[ svaboda logo ] [ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
форум  


11 Красавіка 2007
Аляксей Марачкін


Аляксей Марачкін нарадзіўся 10 сакавіка 1940 г. у вёсцы Папоўшчына Чэрыкаўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Скончыў Віцебскі пэдагагічны інстытут (1962), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1972).

Выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў. Адзін з заснавальнікаў мастацкага аб’яднаньня “Пагоня”. Быў членам Аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, утворанага 19 кастрычніка 1988 г.

Нядаўна адбылася прэзэнтацыя аднаго з апошніх твораў мастака – карціны “Плошча”.



У інтэрвію Свабодзе Аляксай Марачкін сказаў:

– На цяперашнюю выставу "Пагоні" я даў больш "крутыя " творы – "За элегантную перамогу, альбо Адмарозкі", "Сьляза Міндоўга" і "Кліч у нікуды". Вось якраз апошні твор – на тэму "інтэграцыі" Беларусі і Расеі. Гэты мой нонканфармізм – якраз рэакцыя на тое, што адбываецца ў Беларусі. І "начальнік краіны" сам правакуе такія тэмы. І я іншасказальна, мэтафарычна, з адценьнем іроніі і сарказму паказваю сёньняшнюю сытуацыю.
19.12.2006
Ваша Свабода
10.01.2007
Аляксандар Рар

17.01.2007
Станіслаў Багданкевіч

24.01.2007
Алег Трусаў

31.01.2007
Станіслаў Гусак
07.02.2007
Алесь Бяляцкі

14.02.2007
Аляксандар Мілінкевіч

20.02.2007
Анатоль Лябедзька
28.02.2007
Аляксандар Вайтовіч
07.03.2007
Навошта ўлады ўшаноўваюць Суворава?

14.03.2007
Юры Хашчавацкі

21.03.2007
Віктар Івашкевіч

28.03.2007
Івонка Сурвіла
04.04.2007
Малады фронт

18.04.2007
Валерыя Навадворская
25.04.2007
Іван Нікітчанка

02.05.2007
Жанна Літвіна

09.05.2007
Сяргей Драздоўскі

16.05.2007
Сакрат Яновіч

23.05.2007
Аляксей Янушэўскі

30.05.2007
Малады фронт

07.06.2007
Віктар Шэндэровіч
13.06.2007
Барыс Нямцоў
20.06.2007
Аляксандар Ярашук
27.06.2007
Уладзімер Падгол
04.07.2007
Карэн Ст’юарт
11.07.2007
Анатоль Шумчанка
18.07.2007
Алег Алкаеў

25.07.2007
Паэт Уладзімер Някляеў

29.07.2007
Андрэй Хадановіч.

08.08.2007
Валянцін Мацкевіч
15.08.2007
Валянцін Голубеў
08.01.2007
Сьвятлана Алексіевіч
29.08.2007
Леанід Путырскі
05.09.2007
Павал Севярынец
12.09.2007
Станіслаў Шушкевіч
19.09.2007
Віталь Сіліцкі
25.09.2007
Ўладзімер Арлоў
10.10.2007
Аляксандар Мілінкевіч
17.10.2007
Віктар Івашкевіч
24.10.2007
Юры Беленькі
31.10.2007
Леанід Маракоў
07.11.2007
Руся (Марына Шукюрава)
11.01.2007
Давід Какабадзэ: падзеі ў Грузіі
21.11.2007
Алесь Ліпай
27.11.2007
Райнэр Лінднэр
12.05.2007
Барыс Нямцоў
2003  2004  2005  2006
[ 09/04/2007 20:52 ]
1.Ne zdaecca Vam paradaksalnym, schto vaschaja palityzavanaja tvorchasc nakirovanaja suprac „палітычнага і духоўнага прыгнёту расейска-савецкае імпэрыі” nasamrech absaljutna tradycyjna minavita dlja rasejskaga mastactva, a ne dlja europejskaga?

