[ svaboda logo ] [ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ] [ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
[ svaboda logo ]
форум  


25 Сакавіка 2004
Уладзімер Арлоў
Нарадзіўся 25 жніўня 1953 у Полацку.

Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, удзельнічаў у самвыдатаўскіх альманахах "Мілавіца" і "Блакітны ліхтар". Першая кніга выйшла ў 1986 годзе. Аўтар больш як дваццаці кніг прозы, паэзіі, эсэ і гістарычных нарысаў. Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны (1991) , ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭH-цэнтру. З 1988 году сябра Рады "Мартыралёгу Беларусі". Пасьля ўтварэньня БНФ, 30 кастрычніка 1988 году, разам зь Зянонам Пазьняком выступіў падчас мітынгу ў Курапатах, які быў жорстка разагнаны міліцыяй.

Творы перакладзеныя на дваццаць пяць моваў. Любімыя заняткі: езьдзіць у Полацак і па ўсім сьвеце, гутарыць зь сябрамі за шклянкай чырвонага віна, сьмяяцца з таго, што сьмеху варта.

Увага: Аўтары трох найцікавейшых пытаньняў атрымаюць кнігі з аўтографам. Не забывайце пазначаць свой адрас электроннай пошты, каб мы змаглі паведаміць вам, калі вы выйграеце кнігу з аўтографам.
30.04.2004
Зянон Пазьняк
17.08.2004
Анатоль Міхайлаў
30.08.2004
Генадзь Бураўкін
05.10.2004
Мікола Статкевіч
12.10.2004
Вінцук Вячорка
01.12.2004
Генадзь Грушавы
2003  2004  2005  2006
[ 11/03/2004 09:40 ]
Сп. Арлоў, дык з чаго вы сьмяецеся, калі на двары дыктатура? Янка Варанец, Кракаў
Сп. Варанец, я зыходжу з таго, што сьмех умацоўвае ня толькі імунітэт чалавека, але й імунітэт грамадзтва. Сьмех можа быць магутнай зброяй. Калі з дыктатара сьмяюцца адзінкі, на іх почасту заводзяць крымінальныя справы. Каля сьмяяцца пачынаюць мільёны – дні дыктатара зьлічаныя.
[ 11/03/2004 11:55 ]
Вы ўжо даказалі, што можаце добра пісаць у жанры кароткага апавяданьня, але ці можаце вы напісаць раман? І ці хочаце вы напісаць раман? Калі так, то на якую-б ён быў тэму? Уладзімер
Калі напішу, то на гэтае пытаньне - ці змагу? – давядзецца адказваць Вам разам з астатнімі чытачамі. Бо зусім ня ўсё тое, што аўтар лічыць раманам, такім насамрэч зьяўляецца. Некалі, за савецкім часам, калі былі гарантаваныя ганарары, у нашай літаратуры расквітнела мода на “раманныя” дылёгіі, трылёгіі ды іншыя ... лёгіі. Аддаў належнае гэтай модзе і сёй-той з народных пісьменьнікаў. Афіцыйная крытыка іхнюю прадукцыю называла “эпапеямі”, чытачы – больш трапна – “апупеямі”.

Я, да прыкладу, лічу, што Міхась Стральцоў адным сваім апавяданьнем “Смаленьне вепрука” зрабіў для нашай літаратуры нязьмерна больш за Івана Чыгрынава зь ягонаю ў свой час шырока разрэклямаванаю ды экранізаванаю трылёгіяй “Плач перапёлкі”, якую цяпер усё радзей згадваюць, а чытаюць яшчэ меней.

Апрача таго, вельмі часта не пісьменьнік выбірае тэму, а тэма пісьменьніка. Тое самае, мне здаецца, бывае з жанрамі. Калі раман выбера мяне, то ён будзе пра... Не, я чалавек прымхлівы, а таму лепей прамаўчу.
[ 11/03/2004 12:27 ]
Сп. Арлоў, як вы ставіцеся да беларусаў, якія не гавораць па-беларуску? Як вы ставіцеся да перакладаў вашых твораў на рускую -- ці задавальняе вас якасьць, ці яны нешта страчваюць? Ілона Васільчанка, Мінск
Да беларусаў, якія не гавораць па-беларуску, стаўлюся як да тых, хто калі-небудзь загаворыць. Нягледзячы на розныя перашкоды і забароны ў мяне бывае шмат сустрэчаў з чытачамі, пераважна маладымі – студэнтамі, старшаклясьнікамі – і практычна на кожнай такой сустрэчы я атрымліваю пытаньні кшталту “Як загаварыць па-беларуску?” або “Як пераадолець псыхалягічны бар’ер і загаварыць па-беларуску ў незнаёмым асяродзьдзі?”

Што да перакладаў на расейскую мову, дык даволі часта я мушу займацца гэтым сам. Асабліва пасьля таго, як маскоўскія “знаўцы” нашае мовы, рыхтуючы кнігу маіх аповесьцяў і апавяданьняў для аднаго тамтэйшага выдавецтва, не змаргнуўшы вокам, пераклалі “запалкі” як “зажігалкі”, а напрыклад, “кажанаваты шляхціч” як “шляхціч, похожій на летучую мышь”. Дзякуй Богу, што тэксты прыслалі на аўтарызацыю.
[ 11/03/2004 13:38 ]
Сп. Арлоў, заўсёды чакаю на вашыя новыя кнігі. Скажыце, колькі замежных моваў вы ведаеце, і які параілі б вывучыць людзям, які хочуць займацца гісторыяй Беларусі? Марыя Мамчыц, Берасьцейская вобласьць, Каменец
Дзякуй, спадарыня Марыя! Цяпер, патрапіўшы ў Камянец, буду грэцца думкаю, што тут жыве мая верная чытачка.

Маё веданьне замежных моваў пакуль што наўрад ці можа служыць узорам для перайманьня. Я чытаю па-польску і па-ўкраінску (з гэтых моваў даводзілася і перакладаць), раз-пораз зазіраючы ў слоўнік – па-ангельску. На мове Шэкспіра магу доўга размаўляць з памежнікамі й мытнікамі (так было аднойчы, калі ў ангельскім порце Рамсгэйт мяне палічылі тэрарыстам з IRA), але прачытаць лекцыю з гісторыі Беларусі, на жаль, яшчэ няздольны.

Калі Вы зьбіраецеся займацца нашай гісторыяй, раю вывучыць найперш польскую. Як Вы здагадваецеся, не зашкодзіць і ангельская. Напрыклад, каб не чакаючы беларускага перакладу, прачытаць выдадзенае нядаўна ў ЗША дасьледаваньне амэрыканскага гісторыка Т.Снайдэра “The Reconstruction of Nations. Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus. 1569-1999.” Натхняючы Вас, згадаю назвы некаторых разьдзелаў: “The Grand Duchy of Lithuania (1569-1863)”, “ Lithuania! My Fatherland! (1863-1914)”, “The First World War and the Wilno Guestion (1914 –1939)”. Паверце, некаторыя старонкі кнігі Снайдэра вы будзеце чытаць з значна большай цікавасьцю за дэтэктыўны раман.
[ 11/03/2004 15:01 ]
Согласитесь, господин Орлов, что по-русски ваши книги прочитало бы в сотни раз больше людей и, не сключено, что они стали бы патриотами Беларуси -- вам не кажется, что вы читаете проповедь для хора, как говорят на Западе? Джойс прославил Дублин совсем не на ирландском языке. Генадий Алёшин, Витебск
Мае кнігі ня раз выходзілі ў перакладзе на расейскую – і напісаныя ў сааўтарстве з Г.Сагановічам “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі”, і “Таямніцы полацкай гісторыі”, і зборнік прозы “Пока не погасла свеча”. Я ведаю людзей, для якіх сапраўды якраз расейскамоўныя вэрсіі маіх кнігаў сталі “мастком” да самаідэнтыфікацыі. У нечым Вы, Генадзь, напэўна, маеце рацыю. Але я гляджу на сьвет беларускімі вачыма. У мяне беларускае сьветабачаньне, сьветаразуменьне й сьветаўяўленьне. Ні на якой іншай мове пісаць свае кнігі я проста не магу. (Магчыма, якраз таму яны і вартыя перакладу на іншыя мовы?) Перафразаваўшы Альбэра Камю, я магу сказаць: “Што б ні здарылася, я ведаю, што ў мяне ёсьць Радзіма – беларуская мова”.

