[ svaboda logo ] [ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
форум  


25 Жніўня 2005
Уладзімер Някляеў
Нарадзіўся 9 ліпеня 1946 года ў горадзе Смаргонь Гродзенскай вобласьці. Бацька – Някляеў Пракофій Мікалаевіч, рускі, маці – Магер Анастасія Іванаўна, беларуска. Пражыў дзіцячыя гады ў Крэве – знакавым месцы беларускай гісторыі.

Вучыўся ў Мінскім электратэхнікуме сувязі (1962 – 1966), на аддзяленьні паэзіі Літаратурнага інстытуту (1971, г. Масква), скончыў філялягічны факультэт Менскага пэдагагічнага інстытуту (1973).

Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сыбіры, на Далёкім Усходзе, радыёмэханікам у менскім тэлевізійным атэлье. Заняўся журналістыкай, працаваў у газэце "Знамя юности", рэдагаваў бюлетэнь "Тэатральны Мінск", быў старшым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачаньня, галоўным рэдактарам часопіса "Крыніца", штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва". З 1998 па 2001 – старшыня Саюзу пісьменьнікаў.

У 1999 выехаў у Польшчу. На прэсавай канфэрэнцыі ў Варшаве (20.07.1999) выступіў з заявай супраць палітыкі беларускіх уладаў.

На 13-м (пазачарговым) зьезьдзе Саюза беларускіх пісьменьнікаў, які адбыўся напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, прапанаваў прыняць рэзалюцыю наступнага зьместу:

"Зьезд Саюза беларускіх пісьменьнікаў канстатуе катастрафічны стан беларускай мовы і літаратуры, выкліканы палітыкай улады ў адносінах да ўсяго нацыянальнага ў нашай дзяржаве. Зыходзячы з гэтага, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў:

1. Выказваецца ў падтрымку ўсіх дэмакратычных сіл і кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь ад дэмакратычнай апазыцыі.

2. Лічыць, што Аляксандр Лукашэнка, які, парушыўшы Канстытуцыю, незаконна ўтрымлівае ўладу ў Беларусі з ліпеня 1999 года, ня мае права на вылучэньне ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь".

Выходзілі кнігі: "Адкрыццё". Мн., 1976, "Вынаходцы вятроў" Мн., 1979, "Знак аховы" Мн., 1983, "Местное время" М., 1983, "Наскрозь" Мн., 1985, "Дерево боли" М., 1986, "Галубіная пошта" Мн., 1987, "Веда" Мн., 1989, "Прошча" Мн., 1996, "Выбранае" Мн., 1998, "Так" Мн., 2004. Па аповесьці "Вежа" Аляксеем Дударавым была напісана фантасмагарычная камэдыя "Вавілон", пастаўленая Мікалаем Мацкевічам.

Апошнім часам выступае пераважна як празаік (апавяданьні "Хайбах", "Чмель і вандроўнік", "Меў Марык бомбу", аповесьці "Прага", "Няхай жыве 1 Мая" і інш.). Выдаў раман "Лабух". Мн., 2003.

Адзін з ініцыятараў вылучэньня паэта Рыгора Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

Вэбсайт у Інтэрнэце www.nekliaev.by .

Задавайце пытаньні
14.01.2005
Юры Зісер
08.02.2005
Уладзімер Арлоў
25.03.2005
Рыгор Барадулін
04.04.2005
Барыс Кіт
07.06.2005
Сяргей Дубавец
15.06.2005
Аляксандар Фядута
06.07.2005
Адам Глобус
12.07.2005
Павал Севярынец
08.08.2005
Анжаліка Борыс
08.10.2005
Аляксандар Мілінкевіч
08.12.2005
Андрэй Саньнікаў
12.12.2005
Апытаньне наведнікаў сайту
22.12.2005
Тацяна Хома
2003  2004  2005  2006
[ 18/08/2005 01:46 ]
адкажыце калі-ласка: як вы ставіцеся да дзячоў Беларусі, якія пад час Другой Сусьветнай Вайны супрацоўнічалі зь немцамі, вы лічыце іх здраднікамі, ці наадварот – трэба было карыстацца любой магчымасьцю? з павагай антось
Само разуменьне здрадніцтва патрабуе пераасэнсаваньня… Да прыкладу, сёньняшні амэрыканскі салдат можа быць прызнаны здраднікам толькі тады (і толькі судом), калі ён аказваецца на варожым баку па ўласным выбары, без катаваньняў, без пагрозы для жыцьця. А тым больш – не салдат, а чалавек цывільны…

У любых варунках (у тым ліку і ў варунках вайны) кожны чалавек – асобны выпадак.

Каму і чаму здрадзіла Ларыса Геніюш?.. І здрадзіла як?..

Міхась Міхайлавіч Міцкевіч, малодшы брат Якуба Коласа, працаваў пры немцах інспэктарам школ на Стаўбцоўшчыне. Інспэктарам беларускіх школ, а не нямецкіх, і наўрад ці ён думаў, што супрацоўнічае зь немцамі. Але, баючыся, што нават гэтага (хоць ён і брат Якуба Коласа) яму не даруюць, падаўся ў 1944 годзе ў эміграцыю, памёр у 1991 годзе ў Нью-Ёрку. Адсечаны ад усяго свайго, ад сваіх (пра яго і ўспамінаць пабойваліся), ён напісаў аднойчы ў лісьце да сястры: “Гэтымі днямі атрымаў атлас пра Коласа. Там ёсьць здымкі Уладзі, Алеся, Лены, Юзіка, Міхаліны, Юзі і твая, Маня. А я хіба не існую? ..”

Людзі – не трава, каб усіх – пад адну касу…
[ 18/08/2005 08:30 ]
На нейкім зьездзе камсамола ў Маскве Вам давялося чытаць вепш перад Брэжневым. Ці спадабаўся яму Ваш верш? І якое ўражаньне зрабіў на Вас Леанід Ільіч?
Гэта было на зьезьдзе партыі.

Пра тое, ці спадабаўся яму верш, Брэжнеў мне не сказаў. Не выглядаў ён, як пасьля ўсе даводзілі, на маразматыка. Зьдзіўляў (зблізку) позіркам хоць і старой, але далёка не дурной чарапахі.

Суслаў выглядаў страшней: нерухома-сшарэлыя, як цэмэнтам прысыпаныя, вочы.

Мне выпала (не скажу, што пашчасьціла) паглядзець нейкі час (амаль месяц) на савецкі таталітарызм ня звонку, а зь ягоных нетраў. Няхай касьмічныя вышыні не адкрыліся, але і нямала пылу, якім былі вочы прысыпаныя, зьмяло.
[ 18/08/2005 10:46 ]
Дабрыдзень! Спадар Уладзімер, як Вы лічыце, дзе зараз эпіцэтар беларускай літаратуры? "Дзеяслоў"? "Наша Ніва" і Arche? Холдынг? Логвінаў? Алесь.
І "Дзеяслоў", і "Наша Ніва", і Arche, і Логвінаў, і нават холдынг робяць сваю частку беларускай работы. І няхай яны ўсе лічаць сябе эпіцэтарамі.

Іншае -- дзе і хто друкуецца, што каму бліжэй… Мне -- “Дзеяслоў”. Магчыма, з той прычыны, што ў нечым ён доўжыць традыцыі “Крыніцы”.

Складаныя, канешне, адносіны да холдынгаўцаў (во слова якое), сярод якіх ёсьць проста нягоднікі. І ўсё ж большасьць з тых, хто працуе ў выданьнях холдынгу, я не магу вінаваціць у тым, што яны хочуць есьці.
[ 18/08/2005 11:42 ]
Якія вашыя творчыя і жіцьцёвыя пляны? Ян
Ніякіх… Бо: жыць і, пакуль Бог дасьць, пісаць, -- нельга, мусібыць, назваць ні творчым, ні жыцьцёвым плянам.
[ 18/08/2005 19:39 ]
Viktar Litvinski Чаму Польшча была адносна лагодная до Лукашэкi ранейшыя гады, калi ен знiшчаy iншыя групоукi апазицыi (не польскiя нацыянальныя), цi не дзейнiчае тут у асноуным этнiчны iнтарэс пад прыкрыццем дэмакратызацыi? Ци не будзе плянуемая польская радыестанцыя у першую чаргу выражаць польскiя нацыянальныя iнтарэсы? Можа праз антены пад Беластокам лепш дадаткова на Гародню трансляваць Свабоду?
Польшча (з усімі сваімі радыёстанцыямі, газэтамі, часопісамі, войскам, мытняй, паліцыяй і г.д.) як адстойвала, так і будзе адстойваць выключна свае нацыянальныя інтарэсы. Я ня ведаю ніводнай дзяржавы (уключна, якой бы антыбеларускай сама ў сабе яна сёньня ні выглядала, зь Беларусьсю), дзе б адстойваліся інтарэсы не свае (у тым ліку этнічныя). Іншая справа, наколькі моцна прырослы ў палякаў атавізм усходніх крэсаў (а ў рускіх – северо-западного края). І хоць прырослы ён (па абодва бакі) моцна, але і ня так, каб не адарваўся… Праблема магла б выглядаць невырашальнай, калі б не было гістарычнага вопыту краіны, якая паміж Швэцыяй і Расеяй стала Фінляндыяй. Пры рускіх і швэдзкіх радыётрансьляцыях, пры цясьненьнях з абодвух бакоў…
[ 18/08/2005 21:54 ]
У пачатку аднаго вашага вядомага раманчыка апісаны выпадак, навуковай мовай называны пэдафіліяй. Гэта досьвед з рэальнага жыцьця? Што вы думаеце пра пэдафілію ў Беларусі?
Пэдафілія ў Беларусі, мусібыць, гэткая ж самая, як у Францыі альбо ў Амэрыцы…

У зьвязку з пытаньнем, колькі слоў пра раманчык “Лабух”, за які мяне абвінавачваюць калі не ў пэдафіліі, дык у парнаграфіі.

Адзін з пэрсанажаў раманчыка (Сакрат) кажа: “Быць беларусам — бяда. Ды што зробіш? Гонар не дазваляе кімсьці іншым стаць”. Гэтыя словы вынесеныя ў эпіграф раманчыка. А канчаецца раманчык маналёгам галоўнага героя: “І, як баліць, чуеш?.. бо гэта пра тое, пра што раней мне ня думалася: пра нашага, свайго беларускага Бога, якога ці мы пакінулі, ці ён нас пакінуў, але, думаю, Бог ня можа пакінуць, чакае, калі мы да яго вернемся, і глядзіць з вышыні, якая большая за самую дальнюю далеч…»

Я самацытуюся не дзеля таго, каб абараніцца (няма ад чаго), а каб заўважыць, што кожны выбірае з тэксту свае “апісаныя выпадкі”.
[ 18/08/2005 23:42 ]
Ці хутка ў наступны раз плянуеце палітычную эміграцыю? Зміцер.
Я ніколі не прылічваў сябе да эмігрантаў… Гэтая доля мяне перастрэла, але, дзякуй Богу, абыйшла.

Дадам, што адносіны ў нас да эміграцыі як раней не былі людзкімі, так і апошнім часам не палепшыліся. Шкада. Па-першае, мала хто ўяўляе, што гэта такое: апынуцца на чужыне не з ўласнай волі. Па-другое, і ў эміграцыі для Беларусі можна зрабіць (і робіцца) ня менш, чым дома. Дык падзякаваць бы людзям, ці хоць бы паспачуваць… Замест гэтага толькі і чуеш: “Паселі там, каб жэрці, а мы тут…”

А што мы тут?.. Ну, што?..
[ 18/08/2005 23:44 ]
Які з паўночных народаў найбліжэйшы, на вашую думку, па сваім менталітэце да беларусаў? Антось
Фіны, у якіх Купальле – афіцыйна зацьверджанае дзяржаўнае сьвята.
[ 18/08/2005 23:45 ]
Як вы лічаце, мо нам лепш "пераназвацца" у ліцьвінаў або крывічоў у замен штучнатвору "беларусы"? Альжбета С.
…На ўзгоркі Нальшы коса падаў
Срабрысты дождж, і ў срэбры тым
Стаяў Міндоўг, а поруч зь ім —
Ягайла, пяты сын Альгерда...
— Калі ня ведаеш, дык ведай, —
Прамовіў ён, —
Я крыжакам
Пацьвердзіў Жмудзь пасьля Міндоўга,
Бо не яна Айчына нам —
І ў нас няма прад ёю доўга.


А доўг ва ўсіх у нас адзін:
Перад Літвою доўг вялікі
Яшчэ з пары, як Гедзімін
Заваяваў сталіцу вількаў.


Праз гэты доўг —
супроць Масквы —
Я з Польшчай ажаніцца мусіў,
Каб адстаяць Літвы правы,
Каб л ё с Вялікае Літвы
Не стаўся л е с а м Беларусі.


Ды ўсё дарма... Вы лес апелі.
Згубілі ўсё, што продкі мелі,
Ператварылі край ваўкоў
У край зайцоў...
Я маю права
Спытацца з глыбіні вякоў:
Вы хто — народ?
Вы што — дзяржава?
Адкуль, калі няма сьлядоў?


Пазнаўшы зайца па губе,
Вам Жмудзь пад нос паднесла дулю,
Як Беларусь вы на сябе,
На край літвінаў нацягнулі.


Вы разлучылі дух з крывёю
І, абрусеўшы пад Масквою,
Пад назвай, дадзенай Масквой,
Ня сталі нават маскалямі,
А толькі назваю адной —
І тая назва стала вамі.


Вы — беларусы? Хто такія?
Ёсьць Польшча,
Жмудзь,
Літва,
Расія —
Як вы ўшчаміліся сярод?
Адкуль зьявіліся? З балот?
З чаго зьляпіліся? З туманаў?..
Такіх падмен,
Такіх падманаў
Ня ведаў ні адзін народ.


І што цяпер? Хай так і будзе,
Абы ня горш? Вы што за людзі:
Вам звацца хочацца людзьмі,
Ці імі быць,
Ці біцца ў грудзі —
Ці ўстаць за крэўны край грудзьмі?
[ 19/08/2005 01:04 ]
Спадар Некляеў! Як Вы ставіцеся да асобы Зянона Станіслававіча Пазьняка і ягонай пазіцыі, па вылучэньню адзінага кандыдата, на пасду прэзыдэнта? З павагай, Юрый. Нямеччына.
Зянона Пазьняка я падтрымліваў яшчэ на першых прэзыдэнцкіх выбарах (1994 год).

У 2001 годзе на пасяджэньні прэзыдыюму Саюза беларускіх пісьменьнікаў (напярэдадні пісьменьніцкага зьезду) прапанаваў падтрымаць яго як адзінага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі. За дзень да зьезду Зянон Станіслававіч пазваніў мне і папрасіў, каб я не выносіў гэтую прапанову на зьезд.