2.Camu na prykancy 80-ch pachatku 90-ch kali Vy byli zagadchykam kafedry u Akademii Mastactvau, I vaschyja sjabry I kalegi “adradzency” jak Kupava, Sharangovich, Dzjagileu, Savich zajmali tak sama vysokija pasady pershymi pachali represii suprac maladoga suchasnaga mastactva, vykluchyushy z Akademii I Vuchelni kalja pousotki studentau, jakija vymushany byli pakinuc Krainu? Ci ne Vy samye stvaryli u Belarsi kulturna-sjuryalistychnuju situacyju, u jakoj abudzilisa palitychnyja monstry? Andei Dureika
Калі прыняць на веру ўсё вышэй сказанае пра эўрапейскае ці расейскае мастацтва, то ў Вашай рэпліцы адсутнічае такая дробязь, як “беларускае мастацтва”. Я ня веру ў мастацтва “Інтэрнэйшэнл-Арт”. Няма ўсеагульнага, усечалавечага мастацтва. Ёсьць мастацтва, якое стала здабыткам чалавецтва. І калі яно дасягае высокага ўзроўню, то абавязана, у першую чаргу, сваім першакрыніцам, гэткаму нацыянальнаму “водару”. Першавытокам.

Баўгарын Дзімітра Майстора, паляк Яцак Мальчэўскі, чэх Оскар Какошка тым і цікавыя, што па іх творах пазнаеш краіну. Я ўжо не кажу пра Марка Шагала, які ў сваіх сюжэтах адлюстроўваў настрой беларускага габрэйскага мястэчка. Форма як выяўленчы сродак і ёсьць зьмест. Гэта сьцьвярджаў яшчэ вялікі Малевіч.

Калі ж казаць пра ўплыў расейскага мастацтва, то, мне здаецца, трэба ведаць яго глыбей і шырэй. Расейскае мастацтва — гэта ня толькі сёньняшні Шылаў і Глазуноў, а ў савецкія часы Герасімаў і Пластаў... Гэта, акрамя ўсяго, — Філонаў, Фальк, Кузьняцоў... Дарэчы, у мастацкай установе, якую я заканчваў, былі пэдагогі не апошнія ў гэтым шэрагу, як Натан Воранаў, Мазалёў, Малішэўскі. Выкладаў вучань Філонава Хаім Ліўшыц. Былі б мы інакшыя, каб вучыліся ў творчай лябараторыі італьянца Гутуза, французаў Лежэ ці Матыса. Гэта так. Былі б мы іншыя, каб віцебская школа 1920 – 1930-х гг. разьвівалася натуральна і фактычна не была разагнаная бальшавікамі. Васіль Кандзінскі зьехаў у Германію, Казімір Малевіч дажываў свае дні ў Пецярбургу, Лісіцкі ня быў запатрабаваны часам, і першая ягоная кніжка была выдадзена ў 1960-я гады ў Германіі.

Нам, колішнім студэнтам, у рэзэрвацыі сацрэалізму было тады цесна і вузка. Гэтаму працівіліся. У 1960-я гады мной была напісана карціна “На лесапавале”, якая цяпер знаходзіцца ў музэі нонканфармізму “Zimmerli Art” (ЗША). Але, засвоіўшы рэалістычна-фігуратыўнае мастацтва, нашы мастакі здолелі стварыць вобразы слаўных продкаў, дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі. І толькі празь недагляд з боку сёньняшніх цэнзараў, рэпрадукцыі з маіх карцінаў увайшлі ў падручнік па беларускай літаратуры. Сёньня вядома, што па ўказцы зьверху ўсё гэтае мусіць быць выкінута. Маё прозьвішча трапіла пад забарону.

Але сёньня шмат якія маладыя мастакі, што засвойвалі рэалістычна-фігуратыўнае мастацтва ў працэсе творчага станаўленьня цікавы ў Італіі, Польшчы і іншых краінах, бо гэта нешта іншае. А сапраўднае мастацтва не бяжыць навыперадкі. Уплыў так званага “расейскага”, можа, як ніхто, праілюстраваў геніяльны Бялыніцкі-Біруля, які вучыўся ў маскоўскім вучылішчы і тут, на радзіме, у Беларусі, ствараў непараўнальныя творы. Тым самым сьцьвярджаў беларускую школу жывапісу. Як тое рабіў Фэрдынанд Рушчыц, Міхась Сеўрук, Пётра Сергіевіч. Я ня ведаю, што такое эўрапейскае мастацтва ці азіяцкае. Мне цікавыя: француз Брак, галяндзец Ван Гог, беларус Язэп Драздовіч.

