|
Уладзімер Арлоў
Нарадзіўся 25 жніўня 1953 у Полацку.
Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, удзельнічаў у самвыдатаўскіх альманахах "Мілавіца" і "Блакітны ліхтар". Першая кніга выйшла ў 1986 годзе. Аўтар больш як дваццаці кніг прозы, паэзіі, эсэ і гістарычных нарысаў. Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны (1991) , ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭH-цэнтру. З 1988 году сябра Рады "Мартыралёгу Беларусі". Пасьля ўтварэньня БНФ, 30 кастрычніка 1988 году, разам зь Зянонам Пазьняком выступіў падчас мітынгу ў Курапатах, які быў жорстка разагнаны міліцыяй.
Творы перакладзеныя на дваццаць пяць моваў. Любімыя заняткі: езьдзіць у Полацак і па ўсім сьвеце, гутарыць зь сябрамі за шклянкай чырвонага віна, сьмяяцца з таго, што сьмеху варта.
Тэма онлайнавай канфэрэнцыі — “Вільня ў гісторыі і духоўным жыцьці Беларусі”
Глядзіце канчатковы выніковы тэкст канфэрэнцыі. |
|
2003
2004
2005
2006 |
[ 03/02/2005 15:32 ] |
1. Якія вашыя творчыя пляны? |
Трымаючыся ў межах сёньняшняй тэмы, магу сказаць, што цяпер ідзе праца на кнігаю пра Вялікае Княства Літоўскае, якая стане працягам вядомага Вам, спадзяюся, выданьня “Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя”. |
[ 03/02/2005 16:47 ] |
2. Шаноўны Уладзімер, дзе на Ваш погляд сапраўдная калыска беларускай культуры - у Полацку цi ў Вiльнi. Чаму на заходнiх мапах, нават у польскiх друкуюць Vilnus, а не Vilna цi Wilno. Чаму расейцы аддалi Вiльню летувiсам, пачалi пераназоў у сваiх выданнях з Вiльно на Вiльнюс, з Коўна на Каўнас ды iнш. Цi сапраўды летувiскiя войскi ажыццявiлi захоп Вiльнi 28 кастрычнiка 1939 года, амаль праз два месяца пасля захопу Другой Рэчы Паспалiтай, як нямецка-савецкiя хаўруснiкi?
Дзякуй за адказ, А.Маслоўскi. |
Калыска - у Полацку, дзе пачыналася наша ўжо 1000-гадовая традыцыя дзяржаўнасьці. Узроўнем культуры Полацкае княства нічым не саступала іншым тагачасным раньнефэадальным дзяржавам. Згадаю, да прыкладу, славутую Полацкую школу дойлідзтва. А дзейнасьць Эўфрасіньні - самай адукаванай жанчыны 12 стагодзьдзя, бадай, ва ўсёй Эўропе.
Аднак беларускі этнас сфармаваўся ўжо ў ВКЛ, і Вільня, безумоўна, адыграла ў нашай культуры выключную ролю. Пра гэта пойдзе гаворка ніжэй, як і пра драматычныя падзеі восені 1939 году.
Што да геаграфічных назваў, дык яны адлюстроўваюць сучасныя палітычныя рэаліі. |
[ 04/02/2005 10:54 ] |
3. Уладзімер,
Чаму Беларусь страціла Вільню?
Чаму Беларусь страціла свю гістарычную назву краіны Літва?
Дзякуй. |
Гл. адказы на іншыя пытаньні. |
[ 04/02/2005 11:47 ] |
4. Вітаю Ўладзімер,
Дзякуй Вам за Вашы працы па гісторыі. Чытаць іх заўседы цікава і пазнавальна.
У інтэрнэце на гістарычных форумах ідзе віртуальная барацьба паміж беларусамі і летувісамі за гістарычную спадчыну ВКЛ. Цікава, а якія суадносіны паміж прафесійнымі гісторыкамі дзвюх краін? У чым розняцца і ў чым супадаюць погляды?
Напрыклад, погляды на гісторыю Крывога горада - Вільно - Вільнюса?
Дзякуй.
З павагай,
Зміцер
Беларускі гістарычны віртуальны клюб
www.probelarus.ru |
Погляды прафэсійных гісторыкаў Летувы і нашай нацыянальнай гістарычнай школы на праблему спадчыны ВКЛ кардынальна розьняцца. Летувісы зыходзяць з таго, што Вялікае Княства - выключна іх дзяржава, хоць у часы Вітаўта Жамойць ды іншыя землі, населеныя продкамі сучасных летувісаў, займалі меней за 1/15 частку тэрыторыі ВКЛ. |
[ 04/02/2005 12:43 ] |
5. A) Kali b tolki ad vas zalejyla hto budze Prкzidкntam u Belarusi,hto b im staw?
B) Chto samae galownae patrкbna,kab peramagshy zlashynny rкjym u Belarusi?
Touraviets Viktar,France. |
Хто будзе прэзыдэнтам, пакуль што я ня ведаю. Але калі ўявіць немагчымае, што гэта буду я, дык сваім першым указам скасую прэзыдэнцкую пасаду або надам ёй прадстаўнічыя функцыі. |
[ 04/02/2005 12:58 ] |
6. Спадар Арлоў! У зьвязку з тэмай нашай з вамі сустрэчы ў сеціве адкажыце, калі ласка, дзе ўсё ж знаходзілася летапісная Літва і паспрабуце навесьці парадак у галовах беларусаў, давёўшы ім, што Літва і наша сучасная паўночная суседка Летува -- гэта зусім розныя рэчы.
І яшчэ. Памятаю, у 1960-ыя гады на уроках гісторыі мы праходзілі "літоўскую заваёву нашых земляў". Як пракамэнтуеце гэта?
А.Храмцэвіч |
Вучоныя ня маюць агульнай думкі пра тое, дзе знаходзілася летапісная Літва. Існуе заснаванае на дадзеных летапісаў і тапанімікі меркаваньне, што яна разьмяшчалася на абшары цяперашняй Беларусі паміж Наваградкам і Менскам. Іншыя гісторыкі схіляюцца да думкі, што старажытная Літва займала тэрыторыю на паўночным захадзе сучаснай Рэспублікі Беларусь і паўднёвым усходзе сучаснай Літоўскай Рэспублікі.
Насельніцтва летапіснай Літвы большасьць вучоных лічыць зьмяшаным славянска-балцкім, а само племя літва залічаюць да балтаў. Але пераканаўчай выглядае і вэрсія, паводле якой літва, або лютва – гэта частка заходнеславянскага племя люцічаў, якое жыло паміж рэкамі Лабай і Одрай (Эльбай і Одэрам) на паўночным усходзе сёньняшняй Нямеччыны. Пасьля доўгага змаганьня зь немцамі рэшта люцічаў сапраўды магла перасяліцца на ўсход.
На працягу другога тысячагодзьдзя назва “Літва” ў розныя часы мела розны сэнс. Урэшце, ужо у 20 стагодзьдзі яна набыла тры галоўныя значэньні:
Па-першае, Літвой звалася ўсё дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае (гэтаксама, як усіх яго жыхароў, незалежна ад паходжаньня і рэлігіі, называлі ліцьвінамі, а часам літоўцамі). Выяўляючы адчуваньне свайго адзінства і дзяржаўны патрыятызм, нашыя продкі і самі з гонарам звалі сябе ліцьвінамі.
Па-другое, Літва – гэта гістарычны цэнтар ВКЛ, тэрыторыя, дзе побач мірна жылі славяне і балты, якія паступова асыміляваліся.
Па-трэцяе, назва “літва” мае этнаграфічны сэнс, адзначаючы старажытнае племя.
Праілюстраваць сказанае можна безьліччу прыкладаў.
У Масковіі ліцьвінамі або літоўцамі былі полацкія і менскія купцы, Францішак Скарына і Пятро Мсьціславец. Войска, што ня раз прыходзіла пад сьцены Масквы і амаль цалкам складалася зь беларусаў, маскоўскія летапісы таксама называлі “літоўскім”. (Гэта мэханічна паўтараюць сучасныя расейскія гісторыкі, укладаючы ў азначэньне “літоўскі” зусім іншы сэнс.)
Назва “Белая Русь”, “Беларусь” ня ёсьць для нашай краіны старажытнай. У 13-15 стагодзьдзях такое найменьне ва ўсходніх славянаў практычна ня згадвалася. Ім доўга карысталіся толькі заходнеэўрапейскія храністы і картографы, у якіх “Russia Alba” (што на лаціне азначала “Белая Русь”) знаходзілася то ў раёне вялікага Ноўгараду, то каля Белага мора, то на Доне. Гэтай праблеме, дарэчы, прысьвечанае грунтоўнае дасьледаваньне Алеся Белага “Хроніка Белай Русі”.
Найменьне “Белая Русь” больш-менш трывала замацавалася за ўсходнімі абшарамі ВКЛ толькі ў 17 стагодзьдзі, прычым Масква выкарыстоўвала гэта ў сваіх захопніцкіх мэтах.
Нават праз сто гадоў пасьля інкарпарацыі ВКЛ у склад Расейскай імпэрыі нашы заходнія землі традыцыйна называліся Літвой. “Радзіма Літва!” – зьвяртаўся да роднай Наваградзкай зямлі Адам Міцкевіч. Літвой называў родны край Кастусь Каліноўскі. “Нарадзіўся я ліцьвінам” – пісаў Тадэвуш Касьцюшка.
Тое, што Літва – спрадвечна славянскі край, добра разумелі ў Расеі. "Литва ли, Русь ли, что гудок, что гусли: все нам равно, было бы вино... да вот и оно!" – пісаў Аляксандар Пушкін у трагедыі “Барыс Гадуноў”.
У Пушкіна яшчэ ёсьць радкі:
"О чем шумите вы, народные витии?
Зачем анафемой грозите вы России?
Что возмутило вас? волнения Литвы?
Оставьте: это спор славян между собою"
Такім чынам, для Пушкіна Літва відавочна была зямлёй славянскай.
Вядомыя, дарэчы, выпадкі, калі падчас перапісу насельніцтва Беларусі, ужо пры канцы 20 стагодзьдзя, некаторыя нашыя суайчыньнікі ў афіцыйных дакумэнтах вызначалі сваю нацыянальнасьць як “ліцьвін”.
