RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 31 Cтудзеня 2001

Сёньня



З Галяндыі прыйшла інфармацыя аб тым, што выяздная сэсія шатляндзкага суду прысудзла да абавязкавага пажыцьцёвага зьняволеньня лівійскага грамадзяніна Абдэль Бассета Мэграхі. Другі лівійскі грамадзянін быў апраўданы.

Мэграхі прызналі вінаватым у арганізацыі бомбавага замаху ў 1988 годзе на самалёт кампаніі Пан Амэрыкан, які разьбіўся над шатляндзкім горадам Локкербі, падчас якога загінула 270 асобаў. Прэсавы сакратар брытанскага ўраду ў сувязі з прысудам заявіў, што віна за замах падае таксама на лівійскі рэжым Муамара Кадафі, і што Лівія павінна выплаціць кампэнсацыю сем’ям ахвяраў. Прадстаўнікі сем’яў ахвяраў лічаць, што на лаве падсудных павінен быў быць сам лівійскі дыктатар Муамар Кадафі.

Берт Амэрман, брат якога загінуў падчас катастрофы, заявіў:

(Амэрман: ) “Сёньня – дзень задавальненьня. Але поўнай справядлівасьці ня будзе ніколі, таму што чалавек, якога трэба было б пасадзіць на лаву падсудных – лідэр Лівіі. Я ня думаю, што такое можа здарыцца”.

Між тым, судовыя ворганы намагаюцца прыцягнуць да адказнасьці і іншага дыктатара, праўда былога. Чылійскі суд зноў прыняў пастанову затрымаць пад хатнім арыштам 85-гадовага Аўгуста Піначэта.

Судзьдзя Гуан Гузман пастанавіў затрымаць Піначэта пад хатнім арыштам у сувязі з абвінавачаньнямі яго ў інспіраваньні выкраданьня людзей левых палітычных поглядаў і іх забойстве пасьля ваеннага перавароту 1973 году.

Першы раз судзьдзя Гусман выпісаў ордэр на арышт Піначэта ў сьнежні мінулага году, але Вярхоўны суд адмяніў яго на той падставе, што Гусман не зрабіў допыт самога Піначэта і асабіста не пераканаўся, ці стан здароў’я 85-гадовага генэрала дазваляе яму прадстаць перад судом і бараніць сябе.

І вось цяпер судзьдзя Гусман падобны допыт зрабіў і зноў пастанавіў арыштаваць Піначэта. Падчас допыту Піначэт заявіў пра сваю невінаватасьць, але гэта не пераканала судзьдзю.

Піначэта абвінавачваюць у стварэньні так званых “эскадронаў сьмерці”, якія без суда і сьледзтва катавалі і забівалі левых палітыкаў краіны. Кіраўніком гэтых “эскадронаў” быў адстаўны генэрал Арэлано Старк, які цяпер таксама знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Байцы “эскадронаў” выцягвалі з лягераў для інтэрнаваных дзеячоў левых палітычных партыяў, міністраў ураду прэзыдэнта Сальвадора Альендэ і тайна забівалі іх. Як стала цяпер вядома ў выніку следзтва, бальшыню сваіх ахвяраў сябры “эскадронаў сьмерці” пасьля забойства выкідвалі з вайсковых верталётаў над акіянам.

Усяго падчас дыктатуры Піначэта было забіта каля 3 тысячаў чалавек, але Піначэта абвінавачваюць у саўдзельніцтве ў забойстве 75 найбольш вядомых палітыкаў, 18 зь якіх да сёньняшняга дня лічацца зьніклымі бязь вестак.

Падчас допыту Піначэт заявіў, што ён нічога ня ведаў пра гэтыя забойствы, і што віну за гэта нясуць паасобныя вайсковыя камандзіры.

Між тым, па чылійскім телебачаньні выступіў адстаўны генэрал Хуакін Лагос, які можа быць важным сьведкам падчас магчымага працэсу над Піначэтам. Ён пацьвердзіў, што камандзір “эскадронаў сьмерці” генэрал Старк, які ў 1973 годзе быў асабліва давераным афіцэрам Піначэта, праводзіў растрэлы зьняволеных. Ён нават прадэманстраваў падпісаны Піначэтам дакумэнт, у якім гаворыцца аб прызначэньні Старка дзеля выкананьня асаблівай місіі.

Трымаючы гэты дакумэнт у руках, генэрал Логас паведаміў, што Піначэт сам аддаваў злачынныя загады. Паводле словаў Логаса, ён яшчэ 28 гадоў таму папярэджваў Піначэта аб тым, што раней ці пазьней яму давядзецца адказваць за гэтыя злачынствы ў якасьці галоўнакамандуючага арміяй.

Пасьля гэтай заявы паліцыя ўзяла генэрала Логаса пад сваю ахову.

Мікола Іваноў, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org