RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 30 Студзеня 2001

Сёньня:



Ад 1 студзеня бытавая імпартовая тэхніка ў Менску каштуе даражэй на 5 %.

Супрацоўнік падатковай інспэкцыі Менску М.Канюшка патлумачыў, што гэта мясцовы падатак на продаж, які прадугледжаны Законам аб бюджэце на 2001 год. Шэраг тавараў нечакана падаражэў, іхны сьпіс будзе расьці.

Раней падатак 5 % на продаж уключалі ў кошт алькагольных напояў, тытунёвай прадукцыі ды ювэлірных вырабаў. Цяпер гарадзкія ўлады пашырылі гэты сьпіс, пра што сёньня й паведаміў журналістам супрацоўнік падатковай інспэкцыі Менску Максім Канюшка:

(Канюшка: ) "Сэсія гарсавету дадала ў сьпіс тавараў, купляючы якія менчукі дадаткова плоцяць 5 % ад іхнага кошту, імпартовую бытавую тэхніку — тэлевізары, аўдыё- ды відэамагнітафоны, лядоўні. Такое рашэньне адпавядае артыкулу 10 Закону аб бюджэце на гэты год.

Права ўвядзеньня мясцовых падаткаў даецца мясцовым саветам дэпутатаў. Падатак на продаж можа быць усталяваны на ўсе тавары, апроч сацыяльна значных — малака ды хлеба. Кошты на гэтыя тавары рэгулююць пастановы ўраду.

Такім чынам, Менскі гарадзкі савет дэпутатаў мог абкласьці падаткам на продаж практычна ўсе тавары. Вы ведаеце, што ўсе падаткі ўключаюцца ў кошты і наўпрост пераносяцца на спажыўцоў. Гэта значыць на нас з вамі".

Вось гэтак гарадзкія ўлады Менску сёлета плянуюць папоўніць бюджэт гораду дадатковымі 9 мільярдамі рублёў, а гэта блізу 8 мільёнаў даляраў.

Пасьля прэсавай канфэрэнцыі спадар Канюшка патлумачыў, што правам увесьці мясцовы падатак з розьнічнага продажу ўжо скарысталіся мясцовыя ўлады амаль усіх рэгіёнаў Беларусі. Больш за тое, паводле ягоных словаў, паўсюль, акрамя Менску, падатак 5 % ужо ўведзены на продаж практычна ўсіх гэтак званых "несацыяльна значных тавараў", незалежна ад краіны іхнай вытворчасьці.

Ягор Маёрчык, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org