У другім пункце Вашай рэплікі, калі сказанае прыняць на веру, так бы мовіць, прыняць правілы гульні, то вывад напрошваецца адзін… Монстры парадзілі монстраў. Яны абудзіліся… Гэтыя, памянёныя Вамі мастакі, на адраджэнскай хвалі атрымалі высокія пасады напрыканцы 1980-х і на пачатку 1990-х. Душылі ўсё маладое і здаровае. Гналі студэнтаў з вучэльні, інстытуту, а тыя хаваліся ад нас за мяжой. У канцы 1990-х – на пачатку 2000-х гг. многія выкладчыкі страцілі так званыя высокія пасады. Ува ўсякім разе, Міколу Купаву выціснулі з вучэльні. Шмат каму не падабалася ягонае прынцыповае стаўленьне ў пашырэньні беларускай мовы альбо перакананасьць, што малады творца павінен працаваць у рэчышчы нацыянальнага мастацтва. Васіля Шаранговіча выгналі з пасады рэктара, мяне — з пасады загадчыка катэдры жывапісу. Дарэчы, гэтай чысткай кіраваў усім вядомы палкоўнік Замяталін, які сёньня ачольвае “Беларусьфільм”. Лявон Дзягілеў вымушаны быў пакінуць Акадэмію мастацтва.

І што? Ня стала палітычных монстраў? Яны перарадзіліся. Усе сталі анёламі. Думаю, Вы павінны арыентавацца ў часе і прасторы. Цяпер не “Малады фронт”,а БРСМаўцы ладзяць свой карагод у навучальных установах. Ідэалягічнае тэставаньне, праверка на ляяльнасьць рэжыму прыдумаў ня рэктар Шаранговіч. А наконт “паўсоткі” выключаных – тут нешта з матэматыкай не ў парадку. Хаця ўсялякае магло быць. Хто з нас без граху? Толькі нешта я ня ведаю знаных мастакоў, якіх адлічылі з акадэміі, і каб там, за мяжой, яны зрабілі сабе імя. Якраз тыя, хто прайшоў нашу школу і папулярныя за мяжой. Скажам, Саша Родзін, сябра суполкі “Пагоня”, якога прымае бэрлінская эліта ў сваіх галерэях, мае вялікую папулярнасьць у Германіі. Заслонаў — у Галяндыі. Мой вучань Алег Кабзар — у Польшчы…

Вымяраць на эўрапейскасьць аршынам мастака Цалкова, творамі Заборава ці Лёніка Тарасэвіча, думаю, ня варта. Праблема ў тым, што на ўсю Беларусь адна дзяржаўная ўстанова — Акадэмія мастацтва, якая дыктуе свой густ, і якой бы яна ні была, добрай ці кепскай, ёй патрэбная альтэрнатыва. Гэта неабходна нашаму грамадзтву. У прыватных акадэміях, мастацкіх установах моладзь натуральна рабіла б свой выбар, куды, да якога майстра ісьці вучыцца. Але, як бачыце, монстры, якіх, па-вашаму, я спарадзіў, такой магчымасьці не даюць. А тыя парасткі, якія ўзгадаваліся ў час новага адраджэнскага руху 1990-х, церпяць ад сёньняшніх уладаў. Я маю на ўвазе Беларускі гуманітарны ліцэй.
[ 10/04/2007 00:55 ]
Прывітанне, спадар Алесь! Як Вы лічыце: сцэнар беларускай рэвалюцыі павінен быць напісаны, альбо, як сцвярджае спадар Івашкевіч, – трэба пачакаць, калі тая рэвалюцыя саспее ў розуме і душах беларусаў? Пачакаць, калі можна так сказаць, – гадоў так дваццаць-дваццаць пяць, пакуль Лука не зыйдзе натуральным чынам.

Магу патлумачыць, што ёсць у маім разуменні “напісаць сцэнар беларускай рэвалюцыі”. Зрэшты, аднойчы такі сцэнар напісала ЦРУ і разваліла СССР. Ва ўсякім разе такая версія, і не аднойчы, выказвалася на тэлебачанні. І ЦРУшнікі самі не адмаўляюцца ад гэтага, здаецца.

