[ svaboda logo ] [ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
форум  


16 Траўня 2007
Сакрат Яновіч


Сакрат Яновіч нарадзіўся 4 верасьня 1936 году ў мястэчку Крынкі, дзе жыве і цяпер. Скончыў аддзяленьне польскай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту, дэбютаваў як літаратар у 1956 годзе на старонках тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”. Піша на беларускай і польскай мовах.

Днямі Сакрат Яновіч прызнаўся, што ў часы ПНР супрацоўнічаў з польскімі спэцслужбамі. Ягонай задачай было назіраць за супрацоўнікамі тыднёвіка беларусаў Польшчы "Ніва" і актывістамі Беларускага грамадзка-культурнага таварыства.

Пісьменьнік адзначыў, што сваім супрацоўніцтвам "хацеў дапамагчы ўладам абараніць беларускі асьветніцкі рух, каб яго ня зьнішчылі варожыя сілы" – а ў існаваньні такой небясьпекі яго пераконвалі супрацоўнікі спэцслужбаў – і менавіта таму абраў сабе псэўданім "Кастусь" – ад Кастуся Каліноўскага.

"Я наіўна верыў, што змагаюся за беларускую справу. Але калі зразумеў, у чым сапраўды справа, быў ужо 1970 год”.
19.12.2006
Ваша Свабода
10.01.2007
Аляксандар Рар

17.01.2007
Станіслаў Багданкевіч

24.01.2007
Алег Трусаў

31.01.2007
Станіслаў Гусак
07.02.2007
Алесь Бяляцкі

14.02.2007
Аляксандар Мілінкевіч

20.02.2007
Анатоль Лябедзька
28.02.2007
Аляксандар Вайтовіч
07.03.2007
Навошта ўлады ўшаноўваюць Суворава?

14.03.2007
Юры Хашчавацкі

21.03.2007
Віктар Івашкевіч

28.03.2007
Івонка Сурвіла
04.04.2007
Малады фронт

11.04.2007
Аляксей Марачкін
18.04.2007
Валерыя Навадворская
25.04.2007
Іван Нікітчанка

02.05.2007
Жанна Літвіна

09.05.2007
Сяргей Драздоўскі

23.05.2007
Аляксей Янушэўскі

30.05.2007
Малады фронт

07.06.2007
Віктар Шэндэровіч
13.06.2007
Барыс Нямцоў
20.06.2007
Аляксандар Ярашук
27.06.2007
Уладзімер Падгол
04.07.2007
Карэн Ст’юарт
11.07.2007
Анатоль Шумчанка
18.07.2007
Алег Алкаеў

25.07.2007
Паэт Уладзімер Някляеў

29.07.2007
Андрэй Хадановіч.