Каб падкрэсьліць нашу адметнасьць і выбіць з рук у расейскіх шавіністаў іх даўні козыр, частка дзеячаў руху за нацыянальную незалежнасьць выступала напачатку 20 стагодзьдзя за перайменаваньне краіны. Вацлаў Ластоўскі прапаноўваў назву “Крывія”. Мелі сваіх прыхільнікаў і назвы “Літва” і “Вялікалітва”. Але канчаткова была абраная і сьцьвердзілася назва Беларусь.
Падсумоўваючы, падкрэсьлю: Літва ў гістарычным сэнсе – гэта наша дзяржава, а літоўцамі і літвінамі называлі нашых продкаў. Альбо яшчэ карацей: найменьні “Літва” і “ліцьвін” на працягу некалькіх стагодзьдзяў былі назвай Беларусі і беларусаў. Таму, каб пазьбегнуць блытаніны, далей я буду сучасную суседнюю зь Беларусяй краіну называць яе саманазваю – Летува, яе жыхароў – летувісамі, а мову – летувіскай.
Памятаю, у 1960-ыя гады на уроках гісторыі мы праходзілі "літоўскую заваёву нашых земляў". Як пракамэнтуеце гэта?
Сапраўды, пачынаючы зь Сярэднявечча, існаваў міт, нібыта беларускія землі, спустошаныя і зьнясіленыя мангола-татарскай навалай, былі захопленыя літоўскімі князямі Эрдзівілам і Мінгайлам. Навука даўно высьветліла, што ў гісторыі не было ні татарскага нашэсьця на Беларусь, ні мітычных Эрдзівіла зь Мінгайла, ні самой “літоўскай заваёвы”. Аднак гэтая байка, выгадная як летувісам, так і расейцам (яны ў такім выпадку прэтэндавалі на ролю “вызваліцеляў”), аказалася жывучай і нават замацавалася ў навуковай літаратуры.
З гэтым мітам зьвязаны іншы – пра існаваньне на балцкай тэрыторыі раньнефэадальнай летувіскай дзяржавы, што як быццам была папярэдніцаю ВКЛ. Усе пошукі сьлядоў той дзяржавы – і з дапамогаю аналізаў пісьмовых сьведчаньняў, і шляхам археалягічных дасьледаваньняў – скончыліся марна.
|
[ 04/02/2005 13:10 ] |
7. Чаму вялікі князь Гедзімін перавёў сталіцу ВКЛ з Навагрудка ў Вільню? Каму верыць: летувісам, якія сьцьвярджаюць, што Вільню заснаваў сам Гедзімін, або начым айчынным "герадотам", якія лічаць вільню спрадвеку крывіцкай?
Павал, будучы Герадот :-) |
Паводле легенды, што трапіла ў некаторыя хронікі, Вільню заснаваў сам Гедзімін. Князь нібыта ўпаляваў на высокай гары тура, пасьля чаго ўбачыў сон, які паганскі вяшчун патлумачыў як знак збудаваць на гэтым месцы горад, што, маўляў, і было зроблена ў 1323 годзе.
Згаданая легенда не вытрымлівае праверкі гістарычнымі фактамі. Напраўду Вільня на тры стагодзьдзі старэйшая. Ужо ў 11 стагодзьдзі на месцы сучаснай летувіскай сталіцы існавала заснаванае крывічамі гарадзкое паселішча, што першапачаткова мела назву Крывы (або Крывіч) горад і была старадаўнім цэнтрам крывіцкай калянізацыі.
Славянскае паходжаньне мае і пазьнейшая назва – ад ракі Вільні, якая тут зьліваецца зь Вяльлёй (Віліяй).
Крывы горад быў сталіцаю ўдзельнага княства Полацкай зямлі. У ім валадарылі прадстаўнікі полацкай княскай дынастыі: у 1070 годзе – Расьціслаў Рагвалодавіч, а пазьней – ягоныя сыны. Крывы горад згадваецца ў гістарычных крыніцах яшчэ і ў 14 стагодзьдзі. Нямецкія хронікі паведамляюць, што гэта было “русінскае месца”. Што да назвы Вільня, дык яна ўпершыню сустракаецца ў грамаце, датаванай 1323 годам.
Перанясеньне сталіцы падкрэсьлівала, што Полацкая зямля набыла ў дзяржаве асаблівую вагу. Дарэчы, у часы валадараньня Гедзіміна ў Вялікім Княстве Літоўскім знаходзілася ўжо большая частка тэрыторыі сучаснай Беларусі – ад Дняпра й Дзьвіны да Заходняга Бугу.
|
[ 04/02/2005 13:12 ] |
8. Калі ласка, колькі словаў пра канфесійны склад насельніцтва Вільні ў 16-ым стагоддзі. Дзякуй.
Н.Зінчанка |
Пераважную большасьць насельніцтва нашай дзяржавы ў той пэрыяд складалі праваслаўныя. Пра гэта сьведчыць і вага праваслаўных цэркваў у агульнай колькасьці храмаў беларускіх гарадоў. Да Люблінскай вуніі 1569 году ў Наваградку, да прыкладу, было 10 цэркваў і ўсяго адзін касьцёл. Толькі ў сталічнай Вільні існавала раўнавага – 15 цэркваў і 14 касьцёлаў.
Рэлігійная талеранцыя, уведзеная яшчэ вялікім князем Гедзімінам, зьяўлялася адным з галоўных прынцыпаў дзяржаўнай палітыкі. Адрозна ад шмат якіх эўрапейскіх краінаў, ня кажучы ўжо пра Масковію, зь яе нецярпімасьцю да любога “іншадумства”, у нас вернікі розных канфэсіяў мірна ладзілі між сабой. Паміж праваслаўнымі і каталікамі, а таксама юдэямі й татара-мусульманамі, пэўная колькасьць якіх тады таксама жыла ў Вільні, ніколі не ўзьнікала значных канфліктаў.
Зазначу, што наша талерантная дзяржава і яе сталіца ў сваёй гісторыі ня ведала ані рэлігійных войнаў, ані падзеяў накшалт жудаснай “Варфаламееўскай ночы” ў Парыжы.
|
[ 04/02/2005 15:07 ] |
9. Добры дзень, спадар Уладзімер!
Некалькі год таму выйшла вельмі цікавая кніга, прысьвечаная Вільні - "Вандроўкі па Вільні" Лявона Луцкевіча. Якія іншыя кнігі аб Вільні Вы маглі б парэкамендаваць зацікаўленым беларускім чытачам? І яшчэ: дзе можна прачытаць пра гісторыю Віленскай беларускай гімназіі? Дзякуй.
З пашанай
Алесь Загорыцкі |
Кніга пра Віленскую беларускую гімназію рыхтавалася ў выдавецтве “Рунь”. Спадзяюся, што Алег Мінкін, які займаўся гэтым праектам, давядзе яго да канца.
Грунтоўную й добра ілюстраваную кнігу пра Вільню колькі гадоў таму выдаў Томас Венцлава. Чуліся, памятаю, прапановы пра яе пераклад на беларускую мову. Асабіста я – супраць. Наш чытач мусіць атрымаць кнігу пра сваю, беларускую Вільню. У Венцлава нічога гэтага практычна няма.
Чаму б ня ўзяцца за справу Сяргею Харэўскаму або Сяргею Дубаўцу, якому трэба сказаць дзякуй за “Віленскую анталёгію”, надрукаваную ў “Arche”. |
[ 05/02/2005 02:44 ] |
10. Spadar Arlou, naszyja letuviskija siabry majuc vielmi admyslovy padychod da historyi VKL - mozna j krynicy pierakladac na suczasnuju zmudzkuju movu i vydavac jak aryhinal, i hetak dalej, nie mnie Vam tlumaczyc. Bielaruskija historyki usio szukajuc praudu, tolki ci efektyuna heta, ci moza lepej, dla palapszennia 'kancavoha praduktu' - abudzennia nacyji - taksama zaniacca mitami? |
У праблеме зь Вільняй нам ня трэба займацца мітамі. Большасьць беларусаў абсалютна ня ведае яе рэальнай гісторыі, асабліва ў 20 стагодзьдзі. Гаворка ідзе пра тое, каб сьцерці велізарную "белую пляму" ў нашай гістарычнай сьвядомасьці, паведаміць факты, якія доўга знаходзіліся пад забаронай. |
[ 05/02/2005 14:29 ] |
11. Ці ёсьць пераканаўчыя доказы таго, што віленскі вялікакняскі двор у Сярэднявеччы гаварыў і пісаў па-беларуску?
Арцём з Віцебску |
Безумоўна, ёсьць. Вялікакняскі двор у Вільні зрабіўся беларускамоўным ужо ў часы Альгерда й Вітаўта. Ад моманту стварэньня ў 14 стагодзьдзі вялікакняскай канцылярыі ў ёй выкарыстоўвалася тагачасная беларуская мова, што была добра распрацаваная і магла забясьпечыць усе патрэбы жыцьця краіны. А вось мова, на якой тады размаўлялі продкі сучасных летувісаў – жамойты і аўкштоты – пісьменства яшчэ ня мела. Яно ўзьнікла тады, калі нашы продкі ўжо маглі ганарыцца разьвітай літаратурай і кнігадрукаваньнем.
Беларуская – адна з найдаўнейшых дзяржаўных нацыянальных моваў у Эўропе. Ангельская, да прыкладу, зрабілася афіцыйнай у 1362 годзе, француская – у 1400 годзе.
Па-беларуску ствараліся і выдаваліся ўсе зборы законаў дзяржавы ад Судзебніка вялікага князя Казіміра Ягайлавіча ў 1468 годзе да самага дасканалага ў Эўропе на той час Статуту 1588 году. На нашай мове гаварылі, пісалі, выдавалі граматы і прывілеі манархі і ўсе галоўныя асобы Вялікага княства. Па-беларуску пісаліся соймавыя пастановы. Не існуе ніводнага дзяржаўнага дакумэнту Вялікага Княства, які быў бы напісаны па-летувіску.
Калі ў 1920 годзе бальшавіцкі ўрад падпісаў мірную дамову зь незалежнай Летувой, тая, прэтэндуючы на гістарычную спадчыну Вялікага Княства, запатрабавала вярнуць ёй архіў вялікакняскай канцылярыі. Гэта так званая Літоўская Мэтрыка – больш за 600 тамоў разнастайных матэрыялаў, большасьць зь якіх у 19 стагодзьдзі патрапіла ў Расею.
