[ svaboda logo ] [ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
форум  


12 Кастрычніка 2004
Вінцук Вячорка
Старшыня БНФ “Адраджэньне” і Партыі БНФ адказаў на пытаньні слухачоў Радыё Свабода і наведнікаў сайту. Поўны тэкст канфэрэнцыі
25.03.2004
Уладзімер Арлоў
30.04.2004
Зянон Пазьняк
17.08.2004
Анатоль Міхайлаў
30.08.2004
Генадзь Бураўкін
05.10.2004
Мікола Статкевіч
01.12.2004
Генадзь Грушавы
2003  2004  2005  2006
[ 06/10/2004 22:07 ]
kакой смысл принимать участие в референдуме и выборах ведь видно не вооружённым глазом это ловушка для толерантных белорусов обманул в1996, 1999, 2001, и сейчас в 2004.после 18 октября нужно делать революцию хотя бы как в прошлом году в грузии?
Байкоту ня будзе таму, што бальшыня людзей зьбіраецца ісьці на выбары (альбо будзе на гэтыя выбары прыведзеная). Трэба даць ім магчымасьць прагаласаваць ня толькі супраць пажыцьцёвага прэзыдэнцтва А.Лукашэнкі, але й за дэмакратычнага кандыдата. Хай запомняць маторнай памяцьцю, што зрабілі сьмелы крок, няхай сабе й у кабіне для галасаваньня. А леташнія мясцовыя выбары паказалі нам, што няма таго суцэльнага бэтоннага муру, які сіліцца дэманстраваць зь сябе рэжым. Скрозь муры прабіваецца зеляніна. На мясцовых выбарах паказалі свой патэнцыял таленавітыя пэрспэктыўныя палітыкі Партыі БНФ: Сяргей Антусевіч у Горадні, Юрась Губарэвіч у Белаазёрску, Васіль Главацкіх у Наваполацку, Iван Шэга ў Слоніме, Уладзімір Малей у Маларыце й шмат іншых. Народная падтрымка перамагла шалёны супраціў мясцовае вэртыкалі. Зыходзячы з гэтага досьведу, мы разам з усімі дзеяздольнымі дэмакратычнымі партыямі прынялі рашэньне ўдзельнічаць у цяперашняй кампаніі. Нашая задача – стаць выразьнікамі спадзеваў большае паловы насельніцтва. Толькі тады зьмены могуць адбыцца беларускімі рукамі й у беларускіх інтарэсах.
[ 06/10/2004 22:16 ]
Ci lic^ycie vy emihracyju bielarusau u Ameryku i Europu karysnaj dlia Bielarusi ci naadvarot s^kodnaj? Ci mozha bielaruskaja imigracyja adyhrac' vazhnuju roliu u adrzdzhenni Bielarusi, jak heta bylo z irliandcami, litoucama, paliakami. Dziakuj. D. Volach
У беларускай эміграцыі даўняя гісторыя й маральна-палітычны аўтарытэт Рады БНР – сымбалю беларускае дэмакратычнае незалежнае дзяржаўнасьці. Калі новая эміграцыйная хваля будзе далучацца да аўтарытэтнай і высокаадукаванай “старой” эміграцыі, да незалежніцкае традыцыі, тады яна зможа адыграць станоўчую ролю ў лёсе Бацькаўшчыны. Калі не – яна будзе расьцярушаная паміж іншымі дыяспарамі альбо стане аб’ектам палітычных спэкуляцыяў з боку людзей, вельмі далёкіх ад беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

Сам факт эміграваньня сьведчыць пра тое, што кепскія справы ў нашай краіне. Але не цярплю, калі тыповыя эканамічныя эмігранты выдаюць сябе за палітычных і баюць байкі пра сваю змагарную БНФаўскую біяграфію іміграцыйным чыноўнікам у Бэльгіі ці Нарвэгіі (часам ня ўмеючы зьвязаць па-беларуску двух словаў ці лічачы, што асноўная сьвяточная дата для БНФ -- ...7 лістапада). Папярэджваю такіх: мы маем добрыя працоўныя кантакты з дэпартамэнтамі іміграцыі ўсіх асноўных краінаў і разам зь імі выкрываем любых фальсыфікатараў, нават калі яны маюць дакумэнты “ад БНФ” (вырабленыя на Брайтан-Біч).
[ 07/10/2004 09:28 ]
Спадар Вячорка, калі не браць на ўвагу рэсурс Дзяржаўных медыя і адпаведна колькасць прадукту прапаганды, Ваша ацэнка якасьці кампаніі ўладаў, інакш кажучы яе творчай часткі.
Вельмі ўбогая кампанія, заснаваная на савецкай эстэтыцы й савецкіх стэрэатыпах, на тупым паўтарэньні зарыентаваных на падсьвядомасьць у духу НЛП-тэхналёгіяў кадраў (паказваюць карцінкі квітненьня, перакрэсьленыя словамі “Оппозиция против»). Пэйзанскія відэакліпы паўтараюцца так часта й агрэсіўна, што фармуюць толькі адзін рэфлекс: пераключыць канал (калі такі, акрамя БТ, у той мясцовасьці ёсьць). А на цэбры лайна, выліванага на ўсе дэмакратычныя сілы, я ўжо даўно не рэагую. Пакінем іхных кухараў справядліваму суду свабоднай Беларусі.

Выняткаў я бачыў два. Адзін – калі на экране зьявіўся Ўрал Латыпаў (відаць, сапраўды для Лукашэнкі запахла паленым, што гэты звыклы быць у ценю чалавек змушаны быў публічна загаварыць). Латыпаў гаварыў, як заўсёды, прафэсійна, разважліва, з разьлікам на адукаваных людзей, з асноўным пасланьнем пра тое, што Л. – меншае зло, якое прынамсі забясьпечвае незалежнасьць краіны. Але калі тэмы былі сьлізкія, з-пад інтэлектуальнага прафэсарскага аблічча ўсё ж вызіраў твар чалавека іншай прафэсіі (калі казаў пра Baltic Surveys – Gallup International, што гэтыя сацыёлягі нібыта грунтуюць свае вынікі на апытаньнях апазыцыянэраў у Вільні. Сорамна доктару навук быць на ўзроўні леднікаў і Ко). Другі вынятак – ток-шоў “Выбар” 11 кастрычніка зь імітацыяй інтэрактыўнага галасаваньня й бясплатным эфірным часам для штатнай “апазыцыянэркі” Абрамавай.
[ 07/10/2004 10:11 ]
5 октября 2004 года на форуме мной был задан вопрос Николаю Статкевичу,но его ответ на мой вопрос был не конкретным и расплывчатым.Этот вопрос я задаю и Вам,но ответ я хочу услышать от Вас конкретный,т.е. "Да" или "Нет". Вопрос: ЛИЧНО ВЫ ХОТИТЕ СТАТЬ (СЛЕДУЮЩИМ) ПРЕЗИДЕНТОМ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ???
Не хачу. Я ня хворы на ўладу. Да таго ж, Партыя БНФ заўсёды была й ёсьць за скасаваньне пасады прэзыдэнта Беларусі (альбо прынамсі ператварэньне яе ў чыста прадстаўнічую).
[ 07/10/2004 10:44 ]
Shanouny sp. Viaczorka, ja zauzhdy z prychiljnacsiu staviusia da vaszaj partyi i vaszaj pracy dziela Bielarusi. Ja na minulym forumie sa sp. Statkieviczam zadau jamu pytannie pra supracounictva usich apazycyjnych partyjau Bielarusi. I chacieu by spytac Vas, jak Vy staviciesia da partyjau, jakija nie uvachodziac u "5+"? Tak sama, ci budzie supracounictva usich partyjau praciahvacca pasla 17 kastrycznika? Jakija Vy majecie plany? Ci adbudziecca akcyja 10 kastrycznika niahledziaczy na zabaronu Minsakaha harvykankamu? Ci liczycie Vy mahczymym zachod Lukaszenki da vybarau 2006 hodu? Ci padtrymlivajecie Vy kantakty z prafsajuzami pradprymalnikau? Vialiki dziakuj, Jury Kanavalau.
Iніцыятыву “Пяцёрка плюс” адмовілася падтрымаць толькі адна рэальная партыя – БСДП(НГ). На маю думку, гэтае рашэньне вынікае з асабістае пазыцыі й асабістых плянаў сп. Статкевіча. Што да “Пяцёркі плюс” як угрунтаванага на супольнай плятформе “Пяць крокаў да лепшага жыцьця” паразуменьня, яно, несумненна, застанецца і пасьля 17 кастрычніка, бо “Пяцёрка”, “Пяць крокаў” ужо ёсьць найбольш вядомым і прызнаным у краіне дэмакратычным брэндам (46% чулі ці чыталі пра яе, а 35% лічылі, што “Пяцёрка плюс” разумее праблемы й клопаты народу -- паводле Gallup Baltic Surveys; зьвесткі на канец верасьня). Таму ў 2005-2006 гг. будзе шмат што вызначаць менавіта “Пяцёрка”, і Лукашэнка можа сысьці раней за прэзыдэнцкія выбары.

Што да акцыі 10 кастрычніка, мы ня мелі асаблівых ілюзіяў наконт яе масавасьці. Няма цяпер у людзей мітынговых настрояў, і штучна іх не падагрэць. Важней, па-мойму, абыходзіць кватэры й стаяць у пікетах у Чыжоўках-Уруччах (што цяпер часова дазволена). Але тое, што АМАП забіраў рыштунак і хапаў людзей на дазволеным мітынгу ў дазволеным месцы, сьведчыць: баяцца яны народу! Хочуць прэвэнтыўна запалохаць.

З “Пэрспэктывай”, яе лідэрам Анатолем Шумчанкам і рэгіянальнымі кіраўнікамі нас зьвязвае паразуменьне й супраца, якія вынікаюць з адзінства мэты: зрабіць Беларусь свабоднай краінай, дзе шануецца чалавек і яго ўласнасьць.
[ 07/10/2004 12:16 ]
КАк Вы ацэньваеце деятельность коалиции 5+,имеет ли она будущее
Гл. мой адказ трохі вышэй.
[ 07/10/2004 15:03 ]
Г-н Вячорка! Скажите пожалуйста:1).поддерживаете ли Вы отношения с Зяноном Пазьняком? 2).Собирается ли Зянон Пазьняк и Вы учавствовать в выборах президента РБ в 2006 году? 3). Не думали ли Вы о том,чтобы воссоздать (т.е.объединиться с З.Пазьняком)БНФ заново в том качестве,в котором он был в начале и середине 90-х г.? От такого объдинения Ваши партии только выиграют, не правда ли? Во всяком случае к "старому" БНФ у людей нашей страны осталось больше уважения и доверия. Напрасно члены Вашей партии считают З.Пазьняка, выбрашенным из политической жизни в Республике Беларусь.
З 1999 году ёсьць дзьве розныя партыі – гэта БНФ і КХП БНФ. Зьмены, якія адбыліся ў 1999 годзе, былі ня проста кадравымі перастаноўкамі. Гэта быў стратэгічны выбар. Дэмакратычныя колы ў Народным Фронце разумелі, што асноўная незалежніцкая сіла краіны павінна пераўтварыцца ў сучасную партыю, здольную апірацца на прафэсіяналізм, меркаваньні экспэртаў, сучасныя палітычныя тэхналёгіі, на шчыльную супрацу з мас-мэдыямі, на кааліцыйнасьць. Наш прынцып: “Хто ня супраць нас і хто падзяляе нашыя асноўныя каштоўнасьці – той можа быць з намі!” Перад 1999 годам БНФ апынуўся перад прамой пагрозай пераўтварэньня ў сэкту, у клюб кухонных пакрыўджаных, якія не любілі ня толькі Лукашэнку, але й усіх грамадзка-палітычных актывістаў толькі таму, што яны арганізацыйна ня зь імі. З гэтым трэба было сканчаць, калі мы не хацелі поўнай маргіналізацыі нацыянальна-незалежніцкіх сілаў. Думаю, мы здолелі зрабіць паварот да будучыні. Мы пацьвердзілі, што Партыя БНФ рэальная палітычная структура, яна дзейнічае ў агульнабеларускім маштабе, выстаўляе рэальных лідэраў як кандыдатаў на выбары й здольная перамагаць.

Цяпер, падчас выбарчай кампаніі, адбываюцца вельмі важныя працэсы. Людзі ў кожным кутку Беларусі, якія падзяляюць незалежніцкія й дэмакратычныя ідэі, атаесамляюць іх з Партыяй БНФ і яе мясцовымі прадстаўнікамі як сваімі лякальнымі лідэрамі. Бяз гэтага палітычная арганізацыя ня можа існаваць. Аднымі факсамі й зваротамі, апублікаванымі ў “Народнай волі”, палітычная сіла ня можа жывіцца ў прынцыпе. Гэта тады проста меркаваньні аднаго асобна ўзятага філосафа. На жаль, спадар Пазьняк абраў канфрантацыйную танальнасьць пераконваньня людзей у сваёй рацыі, што, на маю думку, тупіковы шлях. Жывучы на эміграцыі, цяжка адчуць эмацыйныя й сацыяльныя настроі людзей. Беларусь мяняецца штодзень. Па-другое, калі дбаць пра адзінства нацыянальна-дэмакратычных сілаў, трэба весьці дыялёг з усімі, хто падзяляе каштоўнасьці незалежнасьці Беларусі, а спадар Пазьняк ад самага пачатку, на жаль, абражае ўсіх тых, хто ня зь ім. І гэта ёсьць прынцыповае нашае адрозьненьне: мы працягваем руку, а спадар Пазьняк, наадварот, руку хавае ў кішэні.