Сёньня Зянон Пазьняк катэгарычна супраць вылучэньня адзінага кандыдата. Я таксама (бо зблізку пабачыў, што адбывалася на мінулых выбарах) не за тое, але не магу ўцяміць, якімі рэсурсамі ён зможа карыстацца і якімі сіламі падтрымлівацца, калі вырашыць пайсьці на выбары сам па сабе...
[ 19/08/2005 11:12 ]
Вы адзін з ініцыятараў вылучэньня Рыгора Барадуліна на Нобелеўскую прэмію. Але ці не падаецца Вам, што пасьля наданьня прэміі аўстрыйскай пісьменьніцы Эльжбэце Ялінек, якая апявае розныя вычварэньні лы гіпертрафуе сэксуальную заклапочанасьць, Нобель, ва усялякім разе ў галіне оітаратуры, папросту дэвальваваўся?
Я б не сказаў, што Альжбэта Ялінэк гэтак ужо сэксуальна заклапочаная… Але хай нават так – яна сёньня не адзіная праблема знакамітай прэміі. Калі вы возьмеце сьпіс ляўрэатаў за ўсе гады, дык са зьдзіўленьнем убачыце, што пра палову зь іх і сказаць нічога ня можаце, нават не ўяўляеце, хто яны такія… Так што, магчыма, Нобэль зрабіў памылку, абыйшоўшы сваёй прэміяй матэматыкаў. Правільней было б, калі б ён абыйшоўся гэтак зь літаратарамі, кожны зь якіх (і нават Альжбэта Ялінэк) мог зьвесьці ягоную жонку.
[ 19/08/2005 16:25 ]
сп. Някляеў, які страшыня Саюзу Пісьменнькаў Беларусі быў найбольш карысным для беларускай літаратуры і чаму? Хто для Вас быў узорам. калі Вы сталі старшынём? Як складваліся вашы узаемаадносіны з прэзыдэнтам? Сямён Вольны
Найбольш карысным для беларускай літаратуры (дый наогул для культуры) на пасадзе старшыні Саюзу пісьменьнікаў (як і на ўсіх іншых пасадах, якія ён займаў) быў Пятрусь Броўка. Хоць бы таму, што гэта ён, а ня нехта, распачаў Беларускую (тады яшчэ савецкую) энцыкляпэдыю.

Адносіны з Лукашэнкам (да лета 1999 году, тэрміну ягонай легітымнай улады) складваліся па-рознаму. У выніку – зусім ня склаліся.
[ 19/08/2005 16:26 ]
Ці пішыце вы па руску? Вольга
Іншым разам здараецца… Пачынаў пісаць па-руску. Першая кніга (у Маскве) павінна была па-руску выйсьці. Я забраў яе з выдавецтва, калі мне паабяцалі (у Менску), што хутка-хутка выйдзе кніга па-беларуску. Хутка-хутка яна выходзіла амаль шэсьць гадоў. Апошняя старонка адмоўнай рэцэнзіі пахла цыбуляй, на звароце яе віднеліся плямы ад сала, сьляды нажа…

Паэзія.

Наогул жа як раней мяне лічылі, гэтак і цяпер лічаць: у Маскве – бульбяшом, у Менску – маскалём.

Доля.
[ 19/08/2005 16:28 ]
Які вам спіс беларускай паэтычнай дзесяткі ўсіх часоў -- асобна творцаў і твораў? Віктар Паўловіч, Горадня
Ніколі не займаўся аніякімі сьпісамі, рэйтынгамі… Літаратура – не гара, а плынь, і ўспрыняцьце яе найчасьцей залежыць ад таго, дзе і ў які момант зачарпнеш.
[ 19/08/2005 16:30 ]
Вось вы вылучаеце Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію. Быкава трэба было вылучаць! А рэальна сёньня можа прэтэндаваць толькі Алексіевіч. Гоман А.П.
Васіль Быкаў стараньнямі Беларускага ПЭН-цэнтру на Нобэлеўскую прэмію вылучаўся. На жаль (з розных прычынаў), Васіль Уладзіміравіч яе не атрымаў. Найбольш значным (бяз Быкава) сучасным беларускім літаратарам зьяўляецца Рыгор Барадулін. Гэта, зразумела, нікому ня можа замінаць лічыць такім літаратарам Сьвятлану Алексіевіч.
[ 19/08/2005 16:34 ]
Склізкі гэны Някляеў і дарма Свабода дае яму слова. Што ён зрабіў супраць дыктатуры? Ня ведаю, ці напісаў ён верш пра Лукашэнку, але пра Зянона Пазьняка не напісаў. Вось хто даўно заслугоўвае Нобэлеўскую прэміюію.
Ня бачу тут пытаньня… Дарма – дык дарма, склізкі – дык склізкі. Куму і як навобмацак.

Пра Зянона Пазьняка, які заслугоўвае калі ня Нобэлеўскай прэміі, дык усялякай павагі, вершаў я тым ня менш не пісаў. А вось пра Лукашэнку, які нічога такога не заслугоўвае, верш, як ні дзіўна, быў напісаны. Вось ён.

НА 20 ЛІПЕНЯ 1999 ГОДА
Народу можа засьціць зрок
Бяз дай прычыны.
Ды бачыць Божа кожны крок
На звод Айчыны.


У вочы вам адплаты час
Зірне сурова.
Каб дзеці апраўдалі вас —
Вярніце Мову!


