|
Рыгор Барадулін
Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 году на Ўшаччыне. Скончыў філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Аўтар дзясяткаў кніг, сярод якіх зборнікі паэзіі “Маладзік над стэпам”, “Неруш”, “Вечальле”, “Амплітуда сьмеласьці”, “Самота паломніцтва”, “Эваньгельле ад мамы”. У 2000 годзе выдаў зборнік вершаў “Лісты ў Хэльсынкі” з малюнкамі Васіля Быкава, а ў 2003 годзе разам выйшаў сумесны з Васілём Быкавым зборнік “Калі рукаюцца душы”. У 2005 годзе ў бібліятэцы Свабоды пабачыў сьвет збор показак, эпіграмаў і эсэ “Дуліна ад Барадуліна”.
З 1988 году – член Аргкамітэту, а затым Сойму Беларускага народнага фронту. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру |
|
2003
2004
2005
2006 |
[ 21/03/2005 23:11 ] |
Ці выжыве беларуская мова ў сучасным сьвеце? Ці патрэбная яна нам для дзяржаўнага будаўніцтва або беларуская Дзяржава можа існаваць і без беларускай Мовы? Артур |
Без беларускай мовы ня можа быць поўнацэннай беларускай дзяржавы. З расейскай мовай гэта бдзе вобласьць Расеі, зноў той сам Северо-западный край. Гэта як бы нямко, што завецца прамоўцам. |
[ 22/03/2005 00:35 ] |
Dziadzka Ryhor!
Z jubiliem Vas. Scascia i niezalieznasci!
Chacieu by u Vas zapytacca. Jakija, na Vas pohliad, najbols jaskravyja asoby sucasnaj bielaruskaj litaratury? Chto z ich maje najvialiksyja sancy praciahnuc slaunuju tradycuju Baradulina, Buraukina, Hilievica? ...
Dzmitry. Warszawa. |
Ня буду пайменна называць тую таленавітую моладзь, якая ідзе на зьмену. Час назаве. Ён самы аб'ектыўны і бязьлітасны. Толькі б не ўдарылі маразы на рунь, на квецень, на атожыльле. |
[ 22/03/2005 10:39 ] |
Ци "вельми свабодна у гэткай свабодзе" вы сябе пачуваеце? |
Калі вы маеце на ўвазе радыёстанцыю Свабода, то, вядома, пачуваю сябе свабодна, а наагул на схіле свайго веку любы чалавек мусіць пачуваць сябе свабодна, калі ён не прадаў душу д'яблу. |
[ 22/03/2005 14:43 ] |
Vita you,Dzjadz'ka Rygor!
Ci pabacac' s'vet vasyja peraklady z pakryudzanych movau u blizejsy cas? |
На жаль, і мая крэўная беларуская мова пачынае хіліцца ў сям'ю пакрыўджаных. Будзьма ж шанаваць яе, саграваць душою. А што тычыцца пакрыўджаных моваў, дык нядаўна выйшла кніга Зелімхана Яндарбіева "Сэрца майго сьвятыня" і вельмі прыхільна сустрэтая чытачамі. Пераклаў невялікую кнігу талыскага паэта Ханалі Талыша. Мова гэтая бярэ вытокі свае ад авесты. Афіцыйныя ўлады Азэрбайджану робяць выгляд, што і мовы такога няма, і народу такога не існуе. Дазволю сабе такую сьмяшынку. У адной нашай газэце выйшла падборка талыскіх паэтаў. Там замест "талышы" надрукавана "талашы". Дзед Талаш запаў у памяць са школы. Пераклаў яшчэ вершы майго сябра Ганада Чарказяна. Гэта - курд, які ўжо, так бы мовіць, абеларусіўся. Прадстаўнік 40-мільённага народу. У афіцыйнай Турцыі курдаў называюць гордымі туркамі. |
[ 22/03/2005 17:18 ] |
Паважаны дзядулька Рыгор Барадулька (ведаю вашы дулiны) вiншую Вас с Днем нараджэння. Заставайцеся зауседы такiм вяселым i неардынарным. Дазвольце некалькi пытаняу. 1) Цi павiншавау Вас спадар Прэзыдэнт? 2) Калi у апашнi раз Вы з iм сустракалiся? 3) Сення павiнна адбыцца так званая рэвалюцыя. Як вы да яе ставiцеся i чаму не прымаеце удзел? 4)Цi звярталiся вы да Прэзыдента з прапановой сустрецца i выкласцi свае думкi наконт Беларусi? Вось напрыклад спадар Вайтовiч напiсау адкрытую прамову да Лукашенка, а што па добнае зрабiлi Вы? |
Мяне павіншавала ажно два прэзыдэнты. Прэзыдэнт Рады БНР Івонка Сурвіла і прэзыдэнт беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі. Цяперашняму прэзыдэнту Беларусі не да мяне. У яго свой клпоат. У мяне - свой. Гэта пры камуністых дзейнічала ленінская ўстаноўка: літаратура павінна стаць колам і вінцікам агульнапралетарскай справы. Цытую па памяці, можа не зусім дакладна. |
[ 22/03/2005 17:18 ] |
5) Калi на Вашу думку у нас адбудуцца карэнныя змены? 6) Чаму на Ваш погляд наша апазiцыя не можа нiчога зрабiць? Як Вы ставiцеся да таго, каб дзеючыя апазiцыянеры (якiя маюць рэйтынг не больш за 5 %) пакiнулi палiтычнае поле i далi дарогу новым лiдэрам? 7) Цi падтрымлiваеце Вы тое, што адзiны кандыдат будзе абiрацца у кабiнетах? Як Вы ставiцеся да Казулiна? (дарэчы цiкавае спалучэнне Казулiн-Барадулiн :)). 8) Каго Вы маеце намер падтрымаць на выбарах? Як Вы лiчаце, а будуць у нас выбары, цi Ярмошына агучыць лiчбу больш за 80 %? Цi магчымы у нас падзеi як у Кiеве? |
Што тычыцца даваць дарогу новым лідэрам, дык тут як на футбольным полі. Змагайся за мяч, каб забіць яго ў вароты жаданай і болей уяўнай перамогі. Рэйтынг лідэраў вызначаецца журналістымі. Усё на іхным сумленьні. Пэрыядычна ўсплываюць, як крыгі ў крыгалом, новыя і новыя кандыдатуры. Многіх зь іх хочацца назваць словам маёй мамы: самалюбімыя. Урэшце, палітыка - не мая справа. Некалі склаліся радкі:
Палітыка - такая справа
Што ганьбу й славу прынясе
Палітыка - такая страва
Ледзь паспытаеш - пранясе
Не хачу апошняга. |
[ 22/03/2005 17:19 ] |
9) Як Вы ставiцеся да "белага" i "чорнага" спiсу музыкантау, складзенага мiнiстэрствам прапаганды, ой, даруйце, iнфармацыi? Дарэчы, у якi спiс трапiу Зьмiцер Вайцюшкевiч? 10) Якi беларускi телеканал ваш самы любiмы i якая передача самая лепшая?11) На Украiне быу напiсыны гiмн Свабоды. Кто з нашых выканауцау можа зрабiць падобны шэдэур? Цi можа Рыгор Барадулiн замест дулiны напicаць гiмн нашай свабоды, якi б брау за сэрца? Дзякуй Вам. Бывайце здаровы жывiце багата. |
Ня ведаю, у які сьпіс Вайцюшкевіч. Ведаю, што яго любяць і слухаюць усе ўзросты. Я шчасьлівы быць аўтарам тэкстаў для ягонага альбому "Паравоз каханьня". Сьпіс, як і складальнікі іх, мяняюцца, а талент - ад Бога.
Зрэдчасу гляджу канал культуры "Лад", збольшага беларускамоўны.
У беларусаў ёсьць велічны і адметны, правераны часам і асьвечаны крывёю змагароў гімн. Гэта - "Магутны Божа". Новыя гімны пішуцца ў тых народаў, ня мелі дзяржаўнасьці і якія хочуць заявіць пра сябе. |
[ 22/03/2005 18:56 ] |
Вiтаю сп. Барадулiна!Дзякуй Свабодзе за сустрэчу з Пiсьменьнiкам!
