|
|
|
Генадзь Бураўкін
Бураўкін Генадзь Мікалаевіч нарадзіўся 28 жніўня 1936 году ў вёсцы Шуляціна Расонскім раёне Віцебскай вобласьці.
Скончыў аддзяленьне журналістыкі філфаку БДУ
Зьяўляючыся карэспандэнтам газэты “Правда” па БССР, у 1969 годзе спрыяў публікацыі артыкула Зянона Пазьняка, абарону гістарычнага цэнтру Менску. Быў рэдактарам часопісу “Маладосьць” (1972-1978), дзе друкаваў творы Васіля Быкава і Ўладзімера Караткевіча, а таксама кнігу А.Адамовіча, Брыля і Калесьніка “Я з вогненнай вёскі”... Зьяўляўся старшынёй Дзяржтэлерадыё БССР (1978-1990), аднак за падтрымку дэмакратычных сіл і прадстаўленьне эфіру лідэрам БНФ быў вызвалены ад пасады і накіраваны на дыпляматычную працу.
Зьяўляўся пастаянным прадстаўнік Беларусі ў ААН (1990-1994). Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 10 і 11 скліканьня (1980-1990), быў адным з ініцыятараў прыняцьця Закону аб мовах. Быў старшынём ТБМ. Ляўрэат дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы.
Аўтар кніг паэзіі “Дыханьне”, “Выток”, “Варта вернасьці”, “Гняздо для птушкі радасьці”, “узмах крыла”, “Паміж зоркай і сьвечкай”, “чытаю тайнапіс вачэй” і інш. Аўтар вершаў для многіх папулярных песень, у тым ліку і “калыханкі”, якая амаль два дзесяцігодзьдзя штодня гучыць па беларускім тэлебачаньні.
Укладальнік кнігі “Наш Быкаў” – першай кнігі ўспамінаў пра Васіля Быкава.
Член Беларускага ПЭН-Цэнтру, сустаршыня ўсебеларускага зьезду за Незалежнасьць (2000) –? Член Рады беларускай інтэлігенцыі
Задавайце пытаньні: |
|
2003
2004
2005
2006 |
[ 24/08/2004 05:56 ] |
Шаноўны Пан Генадзь! У мяне да Вас, такі
запыт: "Як Вы асабіста ставіцесь да так
"найменнага" раздрая ў Апазіцыі? Й, Як В
Вы асабіста ставіцеся да таго, што вызва
ліцэлямі Нашай Бацькаўшчыны, пастануць
не "старая Эўропа"або Расея, А Янкі?! Якіх Вы болей-менй, Ведаеце "добра"!
Й, апошні "маленькі" запыт: "Прабачьце Пан ГЕнадзь?!Але за "партыйны" попыт й жыцьцё пры Саветах? У чым сі, ёсьць асабісты сорам?Ці, "пакаяньне!
З павагае! Маісеенка Генадзь! |
Раздрай, як Вы кажаце, у шэрагах нашай апазыцыі (хаця я такога азначэньня, магчыма, і не ўжываў бы) мяне вельмі трывожыць. Як мне здаецца, зараз Бацькаўшчына перажывае час, які ў многім вызначае яе будучыню. І ўсім здаровым, дэмакратычным сілам трэба як ніколі быць пільнымі, мужнымі, абачлівымі і надзейна з’яднанымі. Таму няўзгодненасьць дзеяньняў, непатрэбная барацьба амбіцый кіраўнікоў, слабае веданьне праблемаў “глыбінкі”, спазьненьні з рэагаваньнем на перасьлед уладаў толькі аблягчаюць жыцьцё афіцыйных прапагандыстаў і аслабляюць пазыцыі адраджэнцаў. Пры гэтым я катэгарычна не прымаю надзей некаторых вядомых апазыцыянэраў на “вызваліцеляў” ці то з Усходу, ці то з Захаду. Ні, як Вы пішаце. “янкі”, ні “старая Эўропа”, ні”Расея” ніколі ня зробяць тое, што абавязаны і можа зрабіць беларускі народ.Падтрымаць, дапамагаць яны могуць, але вызваляць сябе ад таталітарызму і заняпаду могуць толькі беларусы. І зразумець, асэнсаваць гэтую рэальнасьць павінны ня толькі сябры палітычных партый, інтэлектуалы-інтэлігенты, а ўвесь народ.
І апошняе Вашае пытаньне: ці сорамна мне за мо “партыйны” вопыт пры Саветах? Адкажу зусім шчыра і без хітрыкаў: не. Адчуваньне шкадаваньня ёсьць, разуменьне нерацыянальна часам растрачаных сіл і часу – таксама, але ў межах магчымасьцяў, ва ўмовах таго рэжыму, які існаваў тады, я стараўся служыць беларускай справе – і сёньня, азіраючыся на зробленае, ў прыватнасьці, на дзяржаўным радыё і тэлебачаньні, у роднай культуры, мне ня сорамна. Горка, што многае з таго, што можна ганарыцца, апляваная рознымі замяталінымі, рабаковымі, зімоўскімі.... |
[ 24/08/2004 11:56 ] |
Сп. Бураўкін, колькі расейскіх супрацоўнікаў спэцслужбаў працавала ў беларскай місіі ААН? Каму яны падпарадкоўваліся? Ці бачылі вы іх рапарты? Назавіце прозьвішчы.
Юры Завадзкі, Менск |
Пры мне ў беларускім прадстаўніцтве пры ААН працавала двое супрацоўнікаў спэцслужбаў з Масквы. Дарэчы, і зарплату яны атрымлівалі ад сваіх арганізацый, а не зь беларускага бюджэту. Адразу пасьля зацьвярджэньня сувэрэнітэту Беларусі яны былі адкліканы ў Маскву і ніякіх “замен” іх ужо не было. Рапартаў іхніх я, безумоўна, ня бачыў, бо ў іх былі свае спэцыфічныя задачы, якія ў абсяг дыпляматычных зацікаўленьняў, я думаю, не ўваходзілі. |
[ 24/08/2004 11:59 ] |
Чаму, па вашаму,большая частка інтэлігенцыі - унівэрсітэцкай, навуковай, мэдычнай,творчай, не з апазыцыяй?