Няма пачаткаў і канцоў,
Усё — працяг.
Каб не ўскіпела ў жылах кроў —
Вярніце Сьцяг!


Улады сьверб, што вас скубе,
І славы сьверб,
Пакіньце ўсё сваё сабе —
Вярніце Герб!


Дальбог, пра гэта не са зла
Малюся ў скрусе,
А каб зямля вас прыняла
На Беларусі.
19/07/1999, Варшава.
[ 19/08/2005 20:37 ]
Што ў нас з часопісамі цяпер? Ці ёсьць пэрспэктыва стварэньня нармальных беларускіх літаратурных часопісаў? Што параіце пачытаць з існуючых?
Тыя, якія спадар Алесь у сваім пытаньні назваў эпіцэтарнымі ("Дзеяслоў", “Arche”, можна дадаць яшчэ “Дыялог”) – гэта і ёсьць, як мне здаецца, нармальныя беларускія літаратурныя часопісы. Калі іх нават два ці тры – гэта зусім ня мала. Да прыкладу, у Фінляндыі літаратурных часопісаў (у звыклым для нас выглядзе) роўна адзін. Не нашмат болей (два) у Швэцыі.
[ 20/08/2005 10:42 ]
Паважаны Уладзімер,каб толькі ад вас залежыла,хто б стаў на чале Беларусі,які канкрэтна чалавек? І каб Краіна наша за гэта вам была вельмі ўдзячна. Дзякуй. Туравец Віктар.
А я быў бы вам за гэта ўдзячны, Віктар.
[ 20/08/2005 11:33 ]
Спадар Някляеў,якія ўмовы,ідэі,дзеянні,хто і што павінна падняць НАРОД,каб усе разам,салідарна выйшлі і перамаглі злачынны рэжым і вызвалілі нашу КРАІНУ. Вялікі вам дзякуй ! Туравец Віктар.
Для гэтага – перш за ўсё – трэба казаць народу праўду, навучыцца казаць яму праўду пра яго. А то лепшы, найлепшы… Які найлепшы, калі згодны жыць, як жыве? Як той конь у шорах – галавой у мех, за жменю аўса на ўсё згодна ківаючы…

Яшчэ звык: ледзь што з аўсом – нехта вінаваты: палякі, жыды, Пазьняк, Лукашэнка… Ніхто перад ім не вінаваты, ён сам вінаваты перад сабой.
[ 20/08/2005 17:22 ]
Якая котка? ці кот прабеглі паміж Вамі -- Уладзімір і Адамам Глобусам... Чаму ён Вас паўсюль падначвае і абражае? Дзякуй. Казімір сівец. Пінск
Ёсьць такія каты, Казімір, на якіх не варта зважаць.
[ 20/08/2005 23:00 ]
Jak vy acenvajece ushanavanne i asensavanne spadchyny Vasilia Bykava? Mikola Biruk? Polacak
Што да ўшанаваньня (калі ня мець на ўвазе ўладу, дзяржаву), дык Васілю Уладзіміравічу, бадай, няма ў чым папракнуць тых, хто яго сапраўды шануе. Гэтымі людзьмі робіцца дзеля Быкава (і для тых, хто яго чытае і хоча чытаць) ці ня ўсё, што сёньня магчыма зрабіць. Скажам, беларуская радыёстанцыя “Свабода”, у эфіры якой мы з вамі сустракаемся, прапанавала чытачам (ужо другім выданьнем) кнігу “Быкаў на “Свабодзе”. Нядаўна пры ўдзеле Саюза беларускіх пісьменьнікаў выйшлі першыя тры тамы поўнага (14-томнага) Збору твораў Васіля Быкава, чаго пры жыцьці ягоным так і не зрабіла (не аднойчы гэта абяцаючы) дзяржава…

Што да асэнсаваньня, дык нібыта нават ужо асэнсаванае ў творчасьці Быкава зараз пераасэнсоўваецца і будзе пераасэнсоўвацца -- інакш ня быў бы ён насамрэч вялікім, глыбінным пісьменьнікам.
[ 21/08/2005 03:14 ]
Уважаемый Владимир Прокофьевич!Очень радостно формальной возможности поприветствовать Вас.Поэтизировали,Вы, как могли нашу жизнь и песни на Ваши стихи постоянно звучат в ушах,даже,когда совсем не смеётся,а уж когда и смеётся,то это просто гимн жизни,да ещё в озвученном певцами и композиторами на родном для нашей страны языке.Крепкого Вам здоровья,творческих успехов в Вашей деятельности на Беларуси.Яуген
Дзякуй. Дасьць Бог, яшчэ прасьпяваем: «Сёньня ў нашай хаце сьвята!..»
[ 21/08/2005 20:06 ]
не пытанне, а проста меркаванне аб раману Лабух--крута! Прачытаў у Інеце. Дзе купіць?
Ня ведаю, дзе купіць. У кнігарнях рамана няма, бо яго там і не было. Ён як выдаваўся падпольна – так падпольна і распаўсюджваўся.
[ 21/08/2005 22:32 ]
Spadar Niaklaieu, ci mozacie vy pra siabie skazac' sto vy smiely calaviek? Kaho jasce vy mahli b sionnia adniesci da kahorty s'mielych ludziej na Bielarusi z liku asobau pradstaunikou ajcynnych pismiennikau i litaratarau. Lavon
Ці мала што кожны з нас можа пра сябе сказаць… Але гэта, што называецца, ня факт.
[ 22/08/2005 10:36 ]
jak pisalasia u 1976 hodze
Раней лепш, чым пазьней.
[ 22/08/2005 10:40 ]
jak vasec stavicca rasiejskamounaj bielaruskaj litaratury jakich autarau adznacyli b
Я ня вораг расейскамоўнай беларускай літаратуры. Найзначная асоба ў ёй – Сьвятлана Алексіевіч.
[ 22/08/2005 10:42 ]
jak vasec stavicca da postmadernaj estetyki
Каб не выглядаць кандова традыцыйным, я мог бы нешта навыдумляць, але тыя, хто працаваў са мной у часопісе «Крыніца» (найперш Валянцін Акудовіч) ведаюць, што да postmadernaj estetyki я ня стаўлюся ніяк.
[ 22/08/2005 10:44 ]
sto vasec dumaje pra rasiejskamouny prajekt Deutsche Welle
Пад зваротам да часовага паверанага ў справах Нямеччыны ў Беларусі Яна Канторчыка з прапановай, каб беларуская праграма «Нямецкай хвалі» выходзіла не па-расейску, а па-беларуску, стаіць сярод іншых і мой подпіс.
[ 22/08/2005 10:45 ]
sto vasec dumaje pra kanflikt zy Polscaju
Думаю, што Анжаліку Борыс трэба падтрымаць, Саюзу палякаў –дапамагчы. Хоць бы маральна.
[ 22/08/2005 10:47 ]
jakia sancy maje Ryhor Baradulin na Nobeli
Калі адкінуць postmadernuju estetyku, дык Рыгор Барадулін – паэт, якому сёньня ў Беларусі няма роўных. А калі postmadernuju estetyku і не адкідваць – усё адно Барадуліну роўных няма. І ня толькі ў Беларусі: зусім няшмат налічыць можна ў сьвеце паэтаў, якія ва ўзросьце Барадуліна (у 70 гадоў!) напісалі такую кнігу паэзіі, як барадулінская кніга “Ксты”. Гэта кніга вялікага паэта, таму і шансы ягоныя на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі вялікія.

Мяне зьдзівіла актыўнасьць, зь якой асобныя нашы літаратары (менавіта нашы, а не чужыя) выступілі супраць вылучэньня Барадуліна на прэмію. Маўляў, нічога з гэтага ня будзе.

Па-першае, калі нічога не рабіць, дык нічога і ня будзе.

Па-другое, што найістотнае, сам працэс, працэдура вылучэньня - гэта ўжо ёсьць работа на карысьць нашай літаратуры. Канешне, калі займацца гэтым належным чынам.

Асноўныя праблемы, якія трэба вырашаць пры вылучэньні Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію, дзьве.

1. прамоўшн;
2. пераклад кнігі Рыгора Барадуліна “Ксты” на ангельскую і (часткова) на швэдзкую мовы.

Няпростыя праблемы... Калі нехта ў рашэньні іх можа хоць неяк дапамагчы - загадзя дзякуй. Пісаць (калі ёсьць што сказаць): neklyaev@yandex.ru
[ 22/08/2005 10:48 ]
jak vasec pryjsou da paezii
Пра гэта калі і распавесьці нешта, дык хіба што байку… У кожнага паэта такая ёсьць. А на праўдзе ён сам ня ведае, jak pryjsou da paezii.
[ 22/08/2005 15:37 ]
SP. Niakliajeu, chaym mozha dapamahchy Belaruskaj demakratyju Zahad? Hroshy byccam uzho davali, ale jaki vynik? Pazniak kazha, shto apazycyja -- kishennaja, tam shmat agentau specsluzhbau -- dyk shto rabic? Jak ja, prosty sluzhachy, mahu neshta zrabic? Ilja Buslou, Homelskaja vobl
Захад нам не дапаможа. І не дапаможа Ўсход. Ніхто гэтага ня зробіць, апроч нас саміх. Калі захочам.
[ 23/08/2005 11:15 ]
Як змяніліся вашы погляды на магчымасць жыць і тварыць на Беларусі да часовай эміграцыі і пасля яе? Што б вы параілі сёння такім беларускім эмігрантам, як Славамір Адамовіч? Тадэвуш
Прафэсійна займацца літаратурай, што азначае з дня ў дзень пісаць, больш ні на што часу не марнуючы, на Беларусі і раней было немагчыма, а тым болей цяпер. Па гэтай прычыне пераважная большасьць літаратараў і займаецца ёю на ўзроўні аматарства. Нічога раіць ні Славаміру Адамовічу, ні некаму іншаму з эмігрантаў не стану… Кожны сам выбірае шлях.
[ 23/08/2005 12:31 ]
Якія ў вас адносіны з былымі "паплечнікамі" з "Крыніцы", з "ЛІМа", з Саюза пісьменнікаў?
Дарма ўсё паплечнікі ўзятыя вамі ў двукосьсе. Былі і бяз гэтага… У паэме «Палянэз», шмат з кім і шмат з чым разьвітальнай, раптам напісалася: «Дарую ўсім сваім сябрам і ворагам сваім дарую». Значыць, калі напісалася, -- вярэдзіла. І ня дзіва, што вярэдзіла… Але што ж цяпер?