[ 07/10/2004 15:29 ]
Добры дзень. Вінцук Рыгоравіч, Вы размаўляеце на роднай мове, а якімі мовамі яшчэ валодаеце ? Што Вы зараз чытаеце ? І ці сапраўды Вашы дзеці вуччацца за мяжой ?
Валодаю ангельскай, польскай, украінскай, расейскай, літоўскай, сэрбскахарвацкай, чытаю на ўсіх славянскіх, лацінскай, крыху латыскай, нямецкай, разьбіраю яшчэ некалькі. У гэты момант нічога мастацкага не чытаю, займаюся кампаніяй выбараў і рэфэрэндуму. Да кампаніі чытаў (вычытваў) працяг “Крывавага памолу” Сержука Сокалава-Воюша. Плётку, нібыта мае дзеці вучацца за мяжой, даведаўся ўпершыню ад Вас (выбачайце, Вы не назваліся). Старэйшая дачка вучыцца на факультэце права БДЭУ, сын падпольна займаецца ў зьліквідаваным уладамі Гуманітарным ліцэі, малодшая дачка ў першай клясе 23-й гімназіі (аднае зь нямногіх, дзе яшчэ ёсьць беларускія клясы).
[ 07/10/2004 18:14 ]
Учора Лукашэнка сказаў, што "цехналогій у нас хватіт" каб "камня на камне не аставіць от оппозіцыі" - гэта ж прамое указаньне Ярмошынай і Со, што да выбараў! Ды й ня вартая гэтая палатка таго, каб намі вечна кіраваў Лукашэнка. Палаткавыя выбары - гэта пастка для вас-кандыдатаў, і для нас-выбарцаў, каб зацягнуць усіх на рэф.!!! Усе БАЙКАТУЙМА рэфэрэндумны фарс!!! Алесь.
Ня маю ніякіх ілюзіяў. Важна зусім іншае: што ўпершыню за шмат гадоў мы дайшлі да мільёнаў людзей непасрэдна. Толькі так у нас зноў зьявіцца моц. Пра байкот: калі Вы ня ўкінеце бюлетэнь, гэта зробяць за Вас. Калі ўкінеце – ім трэба будзе яго рабіць несапраўдным альбо падмяняць. Не палягчайма ім жыцьця! Акрамя таго: усе лукашысты ў поўным складзе на рэфэрэндум пойдуць. Калі хто й ня пойдзе – гэта будуць нашыя аднадумцы. Атрымаецца, што яўку мы не сарвем, а працэнт “супраць” зьнізім. Але ж няхай прынамсі камісіі ўбачаць рэальны настрой людзей! Бо цяпер ненармальная сытуацыя: нас бальшыня, а мы ў гэта самі ня верым.
[ 07/10/2004 18:21 ]
Спадары фронтаўцы, адумайцеся!!! Лукашэнка з вамі і намі гуляецца як кот з мышшу!!! Не давайце сябе і нас падмануць!!! Усе на БАЙКОТ!!! Інакш усё роўна падмануць!!! Лепшы сродак супраць злаякаснай пухліны ў нашым кіраўніцтве - БАЙКОТ!!! Аляксандар, беспартыйны.
Пра байкот гл. мой адказ вышэй.
[ 07/10/2004 19:18 ]
Еще вопрос кто у Вас в команде экономисты (только не голословные), что конкретно предлагается. Только без надежды на внешние источники. Я не приверженец Вы поняли кого. Мне просто интересно валить от сюда или нет?
Аўтары й рэцэнзэнты эканамічнай праграмы Партыі БНФ – член-карэспандэнт НАНБ Iван Нікітчанка, д.э.н. Барыс Жаліба, к.э.н. Рыгор Вячорка, Т.Каліноўская, А.Станкевіч. Поўны тэкст праграмы глядзіце тут: http://www.pbnf.org/index.php?index=3 . Вось прынцыпы нашае эканамічнае праграмы:

“Прыватная ўласнасьць - гэта шлях да дабрабыту й стабільнасьці для кожнага й для грамадзтва ў цэлым. Толькі эканамічна самастойны чалавек можа быць па-сапраўднаму годным й свабодным сябрам дэмакратычнага грамадзтва. Таму мы пасьлядоўна падтрымліваем прынцыпы прыватнай уласнасьці і рынкавай эканомікі.

Мы за моцны вольны рынак у моцнай незалежнай дзяржаве. Пабудова рынкавай эканомікі падвысіць эфэктыўнасьць вытворчасьці жыцьцёвы ўзровень народу, зраўняе нас зь іншымі эўрапейскімі краінамі й дазволіць уступіць у Эўрапейскі Зьвяз. Мы за прыняцьцё заканадаўчых актаў, неабходных для функцыянаваньня рынкавых мэханізмаў, прыватнай уласнасьці на сродкі вытворчасьці й зямлю. За шырокае разьвіцьцё прадпрымальніцтва, малога й сярэдняга бізнэсу, за лібэралізацыю цэнаў, зьнешнеэканамічнай і валютнай палітыкі. За рэфармаваньне падатковай сыстэмы на карысьць вытворцаў i прадпрымальнiкаў. За незалежнасьць ад выканаўчай улады Нацыянальнага банку й узмацненьне ўстойлівасьці камэрцыйных банкаў. Бюджэтная палітыка павінна вызначацца парлямэнтам краіны й быць празрыстай, структура бюджэту мае быць падначаленай прынцыпам фармаваньня рынкавай эканомікі й спрыяць яе разьвіцьцю”.
[ 07/10/2004 20:01 ]
Сп. Вячорка, як вы ацэньваеце пэрспэктывы беларускай мовы пры цяперашнім рэжыме -- ці не перайшло грамадзва рысу невяртаньня, як кажуць у авіяцыі? І яшчэ: ці ня лічыце, што сустрэчы з выбаршчыкамі залежна ад сытуацыі можна т і трэба парводзіць і па руску? Алег Свідар, Барысаў
Можна, але ня трэба. Быў цікавы эпізод на пікеце ля “Паўночнага” ўнівэрсаму ў раёне Зялёны Луг. Стаім пад бел-чырвона-белым сьцягам, вакол віруе народ усіх магчымых узростаў і прафэсіяў, гаворым, спрачаемся, пагаджаемся. Падыходзіць жанчына, кажа: “И на что же вы надеетесь, если говорите с народом в прямом смысле на разных языках?” Я не пасьпеў слова сказаць, як жанчыну сунялі самі “расейскамоўныя” (адносна, вядома) навакольныя людзі: маўляў, хай мы сталі ахвярамі савецкае русыфікацыі, але родная мова наша беларуская, праблемаў разумець яе ў нас няма, і добра, што нехта ёю з намі гаворыць. Гэта й адказ на Вашае першае пытаньне: нашая мова ёсьць бясспрэчнаю каштоўнасьцю для вельмі многіх людзей, а значыць, захады дзеля вяртаньня ёй належнага статусу будуць падтрыманыя грамадзтвам у неабходнай і дастатковай ступені.
[ 07/10/2004 21:59 ]
Спадар Вячорка, ці спадзяецеся Вы на рэальную перамогу? Зразумела ж, што ўсё як заўсёды падмахлююць. Ці будзе праводзіцца на нашай акрузе міжнароднае назіранне? Калі так, то наколькі эфектыўным яно будзе? Што ўвогуле можна на вашую думку, супрацьпаставіць падману з боку ўлады пры падліку галасоў?
Вам – прыйсьці галасаваць 17-га, як найпазьней. Яшчэ лепш – далучыцца да нашых назіральнікаў (калі згодныя – тэрмінова паведаміце на pbnf@pbnf.org). Будзем: папярэджваць сяброў камісіяў пра адказнасьць, у т.л. крымінальную; назіраць на папярэднім галасаваньні, сям-там выстаўляць начныя пасты; у дзень асноўнага галасаваньня; за падлікам галасоў; за дастаўкай пратаколаў і бюлетэняў. Міжнароднае назіраньне будзе, прычым будуць людзі з посткамуністычных краінаў, якіх не абдурыш.
[ 08/10/2004 00:22 ]
Голосую в школе №34(ЗЕЛЁНЫЙ ЛУГ). Как отцениваете свои шансы? (Может быть проводили опросы населения) Кстати, только от Вас получили ИНФОРМАЦИЮ-2раза(от ДРУГИХ КАНДИДАТОВ НИЧЕГО____Есть ли они???)
Мяркуючы з абыходу падчас збору подпісаў, у свабодных выбарах шанцы абсалютна рэальныя: і Зялёны Луг, і Някрасава, і Сельгаспасёлак заселеныя разумнымі, самастойнымі людзьмі. Iншыя кандыдаты: ад улады – У.Крук (член Савету Рэспублікі http://www.sovrep.gov.by/index.php/.307.490...0.0.0.html, пра палітычныя погляды можна мець уяўленьне з амаль штодзённых ягоных выступаў у БТ і з http://www.belrus.ru/arhiv/int/2004/int.shtml?20040525141010) і практычна непрыкметны Даронін, якога вылучыла ЛДПБ, а потым ён адтуль выйшаў.
[ 08/10/2004 07:49 ]
Што будзем рабіць, калі на гэтак званым "рэфэрэндуме" нібыта большая частка выбарнікаў "падтрымаюць прызідзента", дазволіўшы яму гэтым заставацца на сваёй пасадзе колькі заўгодна? Ці актывуецца хоць тады наш народ, ці актывуецца міжнародная супольнасьць? Дзякуй Вам. ваяр
Перадусім неадкладна паінфармуем людзей па ўсёй Беларусі, што адбылося насамрэч. Зьбярэм сьведчаньні сьмялейшых сяброў камісіяў. Усе павінны пачаць усьведамляць, наколькі ў монстра гліняныя ногі. Праз пару тыдняў склічам Кангрэс дэмакратычных сілаў, дзе агучым далейшы плян дзеяньняў.
[ 08/10/2004 09:11 ]
Уважаемый господин Вячорка! 17 октября Вам лично и, оппозиции вообще, предоставляется уникальный шанс. Я имею в виду то, что раньше Лукашенко всегда побеждал на выборах, пусть не так «элегантно», но 50-60% его поддерживали. Сейчас абсолютно очевидно, что, не используя фальсификацию, он проиграет. Что Вы станете делать, после ФАЛЬШИВОГО референдума? Сергей, врач, Могилев
Як я адказаў вышэй: "Перадусім неадкладна паінфармуем людзей па ўсёй Беларусі, што адбылося насамрэч. Зьбярэм сьведчаньні сьмялейшых сяброў камісіяў. Усе павінны пачаць усьведамляць, наколькі ў монстра гліняныя ногі. Праз пару тыдняў склічам Кангрэс дэмакратычных сілаў, дзе агучым далейшы плян дзеяньняў."
[ 08/10/2004 09:51 ]
Дзень добры спадар Вячорка, У мяне да Вас два пытаньнi: 1. Што Вы думаеце наконт таго, каб звярнуцца ад iмя дэмакратычнай апазыцыi з заклiкам да кожнага грамадзянiна Беларусi з прапановай прыняць актыуны удзел у кампанii - з маленькiх кавалачкау строiм вялiкi i агульны дом. Напрыклад, прагаласуй сам i пераканай i прывядзi хоць аднаго чалавека дадаткова. 2. Чаму так мала нагляднай агiтацыi (налепкi, плякаты i г.д.), нават, у Менску? Цi апазыцыя вырашыла, што гэты сродак не адпавядае умовам сёньня? Дзякуй за адказы, Сяржук
Нагляднай агітацыі нямала. Але яе зьдзіраюць імгненна. Міліцыя далучыла да гэтай пачэснай справы нават падуладных ёй бадзягаў.
[ 08/10/2004 09:57 ]
Здравствуйте! Не пойму, почему нельзя возродить Беларусь на русском языке.. Почему "суполка"? почему "Винцук"? Ведь это и есть та самая щука, что тянет сейчас воз в третью сторону. Можно быть независимыми от России, но при этом говорить на понятном народу языке. БНФ давно дискредитировал себя, конечно не без помощи власти. Может сегодня, чтобы выйграть, нужно играть другую карту? Спасибо. Владимир.
Пытаньне ж ня ў тым, каб гуляць з Лукашэнкам у карты, а ў тым, каб зьберагчы нашую краіну! Намаганьнямі ўлады выкоўваўся чалавек без гістарычнай памяці, без адказнасьці за лёс сваёй зямлі, а значыць – і сваёй сям’і, гэтакі салдацік, якога можна лёгка ўключыць у любы канвэер – сёньня яго забіраюць на зборы ды трэніруюць падаўляць нейкія міжэтнічныя канфлікты, заўтра яго пасылаюць у выбарчую камісію, пасьлязаўтра яму загадваюць яшчэ нешта, патрэбнае для захаваньня самаўладзтва. Нічога супольнага з пэрспэктывай беларусаў як годнага, культурнага й заможнага народу, з патрыятызмам гэтае халуйства ня мае. Але там, дзе бязродныя людзі, дзе паўразбураная эканоміка, дзе людзі не ўсьведамляюць сябе асобным народам, -- гэта ўсё рана ці позна стане здабычай нейкага больш агрэсіўнага, больш нахабнага драпежніка. Стрымаць агрэсію й нахабства можна толькі ўнутраным патэнцыялам і сьведамасьцю народу. Беларуская гістарычная памяць, традыцыя, мова ёсьць неад’емнымі складнікамі гэтага патэнцыялу годнасьці.