Ілона Маркава |
Я з Вамі, шаноўная Ілона, ня згодзен. Мне здаецца, што і ўнівэрсытэцкая, і навуковая, і творчая інтэлігенцыя ў пераважнай сваёй большасьці або падзяляе ідэі, якія адстойвае сёньня апазыцыя, або з сымпатыяй ставіцца да іх. Гэта перш за ўсё тое, што датычыцца айчынай гісторыі, роднай мовы, дэмакратычных каштоўнасьцяў, нацыянальнай ідэі. Тое, што, магчыма, той-сёй не знаходзіцца ў шэрагах апазыцыйных партый, не прымае актыўнага ўдзелу ў апазыцыйных мерапрыемствах , -- іншая справа. Гэта, як кажуць, асабістае права, асабісты выбар. І папракаць я б не сьпяшаўся, хаця мне хацелася б, каб інтэлігенцыя наша адыгрывала больш актыўную ролю ў палітычным жыцьці ў сёняшнім цяжкім пэрыядзе ў гісторыі Бацькаўшчыны. |
[ 24/08/2004 12:06 ] |
Ідэя беларускай мовы аказалася тупіковай для дэмакратыі ў Беларусі -- усе яе прыхільнікі існуюць у гета, размаўляююць самі з сабой і пагардліва глядзяць на "забыўшыхся на матчыну мову." Якое выйсьце?
Алесь Цікоцкі, Мазыр |
Я не зусім разумею, пра якую тупіковую ідэю зь беларускай мовай ідзе гаворка. У нас сапраўды ўнікальная для цывілізаванага сьвету сытуацыя з роднаю мовай. Дзяржаўная мова, мова тытульнай нацыі краіны высілкамі дзяржавы выціскаецца, выганяецца з масавага ўжытку, штодзённа зьнішчаецца. Першы тэлевізійны канал, які бессаромна назваў сябе нацыянальным, практычна выракся беларускага слова. Не пашыраецца, а звужаецца колькасьць беларускіх школ, няма ніводнай вышэйшай навучальнай установы, якая працавала б па-беларуску.
Вышэйшыя кіраўнікі краіны лічаць ледзь не паказчыкам “добрага тону” дэманстратыўна ігнараваць беларускую мову, а то і з высокіх трыбун зьневажаць яе. Сапраўды, могуць прыйсьці ў галаву асацыяцыі з гета, якое ў Беларусі створанае для тых, хто карыстаецца беларускай мовай. Але пры чым тут дэмакратыя? І адкуль ўзялося ўражаньне, што тае, хто размаўляе між сабой па-беларуску, пагардліва глядзяць на “забыўшыхся на матчыну мову”? Не пагардліва, шаноўны Алесь, а са шкадаваньнем і і трывогай. Бо многія з гэткіх не самі забыліся на роднае слова, а прывяло, вымусіла іх да гэтага будзённае жыцьцё, дзе русыфікацыя – і дзяржаўная палітыка, і паўсюдня рэальнасьць, а для некаторых проста звычка. Не дэмакратыя і не дэмакраты ў гэтым вінаватыя. А наша дрэнна адукаваная, дрэнна выхаваная а то і проста хамаватая ўлада, у якой адсутнічае гістарычная памяць, маральная адказнасьць і павага да традыцый і законаў народа, якім яна хоча кіраваць мэтадамі жорсткай дыктатуры. Я вельмі хачу, каб гэтае, як кажуць вяскоўцы, насланьне хутчэй мінула, мы далучыліся да дэмакратычнага сьвету, сталі цаніць чалавечы розум і талент і вярнулі роднай мове, мове Скарыны і Каліноўскага, Купалы і Багдановіча, Панчанкі і Быкава, яе годнасьць, статус паўнапраўнай гаспадыні на сваёй зямлі, у сваёй незалежнай дзяржаве. |
[ 24/08/2004 12:07 ] |
Ці атрымліваеце вы аўтарскія ганарары за Калыханку? Выдатная песьня, дзякуй!
Наста ФІлімонава |
Ганарару за “Калыханку” (дзякую за добрыя словы аб ёй) я не атрымліваю. Такая сумная рэальнасьць у нас з аўтарскімі правамі. Горка, несправядліва, але факт. |
[ 24/08/2004 14:00 ] |
Нравятся ли Вам работы Михаила Савицкого сегодня? |
Міхася Савіцкага лічу буйным майстрам беларускага жывапісу, са сваёй самабытнае манерай і сваім, так бы мовіць, сьветам. Люблю ягоны “Куст ружаў”, “Хлябы”, “Партызанскую мадонну”. Апошнія ягоныя работы, на жаль, ведаю слаба – ці то ён стаў меней працаваць, ці, можа, рэдка выстаўляцца... |
[ 24/08/2004 16:36 ] |
Ці перакладалася нешта з Вашых твораў на ангельскую і іншыя замежныя мовы? Што? Якім накладам выдавалася? Дзякуй. Алесь |
Некаторыя мае вершы і паэмы перакладзеныя на ангельскую, францускую, нямецкую, нават на хіндзі, але асобнымі кніжкамі не выходзілі. Наклады тых выданьняў і анталёгій, што друкавалі мае творы, былі рознымі, але, па нашых былых мерках, ня надта вялікія... |
[ 24/08/2004 22:18 ] |
Паважаны Генадзь Мікалаевіч!
Чаму многія прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі супрацоўнічаюць з цяперашнім палітычным рэжымам. Няўжо для прадстаўнікоў культурнай і мастацкай эліты на парадку дня ў першую чаргу стаіць кавалак мяса ва ўласнай місцы? Няўжо не зразумела, што менавіта гэтыя людзі павінны быць маральным арыентырам для народу. Чаму яны атрымліваюць узнагароды з рук чалавека, які ненавідзіць усё беларускае?
Дзякуй Богу, што на працягу ўсёй гісторыі былі і ёсць людзі, якія не здраджвалі нашай святой Беларусі(шкада, што іх было зусім нямнога). Дзякуй Вам,Генадзь Мікалаевіч, за Вашу пазіцыю і мужнасць!
Дзякуй за адказ!
