[ svaboda logo ] [ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
форум  


1 Сьнежня 2004
Генадзь Грушавы
Генадзь Уладзімеравіч Грушавы нарадзіўся ў 1950 годзе ў Менску. Скончыў філязофскі факультэт БДУ, прафэсар філязофіі. Адзін з арганізатараў і актыўных удзельнікаў Беларускага народнага фронту. Дэпутат Вярхоўнага савету Рэспублікі Беларусь (1990-95 год), сустаршыня грамадзянскага камітэту “Выбар-2001”. Ад 1989 году заснавальнік і нязьменны старшыня праўленьня Беларускага дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобыля”. Фонд за час сваёй дзейнасьці аказаў дапамогу больш як 2 мільёнам жыхарам Беларусі, 160 тысячаў дзяцей былі накіраваныя на рэабілітацыю і аздараўленьне ў многія краіны сьвету

Канфэрэнцыя скончаная. Гл. поўны тэкст онлайнавай канфэрэнцыі
25.03.2004
Уладзімер Арлоў
30.04.2004
Зянон Пазьняк
17.08.2004
Анатоль Міхайлаў
30.08.2004
Генадзь Бураўкін
05.10.2004
Мікола Статкевіч
12.10.2004
Вінцук Вячорка
2003  2004  2005  2006
[ 26/11/2004 01:09 ]
Я ведаю, што Вы не адказныя за гэта, але напэўна ведаеце адказ. Ці вывучаюцца эфэкты Чарнобыля на сур'ёзным узроўні? Ці зьбіраецца статыстыка па захворваньнях у Беларусі й датычнасьці Чарнобыля да іх? Хто робіць гэтыя дасьледаваньні? Наколькі яны грунтоўныя і вартыя даверу? Алесь Б.
Вывучаецца гэтае пытаньне, і вельмі сур'ёзна. З 1989 году ў Беларусі свая айчынная школа чарнобыльскіх дасьледаваньняў. Спадар Канопля, Дзямідчык, Пятраеў, Астахава, Цітоў, Бандажэўскі. Гэта сусьветна вядомыя вучоныя. Менавіта дзякуючы ім была абвергнутая хлусьня ад МАГАТЭ, хлусьня аб адсутнасьці ўплыву радыяцыі на здароўе і жыцьцё беларусаў. Але сёньня сытуацыя кардынальна зьмянілася. Таталітарная дзяржава кантралюе і выкарыстоўвае навуку ў сваіх палітычных мэтах. Фінансаваньне навуковых дасьледваньняў зьменшана ў дзясяткі разоў. Дадзеныя дасьледаваньняў сёньня таксама засакрэчаныя. Таму грамадзтва сёньня на жаль ня мае поўнай і аб'ектыўнай інфармацыі аб выніках гэтых дасьледаваньняў.
[ 26/11/2004 13:11 ]
Генадзь Уладзіміравіч, заўсёды з удзячнасьцю успамінаю лекцыі філасофіі, якія Вы давалі ў Белдзяржунівэрсытэце ў часы СССР. Гэта былі іскрынкі Свабоды ў Цёмным царстве. Вы - вялікі чалавек. Зычу Вам здароўя, асабістага шчасьця і ўсялякіх посьпехаў на карысьць Бацькаўшчыны. Жыве Беларусь! Алесь Шпакоўскі.
Дзякуй, Алесь. Зычу Вам усяго добрага ў тым, чым вы займаецеся сёньня.
[ 29/11/2004 12:05 ]
Генадзь Уладзіміравіч, чаму іншаземцы так ахвотна прымаюць на аздараўленне нашых дзяцей ? Гэта шчодрасць душы альбо выгадныя падаткі ? Дзякуй. Ірына.