Ну а наконт пытаньня “казані для хору”... “Хор” гэты нязьмерна большы, чым Вам ( а часам і мне самому) ўяўляецца. Каб было іначай, не выходзілі б трыма беларускамоўнымі выданьнямі і мае “Таямніцы...” і “Дзесяць вякоў...” Толькі што зьявілася чацьвертае выданьне кніжкі “Адкуль наш род”.

Дарэчы, першы 15-тысячны беларускі наклад “Таямніцаў...” быў у свой час прададзены за тры месяцы, а 5-тысячны расейскі разыходзіўся цэлы год. Відаць, гэта прыемнае сьведчаньне таго, што расейскамоўныя беларусы ня супраць чытаньня па-беларуску. Выдаўцы маёй кнігі “Краіна Беларусь” мелі намер усьлед за беларускім накладам рыхтаваць расейскі, але цяпер, зрабіўшы маркетынгавае дасьледаваньне, схіляюцца да думкі пра дадатковы выпуск беларускае вэрсіі.

Мне ўяўляецца, што любы жыхар Беларусі здольны чытаць цікавую яму літаратуру (напрыклад, гістарычную) па-беларуску (няхай і зьвяртаючыся раз-пораз да слоўніка). Таму, спадар Алёшын, Вашая думка пра тое, што па-руску мае кнігі прачытала б “у сотні разоў больш людзей” (Вы ж гаворыце, як я разумею, пра нашую краіну), якія маглі б стаць патрыётамі, выглядае вельмі дыскусыйна.
[ 11/03/2004 16:26 ]
Ці паедзеце вы ў эміграцыю? Чаму? Аліна
Калі б я зьбіраўся, ужо даўно зьехаў бы. Я не выключаю магчымасьці пажыць нейкі час у замежжы, каб, апрача ўсяго іншага досьведу, больш выразна ўбачыць Беларусь і нашае месца ў сучасным сьвеце. Але назусім пакінуць сваю краіну... Гэта выключана. Хіба толькі па этапу. Спадзяюся, да такога ня дойдзе.
[ 11/03/2004 16:59 ]
Хто вам падабаецца з маладых пісьменьнікаў? Аксана
Андрэй Хадановіч, Віктар Жыбуль, Вера Бурлак (якой я раіў бы адмовіцца ад недарэчнага псэўданіму – Джэці), Вальжына Морт, Глеб Лабадзенка... Сьпіс можна доўжыць. Я згадаў толькі тых, каго слухаў днямі на паэтычнай вечарыне, прысьвечанай выхаду кнігі А.Хадановіча “Лісты з-пад коўдры”. (Кніга, дарэчы, яшчэ да беларускага выданьня, пасьпела выйсьці ў перакладзе на ўкраінскую.) Мне імпануюць ня толькі літаратурны талент, але і энэргетыка, унутраная свабода гэтай генэрацыі 20-30-ці гадовых. На згаданай вечарыне ў менскім Доме літаратара якраз яны – і не ўпершыню – сабралі перапоўненую залю і трымалі яе тры з паловаю гадзіны.

Калісьці я нават натхніўся і напісаў верш “Мне прысьніўся Хадановіч”, у якім, напэўна, адлюстраваліся мае спадзяваньні на ўсіх маладых пісьменьнікаў, творчасьць якіх мне даспадобы.

Мне прысьніўся Хадановіч:
Велічны, нібы сэнатар,
Недарэзаны Нэронам,
Іранічны, як Свэтоні,
Заклапочаны, як Брут...
[ 11/03/2004 20:26 ]
Скажыце калi ласка, як Вы характэрызуеце сучасны стан беларускага грамадства? Дзякуй.
Грамадзтва стамілася ад беспэрспэктыўнасьці існаваньня пры рэжыме, зацікаўленым адно ў захаваньні сваёй улады. Лукашэнкава незалежніцкая рыторыка апошніх месяцаў таксама скіраваная выключна на гэта. Беларусь чакае пераменаў, але актыўна за іх змагацца пакуль не гатовая.
[ 11/03/2004 21:39 ]
Раскажыце,калі ласка, пра сваё матэрыяльнае становішча. Дзякую.
Я шчасьлівы, што справа, якой займаюся, дазваляе мне зарабляць ня толькі на хлеб і віно, але і на падарожжы па сьвеце, якія ў маёй гіерархіі жыцьцёвых каштоўнасьцяў заўсёды займалі высокае месца (можа, з тае прычыны, што частка маёй крыві – цыганская).
[ 12/03/2004 13:50 ]
Cп. Арлоў, ці ня лічыце вы, што гвалт мог бы паспрыяць лепшай будучыні Беларусі -- пад гвалтам я маю на ўвазе і паўстаньні, і тэракты, і снайпера. Мікола Будзяк.
Спадар Будзяк, скажыце шчыра, а самі Вы ўжо гатовыя да паўстаньняў, тэрактаў або ролі снайпэра? Ці шмат такіх людзей сярод Вашых сяброў і знаёмых?

Вы, відавочна, маеце на ўвазе тое, што мірным шляхам разьвітацца з уладаю цяперашні “беларускі” рэжым ня згодны. Хацелася б, вядома, памыліцца, але і “аксамітавая рэвалюцыя” (чэскі варыянт), і “рэвалюцыя ружаў” (грузінскі) – сцэнары не для нас.

Тэракты і стрэлы снайпэраў (як і паўстаньні) у сучаснай Беларусі я лічу малаверагоднымі. Ня тая ў нашых сёньняшніх суайчыньнікаў мэнтальнасьць. Якім чынам адбудзецца пераход улады ў іншыя рукі? Лічу даволі верагодным “палацавы” пераварот. ( Магчыма, з удзелам “маскоўскіх таварышаў”, прынамсі пры іхняй згодзе.)

Пакуль што большасьць з нас яшчэ няздатная супрацьстаяць штодзённаму гвалту над самімі намі і нашымі дзецьмі. Прыкладаў – безьліч. Калі не лічыць сытуацыі зь Беларускім гуманітарным ліцэем, толькі адзінкі змагаліся зь пераводам тысячаў беларускіх школаў і клясаў на расейскую мову. Штосьці я ня чуў пра масавыя пратэсты бацькоў супраць таго, што іхных сыноў і дачок цяпер цэлымі школамі заганяюць у піянэры і БРСМ...
[ 12/03/2004 14:13 ]
Хто зь беларускіх пісьменьнікаў ці паэтаў, пасьля сьмерці Васіля Быкава, мог бы прэтэндаваць на Нобэлеўскую прэмію? Ігар Сасім, бабруйск
Сьвятлана Алексіевіч. Рыгор Барадулін. Алесь Разанаў (пералічваю паводле альфабэту).
[ 12/03/2004 18:16 ]
Сп. Арлоў, ці падабаюцца вам рыжыя дзяўчаты? І.С.
Вы інтрыгуеце. Я згодны: рыжыя валасы – гэта файна. Але што Вы прапануеце ў камплекце зь імі?
[ 12/03/2004 18:57 ]
Чаму вы застаецеся ў сталінскім саюзе пісьменьнікаў? Ларыса Геніюш у гэты калгас не ўступала. Ян Зарубін, Менск
Я быў добра знаёмы з Ларысай Геніюш і ведаю, што яна ня мела нічога супраць Саюзу пісьменьнікаў. Пра гэта сьведчыць і ейны неаднаразовы ўдзел у пісьменьніцкіх зьездах у якасьці ганаровае госьці. Іншая рэч, што ўлада ставіла ўмоваю яе ўступленьня ў Саюз прыняцьце савецкага грамадзянства, на што спн. Ларыса пайсьці не магла.