[ 08/10/2004 10:24 ]
Здравствуйте, Винцук. Отношусь к Вам с большим уважением. Вы один из немногих, на кого еще может рассчитывать белорусский народ. Вопросы: 1. В 1996-1998 народ как никогда был готов к революции. Почему лидеры оппозиции не использовали это обстоятельство? 2. Верховным Советом были собраны голоса для объявления импичмента Лукашенко, если не ошибаюсь было решение Конституционного Суда. Почему оппозиция не использовала этот шанс? 3. И как следствие двух предыдущих вопросов. Если Лукашенко до сих пор у власти, то это означает безхребетность лидеров оппозиционных партий. Не пора ли им на отдых? Спасибо. С уважением, Дмитрий(Москва) www.probelarus.ru
1-2) Бо завялікія былі спадзевы на Вярхоўны Савет 13 скліканьня й на старую намэнклятуру, якая спужалася ціску Масквы. 3) У нас дэмакратычная партыя, выбера на лідэра каго палічаць вартым партыйныя актывісты.
[ 08/10/2004 14:07 ]
Спадар Вінцук! Ці згодныя Вы з тым, што нашае грамадзтва досыць кансэрватыўнае па сваёй сутнасьці, і ці бачыце Вы магчымасьць пашырэньня кансэрватыўных поглядаў сярод моладзі? І ці патрэбна гэта ўвогуле?
Кансэрватызм бывае розны: ад захаваўчага да рэвалюцыйнага. Думаю, агульнаэўрапейскія кансэрватыўныя каштоўнасьці сапраўды сугучныя беларускай традыцыі, але, каб яны зноў запанавалі, трэба пераадолець савецкі захаваўчы кансэрватызм старэйшага пакаленьня.
[ 08/10/2004 14:22 ]
Спадар Винцук, станет ли БНФ когда-нибудь действительно широким народным фронтом, объединяющим всех приверженцев политической и экономической свободы, а также все национальности, а не только белорусскоязычную творческую интеллигенцию ? Алексей Борисович, Минск
У Вас састарэлае ўяўленьне пра БНФ. У складзе нашае партыі больш за ўсё інжынераў – любых нацыянальнасьцяў. Таксама шмат дактароў, асабліва чамусьці траўматолягаў :) . У нашай партыі ясная праграма, скіраваная менавіта на тыыя каштоўнасьці, пра якія Вы пішаце. Але цяперашняя Беларусь – ня тая, што была ў 1990 годзе. Яна пасталела (нягледзячы на Лукашэнку). Ёсьць групы, для якіх важныя сацыяльныя гарантыі, а ёсьць дробныя прадпрымальнікі – гаспадары свайго лёсу. Iхныя інтарэсы аб’ектыўна адлюстроўваюць розныя партыі.
[ 08/10/2004 14:33 ]
Як вы лiчыце: 1.Пасля зыходу сеняшняга прэзыдэнта,наступным стане хтосцi з лiдэрау iснуючых партый, альбо гата можа быць ящэ нiкому не вядомая прагрэсiуная асоба, альбо стауленiк цяперашней улады. 2.Цi патрэбен пост прэзiдэнта Беларусi увогуле.
Пасьля гэтае кампаніі зоймемся primaries – папярэднім адборам. Ведаю толькі, што гэта ня будзе больш намэнклятурнік. Але Партыя БНФ – за скасаваньне пасады прэзыдэнта альбо радыкальнае звужэньне ягоных паўнамоцтваў.
[ 08/10/2004 18:50 ]
Ці ганырыцца Вячорка-бацька журналісцкай працай сына на "Радыё Свабода"? Беларуска
Сын перадусім мусіць вучыцца. Што ж да радыё, хай сябе спрабуе – не на шкоду вучобе.
[ 08/10/2004 22:15 ]
1. Як на сёньняшні дзень можна вызначызьць Вашыя дачыненьні й адносіны з Зянонам Пазьняком? 2. Не лічыце Вы (БНФ “Адраджэньне”) “лішнімі” ў так званай “Аб’яднанай апазыцыі”? 3. Правал выбарчай кампаніі й рэфэрэндуму відавочны(з боку апазыцыі). Сёняшнія “дзеяньні” Нямеччыны вельмі падобныя да дзеяньняў той жа толькі ў часы БНР. Пра Расею зусім маўчу... Спадзявацца застаецца толькі на “Акт аб дэмакратыі ЗША”? Ці не? Які “Варыянт Ікс”? Ці ёсьць ён? З павагай, грамадзянін Рэспублікі Беларусь.
Спадзявацца трэба не на Нямеччыну ці ЗША, не на хітрыя шахматы, змовы й варыянты ікс. Спадзявацца трэба на сваю працу зь людзьмі. Палітычная група становіцца палітычнаю сілаю, мае рэальны ўплыў на стан грамадзтва толькі тады, калі бальшыня ёй давярае й гатовая ісьці за ёй. Тады прыйдуць і разлажэньне й развал “вэртыкальнай” клікі, і вонкавая палітычная дапамога. Пра Пазьняка гл. вышэй.
[ 08/10/2004 22:30 ]
Шаноўны сп.Вінцук, 1. - якія ў Вас адносіны да дзейнасьці сп.З.Пазьняка і падначаленай яму арганізацыі? Ці маглі б два "крылы" БНФ часова прыпыніць усю, - на фоне дыктату бясконца контр-прадуктыўную крытыку адзін аднаго, - аб'яднацца і, да зьвяржэньня тэрарыстычнага рэжыму лукі, ...талакой папрацаваць на карысьць радзімы? 2. - Як Вы ставіцеся да таго, што сп.Пазьняк называе нацыянальны дэмакратычны рух (5+) - "карманнай" апазыцыяй. Дзякуй. Посьпехаў..! Шпакоўскі Алесь.
Пра Пазьняка гл. вышэй.