08.08.2007
Валянцін Мацкевіч
15.08.2007
Валянцін Голубеў
08.01.2007
Сьвятлана Алексіевіч
29.08.2007
Леанід Путырскі
05.09.2007
Павал Севярынец
12.09.2007
Станіслаў Шушкевіч
19.09.2007
Віталь Сіліцкі
25.09.2007
Ўладзімер Арлоў
10.10.2007
Аляксандар Мілінкевіч
17.10.2007
Віктар Івашкевіч
24.10.2007
Юры Беленькі
31.10.2007
Леанід Маракоў
07.11.2007
Руся (Марына Шукюрава)
11.01.2007
Давід Какабадзэ: падзеі ў Грузіі
21.11.2007
Алесь Ліпай
27.11.2007
Райнэр Лінднэр
12.05.2007
Барыс Нямцоў
2003  2004  2005  2006
[ 11/05/2007 20:29 ]
Вы, спадар Яновіч, зараз пачуеце шмат папрокаў, заўвагаў і крытыкі кпінаў, маралізаваньня -- не зьвяртайце ўвагі, трымайцеся, усе нармальныя людзі ўсё разумеюць.
Вельмі добра сказана, бо я атрымаў за гэты час шмат тэлефонаў, але аніводнага варожага мне, аніводнага. Усе за мною.
[ 11/05/2007 20:31 ]
kali pan tak skazau i shkaduje, dyk niahaj skazha, hto jasce razam z im pracavau -- dajce imiony/ prozviscy, pasady.
Ня ведаю, па-першае, я не шкадую і ня памятаю, лічу гэта надта малаважаным. Адбылося гэта 50 гадоў таму. А па-другое, я тады меў 20 год, а ня 70, як цяпер. А хто яшчэ са мною – пэўна, такія былі, але мне яны не прадставіліся.
[ 12/05/2007 00:42 ]
Такое пытаньне: Як Вы, прыватна, ставiцеся да сытуацыi з помнiкам савецкаму салдату ў Эстонii? Дзякую. Зьмiцер.
Я лічу, што эстонцы маюць рацыю, і гэта ёсьць правакацыя расейскіх службаў, якія выкарыстоўваюць усё, каб толькі які шум быў. Эстонцы маюць рацыю – так я стаўлюся.
[ 12/05/2007 00:51 ]
...Як Вы лiчыце,сучаснае Беларускае iмкненьне за нeзалежнасьць ды адраджэньнне можа у вынiку перайсьцi у фанатычны нац.рух з поунай адсутнасьцю талерантнасьцi i рацыянальнага густу да жыцьця? Дзякуй. Z'MITROK.
Такі варыянт заўсёды магчымы, з тым што беларускае адраджэньне адбудзецца вельмі-вельмі ня хутка, бо трэба, каб вымерла савецкае пакаленьне. Гэта нейкая жыдоўская мера 40 год – памятаеце, што Майсей вадзіў жыдоў па Сынайскай пустыні 40 год, чакаючы, аж памрэ апошні жыд, які памятаў эгіпецкую няволю. Бо эгіпецкая няволя не была кепская, была лепшая, чым свабода, бо свабода стала і халоднай, і галоднай, і ня хуткай.
[ 12/05/2007 16:31 ]
Шаноўны сп.Сакрат! Якія матывы стаяць за гэтым прызнаньнем?Пакуты сумленьня, жаданьне выспаведацца чалавека, які ўжо далёка не малады і які асэнсоўвае зробленнае ім?Ці люстрацыйныя хваля, якая разгарнулася апошнім часам ў Польшчы, і верагоднасць таго, што супрацоўніцтва не будзе таямніцай? Ваша чытачка з Менску.
Ну, каб ня гэтая люстрацыйная хваля, то я нават і не падумаў бы аб нейкіх там вызнаньнях, таму што тая прыгода, якую я меў, адбылася так даўно, і яна была эпізодам – доўгім, але эпізодам – у жыцьці, які я ўжо амаль ня памятаў. І калі пачалася гэтая люстрацыйная хваля, ну то, думаю сабе, тут няма чаго хаваць галаву ў пясок, трэба адкрыта быць. Мне тут падказвалі, што можна не распаўсюджваць гэтай інфармацыі, што можа яе захаваць у сакрэце... Я палічыў, што сакрэтнасьць ці таямніца на гэты конт былі б найгоршым выйсьцем, бо за таемнасьць і за сакрэт трэба было б камусьці быць удзячным, а гэта найгорш, бо ўдзячнасьць параджае сытуацыю шатажу, бо хтосьці мог бы калісьці сказаць: "Слухай, але калі б ня я, то там уведалі б..." І таму я пайшоў на ўсю адкрытасьць, я сам распаўсюдзіў гэта. І сёньня маем сераду – то я ўжо сёмы дзень адбываю гутаркі з журналістамі, шторазу менш іх. Сёньня ў мяне зьявіліся толькі дзьве асобы – сядзяць тут, у пакоі... Адкрытасьць, адкрытасьць, яшчэ раз адкрытасьць. Няма такой таямніцы, якая раней ці пазьней ня вылезла б як шыла зь мяшка. Няма ў гэтым сэнсу. І гэта свайго роду таксама і перасьцярога мая ў адрас маладых: ня верце ў таямніцы, у сакрэты.
[ 12/05/2007 18:10 ]
Дарагі Сакраце, я Вас цалкам разумею. У тыя, ды і ў цяперашнія ня лепшыя чвсы шмат хто са сьвядомых беларусаў гатовы быў і гатовы сёння дзеля Бацькаўшчыны ўхапіцца нават за лязо брытвы. Трымайцеся і Жыве Беларусь! Міхась Чарняўскі з Менску
Так, рацыя, бо я пайшоў на супрацоўніцтва не таму, што мне так заманулася, але таму, што ў той час мы, беларусы на Беласточчыне, атрымалі ад улады вельмі многа ў параўнаньні з даваенным часам, калі ўлады ўсё беларускае зьніштожылі, то ў 1956 ці 58 годзе атрымалі ад уладаў, а фактычна зьверху і газэту, і беларускія школы, — беларускія ня з назвы, а беларускамоўныя школы, таварыства, радыёперадачы, літаратурнае выдавецтва й г.д. Усё гэта мы атрымалі не таму, што нехта за гэта змагаўся, а гэта стварылі ўлады зьверху. Проста прыйшоў з Варшавы загад адчыніць школы, адчыніць таварыства, стварыць рэдакцыю і так далей. І мы самі былі гэтым ашаломленыя. Ніякага змаганьня за гэта ў той час не было. Гэта быў яшчэ час сталінізму.
[ 13/05/2007 01:28 ]
Як вы ставіцеся да "кангрэса" дэм. сіл?
Я лічу яго непатрэбным, таму што гэты Кангрэс будзе маніпуляваны ўладамі, ён закончыцца чарговымі сварамі. Ёсьць у Беларусі вельмі добры кандыдат, гэта Аляксандар Мілінкевіч, эўрапеец, культурная асоба, не прастак і не хамуйла, і трэба працаваць на яго. Лідэра трэба выгадаваць, лідэр вам зь неба на парашуце не ўпадзе.
[ 13/05/2007 12:03 ]
Ці інфармавалі Вы камуністычныя спецслужбы пра Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Ларысу Геніюш з якімі Вы кантактавалі калі яшчэ былі "Кастусём"? Ці цікавіліся польскія спецслужбы (магчыма ў рамках супрацоўніцтва з КГБ, гэтымі людзьмі? Віктар