Адзін з запрошаных экспэртаў – Мітрафан Доўнар-Запольскі – прапанаваў вярнуць летувісам усе дакумэнты на іхнай мове. Такіх у сотнях тамоў Мэтрыкі не знайшлося ніводнага.
|
[ 05/02/2005 14:31 ] |
12. Спадар Уладзімір! Ці можаце Вы намаляваць лякнічны партрэт сярэдневяковай Вільні -- сталіцы ВКЛ?
Жанна і Андрэй |
Пераважную частку насельніцтва Вільні складалі беларусы-ліцьвіны. Так было на працягу стагодзьдзяў. Паводле перапісу 1897 году, летувісаў сярод віленчукоў налічвалася ўсяго 2%.
Пра беларускі характар віленскага жыцьця ў Сярэднявеччы і ў больш позьні пэрыяд сьведчыла гарадзкая тапанімія: вуліцы Вялікая, Крывая, або Лысая гара, Зялёны мост, Траецкая, Мокрая, Вострая Брама, прадмесьце Зарэчча, Пагулянка, ...
Не выклікае сумневу беларускае паходжаньне абсалютнай большасьці службовых асобаў, згаданых у актах Віленскага магістрату: войт Вышка, бурмістры і радны Юры Нястука, Васіль Фядкевіч, Рыгор Мэка, Мікола Сяльковіч...
Апрача беларусаў і нязначнай колькасьці жмудзінаў у сталічным месьце ад Альгердавых часоў жылі габрэі і немцы. Князь Вітаўт пасяліў тут частку крымскіх татараў, якія перайшлі да яго на службу і хутка беларусізаваліся, але захавалі сваю рэлігію. У першай палове 15 стагодзьдзя вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч запрасіў сюды колькі дзясяткаў майстроў з Італіі й Польшчы.
У сталіцы, як і ўва ўсёй дзяржаве, панавала нацыянальная і рэлігійная талеранцыя.
У Вільні знаходзілася рэзыдэнцыя вялікіх князёў і ўсе галоўныя дзяржаўныя органы і ўстановы. Тут звычайна засядала вялікакняская Рада, найчасьцей праводзіліся паседжаньні Сойму, падпісваліся міжнародныя дамовы.
Пасьля Гарадзельскай вуніі 1413 году Вільня зрабілася адначасова цэнтрам Віленскага ваяводзтва , куды напачатку ўваходзілі велізарныя абшары ад Вількаміра на поўначы да Рэчыцы і Чачэрску на поўдні.
У Вільні ад 1416 году знаходзілася рэзыдэнцыя праваслаўнага мітрапаліта ВКЛ.
У 1492 годзе пачаў дзейнічаць Віленскі манэтны двор. Дарэчы, на ўсіх манэтах нязьменна адціскаўся дзяржаўны герб – “Пагоня”.
Магдэбурскае права, якое Вільня, першая зь беларускіх гарадоў, атрымала ў 1387 годзе, прычынілася да росквіту рамёстваў і гандлю. Два разы на год у Вільні віравалі велізарныя кірмашы, куды зьяжджаліся купцы зь дзесяткаў краінаў і гарадоў. У горадзе існавалі Нямецкі і Маскоўскі гандлёвыя двары. Віленскіх майстроў больш чым 100 спэцыяльнасьцяў аб’ядноўвалі 20 рамесьніцкіх цэхаў.
На пачатку 16 стагодзьдзя наша сталіца ўражвала замежных паслоў і падарожнікаў эўрапейскай пляніроўкаю, велічнымі храмамі і раскошнымі палацамі Радзівілаў, Хадкевічаў, Астрожскіх, Сапегаў, Кішкаў ды іншых беларускіх арыстакратаў.
Памерам Вільня была роўная Кракаву з усімі яго прадмесьцямі. У горадзе налічвалася больш за 100 двух- і трохпавярховых мураваных будынкаў. Разам з нашымі ў Вільні працавалі архітэктары, запрошаныя зь Нямеччыны, Галяндыі, Італіі. Тады ўжо дзейнічаў першы гарадзкі вадаправод з драўлянымі трубамі.
Вільня была адным з эўрапейскіх культурных цэнтраў. У 1579 годзе адбылося заснаваньне Віленскай акадэміі, што мела ўнівэрсытэцкі статус.
Францішак Скарына выдаў у Вільні першыя ў ВКЛ друкаваныя кнігі. Ягоную справу працягвалі тут Пятро Мсьціславец, Кузьма, Лукаш і Лявон Мамонічы. Пры вялікімі князі Жыгімонце Аўгусьце ў Вільні адчынілася бібліятэка і карцінная галерэя.
Сталіцу нашай дзяржавы наведвалі шмат якія выдатныя дзеячы эўрапейскай культуры. У 1413 годзе вялікі князь Вітаўт з пашанаю прыймаў у Вільні паплечніка Яна Гуса магістра Гераніма Пражскага, які цэлы год свабодна пашыраў у нашай краіне гуманістычныя ідэі гусітаў.
У сярэдзіне 16 стагодзьдзя Вільня мела больш за 20 тысяч жыхароў і ўва ўсёй дзяржаве саступала толькі Полацку.
|
[ 05/02/2005 14:32 ] |
13. Ці не перабольшваюць нашы (і літоўскія) гісторыкі значнасьць Віленскай акадэміі?
Студэнт БДУ |
Думаю, што не перабольшваюць.
Напачатку Віленская alma mater мела тэалягічны і філязофскі факультэты, а з 1641 году і юрыдычны. Студэнтамі, як і выкладчыкамі, былі пераважна выхадцы зь беларускіх земляў.
У розны час тут чыталі лекцыі славуты паэт, філёзаф і тэарэтык літаратуры Мацей Казімір Сарбеўскі (ягоныя кнігі аздабляў Рубэнс), вядомы ў Эўропе знаўца рыторыкі Жыгімонт Лаўксьмін, астраном і асьветнік Марцін Пачобут-Адляніцкі ды шмат якія іншыя знакамітыя вучоныя, пэдагогі й дзеячы мастацтва. Многія зь іх, да прыкладу, Сарбеўскі, самі былі выхаванцамі Акадэміі. Сярод знаных яе выпускнікоў – пісьменьнік і філёляг Мялет Сматрыцкі; пэдагог, пісьменьнік і асьветнік Сімяон Полацкі; філёзаф Марцін Сьміглецкі; архітэктар Лаўрын Гуцэвіч...
Адчыненая ў 1586 годзе акадэмічная друкарня выдавала на некалькіх эўрапейскіх мовах падручнікі, слоўнікі, тэалягічную, філязофскую, юрыдычную літаратуру, гістарычныя дасьледаваньні, мастацкія творы... З друкарняй супрацоўнічалі славутыя беларускія гравёры Тамаш Макоўскі, Аляксандар і Лявон Тарасэвічы.
У першай палове 16 стагодзьдзя якасьцю навучаньня Віленская акадэмія не саступала суседнім унівэрсытэтам у Караляўцы (Кёнігсбэргу) і Кракаве, або ў Ляйпцыгу. Паводле зьвестак акадэмічнага архіву, за час існаваньня наша alma mater надала вучоныя ступені 4076 сваім выпускнікам. |
[ 05/02/2005 14:34 ] |
14. Наколькі правамерна лічыць, што ў 1812 годзе Вільня вярнула сабе стату сталіцы ВКЛ?
К. Семяновіч |
Вільня радасна вітала Напалеона ўжо праз чатыры дні пасьля таго, як ягоная Вялікая армія перайшла Нёман. Першымі ў горад пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ўвайшоў уланскі полк князя Дамніка Радзівіла. Ня менш урачыстая сустрэча была, дарэчы, наладжаная ў Менску маршалу Даву.
Нашы землі афіцыйна называліся “вызваленымі ад расейскага прыгнёту”. Напалеон абвясьціў пра аднаўленьня Вялікага Княства Літоўскага са сталіцай у Вільні. Яно складалася з Гарадзенскай, Віленскай, Менскай губэрняў і Беластоцкай вобласьці, перайменаваных у дэпартамэнты. Ваенная ўлада ў Княства належала францускаму генэрал-губэрнатару, грамадзянская – Часоваму ўраду. Ягоныя камітэты ўзначалілі вядомыя ў краіне дзеячы: граф Юзаф Серакоўскі, князь Аляксандар Сапега, рэктар Віленскага ўнівэрсытэту Ян Снядэцкі...
Аднак валадара Эўропы мала цікавіла рэальнае адраджэньне нашай дзяржавы. За абяцаньне аднавіць незалежнасьць Напалеон вымагаў 100-тысячнага войска і велізарных паставак фуражу й харчу. Сяляне не дачакаліся вызваленьня ад прыгону.
У сьнежні Вялікае Княства Літоўскае, якое трымалася на францускіх штыхах, спыніла існаваньне. Часовы ўрад пакінуў Вільню і яшчэ каля году працаваў у Варшаве, Кракаве і Дрэздэне, спадзеючыся, што Напалеон распачне новую кампанію ў Расеі.
Часта ліцьвінскіх палкоў Вялікай арміі, у якіх налічвалася 25 тыс. нашых суайчыньнікаў, была разьбітая, частка адступіла і змагалася за чужыя інтарэсы. За чужую Айчыну ваявалі і некалькі дзесяткаў тысяч ліцьвінаў, найперш паднявольных рэкрутаў, што служылі тады ў расейскім войску. |
[ 06/02/2005 12:21 ] |
15. Шаноўны спадар Арлоў,
Па адукацыі я лінгвіст, але вельмі цікаўлюся арханталёгіяй - гісторыяй уладароў, палітычных дзеячоў, кіруючых ворганаў, гістарычных кіруючых пасад розных дзяржаваў, але перш за ўсё Беларусі. Мной складзены падрабязны спіс кіраўнікоў Беларусі пачынаючы з Полацкага княства да нашых дзён, з датамі кіраваньня і жыцьця, а калі было магчыма - і з партрэтамі нашых уладароў. Але ўсё ж такі застаюцца некаторыя няяснасьці. Дзе можна было б знайсьці болей інфармацыі аб гэтым, перш за ўсё пра раньні перыяд ВКЛ (1263 - 1315), аб кіраўніках у перыяды міжуладдзя ў ВКЛ, а таксама з 1918 па 1920 гады? Якую літаратуру ці, можа, вартыя даверу сайты ў Сеціве Вы б параілі?
Вялікі дзякуй наперад.
З павагай,
Даніла Ўладамірскі |
Дарагі Даніла, патэлефануйце мне, калі ласка, пры канцы тыдня на менскі нумар, які атрымаеце зьвярнуўшыся на Свабоду (229-22-71). |
[ 06/02/2005 22:04 ] |
16. Чаму летувісцы і ў савецкія часы інакш ставіліся да гістарычнай спадчыны, чым беларусы?Гэта заганы нашай гістарычнай адукацыі, ці нешта іншае?
Kaciarynka, Mensk |
Апрача ўсяго іншага, я б адзначыў наступны момант. У адказ на лаяльнасьць летувіскіх камуністаў і інтэлігенцыі (шмат яе дэпартаваных прадстаўнікоў вярнуліся пасьля сьмерці Сталіна на радзіму) Масква, па сутнасьці, дазволіла ў Летуве побач з камуністычнай і нацыянальную ідэалёгію. Не было аніякіх пярэчаньняў таму, што спадчына ВКЛ абвяшчалася выключна летувіскай, а Вільня – спрадвечна летувіскім горадам. За савецкім часам у Летуве выйшлі сотні навуковых і навукова-папулярных выданьняў, дзе такія падыходы ўсяляк прапагандаваліся і абгрунтоўваліся. Да прыкладу, у кнізе “Lietuvos piles” (“Летувіскія замкі”) да іх былі аднесеныя Наваградзкі, Мірскі, Лідзкі, Полацкі ды дзясяткі іншых беларускіх замкаў. Рабіліся спробы залічыць у лік выдатных дзеячаў летувіскай культуры нават Ф. Скарыну. |
[ 07/02/2005 00:12 ] |
17. Спадар Уладзімер, дазвольце, калі ласка, задаць адразу некалькі пытанняў.
З Вашага інтэрв’ю, змешчанага на сайце www.svitanak.lv, ведаю, што зараз Вы працуеце над новай кнігай аб Вялікім Княстве Літоўскім. Ці адведзена Вамі ў ёй нейкае асобнае, вялікае месца Вільні, як нашай былой сталіцы з мэтай часткова вярнуць і гэткім чынам, нам, беларусам, нашую адабраную гісторыю, што так удала “прыватызавалі” сабе летувісы? Дзякуй вялікі за Вашыя кнігі, якія ўсе“вяртаюць” нам гэтую гісторыю.
Ці падчас Вашага знаходжання ў Вільні маеце Вы асабіста адчуванне, што знаходзіцеся менавіта ў беларускім горадзе, як у Полацку, напрыклад, ці Гародні?
Дзякую,Таццяна |
Дарагая Тацяна!
У гэтай кнізе, якая будзе працягам ранейшага выданьня “Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя” Вільні адведзена блізу 20 разьдзелаў. Сярод іх і тыя, дзе разглядаецца лёс Вільні у 20 стагодзьдзі.
Каб, знаходзячыся ў Вільні, адчуць сябе ў беларускім горадзе, мне трэба, скажам так, “уключаць гістарычную падсьветку”.
Але ня будзем забываць, што горад меў унікальную культурную прастору, створаную некалькімі народамі. Гэтая прастора за савецкім часам мэтанакіравана разбуралася летувіскімі ўладамі з дазволу Масквы. |
[ 07/02/2005 11:45 ] |
18. Як Вы ставіцеся да магчымасьці напісаньня падручніка па гісторыі ВКЛ беларускімі навукоўцамі-гісторыкамі сумесна з летувіскімі калегамі. Ці былі такія спробы? Што можа перашкодзіць такой справе? Дзякуй. |
Гэтай справе перашкаджаюць, па сутнасьці, супрацьлеглыя погляды нашых і летувіскіх гісторыкаў на найважнейшыя праблемы гісторыі ВКЛ. |
[ 07/02/2005 14:17 ] |
19. Можа вы ведаеце нешта пра віленкскіх масонаў ды іхні ўдзел у вызвольнай барацьбе супроць расейскага панаваньня. ДЗякуй.
Л.Гіль |
Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай ды інкарпарацыі беларускіх земляў у склад царскай імпэрыі Вільня нязьменна заставалася цэнтрам патрыятычна-вызвольнага руху. У былой сталіцы ўзьніклі на пачатку 1820-х гадоў таемныя таварыствы філяматаў і філарэтаў, створаныя студэнтамі Віленскага ўнівэрсытэту Тамашом Занам, Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам ды іхнімі сябрамі. Пазьней зь ініцыятывы студэнта Віленскай мэдычна-хірургічнай акадэміі Францішка Савіча там утварылася “Дэмакратычнае таварыства”. У Вільні меў цэнтральную сядзібу нелегальны “Братні Саюз літоўскай моладзі”, вядомы яшчэ як “Саюз свабодных братоў”.
Масоны, безумоўна, істотна ўплывалі на дзейнасьць патрыятычных арганізацыяў. У першыя дзесяцігодзьдзі 19 ст. на абшары колішняга Вялікага Княства налічвалася блізу пятнаццаці масонскіх ложаў, куды ўваходзілі сотні “вольных муляроў”, як яшчэ называлі масонаў. Братамі віленскай ложы “Руплівы ліцьвін” былі такія вядомыя асобы, як філёзаф Анёл Доўгірд, мастак Ян Рустэм, кампазытар Ян Голанд. Прэзыдэнт таварыства філарэтаў Тамаш Зан быў сябрам іншай віленскай ложы -- “Школа Сакрата”. Ёю кіраваў пісьменьнік Ян Ходзька, пазьней зьняволены за сувязь з філяматамі. У той самы час больш за 200 “братоў” зьбірала на таемныя паседжаньні менская ложа “Паўночная паходня”, блізу 150 – нясьвіская “Сьвятыня спакою”... Аднак у 1823 г. Выйшаў указ імпэратара Аляксандра 1 пра забарону ўсіх масонскіх ложаў.
Праблема масонскага руху ў Вільні і наогул у Літве-Беларусі яшчэ чакае свайго дасьледніка.
|
[ 07/02/2005 14:20 ] |
20. Добры дзень! Адкажыце, калі ласка на наступные пытаньні:
1) Што вы можаце сказаць пра Вільню ў часе паўстаньня 1831 году?
2) Як бы вы акрэсьлілі коратка такую тэму: Вільня і нацыянальнае адраджэньне пачатку 20-га стагодзьдзя?
3) Чаму ў летувісаў на пачатку 20-га стагодзьдзя атрымалася, а ў беларусаў -- не?
НН |
1) Найбольш актыўна баявыя дзеяньні інсургенты разгарнулі тады якраз на Віленшчыне. У Ашмянскім, Браслаўскім, Дзісенскім і Вілейскім паветах колькасьць паўстанцаў дасягнула 10 тысяч, а ўсяго на землях колішняга ВКЛ узялі ў рукі зброю каля 35 тыс. патрыётаў.
Напачатку яны атрымалі некалькі перамогаў. 3-тысячны шляхецка-сялянскі аддзел заняў і колькі дзён утрымліваў Дзісну. На памежжы Віленскай і Віцебскай губэрняў пасьпяхова ваяваў паўстанцкі аддзел, створаны маладой графіняй Эміліяй Плятэр – беларускай фальклярысткай і паэткай, якая за мужнасьць у баях атрымала званьне капітана.
Вільня апынулася ў паўстанцкай блякадзе, але ўзяць горад не ўдалося. У чэрвені 1831 г. На Панарскіх гарах пад Вільняй аб’яднаныя сілы інсургентаў прайгралі бітву выдатна ўзброенаму і вымуштраванаму 25-тысячнаму рэгулярнаму расейскаму войску. Карнікі страцілі там 365 салдатаў і афіцэраў. Дакумэнтаў аб нашых палеглых не захавалася.
Як бы вы акрэсьлілі коратка такую тэму: Вільня і нацыянальнае адраджэньне пачатку 20-га стагодзьдзя?
Тэма сапраўды бязьмежная, бо Вільня была агульнапрызнанай сталіцаю Адраджэньня. Невыпадкова няма іншага гораду, пра які ў беларускай літаратуры было б напісана столькі твораў. Вільню ўзьнёсла называлі “крывіцкай Мэккай” і “беларускім Сыёнам”. Зь Вільняй непарыўна зьвязаная неўміручая “Пагоня” М. Багдановіча.
Нагадаю, што аднымі з пачынальнікаў нашага нацыянальнага руху сталі выхадцы зь сем’яў вуніяцкіх сьвятароў прафэсары Віленскага ўнівэрсытэту Міхал Баброўскі і Ігнат Даніловіч, якія выступілі супраць вялікадзяржаўных расейскіх і польскіх тэндэнцыяў.
Вільня была цэнтрам кіраўніцтва паўстаньня 1863 г. , а ягоны правадыр К.Каліноўскі быў прыхільнікам стварэньня ў будучым на землях былога ВКЛ дэмакратычнай рэспублікі, незалежнай ні ад Польшчы, ні ад Расеі.
Але зьвернемся да пачатку 20-ага стагодзьдзя.
Вось толькі некалькі вехаў, пра якія Вы пытаеце.
Увосень 1906 г. У Вільні пачала выходзіць “Наша Доля” – першая легальная беларуская газэта. Пад ціскам цэнзуры яна спыніла сваё існаваньне, але 23 лістапада таго ж 1906 г. выйшаў першы нумар беларускага тыднёвіка “Наша Ніва”. Гэтаму выданьню належаць велізарныя заслугі ў задзіночаньні усіх нацыянальных сілаў.
У 1910 г. “Наша Ніва” з нумару ў нумар друкавала “Кароткую гісторыю Беларусі” Вацлава Ластоўскага, якога называюць неадменным сакратаром Адраджэньня”.
У 1913 г. у Вільні заснаванае “Беларускае выдавецкае таварыства”.
Падчас Першай сусьветнай вайны браты Іван і Антон Луцкевічы разам з В. Ластоўскім выступілі з прапановай аднавіць Вялікае Княства Літоўскае са сталіцай у Вільні, аднак гэтая ідэя не знайшла падтрымкі ў дзеячоў летувіскага руху.
Чаму ў летувісаў на пачатку 20-га стагодзьдзя атрымалася, а ў беларусаў -- не?