Зразумела, сцэнар беларускай рэвалюцыі неабавязкова мусіць напісаць Вячорка, Мілінкевіч ці Казулін. Напрыклад, гэта будзе нейкі тэхнолаг (сцэнарыст), які ведае як можна, ва ўмовах таталітарнай сістэмы, ўзварушыць вялікія масы народу, вывесці праз 10 гадоў 100 тысяч чалавек на вуліцы сталіцы. У сцэнары можа быць і тысяча пунктаў. Скажам так – беларускія мастакі ў гэты сцэнар ўжо напісалі некалькі сваіх пунктаў: карціны, плэнеры, выставы, буклеты, аформленыя кніжкі… Ёсць жа шмат іншых – 999!

1. Ніхто не перашкаджае, напрыклад, настаўнікам, класным кіраўнікам, арганізоўваць для школьнікаў экскурсіі па замках Беларусі: Мір, Нясвіж, Навагарадак, Любча. Браць з сабой беларускамоўнага барда. Спяваць песні ля вогнішча. Словам – выхоўваць патрыётаў Беларусі.

2. Дэмакратычны кандыдат прайграў выбары, улады сфальсіфікавалі вынікі на карысць свайго. Няхай сабе! Праз сто дзён колішні дэмакратычны кандыдат са сваёй ініцыятыўнай групай збірае подпісы за адкліканне дэпутата ад ўлады. У другі раз адпадзе ахвота “балатавацца”!

3. Незалежнага беларускага тэлебачання з-за бугра, мне падаецца – чакаць марны лёс. Не будзе ніколі. За тое, запытайце любога шкаляра, які мае камп’ютэр, – мульцікі пра Луку ён глядзеў! Нават у самай захудалай вёсцы! Шмат хто ведае пра фільм “Плошча”. Капіруюць адзін у аднаго! Вось дзе перспектыва! Патрэбна фільмаў, такога кшталту, больш!

998. Трэба вяртаць нашым дзецям і ўнукам некалі звыклыя для Беларусі імёны: Дамінік, Яніна, Літвіна, Францішак, Казімір… А то пайшлі адны Светы ды Вадзікі. Святары маглі б паспрабаваць пераканаць сваю паству. Дык ці трэба пісаць сцэнар? Зрэшты, каб не было закідаў у мой бок – я свой пункт таксама раблю: пішу краязнаўчыя артыкулы. З пашанай, Уладзімір.
У творчай беларускай інтэлігенцыі сцэнар адзіны: быць у апазыцыі да сёньняшняга рэжыму. Гэта ня значыць ацэньваць творы з пункту гледжаньня таго, наколькі яны палітызаваныя. Француз Анры Матыс падчас нямецкай акупацыі пісаў райскія куточкі, краявіды і нацюрморты. Гэтым самым сьцьвярджаў прыгажосьць, сваю эстэтыку – насуперак ваяўнічым ідэалягічна-пачварным устаноўкам фашызму.

Сёньняшняя ўлада баіцца разнадум’я. Яна, як і раней, мяркуе, што выбраны ёю шлях адзіна правільны. Мастацтва ж павінна разбураць зададзеныя казённыя стэрэатыпы. І Вы абсалютна маеце рацыю, што творцы могуць зрабіць вялікую справу ў пашырэньні беларушчыны, калі будуць далучаць людзей да здабыткаў свайго мастацтва. Пашыраць сваю тэрыторыю. Тое, што робяць песьні Віктара Шалкевіча, Кастуся Герашчанкі, Алеся Камоцкага, “Плошча” Хашчавацкага, — не пад сілу нашым палітыкам. У іх іншыя магчымасьці. Сёлетняя выстава суполкі “Пагоня”, якая праходзіць у Палацы мастацтва, абуджае людзей, пазбаўляе страху. Бо самае цяжкое, калі чалавек не свабодны, прыгнечаны.

Згодзен, трэба вяртаць нашым дзецям беларускія імёны: Літвіна, Яніна, Паўліна… Гэта так. Усюды трэба вяртаць сваё, а то будуць нашыя Францішкі, Зосі хадзіць па вуліцах Сьвярдлова ды Калініна. Правесьці інвэнтарызацыю беларускіх прозвішчаў, накінутых расейскімі сатрапамі, якія перапісвалі беларусаў на свой капыл. Душа цешыцца, калі чуеш прозьвішчы Пузыня, Карачун, Жалейка, Рагойша, Рагуля...

