RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 30 Студзеня 2001

Сёньня:



У Менску прайшло паседжаньне Каардынацыйнай рады галіновых прафсаюзаў. На ёй разгледзелі падрыхтоўку да прафсаюзнай акцыі пратэсту 14 лютага.

Каардынацыная рада распачала сёньняшняе паседжаньне з высьвятленьня лёсу прафсаюзнай заяўкі на акцыю пратэсту. Два тыдні таму заяўку падалі ў сталічны гарвыканкам з просьбай дазволіць у Менску 14 лютага прафсаюзны мітынг.

У дакумэнце Фэдэрацыі пазначана некалькі месцаў у сталіцы, якія прафсаюзы разглядаюць як прыдатныя для правядзеньня акцыі. Гаворыць намесьнік старшыні Фэдэрацыі Мікалай Беланоўскі:

(Беланоўскі: ) "Мы падалі заяўку на месцы, дзе законна можна ладзіць акцыю. Гэта Кастрычніцкая плошча, плошча Свабоды, плошча Парыскай камуны, Юбілейная плошча ды месца, якім распараджаецца выканкам менскі, — пляцоўка ля стадыёну "Трактар".

Зараз заяўку разглядае Менгарвыканкам. Мае перамовы з адказнымі за гэтую справу вызначыліся гэткім чынам: мы рыхтуем рашэньне, разглядаем вашую прапанову, дазвол дамо ў межах закону. Можа, дазвол дадуць якраз напярэдадні акцыі, гэта за 5 дзён да пачатку".

(Карэспандэнт: ) "Ці цяжка рыхтаваць акцыю, ня маючы дазволу на пэўнае месца правядзеньня?"

(Беланоўскі: ) "Наша заканадаўства гэткае, што не дае нічога рабіць, пакуль не атрымаеш дазволу. Улады робяць усё, каб акцыі не атрымалася. 5 дзён, а калі яшчэ 2 зь іх прыпадаюць на выходныя, — гэта будзе шмат працы. Але я спадзяюся на сумленнасьць і разуменьне сытуацыі членаў прафсаюзаў і працоўных, за якіх мы выходзім".

Як вынікае з выступаў сябраў Каардынацыйнай рады, улады плянуюць сарваць прафсаюзную акцыю. Дзеля гэтага, паводле інфармацыі лідэраў галіновых прафсаюзаў, у працоўных калектывах пачалася маштабная праца па дыскрэдытацыі прафсаюзнай ініцыятывы.

Гаворыць старшыня прафсаюзу аўтасельгасмашу Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) "Зараз на кожным прадпрыемстве дырэктароў запрашаюць у райвыканкамы. Акцыя вельмі занепакоіла ўладныя структуры. Яны ўсяляк спрабуюць перашкодзіць пратэсту людзей.

За сьнежань на прадпрыемствах рабочым выплацілі заробкі. Я мяркую, што з набліжэньнем 14 лютага ўціск на працоўныя калектывы будзе мацнець. На тэлебачаньні штодня зьяўляюцца матэрыялы антыпрафсаюзнага зьместу. Гэта каб дыскрэдытаваць прафсаюзы".

Адметнасьць сёньняшняга прафсаюзнага мерапрыемства — удзел у паседжаньні Каардынацыйнай рады лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца.

Рэч у тым, што моладзь на 14 лютага заплянавала сваю акцыю, прымеркаваную да дня Сьвятога Валянціна. Таму ейны лідэр вырашыў зьвярнуцца да прафсаюзных кіраўнікоў з прапановай каардынаваць дзеяньні. Вось што паведаміў нашаму радыё на гэты конт Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "У Менску акцыі супалі па часе: а 16-й гадзіне пачынаецца прафсаюзная, а 17-й моладзевая. Хаця яны ў розных месцах праходзяць (моладзевая плянуецца на плошчы Свабоды), усё ж было б лягічна, калі б прафсаюзы й моладзь, якія сёньня выступаюць фактычна на роўных пазыцыях — за дэмакратыю, за беларускую незалежнасьць, правы чалавека — каб узгаднілі свае дзеяньні ды прапанавалі б на гэты вечар нейкую суладную канцэпцыю сьвята.

Мы маглі б павіншаваць прафсаюзы з гэтым сьвятам, з задавальненьнем бы гэта зрабілі, ведаем, што прафсаюзы цяпер напраўду стаяць за інтарэсы й маладых працоўных. Сёньня дасягнулі прынцыповага пагадненьня па гэтым пытаньні. Кіраўнікі Фэдэрацыі прафсаюзаў, мне здаецца, успрынялі ідэю добра".

Міхал Стэльмак, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org