RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Паштовая Скрынка 111



16 Сьнежня 1999.

Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.

“Было ў вёсцы цяжка, а стала невыносна, – піша Ўладзіслаў Сянкевіч з Ліды. – Кожную суботу ежджу з гораду да бацькоў. На іхны калгасны заробак – шэсьць мільёнаў рублёў на дваіх – не тое што апрануць ды абуць дваіх дзяцей – хлеба ўдосталь купіць немагчыма.

Раней я сам мог крыху дапамагаць сям’і грашыма. Але цяпер на нашым заводзе “Оптык” з заробкамі вельмі кепска. Расея нашую оптыку купляць амаль перастала. І чым болей шуму ў вярхох пра інтэграцыю ды аб’яднаньне, тым горш.

Некаторыя вераць: вось зацягне нас Лукашэнка пад Расею, усё стане па-ранейшаму, як у Савецкім Саюзе. Я ў гэта ня веру: Лукашэнка ўжо пяць гадоў нас аб’ядноўвае, а жыцьцё ўсё горшае і горшае.

Нядаўна быў у Расеі ў выправе на заводзе, падобным да нашага. У іх у саміх працы няма, бо няма збыту. Сядзяць бяз грошай, п’юць гарэлку. Бальшыні і ў вёску паехаць няма як, бо калгасы ў іх даўно разваліліся і ўсё бур’яном зарасло.

Неяк слухаў па вашым радыё, як адзін чалавек з-пад Лагойску зямлі дамогся, аж 12 гэктараў. Па-добраму пазайдросьціў яму. Я й сам ня раз думаў: кінуць бы ўсё, паехаць у вёску. Бацька ў мяне яшчэ не стары, цягавіты. Калі б узяць зямлі й мець хоць якую тэхніку…

Але дзе тую тэхніку ўзяць? Ды яшчэ як падумаю, колькі трэба хабару начальнікам даць, каб зямлю вылучылі. Боязна. Але й так, як жывем, цярпець больш не хачу”. – гэта быў ліст Уладзіслава Сянкевіча з гораду Ліда Гарадзенскае вобласьці.

Ведаю многіх людзей, сваіх равесьнікаў, якія думаюць гэтак сама, і апынуліся ў горадзе ў падобных умовах. Калі б тыя сотні мільёнаў даляраў, якія закапаныя ў калгасныя землі на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя, былі дадзеныя гэтым людзям у выглядзе трактараў, угнаеньня, насеньня – то сёньня, я перакананы, яны ўжо вярталі б дзяржаве тыя крэдыты, а сотні тысячаў гэктараў зямлі не зарасталі б хмызьняком, як цяпер, а мелі б гаспадара.

Але час працуе на іх, гэтых людзей. Не яны павінныя абіваць чыноўніцкі ганак і даваць хабар, каб атрымаць зямлю й тэхніку, а сама ўлада мусіць прыйсьці да іх і прапанаваць і зямлю, і тэхніку. Іншага выйсьця ў гэтай улады ўжо няма, бо няма грошай, каб утрымліваць калгаснае марнатраўства.

Мы па-ранейшаму атрымліваем лісты пра лёс беларускае мовы. Многіх абурыла меркаваньне, якое прагучала ў перадачы “Праскі Акцэнт” 5 сьнежня, пра тое, што, магчыма, варта весьці вяшчаньне для Беларусі на расейскай мове. Вось што напісала пра гэта Ірына Барысевіч зь мястэчку Парэчча Гарадзенскага раёну:

“Каго хвалюе лёс Радзімы – той па-беларуску зразумее, нават калі й не размаўляе на нашай мове. А тым, хто жыве ўспамінамі пра танную гарэлку й каўбасу – на якой мове ні гаварыце, слухаць ня будуць.

Я асабіста палічу гэта абразаю і здрадаю ў адносінах да мяне як да слухача. Кожны дзень паўтары гадзіны я слухаю інфармацыю на літаратурнай мове. Калі гучыць музыка ў перадачы “Вострая Брама”, адчуваю гонар за сваіх продкаў, павагу да сваіх сучасьнікаў, якія ведаюць, хто яны і адкуль. А яшчэ адчуваю смутак і жаль. Надзея яшчэ не памерла, але жыцьцё праходзіць. Што я пакіну нашчадкам? Адумайцеся, людзі!”.