[ 09/10/2004 05:54 ]
Мне здаецца, што апазiцыя не змагаецца належным чынам з дзяржауным антасемiтызмам у Беларусi, не узнiмае гэта пытанне на узровень другiх парушэнняу правоу чалавека. Цi падзяляеце Вы гэта мяркаванне? Калi згодны, што плануеце рабiць каб прыцягнуць увагу Захаду да распальвання Александрам Лукашэнка нацыянальнай варожасцi, разбурэння габрэйскх могiлак, сiнагог? Дзякуй за адказ
Асабіста я безупынна падымаю гэтае пытаньне (антысэміцкія кнігі, сынагога на вул. Дзімітрава, блюзьнерствы ў Мазыры й Горадні) на міжнародных спатканьнях, апошні раз у Камітэце па свабодзе рэлігіі Кангрэсу ЗША. Гэтаксама як кажу пра рэлігійную няроўнасьць у выніку прыняцьця самага недэмакратычнага ў Эўропе закону аб веравызнаньнях (апошні раз – старшыню АБСЭ міністру Саламону Пасі) і, натуральна, -- пра распальваньне ў талерантнай Беларусі моўна-нацыянальнае варожасьці праз узвышэньне расейскае мовы й расейскае сьведамасьці.
[ 09/10/2004 17:52 ]
У выпадку, калі Лукашэнка сыдзе і ў Беларусі будзе нармальная ўлада, чым вы будзеце займацца? У будучай Беларусі вы сябе бачыце палітыкам (ва ўрадзе, у парляманце, проста ў ПБНФ ці як прэзідэнт) альбо настаўнікам, дасьледчыкам-філёлагам?
Давядзецца нейкі час надалей займацца палітыкай, каб незалежніцкія беларускія сілы не былі зноў выпхнутыя на ўзбочыну кан’юнктурнікамі.
[ 10/10/2004 02:52 ]
Уважаемый Вицук Вячорка! У меня к Вам ещё один вопрос: Как Вы думаете, сколько осталось дней, недель, месяцев или лет руководить бесконтрольно и ненаказуемо государством,такому подонку, и бесчестному человеку, как президент Республики Беларусь Александр Лукашенко? Спасибо за внимание к моему вопросу. С уважением к Вам Алекасандр.
Нас павінна быць відавочная бальшыня.
[ 10/10/2004 15:26 ]
Почему на ваш взгляд так мало внимание междунородной общественности (США исключение) к диктаторскому режиму в Беларуси и что необходимо сделать, что-бы ситуация изменилась?
Трэба працаваць тут, у Беларусі. Размаўляць зь людзьмі, натхняць аднадумцаў, распаўсюджваць альтэрнатыўную інфармацыю, арганізоўваць людзей на месцах, ладзіць акцыі лякальнага пратэсту супраць парушэньня штодзённых правоў. Калі маеце матэрыяльныя рэсурсы – выкарыстоўвайце іх частку для палітычнае працы. Iншаземцы дапамогуць толькі таму, хто дапаможа сабе сам.
[ 10/10/2004 15:29 ]
Какие формы гражданского протеста сегодня наиболее эффективны в борьбе с диктатурой?
Вельмі добра, калі людзі аб’ядноўваюцца для абароны канкрэтных правоў (скажам, настаўнікі супраць кантрактаў). Што ж да выбараў – я б вітаў, каб людзі масава пайшлі запісвацца ў назіральнікі. На жаль, пакуль маем сытуацыю кухоннага пратэсту.
[ 11/10/2004 11:15 ]
Добры дзень, Вінцук Рыгоравіч ! Што Вы думаеце пра Акт аб дэмакратыі, ці не пацерпіць народ больш чым улада ?Дзякуй.
Акт скіраваны перадусім асабіста супраць Лукашэнкі й ягоных найбліжэйшых. Эканамічных санкцыяў Беларусі ў сэнсе блякады там не прадугледжана. Яны ня будуць даваць лукашэнкаўскай Беларусі сваіх дзяржаўных грошай, але ж і дагэтуль асабліва не давалі.
[ 11/10/2004 11:33 ]
як вы ставіцеся да выказванняў кшталту:"на рэферендуме,з дапамогай фалсіфікацій Лукашенка пераможа,а вось на выбарах,калі ў яго будзе моцны супернік..."?ці ня есць гэта заўчаснай капітулацыяй?ці варта наогул з такім настроем удельнічаць у палітычных кампаніях? 2.Лукашнка праводзе рэферендум не дзеля таго каб у 2006г. правесці сумленныя выбары.Ці варта апазіцыі уделнічаць у тых выбарах?Бо калі апазіцыя не здолее давесті да людзей што Лукашенка іх падманвае пад час гэтай кампаніі,зрабіць тое ў 2006г.,калі будуць па выніках рэферендума унесены змены ў канстытуцыю-будзе шмат цяжэй,тым больш што сваім уделам у выбарах апазіцыя засведчыць рацыю Лукашэнкі на рэферэндуме.Дзякуй!Арсеній С.
Гэтыя выказваньні – не пра народ, а пра вэртыкаль. Яна цяпер пабаіцца ня выканаць загад, бо ён яшчэ два гады над ёю будзе. У шостым годзе ўсё будзе залежаць ад моцы дэмакратычных незалежніцкіх сілаў.

Міжнароднага прызнаньня ані выбараў, ані рэфэрэндуму ня будзе. Незалежна ад нашага ўдзелу/няўдзелу. А значыць, пры іншых роўных умовах трэба ўдзельнічаць. Я падчас збору подпісаў па сотні кватэраў штодня абыходзіў, цяпер з тысячамі людзей у пікетах размаўляю – і так кожны! Гэта вялікая ін’екцыя праўды й аптымізму ў зьняверанае беларускае грамадзтва.
[ 11/10/2004 16:15 ]
Dzien dobry liczyci li vy sabie Litwinam ci nie?, maiet BNF plan adradrzienia VKL?
Наша мэта - пабудова незалежнай эўрапейскай дзяржавы Беларусі, у якой беларускі народ будзе мець нацыянальна-культурную пэрспэктыву. І, натуральна, ведаць сваю гісторыю, і ведаць, што безь Вялікага княства не было б сучаснай Беларусі.
[ 11/10/2004 16:15 ]
Што зьмянілася ў партыі з таго моманту, як Вы сталі яе кіраўніком? Чым БНФ 1999-га году адрозьніваецца ад БНФ 2004-га? З. Кавалеўскі
Тым, што мы сходу можам выставіць да 100 рэальных кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту, якія абапіраюцца на мясцовую падтрымку і на падтрыхтаваныя экспэртамі праграмы, а таксама ўмеюць працаваць у кааліцыі.
[ 11/10/2004 16:24 ]
Вядома, што за апошні месяц Вы сустрэліся з тысячамі сваіх выбаршчыкаў. Якія настроі ў грамадзтве? Якія стэрэатыпы разбурыліся у Вас асабіста?