Падаткі тут не прычым. Шчыра скажу, што ніхто з замежнікаў праз гэту дзейнасьць не набыў сабе дабрабыту ці грошай. У першыя гады гэта быў шчыры водгук сэрца на нашую бяду. Але вось ужо 15 год робіцца гэтая справа. На маю думку, гэта ўнікальны фэномэн у сучаснай эўрапейскай гісторыі. Беларускія дзеці, а не Чарнобыль, абудзілі дзясяткі тысяч бюргераў у многіх краінах сьвету. Сёньня гэта сапраўднае сяброўства паміж тысячамі сем'яў у Беларусі і за мяжой. Гэта шчырая любоў. Я кожны год сустракаюся з рознымі людзьмі на Захадзе, і я бачу, што беларускія дзеці сталі для іх чымсьці родным, сваім. І яны ня хочуць адмаўляцца ад гэтага. І не адмовяцца. Нават калі прэзыдэнт Беларусі забароніць нашым дзецям сябраваць зь імі.
[ 29/11/2004 14:20 ]
Сп.Грушавы, як выацэньваеце дапамогу ахвярама Чарнобыля ў Беларусі ў параўнаньні з Украінай і Расеяй? ДЗе лепшыя вынікі? Вікторыя Лазавік, настаўніца
Я быў дэпутатам Вярхоўнага савета 12 скліканьня, працаваў у Чарнобыльскай камісіі. Магу засьведчыць, беларуская праграма сацыяльнай абароны пацярпелых ад аварыі была найлепшай. Яна выклікала зайздрасьць у нашых сяброў у Расеі і Ўкраіне. На жаль, з 1996 году гэтая праграма актыўна згортвалася ўрадам краіны. Сёньня ад яе не засталося амаль нічога. Сёньня закон аб сацыяльнай абароне пацярпелых ад Чарнобыля фактычна не дзейнічае. Як гэта не прыкра, але сёньня Беларусь у сэнсе дзяржаўнага клопату адкацілася назад. А вось грамадзкая і гуманітарная дапамога, як была так і засталася, непараўнальная большая (у параўнаньні з Украінай і Расеяй). 50,000 дзяцей атрымліваюць сёньня запрашэньне на аздараўленьне і рэабілітацыю ў розныя краіны сьвету. А ва Ўкраіне і Расеі разам ня больш за 10,000. Але гэта зроблена не дзяржавай, а людзьмі. Мы можам гэта страціць, калі наш прэзыдэнт забароніць дзейнасьць такіх дабрачынных грамадзкіх аб'яднаньняў, аб чым ён заявіў зусім нядаўна. Ня дай Бог.
[ 29/11/2004 19:55 ]
1) Колькі абяцаў Гарбачоў Беларусі за Чарнобыль? Колькі з абяцанага атрымала Беларусь? 2) Як пракамэнтуеце заяву Лукашэнкі, калі бабулькам на заражаных тэрыторыях ён для паляпшэньня здароўя параіў "больш займацца спортам"? І.
Шчыра кажучы, ён нічога не абяцаў. Была дамова аб тым, што Беларусь атрымае з саюзнага бюджэту прыблізна 80% сродкаў, якія былі патрэбныя на ліквідацыю па разьліках на той час (1989-1991 гады). Але гэтыя сродкі мы цалкам так і не атрымалі. У 1991 годзе, калі канчаткова разваліўся СССР, Беларусь засталася сам-насам з гэтай катастрофай і далей фактычна фінансавала толькі з свайго бюджэту.

Па другой частцы пытаньня. Я вось узгадаў даволі цікавую інфармацыю. У 1988-1989 годзе інваліды-ліквідатары (іх было ўжо шмат), якія дабіваліся справядлівасьці, якія хацелі мець у дыягназу пазнаку, што ён зьвязаны з радыяцыяй, яны атрымалі прыкладна такі самы адказ. Я быў сьведкам. Ім параілі менш піць і есьці і больш займацца спортам. І адмовілі ў тым, каб прызнаць іхныя захворваньні вынікам радыяцыі. Дзіўна, але Лукашэнка нас зноў вяртае ў той час.
