RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 30 Студзеня 2001

Сёньня:



На бэрлінскай міжнароднай выставе “Зялёны тыдзень” 59 краінаў сьвету дэманстравалі свае найлепшыя сельскагаспадарчыя вырабы. Беларусь ізноў прадстаўлялі выключна вытворцы алькагольных напояў — менскі завод “Крышталь” ды Берасьцейскі лікёра-гарэлачны завод.

“Зялёны тыдзень”, які штогод ладзіцца ў Нямеччыне, — прадстаўнічая выстава. Звычайна тут не заключаюць кантрактаў, краіны проста паказваюць свае дасягненьні ў сельскай гаспадарцы — харчы, сучасныя біятэхналёгіі ды іншае.

Сёлета на “Зялёным тыдні”, як і летась, беларускую сельскую гаспадарку прадстаўлялі выключна вытворцы алькагольных напояў — менскі завод “Крышталь”, Берасьцейскі лікёра-гарэлачны завод ды супольнае беларуска-францускае прадпрыемства “Вуадор”.

Чаму на выставу паехалі менавіта гэтыя прадпрыемствы? Няўжо няма вартых харчоў, якія ня сорамна было б паказаць на “Зялёным тыдні”?

Кіраўнік аддзелу супрацоўніцтва з замежнымі краінамі Міністэрства сельскай гаспадаркі Анатоль Раманоўскі распавёў мне, што апошнімі гадамі на “Зялёны тыдзень” езьдзяць выключна тыя, хто мае фінансавыя магчымасьці, а цяпер гэта — толькі вытворцы алькагольных напояў.

Доктар жа сельскагаспадарчых навук, прафэсар Іван Нікітчанка мяркуе, што Беларусі цяпер амаль няма чаго й выстаўляць, акрамя гарэлкі.

(Нікітчанка: ) "Так адбываецца, што напояў вырабляюць усё болей, а харчоў — меней. Справаздача леташняя паказвае, што на кожнага жыхара Беларусі прыпадае 9,9 літраў алькагольных напояў у пераліку на чысты сьпірт.

Выгодна гандляваць гэтымі напоямі, хоць і сьпіваецца народ. Гранічна дапушчальны аб'ём вытворчасьці для любой дзяржавы — 8 літраў на чалавека. Калі болей — пачынаецца дэградацыя народу. Іншыя беларускія прадукты ня могуць канкураваць з тымі, што выстаўляюць іншыя краіны".

Прафэсар Нікітчанка згадаў іншы час, пачатак 1990-х — тады Беларусь мела што паказаць на “Зялёным тыдні”.

(Нікітчанка: ) "Мы выстаўлялі тады шмат мясных прадуктаў. Былі пастаўнікамі — адзінымі ў былым СССР! — тэхнічнага казэіну. Усю Заходнюю Эўропу забясьпечвалі гэтым прадуктам.

Пастаўлялі тады шмат малочных прадуктаў, якасьць была добрая. Казэін, прыкладам, вырабляў экспэрымэнтальны завод Інстытуту мяса-малочнай прамысловасьці. Зараз яму не даюць малака".

Як адзначае Нацыянальная справаздача ААН пра чалавечае разьвіцьцё Беларусі ў 2000 годзе, за апошнія 10 гадоў продаж моцных алькагольных напояў у Беларусі павялічыўся ў 1,7 разоў. Цікава, што менавіта алькагольнай "прысутнасьцю" на “Зялёным тыдні” вылучылася й Расея, якую таксама прадстаўлялі вытворцы піва ды гарэлкі.

Журналісты, якія наведвалі “Зялёны тыдзень”, называюць гэтую выставу своеасаблівым харчовым сьвятам. Наведнікі пад час “Зялёнага тыдню” няспынна частуюцца ля розных нацыянальных стэндаў — дзе пап’юць малачка, дзе зьядуць сыру ды сьмятанкі, а калі стане ўжо цяжка дыхаць ды трэба неяк нэўтралізаваць тлушч, наўпрост накіроўваюцца да беларускага альбо расейскага стэндаў — па гарэлку.

Ганна Соусь, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org