Як вядома, на божай пасьцелі прэзыдэнт Рады БНР Васіль Захарка прызначыў яе сакратаром Беларускай Народнай Рэспублікі. Геніюш назаўсёды засталася грамадзянкай БНР.

Сябрамі СП былі Ўладзімер Караткевіч і – да апошніх дзён – Васіль Быкаў. Нядаўна ганаровымі сябрамі саюзу сталі нашыя замежныя калегі Янка Запруднік, Кастусь Акула, Вітаўт Кіпель. Сваю згоду яны патлумачылі тым, што сёньняшні СПБ – адна зь нешматлікіх арганізацыяў, якая пасьлядоўна бароніць беларускую мову і культуру.

Сяброўства ў сучасным Саюзе пісьменьніка , як Вы, магчыма, здагадваецеся, аніякіх прывілеяў і выгодаў ( апрача адчуваньня прафэсійнай салідарнасьці) не дае. Якая ўва ўлады “любоў” да “сталінскага”, як Вы пішаце, СП, добра вядома.
[ 13/03/2004 03:18 ]
Уладзь, як ты лiчыш, цi пастаў напрыканец той час, калі павінны быць болей рашучыя дзеяньні ў апазыцыі? Зь лiку гледзішча твайго як гiсторыка, простай людзiны й зьвычайнага настаўнiка Маiсеенка Генадзь
Генадзь, я згодны з Вашымі спадзяваньнямі на большую рашучасьць апазыцыі. Дай Бог, каб яна, дзеля пачатку, нарэшце аб’ядналася.
[ 14/03/2004 13:34 ]
Pryvitanne! Uladzia,tci ne zauvazjyu ty, padarozjni-thajutjy u Thase, takuju z'javu, kali z thasam slovy perastajutc adpavia-datc pershapathatkovym svaim znathenniam i toe, shto raney bylo neprymal-nym dlia marali, zaraz stala normay, ale vyznathaetcca tymizj slovami? Kali tak, dyk tci mozjash rastlumathytc mehanizm getay z'javy? Ne hathu bytc nahabnym, ale mne velmi kartcitc zadatc jashthe adno pytanne. Shto ty adrazu adthuvaesh, kali thuesh slova "Gliabalizatcyja"? Z tcioplay udziathnastcu, bo ne magu znaystci adpavedna-ga vyznathennia - Liavon.
Дарагі Лявон! Вядома, я заўважыў гэтую зьяву. Пра яе мэханізм, спадзяюся, мы пагаворым пры сустрэчы, бо гаворка доўгая. Што да глябалізацыі, дык калі я чую гэтае слова, заўсёды задумваюся, як мы ў варунках яе наступу будзем захоўваць сваю беларускую тоеснасьць.
[ 15/03/2004 12:15 ]
Шаноўны спадар Арлоў, Мне, як прадстаўніку акцёрскай дынастыі, было б вельмі цікава пачуць Вашае меркаваньне: што трэба зрабіць, каб нашая беларуская інтэлігенцыя думала па-беларуску ў прамым і ў пераносным сэнсе слова? Як выкараніць з усьведамленьня многіх вучоных, творчых дзеячоў, настаўнікаў думку аб тым, што "мы без России ничто, нам без неё никуда, мы один народ"? Ці павінна гэтая зьмена менталітэту адбывацца сама па сабе, або патрэбен пэўны цывілізаваны прымус? Дзякуй за адказ, С павагай, Даніла Ўладамірскі
Так, на жаль, пагрозьліва вялікая частка нашай інтэлігенцыі – у выніку 200-гадовага знаходжаньня Беларусі ў царскай, а затым бальшавіцкай імпэрыі – па-ранейшаму (часам не задумваючыся пра гэта альбо нават так ня лічачы), застаецца ў расейскацэнтрычным полі сьветаўспрыманьня .

Неяк на канцэрце шанаванага мною этна-гурту “Троіца” ягоны кіраўнік Іван Кірчук, перш чым засьпяваць народную рэкруцкую песьню, на добрай беларускай мове патлумачыў публіцы, што ў часы Пятра І нашы рэкруты служылі ўсё жыцьцё. Між тым беларусы тады жылі не ў Расеі, а ў ВКЛ, дзе войска камплектавалася на прафэсійнай аснове і рэкруцкіх набораў проста не існавала. Песьня ж нарадзілася значна пазьней, калі Беларусь трапіла ў кіпцюры дзьвюхгаловага расейскага арла і нашы продкі зрабіліся гарматным мясам у захопніцкіх царскіх паходах.

А чаго вартыя заявы некаторых прарасейскіх палітыкаў пра тое, што без дапамогі матухны-Расеі мы, гаротныя, ня вызваліліся б ад мангола-татарскага прыгнёту (якога на беларускіх землях ніколі не было.)

Я, магчыма, не скажу для Вас нічога новага, калі паўтару: лёгіка нацыянальнага мысьленьня фіксуецца ў роднай мове і сілкуецца гістарычнай памяцьцю.

Вы пішаце пра “цывілізаваны прымус”. Можна выказацца больш карэктна: адпаведная дзяржаўная палітыка, накіраваная на аднаўленьне гістарычнай (а значыць – нацыянальнай) сьвядомасьці, на разбурэньне імпэрскіх мітаў, ліквідацыю комплексу нацыянальнай непаўнавартасьці. Сёньняшняя ўлада ня проста не займаецца гэтым, а наадварот – рэанімуе згаданыя зацухмоленыя міты й стэрэатыпы. Адзін з красамоўных прыкладаў – “новы” падручнік гісторыі Беларусі, напісаны Я.Трашчанком, які некалі вучыў студэнта А.Лукашэнку.

Аднак насуперак дэнацыяналізацыі і русіфікацыі, узьведзеным у ранг дзяржаўнай палітыкі, грамадзтва пакутліва, але няўхільна вызваляецца ад посткаляніяльных комплексаў. ( Я думаю, Вы й самі заўважаеце шмат сьведчаньняў гэтага.) Можа, якраз таму рэжым пачаў клапаціцца пра “дзяржаўную ідэялёгію”?
[ 15/03/2004 12:48 ]
Сп. Уладзімір, якая вашая дзясятка беларускіх пісьменьнікаў усіх часоў? Уладзіслава Бягун, Міёры
Францішак Скарына, Ян Баршчэўскі, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Уладзімер Караткевіч, Натальля Арсеньнева, Васіль Быкаў.
[ 15/03/2004 16:54 ]
Гн. Орлов, не могли б вы назвать в историческом плане предшественников г-на Лукашенко во главе Беларуси, то есть подобных ему деятелей? Владимир Корбут, Брест
Пэўныя аналёгіі можна знайсьці з нашым апошнім вялікім князем і каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім. Тады таксама адбывалася свайго роду “інтэграцыя” з Расеяй, што скончылася падзеламі Рэчы Паспалітай і інкарпарацыяй беларускіх земляў; а Панятоўскі з манарха ператварыўся ў вязьня. Будзьма спадзявацца, што поўнай аналёгіі не атрымаецца.
[ 15/03/2004 18:02 ]
Узгадайце, калі ласка, які вам зрабілі самы нестандартны (а можа, абсурдны) падарунак на Дзень Волі? І які самы незабыўны падарунак вы самі зрабілі на гэтае сьвята (сябрам, Беларусі, чытачам...)?
На Дзень Волі ў 1990-м у сьвяточным выпуску тады яшчэ нелегальнай газэты “Свабода” зьявілася маё эсэ “Незалежнасьць – гэта...”, якое потым друкавалася й перакладалася безьліч разоў у самых розных выданьнях. (Апафеозам была публікацыя, здаецца ў 1993-м, у газэце “Піянер Беларусі”.)

Самы нестандартны падарунак мне самому?.. Некалькі разоў меў вялікія шанцы сьвяткаваць Дзень Волі ў пастарунку, але шчасьліва пазьбегнуў гэтае магчымасьці.(З другога боку, пазбавіўся цікавага досьведу.) Відаць, самы адмысловы падарунак яшчэ наперадзе.

А самым вялікім падарункам станецца, вядома, абвяшчэньне Дня Волі дзяржаўным сьвятам.
[ 15/03/2004 19:03 ]
Спадар Уладзімір! Ці хацелі б Вы нешта скарэктаваць у Вашым эсэ "Незалежнасьць - гэта...". Калі так, то - чаму, калі не - таксама - чаму? Дзякую.
Рэдагаваньне ўласных твораў, каб прывесьці іх у адпаведнасьць з сучасным момантам, лічу справай несумленнай. Мне хочацца, каб гэтае эсэ нарэшце страціла сваю актуальнасьць і трапіла ў архіў.
[ 15/03/2004 20:28 ]
Вашыя творы густоўны аздоблены эротыкай. А як Вы ставіцеся да "нетрадыцыйных" формаў каханьня?
Я чалавек вельмі талерантны, але ж ня будзем забываць, што насельніцтва краіны штогод скарачаецца на некалькі дзесяткаў тысяч...
[ 15/03/2004 20:33 ]
Дзень добры, сп.Арлоў! Калі ласка, адкажыце на маё пытаньне. У "Маша і мядзьведзі" Вы разважаеце пра рэінкарнацыю. Уявіце, што Вы за гэта адказны. Хто сталі б першымі трыма чалавекамі, якіх Вы рэаркарнавалі, і ў каго б яны пертварыліся?
Вы прыслалі вельмі цікавае пытаньне. Кандыдатуры вымалёўваюцца, але калі дазволіце, я ня буду сьпяшацца з адказам, каб потым напісаць своеасаблівы постскрыптум да свайго апавяданьня.
[ 16/03/2004 20:10 ]
Ці праўда тое, што напісаў С.Навумчык пра вашыя зь ім прыгоды і як Вы навогул ацэньваеце такія публікацыі. Чаму пра Вас не пішуць нармальна.
Ня ведаю, пра якую з публікацый Сяргея Навумчыка Вы пытаецеся (ён пісаў пра маю сьціплую пэрсону не адзін раз), але я – адназначна – за свабоду творчасьці. А яшчэ згадаў зараз Сальвадора Далі. Той аднойчы прызнаўся, што хацеў бы, каб пра яго пісалі кожны дзень, і што ён згодны нават на тое, каб пісалі добра.
[ 17/03/2004 00:00 ]
Ці хацелі б Вы, напрыклад, спаткаць таго ж самага Калугіна ізноў, толькі ўжо на беразе Атлянтычнага акіяну ці Мэксыканскай затокі?
Можа, і хацеў бы, але толькі не ў якасьці эмігранта (маю на ўвазе сябе).
[ 17/03/2004 00:03 ]
Самі палякі мувяць, што ня могуць дагаварыцца на цьвярозаю паміж сабой. А як беларусы, ці могуць?
Як вядома, цьвярозае ўспрыманьне рэчаіснасьці толькі адно з магчымых. Антычныя аўтары паведамлялі, што старажытныя германцы наогул усе важныя справы абмяркоўвалі двойчы – на цьвярозую галаву і – ніштавата ўзяўшы.

Што датычыць беларусаў, дык мноству галоваў, каб скарыстацца з прыкладу германцаў, спачатку трэба канчаткова працьверазець і ўбачыць, дзе яны апынуліся.
[ 17/03/2004 00:12 ]
Шаноўны спадар Уладзімер! Ад часу, калі стала зразумела, што дзейны кіраўнік дзяржавы "раз і назаўсёды", шмат хто пісаў эсэі на тэму "Калі б я быў прэзідэнтам". З гэтага маё пытаньне: ці ж будзеце вы, як гісторык, адно адраджаць помнікі даўніны ды зьмяняць мэтоды вывучэньня гісторыі ў школе. Ці, зноў жа, як гісторык, зьвернецеся да досьведу найлепшый часоў нашай краіны -- каб змадэляваць іх у сучаснасьці. Цікава было б ведаць, якую ролю ў гэтым выпадку вы прадугледжваеце за Полацакам -- што, на вашу, трэба там зрабіць (аднавіць, арганізаваць...). Загадзя дзякуй! Раман Тумашык, Менск
Хачу ўдакладніць: я лічу сябе не прафэсійным гісторыкам, які часам забаўляецца літаратурай, а прафэсійным пісьменьнікам з гістарычнай адукацыяй. Адсюль вынікаюць і крыху іншыя задачы.

Я даволі скептычна стаўлюся да астролягаў, але мне падабаецца прароцтва полацкага “зьвяздара” 16 ст. Васіля Нямчына, якое цяпер паўтарае Павал Глоба – пра тое, што ў 21 ст. мой родны Полацак стане духоўнай, а затым, магчыма, і адміністрацыйнай сталіцай Беларусі.

Полацак – магутнае “радовішча” пасыянарнай энэргіі. Ён даў нам і сьвету выдатных асобаў у шмат разоў болей за любы іншы беларускі горад. Калісьці я прапанаваў тэрмін “полацкі мэнталітэт”. Маё абгрунтаваньне падмацаваў сваім аднайменным вершам Рыгор Барадулін:

Ёсьць полацкі мэнталітэт – Ад Еўфрасіньні, ад Скарыны...

Больш разгорнуты адказ можна знайсьці ў маёй кнізе “Таямніцы полацкай гісторыі”.
[ 17/03/2004 17:02 ]
Шаноўны Уладзімер! Былі часы Полацкага княства; Полаччына славутая многімі выбітнымі людзьмі. Ці ёсць, на Ваш погляд, сёння месца такім паняццям, як Беларусь полацкая і полацкія беларусы? Ці маюць адрозненне наша з Вамі "малая" радзіма і нашы з Вамі землякі ад астатняй Беларусі і іншых беларусаў?
Адказваючы на папярэдняе пытаньне, я аб’яднаў яго з Вашым, бо яны ўзаемадапаўняльныя. Пачытайце мае “Таямніцы...”
[ 17/03/2004 17:54 ]
Nad chym vy pracujecie? Ci majecie vy spis temau, herojaj ci siuzetau, jakija b vy chacieli napisac sam? Ci mahli b vy padzialicca idejami z inszymi - moza, nechta napisau by? Viktar Veczar, Viciebsk
Такога сьпісу я ня маю. Складаць яго - справа досыць наіўная. Літаратурны працэс ня любіць быць кіраваным. Нават калі кіраваць спрабуеш самім сабой.

Над чым працую? Пішу эсэ, якое мае рабочы загаловак “Назаву цябе Зінаіда, або Мёртвыя не пацеюць”. Пра што яно – не скажу, каб было цікавей.

