RFE/RL |
Серада, 31 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Апублікавалі пасланьне Канстытуцыйнага суду, якое завецца "Пра стан канстытуцыйнае законнасьці ў Рэспубліцы Беларусі у 2000 годзе". Галоўны суд Беларусі фактычна абвінавачвае агульныя суды ды палаты Нацыянальнага сходу ў парушэньні Канстытуцыі. Канстытуцыйны суд друкуе свае высновы амаль на дзьвюх старонках найбольшага газэтнага фармату. Месцамі трапляюцца вельмі рэзкія цытаты, напрыклад: "Досьвед паказвае, што ня ўсе дзяржаўныя органы ды службовыя асобы правільна ўспрымаюць канстытуцыйныя патрабаваньні пра найвышэйшую юрыдычную сілу Асноўнага Закону, што адмоўна адбіваецца на фармаваньні адпаведнае правапрымяняльнае практыкі". Але ніводнага канкрэтнага прыкладу такіх няслушных паводзінаў дзяржаўных чыноўнікаў у тэксьце пасланьня не падаецца. Канстытуцыйны суд распавядае пра скасаваныя ім падатковыя акты, у тым ліку рашэньне Магілёўскага гарадзкога савету пра зборы зь юрыдычных асобаў за выкарыстаньне назвы "Магілёў", а таксама пра скасаваныя пастановы Савету міністраў пра працоўныя адпачынкі ды пра аплату дадатковае жылое плошчы. Далей вялікая частка пасланьня прысьвечаная таму, як Канстытуцыйны суд паляпшаў летась Крымінальна-працэсуальны кодэкс, аднак ня згадваецца, што сёлета з 1 студзеня пачаў дзейнічаць новы кодэкс з гэтаю назвай, таму судовыя рашэньні фактычна страцілі сэнс. Летась у галоўны суд Беларусі зьвярнуліся больш як 700 грамадзянаў, якія скардзіліся, што мясцовыя органы, суды, службовыя асобы не абараняюць іхных законных інтарэсаў ды ўжываюць нарматыўныя акты, якія не адпавядаюць актам з большай юрыдычнай сілай. "У сваіх лістах грамадзяне паведамляюць, што іхныя звароты да асобаў, якія маюць права на ўнясеньне прапановаў у Канстытуцыйны суд, не задавальняюцца. Адмаўляюць ім у задавальненьні такіх хадайніцтваў насуперак патрабаваньням артыкулу 112 Канстытуцыі і агульныя суды пры разглядзе канкрэтных справаў", — адзначаецца ў пасланьні. Канстытуцыйны суд паведамляе таксама, што абедзьве палаты Нацыянальнага сходу разгледзелі летась некалькі тысячаў зваротаў грамадзянаў, у тым ліку скаргаў на неканстытуцыйнасьць пэўных законаў ды актаў. Аднак адпаведныя прапановы ў Канстытуцыйны суд не накіроўваліся, піша орган пад старшынствам Рыгора Васілевіча, паказваючы гэтым сапраўднае месца гэтак званых палатаў парлямэнту. Канстытуцыйны суд фактычна абвінавачвае звычайныя суды ды Нацыянальны сход у парушэньні артыкулу 59 Асноўнага Закону Беларусі, які абавязвае дзяржаўныя органы ды чыноўнікаў рабіць усе неабходныя захады для абароны правоў і свабодаў асобы. Юры Сьвірко, Менск |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |