RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 30 Студзеня 2001

Сёньня:



Лідэры фракцыі "За адзінства" сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" лічаць, што іхная партыя — на мяжы расколу. Выратуе адзінства партыі, на іхную думку, толькі неадкладная зьмена кіраўніцтва партыі на чале зь Мікалаем Статкевічам.

Прадстаўнікі апазыцыйнай да кіраўніцтва "Народнай Грамады" фракцыі "За адзінства" Аляксей Кароль, Анатоль Гурыновіч, Павал Знавец і Анатоль Сідарэвіч арганізавалі сёньня прэсавую канфэрэнцыю.

Яны заявілі, што дзейнасьць партыі фактычна спаралізаваная з-за глыбокіх разыходжаньняў між сябрамі Цэнтральнага камітэту. Паводле лідэра фракцыі Аляксея Караля, прычынай расколу сталі прынятыя мінулай нядзеляй пастановы. Цэнтральны камітэт партыі зацьвердзіў іх перавагаю ў чатыры галасы.

Першая пастанова: кандыдаты ад БСДП возьмуць удзел у давыбарах у так званую Палату прадстаўнікоў, другая: сацыял-дэмакраты распачынаюць працу па стварэньні шырокай кааліцыі (ад нацыяналістаў да камуністаў) у падтрымку адзінага кандыдата на прэзыдэнта.

Кіраўніцтва "Народнай Грамады" і лідэр партыі Мікалай Статкевіч лічаць, што ўдзел у давыбарах дапаможа партыйцам належным чынам падрыхтавацца да прэзыдэнцкай кампаніі (агітацыя сярод выбаршчыкаў, падрыхтоўка назіральнікаў, актывістаў выбарчых штабоў, зьбіральнікаў подпісаў і г.д.).

Вылучэньне ж кандыдата на прэзыдэнта ад шырокай кааліцыі, на думку сп.Статкевіча, істотна пашырыць электаральную базу прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта.

Прадстаўнікі ж фракцыі "За адзінства" лічаць, што ўдзел у давыбарах у так званую Палату дыскрэдытуе партыю ў вачох іншых прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў. Сябры фракцыі "За адзінства" таксама лічаць, што вылучаць адзінага кандыдата на прэзыдэнта трэба ў межах Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў.

Галасы сябраў ЦК "Народнай Грамады" па гэтых пытаньнях падзяліліся прыкладна роўна. Прадстаўнікі апазыцыйнай партыйнай фракцыі лічаць, што менавіта дзякуючы пазыцыі Мікалая Статкевіча БСДП апынулася на мяжы расколу. Гаворыць лідэр фракцыі "За адзінства" Аляксей Кароль:

(Кароль: ) "Калі казаць пра сапраўдныя прычыны, дык я лічу, што гэта памкненьне Статкевіча любым коштам, любымі мэтадамі ўтрымацца ў палітычнай эліце".

Каб захаваць партыйнае адзінства, сябры фракцыі пачалі збор подпісаў сярод партыйцаў за правядзеньне ў сакавіку ці красавіку пазачарговага зьезду БСДП. На зьезьдзе прадстаўнікі фракцыі будуць дамагацца абраньня новага кіраўніцтва "Народнай Грамады" і вяртаньня партыі на пляцформу аб'яднанай дэмакратычнай апазыцыі.

Калі ж большасьць дэлегатаў зьезду не падтрымае сябраў фракцыі, тады яны гатовыя выйсьці з шэрагаў "Народнай Грамады" і стварыць новую сацыял-дэмакратычную партыю.

Сам жа лідэр "Народнай Грамады" Мікалай Статкевіч адкідае ўсе абвінавачваньні сваіх апанэнтаў: што ён мае аўтарытарны стыль кіраваньня, што разваліў дэмакратычную кааліцыю й гэтак далей. Статкевіч лічыць, што аніякі раскол БСДП не пагражае. Гаворыць Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) "Сябры адной з фракцыяў былі не задаволеныя тым, што ЦК не падтрымлівае іхнага рашэньня. Ну проста як капрызьлівыя дзеці. Я ня думаю, што будзе нейкі раскол. Ня думаю таксама, што сябры гэтай фракцыі й арганізатары сыдуць з партыі. Ня веру гэтаму", — паведаміў лідэр "Народнай грамады" сп.Статкевіч.

Мікалай Статкевіч гаворыць, што ня пойдзе на саступкі незадаволенай меншасьці, якая ня хоча падпарадкоўвацца партыйнай дысцыпліне й выконваць рашэньні большасьці сябраў ЦК.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org