[ 29/11/2004 20:39 ]
Што вы думаеце пра прафесара Бандажэўскага? Ёсьць два аспэкты - прававы і навуковы. З прававога аспэкту: ці вы лічыце, што ён сапраўды браў хабар і быў справядліва асуджаны за гэта? З навуковага - ці сапраўды ён быў сур'ёзным навукоўцыам? Я чуў вельмі розныя меркаваньні пра яго, ад вельмі станоўчых да самых нэгатыўных. І апошняе: ці ня робяць зь яго штучна нейкага апазыцыянэра і змагара з Лукашэнкам, хаця ён такім не з'яўляецца.
Па-першае, мяне не пераканалі доказы сьледзтва па ягонай крымінальнай справе (а я іх ведаю вельмі добра). Я - не судзьдзя, але ж я ня веру ім. У Беларусі сёньня няма незалежнага суду, і гэтым усё сказана. Бандажэўскі, канечне, не змагар супраць Лукашэнкі. Ён - сапраўдны вучоны, таленавіты дасьледчык. Зь ім у навуковым сьвеце пагаджаюцца ня ўсе. Але абвергнуць, абгрунтавана, ягоныя довады пакуль ніхто ня можа. Што датычыць маральнай пазыцыі Бандажэўскага як вучонага, яна вельмі высакародная. Ён навуковымі сродкамі змагаецца за здароўе і жыцьцё нашых людзей, за будучыню Беларусі. Таму кожны беларус можа паважаць гэтага чалавека.
[ 30/11/2004 00:02 ]
Ці не карыстаецца ўлада пладамі вашай дзейнасці, як звычайна прыпісываючае яе сябе? Што вы робіце каб гэта прадухіліць? З павагай Зьміцер Салаўёў г. Магілёў
Па-першае, карыстаюцца плёнам нашай дзейнасьці людзі. Гэта галоўнае. А дзяржава, зразумела, прыпісвае ўсё сабе. Людзі настолькі заблытаныя афіцыйнай дэзынфармацыяй, што гэтай хлусьне даволі цяжка супрацьстаяць. Мы тлумачым і бацькам, і дзецям, хто і чаму робіць гэтую працу, гэтую справу. Але галоўная наша перамога - ня ў гэтай інфармацыйнай прасторы. У выніку, усе (і мы, і іншыя дабрачынныя арганзіацыі) перамаглі. Ведаеце чаму? Сьведчаньне гэтаму - жаданьне прэзыдэнта канчаткова забараніць усе замежныя гуманітарныя кантакты, спыніць дзейнасьць беларускіх дабрачынных ініцыятываў. Калі б дзяржава ўсё гэта магла прыпісаць сабе, яна б нас пакінула ў спакоі.
[ 30/11/2004 00:12 ]
Dzien dobry,spadaru Hienadz. Ci bacycie vy asabista alternatyvu prezydentu Lukasenku na prezidenckich vybarach 2006.Prasu,kali laska,nazvac tolki prozvisca ludziej jakich by vy bacyli na hetym miescy.
Як у кожнага грамадзяніна Беларусі, я маю свой вобраз ідэальнага беларускага прэзыдэнта. Калі канкрэтна зьвязваць з асобамі, я бачу гэта як спалучэньне якасьцяў двух выбітных людзей - Зянона Пазьняка і Васіля Быкава. Але гэта ідэал, які засланяе рэальных людзей, аднак яны ёсьць. Сёньня можна назваць іх імёны. Але мы жывем у такой краіне, дзе кожная асоба, якая можа стаць рэальным прэтэндэнтам, не застрахаваны не ад чаго. Адзін з такіх людзей сёньня сядзіць у турме і чакае суду. Таму, выбачайце, я ня буду ўголас называць імёны тых людзей, зь якімі я зьвязваю надзею на перамогу на будучых выбарах.
[ 30/11/2004 12:51 ]
Как Вы думаете, господин Грушевой, не является ли запрет детям Беларуси выезжать за рубеж той неприглядной ревностью Лукашенко даже к детям, которым не являются невыездными, как, например, он сам, и которых охотно берут на отдыъх и оздоровление, а также на усыновление и удочерение? Спасибо. С.Северин
Я магу пагадзіцца, што наш прэзыдэнт мог так эмацыянальна адрэагаваць на забарону ўезду ў краіны Эўразьвязу некаторым ягоным "сябрам"-паплечнікам. Эмацыянальна хутчэй за ўсё гэта ёсьць. Але бачу і больш глыбокую мэту. Лукашэнка адчуў, што дзясяткі тысячаў дзяцей, якія бачаць жыцьцё сваіх аднагодак у Эўропе, ужо не ўспрымаюць так лёгка афіцыйную прапаганду. Ён глядзіць у будучыню і разумее, што яна - на карысьць гэтых дзяцей, а не ягоную карысьць. Ён робіць можа апошні крок, каб пазбавіць свой народ, сваю краіну эўрапейскай будучыні. Калі гэта так, то гэта велізарная трагедыя. Я думаю, што нават ягоны электарат добраахвотна не падтрымае такую ініцыятыву прэзыдэнта.
[ 30/11/2004 16:31 ]
Пр. Грушавы,ці магчыма ў Беларусі аранжавая рэвалюцыя, Якая можа быць беларуская зьмена ўлады і сытуацыі -- дарэчы, ці аднолькавыя, па вашаму, гэтыя рэчы -- ці нешта павінна зьмяніцца перш? Алег Рыбалка,Віцебск
Вельмі ўважліва сачу за падзеямі ва Ўкраіне і ў мяне зьяўляецца перакананьне, што і ў нас можа быць "аранжавая рэвалюцыя" ў 2006 годзе. Але што прынцыпова, яна ня будзе зьвязаная, як ва Ўкраіне, з барацьбой палітыка-эканамічных адміністратыўных клянаў. Калі яна адбудзецца, гэта будзе сапраўдная грамадзкая рэвалюцыя.
[ 30/11/2004 19:12 ]
Шаноўны, спадар Генадзь 1. Што Вы можаце сказаць пра “чыстыя тэрыторыі” на якія зараз вяртаюцца людзі? 2. Якія рэальныя маштабы забруджаньня на сёньняшні дзень? 3. Ці не ўжываем мы з вамі сёньня радыёактыўныя прадукты харчаваньня? Малако, мяса да г.п. Дзякуй за адказ.
Ёсьць розьніца паміж сьцвярджэньнем “чыстыя тэрыторыі” (рэальна) і “чыстымі тэрыторыямі”, якія лічацца чыстымі дзяржавай. На сёньняшні дзень дзяржава лічыць чыстымі прыкладна 82% тэрыторыі Беларусі. Але рэальныя маштабы забруджаньня істотна адрозьніваюцца ад афіцыйнай дзяржаўнай канцэпцыі. У параўнаньні з узроўнем радыяцыі да Чарнобылю сёньня ў Беларусі звыш за 40% тэрыторыяў маюць больш высокі ўзровень радыяцыі, чым да Чарнобыля. Таму вучоныя ўжываюць тэрмін "умоўна чыстыя тэрыторыі", "умоўна чыстыя прадукты харчаваньня", а далей мы можам самі гаварыць - "умоўна здаровыя людзі", "умоўна экалягічны асяродак" і г.д. Ёсьць дакладная статыстыка, што ў чарнобыльскіх рэгіёнах да 10-15% прадуктаў харчаваньня нават "умоўна" не зьяўляюцца чыстымі. Сёньня зачынена большасьць пунктаў радыяцыйнага кантролю прадуктаў харчаваньня ў Гомельскай і Магілёўскай абласьцях. Можна толькі ўявіць, колькі такіх прадуктаў з чарнобыльскай зоны атрымлівае насельніцтва Менску, Віцебску, Горадні. Небясьпека існуе, і яшчэ будзе існаваць даволі доўга. Я заклікаю ўсіх, хто дбае аб здароўі сваёй сям'і і сваіх дзяцей, зрабіць усё магчымае, каб кантраляваць прадукты, якія вы ўжываеце. Колькасьць захворваньняў, зьвязаных з радыяцыяй, у Беларусі расьце.