Раман. |
Ой, якое няпростае і балючае пытаньне!.. На яго ў прынцыпе павінен адказаць кожны пісьменьнік, мастак, музыка, артыст, бо кожны зь іх (ва ўсялякім разе, так хацелася б, так павінна быць), -- асоба, індывідуальнасьць. І чаму ён робіць так, а не інакш, чаму ідзе на супрацоўніцтва з уладамі, якія нішчаць беларускую мову, не зважаюць на правы чалавека, падзяляюць журналістаў на чэсных і нячэсных, плацяць па-купецку шчодрыя ганарары прымітыўнай расейскай папсе, -- ён павінен адказаць сам. Адзінае, што я хачу падкрэсьліць, -- у служэньні сёньняшняму антыбеларускаму ў галіне культуры рэжыму не заўважаны практычна ніводзін па-сапраўднаму таленавіты творца, вядомы за межамі Беларусі і шырока прызнаны за ўжо зробленае ім на Радзіме. Я назаву імёны толькі некаторых пісьменьнікаў, выдатных паэтаў і празаікаў: Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Віктар Казько, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законьнікаў...Іхняе сумленная, высокамастацкая творчасьць шальмуецца і замоўчваецца. Іх кнігі не выдаюцца ў дзяржаўных выдавецтвах, яны адлучаныя ад тэлебачаньня і радыё, пра іх афіцыйныя прапагандысты распускаюць у прэсе і пры сустрэчах з людзьмі розныя злосныя небыліцы... Ну а тыя, што ахвотна падхопліваюць чарговыя ідэалягічныя ўказаньні чыноўнікаў, відаць, сапраўды найперш думаюць найперш пра “кавалак мяса ва ўласнай місцы” і спадзяюцца недахоп здольнасьцяў замяніць халуйскай паслужлівасьцю і графаманскай нястомнасьцю. Ды і ёсьць кволая надзея – замест адціснутых ў цень выдатных майстроў атрымаць сабе такую жаданую цеплыню грамадзкай ўвагі... Што ж, як кажуць, кожнаму сваё. Але не сумняваюся, што рана ці позна (хацелася б, каб як мага раней) людзкі і боскі суд усё паставіць на месца, усяму дасьць ацэнку. Думаю, што мы з Вамі, Раман, дачакаемся гэтай пары. |
[ 25/08/2004 08:06 ] |
Як Вам жывецца ў сёньняшніх умавах?
І, навогул, як пачуваецца літаратару - чалавеку з абвостраным пачуцьцём - у нашым непадуласным нармальным законам чалавечага быцьця - грамадстве?
Наталля |
Жывецца мне цяжка, як усім, для каго лёс і праблемы Беларусі значаць вельмі многа, забіраюць самыя галоўныя думкі і духоўныя парываньні. Пэнсія (яна ў мяне прыблізна 150 даляраў) пры сёньняшніх коштах камунальных паслуг, лекаў ды і прадуктаў не дае магчымасьці пачуваць сябе камфортна і ўпэўнена. Хаця я добра разумею, што ў многіх становішча яшчэ горшае. Прыгнятае незапатрабаванасьць здольнасьцяў, крыўдная абыякавасьць грамадзтва і дзяржавы да культуры і ўсяго духоўнага. Таму настрою для вясёлых, узьнёслых вершаў не хапае. Але трэба жыць – цярпліва і сумленна... |
[ 25/08/2004 19:59 ] |
Пытаньне да Вас як да спэцыяліста, які працаваў у ААН. Ці лічаце вы краіну Беларусь сапраўды незалежнай? Як бы вы ацанілі гэтую незалежнасьць у параўнаньні зь іншымі краінамі (скажам, ад цалкам незалежнага Кітаю да нейкіх дробных краінаў, якія зьяўляюцца васаламі іншых)? Якім Вы бачыце будучыню беларускай незалежнасьці? R |
Лічу, што мы маем многія адзнакі незалежнасьці – і гэтым трэба даражыць. Наша краіна праводзіць уласную ўнутраную і зьнешнюю палітыку (іншая гаворка, наколькі мудрую і пасьпяховую), у нас ёсьць сваю валюта, нашы хлопцы не ваююць у так званых “гарачых кропках”. Гэта ёсьць, гэта – рэальнасьць... Праўда, мы вельмі цесна, ажно залішне, эканамічна прывязаныя да Расеі, па многіх пытаньнях сучаснасьці мы ізаляваныя ад магутных сусьветных цэнтраў, нашы тэхналёгіі ўсе больш старэюць, і беларуская прадукцыя яшчэ ня стала канкурэнтназдольнай на рынках Эўропы і Амэрыкі. Гэта ўсё ў пэрспэктыве можа прывесьці да абмежаванасьці нашай незалежнасьці, а то і да жаданьня некаторых чыноўнікаў выгадна для сябе “прадаць” яе.
Нам, беларусам, народу не хапае разуменьня, што сапраўдная наша незалежнасьць можа быць толькі нацыянальнай, беларускай незалежнасьцю. Дзяржаўная незалежнасьць без роднай мовы, роднай гісторыі, роднай культуры – нонсэнс, казачка хітрых “ваўкоў” для наіўных казьлянят. Таму ў маёй душы яшчэ няма цьвёрдай упэўненасьці ва ўстойлівасьці беларускай дзяржаўнай незалежнасьці.
Ня веру я чалавеку, які з трыбуны лямантуе пра адданасьць незалежнасьці, а ў прасторным кабінэце падпісвае рашэньне аб ліквідацыі Нацыянальнага ліцэю ці пераводзе ўсяго інфармацыйнага тэлевяшчаньня на расейскую мову.
А каго я ўзяў бы за ўзор пры будаўніцтве сувэрэннай дзяржавы, дык гэта Чэхію, краіны Балтыі, Фінляндыю, Швэцыю.
Веру, што час і Бог навучаць нас цаніць сапраўдную незалежнасьць у сваёй незалежнай дзяржаве, і ў гэтым сэнсе мы нарэшце зоймем “свой пачэсны пасад між народамі”. |
[ 25/08/2004 21:43 ] |
Sanowny spadar Hienadz!Jaki palitycny madel vam najbols adpaviadaje? Jakuju krainu vy licycie prykladam dlia Bielarusi u ekanamicnym i duchownym plianie? Dziakuju. Dzmitry. USA. |
Дзякуй за пытаньне. Гл. адказ вышэй. |
[ 26/08/2004 13:08 ] |
Вы мелі дачыненьне да праблемы з прапіскай, з якой сутыкнуўся Васіль Быкаў пасьля свайго прыезду ў Менск. Ці Вы лічаце, што тая сытуацыя была сьвядома справакавана ўладамі, альбо гэта - зьбег акалічнасьцяў? |
Так, я сапраўды меў непасрэднае дачыненьне да вырашэньня праблемы прапіскі ў Васіля Ўладзімеравіча Быкава і ягонай жонкі Ірыны Міхайлаўны ў Менску, і рады, што дапамог хоць гэты клопат зьняць з душы вялікага нашага пісьменьніка перад ягонай сьмерцю. Асабіста ў мяне няма ніякіх доказаў таго, што ганебная сытуацыя была сьвядома справакавана ўладамі, але зусім выключаць такую магчымасьць я таксама ня маю права. Спадзяюся, што час усё высьветліць. |
[ 26/08/2004 20:23 ] |
Чым дакладна Вы займаецеся ў ПЭН-Цэнтру, і што, акрамя конкурсу моладзі імя Петраркі, зрабіла гэта аб'яднаньне за 2004 год?Наколькі шчыльныя кантакты ў Бел.ПЭН-Цэнтра з Міжнародным ПЭН-Клюбам?