Якімі ідэямі хацеў бы падзяліцца зь іншымі? У нашай літаратуры дагэтуль няма прыстойнай фантастыкі... Калі з Генадзем Сагановічам мы пісалі “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі”, дык гаварылі пра дзесяткі асобаў, вартых гістарычных раманаў – Леў Сапега, Ян Кароль Хацкевіч, Якуб Ясінскі, Эмілія Плятэр, Ахіл Банольдзі...
[ 17/03/2004 18:57 ]
Shanouny Spadar! Adkazyce kali laska, jakoe u Vas samae lubimae mesca u Polacku. Juras z Polacka.
Верхні Замак. Мару, што ў хуткім часе там зьявіцца конны помнік Усяславу Чарадзею.
[ 17/03/2004 20:14 ]
Спадар Ул.Арлоў! Ці хочаце ВЫ стаць прэзыдэнтам Беларусі! З павагай, Алесь
Не хачу. І ўвогуле лічу, што для Беларусі лепей было б стаць парлямэнцкай рэспублікай.
[ 17/03/2004 22:13 ]
Добры дзень паважаны Ўладзімер. Зараз яшчэ 17-ае сакавіка, а Вы напэўна будзеце гэта чытаць у сьвяточны Дзень Волі. Дык вось пытаньне, у вашай аповесьці “Ордэн белай мышы” распавядаецца пра незвычайную краіну ў якой існуе адзін манарх, адзін напэўна супрацоўнік КДБ і іншыя, галоўнае ж дзяржаўныя дзеячы-). Дык вось пытаньне: ці здольны беларускі народ, на Вашую асабістую думку, выступіць увасабленьнем вобразу пісьменніка, які не жадае бачыць на сябе ганебны ордэн белай мышы
Сёньня яшчэ няздольны, як ня здольныя адмовіцца ад спакусы і шмат якія нашыя творцы.
[ 17/03/2004 22:15 ]
2 частка :-) Бо на гэты час, як мы ўсё на жаль бачым, вельмі шмат людзей згаджаюцца насіць гэты знак прымітыўнасьці...:-( І другое пытаньне: Як Вы лічыце, што павінен рабіць малады чалавек, каб не зьнікнуць пад цяжарам краіны дзе ён нарадзіўся, краіны дзе існуе “адзін кароль, адзін прэм’ер, адзін шэф службы бяспекі,...” З Вялікай павагай да майстра беларускага слова Шаснаццацігадовы патрыёт Януш Вожык. ( Вельмі калючы да ўлады ).
Каб не загінуць пад гэтым цяжарам, малады чалавек мусіць разумець, што ўлада – гэта яшчэ не краіна. Ён мусіць ведаць, што да яго тут жылі тысячы і тысячы людзей, для каго Радзіма і яе свабода былі найвышэйшымі каштоўнасьцямі, за якія вельмі часта даводзілася аддаваць жыцьцё. Малады чалавек мусіць ведаць, што ў ягонай краіны – эўрапейская гісторыя, а гэта – своеасаблівы пропуск у эўрапейскую будучыню. Малады чалавек мусіць адчуваць сваю асабістую адказнасьць за захаваньне спадчыны продкаў – мовы, непаўторнай культуры, безь якіх народ згубіць сваю гістарычную пэрспэктыву. Але Вы, Януш, - я ўпэўнены – ужо адчуваеце гэтую адказнасьць, ужо ствараеце разам зь сябрамі вакол сябе выспу той Беларусі, пра якую мы марым. Пройдзе час і архіпэляг такіх выспаў і выспачак ператворыцца ў мацярык.
[ 18/03/2004 11:35 ]
18 сакавiка 2004 г. Пытаннi паважанаму спадару Арлову. 1). На якой мове было справаводства на землях сённяшней Украины ў часы Литоўскага статута ? I чаму зарас беларуская i ўкраiнская мовы падобныя i адрознiваюцца адна ад другой адначасова ? 2). «Древняя Русь», «Киевская Русь» - былi такiя дзяржаўныя ўтварэннi цi гэта прыдумка навукоўцаў i пiсьменнiкаў ? I дарэчы: пра якую «Русь» iдзе гаворка ў «Слове аб палку Iгаровым» - «О Русь (цi: «О русская земля»... ? Дакладна ня памятую), ты уже за холмом» ? Як гэта ўсё стасуецца з iснаваннем «Вялiкага Князтва Лiтоўскага, Рускага, Жамаiцкага i (пасля Вунii) Польскага» ? Дзякуй i жыве Беларусь ! Ўладлен з Мюнхена.
Як Вы ведаеце, украінскія землі да Люблінскай вуніі 1569г. былі часткаю ВКЛ, а дзяржаўнай моваю Вялікага Княства служыла старабеларуская (якая, зрэшты, была вельмі блізкай да тагачаснай украінскай).

Што да назваў “Древняя Русь”.”Кіевская Русь”, то яны ў летапісах, як назвы дзяржаваў не сустракаюцца.

Назва “Русь” у розныя часы мела розны сэнс: была палітонімам, этнонімам, мэтаэтнонімам, абазначала тэрыторыі, якія лякалізаваліся за сотні, а часам і тысячы кілямэтраў адна ад адной. Упершыню ж тэрмін “Русь” зафіксаваны ў 839 г., калі група варагаў-скандынаваў назвала сябе пры двары германскага імпэратара пасламі “кагана Русі”. Больш падрабязна пра гэта вы можаце даведацца з артыкулу “Русь” у Беларускай энцыкляпэдыі або Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі.

У “Слове пра паход Ігаравы” пад “Русьсю” разумеецца зямля, населеная славянамі, якая межавала з абшарамі, занятымі качэўнікамі.

Гаворачы пра сярэднявечча, гісторыкі часам карыстаюцца тэрмінамі “Русь Маскоўская” і “Русь Літоўская”. Апошняя – ня што іншае, як Вялікае Княства Літоўскае, ядром якога былі славянскія (беларускія) землі, а дзяржаўнай мовай, як вы ведаеце, беларуская.

Зноў жа хачу пераадрасаваць Вас да адпаведных артыкулаў у энцыкляпэдыях . Там Вы знойдзеце й бібліяграфію па гэтай праблеме.
[ 18/03/2004 17:42 ]
Jaki svoj tvor vy lichycie niadachaj? Paval Kashkan, Wroclaw
Гэты твор называецца “Прадаецца машына часу”, але я яго не друкаваў.
[ 18/03/2004 22:05 ]
Добры дзень паважаны Ўладзімір Аляксеевіч. Вось праходзячы па Менскім вуліцам, зазіраючы ў вочы людзей, у мяне склалася нейкае ўражаньне, што Беларускі народ як тая бутэлька якой адарвалі дно, усё, што ў яе трапляе праходзіць цераз і зьнікае, дык вось ў які час ці якое стагоддзе прыблізна на вашую асабістую думку беларусы страцілі гэтае дно ? дзяквуючы якому шматлікія краіны сьвету зьбіраюць сваю гісторыю, і яна нікуды не зьнікае...А мы ўсё жадаем штосьці падкласьці пад нашую бутэльку народнасьці каб хоць нешта засталося і калі мы гэта робім, толькі што прымацаванае днішча зрывае зноў... Шаснаццацігадовы патрыёт Януш Вожык.
У 16ст. Мы перажылі самую страшную ў нашай гісторыі вайну (1654-1667г.г.) з Маскоўскай дзяржавай. У тым крывавым патопе Беларусь страціла больш за палову свайго жыхарства. Гэта была жудасная дэмаграфічная, эканамічная, культурная катастрофа. Гарады былі разрабаваныя і спаленыя (багаты і шматлюдны Мсьціслаў, да прыкладу, царскія стральцы амаль цалкам выразалі, не шкадуючы ні старых, ні немаўлятаў). Некалькі сотняў тысяч беларусаў – найперш людзей адукаваных, майстравітых – захопнікі перасялілі ў Расею. Беларусь амаль што страціла сваю эліту...