[ 01/12/2004 02:14 ]
Колькі чалавек РЭАЛЬНА ЗАГІНУЛА ад Чарнобыля ў Беларусі і іншых краінах? Ці ведае нехта гэтую лічбу?
Такой статыстыкі ніхто ніколі ня вёў. Ёсьць больш-менш дакладная статыстыка па ліквідатарах. Напрыклад, я маю кнігу памяці пра загінулых маскоўскіх ліквідатараў. Там каля 900 фотаздымкаў яшчэ адносна маладых людзей, якія памерлі пасьля працы на Чарнобыльская АЭС. Паводле дадзеных арганізацыі, якая аб'ядноўвае ліквідатараў па былым СССР, за гэтыя гады памерлі прыблізна 12,000-14,000. Колькі людзей зь ліку жыхароў Чарнобыльскіх раёнаў пакінулі жыцьцё за гэтыя гады, можна гаварыць толькі ўскосна. Дакладных дадзеных няма. На маю думку, у Беларусі, пад узьдзеяньням радыяцыі страцілі жыцьцё ня менш за 30,000, але яшчэ раз паўтаруся, што гэта абгрунтаваць мэдыцынскімі дакумэнтамі немагчыма. Яшчэ савецкая дзяржава хавала гэтыя лічбы. І тое самае адбываецца сёньня.
[ 01/12/2004 10:52 ]
Шаноўны спадар Грушавы, чытаў, што сёньня на Захадзе цікавасьць да чарнобыльскай праблематыкі меньшае - бо прайшло ўжо багата часу. Ці адбіваецца гэта на якасьці і колькасьці стасункаў з замежнымі партнэрамі фонду? Ці зьмяншаецца колькасьць гуманітарнай дапамогі і ці меней дзяцей едзе з-за гэтага на аздараўленьне за мяжу? Дзякуй. Алесь Загорыцкі
Мушу пагадзіцца з тым, што грамадзкая ўвага да тэмы Чарнобыля зьменшылася, але гэта амаль што не адбіваецца на гуманітарных стасунках паміж Беларусьсю і замежнымі краінамі. Канкрэнтна, і наш фонд захоўвае ўсе тыя кантакты, што мы набылі за 15 гадоў існаваньня. Перашкаджае іншае. Апошнія гады менавіта беларуская дзяржава ўвяла столькі бюракратычных перашкодаў, так ускладніла "папяровае забесьпячэньне" гэтай гуманітарнай дапамогі, што некаторыя замежныя дабрачынныя арганізацыі проста стаміліся не рабіць дабро, а выконваць усё новыя і новыя патрабаваньні нашых уладаў. Лічу, што менавіта ў гэтым прычына, чаму ўсё ж такі зьмяншаецца маштаб міжнародных чарнобыльскіх гуманітарных праграм. Узгадаю, што праз два гады (праз паўтары), будзе 20-годзьдзе чарнобыльскай катастрофы. І зноў Эўропы пачынае вяртацца да гэтай тэмы. Калі мы самі не зачынім нашую краіну, мы яшчэ шмат год будзем мець вялікую падтрымку ад людзей з усяго сьвету.