Бальшыня людзей адкрыта кажа пра зьмены. Многія не баючыся давалі пашпартныя зьвесткі для подпісу, але пануе пэсымізм. Людзі ня вераць, што іхныя галасы будуць палічаныя, і што воля народу можа нешта памяняць у нашай краіне. Гэта самае цяжкое. Беларуская мова не зьяўляецца ніякай перашкодай для камунікаваньня і паразуменьня (хаця я і ня меў такіх страхаў). І яшчэ: ідзем мы па новым доме, зьбіраем подпісы ў кожнай кватэры, вынік 100%. Жывуць акуратныя, гаспадарлівыя, цьвярозыя людзі. Маюць прозьвішчы накшталт Іваноў, Сьмірноў. Пытаемся: хто такія? Аказваецца, дом міністэрства абароны. Я вельмі рады, што наша беларуская армія ўсьведамляе неабходнасьць пераменаў і ня верыць у прапагандысцкія страшылкі пра БНФ.
[ 11/10/2004 20:26 ]
Здравствуйте! У меня к вам вопрос: сколько членов партии БНФ по всей Беларуси? Мне кажется, что БНФ - самая многочисленная оппозиционная структура и должна стать "костяком" при формировании каких-либо политических коалиций в будущем. Спасибо.
Мы ня можам навязваць іншым партыям сваё лідарства, інакш кааліцыі ня будзе. Лідэрства трэба зарабляць канкрэтнай працай, шматлікімі структурамі, добрымі стратэгічным прапановамі й тым, што мы маем непарушныя каштоўнасьці. Я вельмі рады, што прынцыповыя нашыя каштоўнасьці (а менавіта дэмакратыя і незалежнасьць краіны) сталі асноватворнымі для ініцыятывы "5+".
[ 11/10/2004 21:34 ]
Паважаны сп. Вячорка. Як Вы ставіцеся да новай прапановы байкоту выбараў ад фонду "За новую Беларусь"? Посьпехаў Вам на выбарах Ян
Прапануецца даволі складаны альгарытм. Яго немагчыма хутка патлумачыць мільёнам людзей. Разам з тым, калі на кожным участку будзе нейкая колькасьць такіх бюлетэняў, гэта будзе дысцыплінаваць камісіі.
[ 11/10/2004 22:59 ]
Ці можа існаваць нація бяз мовы? Калі не, чаму ў лёзунгах “Аб’ябяднанай апазыцыі” няма і знаку на гэты конт? Адказ Статкевіча (...маўляў спачатку сацыяльная праблемы вырашым, аўжо потым мова... ) сьмешны! Бяз мовы і культуры ня будзе ё нацыі. А калі няма нацыі навошта тыя выбары? Для каго? Вам не сорамна працаваць з такімі людзьмі?
Пра ролю мову і прырытэт мовы і эканомікі гл. вышэй. Я ўжо адказаў на гэтае пытаньне. Усе дэмакратычныя сілы згодныя з тым, што беларуская мова нахабна ўціскаецца, і гэта ёсьць правакацыяй цяперашняй улады моўна-этнічнага канфлікту. Каб не было гэтай згоды, мы б не працавалі зь іншымі.
[ 12/10/2004 09:23 ]
няхай спэцыяліст у галіне правапіса скажа пра свае погляды на праблемы эканамічнай свабоды і палітычнай дэмакратыі, . І не агульнарытарычна але канкрэтна, што тычыцца цяперашняй РБ. Бо такое ўражаньне,быццам БНФ займаецца папулісцкай рыторыкай і навешвае макароны на вушы даверлівых ідыётаў.
Я ўжо двойчы адказваў на гэта. Адрасую да праграмы партыі "БНФ". Канкрэтызуйце пытаньне.
[ 12/10/2004 09:48 ]
Ці ня думаеце Вы, што акрамя Лукашэнкі ў апазіцыі ёсьць больш важныя праблемы, напрыклад, Чарнобыль ды экалогія, якія можна і трэба вырашаць у тым ліку і ў супрацоўніцтве з уладамі? Дзякуй. Дзяніс Мельянцоў
Бяда ў тым, што Лукашэнка прыняў палітычнае рашэньне, якім зьнішчыў усё зробленае партыяй БНФ у Чарнобыльскай праблеме дагэтуль. Улада вырашыла, што людзі надалей могуць жыць на забруджаных тэрыторыях, вырабляць там і спажываць харчовую прадукцыю. Перасяленьне было спыненае. Там зноў засейваюцца палі і пасьвяцца каровы. А людзі мруць ад хваробаў шчытападобнай залозы. Не ўяўляю сабе кампрамісу паміж двума супрацьлеглымі падыходамі. Мы хочам, каб людзі жылі, а не паміралі.
[ 12/10/2004 12:22 ]
1. Як на Вашую думку, ці не пагоршыцца стаўленьне беларускага народа да апазіцыі пасля прыняцьця "Акта аб дэмакратыі ў Беларусі"? 2. У сярэдняга беларуса складаецца ўражаньне, што дзейнасьць партыі БНФ больш ськіраваная на "замежную аудыторыю", а не на ўласны народ. Ці думалі Вы над гэтай праблемай і якія Вы бачыце шляхі выйсьця з такой сітуацыі? Дзяніс Мельянцоў
1. Акт аб дэмакратыі скіраваны пэрсанальна супраць Лукашэнкі і найвышэйшых чыноўнікаў нашай краіны. Эканамічнай блякады Беларусі там не прадугледжана. 2. Напрыклад, я як старшыня партыі БНФ пабываў у 70 рэгіянальных паездках па Беларусі, і ў 6 ці 7 міжнародных. Толькі беларускае тэлебачаньне не расказвае ані праўды пра Акт, ані пра дзейнасьць партыі БНФ. Наша задача - даносіць гэтую і іншую праўду.
[ 12/10/2004 12:54 ]
здравствуйте, Пишет Вам рускоязычный читель Беларуси как я буду жить? Или мне уезжать в Россию? И самое главное как будет жить частный бизнес только без "умных" фраз мы за частный бизнес и плиз по конкретнее и мой Вам совет мова развивается при условии что люди сыты, одеты и не очем не заботятся и это относится к культуре. Фраза сперва культура и единение к бизнесу и благосостоянию не имеет никакого отношения это Вам совет.
Вы маеце на ўвазе – як будзеце жыць пры Лукашэнку? Дрэнна будзеце жыць. Але ў Расеі неўзабаве будзе тое самае: Пуцін крок за крокам увасабляе на расейскіх прасторах тое, што спраўдзілася ў Беларусі. Нам трэба пазбаўляцца самаўладзтва, вызваляць эканамічную ініцыятыву людзей, зьніжаць (разы ў два) і спрашчаць падаткі, гранічна спрасьціць рэгістрацыю новых прадпрыемстваў і прыватных прадпрымальнікаў (паступова перайшоўшы да рэгістрацыйнага прынцыпу замест дазваляльнага).

