RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Верш на cвабоду


Ці памяць жабруе
          па котлішчах колішніх дзён,
Ці сум пералётны
          мне вочы запарушыў… –
Пра што ў пераходзе падземным
          пяе саксафон?
Пра што яму рэха адказвае
          зь нетраў душы?
Віно і самота
          дапітыя сёньня да дна…
Аднак не ратуюць
          калі па сьлядах наўздагон
За мной неназваная –
          чую – ступае віна,
Ды шанцам апошнім
          хай музыка будзе адна –
Іграй, саксафон.
Аціхнуць няхай
          І гаворка, і грукат, і звон… –
Іграй, саксафон.
Іграй, мой адзіны
          па смутку няпэўнаму брат.
Дарадцаў хапае,
          але разуменьня – наўрад.
Ня сьвятасьць –
          аблуда цяпер узышла на амбон, –
Іграй, саксафон.
І цягнецца кожны
          да ськіпетраў, лаўраў, карон…
Іграй, саксафон.
Няўжо сапраўды
          мы аплочваем нейкі праклён?
Няўжо наша воля –
          адно толькі мроя ды сон?
Скажы, саксафон.
Ня карта –
          жыцьцё выстаўляецца сёньня на кон,
Бо сьвет, як цягнік,
          што вось-вось паляціць пад адхон…
Ратуй, саксафон.
Іграй, музыкант,
          не змаўкай, не змані, не зграшы…
Даруй нам, што музыка
          сёньня каштуе грашы.
Даруй, што грашыў
          супраць музыкі і цішыні,
Што мала кахаў іх
          у кожным падораным дні.
Даруй, цішыня, мне
          і, музыка, – чуеш? – даруй.
Хай некаму – глупствам –
          усё, што я вам гавару,
Ды, як ні было б там,
          цяпер разумею аднак,
Хто музыку мае каханаю,
          той не жабрак.
Няхай ён апошні –
          у славе, пашане, грашах…
Ды музыку чуючы –
          Госпада чуе душа.
І ў гэтым ёй – воля,
          і права, і шлях, і закон…
Іграй, саксафон.

Рыгор Сітніца
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org