Гэта выдатна, што Вы свой пункт абазначаеце не пункцірам, а канкрэтнай справай, вывучаеце свой край, гісторыю сваіх мясцінаў.
[ 10/04/2007 03:31 ]
Дзякуй за "Плошчу", дзякуй за радасць! Убачыла (як высвятляецца - палову карцiны) у ARCHE - добры настрой быў увесь дзень. Вольга.
Прыемна чуць гэта ад Вас, Вольга. Дзякуй Вам.
[ 10/04/2007 10:56 ]
Шаноўны спадар Аляксей! Адкажыце, калі ласка, як Вы ставіцеся да публікацыі ў сеціве выяваў Вашых твораў? Справа ў тым, што хацелася-б бачыць на сайце "Сьвіслацкія аркушы - Кастусь Каліноўскі" (http://arkushy.narod.ru/kalinouski) побач з творамі іншых беларускіх мастакоў і Вашыя карціны, прысьвечаныя Паўстаньню 1863-64 гг. Калі Вы ня супраць гэтага, паведаміце мне, калі ласка, як з Вамі зьвязацца. Дзякуй Вам вялікі. Зьміцер arkushy@narod.ru
Заходзіў на Ваш сайт, Зьміцер. Ён мне падаўся дужа цікавым. Постаць Кастуся Каліноўскага знакавая ў нашай гісторыі. Хочацца, каб ягонае маладое сэрца ў справе змаганьня за сваю годнасьць адгукнулася ў сёньняшняй моладзі. Вы гэта выдатна робіце ў сваіх тэкстах.

Яшчэ ў пачатку 1980-х я напісаў партрэт Кастуся. У тыя ж гады стварыў поўны іроніі і сарказму кампазыцыйны партрэт Мураўёва-вешальніка. Дарэчы, на адну з афіцыйных выставаў ён не быў дапушчаны ў экспазыцыю па прычыне падабенства вусоў і лысіны вядомай асобы. На тое я запярэчыў: твор маляваў, калі гэтую асобу ніхто не ведаў, і нікому не было да яго аніякай справы. “Значыць, “предвідзелі”, — адказалі арганізатары.

Буду рады змясціць на Вашым сайце гэтыя творы.
[ 10/04/2007 22:56 ]
ci ne mahli b vy vystavic na sajce Svabody svaje inshyja karciny, vernisazh?
Некаторыя творы выстаўляліся на сайце “Свабоды” ў сувязі з нашай выставай, якую ладзілі ў Палацы мастацтваў. На жаль, я пакуль што ня маю свайго сайту. Ён яшчэ толькі рыхтуецца. Спадзяюся, што пры канцы красавіка – на пачатку траўня сайт пачне працаваць.

Мае і майго сына працы выстаўленыя ў брытанскай галерэі “Nature & Art”. Яшчэ некалькі твораў выстаўленыя ў Музэі нонканфармізму ў Нью-Джэрзі.

Штогод мяне запрашаюць на міжнародныя мастацкія пленэры, якія праходзяць у польскім горадзе Седльцы. У хуткім часе мы едзем туды вялікаю групаю беларускіх мастакоў.
[ 10/04/2007 23:24 ]
Сп. Марачкін, ці шмат Вы працуеце апошнія годы, апрача галоўных, усім вядомых твораў? Ці выстаўляеце якія-небудзь карціны на продаж (і калі так, дзе можна паглядзець, а мо і набыць)? Дзякуй. Павал, Менск
Прыходзіцца працаваць шмат, таму што ня маю аніякіх пасадаў, акрамя грамадзкіх. Так што ёсьць час быць у майстэрні і ствараць палотны.