Нацыянальны рух летувісаў – нашчадкаў балцкай меншасьці ВКЛ – пасьля паўстаньня 1863 г. адбываўся ў значна больш спрыяльных умовах. Расейскія ўлады вырашылі падтрымаць яго ў супрацьвагу моцным пазыцыям палякаў.
Летувіскую мову Пецярбург зрабіў моваю навучаньня ў Марыямпальскай дзяржаўнай вышэйшай вучэльні, якая стала цэнтрам падрыхтоўкі летувіскай эліты. У той самы час выкладаньне па-беларуску ў школах усіх узроўняў знаходзілася пад забаронай.
Якраз выпускнікі Марыямпальскай вучэльні Вінцас Кудзірка і Ёнас Басанавічус сталіся “бацькамі” летувіскага адраджэньня канца 19-пачатку 20 ст. Яны стварылі міт пра ВКЛ як выключна “літоўскую” (летувіскую) дзяржаву. Зь ім не стасавалася ніводная гістарычная крыніца, але гэты міт атрымаў шырокае распаўсюджваньне і стаў падмуркам для адбудовы летувіскамоўнай Літвы. Каб пазбавіць беларусаў гістарычнай пэрспэктывы, царская адміністрацыя не пярэчыла таму, што ўсю нашу гісторыю прывязвалі да нашчадкаў жамойцкіх плямёнаў, якія некалі займалі менш за 1/15 частку тэрыторыі Вялікага Княства.
Дасьледнік гэтай праблемы сучасны амэрыканскі гісторык Тыматы Снайдэр піша, што ажыцьцявіць такую “прыватызацыю” нашым паўночным суседзям дапамагло сацыяльнае паходжаньне іхніх “абуджальнікаў нацыі”. Першае пакаленьне інтэлігентаў-летувісаў складалі ксяндзы і настаўнікі – дзеці заможных сялянаў. Ім, на думку Снайдэра, вельмі лёгка было, замоўчваючы або ігнаруючы гістарычныя факты, збудаваць “монаэтнічную інтэрпрэтацыю гісторыі Літвы”, дзе беларусам проста не засталося месца. З другога боку, першае пакаленьне беларускіх дзеячаў складалася з прадстаўнікоў шляхты – “палітычнага народу” Вялікага Княства, якім ужо само паходжаньне і шляхецкі кодэкс не дазвалялі займацца відавочнай хлусьнёй.
Надзвычай важным стаўся моўны фактар. Наша мова была забароненая як мова асьветы і друку, але нават крыху адукаваны ліцьвін-беларус мог з прычыны адноснай блізкасьці моваў карыстацца расейскім ці польскім тэкстам. Летувіская ж мова, наадварот, як вядома, вельмі розьніцца ад славянскіх. Тым болей, кнігадрукаваньне па-летувіску пасьля паўстаньня 1863 г. расейскія ўлады, хоць і кірылічным шрыфтам, але дазволілі.
Апрача таго, калі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай усе беларускія землі ўрэшце апынуліся ў Расейскай імпэрыі, летувісы мелі замежную базу для забесьпячэньня свайго нацыянальнага руху. У склад Прусіі трапіла гэтак званая “малая Літва”, дзе ў спрыяльных для разьвіцьця ўласнай культуры ўмовах жыло 100 тыс. балтаў. Гэта давала магчымасьць кантактаў з Эўропай, магчымасьць пашырэньня ў сьвеце зьвестак пра свае нацыянальныя патрэбы. Невыпадкова ў 1918 годзе нямецкая падтрымка была вырашальнай у стварэньні Летувіскай дзяржавы са сталіцай у Вільні, дзе, паводле перапісу насельніцтва 1897 г. летувісаў налічвалася меней 2%.
Дадамо, што міт пра ВКЛ як летувіскую дзяржаву нашы паўночныя суседзі здолелі пасьпяхова ўкараніць у міжнародную гістарыяграфію. |
[ 07/02/2005 14:21 ] |
21. Szanouny spadar Uladzimir! Ci mozhna liczyc' Vil'nju stalicaj Zahodniaj Bielarusi? |
Гл. адказ на пытаньне №39. |
[ 07/02/2005 14:24 ] |
22. Як усё ж адбылася страта нашага беларускага Сыёну?
Ці праўда, што існавала магчымасьць вярнуць Вільню ў 45-ым?
Беларуская прысутнасьць у Літве (сучаснай)... якая яна? Дэкаратыўная ці рэальная?
Марта |
19 верасьня 1939 г. на трэці дзень гэтак званага “вызваленчага паходу” Чырвонай Арміі ейныя часткі увайшлі ў Вільню. Адметна, што горад адназначна ўспрымаўся беларускім ня толькі нашымі нацыянальнымі коламі, але на самых розных узроўнях. У зводцы савецкага Генштабу за 19 верасьня паведамлялася: “На поўначы – у Заходняй Беларусі – пасьля “двухгадзіннага бою нашы войскі занялі Вільню”. Узбуйненьня рэспублікі за кошт Віленшчыны чакалі ў БССР і камуністы. Тым больш, што Камінтэрн у свой час вызначыў, што Заходняя Беларусь уключае ў сябе таксама Вільню і Віленскі край.
Яшчэ 15 верасьня 1939 г. У НКВД БССР адбылося пасяджэньне, дзе Вільня разглядалася як “частка былых польскіх земляў, якія трэба далучыць да Беларускай ССР” (НКВД, вядома, вырашаў уласную задачу – “ізаляцыю” заходнебеларускіх, у тым ліку і віленскіх “ворагаў савецкай улады”).
Цэнтральныя менскія газэты ў другой палове верасьня выйшлі пад лёзунгамі “Вільня – зноў беларуская!” . У савецкіх выданьнях, прычым ня толькі ў БССР, друкаваліся артыкулы, дзе даводзіліся гістарычныя правы Беларусі на Вільню і тлумачылася, што Вялікае Княства Літоўскае было беларускай дзяржавай.
Вільняй і Віленшчынай у тыя тыдні кіравалі пасланцы зь Менску. Была створаная Віленская вобласьць. Беларускую мову прызналі афіцыйнай. На ёй, як і ў іншых абласных цэнтрах Беларусі, пачала выходзіць газэта “Віленская праўда”, якая з нумару ў нумар зьмяшчала матэрыялы аб гістарычным праве беларускага народу на Вільню і Віленскі край. У гарадах і мястэчках краю праходзілі мітынгі, дзе прымаліся рэзалюцыі пра ўваходжаньне ў склад БССР. Самы грандыёзны ва ўсёй Заходняй Беларусі мітынг адбыўся ў Вільні. На Лукішскім пляцы сабралася 75 тыс. гараджанаў – траціна ўсяго насельніцтва.
На Віленшчыне ішла падрыхтоўка да выбараў у беларускі парлямэнт – Нацыянальны сход. У той атмасфэры энтузіязму нават нарадзіліся чуткі пра перанясеньне зь Менску ў Вільню сталіцы БССР.
Летувіскае насельніцтва Вільні ў 1939 г. складала блізу 1,5 %. Аднак горад заставаўся ў складзе Беларусі ўсяго 40 дзён.
28 верасьня Масква і Бэрлін падпісалі новы сакрэтны пратакол, які быў дадаткам да пакту Молатава-Рыбэнтропа. Немцы павінны былі пакінуць захопленыя імі Берасьцейскую фартэцу і Берасьце (Брест), дзе за некалькі дзён да гэтага адбыўся супольны ўрачысты парад савецкіх і гітлераўскіх войскаў. СССР адмаўляўся на карысьць немцаў ад цэнтральнапольскіх земляў, але атрымліваў узамен Летуву і Вільню, што першапачаткова знаходзіліся ў “сфэры ўплыву” Нямеччыны.
За падзеямі уважліва сачылі ў пакуль яшчэ незалежнай Летуве са сталіцаю ў Каўнасе. На самым пачатку Другой сусьветнай вайны там не пагадзіліся з прапановаю немцаў – Вільня ў абмен на дапамогу ў баявых дзеяньнях на тэрыторыі Польшчы. Супраць былі б Брытанія і Францыя, а магчыма, і Савецкі Саюз. Як піша амэрыканскі гісторык Тыматы Снайдэр, летувіскі ўрад “разьлічваў, што ў кароткатэрміновай пэрспэктыве нямецкая ўлада будзе горш за савецкую, у сярэднетэрміновай – што СССР выйдзе пераможцам у будучай вайне з Нямеччынай, а ў доўгатэрміновай – што калі за Вільню давядзецца заплаціць незалежнасьцю, то лепей заключыць такое пагадненьне з Савецкім Саюзам”.
Як толькі чырвонаармейцы захапілі Вільню, летувіскі прадстаўнік у Маскве зьвярнуўся да савецкіх уладаў з просьбай перадаць горад Летуве. Тады ад гэтага звароту проста адмахнуліся, але сытуацыя імкліва мянялася. 1 кастрычніка летувіскі міністар замежных справаў Юозас Урбшыс даведаўся пра зьмены сфэраў уплыву і пра тое, што за Вільню трэба будзе разьлічвацца прысутнасьцю 20 - тысячнага кантынгенту савецкіх войскаў у Летуве. Масква нават не палічыла патрэбным паведаміць аб гэтым у Менск, што лішні раз падкрэсьлівае марыянэткавы характар так званай беларускай савецкай дзяржавы.
10 кастрычніка 1939 г. СССР падпісала пагадненьне, згодна зь якім Віленшчына пераходзіла Летуве. У той самы дзень газэта “Зьвязда” апублікавала шэраг карэспандэнцыяў зь Вільні. У адной зь іх паведамлялася, як віленчукі рыхтуюцца да выбараў у Народны Сход Заходняй Беларусі. Адметна, што савецка-летувіскае пагадненьне не публікавалася, пакуль Вярхоўны Савет СССР не задаволіў просьбу згаданага Народнага Сходу пра далучэньне “вызваленых земляў” да БССР. Толькі 1 лістапада беларусы даведаліся, што савецкі ўрад адарваў ад Заходняй Беларусі і перадаў Літуве 7.120 кв.км з 457 000 жыхароў.
СССР атрымаў права разьмясьціць у Летуве свае вайсковыя базы, а ўлетку 1940 г. захапіў усю краіну разам з дзьвюма астатнімі балтыйскімі рэспублікамі – Латвіяй і Эстоніяй.
