RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Верш на cвабоду


Я не хачу быць пупом зямлі.
У зямлі й безь мяне хапае пупоў.
Я хачу быць пупом неба.
Паветранай ямай і чорнай дзіркай
быць я хачу.
Там болей волі,
болей свабоды
там.

Уявіце:
я,
і мае пупы,
і пупы пупоў маіх
глядзяць на вас
зь неба.
Ніхто не схаваецца
ад іхняга пільнага позірку.
Не, гэта не я раствараюцца ў аблоках –
гэта аблокі расплываюцца ўва мне!

Цяпер
кожны, хто патрапіць
пальцам у неба,
патрапіць у мяне,
і ў мае пупы,
і ў пупы пупоў маіх
трапіць ён,
а я нават не адчую.

Што?
Вы не верыце ў маё
ЎСЕПУПЕЙШАЕ ПУПСТВА,
у маё
НАЙПАЎНЕЙШАЕ
НАЙПУПОЎНЕЙШАЕ ПУПЕЙСТВА,
у маё
АРХІПУПОВАЕ АПУПЕНСТВА?

Тады спытайцеся ў таго,
хто зламаў палец аб неба.

Віктар Жыбуль
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org