Вельмі актуальнае пытаньне пра выстаўленьне карцін. Літаральна заўтра а 18-й гадзіне на вуліцы Раманаўская слабада, 24 у галерэі “Lasandr-art” адбудзецца прэзэнтацыя маёй выставы. Але галерэя дыктуе свае правілы і ня хоча бачыць палітычна заангажаваных твораў. Будуць прадстаўленыя творы майго раньняга пэрыяду (1960 – 1970-х гадоў) і некалькі сёньняшніх твораў. У асноўным гэта партрэты, краявіды і натурморты. Ласкава вас запрашаю! На гэтай выставе можна будзе купіць мае работы.
[ 11/04/2007 00:58 ]
Як Вы лiчыце, цi магчыма апазыцыi ў сёньняшняй, даволi складанай сытуацыi ў Беларусi, паспрабаваць пайсцi iншым шляхам?Напрыклад,шляхам рэклямы партый, народных рэферэндумаў, наогул, неяк афiцыйна спрабаваць змяняць навакольле? Гэтак павольней, але ж прадукцыйней..!? Дзякую.Зьмiцер.
Думаю, што тыя памкненьні перад сьвятам 25 сакавіка наладзіць кантакт ці дыялёг з уладай цалкам праваліліся. Але і гэта не зусім так. Бо націск апазыцыі на афіцыйныя ўлады прымушае іх выкарыстоўваць нашыя лёзунгі, і ў нечым мы бачым нязначныя паслабленьні цэнзуры.

Як прыклад, мае творы ці творы Алеся Пушкіна, якія ў мінулым не дапускаліся на афіцыйныя выставы, сёньня можна бачыць у Палацы мастацтва на выставе суполкі “Пагоня”. Але я фактычна бачу за гэтым каварную палітыку, адчуваю захады, каб пазбавіць нас гэтай выставачнай пляцоўкі і прысабечыць Палац мастацтваў, як тое зрабілі з Домам літаратара. І тады ня будзе праблемы – здымаць ці не здымаць непажаданыя творы. Пра небясьпеку такога разьвіцьця сьведчыць візыт міністра культуры, які націскаў на кіраўніцтва Саюзу мастакоў, каб саюз перадаў будынак гораду. Тады горад будзе дыктаваць сваю культурную палітыку.
[ 11/04/2007 05:32 ]
Kali zawitaece da nas u Cleveland? Treba tcarkwu dapiswac. Priwitanne ad usih parafian i sp Anatolia. Na 25 sakawika pakazwali repradukcii wasih tworau. Use bili priemna urajani. Ganarimsia Vami i padtrimouwaem
Шчыры дзякуй за гэтае пытаньне. У мяне вельмі добрыя ўражаньні ад тых часінаў, калі я размалёўваў царкву ў Кліўлэндзе. Я хацеў бы, каб тыя закалоты і непаразуменьні, што былі паміж ранейшым сьвятаром і царкоўным камітэтам, скончыліся, і тады я з радасьцю прыеду да вас.

Я цяпер вам усім добрых сьвятаў. Прывітаньні ўсім, хто мяне памятае!
[ 11/04/2007 08:04 ]
11. Вiтаю вас, спадар Марачкiн. Вы добры мастак, але памятаць я вас буду за вашую "Чорную даму Нясьвiжа", за добрыя партрэты славутых нашых продкаў, за натурморты, якiя былi напiсаныя яшчэ ў савецкiя часы. Гэтымi творамi я захапляюся i па сёньняшнi дзень. Таму што там, на мой асабicты погляд, больш мастацтва!

Зараз эмоцыi б'юць праз край. Усё бачна, усё зразумела, быццам гэта плакат. Калi б вы, Алесь Антонавiч, паставiлi сваю працу у нашым Нацыянальным музэi побач з творамi вядомых майстроў, было б усё вiдавочна.

У мяне да вас пытаньне: калi адчынiцца Акадэмiя мастацтваў Марачкiна? Назавiце, калi ласка, свой найлепшы твор. Цi, можа, ён яшчэ чакае вас? Творчых вам посьпехаў! Алехна, Менск
Дзякуй за пытаньне. Мастак ня можа быць свабодным ад таго, што дзеецца навокал. І таму сёньняшняе жыцьцё правакуе мяне на стварэньне твораў нонканфармізму.

Далей адносна Нацыянальнага музэю. Перад адкрыцьцём новай прыбудовы да гэтага асяродку культуры, за некалькі гадзінаў да візыту туды начальніка краіны, быў зьняты мой твор, які ўжо знаходзіўся ў экспазыцыі. Гэта прысьвечаная Багдановічу карціна “Вераніка і Максім”. Так што я адчуваю ціск на мяне з боку афіцыйнай улады.