Каб зьмякчыць незадаволенасьць ужо акупаванай Летувы, урад Сталіна праявіў новы” клопат” – перадаў ёй у лістападзе 1940 г. яшчэ 2,6 тыс. кв. км. Памежнай тэрыторыі БССР. Разам з прылеглымі населенымі пераважна беларусамі землямі ад нашай рэспублікі былі адарваныя гарады Сьвянцяны (цяпер Швянчоніс), Салечнікі (сучасны Шальчынінкай) і славуты курорт Друскенікі (Друскенінкай).
Перадача Вільні і Віленшчыны сталася нашай найцяжэйшай нацыянальнай стратай. Па-першае, гэта адрывала ад беларускай нацыянальнай ідэі паўмільёна беларусаў. Па-другое, як абсалютна слушна адзначае Т. Снайдэр, Крэмль, ігнаруючы гістарычныя факты, падтрымаў прэтэнзіі Летувы на тое, што менавіта яна, а не Беларусь выступала спадкаемніцай магутнай эўрапейскай дзяржавы. У выніку, паколькі адбылося “зьліцьцё старой палітычнай назвы і новага этноніму “Летува”, зьнікала сувязь паміж сучаснай Беларусьсю і Вялікім Княствам Літоўскім.
Калі 28 кастрычніка 1938 г. на віленскіх вуліцах зьявіліся летувіскія вайскоўцы з корпусу генэрала Віткаўскаса, яны адчулі сапраўдны шок. Іхняй мовы тут ніхто не разумеў. Ніхто не вітаў іх – наадварот, шмат хто ўспрымаў прыхадняў як акупантаў. Выхаваныя ў адпаведным духу летувісы, як занатоўваў у дзёньніку адзін зь іх афіцэраў, “замест казачнай князёўны ўбачылі вуліцы чужога невядомага гораду, дзе размаўлялі на чужой мове”.
29 кастрычніка пасьля ўрачыстай цырымоніі ўзьняцьця летувіскага сьцягу на гары Гедзіміна ў гарадзкім садзе выступіў генэрал Віткаўскас. Ён казаў пра “радасьць летувіскага народу ў сувязі з далучэньнем Вільні”. Нешматлікая публіка напружана ўслухвалася ў гукі незнаёмай мовы. Генэрала разумелі толькі ягоныя падначаленыя –вайскоўцы ды ўведзеная ў горад летувіская паліцыя.
Перадача этнічнай беларускай тэрыторыі Віленшчыны і Вільні ў склад Летувы была вынікам злачыннай змовы паміж сталінскім СССР і гітлераўскай Нямеччынай, якія пайшлі на такі крок, кіруючыся выключна сваімі імпэрскімі інтарэсамі. Віленскі край стаў першай тэрытарыяльнай стратай Беларусі ў Другой сусьветнай вайне.
У Літ.ССР, як і наогул у Савецкім Саюзе, згадваць пакт Молатава-Рыбэнтропа забаранялася. Напярэдадні распаду СССР на мітынгах і дэманстрацыях Летувы характарызавалі яго як нацыянальную трагедыю. Пры гэтым замоўчвалася тое, што менавіта дзякуючы змове Сталіна і Гітлера Летува атрымала сваю цяперашнюю сталіцу.
"Ці праўда, што існавала магчымасьць вярнуць Вільню ў 45-ым?"
У ліпені 1944 г. савецкія войскі пры падтрымцы польскіх аддзелаў выбілі немцаў зь Вільні. Пра свае прэтэнзіі на горад заявілі палякі. Летувісы, натуральна, лічылі, што Віленшчына мусіць належыць ім, але былі вельмі ўстрывожаныя. Гераічны супраціў беларусаў нацысцкай акупацыі (разам зь велізарнымі чалавечымі ды эканамічнымі стратамі) ды, з другога боку, масавы калябарацыянізм летувісаў давалі падставы для перагляду лёсу Вільні і Віленшчыны. Але Сталін палічыў, што больш выйграе, калі пакіне горад летувісам, і аднавіў Літ.ССР са сталіцай у Вільні. Пра гэта можна прачытаць ва ўспамінах пісьменьніка Юстаса Палецкіса (тады – Старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета Літ. ССР), які ў складзе летувіскай ўрадавай дэлегацыі трапіў на прыём да Сталіна. “Мы меркавалі, пра будучыню Вільні, баючыся, што яна нам не дастанецца. Сядзім. Маўчым... Сталін кажа: “Ну што прыціхлі?”. Мы не адважыліся сказаць. А ён гаворыць: “Я думаю, што мяжа павінна прайсьці вось так” – і пазногцем правёў па мапе. Тады мы, ўзрадаваныя (Вільня з нашага боку!), падаліся да мапы, каб тое-сёе падправіць... Так і здабылі Вільню...”
Беларусь – адзіная краіна-пераможца ў Другой сусьветнай вайне, якая – вось сумны і горкі парадокс! – панесла вялікія тэрытарыяльныя страты. Апрача перададзенай Летуве Віленшчыны, у жніўні 1945 года Масква пры поўнай бездапаможнасьці беларускіх уладаў падаравала “польскім таварышам” амаль усю Беластоцкую вобласьць, а таксама два раёны (Кляшчэльскі і Гайнаўскі) Берасьцейскай вобласьці. У 1950 г. адбылося яшчэ адно “удакладненьне мяжы”, калі на карысьць Польшчы перадалі шэраг беларускіх паселішчаў, у тым ліку і родную вёску К.Каліноўскага Мастаўляны.
Беларуская прысутнасьць у сучаснай Летуве. Якая яна? Дэкаратыўная ці рэальная?
У савецкай Летуве усё беларускае асяродзьдзе ў Вільні было зьнішчанае.
Некалькі дзесяцігодзьдзяў віленскія беларускія дзеячы, якія ацалелі пасьля рэпрэсіяў і вярнуліся на радзіму з сталінскіх лягераў і выселак, вымушаныя былі падтрымліваць паміж сабой выключна асабістыя кантакты. “Цэнтрамі прыцягненьня” былі пісьменьніца Зоська Верас, мастак Пётра Сергіевіч, сыны Антона Луцкевіча Лявон і Юрка...
Паводле дадзеных перапісу 1989 г. у Летуве жыло 63 тыс. беларусаў. Пасьля расейцаў і палякаў яны займалі трэцяе месца сярод нацыянальных меншасьцяў, але, адрозна ад дзьвюх першых, доўгі час былі пазбаўленыя як права навучацца на роднай мове, так і астатніх праяваў культурнай аўтаноміі.
Толькі пры канцы 1980-х гадоў, калі ў СССР набраў сілу працэс палітычнай лібэралізацыі, сытуацыя пачала мяняцца. Сярод першых грамадзка-культурніцкіх арганізацыяў ўтварылася Таварыства беларускай культуры ў Летуве і клюб “Сябрына”. У чэрвені 1989 г. У Вільні адбыўся Устаноўчы зьезд БНФ.
Беларусы Віленшчыны бралі чынны ўдзел у змаганьні за аднаўленьне незалежнасьці Летувы, у тым ліку ў вядомай абароне Віленскага тэлецэнтру ад савецкіх войскаў. Дзесяць нашых суайчыньнікаў, у тым ліку мастакі Алег Аблажэй і Крысьціна Балаховіч, а таксама літаратар і журналіст Сяргей Дубавец за праяўленую тады мужнасьць узнагароджаныя мэдалямі Летувіскай Рэспублікі.
У 1991 г. у Вільні было адноўленае выданьне газэты “Наша Ніва”. Беларусы Летувы маюць газэту “Рунь” і аднайменнае выдавецтва.
У 1993 годзе адчыненая Віленская беларуская сярэдняя школа імя Ф.Скарыны. У віленскім пэдагагічным унівэрсытэце створаная катэдра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры, якая вядзе навучаньне студэнтаў-беларусістаў.
Сёньня ў Вільні жывуць і працуюць нашы вядомыя літаратары Алег Мінкін і Сяргей Дубавец, ужо згаданыя мастакі Алег Аблажэй і Крысьціна Балаховіч, а таксама іхнія калегі Станіслаў Зялёнка, Уладзімер Кузьменка, Эдвард Падбярэзскі, Алесь і Сяргей Поклады, што ўваходзяць у аб’яднаньне беларускіх мастакоў Балтыі “Маю гонар”.
У сучасным жыцьці Вільні прыкметную ролю адыгрывае Таварыства беларускай культуры, якое шмат гадоў узначальвае Хвёдар Нюнька. Яно, у прыватнасьці, сталася ініцыятарам або чынным удзельнікам адкрыцьця мэмарыяльных дошак у гонар Ф. Скарыны, Я. Купалы, П. Сергіевіча, Б. Тарашкевіча, Н. Арсеньевай... На могілках Росы перазахаваны прах І. Луцкевіча і Ф. Аляхновіча. Ім, а таксама Антону Луцкевічу пастаўленыя помнікі.
Вільня – традыцыйнае месца правядзеньня зьездаў беларусаў Балтыі. Там адбываліся пасяджэньні цяперашняга складу Рады БНР. |
[ 07/02/2005 19:22 ] |
23. Vinsent z Danmarky.
Dobri dzen' spadar Yladzinir. Zaras nashia sysedzi letyvisi di latishi patrabyuc' ad raseicay prabachennia za pakt Rebintropa-Molatava. Nekatoriia z'ih gatovi navat patrabavac' grashoviia kampensacii, a iak zha bic' nam y iakih adabrali Vil'nu ??? Chamy letyvisi maychac' cihen'ka ab getim??? Bo adbilosia ia k y primayke: priishli y mau hatky, di z'bili maigo tatky. |
Шаноўны Вінсэнт, чытайце адказы на іншыя пытаньні. |
[ 07/02/2005 22:50 ] |
24. Спадару Ўладзімеру!
1) Ці пагадзіліся Вы з такім меркаваньнем, што "прырэзка" Вільні да Летувы выратвала яе ад разбурэньня, якое, нібыта немінуча, чакала яе ў складзе БССР. Ёсьць тут элемэнт варажбы на кавовай гушчы, але ўсё ж такі...
2) Хацелася б даведацца пра Ваша стаўленьне да практыкі сукрыцьця фактаў старажытнай гісторыі Вільні, якой "красуюць" цяперашнія летувіскія гісторыкі?