Кацярынка, Менск. |
Я – не кіраўнік ПЭН-цэнтру, і таму не магу даць падрабязную інфармацыю пра ягоную дзейнасьць. Скажу толькі, што ён займаецца спрыяньнем прапагандзе беларускай літаратуры ў сьвеце і дапамогай пісьменьнікам, асабліва маладым у выданьні кніг і наладжваньні кантактаў з замежнымі калегамі. Сувязь з ПЭН-клюбам, на мой погляд, даволі добрая і плённая. |
[ 26/08/2004 20:28 ] |
Як Вы ставіціся да сучаснага літаратурнага працеса ў Беларусі?Якія імены новых аўтараў у нашай літаратуры Вы для сябе адкрылі?Да творчасці каго на іншаму паставілісь за мінулае дзесяцігодзе?
Кацярынка, Менск |
У нашым сёньняшнім літаратурным працэсе я ня бачу нічога надзвычайнага. Ён падобна нечым да таго, што мы назіраем, напрыклад, у Расеі, ва Ўкраіне, Літве. Адчуваецца пэўнае затуханьне актыўнасьці, ідзе зьніжэньне якасьць масавай кніжнай прадукцыі. Праўда, у нас няма шэрага патоку бандыцкіх дэтэктываў і паўпарнаграфічных “дамскіх” раманаў, чым так нахабна дзеліцца зь Менскам Масква. Але і яркіх адкрыцьцяў, на жаль, мала. Назаву з апошняга часу цікавыя аповесьці й раманы Алеся Наварыча, Барыса Пятровіча, Андрэя Федарэнкі, Віктара Карамазава, паэтычныя публікацыі Ўладзімера Някляева, Рыгора Барадуліна, Міколы Маляўкі, Казіміра Камэйшы. Так што творцы працуюць, узровень трымаюць, але вядома ж хочацца большага і лепшага. Толькі літаратура – не сэрыйная вытворчасьць, не “халодная штампоўка”. Тут, як кажуць, увесь тавар “штучны”, загадзя не сплянаваны. Дый сёньняшняе нялёгкае жыцьцё ня надта спрыяе росквіту таленту.
Зусім новых імёнаў назваць, пэўна, ня здолею. І таму, што ня так часта яны зьяўляюцца, і таму, што я магчыма не пасьпяваю сачыць за іх публікацыямі. З тых, у чыю вялікую шчасьлівую будучыню хачу верыць, назаву ўжо вядомых Анатоля Сыса, Андрэя Федарэнку, Франца Сіўко, Віктара Жыбуля, Янку Лайкова...
Ёсьць каму забясьпечваць годнае жыцьцё беларускага мастацкага слова. |
[ 27/08/2004 03:35 ] |
Да атрыманьня незалежнасьці Беларусяй у ангельскай мове для беларусаў (зь "лёгкай рукі" расейцаў) ужывалася дзіўнавате слова "Byelorussian", што было фактычна трансьлітэрацыяй з расейскага "бело-русский". І ўвогуле пра беларусаў заходні сьвет ня ведаў абсалютна нічагусенькі. Пасьля атрыманьня незалежнасьці сытуацыя трошачкі палепшылася, зьявілася трошачкі больш зацікаўленьня да Беларусі, а замест прыметніка Byelorussian пачаў ужывацца Belarusian або нават Belarusan. Калі не памыляюся, менавіта ААН пачала пісаць так. І астатнія падхапілі гэта. Ці мелі вы дачыненьне да гэтай кантравэрсіі з назвай Беларусі? І што можаце сказаць пра сваю працу ў ААН і пра цікаўнасьць Заходняга сьвету да Беларусі? |
Так, я сапраўды прычыніўся да таго, каб у офісе ААН на афіцыйнай таблічцы было выбіта “Belarus”. А было гэта так. Калі Вярхоўны савет Беларусі прыняў рашэньне аб дзяржаўным сувэрэнітэце нашай краіны, паўстала пытаньне аб зьмене назвы, якая была ўсюды пазначана як “Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка”. Па-ангельску прапаноўваліся розныя варыянты – і тыя, якія вы ўзгадваеце. Раіліся мы, прадстаўнікі Беларусі пра ААН, і з калегамі-дыпляматамі, і з навукоўцамі-імігрантамі, і з мовазнаўцамі ў Менску. У прыватнасьці, прасіў парады я ў Пятра Садоўскага, Янкі Запрудніка, Вітаўта Кіпеля. І вырашылі мы (а часу на гэта ў нас было зусім мала – літаральна некалькі гадзінаў), што трэба пісаць, як спрадвек гучыць на роднай зямлі. Думаю, што рашэньне было правільнае. |
[ 27/08/2004 12:36 ] |
Дарагі Генадзь, як равесьнік равесьніка вiншую з 68-годзьдзем (на заўтрае!)Вялікі расьці! Абдымаю!