Цікавіліся польскія спэцслужбы, але маргінальна. Гэта значыць, што калі паяўляўся ў Беластоку Аляксей Карпюк, а ён быў такі шаленаваты, то ён зьвяртаў іх увагу – што гэта за чалавек? Дзівіліся, чаму ён сябе так паводзіць, калі ён быў камандзірам партызанскага атраду. Але я яго тады ўжо не апісваў, бо гэта быў канец 60-х гадоў, у якія я ўжо ліквідаваў сваю гэтую цэлую афёру. Мне гэта спачатку не ўдавалася, але памог мне нешчасьлівы выпадак, а менавіта Аляксандар Амельяновіч, польскі пісьменьнік, які ў Гародню часта езьдзіў, часта там сустракаўся і піў гарэлку з Карпюком, Быкавым і яшчэ з кімсьці, і я іх папярэдзіў, што вы зважайце, бо гэта ёсьць КДБовец, польскі, праўда... А яны па сваёй наіўнасьці, як я даведаўся потым, яму пра гэта сказалі. І тады ён напісаў на мяне вельмі доўгі данос, на 12-14 машынапісных старонак, і пачаўся цэлы гэты скандал, які дапамог мне адчапіцца наогул ад супрацоўніцтва, бо гэта не было так проста. Каб адчапіцца, то патрэбна была ня толькі мая ахвота, але і іхная нейкая згода.
[ 13/05/2007 15:40 ]
Szanouny Spadar Sakrat - moża heta i nia budzie pytańnie, ale ja chaczu skazać, szto Was razumieju. Chacia mnie tolki 16 hadou, mnie raskazwali nieszta pra PRL, SB ihd. Napeuna nadalej zastanieciesia maim autarytetam i ja nadalej budu paważać dy czytać Waszyja twory. Aktyunyja dziejaczy prymuszany byli da supracounictwa, inaksz nie mahli b rabić hetaha, szto rabili. Prynamsi ja tak dumaju. Dziakuj Wam za twory, kniżki i uwieś Wasz artystyczny darobak. Z pawahaj moha
Я дзякую за такое пытаньне. Вельмі прыемна мне чуць, бо, шчыра кажучы, я ня надта верыў, што новае пакаленьне будзе здольнае разумець мінулае. І таму лічыў, што адно пакаленьне ня ёсьць у стане ці ня ёсьць здольнае перадаць наступнаму свой вопыт, бо зьмяняецца эпоха, час, лёсы зьмяняюцца, новае пакаленьне вырасла ў зусім новых умовах, яно ня ведае, што такое голад і холад, ані страх нават, бо і страх быў тады і ў бацькоў маіх, і ў асяродзьдзі, і ўвогуле гэта быў час страшны, але гэта было паўвеку назад. Нешта падобнае засталося яшчэ толькі ў Рэспубліцы Беларусь.
[ 13/05/2007 17:00 ]
Паважаны спадар Яновіч! Сенняшняя беларуская літаратура метраполіі, ды й дыяспары, уяйляе сабой досыць распрацаваную і цікавую плынь. Аднак, на вялікі жаль, у самой краіне ею цікавіцца невялікае кола амататраў і прыхільнікаў, а па за межамі - ведаюць толькі спецыялісты-славісты і навуклўцы. Вельмі бракуе добрых, якасных перакладаў беларускіх аўтараў на буйнейшыя сусветныя мовы. На Ваш погляд, як трэба падняць прэстыж беларускай літаратуры ў краіне і калі будуць больш шырока перакладаць нашых аўтараў за мяжой? Дзякую шчыра, А.