Сяргей Балахонаў |
Дарагі спадар Сяргей:
1) У такім разе быў бы разбураны, па сутнасьці, цэлы горад, што ўяўляецца мне малаверагодным.
2) Пра гэтую практыку я вяду гаворку ў адказах на іншыя пытаньні. |
[ 07/02/2005 23:02 ] |
25. Можа Рэч Паспалітая Абодвух Народаў мае больш шанцаў быць нашай калыскай, чым уласна ВКЛ? |
Паўтараю: беларускі этнас сфармаваўся менавіта ў ВКЛ. |
[ 07/02/2005 23:03 ] |
26. Ці магчыма ўвогуле пабудаваць беларускую дзяржаўнасьць і беларускія (не ліцьвінскія, вялікалітоўскія) нацыятворныя міты на падставе на падставе Ліцьвінства? Ці варта беларусаў "блытаць"? І навошта нам біцца зь літоўскімі гісторыкамі і за што? Ці ня ёсьць гэта дурнаваценькай дзіцячай гульнёй, ня вартай сур'ёзных гісторыкаў і людзей, якія твораць сучасную беларускую нацыю? А.Б. |
Беларусаў, сапраўды, ня варта блытаць, але вось разблытваць праблему Літвы-Беларусі і Летувы, на маю думку, безумоўна варта. "Біцца зь літоўскімі гісторыкамі" варта, каб не апынуцца канчаткова пабітымі. |
[ 07/02/2005 23:07 ] |
27. Магчыма, што разуменьне ВКЛ як "калыскі дзяржаўнасьці" вельмі важнае для ўмацаваньня нашай нацыянальнай сьвядомасьці як адзінай супольнасьці, Народу. І вельмі прыгожа гучыць ідэя, што мы зноў станем ліцьвінамі, а нашай краінай зноў будзе Вялікая Літва. Але ці рэальна гэта? Ці можаце вы зірнуць на праблему назвы як цьвярозы рэаліста? Калі можаце, то вы павінны прызнаць, што ад этноніму Беларусь нам жа-ж няма куды дзецца. Гэта ЎЖО наша. І хоць быць ліцьвінамі і Вялікай Літвой - прапанова шыкоўная, але ў сучасных варунках, ва ўмовах 2005 году няма ніякіх шанцаў на зьмену назвы. (Ці ёсьць?) А.Б. |
Сапраўды, мы ў 20 стагодзьдзі зноў сталіся дзяржаўным народам як беларусы, грамадзяне Беларусі. Што да зьмены назвы, такую магчымасьць у аддаленай пэрспэктыве мне выключаць ня хочацца. |
[ 07/02/2005 23:07 ] |
28. Усё адно прыкра, што, напрыклад, энцыкляпэдыя Encarta піша пра Беларусь "Since medieval times Belarusian territory was UNDER FOREIGN RULE." З гэтым трэба змагацца напэўна, але як? Мне здаецца, узровень Ермаловіча-Урбана-Чаропкі не дае магчымасьці пазмагацца і выйсьці на міжнародны ўзровень ды заявіць пра "гістарычную праўду" (прычым, ня ясна якую менавіта і ў якой форме?) А.Б. |
Заявіць пра гістарычную праўду дапамагае нам кніга амэрыканскага гісторыка Тыматы Снайдэра "The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569-1999". Раю ўсім удзельнікам нашай онлайн-канфэрэнцыі пачытаць "беларускія" разьдзелы гэтай працы, надрукаваныя ў апошніх трох нумарах часопісу "Дзеяслоў". |
[ 08/02/2005 04:26 ] |
29. Навошта глядзець у мінуўшчыну? Лепш глядзець наперад. Адзіны шанец для нас "вярнуць Вільню", гэта ўступіць у Эўразьвяз, і тады беларуска-літоўская мяжа проста зьнікне. А гэтыя гісторыі пра "нашу Вільню" і "нас ліцьвінаў", як мне здаецца, толькі патэнцыйна могуць распаліць варожасьць і ні на ёту не набліжаюць нас да ўступленьня ў Эўразьвяз. Ці Вы ня згодныя? Андрусь |
Вы намалявалі вельмі прыемную для мяне пэрспэктыву. А вяртаньне гістарычнай праўды павінна адбывацца ў межах цывілізаванай палемікі, у адпаведнасьці са стандартамі таго ж Эўразьвязу. |
[ 08/02/2005 06:26 ] |
30. Спадар Арлоў, карыстаючыся рэдкай магчымасцю быць пачутай выдатным пісьменнікам Беларусі, хачу сказаць, што са школьных гадоў захапляюся Вашымі кніжкамі і прагна сачу за Вашымі новымі творамі.
Маё пытанне:
На колькі цесныя культурныя стасункі паміж Вільняй, нашай "беларускай Меккай", і Беларуссю на сучасным этапе? Ці існуе ў Вільні трывалая беларуская дыяспара?
Дзякуй за адказ і за Вашую творчасць на беларускай літаратурнай ніве.
З павагай,
Дыяна Лызо |
Шаноўная спадарыня Дыяна, дзякуй Вам за такую высокую ацэнку маіх кніг. Адказ пра "беларускую дыяспару" ў Вільні (я, з зразумелых прычынаў, ня ўпэўнены, што гэта навукова карэктнае вызначэньне) глядзіце вышэй у адказе на пытаньне пра беларускую прысутнасьць у Вільні. |
[ 08/02/2005 09:21 ] |
31. Спадар Уладзімер, дазвольце, калі ласка, задаць адразу некалькі пытанняў.
З Вашага інтэрв’ю, змешчанага на сайце www.svitanak.lv, ведаю, што зараз Вы працуеце над новай кнігай аб Вялікім Княстве Літоўскім. Ці адведзена Вамі ў ёй нейкае асобнае, вялікае, месца Вільні, як нашай былой сталіцы з мэтай часткова вярнуць і гэткім чынам, нам, беларусам, нашую адабраную гісторыю, што так удала “прыватызавалі” сабе летувісы? Дзякуй вялікі за Вашыя кнігі, якія ўсе вяртаюць нам гэтую гісторыю.
Ці падчас Вашага знаходжання ў Вільні маеце Вы асабіста адчуванне, што знаходзіцеся менавіта ў беларускім горадзе, як у Полацку, напрыклад, ці Гародні?
Дзякую.Таццяна, Рыга |
[ 08/02/2005 09:39 ] |
32. Больш як дзесяць гадоў таму з усіх беларускіх палітыкаў толькі ў Зянона Пазьняка хапіла сьмеласьці ў пртыкуле "О русском империализме и его опасности" абазначыць тэму беларускасьці Вільні, за што яго пляжаць і да сёньня. Як мяркуеце, чаму іншыя палітыкі маўчаць пра гэта? Дзякуй і посьпехаў! Максім. |
Шаноўны Максім, я падазраю, што шмат якія "іншыя палітыкі" проста не абцяжараныя гістарычнымі ведамі. |
[ 08/02/2005 12:10 ] |
33. У бюлетэні "Беларускія ведамасьці", чэрвень 2004 году, пра які замоўчвае аб'яднаная апазыцыя так званыя "незалежныя" СМІ, Зянон Пазьняк піша: ""Беларусь унесла вялікі ўклад у перамогу над фашызмам, моцна пацярпела за часы нямецкай акупацыі і адносіцца да краінаў-пераможцаў. Усе краіны-пераможцы вярнулі свае тэрыторыі і мелі кампэнсацыі за страты. Усе, акрамя Беларусі, якая (парадокс!) страціла свае тэрыторыі і нават сваю гістарычную сталіцу. Гэта вынік змаганьня пад чужымі сьцягамі і за чужыя інтарэсы". Ці згодны Вы з гэтым вызначэньнем? |
[ 08/02/2005 13:23 ] |
34. Дабрыдзень, спадар Арлоў!
Цікавіць вашая думка наконт таго, чаму ж Вільня сталася Вільнюсам? |
Глядзіце, калі ласка, адказ на пытаньне пра "страту беларускага Сыёну". У сьлед за гэтай стратай і пачалася пераважна прымусовая (з гледзішча на склад насельніцтва і на 2% летувісаў у Вільні ў 1939 годзе) літуанізацыя, пад якую трапілі і геаграфічныя назовы, і нават імёны ды прозьвішчы. |
[ 08/02/2005 13:30 ] |
35. Спадар Арлоў, я маю два пытанні. Першае - што адбывалася з Вільняй у той кароткі тэрмін у 1939 годзе, калі яна належала да БССР? І другое. Зразумела, што вы навуковец, а не прагназізт, але цікава спытаць Вас, як на Вашу думку маглі б развівацца падзеі ў Беларусі, калі б Саветы не аддалі Вільню Летуве? Магчыма, мы мелі б сёння крыху іншую Беларусь? Магла б Беларусь з Вільняй, напрыклад, абраць Лукашэнку прэзідэнтам у 1994-ым? Міхал, Мінск |
Першае - чытайце ў адказах на іншыя пытаньні.
Безумоўна, захаваўшы Вільню, зь яе ўнікальным культурным асяродзьдзем мы мелі б цяпер, на маю думку, істотна іншую Беларусь.
Наконт Вільні і выбару Лукашэнкі... Вы мне падказалі цікавую тэму для эсэ або іншага літаратурнага твору. |
[ 08/02/2005 13:33 ] |
36. Спадар Уладзімер,
як вы ацэньваеце ўзровень маралі ў сучасным беларускім грамадзтве? Ці можна параўнаць культурны партрэт нашага суайчыньніка з партрэтам эўрапейца?
У што вераць беларусы сёньня (ці ў што нам трэба верыць?)
Дзякую, Андрэй. |
Вы ведаеце, Андрэй, я перакананы, што маральнага прагрэсу ў грамадзтве ад часоў антычнасьці няма. Узровень маралі ў сучасным беларускім грамадзтве ацэньваю зыходзячы з таго, якую ўладу беларусы церпяць. Параўнаньне культурнага партрэту беларуса зь сярэднестатыстычным эўрапейцам не выглядае такім катастрафічным, як камусьці, магчыма, уяўляецца.
А верыць трэба ў будучую, цывілізаваную, эўрапейскую Беларусь. І ня толькі верыць, але і ствараць яе, у сваёй сям'і, сяброўскім і прафэсійным коле... Зычу Вам у гэтым посьпехаў. |
[ 08/02/2005 13:35 ] |
37. Як на Ваш погляд зараз рэальна магчыма саслабіць "Віленскае пытанне"? Спросціць для беларусаў атрыманне візы/дазволу на паездкі ў Вільню, альбо яшчэ як?