Васіль Сёмуха |
Быў рады пачуць твой голас, Васіль. Дзякуй. |
[ 27/08/2004 13:33 ] |
Ці вы знаёмыя з творчасьцю Чэслава Мілаша? А можа зь ім асабіста? А. |
Зь вершамі Чэслава Мілаша, зь якім на жаль нядаўна ўсе мы разьвіталіся, я знаёмы. Не скажу, што грунтоўна, але ў той ступені, каб мог адчуць глыбіню і адметнасьць ягонага таленту. Асабіста знаёмы зь ім я ня быў, твораў ягоных не перакладаў, але ставіўся і стаўлюся да зробленага ім зь вялікай увагай і пашанай. |
[ 27/08/2004 16:30 ] |
Шаноўны спадар Генадзь. Некалькі гадоў назад апазіцыя прад'явіла прэтэнзіі Пазьняку за тое, што пад яго кіраўніцтвам яна не мае палітычных посьпехаў, а адны толькі "маральныя". Хаця за Пазьняком было аднаўленьне беларускай дзяржаўнасьці, што само па сабе нямала. Вось жа, прайшло пяць гадоў, але з новымі лідарамі апазіцыя ўвогуле нічога не дамаглася. Дык ці не павінны яе лідары, у выпадку правалу на выбарах, прымяніць цяпер ужо да сабе саміх тыя ж самыя прэтэнзіі і сыйсьці? Дзякуй. |
Асоба Зянона Пазьняка ў найноўшай беларускай гісторыі, настолькі значная і складаная, што невыпадкова ён мае і сваіх гарачых прыхільнікаў, і сваіх зласьлівых нядобразычліўцаў. Я лічу Зянона Станіслававіча выдатным палітычным стратэгам, самаахвярна адданым беларускай ідэі, які, на вялікі жаль, не заўсёды паказваў сябе і мудрым тактыкам. Таму былі ў яго крыўдныя пралікі, і няўдачы. Але тое, што гэта выбітная асоба, якая ня можа не выклікаць шчырай павагі, для мяне бясспрэчна.
Што датычыць іншых лідэраў дэмакратычнай апазыцыі, дык яны (хай не крыўдуюць на мяне за шчырасьць) не дасягнулі яшчэ аўтарытэту і папулярнасьці Пазьняка. Хаця зрабілі і робяць ня мала карыснага для цывілізаванага разьвіцьця Беларусі. А тое, што пасьля правалу на апошніх прэзыдэнціх выбарах яны мусілі б пайсьці ў адстаўку, дык гэта павінны вырашаць толькі партыі, якія яны ўзначальваюць і яны самі. Я лічу, што яны абавязаны былі ўступіць свае месцы іншым, але гэта мая асабістая. |
[ 30/08/2004 12:58 ] |
Jaki vash versh vy haceli b, kab vybili na vashym pomniku?
Alesya |
Гэта, я думаю, не мая турбота. А калі задумацца пра сумную неабходнасьць, я быў бы рады мець два радкі з майго даўняга вершу.
Ты, мой народ, мяне не папракнеш:
Я ўсё табе аддаў.
|
[ 30/08/2004 12:59 ] |
Уважаемый Геннадий Николаевич, как вы относитесь к возможности возвращения Зенона Позняка в белорусскую политику и его шансы на избрание?
Николай Маркович Белый, Гродно |
Я лічу, што Зянон Пазьняк і сёньня ёсьць у беларускай палітыцы. І ўплыў яго на тое, што робіцца ў нашай краіне, нельга не ўлічваць. А вось наконт выбраньня яго (відаць, маецца на ўвазе пасада прэзыдэнта) пакуль што шанцаў не багата. |
[ 30/08/2004 13:02 ] |
Какое было бы будущее для Белорусси в составе России, но без Лукашенко? Ведь татары и калмыки там не пропали. Не пропали бы и белоруссы, не правда ли?
Иван Козловский. Витебск |
Я думаю, і ўпэўнены, што беларуская нацыя заслужыла мець сваю асобную сувэрэнную дзяржаву. Гэта зусім не значыць, што трэба закрэсьліць тыя гістарычныя сувязі і стасункі, якія мы маем з Расеяй, яе выдатнай культурай, яе гісторыяй. Але, як кажуць, заўсёды лепш жыць у сваім уласным доме, а не падсуседзях. Таму я лічу, што самае сьвятое і самае неабходнае для нас - наша беларуская дзяржаўная незалежнасьць. |
[ 30/08/2004 13:27 ] |
Ці праўда, што адна ваша песьня -- самая любімая ў Лукашэнкі? Чым увогуле вы тлумачыце такое стаўленьне ўлады да культуры (ня толькі белрускай) -- у параўнаньні з савецкім часам?
Аліна Пяткевіч, Мінск |
Пра гэта трэба спытацца ў Аляксандра Рыгоравіча. Але як мне нейкі час таму казалі, ён вельмі любіў "Малітву" Эдуарда Ханка на мой верш, у выкананьні Сьвятланы Ханок.
Пагардлівае стаўленьне сёньняшняга чынавенства да беларускай культуры я тлумачу невысокім духоўным і ў прыватнасьці адукацыйным узроўнем гэтага чынавенства. Яны проста ня здатныя на ўспрыманьне сапраўды высокага мастацтва, тым больш нацыянальнага. |
[ 30/08/2004 13:28 ] |
Чаму ў калыханцы вы напісалі "вачаняты закрывай", а не заплюшчвай. Гэта ж не пісьменна, а дзеткі гэта кожны дзень чуюць. |
У нас так кажуць. І наколькі я памятаю, гэта не супярэчыць прынятым літаратурным нормам. Спадзяюся, што гэтае слова не адпрэчыць дзетак ад роднай нашай мовы. |
[ 30/08/2004 15:37 ] |
Раскажыце кали ласка, спадар Генадзь, нешта цікавае пра гады свае маладосьці, пра час навучаньня на аддзяленьні журналістыкі філфаку БДУ. Дзякуй. |
Цікавага было шмат, пра ўсё не раскажаш, дый многа забылася. Але вельмі даражу тым, што на адным курсе са мной вучыліся РЫгор Барадулін, Міхась Стральцоў, Васіль Зуёнак, Сымон Блатун, Мікола Гіль, Аляксандар Станюта, Тацяна Арлова і многія іншыя слаўныя людзі літаратуры і журналістыкі. Помню, бясспрэчна, і родны наш інтэрнат на Бабруйскай, дзе мы ладзілі танцы, сьпявалі песьні, бралі скупую студэнцкую чарку, шмат жартавалі і "падкалвалі" адзін аднаго. Памятаю, напрыклад, як адзін мой сябра Эдуард Дамарадзкі з балкона зусім як сапраўды мясцовы правадыр вітаў студэнцкія калёны, што ішлі на першамайскую дэманстрацыю, вельмі "шчырымі" лёзунгамі ў гонар студэнтаў, іхных стыпэндыяў, ласкавых выкладчыкаў і нечастых экзамэнаў. |
[ 30/08/2004 15:42 ] |
Днямі Вы ўдзельнічалі ў сустрэчы беларусаў Еўропы. Вашае стаўленьне да дыяспары? Вашыя адносіны да Рады БНР і яе старшыні І. Сурвіллы? |
Так, 28-га і 29-га жніўня ў Празе адбылася, на мой погляд, прыкметная гістарычная падзея - першая сустрэча беларусаў Эўропы. Яна выказала неабходнасьць аб стварэньні арганізацыі, якая магла б прадстаўляць беларускую эўрапейскую эміграцыю ў Эўразьвязе і каардынавала б высілкі суполак дыяспары дзеля перамогі дэмакратыі ў Беларусі. Стаўленьне маё да дыяспары, калі казаць агульна, паважлівае. Хаця, як мне здаецца, яна як і людзі на Бацькаўшчыне, неаднародная, часта не зьяднаная, а тое нават неабгрунтавана амбіцыйная. Праявілася гэта і на згаданай першай сустрэчы беларусаў Эўропы. Да Рады БНР я стаўлюся як да вельмі сур'ёзнага і аўтарытэтнага органу, які прадстаўляе інтарэсы Беларусі. А да яе старшыні - Івонкі Сурвілы - ня толькі з глыбокай павагай за яе дасьведчанасьць і інтэлігентнасьць, але яшчэ і зь вялікай чалавечай сымпатыяй. |
[ 30/08/2004 17:15 ] |
Якое вашае меркаваньне што да тарашкевіцы і наркамаўкі? Дайце аргумэнтаваны адказ.
