RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Верш на cвабоду


Амаль што ўсе вясковыя паэты
Уцёклі ўчора з нашага пуэбло
Хто ў Прагу, хто ў Бон, хто ў Лісабон...

На вуліцах там прыбіраюць сьмецьце
Ці мыюць посуд брудны ў танных барах...

Здаецца, лепш у нас ў сабачай будцы
Чым там такое жыцьце... Але хто?..

Вясну цывілізацыі зьмяняе
На змрок патрыятызму і Красавца
В англійскам клетчатам касьцюме
Да ўберагуць яго і Будда і Аллах!

І толькі я! Самотна тут застаўся
І сумныя рэляцыі складаю з майго жыцця...

II

Такая тут зямля, такая сьерра
Усадзі ў яе зярнятка – выйдзе – Чэлес
Устане – праз хвіліну ападзе

Скрозь кактусы, пампасы, дубаўцы
І ліпы, на якіх красуюць лапці
Сасновыя бары і верасы
Палацы, крамы, глёбусы, сысы
Раінчыкі і данчыкі, ханкі
Запушчаныя з той зімы заводы
З дзяцінства помны самагонкі пах
Блукае Сьмерць ў выцьвілым самбрэра
Трымаючы ў касьцістых тонкіх пальцах
Партрэт сваей удалае ахвяры!

О! Бедны Ёсель Бродскі, так цябе
Жадалі бачыць у піцерскай зямлі!
А ты, пракляты хітры сіяніст
Ня хочаш лежаць у кастрычніцкай калысцы
Ну што ж! Паедзе ў Піцер паміраць Маргунчык Паша

III

Атлянтыка штодзённа прыбівае да берагоў маёй Айчызны дзіўнай
То цюк гуманітарнай дапамогі, то беларускі трактар, то рэактар
То пранікі, то трэскі, то г...но, то неманскі на поўразьбіты човен,
То цьвік, то дошку...

Мы будуем хаты, вывозім гной на поле, капаем бульбу і модлімся
Каб міжнародны фонд
Падкінуў мех зялёнае валюты

IV

Мая Айчына сёньня выглядае
Вясковай дзеўкай у вышытай сарочцы
Якую ўсе няўмела, на падпітку
На плошчах, на экранах і ў кустах
Пад рознакаляровымі сьцягамі
Паўсюдна гвалцяць у вушы... А чаму?

Таму што вычварэнцы і кастраты ня ўмеюць жыць з кабетай так як трэба!
Яна даўно ў нас, бедная, аглыхла
А зараз йшчэ, ня дай Бог, і асьлепне ад гэткае выквінтнае любові.

Ды нават зь яе мёртвае ў труне
Мець нехта будзе неблагі пажытак...

V

Хачу сказаць пра тое, што мяне найболей зараз цешыць...

          Мой малы сусед, сын пьяніцаў вясковых, здольны хлопчык
          Пры лямпе, бо сьвятла ў нас няма
          Штовечар піша вершы на свабоду
          Ён не Разанаў і не Барадулін, тым больш ня Дудараў
          Але зь яго, я бачу, будзе толк!

І вось такім аптымістычным словам
                              Хачу я скончыць гэты змрочны дзень
                                                            На нашай неабсяжнай Беларусі...

Віктар  Шалкевіч
31. 12. 2000
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org