Узьняць вельмі проста: трэба адбудаваць нацыю. Бо няма нацыі. Літаратура ў Беларусі існуе як бы між небам і зямлёю. Гэта свайго роду парадокс, што народ не гаворыць па-беларуску, а літаратура разьвіваецца выключна на беларускай мове. Як там узьнікаюць нейкія тэксты на расейскай мове, дык яны ёсьць або графаманскія, або без каштоўнасьці якойсь там мастацкай. Ведаеце, нацыю не адновіш, бо нацыя, якая раз зьнікла, то ўжо яна ня вернецца ў сьвет жывых, а літаратура існуе. Трэба рабіць тое, што мы тут робім. Трэба арганізоўваць кантакты зь літаратарамі сьвету. Іншага спосабу няма. Мы тут у Польшчы маем гэтую польскую беларускую літаратуру, у сучасны момант у нас ёсьць дзьве літаратуры – савецкая беларуская і польская беларуская. Выдаем мы на мовах Эўропы літаратурны штогоднік "Annus albaruthenicus". Ужо дзясяты год гэта робім і публікуем пераклады зь беларускай літаратуры, сярод іншых Алеся Разанава – на мовах нямецкай, ангельскай, італьянскай ці францускай. Тут патрэбны кантакт, бо калі няма нацыі, а нацыю затапталі ўжо даўно, тут трэба нешта рабіць арганізацыйна. Ёсьць у Эўропе каля 10 літаратараў, гісторыкаў, якія добра ведаюць беларускую мову, як напрыклад у Нямеччыне быў Робэрт Рандэл, у Англіі Арнольд Макмілін, і дзякуючы гэтым адзінкам можна прабівацца ў шырэйшы сьвет. Іншага спосабу няма. Улада Рэспублікі Беларусь нікому не паможа, бо яна ненавідзіць усё, што беларускае, бо гэта яшчэ рэштка Савецкага саюзу.
[ 15/05/2007 00:29 ]
Spadar Sakrat Janovicz, Ci u czarhovym vydanni Czasopisu budzie szto paczytac pra vas? I szto vy dumajecie ciapier pra artykul u Czasopisie u jakim byla mova pra spadara O. jaki danosil na vas? Kali ja dobra pamiataju heta napisana bylo u styli dobry Sakrat i drenny O. jaki taksama adczuval sjabie pismiennikam.
О. – гэта Амельяновіч (па-польску Omeljanowicz). Ці будзе што ў Czasopisie? Будзе, бо я акурат сяджу над інтэрвію, якое рыхтую ў Czasopis. Атрымаў пытаньні ад шэфа часопіса і на ўсе гэтыя пытаньні рыхтую адказы, ужо хіба з палову маю. А тое, што О. быў кепскі, а я быў добры – гэта ня быў мой тэкст. Гэта быў тэкст гісторыка, супрацоўніка Інстытуту нацыянальнай памяці, які існуе ў Польшчы, і ён напісаў і апублікаваў сваё эсэ на падставе матэрыялаў, дакумэнтацыі, якая захавалася ў архівах, якія цяпер даступныя.
[ 15/05/2007 14:55 ]
Szanowny Spadare, Prabaczcie, szto napiszu po-polsku, ale ja biełaruskaj mowaj razmauliaju wielmi kiepska. Czy jest Pan zwolennikiem istnienia "dwujęzyczności" na Białorusi i uważa Pan - jak część białoruskiej opozycji - że po obaleniu Łukaszenki należy dążyć do podniesienia prestiżu języka białoruskiego przy zachowaniu oficjalnego statusu rosyjskiego? Czy też sądzi Pan, iż oficjalna dwujęzyczność w praktyce zawsze będzie oznaczała dominację rosyjskiego i w związku z tym demokratyczna Białoruś winna uznawać tylko jeden język urzędowy: białoruski, a towarzyszyć temu powinny konkretne kroki nowych władz w kierunku "rebiałorutenizacji" kraju. Z poważaniem Łukasz Adamski
Слухаць:



Ён у гэтым пытаньні мае абсалютную рацыю, з тым што ён не бярэ пад увагу таго, што ўжо сказаў калісьці Быкаў, што мова раз зьніштожаная не адраджаецца. Калі беларускую мову затапталі і заплявалі, то цяпер ніякі цуд яе ня верне назад. А Быкаў казаў яшчэ больш, што фактычна ўжо перастала існаваць беларуская нацыя, а безупынна існуе савецкая нацыя, нацыянальнасьць Саветаў, у якіх руска-савецкая мова, праўда? Гэта ёсьць асколак Савецкага саюзу, які яшчэ нейкі час утрымаецца, і можна будзе толькі думаць, што потым станецца? Бо я са смуткам думаю пра лёс Беларусі. Беларусь адраджацца будзе вельмі памалу, вельмі пакутліва, і фактычна невядома, што там у ёй сфарміруецца – ці нейкі рускамоўны народ, ці штось такое, бо наўкола Беларусі ўсе маюць нацыю, а Беларусь ня мае нацыю. Беларусь – гэта савецкія людзі, гэта ўсё існуе СССР, праўда.
[ 15/05/2007 15:40 ]
Dzien dobry Sakrat Janowicz.?W 1920r.Poliaki sriedi nich byli i Biełorusy tam wojewal i moj Pradied pod komandowanijem wydajuszegosia czielowieka J.Pilsudckiego oboronili Warszawu a potom i oswobodili ziemli RZECZIPOSPOLITA ot russko-kommunisticzeskich agriesorow,tierroristow,wostanowili mir i normalnuju czielowieczieskuju rzyzn.Togda w Polsze do 1939r moj Died imiel ziemlu,luga,lies,10 korow,10 bykow,uwarzenije byl adwokatam,moj Ojciec uczilsia.W gorodie Prurzana rzytieli na swoi sobrannyje diengi wozdwignuli pomnik J.Pilsudckiemu,pomnik ransze stojal w Prurganach.Priszli sowietskije agriesory i zobrali wsie.Pocziemu wsie naszy apozicionnyje politiki to wriemia nazywajut Polskoj akkupacyjiej Białorusi.Ja polnostju s etim nie soglasien wied eta ziemlia rieczypospolita nasza.akkupanty jawliajutsia rossija i sssr.Dziakuj.Mikołaj Saskiewicz Polska ja iz Białorusi.
Ну, гэта цэлае эсэ. Я нават ня ведаю, ці тут якое пытаньне ёсьць... Я цалкам зь ім не пагаджаюся, бо Беларусь у даваенны час была падзелена на Заходнюю і Ўсходнюю, Усходнюю захапілі бальшавікі, а Заходнюю – палякі, праўда. Такая мая і ня толькі мая думка. Але гэта ёсьць гістарычная тэма, аб якой можна гаварыць дзень і ноч і яшчэ дзень. Я ня бачу магчымасьці ў кароткай якойсь форме адказаць на гэта, бо фактычна пытаньня тут няма, ёсьць толькі інфармацыя, што нехта там лічыць, што было так і так... Калі ён лічыць – то яго справа. Я яго ад гэтага адмаўляць ня буду.
[ 16/05/2007 12:15 ]
Чаму менавіта зараз пра гэта кажыце? Чаму адразу падрабязна ўсё ня высьветлілі пра тое чым займаліся і чым пагражалі, а чакалі розных рэакцый?
Перш за ўсё таму, што я гэта не лічыў якойсь сур'ёзнай справай, лічыў гэта чымсьці малаважным, але напэўна яшчэ быў перакананы, што няма перад кім вызнавацца, бо пакаленьне беларусаў, якое тады існавала, напрыканцы 80-х – напачатку 90-х гг. – гэта была моладзь, няздольная зразумець мінулы час. Ну што я ім растлумачу? Яны ж не зразумелі б гэтага ўсяго. Але перш за ўсё я лічыў гэта дробязьзю, ня вартай успаміну. Але калі цяпер аказалася для ўсіх палякаў, што гэта істотнае, дык калі ласка, я ад іх нічога не хаваў.
[ 16/05/2007 12:20 ]
Spadar Sakrat. Dziakuj Vam za toje, shto Vy josc. Jak Vy dumajecie, chamu biel. radyjo "svaboda" amal nie vykarystouvaje u svajich prahramach bielarusau Polshchy? na radyjo huchac adnyja i tyja zh halasy, tolki u roznych pieradacach. vos zha i vas zaprasili, pry nahodzie. Renia, Vilnia
