RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Верш на cвабоду


Вялікі Бог!
           Найбольшаю з патрэб
спрадвеку быў для нас
           надзённы хлеб.
Ёсьць хлеб –
           і ўсё астатняе няўзнак.
Ёсьць хлеб –
           і нешта знойдзецца да хлеба.
Але аднойчы
           мы зазналі смак
свабоды,
           што сыйшла нібыта з неба.
Ды служка д'яблаў,
           майстра здрадных спраў,
з-пад носа ў нас
           свабоду нашу скраў.
І востры боль,
           што мне працяў душу,
як рану
           я ў сабе дасюль нашу.
Свабоды зноў
           хоць трошкі зьведаць мне б,
бо безь яе –
           і хлеб ужо ня хлеб.
Мой Божа,
           творца ладу і злагоды,
пакаяцца
           мне загадзя дазволь.
Каб хоць крыху суняць
           нясьцерпны боль,
я хлеб мяняю
           на глыток свабоды.

Артур Вольскі
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org