[ 01/12/2004 12:55 ]
Сп. Грушаввы, ці прыміцемець Вы ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году? Што павінен мець кандыдыт для перамогі тады і што трэба рабіць дзеля гэтага зараз? Васіль Вінікаў, Мінск
Думаю, што і Васіль Вінікаў прыме ўдзел у выбарах. Бо мы ўсе - выбарцы, і ў гэтай якасьці я вазьму актыўны ўдзел у выбарах 2006 году. Я зраблю ўсё магчымае, каб на Беларусі зьявіўся новы прэзыдэнт. Гэта я абяцаю. Што датычыцца якасьцяў кандыдата, якога мы ўсе шукаем, то для мяне асабіста вырашальнымі зьяўляюцца дзьве рысы. Па-першае, гэты чалавек павінен ужо сёньня ўзяць на сябе адказнасьць, адчуць сябе пэрсанальна адказным за ўсё, што адбываецца ў нашай краіне. Ён ня можа схавацца і чакаць. Гэты чалавек прадэманстраваць, што ён хоча і можа перамагчы ў гэтай гістарычнай барацьбе. Па-другое, гэты чалавек ня можа быць прадстаўніком нейкіх партыйна-карпарацыйных колаў і інтарэсаў. Гэты чалавек не павінен ставіць інтарэсы сваёй партыі і свайго асяродка вышэй за інтарэсы беларускага народу.

Я перакананы, такі чалавек зьявіцца.
[ 01/12/2004 12:59 ]
Сп. Грушавы, як вы ацэньваеце ўдзел беларускай дыяспары ў дапамозе дзецям Чарнобыля? Ян Чавус
Вельмі высока. Фактычна, зь беларускай дыяспары і пачынался гэтая дабрачынная дзейнасьць у Беларусі. Я вельмі ўдзячны прадстаўнікам беларускай дыяспары, якія ўсе гэтыя гады вядуць гэтую няпростую (нават фізычна) няпростую справу. А многія зь іх - ужо не маладыя людзі. І асаблівая падзяка - спадарыні Івонцы Сурвіле. Гэта вялікая жанчына яшчэ ў 1992 годзе стварыла вялікую "парасонавую" структуру ў Канадзе і кіравала ёй шмат гадоў. Дзякуй ёй і ўсім нашым суродзічам па ўсім сьвеце.
[ 01/12/2004 12:59 ]
Што думаеце пра "аранжавую" рэвалюцыю?
Ужо адказвалі.
[ 01/12/2004 13:02 ]
Павжаны Генадзь Грушавы, чым скочыліся -- ці скончыліся?-- фінансавыя праверкі дзейнасьці вашага фонду? ЦІ праўда. што вам пагражаў арышт і таму вы зьехалі за мяжу, а фонд згарнуў дзейнасьць? Валянціна Пятровіч
Гэтае пытаньне трошкі затрымалася па часе. Усё аб чым гаворыць Валянціна, здарылася ў 1997 годзе. Але фонд ня зьнік. Дзейнасьць не прыпынілася. А наадварот, за апошнія 5 гадоў наш фонд распачаў шмат новых сацыяльных праектаў у Беларусі ў дачыненьні да моладзі. Якраз празь некалькі дзён (4-5 сьнежня) адбудзецца восьмая міжнародная моладзевая канфэрэнцыя "Майстэрня будучыні". З усей Беларусі прыедуць у Менск больш за 150 маладых людзей, якія калісьці былі дзецьмі, якія ўдзельнічалі ў праграмах фонду "Дзецям Чарнобыля", а сёньня сталі нашымі паплечнікамі.
[ 01/12/2004 13:04 ]
З кім з былых калег-дэпутатаў вы падтрымліваеце сувязі? Аляксей
Вакол мяне сёньня некалькі чалавек, зь якімі працягваю супрацоўніцтва, але на жаль гэта ўжо ў большай ступені палітычныя кантакты, а не чарнобыльская (мая галоўная) дзейнасьць. Гэта Валянцін Голубеў, Уладзімер Заблоцкі, Аляксандар Сасноў, Анатоль Лябедзька, Сяргей Антончык ды іншыя.