Свой ліст Ірына Барысевіч завяршае вельмі пранікнёнымі словамі: “Да Бога зьвяртаемся на чужых мовах і просім Божае ласкі – таму й не заўсёды разумеем, што чуем у адказ. У пагоні за лёгкім хлебам пазычаем у суседкі ейную культуру, палітыку, норавы, аддаючы ўзамен зямлю Крывічоў – спадчыну сваю і будучыню дзяцей нашых. Апамятайцеся, яшчэ ня позна”, – напісала Ірына Барысевіч зь мястэчку Парэчча на Гарадзеншчыне, якая паведаміла пра сябе, што яна “бабуля зь вёскі” і што ёй 60 гадоў.

На гэтую ж тэму ліст Івана Здановіча з гораду Пружаны Берасьцейскае вобласьці. Ён піша, што пытаньне наконт таго, на якой мове вяшчаць “Радыё Свабода” на Беларусь, не павінна нават ставіцца. “Вашыя перадачы слухаю штодзённа з даўніх часоў і толькі таму, што яны вядуцца па-беларуску”, – паведамляе Іван Здановіч. – У нашым горадзе, як я ведаю, слухаюць “Свабоду” па-беларуску яшчэ 35 маіх сяброў і знаёмых (я гэта падлічваў)”.

Іван таксама апісвае, як ён і ягоныя аднадумцы (усяго 21 чалавек) напярэдадні падпісаньня Лукашэнкам і Ельцыным дамовы выйшлі ў вечаровых прыцемках у цэнтар сваіх Пружанаў з запаленымі сьвечкамі ў руках. Гараджане падыходзілі на сьвятло, распытвалі. “Мы, – піша Іван, – адказвалі: “Заўтра Лукашэнка прадае Беларусь, а заадно і нас, Расеі”. Бальшыня з тых, хто падыходзіў, падтрымлівалі нас, пагаджаліся й дзякавалі. Нават міліцыянты і кагэбісты, якія неўзабаве зьявіліся, перашкод не чынілі”, – паведаміў Іван Здановіч з Пружанаў.

Пад уражаньнем інтэграцыйнай істэрыі апошніх тыдняў напісаў і наш даўні слухач Віктар Скараход зь Менску. “Ах, “вэртыкаль–вертыкаль”, – піша ён. – Так захінула твой розум гэтая інтэграцыя, што ты дзеля Беларусі анічога здатнага так і не зрабіла. Адно толькі – запусьціла на павышаныя абароты друкарскі варштат, які набіў кашалькі беларусаў пустымі паперкамі, якія і грашыма ня хочацца называць. Калі б вы, інтэгратары, “праваслаўныя атэісты” ды “рынкавыя сацыялісты”, замест дэмагогіі ды палітычнае гульні ў інтэграцыю гаспадаркаю займаліся, то сёньня, на шостым годзе вашага цараваньня, у крамах прадавалі не забеленую ваду, а малако, не сою ў поліэтыленавай кішцы, а мясную каўбасу”, – напісаў Віктар Скараход зь Менску.

І яшчэ адзін ліст, які мы атрымалі зь вёскі Судкова Хойніцкага раёну Гомельскае вобласьці ад Андрэя Кішкурнава. Ён піша: “Сам я беларус, але пішу, размаўляю і думаю па-расейску. Хоць і вельмі шкада. Слухаю “Радыё Свабода” ўжо сем гадоў, і пераважна беларускую праграму. Ёсьць пра што падумаць, а галоўнае – пачуць слова праўды. У вёсцы аб’ектыўную інфармацыю пра падзеі ў краіне атрымаць вельмі цяжка. Недзяржаўныя газэты да нас не даходзяць, а на Беларускай дзяржаўнай тэлевізіі ды радыё час спыніўся ў 90-м годзе, толькі палітычныя пэрсанажы іншыя. Ужо адное ўзгадваньне пра гэтыя сродкі інфармацыі наганяе тугу і маркоту”, – гэта былі словы зь ліста Андрэя Кішкурнава зь вёскі Судкова Хойніцкага раёну.

Дзякуем Андрэю і ўсім, хто напісаў і напіша нам на адрэсу: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Вы слухалі перадачу “Паштовая Скрынка 111”, створаную паводле вашых лістоў.

З вамі быў
Валянцін Жданко, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org