Пятрусь, Менск |
Я бачу шмат прывабнага і пэрспэктыўнага ў тарашкевіцы, але я не хацеў бы штучна цалкам адмаўляцца ад наркамаўкі. Усё-ткі некалькі пакаленьняў прыходзілі да беларушчыны праз наркамаўку. На ёй адкрывалі для сябе Купалу і Коласа, Багдановіча і Гаруна, Куляшова і Мележа. І адразу ўсё гэта адкідаць - наўрад ці разумна. У нас наагул сёньня вельмі востра стаіць пытаньне аб лёсе самое мовы. І трэба захаваць матычну родную мову, трэба даць ёй дзяржаўнае разгарненьне і гарантыі росквіту, а пасьля ўжо шукаць для яе найбольш прыдатную і прыгожую "вопратку". І, наагул, вырашаць гэтае пытаньне я даручыў бы мовазнаўцам, прытым ня голым тэарэтыкам, а тым, хто добра ведае і адчувае багацьці беларускай мовы. |
[ 30/08/2004 17:18 ] |
Ці магчыма ў Беларусі зьяўленьне твораў сапраўднай вышыні на рускай мове? Ці не асуджаныя рускамоўныя сябры СП, Пэн Цэнтру і г.д. на правінцыйную другараднасьць чыста дзеля геаграфіі і паэтыкт?
Юля |
Я вельмі хацеў бы, каб гэта было магчымым, і шчыра радваўся б такой падзеі, але - ня буду хітраваць - ня веру ў гэта. Сапраўдныя літаратурныя вышыні, як паказвае практыка ўсяго сьвету, ствараюцца на мове таго народу і той зямлі, якія натхняюць пісьменьнікаў на творчасьць. Што б мне не казалі, тая так званая расейская мова, якая сёньня гучыць у Беларусі, мае жахліва далёкае дачыненьне да мовы Пушкіна, Гогаля, Талстога, Буніна. І не выпадкова найлепшае, што было створана літаратарамі Беларусі, напісана па-беларуску: і Купала, і Багдановіч (які, дарэчы, бліскуча валодаў расейскай мовай), і Гарэцкі, і Караткевіч, і Быкаў. |
[ 30/08/2004 17:21 ] |
Якая апошняя падзея найбольш Вас уразіла? |
Глыбока закранула маю душу апошнім часам тое, як Беларусь адзначыла 80-годзьдзе з дня нараджэньня Васіля Быкава і першую гадавіну з дня яго сьмерці. На шчасьце, зноў можна было адчуць усенародную павагу і любоў да выдатнага пісьменьніка, жаданьне спасьцігнуць сьвет ягоных думак і прароцтваў, і... дрымучая абыякавасьць афіцыйных уладаў да геніяльнага сына гэтай краіны. Было крыўдна і сорамна за нашых чыноўнікаў, якія не палічылі неабходным аддаць належнае чалавеку, які столькі зрабіў дзеля славы Беларусі. |
[ 30/08/2004 17:23 ] |
Вашае стаўленьне да эміграцыі сп.Пазьняка? Ці падтрымліваеце вы стасункі? |
Лічу вымушаную эміграцыю Пазьняка трагедыяй для Беларусі і для яго самога. Стасункі зь ім ня часта, але падтрымліваю. |
[ 30/08/2004 17:24 ] |
Есть мнение, что Лукашенко таков, каким его сделала оппозиция. Если вспомнить, то его с первого дня президентства пинали. И этот тезис имеет право на существование. Каково ваше мнение по этому поводу? |
Лукашэнка - ня той чалавек, якога так лёгка можа нехта зьмяніць. Такім, які ён ёсьць, ён сьвядома зрабіў сябе сам. І, здаецца, нават ганарыцца тым, што ён такі. Таму я ня думаю, што крытыка, мажліва часам і крыўдная для яго, магла б нешта зьмяніць у ягонай палітыцы і ягоных паводзінах. Таму за ўсё, што ім зроблена, адказнасьць, па-мойму, павінны несьці ён сам і тыя, хто ўсяляк яго падтрымліваюць і нават услаўляюць, тым самым узьнімаючы на п'едэстал ня лепшыя яго чалавечыя якасьці. |
[ 30/08/2004 17:25 ] |
Ці маеце Вы аўтамабіль? |
[ 30/08/2004 17:29 ] |
Хто з маладых паэтаў вам падабаецца?
Алег |
Я ўжо вышэй назваў іх. Магу паўтарыць зноў прозьвішчы Анатоля Сыса, Віктара Жыбуля, Янкі Лайкова, якія, на жаль, ужо і не зусім маладыя. |
[ 30/08/2004 17:29 ] |
Якой Вам, як пісьменьніку, бачыцца ідэальная Беларусь? |
Адкажу, можа, трошкі парадаксальна: беларускай.
Краінай, якая ганарыцца сваёй гісторыяй, даражыць ёю, лічыць за сьвятыную родную мову і сваіх герояў, добра працуе, заможна і вольна жыве. |
[ 30/08/2004 17:35 ] |
Што вам падабаецца ў Аляксандры Лукашэнку?