[ 01/12/2004 13:06 ]
Dobry dzen! Ci mozhna davedacca nokont zamezhnaj dapamogi - jakija krainy svetu, Europy naibolsh dapamagli belarusam u vyrashenni Charnobylskich prablemau? Jak minalasia staulenne da uladau i supracounictva z boku zamezhnych partnerau pry uzmacnenni rezhymu Lukashenki? Shto budze z finasavymi pastuplenniami z-za miazhy, na vashu dumku, ad pryvatnych asobau i arganisacyjau na rashenne prablemau Charnobyla, pry prostay vysalcy zaroblenych groshaj rodnym, napryklad, na zabrudzanych teritoryjach? Dziakuju za uvagu
Найбольшы ўнёсак да нас на нашыя чарнобыльскія справы прыйшоў зь Нямеччыны. Потым далучыліся краіны Бэнілюксу. Потым прыйшла чарга Італіі й Гішпаніі. Плённа папрацавала ў нас арганізацыі, Эдзі Роўч з Ірляндыі. Фактычна няма такой краіны ў Эўропе, якая ў той ці іншай ступені не паўдзельнічала ў нашых праграмах. Папросту няма.

Што датычыцца стаўленьня замежных краінаў да афіцыйнай палітыкі Беларусі, то магу сказаць, што стаўленьне збольшага нэгатыўнае. На міжурадавым узроўні ідзе больш-менш спакойны дыялёг, а няўрадавыя арганізацыі амаль усе вельмі крытычна ацэньваюць тое, што робіць беларуская ўлада ў дачыненьні да чарнобыльцаў.

І апошняе. Паводле тлумачэньня Дзярждэпартамэнту па гуманітарнай дапамозе, усе фінансаваыя сродкі, якія прыходзяць з замежжа, калі гэта не заробак (незалежна ад таго, ці накіроўваюцца гэтыя сродкі юрыдычным асобам ці прыватным грамадзянам), яны ўсе лічацца гуманітарнай дапамогай і павінны быць пакладзены на дзяржаўны рахунак, каб адпаведныя органы вырашылі, можаце вы імі карыстацца, ці не. Падатак зь іх не бяруць, але могуць іх проста не аддаць. Сёньня 3-4% беларускага бюджэту складаецца з канфіскату. Калі дзяржава не пагодзіцца з вашымі намерамі выкарыстаньня гэтых грошай (а вы павінны падрабязна растлумачыць), вам іх проста не дадуць, і ня вернуць іх тым, хто іх прыслаў.
[ 01/12/2004 13:24 ]
jaki nastupny krok hetaha rerzymu? zabarona kursau anhel, niamieckaj movau? albo lukaszienka vykarystouvaje bielaruskich dzietak jak zakladnikau u pieramovach z ZACHADAM? JAK ROBIAC TERARISTY U IRAKU?
Можа і так будзе. Я не выключаю. Беларускі прэзыдэнт такі непрадказальны.
[ 01/12/2004 13:38 ]
Ці праўда, што жонка легендарнага ірляндзкага сьпевака Bono з гурту U2 аказвала дапамогу чарнобыльскім дзецям? Ці гэта было праз ваш фонд? Уладзімер
Гэта не было праз наш фонд, але хутчэй за ўсё гэта было зроблена з удзелам той Эдзі Роўч, пра якую я ўжо казаў. Яна была кандыдаткай у прэзыдэнты Ірляндыі і шмат чаго змагла зрабіць у той час.
[ 01/12/2004 13:41 ]
Скончваем канфэрэнцыю. Вэб-рэдактар
Я хацеў бы падзякваць усім удзельнікам, якія прыслалі свае пытаньні. Я ўражаны ўзроўнем цікавасьці, узроўнем сутнасьці гэтых пытаньняў. Я лічу, што менавіта на такім узроўні грамадзтва павінна абмяркоўваць чарнобыльскія праблемы ў Беларусі.
 галоўная
 угару