Найдурнейшая з дурнот – запозьненыя разборкі. Калі ўжо ніхто і ня помніць, і ня хоча помніць, у чым разьбіраецца, што высьвятляе… Як і ўсе, я не анёл, зусім не анёл, і як і нехта перада мной вінаваты, магу гэтак жа быць вінаватым перад некім. Праўда, гледзячы ў чым… Як бы там ні было, некалі мы былі разам, рабілі не найгоршую ў нашым жыцьці справу. Здавалася часам, што разам мы назаўсёды. Ну вось да канца… І, магчыма, тое, што нас яднала (нават ня столькі справа, колькі нешта такое, што і ня вызначыць, што, як у Купалы, безназоўнае), у некім з нас засталося.
[ 23/08/2005 12:37 ]
Спадар Уладзімер, ці праўда, што вярнуцца з-за мяжы угаворваў вас не толькі Лукашэнка, які высылаў эмісараў да вас у Варшаву, але і Васіль Быкаў, і Зянон Пазьняк... І ці не шкадуеце вы, што ўсё ж вярнуліся?
Вярнуцца з Варшавы было немагчыма, нельга было вяртацца ні па прычынах сяброўскіх, ні па варожых, ні па палітычных, ні па маральных… Пазьней нейкія з тых прычын пазьнікалі, нейкія зьменшыліся ў сваіх (можа быць, і гіпэртрафаваных) маштабах. Праз чатыры гады жыцьця ў Фінляндыі надыйшоў час, калі я адчуў, што магу, што хачу вярнуцца. Вярнуўшыся, не шкадую, бо ўсе шкадаваньні па зьдзейсьненым як лічыў, так і лічу справай марнаю. Як ні дзіўна, найбольш завіхаўся, каб вярнуць мяне яшчэ з Варшавы, тагачасны ідэоляг поўнай і канчатковай русыфікацыі Беларусі Уладзімір Замяталін. Не таму, што ён па мне сумаваў. Ад’езд старшыні Саюзу пісьменьнікаў за мяжу быў расцэнены як пракол у даручанай Замяталіну рабоце – і ён намагаўся выправіць сытуацыю.

Урал Латыпаў, які быў тады міністрам замежных спраў, прыяжджаў у Варшаву ад Лукашэнкі з гарантыямі бясьпекі.

Павел Якубовіч прыяжджаў безь ніякіх гарантый… Але зь перакананьнем, што, вярнуўшыся, я выйграю ў сутычцы з Замяталіным, а не вярнуўшыся – прайграю ва ўсім.

Васіль Быкаў ні на што не ўгаворваў – і ні ад чога не адгаворваў. Ён сыходзіў з таго, што гэта мой лёс – і ўсё ў ім мне вырашаць самому. А вось Зянон Пазьняк сапраўды сказаў: “Калі толькі ёсьць магчымасьць, дык вяртайся. Хоць на хлеб і ваду”. Ня ведаю, як цяпер (даўно не сустракаліся), але тады (1999 год), калі нешта і відаць было ў ім адразу, дык тое, як цяжка даецца яму эміграцыя.

Сярод жывых людзей жалезных не бывае.
[ 24/08/2005 00:10 ]
Як вы ставіцеся да Паўла Ізотавіча Якубовіча, які некалі, як і вы, працаваў у "Знамені Юнасці"? Ён з тымі хто ва ўладзе, ці ўлада стараецца прыцягнуць такіх як ён, каб выглядаць разумнейшай? Герман
У адказе на нейкае з папярэдніх пытаньняў я ўжо згадваў, што Павел Якубовіч прыяжджаў да мяне ў Варшаву ў 1999 годзе – у найскладанейшы для мяне час. Няхай сабе тое, што ён прапанаваў тады, было для мяне непрымальным, але прыехаў ён як сябар, і мы, як сябры, пагаварылі. У Варшаве, можна сказаць, і вызначылася тое, як сталі мы жыць далей – ужо кожны паасобку. Рэальна глянуўшы на рэальнае жыцьцё – кожны так, як ён яго бачыў.
[ 24/08/2005 00:12 ]
Чаму вы сталі пісьменнікам? (Сёння не шкадуеце пра гэта?) Сяргей Алуда
Маці марыла пра тое, каб я стаў музыкантам (мне, прадаўшы карову, нават купілі былі акардэон), бацька хацеў, каб я стаў вэтэрынарам... Цяпер сядзеў бы пры карове, граў бы на акардэоне -- і не да галавы б мне былі ўлада, палітыка, дэмакратыя, дыктатура...

Але ня лёс.