Наконт Акадэміі мастацтваў Марачкіна вы трапілі ў кропку. Я быў ініцыятарам альтэрнатыўнай акадэміі. Вяліся перамовы з мастакамі, якія маглі б браць сабе вучняў. Але гэтая ідэя правалілася. І сёньня да мяне прыватна ходзяць некалькі мастакоў, якіх я навучаю. Але гэта не акадэмія.

На апошняе вашае пытаньне адкажу стандартна. Найлепшы твор яшчэ не напісаны.
[ 11/04/2007 11:58 ]
Shto vy dumajece pra suchasnyh, novyh emihrantau - heta zdradniki, ci razumnyja ludzi, ci prosta abstaviny macnejshyja za ih? Ci emihravali vashy siabry? Jaki kryter acenki dla vas?
У Вялікім Княстве Літоўскім быў такі звычай: калі рыхтавалі майстра якой-небудзь мастацкай справы, то яго пасылалі ў сьвет, каб ён удасканаліў сваё майстэрства, як тое робяць іншыя, і пасьля абавязкова вяртаўся на радзіму. Так што я за тое, каб бачыць сьвет, бачыць іншыя мастацтвы, навучацца і вяртацца назад.

Здраднікамі эмігрантаў я ніколі не назаву. Кожны хоча рэалізаваць сябе. Безумоўна, сёньня варункі для гэтага ня самыя лепшыя. Але ўсё ж такі можна працаваць. Я адчуваю сябе камфортна сярод блізкіх мне людзей. Мне гэтага дастаткова. І пры гэтым з радасьцю выяжджаю за мяжу, каб убачыць нешта іншае, не падобнае да нашага.

У савецкія часы я быў знаёмы з мастаком, які эміграваў у Францыю. Я ведаў тайну яго невяртаньня. Цяпер ён калі-нікалі прыяжджаю ў Беларусь, і, мне здаецца, хоць фізычна ён там, але сэрцам тутака. Гэта Мікола Паўлоўскі. Я зьберагаю яго раньнія творы, і ён пра гэта ведае.

Калі ён празь дзясяткі гадоў бачыў тыя свае творы ў маёй майстэрні, для яго было вялікім адкрыцьцём, што яны захаваліся. Ад’яжджаючы, ён паказаў мне тайнік у сьцяне сваёй майстэрні, дзе ягоныя творы былі схаваныя.
[ 11/04/2007 13:07 ]
1. Ці зьяўляецеся Вы сябрам дзяржаўнай суполкі мастакоў, архітэктараў? 2. Як палітык як Вы ставіцеся да адраджэньня Рэчы Паспалітай? Тымчасовы.
Я зьяўляюся сябрам грамадзкай арганізацыі – Беларускага саюзу мастакоў. Сябрам дзяржаўных арганізацыяў не зьяўляюся.

Што да Рэчы Паспалітай, то выкажу вядомае. Нельга ў рэчку ўступіць двойчы, але ў балота і дзясяткі разоў можна. Тое часам робяць нашыя палітыкі.
[ 11/04/2007 13:33 ]
"Вапросаў" да вас няма. Адны падзякі! Калі ласка, пішэце болей! Андрэй
Дзякуй за зычлівасьць і добрыя словы!
[ 11/04/2007 13:46 ]
Объясните, мне, обывателю: почему я должна сегодня больше верить оппозиции, чем власти? Ведь никто из них так и не пробился на российский эфир, чтобы продемонстрировать свой ум и эрудицию.А ведь перед Российскими демократами наши мужики плебействуют почти открыто. Никто не сжег себя публично во имя Беларуси. Да что там! В палаточном городке на площади никого з лидеров небыло. Книгу не способны написать, чтобы объяснить народу кто есть кто. И ведь живут как-то, не бедствуют... Елы-палы! Мне 45 лет, участница 1 съезда БНФ в Вильнюсе... и такое разочарование в здешних демполитиках, однажды поевших из госукормушки. Спасибо художник! Вы заняты своим делом!
Лічу, што ўлада тады моцная, калі адносіцца з разуменьнем да разнадум’я. У Першым пасланьні апостала Паўла да карынфянаў сказана: “Бо... чую, паміж вамі бывае незлагадзь... Мусіць быць і разнадум'е паміж вамі, каб адкрыліся сярод вас дасьведчаныя" (пераклад Васіля Сёмухі). Нармальнай уладзе проста неабходна апазыцыя.