Байкі пра страшных нацыяналістаў з БНФ, якія хочуць выгнаць зь Беларусі расейскамоўных, пашырае лукашэнкаўская прапаганда, якой Вы, спадзяюся, ня верыце. У нас зусім іншая праблема: беларускія школы заганяюць у падпольле, з тэлебачаньня беларускую мову выгналі цалкам. Ня згодны з Вамі, што мова й культура (і мараль?!) – пасьля ўсяго. Ня будзе дзяржавы, ня будзе народу, калі ня будзе самасьвядомасьці. I без агульнай культуры й маральнасьці не бывае культуры працы ды сумленнага бізнэсу.
[ 12/10/2004 12:55 ]
"Неаднаразова падвяргаўся затрыманьням і арыштам за ўдзел у масавых акцыях апазыцыі" - вось гэта ўжо чыстая лухта! Якраз гэты хітры тып заўжды зьнікае з месцаў мітынгаў але падстаўляе пад "суткі"сваіх памагатых - так званае "мітынговае мяса".
Першы раз я сядзеў у каталажцы ў чэрвені 1984 году. За першую ў паваеннай Беларусі публічную палітычную акцыю пратэсту (калі зьнішчалі будынак Першага беларускага тэатру на плошчы Волі). Пасьля я бываў і Дабрамысьленскім завулку і на Акрэсьціна. І два гады пад крымінальнай справай. Але я ня лічу, што трэба ганарыцца і калякцыянаваць адсідкі.
[ 12/10/2004 13:04 ]
Ці не падаецца вам, што прыйшоў час зьмяніць метады барацьбы, шырэй выкарыстоўваць інтэрнэт, кардынальна зьмяніць канцэпцыю масавых акцый? -- http://16-10.info
Што да інтэрнэту, то я згодны, нават калі толькі 10% беларусаў маюць доступ - гэта сур'ёзна. Але ж гэта людзі, якіх ня трэба агітаваць супраць самаўладзтва. Праблема, як давесьці да тых, хто ня мае інтэрнэту. Тое самае і з масавымі акцыямі. Апошнім часам арганізатары робяць іх самі для сябе. Гэты крызыс пераадолеецца, калі мы разьвернемся да шырэйшых масаў людзей.
[ 12/10/2004 13:16 ]
Vaš prahnoz. Jaki dziaržawny ład budzie na Biełarusi praz 5 hod?
Праз 5 гадоў дакладна будзе дэмакратычная краіна Беларусь з парлямэнцкай сыстэмай улады, бяз "моцнага" прэзыдэнцтва.
[ 12/10/2004 13:23 ]
Być palityčna aktywnaj fihuraj, asabliva na Biełarusi – heta mužny wčynak. Čy vašym dzieciam nie pieraškadžaje toje, što jany dzieci viadomaha palityčnaha lidara? Jak da ïch staviac sia adnahodki? Wladzimier
Не сумняваюся, што майго сына шкуматалі амонаўцы 1-га верасьня ў значнай ступені з-за ягонага прозьвішча. Разумею, што гэтае прозьвішча дзецям дадатковых выгодаў, а хутчэй - наадварот. Спадзяюся, што вытрымаюць.
[ 12/10/2004 13:29 ]
Раскажите, на какие средства вы и ваша семья живете лично, на какие ездитк за рубеж, на какие существует ваша партия? Николай Иванович, Минск
Я працую намесьнікам галоўнага рэдактара часопіса "Спадчына". Жонка - пэдагогам у сыстэме пазашкольнай адукацыі. За мяжу нас запрашаюць грамадзкія арганізацыі або ўрады іншых краінаў, якія аплочваюць дарогу. Наша партыя існуе за кошт ахвярнасьці й ініцыятывы яе шараговых сяброў.
[ 12/10/2004 13:34 ]
Ці пойдуць сябры кіраўніцтва БНФ у адстаўку па выніках галасаваньня 17 кастрычніка? Белы Сяргей, Барысаў
Як вырашыць зьезд нашай партыі.
[ 12/10/2004 13:37 ]
Na moj pohliad brend BNF uzho dauno lichycca niejkaj ruhachkaj u samym shyrokim kolie belaruskaha hramadztva. Ja vydatna stauliusia da liudziej, jakija u BNF i udziachny hetaj partyji za zdabyccio Niezaliezhnas'ci Belarusi. Alie ci nia lichycie Vy, shto chas BNF adyshou? Ci nie prys'pieu chas paustac' novaj palitychnaj silie na Belarusi? Mozha BNF treba pieratransfamavacca u nieshta novaje, bol'sh shyrokaje? Dziakuj
Штодня стаю ў пікетах. Вакол мяне плывуць тысячы людзей. Бывае так, што нейкая бабка насварыцца на бэнэфэўцаў і іншых, назаве "фашыстамі і здраднікамі", але гэта выключэньне. БНФ - самая вядомая палітычная марка Беларусі. І гэта мінімум 25% фракцыя ў дэмакратычным парлямэнце, выбраная прапарцыйна (паводле партыйных сьпісаў). Адмаўляцца ад гэтага годнага імя не зьбіраемся.
[ 12/10/2004 13:41 ]
Сп. Вячорка, якія свае - як кіраўніка партыі - памылкі вы лічыце найбольшымі? Валянціна Пекар, Ліда
Спадарыня Валянціна, сіла любой партыі і любой палітычнай фігуры - ва ўменьні прызнаваць свае памылкі. Першае, што недастаткова падкрэсьлілі абнаўленьне партыі БНФ пасьля 1999 году і цягнулі на сабе груз старых стэрэатыпаў. Другое, запозна пачалі сур'ёзна займацца эканомікай. Фактычна, пасьля абнаўленьня фронту толькі з 2002 году пачалі праводзіць круглыя сталы і канфэрэнцыі па эканоміцы. Трэцяе, не настаялі як мага ранейшым выстаўленьні адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах.
[ 12/10/2004 13:55 ]
Сп. Вячорка, якія плюсы вы бачыце ў меркаваным уваходжаньні Беларусі ў ЭЗ -- акрамя скасаваньня візавых бар'ераў для нашых грамадзянаў, вядома. Ці не страшыць Вас непазьбежнасьць частковай страты сувэрэнітэту, асабліва з улікам цяперашніх "інтэграцыйных" тэндэнцыяў у Эўропе?
Эўрапейскі Зьвяз - сыстэма ўраўнаважаньня інтарэсаў вельмі многіх краінаў. І ніводная зь іх можа панаваць так, як панавала над Беларусьсю Царская імпэрыя альбо Савецкі Саюз. Эўрапейскі Зьвяз - гэта гарантыя зьберажэньня нашай незалежнасьці і нацыянальнай ідэнтычнасьці ў складанай геапалітычнай сытуацыі, у якой мы знаходзімся.
 галоўная
 угару