Трэба слухацца бацькоў.
[ 24/08/2005 02:00 ]
Валодзь, пытанне не арыгінальнае, але... Ці будзе новы раман? Мікола Рудэнка PS. Прывітаньне ад матулі
Яшчэ ў Фінляндыі я пачаў раман “Крэматорый”. Застаўся б там – ужо дапісаў бы. Але і дома ён паціху рухаецца, адна з частак друкавалася ў “Нашай Ніве”.

Матулі таксама прывітаньне.
[ 24/08/2005 11:04 ]
Спадар Някляеў, чаму Адам Глобус паўсюдна называе вас сУчаснікам? Хіба вы яго публічна зневажалі? Юрый Глод
Глобуса я ўзяў некалі на працу ў “Крыніцу”. Адойчы за прапанаваныя ім своеасаблівыя паслугі выправіў з кабінэта. Урэшце, звольніў, публічна не зьневажаючы.
[ 24/08/2005 11:09 ]
Уладзімір, як вам удалося прывезці надмагільны камень Васіля Быкава на Беларусь, як вам удалося дамовіцца з беларускімі ўладамі, ведаючы іх стаўленне да Быкава гэта выглядае практычна немагчымым? Дзякуй вам за гэта, я чытаў у прэсе, што толькі дзякуючы вам удалося выканаць апошнюю волю Васіля Уладзіміравіча. Янка Міхаленя.
Так, гэта сапраўды выглядала практычна немагчымым. Асабліва напачатку. Але ўдалося...

Ня буду паўтарацца, як, бо напісаў пра гэта ва ўспамінах пра Васіля Быкава. Іх можна прачытаць ці ў кнізе “Наш Быкаў”, ці на сайце nekliaev.by
[ 24/08/2005 11:27 ]
Dabrydzen,kalega!Jak jano z nathnennem sionnia?Drugoe.Zdaecca,u vas dachka?Jaki ejny lios?Dze vuchycca?Z chago sami zhyviacio sionnia?Shtonam pachytac u Baradulina jak kandydata na Nobelia?Tak by movic,baradulinski ekvivalent pasternakavyh dostat chernil i plakat?
Жыцьцём жыўлюся…

У Барадуліна прачытайце хоць бы “Палыновыя санэты”.

Мне цяжка быць самім сабой, былым,
Жарсьць сватае маю сьвітанак шэры.
Я ўжо цяпер, як беспрытульны дым,
Перад якім пазачынялі дзьверы.
[ 24/08/2005 19:38 ]
А почему уехали в Польшу в 99ом? (Москва) Александр
Бо якраз у 99-м скончыліся легітымныя паўнамоцтвы Лукашэнкі як прэзыдэнта. Зь нелегітымным прэзыдэнтам у мяне як у старшыні Саюзу пісьменьнікаў непазьбежна павінны былі ўзьнікнуць праблемы.
[ 24/08/2005 19:56 ]
Як вы ставіцеся да Філарэта - патрыяршага Экзарха Беларусі?
Гэтак жа складана, як і да афіцыйнага дзяржаўнага праваслаўя.
[ 25/08/2005 08:40 ]
Як вы ставіцесь да таго факту, што ўплывывовыя пісьменьніцкіе арганізацыі ўзначальваюць некалькі не тыя людзі?Ці ўплывае гэта на ролю ўспрыняцца і аўтарытэту літаратуры ў краіне?Пры, ўсей павазе да Л.Баршчэўскага, ПЭН павінен быць ачолен іншым пісьменьнікам, бо сп.Лявон - перакладчык.Можа яму заснаваць перакладніцкаю арганізацыю?А СП, ачолены маладым, але не надта таленавітым А.Пашкевічам, таксама - вельмі сумнае ўраджаньне пакідае. Kaciarynka
Як з майго досьведу, дык амаль для кожнага чалавека іншыя людзі - “некалькі ня тыя”. Асабліва тады, калі яны ці нешта ўзначальваюць замест нас, ці наогул маюць нешта, чаго ня маем мы.

Ні да Лявона Баршчэўскага, ні да Алеся Пашкевіча як кіраўнікоў пісьменьніцкіх арганізацыяў я ня маю прэтэнзіяў.
[ 25/08/2005 11:04 ]
Чаму не зьявіўся незалежны літаратурны часопіс, які Вы зьбіраліся выдаваць?
Толькі з той прычыны, што калі я прыехаў з гэтым праектам у Беларусь, тыя структуры, якія даюць дазвол на існаваньне гэткіх праектаў, не дазволілі мне гэта зрабіць. Ну, хоць бы зарэгістраваць выданьне.
[ 25/08/2005 11:06 ]
Шаноўны сп. Уладзімер, як вы ацэньваеце зборнік "Дзень паэзіі-2005"? Такое ўражаньне, што большая частка беларускіх паэтаў, да таго ж самых таленавітых, або расстраляны, або сасланы на лесанарыхтоўкі на поўнач Беларусі. А.А.
Апошні “Дзень паэзіі” я яшчэ не пасьпеў прачытаць. Я наогул ніколі ня быў прыхільнікам такога кшталту выданьняў.
[ 25/08/2005 12:04 ]
Ад вэб-майстра: Завяршаем нашую онлайн-канфэрэнцыю.
Дзякую за пытаньні, за спатканьні - чаканыя і нечаканыя.
 галоўная
 угару