Мікола Пятровіч |
У Аляксандры Рыгоравічу мне падабаецца энэргічнасьць, мэтанакіраванасьць і жаданьне ісьці да канца ў ажыцьцяўленьні сваіх намераў. На жаль, намеры гэтыя часта, на мой погляд, ня вартыя гэтых ягоных выдатных якасьцяў. |
[ 30/08/2004 17:39 ] |
Дзе вы былі пад час путчу 1991 году і што рабілі? Калі адмовіліся ад партыйнасьці?
Сяржук Сямёнаў, Полацак |
Падчас путчу 1991 году я працаваў пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і знаходзіўся у Нью-Ёрку. Партыйны білет я здаў, ад'яжджаючы ў Злучаныя Штаты Амэрыкі. |
[ 30/08/2004 17:42 ] |
Якія вашы крыніцы штодзённай інфармацыі?
Ці маеце вы сувязі з лукашэнкаўскай намэнклятурай? Як бы вы ахарактарызавалі іх стаўленьне да прэзыдэнта?
Міхась Лужкоў, Мінск |
Крыніцы штодзённай інфармацыі ў мяне традыцыйныя: прэса, тэлебачаньне, радыё. Перш за ўсё, гэта "Звязда", "Народная Воля", "БДГ", "Известия", Радыё Свабода, НТВ, РТР і ТВЦ.
Сувязяў з лукашэнкаўскай намэнклятурай ня маю. Таму іх стаўленьне не магу харэктыразаваць з пэўным правам, аднак лічу, што сярод тых, хто працуе з Аляксандрам Рыгоравічам, бясспрэчна, ёсьць разумныя людзі, якія дастаткова ставяцца да свайго шэфа. |
[ 30/08/2004 17:48 ] |
Які гістарычны перыяд апошняга тысячагодзьдзя Вам найбольш імпануе і кім бы Вы сябе ў ім хацелі бачыць? Дзякуй. |
Для мяне вельмі дарагі пэрыяд Вялікага Княства Літоўскага - пэрыяд эўрапейскага адраджэньня, і гады "беларусізацыі" на пачатку мінулага стагодзьдзя.
Хацеў бы бачыць сябе сярод тых, ці нават побач з тымі, хто сумленна служыў беларускай ідэі. |
[ 30/08/2004 17:52 ] |
Правда ли, что книга воспоминаний друзей Быкова, которую Вы редактировали, запрещена для продажи? |
Я пакуль што такой інфармацыі ня маю, але ведаючы нашых ідэалягічных кіраўнікоў, не выключаю гэткага іхнага чарговага глупства. |
[ 30/08/2004 17:55 ] |
Ці ёсьць на беларускім тэлебачаньні хоць адна праграма, якую б можна было ацаніць высока? |
Цікавымі мне падаюцца праграмы, якія робіць цяпер Алесь Матафонаў, ягоны цыкл "Адкрыты архіў". Была яшчэ нядаўна цікавая перадача "Тэлебаромэтар", але яна нечакана зьнікла. Дарэчы, гэта ўсё перадачы на беларускай мове. І таму, ня дзіўна, што іх зусім мала, і яны не доўгавечныя з-за стаўленьня сучаснага кіраўніцтва да ўсяго беларускага на экране. |
[ 30/08/2004 17:56 ] |
Шо было б, калі б на выбарах перамог Кебіч -- ці не была б Беларусь ужо расейскай губэрняй?
Федар Паўловіч, Магілеў |
Прызнаюся, што я за Кебіча не галасаваў, і ў нашу незалежнасьць пад яго кіраўніцтвам ня веру. Думаю, што Вячаслаў Францавіч даўно згадзіўся б стаць адным з расейскіх губэрнатараў. |
[ 30/08/2004 17:59 ] |
Vy za Busha ci za Kery?
Vitaut, Los Angelos |
Я за таго амэрыканскага прэзыдэнта, які будзе спрыяць умацаваньню беларускай дзяржаўнай незалежнасьці і дэмакратыі на Беларусі. |
[ 30/08/2004 17:59 ] |
Цікава, ідэя напісаньня мемуараў яшчэ Вас не наведвала? Тым болей, што грунтоўны аналіз часоў апошняй незалежнасьці яшчэ ніхто не рабіў. Дзякуй |
Такая ідэя ня толькі наведвала мяне, а і падвяла ўжо да той рысы, калі трэба вось-вось садзіцца за пісьмовы стол. Тым болей, што некалі мяне да гэтага вельмі актыўна агітаваў Васіль Быкаў. Сапраўды, так склаўся мой лёс, што я добра ведаў многіх выдатных людзей, і прымаў удзел у многіх важных гістарычных падзеях. Відаць, я маю абавязак пакінуць свае сьведчаньні і пра гэтых людзей, і пра падзеі, якія завязаныя вузламі ў маёй памяці. |
[ 30/08/2004 18:02 ] |
Спадар Генадзь, з чаго пачынаецца Ваш дзень і чым заканчваецца? Дзякуй. |
Мой дзень пачынаецца з гарбаты, а заканчваецца праглядам інфармацыйных тэлевізійных праграм і праслухоўваньнем Радыё Свабода. |
[ 30/08/2004 18:03 ] |
Добры Дзень дзядуля! Як ў цябе справы? |
Добры дзень, Паўлік. Справы ў мяне ідуць цудоўна. У Празе добрае надвор'е. Я зь сябрамі. Будзе што расказаць табе па вяртаньні дадому. |
[ 30/08/2004 18:13 ] |
Szanouny Spadar Genadz !
Ci lichyce Vy magchymym "padniac" nashu inteligencyiu da realnai pracy z naselnictvam ? Moza godze ziezdau za Nezazleznasc, Radau inteligencyi, kruglykh stalou? Mozha treba realna ici u narod i "na palcah" tlumachyc im, tuteishym, chamu Nacyia Belarusau i dziarzhava Belarus im vygodna? Mozha treba stvaryc damavyia kamitety asvety?