Менавіта ў той катастрофе я бачу прычыну шмат якіх нашых сучасных нацыянальных няшчасьцяў.
[ 19/03/2004 17:27 ]
Добры дзень, Уладзімер Аляксеевіч!!! Хачу задаць Вам наступнае пытанне: "Як Вы расцэньваеце становішча беларускай мовы ў нашай краіне і як, на Ваш погляд, можна яго палепшыць" Дзякую. Андрэй. Студэнт.
Становішча, безумоўна, складанае, але зусім не катастрафічнае. Нягледзячы на палітыку русыфікацыі, якую праводзіць рэжым, у масавай сьвядомасьці ўжо даўно адбыўся ў стаўленьні да мовы кардынальны зрух. Калі ў 1970-я гады я быў студэнтам, беларуская мова менскім абываталем успрымалася як адзнака неадукаванасьці й вясковасьці, цяпер – наадварот – як сьведчаньне адукаванасьці, далучанасьці да навукі або творчых прафэсіяў ці, прынамсі, да апазыцыі.

Каб палепшыць сытуацыю з мовай, раю Вам найперш пасьлядоўна ёю карыстацца і пашыраць сваё беларускамоўнае асяродзьдзе. А там зьменіцца рэжым, і на зьмену дэнацыяналізацыі абавязкова прыйдзе палітыка падтрымкі мовы, перад якой дзяржава моцна вінаватая.
[ 19/03/2004 18:03 ]
Які ваш любімы палітычны анэкдот? А.П.
Ведаеце, мне калісьці спадабаўся анэкдот, расказаны на сустрэчы адным маім чытачом – простым дзядзькам з Калінкавічаў.

Едзе Лукашэнка на свае ўлюбёныя “Дажынкі”, а беларусы ўсьцяж дарогі крычаць яму: “Да жынкі! Да жынкі!”
[ 19/03/2004 18:57 ]
Darahi Uladzimir! Adkul vy znachodzicie moc i silu pisac takija vialikija tvory?
Я ведаю, што ў мяне ёсьць тысячы чытачоў. Бяз гэтага веданьня было б нязьмерна цяжэй.
[ 19/03/2004 19:17 ]
Вiтаю Вас шаноуны спадар Уладзiмeр ! Дзякуй Вам за Вашую руплiвую працу для Беларусi. З вялiкай пашанай захоуваю Вашую кнiгу з аутографам.... Сiл i поспехам Вам! Пытаньнне: Цi лiчыце Вы, што найперш беларусам бракуе салiдарнасьцi, а таксама самаахвярнасьцi дзеля змаганьня за Беларусь ? Якая галоуная рыса важная для змаганьня за Беларусь Валеры Грыцук нястомны змагар за Беларусь
Дзякуй і Вам. Спадзяюся, што маю кнігу з аўтографам Вы ня толькі захоўваеце, але й чытаеце. Так, беларусам вельмі бракуе якасьцяў, пра якія Вы пішаце. Нам трэба вучыцца заўсёды бараніць сваё: мову, гісторыю, беларускую школу, нашых выбітных творцаў...
[ 20/03/2004 12:21 ]
How are you feeling now?
Ворагі не дачакаюцца.
[ 20/03/2004 21:19 ]
Сп. Арлоў, з Днем Волі Вас.
Вас – таксама. Мы яшчэ дажывем да таго, калі гэты дзень будзе нашым галоўным дзяржаўным сьвятам.
[ 20/03/2004 22:20 ]
Віншую Вас, Уладзімер Аляксеевіч,з Днём Волі. Да Арлова-Вандроўніка: чаму б Вам не зьвярнуцца да "белтураў" ды дапрацаваць тэксты экскурсіяў,каб былі яны менавіта для беларуса,а не жыхара ўсходняе імпэрыі?(На пытаньне паўплывала кніга"Адкусі галаву вароне:)Ці плянуеце выдаваць "Галерэю "Кліо"?Які твор Вы гатовы перачытваць бясконца?Ці разглядалі Вы ідэю выдаць сваі дзеньнікі.Якая мэлёдыя павінна быць гімнам нашае Радзімы?Арлову-Філёзафу: што для Вас асабіста-"быць БЕЛАРУСАМ"?На разьвітаньне жадаю Вам ранкам напрыканцы сакавіка прачнуцца ў Вольным Краі. Жыве Беларусь.Аўген,Менск
Дзякуй за цэлы букет цікавых пытаньняў.

У газэце “Турізм і отдых” ужо друкаваліся мае нататкі пра беларускія мясьціны Дрэздэну, Міляну й Амстэрдаму.

“Галерэя Кліо” часткова выдадзеная на аўдыёкасэце й CD - перадачы пра паўстанцаў 1794, 1831 і 1863г.г. У плянах выпуск новага дыску – “Паўстанцы ІІ”

Бясконца гатовы перачытваць навэлы аргентынца Борхеса.

Пакуль што ідэя публікацыі дзёньнікаў мяне палохае.

Што да мэлёдыі гімну, дык мне даспадобы славуты палянэз М.К. Агінскага. Але я мару пра геніяльную мэлёдыю, якую створыць сучасны беларускі кампазытар, які пасьпеў падыхаць паветрам свабоды.

Калісьці Янка Брыль афарыстычна сказаў: Я беларус, гэтаксама, як я – мужчына”. Магу падпісацца пад гэтымі словамі.
[ 20/03/2004 23:43 ]
Спадар Арлоў, як Вы ацэньваеце сёньняшні стан гістарычных забудоў беларускіх гарадоў? Андрэй
Калі мне было дзесяць гадоў, на вачах у нас, полацкіх хлапчукоў, быў узарваны сабор сьв. Стафана – выдатны помнік віленскага барока. На яго месцы збудавалі вусьцішны 9-павярховік, вядомы цяпер як, “дом з вушамі”. Праз шмат гадоў ва ўспамінах савецкага дысыдэнта генэрала Грыгарэнкі я прачытаў, што якраз у Полацку на саборы Стафана і ў Віцебску на славутай царкве Зьвеставаньня ўлада адпрацоўвала новую, “больш перадавую мэтодыку зносу культавых будынкаў”.

