RFE/RL |
Серада, 31 Cтудзеня 2001 |
Сёньня |
У чарговым нумары газэты “Рабочы”, які толькі што выйшаў з друку, паведамляецца, як абрабавалі інфармацыйна-рэсурсавы цэнтр, дзе выдаецца рэгіянальны дадатак да “Рабочага” – “Рабочы Дзвінскага памежжа”, а таксама іншая недзяржаўная пэрыёдыка. Супрацоўнікі цэнтра па шматлікіх прыкметах робяць выснову, што абрабаваньне мае на мэце перашкодзіць любымі сродкамі выданьню незалежнай рэгіянальнай прэсы. Побач – сьведчаньне нашага ўласнага карэспандэнта аб тым, як ахоўнікі менскага Дома ўраду з дапамогай байцоў АМОНу выганяюць з будынка наведвальнікаў (многія зь якіх маюць пэнсійны ўзрост). Гэта ў ансноўным людзі, што ў пошуках справядлівасьці беспасьпяхова “абіваюць прыступкі” кабінэтаў высокапастаўленых чыноўнікаў. Традыцыйная дыяграма на першай старонцы “Рабочага” на гэты раз сьведчыць, што кожны чацьверты з жыхароў краіны, калі яго ўласныя правы парушаюцца, зьвяртаецца па дапамогу ў прафсаюзныя арганізацыі. Але ж больш за палову апытаных з тых, хто лічыць, што ягоныя правы парушаныя, увогуле нікуды не звярталіся… Дыяграма ілюструе дадзеныя сацыялягічнага апытаньня, якое праводзіў напрыканцы летась навукова-дасьледчы інстытут працы. Такім чынам, прафсаюзная тэма чырвонай стужкай праходзіць праз увесь наш чарговы нумар. Галоўны рэдактар Віктар Івашкевіч пад рубрыкай “Надзённае” абгрунтоўвае адносіны да вылучэньня старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай Уладзімера Ганчарыка кандыдатам у прэзыдэнты. Пра рашэньні прайшоўшага 23 студзеня нечарговага Пленуму абласнога аб’яднаньня галіновых прафсаюзаў Менску і Менскай вобласьці, а таксама пра спробы сучасных уладаў узяць пад кантроль сытуацыю ў прафсаюзах расказвае другая паласа газэты. Складанасьці сытуацыі са свабоднымі і незалежнымі прафсаюзамі ў Беларусі адлюстраваныя на шостай старонцы “Наша краіна”. “Мой сусьвет” – сёмая старонка падрабязна знаёміць чытачоў з дзейнасьцю Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) і іншых агульнаэўрапейскіх структураў. Артыкул мае назву “Што такое АБСЭ і чаму яго так ня любяць нашыя ўлады”. Тэматычная старонка “Кашалёк” нагадвае чытачу пра варыянты крадзяжоў з уласных кватэр, разьбірае перадузятыя меркаваньні неасьцярожных грамадзянаў і раіць, як трэба засьцерагацца ад кватэрнага рабаваньня. А яшчэ ў чарговым нумары невялікае апытаньне маладафронтаўцаў напярэдадні заплянаванай імі маладзёвай акцыі “Любові! Свабоды! Пераменаў!”. Побач – гісторыя вельмі хворага выпускніка Рэчыцкага інтэрнату Сашы Жукава, якога зараз ніяк ня можа адшукаць сямейства хірурга адной з клінік амэрыканскага штату Мічыган, дзе беларускаму хлопцу некалі зрабілі складаную апэрацыю на сэрца. Апошняя старонка “Мой тыдзень” складаецца са спартовага матэрыялу пра ўдзел беларускай каманды ў адборным турніры чэмпіянату Эўропы па баскетболе, нізкі апошніх анэкдотаў пад рубрыкай “Курылка” і вялікай гістарычнай крыжаванкі з назвай “Мая Беларусь”. Агляд падрыхтаваны рэдaкцыяй газэты.
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |