RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 31 Студзеня 2001

Сёньня:



Зоя Кудзінава заяўляе, што перагляд справы ейнага мужа штучна зацягваецца; яна не адкідае палітычных матываў бязьдзейнасьці судзьдзяў.

У Барысаўскім раённым судзе дагэтуль ня вызначыліся з тэрмінам перагляду справы дэпутата Ўладзімера Кудзінава, які паводле новага Крымінальнага кодэксу павінен выйсьці на волю.

Справа Кудзінава трапіла ў раённы суд яшчэ мінулым тыднем. Старшыня суду Сяргей Мікуліч абяцаў сваякам вязьня, што перагляд адбудзецца на гэтым тыдні, але цяпер ад сваіх словаў адмаўляецца.

“Я не казаў, што дакладна на гэтым тыдні мы справу перагледзім, я ўвогуле не выключаю, што мы вернем гэтую справу ў абласны суд, адкуль яе прывезьлі”, — паведаміў сёньня Радыё Свабода судзьдзя Мікуліч.

Спроба высьветліць, ці законныя такія дзеяньні суду, плёну ня мела. “Вы памыляецеся, што пераглядам справаў павінны займацца толькі тыя суды, дзе даваліся прысуды”, — заявіў Сяргей Мікуліч, але не патлумачыў, у чым тут памылка.

Зоя Кудзінава, жонка дэпутата, настойвае на тым, што яшчэ два дні таму судзьдзі запэўнівалі яе ў хуткім вырашэньні справы.

(Кудзінава: ) "Я асабіста размаўляла з Крайком Сяргеем Пятровічам, ён намесьнік старшыні Менскага бласнога суду. Ён мне сказаў: во зараз я падпісаў распараджэньне пра адпраўку гэтай справы ў Барысаўскі раённы суд. Ён яшчэ так сказаў: думаю, што да канца студзеня справу перагледзяць.

У панядзелак я тэлефанавала самому гэтаму Мікулічу, Мікуліч сказаў: у канцы гэтага тыдня мы справу перагледзім. Вось ягоныя словы. Ён мне яшчэ ў панядзелак сказаў: я заўтра еду на нараду ў Менскі абласны суд. А я пытаюся: дык вам пазаўтра можна будзе патэлефанаваць, і вы канкрэтна будзеце ведаць? І сёньня гэта раптам усё мяняецца".

Уладзімер Кудзінаў быў асуджаны Барысаўскім раённым судом да 7 гадоў зьняволеньня быццам бы за хабарніцтва. У турме ён правёў ужо 4 гады, яшчэ год яму скасавалі па амністыі.

Між тым, паводле новага Крымінальнага кодэксу, Кудзінава можна было б пакараць ня больш за 5 гадоў. Такім чынам, лічаць адвакаты й сваякі вязьня, ён ужо павінен быць на волі.

(Кудзінава: ) "Інакш яны ўжо вырашыць справу ня могуць: ёсьць жа закон. І згодна з гэтым законам Кудзінаў палоньнік гэтага рэжыму. Ён жа зусім незаконна ўтрымліваецца ў турме. І нашыя ўлады хочуць з гэтай справы мець нейкую выгаду".

Сытуацыю зь пераглядам справы Кудзінава пракамэнтаваў вядомы юрыст, былы сябра Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў.

(Пастухоў: ) “Такімі справамі мусіць займацца суд першай інстанцыі. Гэтак вызначаюць закон пра ўвядзеньне новых кодэксаў і ранейшыя акты. У канкрэтным выпадку з Кудзінавым, безумоўна, можна казаць пра штучнае зацягваньне перагляду.

Мэтаў я ня ведаю. Судзьдзі першай інстанцыі могуць спасылацца на вялікую загружанасьць, але ня думаю, што дзеля такой гучнай справы, як у Кудзінава, яны сапраўды ня знойдуць часу“.

Судзьдзя Барысаўскага суду Сяргей Мікуліч запэўніў мяне, што да суботы будзе вырашана, вяртаць справу ў вобласьць ці пераглядаць на месцы.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org