Гістарычнае асяродзьдзе нашых гарадоў мэтадычна зьнішчалася. Як Вы разумееце, гэта было часткаю палітыкі дэнацыяналізацыі, зьнішчэньня гістарычнай памяці беларусаў. Савецкая ўлада працягвала тое, што пачала царская. Згадайма хаця б лёс Менскай ратушы. Яе аднаўленьне сталася для мяне , як і для шмат каго, сапраўдным сьвятам. Ужо не здаецца зусім фантастычнай і ідэя аднаўленьня сабору сьв. Стэфана. Але найперш трэба ўратаваць і захаваць тыя помнікі, што дайшлі да нас.
[ 22/03/2004 16:32 ]
У гiсторыi Беларусi зьявiлась зашмат супрацiунiкау з розных краiнау - асаблiва вылучаюцца Расея, Польша ды Летува. У сецiве сустракаецца нават найноушы iх назоу "томасабаранускаусы". Цi есць у Вас план супрацьдзеяння iм?. Xander.
У сеціве можна сустрэць нават выклікі на двубоі, якія атрымліваюць некаторыя нашы сучасныя аўтары ад апанэнтаў зь Летувы. Яны нэрвуюцца, бо вельмі часта ня маюць у дыскусіі з намі аргумэнтаў, а карыстаюцца мітамі. Напрыклад, у пытаньні пра мову статутаў ВКЛ і наогул мову вялікакняскае канцылярыі. Але, я мяркую, што найперш мы мусім пераконваць і адукоўваць не летувісаў, палякаў або расейцаў, а – сваіх суграмадзянаў, для многіх зь якіх гісторыя краіны па-ранейшаму - terra incognita.
[ 23/03/2004 06:48 ]
Паважаны спадар Уладзімер, з Вашага гледзішча ці мела апраўданьне і лягічнае тлумачэньне супрацоўніцтва беларускіх нацыянальных дзеячоў з фашыстоўскімі забойцамі ў часе Другой Сусьветнай вайны, тым болей , што досьвед першай нямецкай акупацыі 1918 года ня стаўся для беларусаў збавіцельскім? Дый увогуле ці быў шанец замацаваньня БНР на беларускай зямлі? Дзякую за адказы! СА СЬВЯТАМ ВОЛІ! Кастусь Лашкевіч, Менск
У беларускіх дзеячаў у часе той вайны , напэўна, не было выбару. Разьлічваць на супрацоўніцтва з сталінскімі забойцамі не выпадала. Нагадаю, што толькі 29 кастрычніка 1937 году ў Курапатах былі расстраляныя больш за дваццаць беларускіх літаратараў. Такое вось атрымлівалася супрацоўніцтва з так званай роднай уладаю. Зразумела, што ніякай лепшай будучыні для Беларусі ад фашыстаў чакаць не выпадала. Але пад акупацыяй у неверагодна цяжкіх умовах удавалася ўсё ж працаваць на беларускую ідэю. Паспрабуем уявіць сябе ў тых варунках.
[ 23/03/2004 22:33 ]
Дзе вы сьвяткавалі Дзень БНР у мінулым? Зь якога году вы пачалі адзначаць яго? Ці нармальна сьвяткаваць Дзень Волі у Празе? Калі, на вашу думку, мы будзем сьвяткаваць яго ў Менску як усеагульнае сьвята?
Дзень Волі адзначаю ад сярэдзіны 1980-х. Пачаў гэта рабіць яшчэ ў сваім родным Полацку, дзе тады жыў. Цяпер сьвяткую пераважна ў Менску. Выпадала рабіць гэта ў Лёндане, Вільні... Цяпер вось у Празе. Гэта найпрыгажэйшы з гарадоў, дзе я бываў. Для мяне ён лепшы за Парыж. Апрача ўсяго астатняга, гэта горад Скарыны, Ларысы Геніюш. Тут дарагія нам магілы прэзыдэнтаў БНР Пётры Крэчэўскага і Васіля Захаркі.
[ 23/03/2004 23:02 ]
Шаноўны пане Ўладзімер! Ці падзяляеце Вы погляды на вялізарную ролю варагаў пры заснаваньні першых княстваў на тэрыторыі Беларусі? Калі так, дык чаму пра гэта не гаворыцца ў кнізе "Краіна Беларусь"? Калі не падзяляеце, таксама - чаму? Дзьмітры Вінчэўскі
Я б ня стаў казаць пра велізарную ролю. Тым больш, адзінай думкі пра тое, быў Рагвалод (першы вядомы зь летапісаў полацкі князь) варагам або не – гісторыкі дагэтуль ня маюць. Свае важкія аргумэнты ёсьць у кожнага.
[ 24/03/2004 16:33 ]
Уважаемый Уладзімер Арлоў! Существовал ли в ВКЛ аналог «Тайного приказа» и какие операции проводила данная спецслужба, чтобы отстоять независимость? Порекомендуйте, что можно почитать на эту тему.
Раю Вам зьвярнуцца да гісторыка Генадзя Сагановіча.
[ 24/03/2004 20:34 ]
что Вы можете сказать о тех людях, которые не знают кто такой Владимир Орлов?
Спадзяюся, што я яшчэ маю час на тое, каб яны даведаліся, хто гэта.
[ 24/03/2004 20:36 ]
Какая награда за Ваше творчество является для Вас наиболее важной?
Напэўна, прэмія імя Ўладзімера Караткевіча, якую я атрымаў у 1995 годзе за кнігу "Рандэву на манеўрах". Нажаль, выдавецтва "Мастацкая літаратура" ўжо даўно гэтую прэмію не прысуджае.
[ 24/03/2004 20:49 ]
Сп.Арлоў - тыповы прадстаўнік пазітыўнага канфармізму на нацыянальнай глебе. Як і ваша "Пытаньне тыдня: Ці павінен Дзень Волі 25 сакавіка адзначацца ў Беларусі як дзяржаўнае сьвята?" - наіўная гульня, стылёва больш уласьцівая якойсьці "Чырвонай змене". Выглядае бяздарна.
А Вам, напэўна, больш падабаюцца гульні ў стылі "Советской Б."? Дарэчы, "Чырвонай зьмены" як газэты ўжо даўно не існуе.
[ 25/03/2004 02:52 ]
Чым вы займаліся калі вам было 20-25 і што б вы парайілі людзям такога ўзросту?
Я вучыўся на гістарычным факультэце БДУ, але быў ня самым старанным студэнтам. Праўда, і нацыянальную гісторыю нам у той час, па сутнасьці, не выкладалі. Каб атрымаць залік у прафэсара Лаўрэнція Абэцэдарскага, які быў загадчыкам катэдры гісторыі Беларусі, часам дастаткова было, да прыкладу, прасьпяваць на ягоную замову "Інтэрнацыянал", альбо адказаць на пытаньне "якую руку ўзьняў угору Ўладзімер Ільіч на тагачаснай плошчы Леніна?"