Mozha tolki tak my skonchym "Chas Byka" ? Vochy u vochy, razumnaie slova u vushy... Mo perakanaem... Bo kali ne, to geta kanec Belarusi. Vitavt P.S. Stho Vy dumaece pra list polskikh inteligentau? |
Цалкам з вамі згодзен. Усё, што Вы кажаце, трэба рабіць і неадкладна. Вельмі спадзяюся, што людзі для гэтага знойдуцца, асабліва сярод маладых. Гатовы, наколькі хопіць сілаў, паўдзельнічаць у гэтай сьвятой справе. |
[ 30/08/2004 18:13 ] |
Ці абавязкова было пістменьніку ці паэту ў "тыя гады" пісаць "хвалебныя" творы пра кампартыю і камсамол каб выжыць? Ці ўсе былі вымушаныя гэта рабіць? Сяргей |
Я не сказаў бы так катэгарычна, што гэта трэба было рабіць, каб выжыць. Многія, і я ў тым ліку, шчыра верылі ў ідэалы партыі, магчымасьці камсамолу, у справядлівасьць, якое было навокал. Таму многія з хвалебных одаў ішлі ня столькі ад прымусу, колькі ад няправільна зразумелага жаданьня паўдзельнічаць у актыўным жыцьці. Пазьней, калі стала многае вядома пра сталінскія рэпрэсіі, пра антычалавечныя законы, пра практыку задушэньня свабоды слова, ужо практычна такіх твораў ня стала. Пісалі іх хіба што толькі безнадзейныя графаманы і прыслужнікі ўлады. Я думаю, што аўтары гэткіх твораў вінаватыя і перад праўдай, і перад самімі сабой, і перад чытачамі. |
[ 30/08/2004 18:23 ] |
Ці веруючы Вы чалавек? Калі так, да якой канфэсіі вы належыце? Дзякуй |
Я веру ў Бога як вышэйшую справядлівасьць. У час вайны я быў хрышчоны ў царкве, але актыўным вернікам не зьяўляюся. Глыбока паважаю, хто нясе ў сваёй душы веру ў дабро і справядлівасьць. |
[ 30/08/2004 18:24 ] |
Шаноуны спадар Генадзь !
Спадзяюся, што вы згодны з заходнiм узорам звароту.
Мяне вельмi здiвiлi Вашыя эмоцыi на прапанову Уладзiмiра Коласа сабраць кожнаму удзельнiку Рады па 100 подпiсау...
Я НЕ згодны з Вамi адносна таго, што «кнiга» лепш.
Я цалкам падтрымлiваю выказваньне Кшыштафа Занусi ( Радыё Свабода ),
што пад час пажару УСЕ: пажарнiк i навуковец, рэжысер i пiсьменьнiк, усе павiнны быць толькi ПАЖАРНIКАМI. Беларусь мае «тарфяны пажар».
Цi ведаеце Вы: кто i колькi людзей на Беларусi чытаюць кнiгi? Насельнiцтва нават газеты не хоча чытаць. Сам назiрау як у шапiку 1 асобнiк «Народнай волi» ляжау увесь дзень ( г.Кобрын), у вечары купiу яго я.Дарэчы усяго у шапiку была 2 асобнiка. |
[ 30/08/2004 18:25 ] |
Які Ваш ідэал жанчыны? |
Жанчыны, якімі я захапляюся, павінны быць прыгожымі, разумнымі й ласкавымі. На шчасьце, мне лёс дарыў сустрэчы з такімі жанчынамі. |
[ 30/08/2004 18:26 ] |
(Працяг пытаньня)
Ведаю гiсторыю польскай «Салiдарнасцi» --9 гадоу патрыёты тлумачылi людзям Правду.Кожны свядомы iнтэлiгент быу редактарам падпольнай газэты. Лiчу, што Беларусь не мае такiх 9 гадоу. Калi удзельнiкi Рады не пойдуць «у народ» з лекцыямi тыпу лекцый «Знание» i газетамi, а актывiсты апазiцыi не пачнуць самаахвярна працаваць, то прыдзе час i Лукашэнка аддасьць Беларусь Расii.
Беларусь не мае часу на цiвiлiзацыйную эвалюцыю . Так?
Цi не лiчыце, Вы, шаноуны спадар Генадзь, што дзякуючы i пасiунасьцi беларускай iнтэлiгенцыi мы ужо прайгралi гэтыя выбары?
Валеры Грыцук, беларус, навуковец, эколаг, палiтык |
Я згодны прыняць Вашы папрокі на адрас беларускай інтэлігенцыі за пасіўнасьць і адарванасьць ад будзённых клопатаў так званых простых людзей, але я не лічу разумным таленавітага пісьменьніка заклікаць і тым больш прымушаць хадзіць па хатах і зьбіраць подпісы за кандыдатаў у Парлямэнт або ў прэзыдэнты, якія яшчэ не вядома, як сябе будуць паводзіць, атрымаўшы высокія пасады. Я перакананы, што Васіль Быкаў сваімі аповесьцямі і апавяданьнямі, сваёй публіцыстыкай зрабіў для беларушчыны на шмат больш, чым тыя, хто сабралі па сотні ці нават тысячы подпісаў за нейкіх палітыкаў. Пры гэтым, я паважаю працу зборшчыкаў. Я высока цаню дзейнасьць тых, хто ідзе да людзей у іхныя хаты, у іхныя кватэры. Думаю, што супрацьстаўляць адно другому ня ёсьць разумна. |
[ 30/08/2004 18:29 ] |
Як Вы бавіце вольны час? Ці любіце падарожжы? Можа, прыгадаеце нейкі цікавы выпадак? Дзякуй. |
Найчасьцей свой вольны час я праводжу разам з кнігамі, вельмі люблю хадзіць у лес, сядзець вечарамі над рэчкай, зьбіраць грыбы, слухаць птушак. Пры гэтым здаралася рознае, але чагосьці надзвычайнага не ўспамінаецца. |
[ 30/08/2004 18:35 ] |
Што Вас цяпер найбольш турбуе? |
І цяпер, і заўсёды, мяне найбольш турбуе лёс Беларусі, лёс яе мовы, яе будучыні, яе незалежнасьці. |
[ 30/08/2004 18:39 ] |
Вашае любімае месца ў Менску? У Беларусі? Дзе б хацелі пабываць й што паглядзець? Дзякуй. |
Любімае месца ў Менску - каля помніка Янку Купалу, ля Скарынаўскага праспэкту. У Беларусі - мая родная Полаччына, Расонскія бары, Сафійка над Дзьвіной, Браслаўскія азёры. Пабываць хацеў бы шмат дзе, але на гэта ўжо не хапае ня сілаў, ня сродкаў, ня часу, на жаль. |
[ 30/08/2004 18:45 ] |
Мы скончваем нашую канфэрэнцыю. Усім дзякуй за пытаньні. |
Дзякуй за ўвагу! Я быў рады віртуальна сустрэцца з вамі, шчыра падзяліцца з вамі сваімі думкамі. Жадаю ўсім посьпехаў. Веру, што мы разам даможамся шчасьця Маці-Беларусі. |
|
|