Ну, гэтая спадарыня мае рацыю, што мы тут са сваёй беларушчынай застаемся па-за ўвагай, але гэта, відаць, справа арганізацыйная, бо, я памятаю, у 1990-я гады, у першай палове, я для Радыё Свабода вёў рубрыку "Гутаркі" па гісторыі Беларусі. Пасьля гэтыя гутаркі выдалі кнігай – "Пад знакам Арла і Пагоні"... Але гэтае пытаньне больш датычыць Радыё Свабода, чым мяне. Вельмі мяне радуе тое, што знайшоўся нехта, хто зьвяртае на гэта ўвагу, што існуе тут польская Беларусь, існуе кавалак Беларусі, самы заходні, і гэтую Беларусь трэба неяк бачыць, заўважаць. Тут выходзяць ня толькі часопісы, але і літаратурны штогоднік "Тэрмапілы", накшталт "Дзеяслова" ў вас... Усё, што датычыць беларускай літаратуры, я публікую на мовах Эўропы, а зь літаратуры Заходняй Эўропы публікую ў беларускіх перакладах. Ёсьць добрыя перакладчыкі – зь Менску Алена Таболіч, Іван Бурлыка, Валер Буйвал... Так што па меры сваёй магчымасьці робім, што можам. Больш – не даем рады, больш магла б рабіць толькі беларуская дзяржава, але яе няма, бо тое, што называецца Рэспублікай Беларусь – гэта толькі ж рэштка Савецкага саюзу.
[ 16/05/2007 13:17 ]
Skażecie kali łaska adkul uziałasia takaja minuszka u Was? Wy jaje sami wybirali?
Сам, але я ўзяў яе ад Каліноўскага, бо Каліноўскі быў маім героем.
[ 16/05/2007 13:31 ]
Жыве Беларусь! Спадар Сакрат, ці верыце Вы ва ўз'яднаньне праз пэўну прамежак часу ўсіх этнічных (Беласточчына, Віленшчына й г.д.) Беларускіх земляў у межах адной Бацькаўшчыны-метраполіі? Ці аднойчы страчанае - назаўсёды страчанае? Siarhiej.
Я ня веру ў такое аб'яднаньне, пры ўсім таму, што трэба перш аднавіць беларускую нацыю, толькі нацыя можа мець нейкую падобную ідэю. А калі гаварыць пра памежныя абшары, то іх у выніку цывілізацыйнага разьвіцьця амаль што няма. Смаленшчына бязьлюдная, Віленшчына пераяжджае ў Вільню – я быў нядаўна там, вёска канае, сам горад разрастаецца. Латгалія ў Латвіі перабралася ў Рыгу. Недзе на поўначы ў напрамку Пскова ці Вялікіх Лук – там няма людзей, пустыня, вяртаецца дзікі лес. На Беласточчыне ёсьць найбольш трывалая структура, але Беласточчына ў параўнаньні зь іншымі беларускімі абшарамі ёсьць у сваім цывілізацыйным разьвіцьці значна дапераду. Таму Беласточчына хоча быць беларускай, і яна шторазу мацней ёсьць, нават паяўляецца ідэя, што мы асобны народ, у Эўрасаюзе ўжо знаходзімся разам з палякамі, але Беласточчына, як і кожны лепей разьвіты рэгіён, ня будзе яднацца з рэгіёнамі беднымі, бо тады трэба было б зьнізіць свой узровень. Гэта мне нагадвае трохі сытуацыю ў Польшчы Шлёнску, які ёсьць польскі, але ў Польшчы ня хоча быць, ці, скажам, у вугорцаў Вайвадзіна... Рэспубліка Беларусь у параўнаньні з намі – гэта дзяржава бедных і недавучаных людзей.
[ 16/05/2007 13:36 ]
Нядаўна даведаўся, што мой прадзед нарадзіўся ў Крынках… Чым зараз жыве мястэчка? Ці шмат засталося беларусаў? Якая будучыня ў мястэчка? Вячаслаў
Мястэчка вымірае. Жыве тут каля 2,5 тысяч чалавек. Гэта або старыя, або дзеці. Моладзь уся чмыханула на заробкі ў Заходняй Эўропе. Дзяўчаты пераважна знаходзяцца ў Італіі, хлопцы пераважна знаходзяцца ў Нямеччыне альбо ў ЗША. І калі летам прыяжджаюць наведаць Крынкі і прывозяць свае жонкі, дзеці ўжо там, то гэтыя дзеці гавораць на ўсіх мовах Эўропы, але яксьці разумеюць, і гэта мяне дзівіць, бо ў старых гэты моўны бар'ер моцны, а ў дзяцей – адно гаворыць па-нямецку, другое па-ангельску, трэцяе па-італьянску ці па-француску, але адно аднаго разумеюць... Крынкі робяцца такім далёкім прыгарадам Беластоку. Як гаворыцца, за Крынкамі ўжо няма людзей. Над Крынкамі заварочваюць вароны назад, адлятаюць на Беласток і на Варшаву... Крынкі застануцца як населены пункт сярод лясоў, вакол насаджана надта многа лесу, узьнікае пушча. Утворана тут надлесная служба. Час Крынак быў тады, калі існавала індустрыя – гэта значыць, у міжваенны час і да 1-й сусьветнай вайны, калі тут жыло каля 15 тысяч чалавек і існавала каля 100 гарбарняў – малых і вялікіх. У сэнсе гарбарнай прамысловасьці Крынкі на тэрыторыі даўняй Расійскай імпэрыі займалі трэцяе месца, пасьля Вільні. Тут адбываліся вялікія кірмашы, праходзілі страшэнныя грошы. Крынкі знаходзяцца на даўнім шляху зь Інфлянтаў, зь Лівоніі, на поўдзень Эўропы. Цераз Крынкі, напэўна, ішоў на Кракаў і Скарына...