Але ў Леніна, дарэчы, можна знайсьці й слушныя парады. Напрыклад, "вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца". Тым больш, у вас нязьмерна шырэйшыя магчымасьці. Прынамсі, ня трэба канспэктаваць працы клясыкаў марксызму-ленінізму, чым мы мусілі займацца ўсе пяць унівэрсытэцкіх гадоў.
[ 25/03/2004 10:32 ]
Што рабіць, калі тваё каханьне-любоў(да мужчыны або да Радзімы) застаецца без адказу?
Самае страшнае ня тое, калі табе не адказваюць узаемнасьцю, а тое, калі сам нікога не кахаеш.
[ 25/03/2004 10:47 ]
Spadar Uladzimir! Pryjemna sustrecca z Wami chacia u taki sposab. Niadauna pajawiusia moj padrucznik, u jaki ukluczyu ja Wasz tekst pra nezaleznasć. Sustreusia jon z zacikaulennem wuczniau naszaha biełaruskaha liceja u Hajnaucy. Żadaju Wam plonnaj pracy i mnoha zdarouja. Jan Karczewski
Спадар Карчэўскі, я, вядома, мару пра той час, калі згаданы Вамі тэкст цалкам страціць сваю надзённасьць. Дзякуй Вам і шчырыя віншаваньні з Днём Волі ўсім, хто сьвяткуе яго ў Гайнаўцы!
[ 25/03/2004 11:08 ]
Прэзыдэнт Лукашэнка, говорачы пра ідэалягічную работу, адзначыў што БНР была абвешчана ва ўмовах акупацыі немцамі. Ва ўспамінах Грышкевіча ўсебеларускі кангрэс разагналі бальшавікі. Чыя праўда?
Першы Ўсебеларускі кангрэс сапраўды разагналі бальшавікі, аб чым сьведчыць безьліч гістарычных дакумэнтаў.
[ 25/03/2004 11:08 ]
Почему среди беларускоязычных такое негативное отношение к православию? Сп. Уладзимер, что Вы на этот счет думаете? Наталька Базылевич
Я б не рабіў такой катэгарычнай высновы. Але безумоўна зьяўляюся прыхільнікам аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы. Пакуль што, як вядома, БПЦ кіруецца з Масквы, што ня можа выклікаць вялікага энтузіязму прыхільнікаў беларускай незалежнасьці.
[ 25/03/2004 11:27 ]
Sa sviatam! Budzce pravidcam i skazhyce -- jakoj Vy bachyce Belarus' praz 20 hadou? M.S.
Бачу Беларусь у складзе Эўрапейскага Зьвязу.
[ 25/03/2004 11:29 ]
Спадар Уладзімер, ці плянуеце Вы апрацоўваць глебу савецкай спадчыны? Марыя Сахарчук, Берасьце
Калі Вы маеце на ўвазе працяг кнігі "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі", дык такія думкі раз-пораз мяне наведваюць. Магчымым маім сааўтарам я марыў бы бачыць у такім разе доктара гісторыі Захара Шыбеку.
[ 25/03/2004 11:34 ]
Шаноўны спадар Арлоў, ці плянуюцца ў бліжэйшы час паездкі ў якія-небудзь заходнеэўрапэйскія краіны? Дзякуй вялікі за ўсё! З найлепшымі вітаньнямі і пажаданьнямі, хросны сын
Дарагі Максім (думаю, што гэта Вы), сардэчна віншую Вас з Днём Волі. Цяпер я ў Чэхіі, якая празь месяц будзе часткаю аб'яднанай Эўропы. Але паколькі Беларусі да гэтага яшчэ далекавата, інфармацыю аб плянаваных паездках у адкрытым эфіры падаваць не мэтазгодна. Дзякуй Вам за тое, што робіце для Беларусі!
[ 25/03/2004 11:34 ]
Добрае раніцы Сп. Арлоў! Ці плануеце Вы напісаць твор пра сёньняшняе становішча ў беларускім грамацтве: звычайных людзей, якія вымушаны цярпець Лукашэнку (як на нейкую працяглую хваробу) і ў якой ёсьць неабходныя "лекі". Руслан Баранчык
Спадар Баранчык, мне здаецца, што Вам было б цікава пачытаць маё апавяданьне "Ордэн Белай Мышы", якое дало назву адной з апошніх маіх кніжак. Нейкім дзівам кніга гэтая выйшла ў дзяржаўным выдавецтве, а таму вы яшчэ магчыма знойдзеце яе ў кнігарнях.
[ 25/03/2004 11:39 ]
Сп. Арлоў, ці верыце Вы ў Няўхільны Прагрэс? Як бы Вы вызначылі сэнс слова "прагрэсіўны", асабліва азіраючыся на эпоху ад Рэнесанса да нашых дзён? Калі апошнія 500 год сілкуюцца ад "адраджэння антычнасці", дык ці можна ўявіць у будучыні (і якой далёкай?) Адраджэнне Сярэднявечча ? Алесь Белы, Менск
Для мяне відавочным зьяўляецца толькі навукова-тэхнічны прагрэс. Маральнага прагрэсу, на маю думку, не існуе. Чалавек з часоў старажытных цывілізацыяў не зьмяніўся. Проста матрыца гісторыі ўдрукоўвае адныя і тыя ж сытуацыі ў розныя эпохі.
[ 25/03/2004 11:39 ]
На працягу некалькіх стагодзьдзяў наша нацыя церпіць паразы, усьцяж не ў стане абараніць сваю незалежнасьць: на першым этапе ад палякаў, зь якімі ўваліліся ў згубную Унію, на другім - ад расейцаў, якія анэксавалі і вынішчалі нас дзеля мэтаў сваёй імпэрыіі. Ужо ўсе народы, што мелі нешчасьлівы ў мінулым супольны з намі лёс, выбіліся на палітычную і дзяржаўную незалежнасьць, а беларусы ўсё шчэмяцца да акупантаў. Калі ласка, ці не маглі б Вы, спадар Арлоў, коратка назваць галоўныя на Ваш пагляд, УНУТРАНЫЯ прычыны нашай несамастойнасьці, якія дзейнічаюць ад мінулага да сёньняшняга часу?
У сёньняшні сьвяточны дзень найперш хочацца сказаць пра тое, што беларусам хапіла моцы зноў стаць дзяржаўным народам. Усё пазнаецца ў параўнаньні. Калі я быў студэнтам БДУ (1970-ыя гады), прыхільнікаў нашай незалежнасьці ў Беларусі было ў найлепшым выпадку некалькі сотняў. Цяпер іх мільёны. Паводле дадзеных апошніх сацыялягічных апытаньняў з стратаю Беларусьсю сваёй незалежнасьці гатовыя зьмірыцца толькі 5-7% грамадзянаў.
[ 25/03/2004 11:46 ]
Sp. Arlou, jakija vashyja try lepshyja knihi, jakimi vy hanarycesia? Volha Sitko, Baranavichy
Мне здаецца, атрымалася кніга прозы "Ордэн Белай Мышы", якая ішла да чытача з рознымі прыгодамі. Мне грэе душу кніга "Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя", да якой я напісаў тэкст. А найбольшую колькасьць чытачоў і, відаць, найбольшы ўплыў маюць напісаныя мною разам з Генадзем Сагановічам "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі", якія нядаўна выйшлі чацьвертым выданьнем.
[ 25/03/2004 11:52 ]
Ці ёсьць такі, адзіны для ўсіх беларусаў, літаратурны твор,які б мог зноў запаліць у сэрцы зьніч надзеі і веры за будычыню Беларусі?Гаворка не пра мяне. Андрэй Шэлегаў,Варшава
Дарагі Андрэй, мне зусім не здаецца, што гэтыя надзея і вера ў нашых сэрцах згасьлі. Днямі я перачытваў сваё эсэ "Незалежнасьць - гэта..." і пераканаўся, што значную частку шляху да нашай свабоды мы ўжо прайшлі. Адолеем і рэшту.
[ 25/03/2004 11:53 ]
Сп. Арлоў, як пісьменьнік Вы маеце нядрэнны поспех. У вас ёсьць сваё кола чытачоў. Але, як я разумею, каб такі посьпех быў, трэба каб аўтар ня быў занадта падобны да сваіх чытачоў і ня надта адрозьніваўся. Пытаньне такое. Ці не зьбіраецеся Вы зьмяніць свой стыль зьнянацку, шокава? Ці не зьяўялецца гэта неабходным? Лявон
Напэўна, мне дапамагае тое, што я, як казаў некалі Іосіф Бродзкі, "граю на розных фартэп'янах". Але ў прынцыпе "шокавая тэрапія" можа быць і ў літаратуры.
[ 25/03/2004 12:00 ]
Спадар Арлоў, наколькі сур'ёзнай і станоўчай для нашага грамадзтва Вы бачыце ролю беларускамоўнага рок-н-ролу? Вольскі й Корань - гэта літаратура? Дзякуй. Сяргей, Менск
Бачу гэтую ролю безумоўна вельмі сур'ёзнай і станоўчай. Напрыклад, мой мабільнік грае мэлёдыю "Паветранага шара". Вольскі і Корань - неад'емная частка сучаснай беларускай культуры.
[ 25/03/2004 12:05 ]
Сп. Уладзімер, якая назва нашай краіны была б больш для Вас любай: Беларусь ці Вялікалітва? З апошняй ў нас, напэўна, было б меньш праблемаў з самаідэнтыфікацыяй у сусьветнай гісторыі?Андрэй Шэлегаў, Варшава
Што да сусьветнай гісторыі, вы маеце рацыю. Але трэба зыходзіць з рэальнасьці. Наша краіна адрадзіла сваю дзяржаўнасьць як Беларусь.
[ 25/03/2004 12:29 ]
Усім дзякуй за пытаньні. Зараз Уладзімер Арлоў вызначыць тры найбольш цікавыя пытаньні.
У конкурсе пытаньняў я вызначыў бы: пытаньні Данілы Ўладамірскага (danilavlad at inbox.ru), пытаньне Міколы Будзяка і пытаньне пра рэінкарнацыю (horki at studenty.org). Аўтары гэтых пытаньняў атрымаюць кнігі з аўтографамі, калі затэлефануюць нам на Свабоду ў Менску: 229-22-71.

Шанцы атрымаць прызы мелі таксама аўтары пытаньняў пра цудоўных рыжых дзяўчат і пра беларускі рок-н-рол, але, нажаль, пытаньні былі ананімныя.

Яшчэ раз віншую ўсіх з Днём Волі. Жыве Беларусь.
 галоўная
 угару