Наконт Расеі. Абсалютна ня веру, што дэмакратычныя пераўтварэньні да нас прыйдуць з Масквы.

Не пагаджуся з вамі, што летась на плошчы не было нікога з нашых палітыкаў: разам з моладзьдзю там знаходзіліся і лідэры дэмакратычных сілаў. Хаця, вядома, моладзь патрабавала ад іх радыкальных дзеяньняў.

Дзякуй вам за тое, што натхняеце на “свое дело”!
[ 11/04/2007 14:02 ]
Недавно посетил выставку средневекового оружия в музее ВОВ. С ужасом разглядывал одну из картин, на которой Лукашенко и его сын в форме средневековых польских крылатых гусар. Как Вы считаете, это цинизм, идиотизм "художника" или рабское желание лизать задницу пахану?
І першае, і другое, і трэцяе...
[ 11/04/2007 14:31 ]
Паважаны спадар Аляксей! Гэты год – гадавіна Льва Сапегі. Ці плануеце Вы новую карціну, прысвячаную нашаму знакамітаму продку, напрыклад, ягонай місіі у Маскве, ці штосці алегарычнае пра ўвядзеньне абароны правоў чалавека праз Статут? ВІТАЎТ
Дарагі Вітаўт! Зь імем Льва Сапегі ў мяне зьвязаны найшчасьлівейшыя моманты ў жыцьці. Гэта было тады, калі я расчытваў дзёньнікі Язэпа Драздовіча. І ён у гэтых дзёньніках згадвае пра Статут Вялікага Княства Літоўскага пад рэдакцыяй Сапегі. Гэтую кнігу Драздовічу пашчасьціла трымаць у руках у кнігазборы сьвятара зь вёскі Чарневічы, што на Дзісеншчыне.

Мне ўдалося знайсьці той самы паасобнік Статуту, які пыліўся на гарышчы ў аднаго гаспадара. І якое было шчасьце мець гэты фаліянт у руках! Потым гэтую кнігу мы з Алесем Петрашкевічам перадалі ў Музэй кнігадрукаваньня, што ў Полацку. І там сярод экспанатаў знаходзіцца не муляж, а менавіта гэты арыгінал.

Некалі я напісаў партрэт Льва Сапегі, які прыдбаў у сваю прыватную калекцыю адзін з багатых людзей Беларусі. Што да новых твораў, асабліва ў гэты юбілейны год, я моцна падумаю.
[ 11/04/2007 14:57 ]
Dzien dobry szanouny A.Maraczkin.?Dlia Litwinskogo zaraz Bielaruskogo naroda suworow jawliajetsia katam i niegodijam,a kem jawliajetsia dlia naszego naroda rossijskij car nikolaj 2 ?Do zabaczennia.Mikolaj Saskiewicz,Polska.
Адзін паляк мне гаварыў такое: пры слове Сувораў рука цягнецца да пісталета. Я разумею пачуцьці палякаў і нас, беларусаў.

Што тычыцца Мікалая ІІ і ўсёй сёньняшняй мураўёўшчыны, то ад гэтага няма ніякай радасьці. І мая задача як творцы – нейкім чынам здымаць гэты арэол сьвятасьці з расейскіх сатрапаў, якія душылі нашую мову, культуру, пазбаўлялі нас гістарычнай памяці.

На ўспамін прыходзяць радкі зь верша Янкі Купалы:

Страшце птушку, празь якую свойская загіне.
Не сьпявайце песьню, што вам вораг ваш накіне.
[ 11/04/2007 15:12 ]
Завяршаем нашую онлайн-канфэрэнцыю. Вэб-рэдактар.
Дзякую ўсім, хто даслаў свае пытаньні. Мастаку лягчэй і зручней паказваць свае творы на выставах, у майстэрнях, і таму часам словы аб мастацтве і пра мастацтва губляюць свой сэнс. Гэта трэба бачыць.
 галоўная
 угару