І.Л. |
Дзеля гэтага Беларусі трэба ўступіць у Эўрапейскі Зьвяз. |
[ 08/02/2005 13:37 ] |
39. Ці можна назваць Вільню сталіцай Заходняй Беларусі? Сымон зь Менску. |
Безумоўна. Вільня ў міжваенны пэрыяд сапраўды была неафіцыйнай палітычнай, культурнай і навуковай сталіцай земляў, адрэзаных ад Беларусі ў выніку Рыскай дамовы 1921 г.
У тым самым годзе быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт, які каардынаваў дзейнасьць беларускіх нацыянальна-дэмакратычных партыяў і арганізацыяў у Польшчы. У Вільні знаходзіліся кіраўнічыя органы Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (БХД), Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), Беларускага сялянскага саюзу, Таварыства беларускай школы... Пэўны час там працаваў ЦК КПЗБ.
Вільня зрабілася найбуйнейшым цэнтрам беларускага друку. Адна толькі БСРГ выпускала болей за дзесяць пэрыёдыкаў. Хрысьціянскія дэмакраты адкрылі ў Вільні друкарню імя Ф. Скарыны.
Шматстайным было літаратурна-мастацкае і навуковае жыцьцё. У 1927 годзе маладыя літаратары і мастакі заснавалі сваю арганізацыю “Веснаход”. Тысячы наведнікаў штомесяц прымаў беларускі музэй імя Івана Луцкевіча. У Вільні ў 1920-1930-ыя гады жылі і працавалі вядомыя дзеячы нашага нацыянальнага Адраджэньня, навукі і культуры Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Уладзімер Самойла, Адам Станкевіч, Ігнат Дварчанін, Рыгор Шырма, Ян Пазьняк, Генадзь Цітовіч, Францішак Аляхновіч, Максім Танк, Пётра Сергіевіч...
Выключная роля ў нацыянальнай адукацыі належала Віленскай беларускай гімназіі, якая існавала да 1944 г. У розны час у ёй працавалі Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч, Рыгор Шырма, Барыс Кіт, Язэп Драздовіч ды іншыя выбітныя вучоныя, літаратары, пэдагогі. Зь Віленскай гімназіі пачалі свой творчы і грамадзкі шлях паэты Натальля Арсеньева, Хвёдар Ільяшэвіч, Валянцін Таўлай, пісьменьнік Кастусь Акула, мастак Раман Семашкевіч, навуковец, будучы Старшыня Рады БНР Вінцук Жук-Грышкевіч. Тут вучыліся мовазнавец і гісторык Янка Станкевіч, вучоны-скарыназнавец Вітаўт Тумаш, публіцыст і грамадзкі дзеяч Лявон Луцкевіч... Сьпіс можна доўжыць і доўжыць.
Параўнаўча зь дзейнасьцю беларусаў, літоўская прысутнасьць у тагачаснай Вільні выяўлялася нязьмерна слабей. Іначай і быць не магло. Бо летувісы складалі тут менш за 2% насельніцтва.
Актыўнасьць беларускага жыцьця ў Вільні не азначала, што яно не сутыкалася з перашкодамі. Наадварот, польскія ўлады ўвесь час рабілі захады, каб абмежаваць, а ў пэрспэктыве і зьнішчыць беларускі нацыянальны рух. Тут можна згадаць неаднаразовыя звальненьні выкладчыкаў Віленскай гімназіі (Да прыкладу, як “недастаткова кваліфікаваны” быў пазбаўлены права выкладаць беларускую літаратуру выдатны публіцыст і літаратурны крытык Антон Луцкевіч). У Віленскай турме Лукішкі праходзілі загартоўку Максім Танк, Піліп Пестрак, Валянцін Таўлай, Міхась Машара... Тым ня меньш, у гэты пэрыяд Вільня зрабіла вялізарны ўнёсак у беларускую справу, у захаваньне нацыянальнай ідэі, мовы і культуры...
У Заходняй, як і ў Савецкай Беларусі, існавала ўпэўненасьць, што пасьля аб’яднаньня Бацькаўшчыны, Вільня абавязкова будзе ў яе складзе.
|
[ 08/02/2005 13:41 ] |
40. Пытаньні: 1) Як складаюцца дачыненьні зь літоўскімі гісторыкамі ў асэнсаваньні нашай супольнай гісторыі Вільні і Княства? Ці праўда, што зь імі знайсьці агульную мову цяжэй, чым зь іншымі суседзямі?
2) Што робіцца і што можна зрабіць, каб данесьці НАШАЕ бачаньне гісторыі Вільні і Княства да заходняга грамадзтва? Ігар Г. |
1) Шаноўны Ігар, дачыненьні гэтыя, як Вы ведаеце з матэрыялаў нашай онлайн-канфэрэнцыі, складаюцца, далікатна кажучы, няпроста. 2) На жаль, адпаведныя працы айчынных гістарыёграфаў дагэтуль застаюцца пераважна невядомымі ў сусьветнай гістарычнай навуцы. Шчыры дзякуй Тыматы Снайдэру, кнігу якога мы сёньня ўжо ня раз згадвалі. |
[ 08/02/2005 13:51 ] |
41. Spadar Uladzimer! skazhycie kali laska, czym abumoulienyja takija istotnyja adroz'nienni u arhitektury suczasnaj Bielarusi i Vil'ni. Ci heta jos'c' tol'ki vynikam z'niszczennia arhitekturnaj spadczyny Bielarusi?
Hanna z' Bieras'cia |
Спадарыня Ганна, як жыхарка Берасьця Вы, напэўна, ведаеце, што зрабілі расейскія ўлады з Вашым родным горадам яшчэ на пачатку 19 стагодзьдзя, калі ён, адзін з найпрыгажэйшых гарадоў усходняй Эўропы, быў перанесены на іншае месца, страціўшы сотні архітэктурных помнікаў. |
[ 08/02/2005 14:01 ] |
42. Вiтаю, спадар Уладзiмер. Цi даследуецца зараз праблема Утварэньня Вялiкага Княства Лiтоускага у тым рэчышчы, у якiм яе прапанавау сп. Мiкола Ермаловiч? Дзякуй. Сьвятлана з Галяндыi. |
Спадарыня Сьвятлана, раю Вам зьвярнуцца да кнігі Алеся Краўцэвіча "Стварэньня Вялікага Княства Літоўскага". На мой погляд, яна адлюстроўвае сучасныя падыходы да праблемы. |
[ 08/02/2005 14:41 ] |
43. Здравствуйте, Владимир.
Соответствуют ли Ваши исследования по истории с существующими официальными школьными и ВУЗовскими программами по Истории Беларуси? Какой официальный взгляд на историю Беларуси властей?
Дмитрий. |
На жаль, цяперашнія ўлады імкнуцца ператварыць гісторыю ў палітыку, перакуленую ў мінулае. У выніку, напрыклад, зьяўляюцца навуковыя дапаможнікі, дзе, як і ў савецкія часы, сьцьвярджаецца, нібыта беларусы атрымалі сваю дзяржаўнасьць толькі дзякуючы "Вялікаму кастрычніку". |
[ 08/02/2005 15:02 ] |
44. На вашу думку чаму беларускія гісторыкі за апошнія 15 гадоў не стварылі ніводнай манаграфіі пра беларускі аспэкт гісторыі Вільні? |
Ўсе веды пра старажытнае места беларускіх/русінскіх купцоў і вернікаў надалей застаюцца на ўзроўні дэклярацый пачатка мінулага стагодзьдзя (артыкулаў Нашай Нівы і вершаў Жылкі).
Ў той самы час габрэі (дамінуючая этнічная група Вільні! з канца 18 ст. па 1944 г.) маюць некалькі выдатных манаграфій пра гісторыю "паўночнага Ерусаліму", ў тым ліку па-ангельску.
Чамусьці беларускім насельніцтвам і ягонай мовай, што дамінавала ў Вільні ў 15-17 стст займаецца Праф Дэвід Фрык з ЗША, артыкулы якога абсалютна невядомыя ў Беларусі. Найлепшая кніга пра беларускі аспэкт ВКЛ і Вільні зноў створана ў ЗША (Цімаці Снайдэр).
Беларускага дыскурса Вільні дагэтуль няма. Таму калі ў нашай частцы Эўропы беларусы нешта кажуць пра "беларускаю Вільню" на іх пазіраюць ў лепшым выпадку як на дзівакоў, ў горшым – як на хворых нацыяналістаў.
Спачатку трэба напісаць 10-15 пабудаваных на архіўных крыніцах манаграфій, перакласьці іх на заходнія і маскоўскаю мовы, а потым ўжо хадзіць са сьцягамі.
Не разумею як пры такім браке ведаў беларусы ўсе пішуць і кажуць зноў і зноў пра "нашу Вільню", абвяшчаюць шкалярскія конкурсы і г.д.
Ці ня бачыцца вам тут адзнака страшэннай пасіўнасьці беларускай нацыянальнай эліты, якая замест таго каб стварыць новы якасны прадукт для народу, ўсе таўчэ пра старое?
Лічу, што менавіта гэта ў сваю чаргу ёсьць галоўнай прычынай крызы сучаснай беларускай гістарычнай прозы дзе па-за Арловым дагэтуль нікога няма.
Мае прыватнае уражаньне: беларускім чытачам катастрафічна не хапае новых імёнаў і новых герояў. Каб дзіцятка (бел.гіст.проза) нарадзілася здаровым трэба дасьведчаная бабка (гіст. навука).
Ці ня так?
Андрэй Катлярчук, Швэцыя
Дарагі спадар Катлярчук, Вы даслалі хутчэй не пытаньне, а пазначылі праблемы і стварылі грунтоўную праграму дзейнасьці для нашых гістарыёграфаў і літаратараў. Я цалкам зь ёй згодны. Дзякуй. |
[ 08/02/2005 15:11 ] |
45. Мы скончваем нашу вэб-канфэрэнцыю. Вэб-рэдактар |
Усім шчыры дзякуй! Спадзяюся, што пасьля нашай онлайнавай канфэрэнцыі Вільня стала кожнаму зь яе ўдзельнікаў крыху бліжэй. |
|
|