Калi ласка,адкажыце на пытанне,чаму на Беларусi жыве не народ,а насельнiцтва? |
Кожны край, кожную зямлю насяляе мяноўна народ. Ён народжаны, каб доўжыць жыцьцё на зямлі. Беларускі народ быў і будзе, як бы каму не хацелася не заўважаць і зьневажаць яго. Разумею Ваш боль і Вашае хаценьне бачыць народ іншым, але такі народ Бог паслаў на зямлю.
Каб праверыць яго на жывучасьць, трывучасьць і, нарэшце, на рашучасьць.
Балеў беларускі народ і Максіму Багдановічу. Памятаеце
Народ, беларускі народ... і далей цытаваць ня буду. |
[ 23/03/2005 17:37 ] |
Шаноўны Дзядзька Рыгор! Якімі кніжкамі ў маленстве Вы захапляліся? |
Як усе дзеці ў маім часе, любіў прыгодніцкую і вандроўніцкую літаратуру, бо хацелася сьвет убачыць хоць па кнігах. Любіў беларускую паэзію. Нагбом піў родныя крывіцкія песьні. Мама ведала іх, як у нас казалі, мора. |
[ 23/03/2005 17:38 ] |
Сп. Барадулін! Раскажэце, калі ласка, пра ролю канкрэтных жанчынаў у Вашым жыцьці. |
Жанчына - усяму прычына. Без каханьня няма прастаньня душы. Кахаў і ўзаемна, і без узаемнасьці. А калі казаць адвячоркам сваёй жыцьцёвай дарогі, дык жаданай жанчына, як той далягляд: па меры набліжэньня да якога, ён няўхільна аддаляецца. У камуністаў былі сьветлыя далягляды камунізму. Тут нашыя дарогі быццам сыходзіліся. Гэта жарт. Паколькі былі пытаньні пра палітыку. |
[ 23/03/2005 20:26 ] |
Мяне завуць Аляксей. Зьяўляюся рэдактарам сайту пра Васiля Быкава (www.bykau.com цi www.bykau.by.ru). Што на Вашую думку павiнна быць на сайце? Цi ёсьць у Вас нейкiя парады? Можа ёсьць цiкавыя здымкi цi iншыя цiкавыя рэчы, копii якiх можна было б зьмясьцiць на сайце. Дзякуй за ўвагу. |
Шчыры дзякуй за павагу і любоў да апостала нашай нацыі Васіля Быкава. Што тычыць канкрэтнай справы, то трэба абмеркаваць прыватным чынам. |
[ 23/03/2005 22:01 ] |
Дарагі! "Дзядзька Рыгор" Па першае ?! Віншую! І жадаю! Як гаварыў "Шарікаў" "ВСЁ!"... Па другое?! Каго? асабіста? Пан Барадулін? Бачыць На чале нашае Беларусі (Вялікшае Літвы) Ў прышласьці? |
Вы разумееце, я не хачу браць на сябе ролю прарока і прадказальніка, гэта тое самае, што прадказваць надвор'е (абвяшчаюць сьнег, а ідзе дождж). Я веру, што раней ці пазьней, Беларусь будзе вольнай, незалежнай, і на чале яе будзе стаяць чалавек новага пакаленьня са шчырай душой і чыстым сумленьнем. |
[ 23/03/2005 23:37 ] |
Зусім нічога ня маю супраць габрэяў, але маю да Вас, паважаны спадар Рыгор, пытаньне: Вы аднойчы даўно ўжо напісалі верш "Я - арыец!", вельмі натхняльны і велічны верш - не пра гітлераўства, а пра арыйца-аратага ("Я - арыец, / гэта значыць - з аратаяў..."). Дык вось, як так спалучылася: такі верш і Вашае этнічнае паходжанне з габрэяў? (Падкрэслю яшчэ раз, што супраць габрэяў нічагусенькі ня маю) |
Па-першае, пачну з таго, што нічога этнічна агульнага з габрэямі ня маю. Я паходжу з крывічоў, лічу і буду лічыць, што крывічы - цемя нацыі. Калі я пісаў верш "я - арыец", гэта была гульня словаў. Нічога агульнага з канкрэтным паняцьцем арыйца ў гітлераўскай Нямеччыне ня мае. А што тычыць габрэяў, дык мне і цяпер не хапае і габрэяў, і татараў, якія захавалі беларушчыну і ў мове, і ў побыту. |
[ 24/03/2005 04:32 ] |
Добрый день уважаемый Рыгор Барадулин!Очень рад увидеть Вас на Свободе и пожелать Вам всего самого доброго.Вы были очень почитаемы и читаемы в моей семье.Я желаю Вам всего самого доброго,хорошего настроения,которым Вы можете заражать окружающую среду и самых исчерпывающих ответов на все вопросы,которые задают Вам.Вы так помогали лично мне! Женя |
Вялікі Вам дзякуй за пажаданьні. Большое спасибо. |
[ 24/03/2005 16:07 ] |
Спадар Барадулін, што, па вашаму, было добрага і карыснага у старой савецкай дружбе літаратураў -- ці захоўваеце вы сувязь з тымі дзесяткамі літаратараў, якія перакладалі вас і якіх перакладалі вы?
Яніна Маркевіч, Мінск |
Дружба - паняцьце надпалітычнае, надідэалягічнае. Дружаць душы, а не пастановы і не ідэалягічныя лёзунгі. У савецкі час нармальныя літаратары імкнуліся адзін да аднаго, таму што ўсе яны, так бы мовіць, сядзелі ў адным меху, і кожнаму хацелася перадаць свой боль, сваю радасьць іншым. Я і цяпер падтрымліваю стасункі з тым, з кім падтрымліваў іх тады. |
[ 24/03/2005 16:10 ] |
Вы называеце Пазьняка апосталам. Ці азначае гэта, што ён бязгрэшны і не памыляецца, як Папа рымскі? Ці можаце назваць нейкія рысы, якія яму варта было б зьмяніць?
Мікола Белы, Магілёў |
Любы чалавек не бяз хібаў. Бязгрэшных людзей на зямлі няма. Зянон Пазьняк жыве ў маёй душы, як самы шчыры, як самы апантаны, як самы бескампрамісны барацьбіт за новую Беларусь. Ягоная апантанасьць часам заводзіла яго ў непажаданы бок, але ён ніколі ня быў няшчырым, ніколі ня быў кан'юнктурным. На ягонай непахіснасьці многія ягоныя апанэнты зрабілі флюгерную кар'еру. |
[ 24/03/2005 16:11 ] |
Колькі жанчын вас кахалі, колькіх кахалі вы?
Аня |
[ 25/03/2005 12:05 ] |
Кольки яшчэ часу чакаць беларускай интэлигенцыи, пакуль яе не вынишчаць канчаткова? Чаму интэлигенцыя ня йдзе "у масы", як калисьци "народники" сярод яких быу и бабруйчанин Игнат Грынявицки? |
Ці Вы прапануеце інтэлігентам ісьці ў народ з гранатай запазухай? Гэта ня той шлях. Адзіны правільны шлях у трэцім тысячагодзьдзі ад нараджэньня Хрыстовага - гэта шлях Хрыста. |
[ 25/03/2005 14:34 ] |
Спадар Рыгор, па-першае, са святам!
Па-другое, якія вашы прагнозы наконт развіцця беларускай літаратуры? Як вы ставіцеся да інтэрнэт-літаратуры?
Дар'я |
Таксама віншую Вас са сьвятам.
Акалее злыднеўскі ашчэр.
Маладзець ня стомяцца ніколі
Слоў сузор'е на нябеснай волі:
Бог,
Надзея
Радасьць - БНР!
Па тым, як многа моладзі ідзе ў літаратуру, хоць дарогі ў яе цяпер не асфальтаваныя, а ў карчах і ямінах, лічу, што беларуская літаратура выжыве і абновіцца. Да інтэрнэт-літаратуры я стаўлюся з павагай, але гляджу на гэта, як першабытны чалавек на электрычную лямпачку. Для мяне гэта ўжо з вобласьці фантастыкі. Праўда, нутром адчуваю небясьпеку зьнікненьня чытача, і калі гаварыць сур'ёзна, то Біблія пісалася не на кампутары, ад рукі. Якая б найноўшая тэхніка не была, яна не заменіць таленту. |
[ 25/03/2005 14:42 ] |
Якія рускія паэты ў беларусі па вашаму найбольш цікавыя, як вы ўвогуле ацэньваеце рускамоўную паэзію створаную у беларусі? Як вы рэагавалі на верш Валянціна Тараса "дзьве мовы ў мяне" калі ён выйшаў і што думаеце цяпер?
Валянціна Пятрэнка, Горкі |
Паэт піша на той мове, якая яму родная. Паняцьце "рускамоўная паэзія Беларусі" і складанае, і спрэчнае, і нейкім чынам трагічнае. Я не за тое, каб забараняць чалавеку пісаць у Беларусі на расейскай, на габрэйскай, на татарскай мовах. Няхай піша, на якой хоча. Але нельга расейскамоўную паэзію Беларусі супрацьпастаўляць нашай беларускай. Дарэчы, Валянцін Тарас у апошнія гады наўрад ці б напісаў такі верш. Ён поўнасьцю перайшоў на беларускую мову і лічыць яе адзінай роднай. |
[ 25/03/2005 14:42 ] |
Што вы чытаеце? Што раілі б пачытаць?
Алег |
Апошнім часам я стараюся чытаць болей дакумэнтальнай літаратуры. Настольнай кнігай у мяне - Біблія ў беларускіх перакладах. Раю чытаць тое, па чым душа галодная. |
[ 25/03/2005 14:44 ] |
Чаму Вы і Н.С. Гілевіч так непрыязна ставіцеся адзін да аднаго? У чым вы пагаджаецеся? Аксана Двігубская, Слуцк |
Гілевіч - сам сабе, я - сам сабе. Мне, прынамсі, дарогу не замінае. |
[ 25/03/2005 15:02 ] |
Спадар Барадулін, як Вы ставіцеся да таго, што гна кніжным кірмашы ў Парыжы Сьвятлана Алексіевіч выстаўлялася ў расейскім павільёне і наогул, выглядае, ня мае нічога супраць, калі яе называюць расейскай пісьменьніцай? Дзякуй Вам за Вашую паэзыю, здароўя Вам! |
Сьвятлана Алексіевіч вольная сябе называць расейскай пісьменьніцай, бо ў яе ніколі не было цягі да беларускасьці. У ёй было адно жаданьне - быць на хвалі ўвагі. |
[ 25/03/2005 15:11 ] |
ci nie zdajecca vam, sto pasla smierci V.Bykava idzie jak by spiekulacyja jaho imia? smat chto ledz "ilby nie razbivaje" klanucysia u siabroustvie z pismiennikam. sto heta? pavaha V.Bykavy? a mo zadannie pahrecca u promienniach slavy pismiennika?
Vincent, Vilnia |
Чым болей будзе ўспамінаў і словаў павагі і ўдзячнасьці Быкаву, тым лепей, бо пры жыцьці наш вялікі Васіль меў болей абразаў і нянавісьці. |
[ 25/03/2005 15:16 ] |
Рыгор Іванавіч, ці можна сказаць, што састарэлы выраз “расейскі мат” можна спакойна памяняць на “беларускі мацюк”? Мацюкі ў нас былі, ёсць і будуць. Я ўдзячная Вам, дзядзька Рыгор, за канчатковую легалізацыю моцных, мужчынскіх, сапраўдных беларускіх словаў. Моцнага Вам здароўя і вясёлых вершаў.
Ала |
Расейскі мат - гэта як бы эксклюзіўны брэнд Расеі. У нас хапае сваіх выразаў. Відаць, мат аб'ядноўваў ва ўсе часіны, чым "Інтэрнацыянал" пры камуністах. Са ўспамінаў. Блякада (пад Ушачамі). Зацішша. І ўсе наструненыя, хто ж нарэшце. І раптам у ранішняй цішыні: "... такую тваю маць". І ўсе закрычалі: "Нашы!" Па мату пазнавалі савецкіх вызваліцеляў. |
[ 25/03/2005 15:35 ] |
Паважаны спадар Рыгор. Якое месца у адраджэннi Беларусi павiнны займаць. на Ваш погляд. прадстаунiкi небеларускага этнаса, якiя есць грамадзянамi Беларусi: рускiя, габрэi, татары, лiтоуцы, палякi, украiнцы i iншыя. Цi лiчыце Вы iх часткай беларускага народу? I цi павiнны лiчыць iх беларусамi прадстаунiкi апазiцыi? |
Усе, хто за вольнасьць, за незалежную Беларусь, за права беларуса гаварыць на сваёй мове, быць годным прадстаўніком у сям'і эўрапейскіх народў, яны таксама беларусы. |
[ 25/03/2005 15:40 ] |
Размауляць сеньня на беларускай мове - гэта значыць штохвiлiнна зьвяртаць увагу на сябе - на мой погляд - адна з аснойных прычын чаму многiя з моладзi размауляюць на беларускай мове толькi у internet -
Што вы параiце маладым беларусам? litvin |
Маладым беларусам я жадаю размаўляць на мове продкаў, на мове крыві, а тыя, якія забыліся матчыну мову, павінны яе ўспомніць. Генэтычная памяць яна магутная. Як гэта не парадаксальна, апошнім часам уся надзея на гарады, дзе моладзь гаворыць па-беларуску, бо ў вёсках мова практычна вынішчаная. Па традыцыі, вёска заўсёды цягнулася да гораду. |
[ 25/03/2005 15:47 ] |
Мне падаецца, што беларуская интэлигенцыя усё ж таки зачынилася ад людзей. Больш не чуваць голаса беларускага адраджэння. Не адбылася другая беларусизацыя. Ну хиба можна рахмана ци па-хрысциянску, ци яшчэ як кольвек данесци идэи да людзей, кали за нашым пакаленнем шкаляроу 90х, зноу пойдзе "неадраджэнскае" пакаленне, узгадаванае на идэях панславизма и першаснасци савецкай беларускай дзяржаунасци? |
У нас вельмі блытанае і цьмянае паняцьце народ. Народ - гэта ўсе мы. Нельга дзяліць такім чынам, як быцца інтэлігент ня ёсьць часткай народу. Трэба болей слухаць адзін аднаго. Толькі разам мы зможам аднавіць нашую беларускую годнасьць, не дзелячыся на ітэлігентаў і астатніх. Панславізм - гэта даўняя небясьпека для Беларусі, Украіны і іншых славянскіх народаў. У Дастаеўскага ў "Бесах" я знайшоў найцікавейшы выраз: "За невозможностью быть русским, стал славянофилом". |
[ 25/03/2005 15:52 ] |
Тэрминова: на Кастрычницкай плошчы збиваюць людзей!!! |
Ня робіць гонару ўладзе, калі яна размаўляе зь людзьмі не па-людзку, а дубінкамі. Раней ці пазьней, гэтыя бязмозглыя дубінкі могуць павярнуцца ў іншы бок. У дубінкі два бакі. Прымяньне дубінак - гэта сьведчаньне бязьсільля і роспачы.
(Ад вэб-рэдактара: пра падзеі ў Менску вы зможаце даведацца на нашым вэбсайце, сачыце за абнаўленьнямі) |
[ 25/03/2005 15:58 ] |
Час так быстра iдзе, але дзякуй вам за тое, што зрабiлi для добрых людзей. |
Дзякуй за ўвагу, дзякуй за пажаданьне. У сваю чаргу жадаю Вам моцы і веры. |
[ 25/03/2005 16:03 ] |
Што параіце новай беларускай эміграцыі, якая цяпера шырока пасялілася па сьвеце?
Альжбета |
Новай эміграцыі я жадаю не згубіцца ў іншым сьвеце, трымацца свайго - мовы, веры, перакананьня. |
|
|