за гэты час максымум прыбытку. Яны нават сабе адмаўляюць у спажываньні нафты, каб мець нафтадаляры, якімі сёньня забясьпечваецца побыт расейскіх грамадзянаў.
[ 31/01/2007 11:58 ]
3. Ці ёсьць у Беларусі нейкія распрацоўкі ў біяпаліве, напрыклад ў сумесях бензыны і этанола?
Такія распрацоўкі ёсьць. Але пакуль зроблена мала, каб гэта ўсё зьдзейсьніць. Але, думаю, само жыцьцё прымусіць нашых энэргетыкаў працаваць у гэтым напрамку.
[ 31/01/2007 12:51 ]
Сп. Гусак, хто па вашаму перамог у змаганьні за цэны на газ - Масква ці Менск, і чаму?
Я ня ведаю, хто перамог, бо сёньня няма да канца празрыстых эканамічных адносінаў паміж Менскам і Масквой. Калі Расея будзе плаціць Беларусі за карыстаньне ўсімі ваеннымі аб’ектамі, навігацыяй беларускай, за чыгунку, за аўтамагістралі, за зямлю пад провадамі, за газанафтапровады, і ўсё гэта будзе па эўрапэйскім кошце – вось тады можна будзе сказаць, хто выйграў. Але мне здаецца, што выйгралі алігархі, маскоўскія і менскія.
[ 31/01/2007 12:52 ]
Яу вы ставіцеся да пабудовы АЭС у Беларусі?
Я лічу, што будаваць АЭС у Беларусі трэба, і тут я падтрымліваю рашэньне ўраду. Але ж ёсьць адна ўмова – гэта павінна быць электрастанцыя заходняга праекту, хутчэй за ўсё – французскага (у Францыі 90 адсоткаў электраэнэргіі вырабляецца наАЭС), і там за ўсе гады эксплуатацыі АЭС не было сур’ёзных аварый. Калі мы пабудуем АЭС па расейскім праекце, дык значыць, мы і карыстацца павінны будзем расейскімі твэламі (цеплавыдзяляючымі элемэнтамі) . У такім выпадку беларуская залежнасьць ад Расеі ў справе пастаўкі паліва ня зьменшыцца, а павялічыцца. Гэтага нельга дапусьціць. Праект павінен быць заходнеэўрапэйскі, і пастаўка твэлаў павінна адбывацца з Заходняй Эўропы. Тады Беларусь здабудзе нейкую частку сваёй паліўнай незалежнасьці.
[ 31/01/2007 12:56 ]
А что бы вы делали на месте правительства -- ведь очевидно. что десяиь лет получать за бесценок газ и нефть в обмен на слова -- колоссальный политическикий и экономический триумф Лукашенко, который можно измерить в весьма твёпдой валюте -- несколько десятков миллиардов долларов! За это его и выбрали президентом. Строительствао коллектора подорвало бы этот поток, это очевидно.
Цікавае пытаньне. Павінен адразу сказаць, што гэта ня так. Беларусь без усякіх выплатаў аддала Расеі сваю паветраную прастору, аддала карыстаньне сваёй навігацыйнай тэхнікай. Расейскія ваенныя базы на тэрыторыі Беларусі таксама фактычна без усялякіх выплатаў знаходзяцца. Пад Баранавічамі ў Ганцавічах стаіць расейская станцыя. Такіх станцый на захадзе ў Расеі больш няма. У яе вельмі моцныя электрамагнітныя палі. Зразумела, што яна шкодзіць навакольлю і , канешне, людзям. Але ж Расея ня плаціць за эксплюатацыю, пры тым што іншай падобнай у Расеі няма. Расея не выплочвае нам грошы за зямлю, па якой ідуць нафтагазаправоды. Расея амаль задарма карыстаецца беларускай чыгункай, беларускімі аўтамагістралямі, беларускімі газанафтаправодамі. Таму казаць, што Беларусь “нешта атрымала” ад гэтых “брацкіх” стасункаў – вельмі праблематычна. І з аднаго, і з другога боку такія адносіны выгадныя (маю на ўвазе ўрадавых чыноўнікаў), бо тут, як у мутнай вадзе, можна лавіць рыбу. І нехта гэтую рыбу і ловіць. Быў час, калі Беларусь усе разьлікі за паліва рабіла бартэрам. І Беларусь плаціла за тону нафты 120 кг. ялавічыны. У той жа час на Лёнданскай. Чыкагскай біржах коштавы эквівалент адной тоны нафты быў 20 кг. ялавічыны. Вось такія ў нас былі “брацкія” стасункі, калі мы плацілі за нафту ў пяць разоў даражэй, чым яна каштавала ў сьвеце.
[ 31/01/2007 12:57 ]
Хто для вас узор палітыка?
З палітыкаў майго часу я вельмі паважана ставіўся, стаўлюся і буду ставіцца да Вячаслава Чарнавіла. Гэты чалавек - вялікі аратар, і зь вялікім гарачым сэрцам.
[ 31/01/2007 13:23 ]
jak vy acenvaece pracu Prakapovicha u nacbanku?
Справа ў тым, што я не фінансіст і мне вельмі цяжка даваць такую ацэнку людзям у іншай, не маёй, сфэры.
[ 31/01/2007 13:32 ]
Спадар Станіслаў, у мяне да вас пытагьне наконт Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару (БЧНК). У 1993 годзе разам з праектнымі дакумэнтамі па калектары бясьсьледна зьнік намесьнік старшыні Народнага руху Ўкраіны Байчышын. Што гэта былі за дакуманты? Ці былі яны ў адзінкавым экзэмпляры? Ці валодаем мы зараз гатовымі праектнымі матар'яламі па БЧНК? Дзякуй
Што гэта былі за дакумэнты? Па-першае, гэта былі дакумэнты па перамовах з Міжнародным валютным фондам аб фінансаваньні праекта БЧНК, былі сьпісы прадпрымальнікаў Украіны і Беларусі і сумы, якія яны былі гатовыя ўкласьці ў будаўніцтва калектару. І іншыя дакумэнты. Гэта можна было б аднавіць. Але зараз ужо такой патрэбы няма. Але праект зроблены тым жа Кіеўскім інстытутам транспарту нафты па замове беларускага ўраду, і ён адляжаў увесь гэты час можа ў Лукашэнкі, можа у каго іншага “пад сукном”. Было зроблена адзінаццаць варыянтаў пракладкі.
[ 31/01/2007 13:45 ]
Якія іншыя напрамкі энергетыкі (акром пабудовы АЭС) рэальна развіваць у Беларусі? Віталь, Мядзел
Думаю, нам ёсьць куды глядзець, каб карыстацца здабыткам цывілізаванага сьвету. У Эўропе навучыліся карыстацца і саломай, і апілкамі, усё гэта пераробліваецца ў гранулы, і яны спальваюца у катлах, атрымліваецца і цеплавая, і электраэнэргія. Гэта дае 5-6 адсоткаў аб’ёму спажываньня паліва.
[ 31/01/2007 14:06 ]
Вэбрэдактар: завяршаем нашую канфэрэнцыю.
Жадаю усім, каб зіма ў кватэрах была цёплая, каб цяпло і сьвет заўсёды былі ў іх дамах, каб людзі не гублялі надзею на тое, што прыйдзе вясна і свабода ў Беларусь!
 галоўная
 угару