RFE/RL |
Аўторак, 30 Студзеня 2001 |
Сёньня: |
Ці мусіць Нацыянальны выканаўчы камітэт — ценевы ўрад Беларусі — зьмяняць формы сваёй працы, бо сёлета праводзяцца прэзыдэнцкія выбары? Гэта абмяркоўвалі ў часе паседжаньня Нацыянальнага выканаўчага камітэту. Пад час дыскусіі ўзьніклі дзьве прапановы. Згодна зь першай, ценевы ўрад мусіць заставацца адносна прэзыдэнцкіх выбараў нэўтральнай структурай і, як раней, займацца найперш эканамічнымі ды сацыяльнымі праблемамі. Тым больш, што два сябры прэзыдыюму НВК, Сямён Домаш і Міхаіл Чыгір, як і старшыня падкамітэту вайсковых справаў Павал Казлоўскі, — сярод патэнцыйных кандыдатаў на пасаду кіраўніка беларускай дзяржавы. Прыхільнікі іншага падыходу казалі, што НВК — гэта сход прафэсіяналаў, і таму нельга не зьвяртацца да іхнага патэнцыялу. Менавіта яны могуць падказаць, як мусіць будавацца новая ўлада, як прыцягнуць да дэмакратычных прэтэндэнтаў больш прыхільнікаў. І тут агульная справа робіцца больш важнай за перамогу нейкага канкрэтнага кандыдата. Удзельнікі дыскусіі здолелі прыйсьці да кампрамісу. Гаворыць выканаўца абавязкаў старшыні ценевага ўраду Мечыслаў Грыб. (Грыб: ) "Мы сёньня вырашылі, што складзем нейкія тэзысы, плятформу для будучага кандыдата на прэзыдэнта". (Карэспандэнт: ) "Для нейкага пэўнага?" (Грыб: ) "Не, мы ня будзем мець на ўвазе некага аднаго. Мы складзем тэзысы плятформы для дэмакратычнага кандыдата на прэзыдэнта. І прапануем усім, хто будзе зарэгістраваны, ды нават зьбіральнікам подпісаў: трымайце, бярыце, чытайце. Што падабаецца — забірайце сабе, што трэба дапрацаваць — дапрацуем, калі будзем згодныя з вашымі прапановамі, а калі хочаце — дык самі дапрацоўвайце. Мы ня будзем нікога выдзяляць і асабіста ні пад кога рабіць ня будзем. Гэта ўсё для дэмакратызацыі нашага грамадзтва". Такім чынам, плян дзеяньняў, здаецца, выглядае наступным чынам. Ценевы ўрад рыхтуе плятформу для дэмакратычных кандыдатаў, а тыя ўжо самастойна вырашаюць, як ёю карыстацца. Што ж да стаўленьня Нацыянальнага выканаўчага камітэту да канкрэтных кандыдатаў на прэзыдэнта, дык пакуль вырашана не выступаць ад імя арганізацыі з заявамі на карысьць нейкага прэтэндэнта. Кожны сябар ценевага ўраду безумоўна мае права выказаць сваю думку. Уладзімер Глод, Менск |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |