RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 30 Студзеня 2001

Сёньня:



Савет міністраў саюзу Расеі й Беларусі падпісаў пагадненьне пра ўніфікацыю мытных правілаў ды стварэньне супольнай мытнай сыстэмы. Усё адно не зьнікаюць чуткі, што паміж саюзнымі дзяржавамі неўзабаве зьявіцца паўнавартасная мытня.

Паводле прэм’ер-міністраў абедзьвюх краінаў, ліквідаваныя непаразуменьні больш як па 100 пазыцыях у справе ўніфікацыі мытных пагадненьняў.

Расейскі прэм’ер Міхаіл Касьянаў нават канстатаваў, што “ўрэшце завершаная пабудова супольнай мытнай палітыкі”. Ягонаму беларускаму калегу засталося толькі дадаць, што “для ўдзельнікаў агульнага рынку ня мусіць быць розьніцы, празь які памежны пункт увозіць ды вывозіць тавары”.

Адметна, што ўзаемныя рэвэрансы кіраўнікоў урадаў адбываюцца якраз на тле ўзмацненьня мытных непаразуменьняў паміж Расеяй і Беларусьсю: беларускае кіраўніцтва заявіла, што з 1 лютага будзе ўзмоцнены кантроль за плыняй расейскіх тавараў, што трапляюць з Расеі.

Многія беларускія бізнэсоўцы, якія маюць сталыя кантакты з расейскім спажывецкім рынкам, ужо маюць інфармацыю, што ў адказ на гэта Расея ў аднабаковым парадку рыхтуе рашэньне наконт аднаўленьня мытнага пераходу ў напрамку Воршы.На афіцыйнай сустрэчы ў Маскве гэты аспэкт ніяк ня ўзгадваўся.

У Дзяржаўным жа мытным камітэце Беларусі пра дамоўленасьці наогул нічога ня ведаюць: супрацоўнікі прэсавай групы сказалі, што, паколькі ініцыятыва мытнай уніфікацыі зыходзіла ад Савету міністраў, уся інфармацыя напэўна маецца там.

Насуперак чаканьням, нават прэсавы сакратар Савету міністраў Іван Знаткевіч ня здолеў мне дакладна растлумачыць, якія ўласна пытаньні разглядалі прэм’еры пад час сустрэчы ў Маскве.

Адзіная незасакрэчаная інфармацыя — пра сыстэму тарыфнага і нетарыфнага рэгуляваньня, ды й тая патрабуе дадатковых кансультацыяў.

Вядома, што асаблівую ўвагу зьвярнулі на выкарыстаньне магутнасьцяў Калінінградзкага порту дзеля перавозак расейскіх ды беларускіх грузаў. Цікава, што матывы тут — нават не эканамічныя выгоды, а непазьбежнае далучэньне памежных Польшчы й Літвы да Эўразьвязу.

Расейскае кіраўніцтва мяркуе, што празаходняя арыентацыя гэтых краінаў нэгатыўна адаб’ецца на магчымасьцях найперш Беларусі ў справе марскіх перавозак. Таму Калінінград літасьціва прапанаваны як альтэрнатыва.

За часам СНД мытныя дамовы заключаюцца не ўпершыню. Чым адметнае чарговае пагадненьне, не бяруцца камэнтаваць ані эканамісты, ані аналітыкі: маўляў, яны ня бачаць прадмету абмеркаваньня. Расейскія СМІ насуперак эпахальнай падзеі падаюць навіну пра беларуска-расейскую мытную ўніфікацыю літаральна двума радкамі.

Застаецца пачакаць, калі нешта са стосу чарговых папяровых пагадненьняў пачне працаваць напраўду.

Ігар Карней, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org