[ 16/05/2007 13:41 ]
Шаноўны Спадар Яновіч, мне вельмі падабаюцца Вашыя творы, але некаторыя з іх наводзяць дэпрэсію і нейкую безвыходнасьць (раман Самасей, напрыклад, і яшчэ апавяданьне пра няшчаснае каханьне, баюся памыліцца з назовам, але здаецца "Таня"). Адкуль ідзе такі насторй? Ці звязана гэта з вашым сьветаўспрыманьнем, альбо можа з перажытым, ці яшчэ з чым іншым? Дзякуй, Іван
Напэўна, гэта мае сувязь з маім лёсам, але перш за ўсё я не люблю гэтага штучнага аптымізму. Памятаю, што калісьці апублікавалі мае гэтыя мініятуры ў Менску, і там іх паперараблялі. Быў такі рэдактар Леанід Лукша, неяк так... Ну і памятаецца мне, што ўсе гэтыя смутныя заканчэньні ён перарабіў на аптымістычныя... Само жыцьцё ёсьць цяжкае, смутнае, хаця б таму, што сканчаецца заўсёды сьмерцю. Радасных тэкстаў не напішаш. І зрэшты, зьвярніце ўвагу на тое, што ва ўсёй сусьветнай літаратуры няма добрых тэкстаў, добрых кніжак радасных. Ці гэта будзе Талстой, ці Дастаеўскі, ці іншыя... Бо смутак ёсьць глыбейшы ад радасьці. Радасьць інтэлектуальнага чалавека не разьвівае так, як смутак, бо ў смутку чалавек глыбей думае. І таму і я, зрэшты, лічу, што перш за ўсё важна даць чытачу нагоду ці магчымасьць думаць, ня цешыццца і ня радавацца. А думаць пра жыцьцё заўсёды цяжка. Аб гэтым гаварыць можна многа, але зачыняючы гэту тэму яшчэ раз магу паўтарыцца, што няма выдатных кніжак у сусьветнай літаратуры радасных. Яксьці пра радасьць пішацца кепска, па-графаманску неяк атрымліваецца...
[ 16/05/2007 13:42 ]
(Ад Радыё Свабода): Шаноўны спадар Яновіч! Ці параілі б вы іншым асобам, якія на тым ці іншым этапе жыцьця супрацоўнічалі са спэцслужбамі, таксама абвясьціць пра гэта?
Я тут раіць не магу, таму што ў кожнага свая жыцьцёвая сытуацыя, але ўсё мае сваю цану. Гэта значыць, трэба заўпарціцца. Я заўпарціўся. Памятаю, што хтосьці там зь Менску калісьці прызнаўся мне, што ён быў на кантакце з КДБ. Гэта – нічога новага, бо гэтыя ўстановы – гэта іх хлеб, іх работа. А той што зрабіў? Уцёк за мяжу, бо за мяжою яны яго не дагоняць... Толькі трэба ведаць, што ад іх адчапіцца надта цяжка. І самы просты спосаб такі, каб іх саміх зьнеахвоціць да сваёй асобы, каб ты ў іхных вачах страціў нейкую каштоўнасьць інфармацыйную, бо яны ж вэрбуюць не для забаўкі, а каб пашырыць інфармацыю. Інакш кажучы, усё зрабіць, каб стацца непрыдатным, бо іначай яны цябе будуць зьніштажаць – яны маюць магчымасьці і інструманты давесьці цябе да галоты, ці да бяды, ці да псыхічнай хваробы.
[ 16/05/2007 14:23 ]
(Пытаньне ад пісьменьніка Васіля Якавенкі): Якую канкрэтна інфармацыю вам прыходзілася перадаваць спэцслужбам?
Канкрэтна – то гэта выказваньні антысацыялістычныя, антысавецкія, антыўрадавыя. Тады тайная служба цікавілася тым самым, чым цікавіцца цяпер, скажам, у Менску. Гэта быў як бы такі бясконцы рэпартаж: хто што на "анты-" сказаў: імя, прозьвішча, што сказаў... Толькі гэта.
[ 16/05/2007 14:24 ]
Завяршаем нашу онлайн-канфэрэнцыю. Вашы пажаданьні слухачам і наведнікам сайту.
Я, як стары чалавек, які ўжо мае свой агляд жыцьця, жадаю перш за ўсё аптымізму, бо будзе будучыня такая, якую мы самі яе створым. Колькі ўдасца стварыць – ну, то столькі дадасца, але нельга апускаць рук. Дзяўчаты і хлопцы, спадарыні і спадарове: не апускайце рук, бо шкада жыцьця, а жыцьцё ў чалавека адно. Як пражывеш, дык такое яно і будзе.
 галоўная
 угару