RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Верш на cвабоду


На мяжы

Вось і скончыўся век.
Пачынаецца новы.
Іх яднаю жыцьцём я,
нібы сувязны,
ды ніяк не знайсьці
цудадзейнай замовы
ад татальнай маны,
ад крывавай вайны.

Валачэ чалавек
зь веку ў век
за сабою
самазгубную хцівасьць,
няправедны гнеў.
І якім жа душу трэба выпаліць болем,
каб ён сэнс існаваньня свайго зразумеў?

Гоніць помста
натоўпы галодных і голых,
каб да шчасьця прарвацца цаною любой.
Калектыўнай нянавісьці
ўзвысіўся голас,
ну, а я ў адзіноце пішу пра любоў…

Вось і скончыўся век.
Пачынаецца новы.
Дзе дабро, там і зло,
зноў яны — спарышы…
Як раней,
не пачуты біблейскія словы,
як раней,
непрытульна пакутнай душы.

Сяргей Законьнікаў
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org